КРЭВЕ́ (Krévé; сапр. Міцкявічус) Вінцас

(19.10.1882, в. Субартоніс Варэнскага р-на, Літва — 7.7.1954),

літоўскі пісьменнік, фалькларыст. У 1904—08 вучыўся ў Львоўскім і Кіеўскім ун-тах. У 1922—40 праф. Каўнаскага ун-та. У 1940 нам. прэм’ер-міністра і міністр замежных спраў Нар. ўрада Літвы. У 1941 прэзідэнт АН Літвы. З 1944 жыў у Аўстрыі, ЗША. Друкаваўся з 1909. У літ. легендах «Паданні Дайнаўскай даўніны» (1912), гіст. драмах «Шарунас» (1911), «Скіргайла» (паст. 1924) адлюстраваў гіст. мінулае літ. народа, у кн. апавяданняў «Пад саламяным дахам», драм. аповесці «Зяць» (абедзве 1922), аповесці «Вядзьмар» (1939) — вясковы побыт, непарыўную сувязь чалавека і прыроды. Яго творы спалучаюць рамантычнасць і экзатычнасць, фалькл. стылізацыю і інтэрпрэтацыю біблейскіх сюжэтаў з элементамі крытычнага рэалізму, псіхал. і побытавай дакладнасцю. Збіраў і публікаваў літ. фальклор. Выкарыстоўваў матывы інд. і перс. легенд («Усходнія казкі», 1930). На бел. мову асобныя творы К. пераклаў М.​Кенька.

Тв.:

Рус. пер. — Колдун: Рассказы и повесть. М., 1963.

т. 8, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́КСЕМБУ́РГ (люксембургскае Lëtzebuerg, франц. Luxembourg, ням. Luxemburg),

горад, сталіца Вялікага герцагства Люксембург. 76,4 тыс. ж. (1995).

Трансеўрапейскі трансп. вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Міжнар. фін. цэнтр. Прам-сць: чорная металургія, машынабудаванне, хім., тытунёвая, харч., швейная. Ун-т. Тэатр. Нац. музей (археалогія, жывапіс і інш.). Школа мастацтваў і рамёстваў. Арх. помнікі: капэла Сен-Кірэн (6 і 15 ст.), гатычная царква Сен-Мішэль (16 ст.), рэнесансавы Палац юстыцыі (16 ст.), барочны сабор Нотр-Дам (17 ст.).

Вядомы з 963. У 1224 атрымаў гар. права. У 1506—1684 і 1697—1717 належаў Іспаніі, у 1684—97 і 1794—1815 — Францыі, у 1714—94 — Аўстрыі. У 1815—67 у складзе Герм. саюза, пруская крэпасць. У 1-ю і 2-ю сусв. войны акупіраваны ням. войскамі, у лют. 1945 вызвалены англа-амер. войскамі. У горадзе размешчаны рэзідэнцыя вял. герцага, урад, мін-вы і ўстановы дзяржавы Люксембург, замежныя дыпламат. прадстаўніцтвы, сакратарыят Еўрапейскага парламента, некаторыя органы Камісіі Еўрапейскіх супольнасцей, Еўрап. трыбунал, Еўрап. лічыльная палата, Еўрапейскі інвестыцыйны банк.

