МІ́НСКАЯ ЖАНО́ЧАЯ МАРЫІ́НСКАЯ ГІМНА́ЗІЯ.

Дзейнічала ў 1899—1918. Падпарадкоўвалася ведамству ўстаноў імператрыцы Марыі. У 1912 вучылася 560 дзяўчынак. Выкладаліся рус. мова і славеснасць, ням. і франц. мовы, фізіка, матэматыка, гісторыя, педагогіка, заканазнаўства, прыродазнаўства, гігіена, рукадзелле і інш. Восенню 1915 эвакуіравана ў г. Прапойск (Слаўгарад) Магілёўскай губ. У гімназіі вучыліся артысткі Л.І.Ржэцкая, В.М.Пола.

Літ.:

Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада: Пер. з рус. Мн., 1994.

А.Ф.Самусік.

т. 10, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЯ́Н (ад імя стараж.-рус. спевака-казачніка Баяна),

язычковы пнеўматычны клавішны муз. інструмент, удасканалены храматычны гармонік (дыяпазон 4—5 актаў). Найб. пашыраны ў Расіі, папулярны на Беларусі. Бываюць баяны «гатовыя» (з падрыхтаванымі стандартнымі акордамі ў басе) і «гатова-выбарныя» (клавіятура левай рукі мае кнопкі для здабывання ўсіх гукаў храматычнай гамы і кнопкі «гатовых» акордаў). Папярэднікі баяна — 4-радовы пецярбургскі і 3-радовы «венскі» гармонік. У распрацоўцы канструкцыі баяна ўдзельнічалі рус. і ням. майстры. Тэрмін «баян» уведзены ў 1907 рус. майстрамі. Выкарыстоўваецца як сольны, ансамблевы і аркестравы інструмент. Клас баяна існуе ў спец. муз. навуч. установах рознага ўзроўню. На Беларусі баяны вырабляла Маладзечанская ф-ка муз. інструментаў.

Літ.:

Басурманов А.П. Справочник баяниста. 2 изд. М., 1987.

Баян.

т. 2, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЫ́КІНА (Людміла Георгіеўна) (н. 10.6.1929, Масква),

руская спявачка. Нар. арт. СССР (1973). Герой Сац. Працы (1987). Скончыла Маскоўскае муз. вучылішча імя М.М.Іпалітава-Іванава (1969). З 1947 салістка Рус. нар. хору імя М.Я.Пятніцкага, з 1951 — хору рус. песні Усесаюзнага радыё, з 1960 — Масканцэрта. З 1977 маст. кіраўнік і салістка ансамбля «Расія». Мае моцны, глыбокі голас багатай тэмбравай афарбоўкі. Дасканала валодае класічнай нар. манерай спеву, па-майстэрску выконвае рус. нар. і аўтарскія песні рас. і інш. кампазітараў («Разанскія мадонны» А.Далуханяна, «Цячэ Волга» М.Фрадкіна, «Арэнбургская пуховая хустка» Р.Панамарэнкі і інш.). Аўтар кн. «На перакрыжаванні сустрэч» (2-е выд. 1988), «Цячэ мая Волга» (1997) і інш. Ленінская прэмія 1970. Дзярж. прэмія Расіі 1983.

Літ.:

Завадская Н. Людмила Зыкина. М., 1978.

Л.Г.Зыкіна.

т. 7, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЬНЯ́НСКАЯ БІ́ТВА 1284 Паводле бел.-літ. летапісаў, адбылася каля в. Магільна (Уздзенскі р-н Мінскай вобл.) на р. Нёман паміж вял. князем літ. Рынгольдам і кааліцыяй рус. князёў (Святаславам кіеўскім, Львом уладзімірскім, Дзмітрыем друцкім), якія ў саюзе з татарамі хацелі «знову Литву под ярмо першое... привести». На баку Рынгольда акрамя літоўцаў удзельнічала і «свая Русь». Бітва працягвалася з ранку да вечара і скончылася на карысць Рынгольда. Кааліцыя рус. князёў і татар панесла страты ў 40 тыс. чал., у палон трапіла 1 тыс. чал. Страты войска Рынгольда склалі 700 чал. забітымі і 200 параненымі. Іншыя крыніцы не пацвярджаюць існаванне князёў, якія ўдзельнічалі ў бітве. У паданні пра паўлегендарную М.б. адлюстраваліся рэальныя напады татар і паўд.-рус. князёў у 13 ст. на ВКЛ.

Л.У.Калядзінскі.

т. 9, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯШЧЭ́РА,

старажытнае угра-фінскае племя, якое ў 2—15 ст. жыло ўздоўж сярэдняга цячэння р. Ака ў Расіі. Культура М. блізкая да стараж.-мардоўскай. Захаваліся могільнікі і гарадзішчы М. 2—12 ст. У 1152 суздальскі кн. Юрый Далгарукі заснаваў на землях М. горад Гарадзец-Мяшчэрскі (з 1471 Касімаў). М. згадваецца ў Тлумачальнай Палеі — помніку стараж.-рус. л-ры 13 ст., у рус. летапісах, у т. л. ў сувязі з Казанскімі паходамі 1545—52. Б.ч. М. да 16 ст. асімілявана рус. насельніцтвам, другая частка, што жыла на тэр. Казанскага ханства (15—16 ст.), злілася з татарамі. Паводле большасці даследчыкаў, нашчадкамі М. з’яўляецца этнагр. група татар-мішараў (старая назва мешчаракі) у Татарстане і Башкоргастане. Ад племя М. паходзіць назва Мяшчорскай нізіны.

т. 11, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІЯ ГІМНА́ЗІІ.

Існавалі ў Бабруйску ў 1902—20.

