НЕЗАБЫТО́ЎСКІ Аляксандр (2.10.1819, в. Смалічы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.; паводле інш. звестак 15.9.1818, в. Зубкава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 21.3.1849),
бел. і польскі пісьменнік, філосаф, гісторык. Вучыўся ў прыватным франц. пансіёне ў Варшаве, у Дэрпцкім ун-це (1835—38). У 1844—47 наведаў Францыю, Аўстрыю, Італію, Іспанію, Партугалію, Англію. За спробу перавезці свае і чужыя нелегальныя выданні арыштаваны, зняволены ў пінскай, мінскай і віленскай турмах. Быў прыгавораны да пазбаўлення дваранскіх і маёмасных правоў і 20-гадовай катаргі ў сібірскіх рудніках (памёр да выканання прыгавору). У ананімных кнігах, якія выдаваў у Вільні і Парыжы, а таксама ў рукапісах, што трапілі ў рукі царскіх улад пры арышце, заклікаў народ на барацьбу супраць сац. і нац. прыгнёту, патрабаваў скасавання паншчыны, адмаўляў існаванне Бога, высмейваў хрысц. догматы. Аўтар мемуараў «Мае запіскі» (Парыж, 1845), прысвечаных паўстанню 1830—31, у якіх сябе называе ліцвінам (беларусам).
Тв.:
Rozamunda. Wilno, 1844;
Barbara. Wilno, 1844;
Jadwiga. Paryż, 1845;
Rèves d’amour de gloir et de liberté. Paris, 1845;
Katarzyna Wielka. Paryż, 1846.
Jlim.: Александровіч С.Х. Вольнадумца з-пад Нясвіжа Аляксандр Незабытоўскі: З гісторыі бел.-пол. літ. і грамадска-паліт. сувязей у 40-я гг. XIX ст. Мн., 1975.
С.Х.Александровіч.
т. 11, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛЮКО́ЎСКІ Уладзіслаў [1.5.1895, в. Ініца Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 8.9 (паводле інш. звестак 8.11). 1955], бел. паэт, перакладчык, этнограф. Вучыўся ў Харкаўскім маст. вучылішчы. З сярэдзіны 1920-х г. жыў у Вільні. Супрацоўнічаў у газ. «Народная справа», час. «Авадзень», «Маланка». Як графік удзельнічаў у выданні календароў, падручнікаў, часопісаў. У 1926 зняволены ў турму «Лукішкі», у 1939 у Бяроза-Картузскі канцлагер. Пад псеўд. Улад.-Ініцкі друкаваў вершы пераважна пра цяжкое жыццё селяніна, перажыванні палітвязня. Пісаў апавяданні. У творах П. адчуваецца фалькл. ўплыў. У 1934 у час. «Шлях моладзі» апублікаваў серыю этнагр. эцюдаў, прысвечаных бел. земляробчаму календару (аграрныя абрады, звычаі, гадавыя святы разглядаў у кантэксце з культ. традыцыямі інш. народаў). Запісваў нар. песні і прыказкі. Пра зняволенне ў Бяроза-Картузскім канцлагеры ва ўспамінах «Арышты. Бяроза і воля» (1940). На бел. мову перакладаў творы Л.Талстога (зб-кі «Ці шмат чалавеку трэба зямлі...», 1928; «Ад чаго зло на свеце», 1929). З 1945 дырэктар Літ. музея імя А.С.Пушкіна ў Вільнюсе. У 1948 арыштаваны. Вярнуўся з лагера ў 1953.
Тв.:
Сон Гаўрылы і розныя вершы. Вільня, 1928;
Клім бабаю і іншыя жарты. Вільня, 1929;
Апавяданні. Вільня, 1929.
А.С.Ліс.
т. 12, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТО́НАЎ Сяргей Фёдаравіч (28.6.1860, г. Чарнігаў, Украіна — 10.1.1933),
расійскі гісторык. Акад. АН СССР у 1920—31. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882), з 1899 праф. гэтага ун-та. Старшыня Археагр. камісіі (1918—29), камісіі па выданні твораў А.С.Пушкіна, дырэктар Пушкінскага дома Ін-та рус. л-ры АН СССР (1925—29) і Б-кі АН СССР (1925—28). Даследаваў падзеі 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. ў Расіі, эпоху Пятра I, каланізацыю рас. Поўначы і інш. У гал. працы «Нарысы па гісторыі смуты ў Маскоўскай дзяржаве, XVI—XVII стст.: Спроба вывучэння грамадскага ладу і саслоўных адносін у Смутны час» (1899, перавыд. 1995) разглядаў спробы дасягнуць раўнапраўнай уніі Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай, ход вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У 1930 арыштаваны, абвінавачаны ў антысав. дзейнасці і сасланы (1931) на 5 гадоў у Самару, дзе і памёр.