т. 9, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ТЭРНІХ, Метэрніх-Вінебург (Metternich-Winneburg) Клеменс Венцэль фон (15.5.1773, г. Кобленц, Германія — 11.6.1859), аўстрыйскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Князь (1803). Са стараж. дваранскага роду. З 1801 аўстр. пасланнік у Саксоніі, з 1803 — у Прусіі, з 1806 — у Францыі. У 1809—21 міністр замежных спраў і фактычна кіраўнік аўстр. ўрада, у 1821—48 прыдворны і дзярж. канцлер. Напачатку праводзіў курс на збліжэнне з Францыяй. Пасля разгрому войск Напалеона I у Расіі заключыў у 1813 з Расіяй і Прусіяй Райхенбахскую канвенцыю аб саюзе. У час Венскага кангрэса 1814—15 дамогся стварэння Герм. саюза на чале з Аўстрыяй; падпісаў у снеж. 1815 сакрэтны дагавор з прадстаўнікамі Вялікабрытаніі і Францыі супраць Расіі і Прусіі. М. — адзін з арганізатараў Свяшчэннага саюза 1815—33. Пасля рэвалюцыі 1848—49 у Аўстрыі эмігрыраваў у Вялікабрытанію, з 1849 у Бельгіі. У 1851 вярнуўся ў Аўстрыю. Еўрап. гісторыкі лічаць М. міратворцам, стваральнікам канцэпцыі дзярж. ладу Еўропы пасля напалеонаўскіх войнаў і сістэмы еўрап. раўнавагі (сістэма М.).

т. 10, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРАНО́ВІЧ Пётра (21.9.1902, в. Стрэмкі, Латвія — 20.12.1990),

бел. мастак. Вучыўся ў Даўгаўпілскай бел. гімназіі. Скончыў Латвійскую АМ (1937). У 1945—47 вучыўся ў АМ у Вене. З 1944 жыў у Аўстрыі, з 1950 — у ЗША. Займаўся асветніцтвам і развіццём бел. школы ў Латвіі. У ранніх творах адлюстраваны побыт латгальскай вёскі 1920—40-х г.: «У сялянскай хаце», «Жняя», «Вываз гною», «Бура ў жніво» і інш. Пазней ствараў партрэты вядомых бел. дзеячаў розных часоў: С.​Сахарава, П.​Крачэўскага (1966), Н.​Арсенневай, Я.​Купалы, Ф.​Скарыны (усе 1967), Л.​Сапегі (1970), К.​Каліноўскага (1971) і інш. Прыгажосць краявідаў Падзвіння перадаў у працах «Гонкі на Дзвіне», «Над Дзвімою», «Другое возера», «Белая царква ў Друі» (1970-я г.), «Сплаў лесу» (1970), «Капліца ў Прыдруйску» (1971) і інш. Сярод інш. твораў «Беларускія эмігранты», «Парк у Брукліне», «У Альпах», «Касцёл св. Карлы ў Вене» (абодва 1945—46), «Хата на Лонг Айлендзе» (1970) і інш.

В.​А.​Трыгубовіч.

т. 10, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ГАШ Пётр (сапр. Томаў-Негаш Радзівай Петравіч; 1.11.1813, в. Негушы. Чарнагорыя — 19.10.1851),

чарнагорскі паэт і дзярж. дзеяч. З дынастыі Негашаў. Уладыка (свецкі і духоўны правіцель) Чарнагорыі [1830—51] пад імем Пятра II Петравіча. Умацоўваў цэнтр. ўладу ў краіне (у 1831 створаны Правячы сенат), адстойваў яе незалежнасць ад замахаў Турцыі і Аўстрыі. Арыентаваўся на падтрымку Расіі, якую наведаў у 1833 і 1837. У сталіцы Чарнагорыі г. Цэтыне заснаваў першую школу і друкарню. У 1834 выдаў у Цэтыне зб. вершаў «Цэтынскі пустэльнік» і «Аблічча лютасці турэцкай», у 1845 зб. нар. і сваіх песень «Люстэрка сербскае», які адкрыў вершам-прысвячэннем «Цені Аляксандра Пушкіна». У паэме «Свабадыяда» (нап. 1835, апубл. 1854) услаўляў барацьбу сербаў і харватаў за нац. незалежнасць Вяршыня яго творчасці — драм. паэма «Горны вянец» (1847) пра барацьбу чарнагорцаў супраць тур. няволі ў канцы 17 ст. Аўтар філас. паэмы «Прамень мікракосма» (1845) і драм. паэмы «Самазванец Сцяпан Малы» (нап. 1848).

