БЛА́ГАЎСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы з вёсак Благаўка, Новае Вільянава, Літвінавічы Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. У 19 — пач. 20 ст. тут працавалі каля 200 ганчароў, якія выраблялі чырвонагліняныя непаліваныя, а таксама гартаваныя і чорназадымленыя гаршкі, гладышы, збанкі, цёрлы, вазонніцы, спарышы (парнікі). У 20 ст. пашырылася глазураваная кераміка з палівай зялёнага колеру, адвольныя пацёкі якой прыгожа кантрастуюць з непаліванай паверхняй. Часам на верхнюю частку вырабаў наносіўся выціснуты дэкор у выглядзе 2—3 хвалістых ці роўных паяскоў. Промысел заняпаў у 1970-я г. Калекцыі благаўскай керамікі зберагаюцца ў Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі, у Нац. маст. музеі Беларусі.

Я.​М.​Сахута.

Благаўская кераміка.

т. 3, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВО́ЛЬНЫ СЦЯГ»,

газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі, орган Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі. Выдавалася з 5.6 да 25.10.1923 у Вільні на бел. мове. З мэтаю канспірацыі і з прычыны цэнзурных забарон выходзіла пад рознымі назвамі: «Наш сцяг» (5.6—12.8), «Падняты сцяг» (16.8), «Сцяг» (19.8), «Сцяг народа» (23.8) і інш. Адстойвала сац. і нац. інтарэсы бел. народа, найперш сялянства, заклікала да еднасці паміж сялянамі і рабочымі, да больш актыўнай работы паслоў-беларусаў у сейме, паведамляла пра забастоўкі, выступала ў абарону паліт. вязняў. Шмат увагі аддавала бел. нац.-вызв. руху. Пісала пра паліт., эканам. і культ. пераўтварэнні ў БССР. Выйшаў 21 нумар. Закрыта польскімі ўладамі.

С.​В.​Говін.

т. 4, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРО́СКА ((Orozco) Хасе Клементэ) (23.11.1883, г. Сапатлан, Мексіка — 7.9.1949),

мексіканскі жывапісец. Адзін з заснавальнікаў нац. школы манум. жывапісу. У 1908—14 вучыўся ў АМ у Мехіка. Удзельнік мексіканскай рэвалюцыі 1910—17. У 1917—19 і 1927—34 жыў у ЗША. Аўтар серыі акварэляў «Мексіка ў рэвалюцыі» (1913—17), карцін, кніжных ілюстрацый, манум. размалёвак: фрэскі ў Нац. падрыхтоўчай школе ў Мехіка (1922—27), «Праметэй» у Памона-коледжы ў Клермонце ў Каліфорніі, ЗША (1930), капэлы ў Піядалаяры, шпіталі Каваньяса ў Гвадалахары (абодва 1938—39) і інш.

Літ.:

Костеневич А. Х.​К.​Ороско. Л., 1969.

Х.Ароска. Мужчына з агню. Фрэска на купале капэлы ў г. Піядалаяра. 1938—39.

т. 1, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ ШЛЯХ»,

штодзённая грамадска-паліт. газета нац.-дэмакр. кірунку. Выходзіла з 8.3 да 23.8.1918 у Мінску на бел. мове ва ўмовах герм. акупацыі. Рэдактар-выдавец з № 1 П.​Аляксюк; з № 2 рэдактар А.​Прушынскі (А.​Гарун), выдавец — т-ва «Заранка». Мэта выдання — сац.-эканам. і культ. адраджэнне Беларусі, яе дзярж. самастойнасць і суверэнітэт. Падтрымлівала палітыку Рады БНР і яе выканаўчага органа — Народнага сакратарыята Беларусі. Асвятляла нац. грамадска-паліт. і культ. рух, змяшчала інфармацыю пра бел. асветны рух, пра дзейнасць Рады БНР, паліт. партый і груповак. Крытыкавала палітыку бальшавікоў і Сав. Расіі. Садзейнічала арганізацыі бел. школ, развіццю бел. культуры.

У.​М.​Конан.

т. 2, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛОРУ́ССКИЙ ГО́ЛОС»,

грамадска-палітычная і літ. газета. Выдавалася з 24.1(6.2) да 3(16).3.1910 у Гомелі на рус. мове 2 разы на тыдзень. Абвясціла сябе «беспартыйнай» газетай, якая мае намер «усебакова асвятляць жыццё беларускага краю», абмяркоўваць праблемы культуры, прам-сці, гандлю і інш. Сваю праграму не выконвала. У закліках да выбаршчыкаў агітавала праводзіць у Дзярж. думу і органы мясц. самакіравання «нацыяналістаў» і «добрых гаспадароў». Не прызнавала нац. самастойнасці беларусаў. Мэту нац. руху бачыла ў выцясненні «іншародцаў» з розных сфер жыцця, вызваленні Расіі ад «унутранага» заваявання з боку «яўрэяў, палякаў, армян ды іншых». На 10-м нумары спыніла выданне.

У.​М.​Конан.