Тв.:
Учебник русской истории. М., 1992;
Русская история. М., 1995;
Полный курс лекций по русской истории. СПб., 1998.
Літ.:
Очерки истории исторической науки в СССР. Т. 3. М., 1963;
Рахматуллин М.А. Дело по обвинению академика С.Ф.Платонава // Отечественная история. 1994. № 6.
У.І.Вернігораў.
т. 12, с. 415
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ БІБЛІЯТЭ́КА (Biblioteka Narodowa) у Варшаве, адна з буйнейшых бібліятэк Польшчы; навук. цэнтр па гісторыі кнігі і б-к, кнігазнаўстве. Засн. 24.2.1928. Стварэнне б-кі пачалося ў 1919. Асновай фондаў сталі б-кі, вернутыя з Сав. Расіі пасля падпісання Рыжскага дагавора 1921 (б-ка Залускіх, інш. варшаўскія б-кі), кнігазборы, створаныя палякамі ў эміграцыі (Францыя, Швейцарыя). З 1927 б-ка атрымлівае абавязковы экзэмпляр. З 1954 мае статус НДІ. У 2-ю сусв. вайну каля 300 тыс. адзінак захавання знішчана. Асн. фонд 7 млн. экз. (2001), сярод якіх рукапісы (23 тыс.), старадрукі (153,6 тыс.), іканаграфія (370,7 тыс.), выданні 19—20 ст., карты, ноты, графічныя лісты, гуказапісы і інш. Мае вял. калекцыю бел. рукапісаў і выданняў. У складзе б-кі: Бібліягр. ін-т (з 1928), які вядзе статыстыку друку, дзярж. бібліягр. бягучую і рэтраспектыўную рэгістрацыю друк. выданняў, у т. л. штотыднёвік «Pszewodnik bibliograficzny» («Даведнік бібліяграфічны»), штомесячнік «Bibliografia zawartości czasopism» («Бібліяграфія зместу часопісаў»); Ін-т кнігі і чытання (з 1955; праводзіць даследаванні ў галіне бібліятэказнаўства, сацыялогіі кнігі і чытання). Выдае часопісы, зб-кі навук. прац, манаграфіі, бібліягр. паказальнікі, каталогі выставак і інш.
Т.І.Рошчына.
т. 12, с. 484
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІЯ ДРУКА́РНІ 16 ст. Дзейнічалі ў 1550—70-я г. ў Брэсце. Мецэнатам большасці з іх быў канцлер ВКЛ, ваявода віленскі і староста берасцейскі М.Радзівіл Чорны. Узнікненню друкарняў садзейнічаў уздым у культ. развіцці Беларусі, пашырэнне міжнар. сувязяў і ўплыў Рэфармацыі. У ліку друкароў-кнігавыдаўцоў Б.Ваяводка (1553—54), С.Мармеліус (1558—60-я г.), Ц.Базылік (1560—70-я г.). Першыя кнігі, выдадзеныя Ваяводкам, адпавядалі патрэбам рэфармацыйнага руху: Вялікі і Малы Катэхізісы, перакладныя тэалагічныя творы Крыштофа Імлера і Урбана Рэгіуса. З выданняў Мармеліуса вядомы: «Два пасланні» (1559), «Гісторыя пра папу Іаана VIII, які быў жанчынай» (1560), «Артыкулы права магдэбургскага» Б.Граіцкага (1560) і інш. Выйшлі выданні і без упамінання друкара: «Брэсцкая біблія» (1563); сатыр. паэма «Пратэй, або Пярэварацень» (1564), «Размова паляка з ліцвінам» (каля 1564). Найб. росквіту кнігадрукаванне ў Брэсце дасягнула пад кіраўніцтвам Базыліка. У гэты час надрукавана больш за 40 выданняў рознага зместу на польск. і лац. мовах, у якіх адлюстраваны духоўныя і ідэйныя сувязі прагрэс. дзеячаў бел., літ. і польск. культур, белетрыстычныя, гіст., паліт. працы. Выдаўцы Б.д. адрасавалі значную частку сваіх кніг «простым», «посполитым» чытачам. У іх афармленні шырока выкарыстоўвалася рэнесансавая графіка, наборныя арнаменты, гатычныя шрыфты, застаўкі, канцоўкі, фігурныя ксілаграфіі, адчуваецца сувязь з кніжным мастацтвам Польшчы і краін паўночнаеўрап. Адраджэння.
Г.Я.Галенчанка.
