АНДЖАПАРЫ́ДЗЕ (Верыко) (Вера Іўліянаўна; 6.10.1900, Кутаісі — 30.1.1987),

грузінская актрыса. Нар. арт. СССР (1950). Герой Сац. Працы (1979). Вучылася ў драм. студыях у Маскве і Тбілісі. Працавала ў Тбілісі ў груз. т-ры імя Руставелі (з 1920), з 1928 — у т-ры імя К.​Марджанішвілі. Актрыса вял. сцэн. культуры, яркай індывідуальнасці, развівала рамантычныя традыцыі груз. т-ра. Лепшыя ролі: Джавара («Выгнаннік» В.​Пшавелы), Марыя Сцюарт (аднайм. п’еса Ф.​Шылера), Клеапатра («Антоній і Клеапатра» У.​Шэкспіра). Здымалася ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1946, 1952.

т. 1, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЁРТАН, Бартан (Burton; сапр. Джэнкінс; Jenkins) Рычард (10.11.1925, г. Суонсі, Вялікабрытанія — 5.8.1984), англійскі акцёр. Вучыўся ў Оксфардзе. На сцэне з 1941. Вядомы як выканаўца роляў у п’есах У.​Шэкспіра ў Каралеўскім Шэкспіраўскім тэатры і т-ры «Олд-Вік». З 1949 у кіно. У 1966 разам з жонкай Э.Тэйлар заснаваў кінакампанію «Тэйбёр». Праславіўся ў ролі Джымі Портэра — маладога бунтара супраць маральных і сац. асноў грамадства ў фільме «Азірніся ў гневе». Сярод інш. фільмаў: «Клеапатра», «Хто баіцца Вірджыніі Вульф?», «Утаймаванне свавольніцы», «1984».

т. 3, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДЗІКІ́Д,

князь ВКЛ у 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1289, калі ён са сваім братам Будзівідам аддаў г. Ваўкавыск валынскаму кн. Мсціславу Данілавічу, каб захаваць з ім мір. У некаторых ням. хроніках Будзікід выступае пад імем Путувера і Лютувера. Апошні ўпамінаецца ў хроніцы П.​Дусбурга пад 1291 як князь літоўскі, бацька Віценя. Магчыма, Будзікід пасля смерці кн. Трайдзеня разам з братам стаў вял. князем. Перадача Ваўкавыска магла азначаць паступовую страту Новагародскай зямлёй сваёй дамінуючай ролі ў ВКЛ.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 3, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРУЖНА́Я (Святлана Арцёмаўна) (н. 26.1.1947, г. Чарнаўцы, Украіна),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1991). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1969). Працуе ў Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Выконвае ролі лірыка-драматычныя, востракамедыйныя, характарныя: Дачка («Зацюканы апостал» А.​Макаёнка), Люська («Радавыя» А.​Дударава), Анютка («Улада цемры» Л.​Талстога), Галя Чацвяртак («А зоры тут ціхія» паводле Б.​Васільева), Катрын («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.​Брэхта), Люсі Мерыкур («Будзьце здаровы!» П.​Шэно), Франка («Хам» паводле Э.​Ажэшкі) і інш.

С.А.Акружная.

т. 1, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБРЫ́ХСКІ ((Olbrychski) Даніэль) (н. 27.2.1945, в. Саннікі каля Варшавы),

польскі акцёр тэатра і кіно. Вучыўся ў тэатр. студыі «Школа Варшаўска». З 1963 у кіно. Акцёр шырокага псіхал. дыяпазону, майстар дынамічнага малюнка ролі. Зняўся ў фільмах А.​Вайды («Попел», «Усё на продаж»), Е.​Гофмана («Пан Валадыёўскі», «Патоп»), К.​Занусі («Сямейнае жыццё», «Структура крышталю»), Ф.​Шлёндарфа («Бляшаны барабан», ФРГ), здымаўся ў Венгрыі і Італіі. У 1969—77 у Тэатры нарадовым: Гамлет (аднайм. п’еса У.​Шэкспіра) і інш. Нац. прэмія імя З.​Цыбульскага.