Мужчынская гімназія засн. ў 1823 як 3-класнае пав. вучылішча, пераўтворанае ў 1865 у 4-класную прагімназію, з 1902 — 8-класная гімназія з падрыхтоўчым класам. У 1908/09 навуч. г. 365 навучэнцаў. Выкладаліся: Закон Божы, рус., польск., франц., ням., старажытныя мовы, матэматыка, фізіка, гісторыя, заканазнаўства, прыродазнаўства, маляванне, чыстапісанне, спевы, музыка.

Жаночая Аляксееўская гімназія адкрыта ў 1906 як 7-класная, у 1907/08 навуч. г. ўведзены 8-ы пед. і падрыхтоўчы класы. У 1908/09 навуч. г. 393 выхаванкі. Выкладаліся: Закон Божы, рус. мова, матэматыка, фізіка, прыродазнаўства, геаграфія, чыстапісанне, маляванне, рукадзелле.

Мужчынская прыватная гімназія адкрыта ў 1907 у складзе 1—5-га і падрыхтоўчага класаў. 264 навучэнцы. Выкладаліся: Закон Божы, рус., франц., ням., лац. мовы, матэматыка, астраномія, чыстапісанне, маляванне, гімнастыка, музыка.

Жаночая прыватная гімназія рэарганізавана ў 1910 з прыватнай прагімназіі М.М.Ільінскай. У 1912/13 навуч. г. 294 навучэнкі. Выкладаліся: Закон Божы, рус., франц., ням. мовы, гісторыя, славеснасць, прыродазнаўства, фізіка, арыфметыка, алгебра, геаметрыя, маляванне, чыстапісанне.

У 1919—20 гімназіі і прагімназіі рэарганізаваны ў адзіныя працоўныя школы 1-й і 2-й ступеняў.

Г.Р.Сянькевіч.

т. 2, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГРАЦІЁН (Пётр Іванавіч) (1765, г. Кізляр, Дагестан — 24.9.1812),

расійскі палкаводзец, герой вайны 1812. Нашчадак груз. царскай дынастыі Багратыёнаў. На ваен. службе з 1782. Служыў на Каўказе. Удзельнік рус.-тур. вайны 1787—91, задушэння паўстання 1794 Т.Касцюшкі і штурму Варшавы. Вызначыўся ў італьян. і швейц. Паходах А.В.Суворава (1799). У час вайны 1805—07 з Францыяй узначальваў ар’ергард рус. арміі. Удзельнік войнаў Расіі са Швецыяй (1808—09) і Турцыяй (1806—12). З сак. 1812 камандаваў 2-й Зах. арміяй, якая размяшчалася на тэр. Беларусі і Украіны (чэрв. 1812 штаб-кватэра арміі ў Ваўкавыску). На пач. вайны 1812 удалым манеўрам вывеў армію з-пад удару намнога большых сіл напалеонаўскай арміі і праз Слонім—Навагрудак—Нясвіж—Слуцк—Бабруйск—Магілёў вывеў яе на злучэнне з 1-й Зах. арміяй пад Смаленскам. У аперацыях пад Нясвіжам і Нова-Быхавам выратаваў рус. армію ад разгрому. У Барадзінскай бітве 1812 камандаваў левым крылом рус. арміі, быў цяжка паранены і памёр. У 1839 яго прах перапахаваны на Барадзінскім полі. Шматлікія матэрыялы пра дзейнасць Баграціёна, асабліва на тэр. Беларусі, знаходзяцца ў Ваўкавыскім ваенна-гістарычным музеі яго імя.

П.І.Баграціён.

т. 2, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ШКАВА (Кацярына Раманаўна) (28.3.1743, С.-Пецярбург — 16.1.1810),

дзеяч рус. культуры. Княгіня. Дачка графа Р.І.Варанцова (гл. ў арт. Варанцовы). Удзельніца дварцовага перавароту 1762, які прывёў на прастол Кацярыну II. У 1769—71 і 1776—82 за мяжой; сустракалася з Вальтэрам, А.Смітам, Д.Дзідро. У 1783—96 дырэктар Пецярб. АН і прэзідэнт Рас. акадэміі (навук цэнтра па вывучэнні рус. мовы і славеснасці). Заснавала перыяд. выданні «Собеседник любителей российского слова» (1783—84) і «Новые ежемесячные сочинения» (1786—96). Па ініцыятыве Д. і пры яе актыўным удзеле выдадзены «Слоўнік Акадэміі Расійскай» (т. 1—6, 1789—94) — першы тлумачальны слоўнік рус. мовы. У 1796 Павел I адхіліў Д. ад спраў. Аўтар літ. твораў у розных жанрах, у т. л. мемуараў (выд. 1859). З 1782 валодала землямі ў Магілёўскай губ. (мяст. Круглае, сёлы Радча, Комсенічы, Ількавічы і 19 вёсак).

Тв.:

Рус. пер. — Записки... М., 1987.

Літ.:

Лозинская Л.Я. Во главе двух академий. 2 изд. М., 1983;

Письма сестер М и К.Вильмот из России: Пер. с англ. // Дашкова Е.Р. Записки... М., 1987;

Памяць: Круглянскі р-н. Мн., 1996.

К.Р.Дашкава. Партрэт Дз.Лявіцкага. 1780-я г.

т. 6, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВОПРО́СЫ АРХИВОВЕ́ДЕНИЯ»,

навукова-інфарм. бюлетэнь. Выдаваўся ў 1959—65 у Маскве на рус. мове. У 1966 ператвораны ў час. «Советские архивы».

т. 4, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДЫХА́Н (манг.),

тэрмін, якім у рус. граматах 16—17 ст. называлі імператараў Кітая. У гэтым значэнні ўжываецца таксама ў інш. л-ры.

т. 2, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)