т. 3, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КААРДЫНАЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т БЕЛАРУ́САЎ КАНА́ДЫ (ККБК),
бел. нац. арг-цыя. Створана 16.1.1966 у г. Таронта. Заснавальнікі — Згуртаванне беларусаў Канады, Беларускае нацыянальнае аб’яднанне, Бел. самапомач (г. Ошава). З 1971 да ККБК далучыліся Саюз бел. моладзі Канады і Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе, пазней — Згуртаванне беларусаў Квебека, Бел. клуб у Брыт. Калумбіі, парафія св. Кірылы Тураўскага ў Таронта. У розны час ККБК узначальвалі В.Жук-Грышкевіч (1966—69), Я.Пітушка (1969—70), Б.Рагуля (1970—89), з 1989 — Р.Жук-Грышкевіч. Кіруючы орган — выканаўчы к-т. Асн. кірункі дзейнасці — каардынацыя дзейнасці бел. арг-цый у Канадзе, знешняе нац. прадстаўніцтва ў канадскіх дзярж. і грамадскіх установах, супрацоўніцтва з прадстаўнікамі інш. нацыянальнасцей краіны, культ.-асв. праца, дапамога новым бел. эмігрантам, ахвярам Чарнобыльскай катастрофы і інш. Па ініцыятыве ККБК з 1970 у Канадзе штогод афіц. адзначаецца Дзень незалежнасці Беларусі (25 сак.), з 1979 беларусы вылучаны самаст. этн. групай, а бел. мову перасталі лічыць дыялектам рускай. Намаганнямі ККБК у 1989 засн. Канадскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі. У 1973 пры ККБК засн. выдавецкі фонд, які пры падтрымцы Фонду бел. падручнікаў і субсідыі Федэральнага ўрада выдаў англамоўны падручнік В.Пашкевіч «Беларуская мова» (т. 1—2, 1974—78). ККБК аказаў фін. дапамогу пры выданні кн. «Курапаты» (Нью-Йорк, 1993).
А.С.Ляднёва.
т. 7, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́ДНАЯ АСВЕ́ТА»,
выдавецтва Дзярж. к-та Рэспублікі Беларусь па друку. Засн. ў крас. 1951 у Мінску як Дзярж. вучэбна-пед. выд-ва Мін-ва культуры Беларусі. З 1963 сучасная назва. Выпускае падручнікі, вучэбныя дапаможнікі, метадычныя і дыдактычныя выданні для агульнаадук. школы, навук.-папулярную і даведачную л-ру, вучэбна-метадычныя комплексы. Забяспечвае вучэбнай л-рай спец. агульнаадук. школы для дзяцей з затрымкай фіз. развіцця і інш. недахопамі і парушэннямі (ілюстраваныя каляровыя падручнікі, вучэбныя і метадычныя дапаможнікі). Стварае вучэбна-метадычныя комплексы: падручнік — вучэбны дапаможнік — метадычныя ўказанні да іх — дыдактычныя матэрыялы — наглядныя дапаможнікі. «Бібліятэка настаўніка пачатковых класаў», «Бібліятэка настаўніка беларускай мовы і літаратуры», «Бібліятэка настаўніка рускай мовы», «Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць» дапамагалі настаўнікам весці навучанне на высокім навукова-тэарэт. узроўні. Выдала шмат навук.-пазнавальных кніг для дзяцей у серыях «Школьнікам аб гісторыі Беларусі», «Народныя пісьменнікі Беларусі», «Наша прырода», «Вучням аб прафесіях», а таксама фотаальбомы пра жыццё і творчасць Ф.Багушэвіча, В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Купалы, Я.Коласа, К.Чорнага, І.Шамякіна і інш., творы М.Гогаля, М.Горкага, Л.Талстога, працы класікаў пед. навукі. Больш за 10 гадоў выходзіла серыя «Бацькам пра дзяцей», надрукавана шмат выданняў па дашкольным выхаванні. У 1977 «Буквар» для нац. школы А.К.Клышкі атрымаў залаты медаль на Лейпцыгскім кірмашы.
І.М.Лапцёнак.
т. 11, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЗКА ВЕ́РШАЎ,
цыкл вершаў, аб’яднаных агульнай тэмай, галоўнымі героямі, падабенствам будовы, стылёва-жанравымі адзнакамі і інш. У бел. л-ры тэрмін «нізка» ў крыху інш. форме («нанізка») упершыню ўжыты М.Багдановічам у арт. «За тры гады» (1913). Н.в. пашырана ў бел. паэзіі з пач. 20 ст. Н.в. «З песень беларускага мужыка» змясціў Я.Купала ў зб. «Жалейка» (1908), з асобных паэт. цыклаў складаюцца зб-кі Я.Коласа «Песні-жальбы» (1910), Багдановіча «Вянок» (1913), А.Гаруна «Матчын дар» (1918). Узаемасувязь паміж творамі, якія ўваходзяць у Н.в. бывае самая разнастайная. Іх можа яднаць агульны лірычны настрой («Крыху восені і жменька кляновых лістоў» У.Дубоўкі), жанр («Трохрадкоўі», «Пяцірадкоўі» А.Глобуса), тэма («Водар і шолах» Д.Бічэль-Загнетавай), погляд аўтара на пэўную гіст. падзею («Курапаты» А.Дэбіша), скразная эстэт.-філас. думка («Чатыры стыхіі» С.Дзяргая), постаць апавядальніка («Вёска» Я.Купалы), месца дзеяння («Полацк. Нафтабуд» Г.Бураўкіна). У паэзіі бываюць устойлівыя, т.зв. цвёрдыя віды вершаваных нізак; трыпціх («Трыпціх Ушаччыны» Р.Барадуліна), вянок санетаў («Нарач» Н.Гілевіча) і інш. Пашырана ў сучаснай паэзіі, асабліва ў творчасці маладых аўтараў (Дэбіш, І.Пракаповіч, І.Снарская, І.Хадарэнка, А.Чобат і інш.). Н.в. называюць таксама цыкл вершаў новай кнігі паэта, змешчаны ў перыядычным выданні.
