пачына́ючы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад пачынаць.
2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які нядаўна распачаў якую‑н. дзейнасць. Пачынаючы паэт. Пачынаючы ўрач. □ Якую індывідуальную афарбоўку не мела б творчасць мастака, пачынаючага ці масцітага, спевака ці танцора, усё-такі шчырасць размовы дабратворна ўплывае на любы характар. «Маладосць».
3. у знач. наз. пачына́ючы, ‑ага, м.; пачына́ючая, ‑ай, ж. Той (тая), хто пачынае што‑н. Дапаможнік для пачынаючых. □ Кабінет атрымліваў штодзень больш дзесятка твораў пачынаючых. Хведаровіч.
4. Дзеепрысл. незак. ад пачынаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сму́так, ‑тку, м.
Пачуццё суму, маркоты, жалю. Я за труной тваёй іду з жалобнай песняй. Глыбока ў сэрцы смутак свой нясу. А. Александровіч. Сяброўскае слова і жарты Адгоняць і смутак і жаль. Хведаровіч. Ідзеш па вуліцы, заходзіш у хаты, гутарыш з людзьмі і бачыш, як цячэ мірнае, працавітае жыццё, з поспехамі і няўдачамі, з радасцямі і часінамі смутку. Хадкевіч. // Журботны, сумны выраз (вачэй, твару, губ і пад.). Прыкметны смутак стаіўся ў .. карых вачах [Алесі]. Шамякін. На поўны твар .. [Зімчука] лёг смутак. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гне́сці, гняту, гняцеш, гняце; гняцём, гнецяце; пр. гнеў, гняла, ‑ло; незак., каго-што і без дап.
1. Прыціскаць, душыць сваім цяжарам. Сырыя шынелі Гнятуць да сядла. Крапіва.
2. Даводзіць да цяжкага, прыгнечанага стану, выклікаць непрыемнае пачуццё. Злавесная цішыня зняла сваёй невядомасцю. Хомчанка. Цяжкія думкі гнялі жанчыну: паблажэла ў твары, стала нейкая задумлівая. Пальчэўскі.
3. Прыгнятаць, мучыць. Заводы стаяць, змоўкла песня гудкоў, Гняце азвярэлы кулак беднякоў. Хведаровіч. Максім, даведзены да роспачы, хоць і спакойна, выказвае ўжо пратэст: «З усіх бакоў гнятуць мужыка... Апошнія жылы цягнуць з яго...». «ЛіМ».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запрацава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад запрацаваць.
2. у знач. прым. Набыты працай. Я рана навучыўся несці кнігу другім. Я ўмею ўжо аддаваць запрацаваны грош на кнігу, а пасля чытаць. Брыль. Платону з малых гадоў давялося паспрабаваць слодыч запрацаванага кавалка хлеба. Хведаровіч.
3. у знач. прым. Які запрацаваўся, стаміўся ад працяглай або цяжкай работы. Рыгор у думках паставіў сябе на месца гэтай сціплай, запрацаванай дзяўчыны. Ваданосаў. // Натруджаны (пра рукі). Вось яны [дзяўчаты] параўняліся са мною. Спазналі. А як слаўна ціснуць гэтыя жорсткія запрацаваныя рукі. Нікановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падмо́сце, ‑я, н.
Разм.
1. Месца пад мостам. Ноччу так, як і ўдзень, Спіць усё і маўчыць, Толькі недзе струмень У падмосці цурчыць. Хведаровіч. Вада тут у сярэдзіне вясны яшчэ ідзе поўным, імклівым ходам — перавальвае цераз дамбачку.. і, падаючы з метровай вышыні, шуміць і булькоча ў сцюдзёным змроку падмосця. Ракітны.
2. Месца пад падлогаю. Хвошч выбраўся з падмосця, паклаў на месца дошкі і сеў на падлозе. Лупсякоў. Неяк я корпаўся на двары, абкідваў заваліны, каб на зіму праз сцены ў падмосце не забіраліся маразы. Кухараў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыхі́льнік, ‑а, м.