т. 3, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РАВІД (Горэвід),

нераскрыты псеўданім бел. паэта канца 19 ст. Аўтар вершаў «Палякам у дзень 3-га мая» (нап. 1891, у сотую гадавіну польскай канстытуцыі») і «Я клічу вас...» (апубл. 1909), у якіх заклікаў бел. народ абудзіцца, «ланцугі цемрачы парваці». Творы Горавіда — адзін з прамых зваротаў да бел. нац. свядомасці. Паэт перажываў з-за недастатковай масавасці бел. нац. руху, але верыў, што самасвядомасць і адчуванне сваёй гісторыі не загінулі ў народзе. Грамадз. ідэалы паэта агульнадэмакратычныя, хоць і не зусім акрэсленыя. Выдатная тэхніка верша, звароты да гісторыі сведчаць пра высокую культуру аўтара.

Тв.:

У кн.: Беларуская літаратура XIX ст. 2 выд. Хрэстаматыя. Мн., 1988.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 5, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРАМА́ДСКІ ГО́ЛАС»,

газета Беларускай часовай рады (БЧР) — паліт. аб’яднання польскай арыентацыі ў Зах. Беларусі. Выдавалася штотыднёва з 22.6.1924 да 28.1.1926 у Вільні на бел. мове. Крытычна ставілася да эміграцыйнага ўрада Бел. Нар. Рэспублікі і ўрада Сав. Беларусі, прапагандавала ідэю згуртавання грамадскіх сіл, адзінага нац. фронту. Памяркоўна крытыкавала палітыку польск. ўрада, асвятляла праблемы царквы на Беларусі. Змяшчала матэрыялы пра творчасць Я.​Купалы, М.​Багдановіча, пра стан бел. мастацтва, дзейнасць Бел. аб’яднанага т-ра, аб праблемах бел. мовы. Публікавала маст. творы і пераклады на бел. мову з інш. моў. З уздымам нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі спыніла сваё існаванне.

А.​С.​Ліс.

т. 5, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙДУ́ЗЕК ((Gajdusek) Даніэл Карлтан) (н. 9.9.1923, г. Іонкерс, ЗША),

амерыканскі педыятр, вірусолаг і эпідэміёлаг. Чл. Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў, Нац. АН ЗША, Амерыканскай акадэміі неўралогіі. Скончыў Рочэстэрскі ун-т (1943). З 1949 у Гарвардскім ун-це, у 1954 — у Пастэраўскім ін-це ў Тэгеране, у 1955—57 у Ін-це мед. даследаванняў у Мельбурне, з 1958 у Нейралагічным цэнтры Нац. ін-та здароўя (ЗША). Навук. працы па вірусалогіі, эпідэміялогіі, педыятрыі, генетыцы і эвалюцыі чалавека ў ізаляваных папуляцыях. Стваральнік вучэння пра павольныя вірусныя інфекцыі чалавека (хваробы з працяглым інкубацыйным перыядам і пашкоджаннем ц. н. с.). Нобелеўская прэмія 1976 (разам з Б.Бламбергам).

Д.К.Гайдузек.

т. 4, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУЛЬБЕ́КА ((Dulbecco) Рэната) (н. 22.2.1914, г. Катандзара, Італія),

італа-амерыканскі вірусолаг. Чл. Нац. АН ЗША, замежны чл. Лонданскага каралеўскага т-ва і Італьянскай нац. АН. Праф. (1954). Скончыў Турынскі ун-т (1936, Італія). З 1947 у ЗША у Індыянскім ун-це, з 1949 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це, з 1963 і з 1977 у Солкаўскім ін-це біял. даследаванняў, з 1972 нам. дырэктара Лонданскага дзярж. аб’яднання лабараторый па даследаванні рака. Навук. працы па даследаванні механізмаў узаемадзеяння анкагенных вірусаў, якія маюць ДНК, з нармальнымі клеткамі. Эксперыментальна даказаў, што ДНК віруса пранікае ў геном клеткі і становіцца яго часткай. Нобелеўская прэмія 1975 (разам з Д.Балтымарам і Х.М.Тэмінам).

Р.Дульбека.

т. 6, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЙМЭ́Н, Гілемэн (Guillemin) Ражэ (н. 11.1.1924, г. Дыжон, Францыя), французскі фізіёлаг. Чл. Нац. АН ЗША, Амер. АН і мастацтваў, Франц. нац. акадэміі медыцыны. Праф. Фізіялогіі (1963). Скончыў Дыжонскі ун-т (1942). З 1948 у Ін-це эксперым. медыцыны і хірургіі Манрэальскага ун-та, з 1953 у Х’юстанскім ун-це (ЗША), з 1960 у навук. ін-тах Францыі, з 1963 дырэктар лабараторыі Бейларскай мед. школы Х’юстанскага ун-та, з 1970 у Солкаўскім ін-це ў г. Сан-Дыега (штат Каліфорнія). Навук. працы па выдзяленні, выяўленні хім. структуры і біял. актыўнасці гіпаталамічных рэлізінг-гармонаў. Нобелеўская прэмія 1977 (разам з Э.В.Шалі і Р.С.Ялаў).

Р.Гіймен.

т. 5, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)