А.А.Майсейчык.
т. 11, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́НІМСКАЯ РАЁННАЯ АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў ліст. 1942—ліп. 1944 у г. Слонім і Слонімскім р-не Баранавіцкай (цяпер Гродзенскай) вобл. пад кіраўніцтвам Брэсцкага міжраённага «К-та барацьбы з ням. акупантамі» (да чэрв. 1943), Слонімскага падп. райкома КП(б)Б (з вер. 1943). Створана па ініцыятыве б.чл. КПЗБ і КСМЗБ. Складалася з 8 (100 чал.) ячэек (груп) у Слоніме (сакратары І.Д.Міско, В.І.Вільчынскі), вёсках Вял. Кракотка (К.С.Петручэня, Р.П.Збраевіч), Глоўсевічы (М.Р.Ракуць), Какошчыцы (Л.Я.Дабрыян, В.П.Дабрыян), Пасінічы (М.М.Анішчык, У.П.Філітовіч, Т.В.Кіслы, І.М.Цвікевіч), Сяргеевічы (В.А.Жукоўскі), Чамяры (М.В.Бурсевіч, З.Ц.Бурсевіч), Чапялёва (С.С.Гайко). Дзейнасць арг-цыі ўзначальваў к-т (сакратар Ф.З.Міско). Падпольшчыкі вялі агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, выданні Слонімскага падп. райкома КП(б)Б, зрывалі спробы акупантаў па прымусовай мабілізацыі насельніцтва ва ўзбр. фаш. фарміраванні, вывазе моладзі ў Германію, збіралі грошы і каштоўнасці ў фонд абароны, зброю, боепрыпасы, медыкаменты, адзенне для партызан, праводзілі дыверсіі, удзельнічалі ў баявых аперацыях партызан на чыгунцы. У барацьбе з ворагам загінула 13 падпольшчыкаў.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990.
Л.В.Аржаева.
т. 15, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАМЯРЫ́ЦКІ Вячаслаў Антонавіч (н. 22.7.1936, в. Рабкі Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. літаратуразнавец, крытык, тэкстолаг, перакладчык. Канд. філал. н. (1967). Скончыў БДУ (1958). З 1958 настаўнік, інспектар Маладзечанскага райаддзела нар. адукацыі, з 1965 у Ін-це л-ры Нац. АН Беларусі (з 1991 заг. аддзела). Даследуе гісторыю бел. летапісання, творчасць і культ.-гіст. ролю пісьменнікаў і дзеячаў бел. культуры эпохі феадалізму. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» на бел. (т. 1, 1968) і рус. (1977) мовах, кн. «Францыск Скарына» (з Г.Я.Галенчанкам, В.Ф.Шматавым; на франц. 1979; англ. 1980), «Гісторыі сусветнай літаратуры» (т. 3—4, 1985—87), «Нарысаў па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (кн. 1, 1993), падручнікаў і дапаможнікаў для ВНУ і інш. Прымаў удзел у выданні «Поўнага збору рускіх летапісаў» (т. 32, 1975; т. 35, 1980), дзе ўпершыню апублікаваў Магілёўскую хроніку, навук.-папулярнага зб. «Беларускія летапісы і хронікі» (1997), складальнік, аўтар прадмовы і каментарыяў да зб. «Слова пра паход Ігаравы» (1986). Дзярж. прэмія Беларусі 1994 за ўдзел у стварэнні цыкла прац «Скарына і беларуская культура».
Тв.:
Беларускія летапісы як помнікі літаратуры: Узнікненне і літ. гісторыя першых зводаў. Мн., 1969;
Традыцыі літаратуры старажытнай Русі ў беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд. Мн., 1982 (разам з А.Ф.Коршунавым, А.А.Лойкам).
М.І.Аўсяная.
т. 17, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)