1. Той, хто прытрымліваецца якіх‑н. поглядаў, ідэй; прыхільна адносіцца да каго‑, чаго‑н.; паслядоўнік. Кангрэс прыхільнікаў міру. Прыхільнікі рамантызму ў мастацтве. □ Іван Дамінікавіч спакваля, ціха адказаў: — Я лепш пераеду вось у гэты дом, — і ён паказаў на прыгожы ансамбль сяміпавярховых будынкаў. — Тут і ванна будзе, і ліфт, і гарачая вада. Адным словам, я не прыхільнік індывідуальнай хутарской гаспадаркі. Хведаровіч.
2. Той, хто выказвае сімпатыі, прыхільнасць да каго‑н.; паклоннік. Насустрач Мечык. Вася Мечык — Яе [Аксаны] прыхільнік, лепшы друг. Гатовы да любых паслуг. Бачыла.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пячу́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Невялікая ніша ў сцяне печы. У хаце, пад вялікай рамкай з фотакартачкамі, стаяў стол, засланы белым .. абрусам.. Насупраць, у кутку — печ з мноствам пячурак. Сіняўскі.
2. Невялічкая печка. У рэдакцыйным пакоі няўтульна і холадна. Гудзе чыгунная пячурка. Хведаровіч. У зямлянцы нічога не змянілася: па-ранейшаму пахла травамі, зімою весела шумеў у пячурцы агонь. Васілеўская.
3. Абл. Ніша збоку прыпечка, куды заграбаюць вуголле, попел. Маці загрэбла ў пячурку вуголле і ў куток печы паставіла два невялічкія гаршкі. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ры́хтык, прысл.
Разм.
1. Якраз, дакладна (таксама, такі самы). Алімпа ўгледзела праз шыбу акна прыплюснуты нос і вушы, рыхтык такія, як у дзядзькі. Сабаленка. Карацей і прасцей кажучы, .. [гаспадар] гуляў са мной рыхтык так, як гуляе кот з мышкай, не даючы ёй ніякай магчымасці пазбавіцца ягоных кіпцюроў. Дубоўка.
2. у знач. нязм. прым. Выліты хто‑н., падобны на каго‑н. — У клубе сядзеў дзядзька рыхтык наш Пракоп Кульгавы. Хведаровіч. Яшчэ калі малым быў, аднойчы, на вадохрышча, вылепіў са снегу станавога, але ж рыхтык ён. Гурскі.
[Польск. rychtyk, rychtyg з ням.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
санлі́васць, ‑і, ж.
Схільнасць да сну; жаданне спаць. Кузёмка лена ўставаў, спаласкваў халоднай вадою твар, каб змыць санлівасць з яго, і ішоў, куды трэ было гаспадару. Сабаленка. Міканора і самога хіліла на дрымоту, і ён падумаў, ці не на дождж санлівасць гэта паказвае. Мележ. // перан. Бяздзейнасць, апатыя, пасіўнасць. Гэй, узвейце сваім крыллем, Арляняты, буйна, бурна На мінулых дзён магіле, Над санлівасцю хаўтурнай!.. Купала. [Александровіч:] — Ліха яго ведае, а можа калі не будзе барацьбы, тады апануе [нас] санлівасць і паэзія перастане выконваць сваю непасрэдную выхаваўчую функцыю? Хведаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фанабэ́рысты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які любіць фанабэрыцца; схільны да фанабэрыі, з фанабэрыяй. Ліхі і фанабэрысты, як кожны шляхціц, пан Мазурскі вызначаўся асаблівай лютасцю сярод іншых паноў усяго ваяводства. Якімовіч. Багаты і фанабэрысты быў .. бацька [Андрэя],.. любіў паздзекавацца з беднага люду. Ваданосаў. [Цішка Гартны] не любіў фанабэрыстых людзей і, калі заўважаў гэтую прыкрую хваробу, імкнуўся жорстка высмеяць яе пры першай сустрэчы з чалавекам. Хведаровіч. // Уласцівы такому чалавеку. Фанабэрыстая натура. □ І як гэта ў Зіначкі з яе мілым, зусім дзявочым тварыкам хапіла тактоўнасці не заўважаць маю фанабэрыстую перавагу. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)