Тв.:

Рус. пер. — Горный венец. М., 1955.

А.​П.​Траяноўскі.

т. 11, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВАЛЮ́ЦЫІ 1848-49 У ЕЎРО́ПЕ,

«вясна народаў», серыя рэвалюцый, якія ахапілі большасць краін Зах. Еўропы ў канцы 1840-х г. (гл. Рэвалюцыя 1848 у Францыі, Рэвалюцыя 1848 у Аўстрыі, Рэвалюцыя 1848—49 у Германіі, Рэвалюцыя 1848—49 у Венгрыі, Рэвалюцыя 1848—49 у Італіі). У гістарыяграфіі 19 ст. часам вызначаліся як адзіная Усееўрапейская рэвалюцыя 1848—49. Выкліканы крызісам паліт. рэжымаў краін Зах. Еўропы, якія ўсталяваліся пасля Венскага кангрэса 1814—15. Мелі як агульнадэмакр, мэты (лібералізацыя паліт. жыцця, усталяванне канстытуцыйнага ладу, скасаванне феад. перажыткаў), так і нац. характар (Германія, Італія, Венгрыя). На першых этапах у рэвалюцыях вядучую ролю адыгрывалі лібералы, у далейшым вылучылася радыкальная плынь, прадстаўнікі якой стаялі за радыкальныя сац. змены ў грамадстве. Паражэнне рэвалюцый, аднак, не прывяло да аднаўлення папярэдніх паліт. рэжымаў. Іх вынікам стала змена паліт. ладу ў большасці зах.-еўрап. краін, што спрыяла больш хуткаму капіталіст. развіццю.

Літ.:

Революции 1848—1849 гг. Т. 1—2. М., 1952;

Хобсбаум Э. Век капитала, 1848—1875: Пер. с англ. Ростов Н/Д, 1999.

т. 13, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ННЫ СПОРТ,

скарасны спуск на спарт. санках па спец. трасах. Спарт. санкі гібкія, з камбінаванымі (дрэва, метал) палазамі, выш. 15 см, даўж. 124—150 см, шыр. каляі да 45 см. Бываюць 1- і 2-месныя. Спартсмен кіруе санкамі лежачы на спіне, нагрузку на палазы змяняе пры дапамозе нацяжнога рэменя або перамяшчэннем цэнтра цяжару. Трасы штучныя, лядовыя на бетоннай ці драўлянай аснове, даўж. 700—1250 м, з 11—18 віражамі, шыр. лядовага жолаба 1,3—1,5 м, нахіл трасы да 10°.

Узнік у Швейцарыі ў канцы 19 ст. Першыя міжнар. спаборніцтвы адбыліся ў 1883 (г. Давос). Міжнар. аб’яднанне (Саюз) па С.с. ўзнікла ў 1913 (г. Дрэздэн, Германія), Міжнар. федэрацыя С.с. — у 1957. Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1914, свету — з 1955. З 1964 спаборніцтвы ўваходзяць у праграму Алімп. гульняў. Найб. развіты С.с. у Аўстрыі, Германіі, Італіі, Нарвегіі, Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Швейцарыі і інш.

На Беларусі секцыя С.с. створана ў 1968 (Мінскі аўтазавод). 1-ы чэмпіянат Беларусі праведзены ў 1972.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 14, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАВЕСЦІ́Я, травесці,

камічны жанр, заснаваны на зніжэнні высокіх хрэстаматыйных узораў класічнай паэзіі, міфалагічных або біблейскіх сюжэтаў. Узнікла ў новы час як рэакцыя на класіцызм з яго культам антычнасці і пагардай да нар. культуры. Характэрныя рысы Т.: агрубленне класічнага сюжэта, напаўненне яго быт. рэаліямі свайго часу, выкарыстанне самых нізкіх моўных пластоў, у т. л. дыялектаў.