т. 1, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́КІШ (Освальд-Ян Лявонавіч) (н. 27.8.1938, в. Трабы Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. імунолаг. Д-р біял. н. (1973), праф. (1978). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1984). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1962). З 1974 у Віцебскім мед. ін-це (з 1991 прарэктар). Навук. працы па даследаванні ролі алергічных рэакцый у патагенезе гельмінтозаў і ўплыў на іх спецыфічнай і патагенетычнай тэрапіі. Медаль Ц.​І.​Скрабіна УАСГНІЛ 1984.

Тв.:

Медицинская паразитология. Л, 1989;

Тропическая паразитология. Витебск, 1995 (разам з Л.​А.​Храмцовай).

т. 2, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗМІТРЭ́ЎСКІ (Іван Апанасавіч) (11.3.1734, г. Яраслаўль, Расія — 8.11.1821),

рускі акцёр, рэжысёр, педагог, тэатр. дзеяч. Найб. значны прадстаўнік рус. сцэн. класіцызму. Правадзейны чл. Расійскай акадэміі (1802). Паплечнік Ф.Волкава па стварэнні т-ра ў Яраслаўлі. З 1756 у Пецярбургу ў трупе першага рус. пастаяннага публічнага т-ра. Сярод лепшых роляў: Сінаў, Дзмітрый («Сінаў і Трувор», «Дзмітрый Самазванец» А.​Сумарокава), Альцэст («Мізантроп» Мальера), Валер («Гулец» Ж.​Ф.​Рэньяра), Усердаў («Усеагульнае апалчэнне» С.​Віскаватава). Першы пастаноўшчык «Недаростка» Дз.​Фанвізіна (1782) і выканаўца ролі Старадума.

т. 6, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ЗЕ ((Duse) Элеанора) (3.10.1858, г. Віджэвана, Італія — 21.4.1924),

італьянская актрыса. З акцёрскай сям’і. Выступала ў італьян. вандроўных трупах, у 1887 арганізавала ўласную. Шмат гастраліравала па краінах Еўропы і Амерыкі. Актрыса трагічнага плана. Лепшыя ролі: Тэрэза Ракэн («Тэрэза Ракэн» Э.​Заля), Маргарыта Гацье («Дама з камеліямі» А.​Дзюма-сына), Сантуца («Сельскі гонар» Дж.​Вергі), Клеапатра («Антоній і Клеапатра» У.​Шэкспіра), Нора («Нора» Г.​Ібсена), Мірандаліна («Карчмарка» К.​Гальдоні), Ганна («Мёртвы горад» Г.​Д’Анунцыо). Дэмакр. і гуманіст. мастацтва Д. вызначалася праўдзівасцю, філігранным майстэрствам.

т. 6, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ЙВІС ((Davis) Бэт) (Рут Элізабет; 5.4.1908, г. Лоўэл, штат Масачусетс, ЗША — 6.10.1989),

амерыканская актрыса. Адукацыю атрымала ў драм. школе. З 1928 выступала ў т-рах Брадвея. З 1931 у кіно. Напачатку выконвала ролі інжэню і «ракавых спакусніц». У 1934 у фільме «Цяжар пачуццяў чалавечых» (паводле У.​С.​Моэма) упершыню паказала складаны, супярэчлівы ўнутр. свет чалавека. Стварала вобразы валявых, незалежных жанчын, здольных выжыць насуперак лёсу. Сярод фільмаў: «Іезавель», «Змрочная перамога», «Лісічкі», «Усё пра Еву», «У цэнтры буры», «Што здарылася з Бэбі Джэйн?», «Жнівеньскія кіты».

т. 6, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВУ́ДАВА (Марзія Юсуф кызы) (8.12.1901, г. Астрахань, Расія — 6.1.1962),

азербайджанская актрыса. Нар. арт. СССР (1949). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1917. З 1920 у азерб. т-ры ў Баку (цяпер Азерб. драм. т-р імя М.​Азізбекава). Яе мастацтва вызначалася эмацыянальнай сілай і псіхал. глыбінёй. Выконвала драм. і трагедыйныя ролі: Севіль («Севіль» Дж.​Джабарлы), Гызьетэр («Ханлар» С.​Вургуна), Гюльзар («Раніца Усходу» Э.​Мамедханлы; Дзярж. прэмія СССР 1948), Кручыніна, Кабаніха («Без віны вінаватыя», «Навальніца» А.​Астроўскага), Дэздэмона, Гертруда, лэдзі Макбет («Атэла», «Гамлет», «Макбет» У.​Шэкспіра).

т. 5, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)