Асабліва часта травесціравалася «Энеіда» Вергілія: у Францыі — П.​Скарон (17 ст.), у Аўстрыі — А.​Блумаўэр (18 ст.), у Расіі — М.​Осіпаў (канец 18 ст.), на Украіне — І.​Катлярэўскі (канец 18 — пач. 19 ст.); у Расіі мела таксама поспех травесційная паэма В.​Майкава «Елісей, або Раздражнёны Вакх» (18 ст.).

У бел. л-ры прыёмам зніжэння карысталіся аўтары сатыр. твораў 17—1-й пал. 18 ст. («Прамова Мялешкі», «Казане руске» і інш.). Лінію травесційных «Энеід» працягвае паэма «Энеіда навыварат». Рысы Т. мае таксама паэма «Тарас на Парнасе».

Літ.:

Лазарук М. Станаўленне беларускай паэмы. Мн., 1968;

Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 15, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНАЦЬКО́ Галіна Дзмітрыеўна (н. 28.1.1945, в. Чамаданава Пензенскай вобл., Расія),

бел. гісторык. Канд. гіст. н. (1976). Скончыла БДУ (1964). З 1968 у Ін-це гісторыі АН Беларусі (у 1979—86 заг. сектара збору і публікацый дакументаў і гіст. мемуараў). З 1993 заг. аддзела публікацый дакументаў Нац. архіва Рэспублікі Беларусь. Асн. даследаванні па гісторыі, крыніцазнаўстве і гістарыяграфіі 2-й сусв. вайны. Адзін з аўтараў, складальнікаў і рэдактараў зб-каў успамінаў «Партыйнае падполле на Беларусі, 1941—1944» (1984—86), «Гомельская стралковая» (1989), даведніка «Мінскае антыфашысцкае падполле» (1995), зб-каў дакументаў і матэрыялаў «Беларускія остарбайтэры» (т. 1—3, 1996—98), «Нацысцкае золата з Беларусі» (1998), «Заложнікі вермахта» (1999), «Аграрныя пераўтварэнні ў Вілейскай вобласці, 1939—1941 гг.» (2001), «Халакост на Беларусі, 1941—1944» (2002), «Прымусовая праца беларускага насельніцтва ў Аўстрыі», «Аграрныя пераўтварэнні ў Маладзечанскай вобласці, 1944—1953 гг.» (абодва 2003). Аўтар прац «Рукапісныя выданні партызан Беларусі» (1979), пра военачальнікаў Дз.​Р.​Паўлава, Л.​Р.​Пятроўскага і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 2002.

т. 18, кн. 1, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ЙРАЙТЭР (Neureiter) Фердынанд (н. 15.6.1928, Рыга),

аўстрыйскі перакладчык, папулярызатар бел. культуры. З 1937 жыве ў Аўстрыі. Скончыў класічную гімназію (1946). Вывучаў англ. і раманскія мовы, у канцы 1950-х г. бел., укр., польскую, кашубскую. У 1959—69 у Зальцбургскім нар. вячэрнім ун-це (чытаў курс лекцый па гісторыі Беларусі). Пераклаў на ням. мову асобныя вершы Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча і інш. Апублікаваў артыкулы пра Беларусь і бел. культуру: «Янка Купала — паэт з Беларусі», «Беларусь — папялушка Еўропы». Выдаў дапаможнік для нямецкамоўных студэнтаў «Беларуская анталогія: Хрэстаматыя па беларускай літаратуры» (1983). Пераклаў з бел. на ням. мову раман Ю Попкі «Свеціць у тумане» (1985), працу Р.​Астроўскага «Беларусь з X па XVI стагоддзе» (1986), прадмову Я.​Белавежскага да ням.-бел. выдання «Слова аб паходзе Ігаравым» (1987), зб. артыкулаў «Вытокі беларускай нацыі і культуры» (1988).

Літ.:

Соколовский В. Золушка Европы? Белорусская культура в Австрии и Швейцарии // Неман. 1996. № 10.

У.​Л.​Сакалоўскі.

т. 18, кн. 1, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)