КАЛІ́НА (Viburnum),

род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Каля 200 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі дзікарослая К. звычайная, або чырвоная (V. opulus). Расце на ўзлесках, высечках, сярод хмызняку, па берагах рэк і азёр; вырошчваецца ў садах і парках. Інтрадукаваны ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі К.: бульдзенеж, або снегавы шар (V. o. Rosseum), канадская (V. lentago), карлікавая (V. o. Nanum), суцэльналістая (V. lantana).

Лістападныя або вечназялёныя кусты і дрэвы выш. да 4 м. Лісце трох-, пяцілопасцевае. Кветкі белыя ці ружова-белыя, сабраныя ў парасонападобныя мяцёлкі. Плады — ярка-чырв. касцянка, ядомыя. Лек., харч., фарбавальная, меданосная і дэкар. расліна.

т. 7, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КНІ́ГА ВЯЛІ́КАМУ ЧАРЦЯЖУ́»,

тэкставае апісанне (па гал. рэках) найбуйнейшай карты Расіі 17 ст. (не захавалася). Складзена ў 1627 у Разрадным прыказе. Была практычным дапаможнікам для служылых людзей, якіх пасылалі ў розныя мясцовасці краіны, з канца 17 і ў 18 ст. выкарыстоўвалася як школьны падручнік па геаграфіі Расіі. Распаўсюджвалася ў рукапісных спісах; існуе 8 асн. рэдакцый кнігі (у ёй прыведзены каля 2 тыс. тапонімаў і больш за 1,5 тыс. велічынь адлегласцей). Уведзена ў навук. абарачэнне В.М.Тацішчавым; упершыню надрук. ў 1775 М.І.Навіковым пад назвай «Старажытная расійская ідраграфія, якая змяшчае апісанне Маскоўскай дзяржавы рэк, праток, азёр, крыніц, і якія на іх урочышчы і на якой яны адлегласці».

т. 8, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНУСІ́НСКАЯ КАТЛАВІ́НА Размешчана ў гарах Пд Сібіры, у Краснаярскім краі Расіі. Абмежавана з Пд Зах. Саянам, з Пн адгор’ямі Кузнецкага Алатау, з 3 Абаканскім хр., з У адгор’ямі Усх. Саяна. Складзена з сланцаў, пясчанікаў, кангламератаў, мергеляў і інш. Радовішчы жал. руды, каменнага вугалю (гл. Мінусінскі вугальны басейн). Рэльеф пераважна ўзгоркавата-раўнінны з асобнымі нізкагорнымі масівамі і куэставымі градамі. Выш. ад 200—300 да 700 м. Клімат рэзка кантынентальны, месцамі засушлівы. Найб. рака — Енісей. Шмат прэсных і салёных азёр. На паніжаных участках злакавыя і камяністыя стэпы. Адзін з важнейшых с.-г. раёнаў Сібіры. Садаводства, бахчаводства. Жывёлагадоўля, конегадоўля. У М.к. гарады Мінусінск і Абакан.

т. 10, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНАГАНО́ЖКА (Polypodium),

род папарацей сям. мнаганожкавых. 75 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі М. звычайная, або папараць салодкая (P. vulgare). Занесена ў Чырв. кнігу, знаходзіцца ў астраўных і асобных лакалітэтах паблізу ўсх. мяжы еўрап. фрагмента арэала. Трапляецца невял. групамі па схілах грунтавых агаленняў берагоў рэк, азёр, радзей на пнях, паваленых дрэвах і інш.

Мнаганожка звычайная.

Шматгадовыя травяністыя эпіфітныя і наземныя расліны з доўгім галінастым карэнішчам, густа ўкрытым бурымі ланцэтнымі лускавінкамі. Скурыстае чаранковае лісце адыходзіць ад яго радамі (адсюль назва). Лісцевыя пласцінкі падоўжана-ланцэтныя, перыста-раздзельныя. Сорусы (кучкі спарангіяў) круглаватыя або авальныя, размешчаны пасярэдзіне ці па краі сегментаў ніжняга боку пласцінкі. Дэкар., лек., дубільныя расліны.

т. 10, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РШЫНА,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 25 км на У ад г.п. Ушачы. Пл. 0,12 км², даўж. 580 м, найб. шыр. 270 м, найб. глыб. 21,7 м, даўж. берагавой лініі 1,6 км Пл. вадазбору 0,4 км². Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Катлавіна эварзійнага тыпу. Схілы выш. 15—17 м (на ПдУ да 5 м), сугліністыя і супясчаныя, пад лесам і хмызняком, на ПдУ разараныя. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі, на ПдУ нізкія, забалочаныя. Дно да глыб. 3—3,5 м пясчанае, ніжэй ілістае. Празрыстасць 3,1 м. Эўтрофнае. Зарастае. Паласа прыбярэжнай расліннасці шыр. 10—15 м.

т. 11, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВЕ́Й (Eriophorum),

род кветкавых раслін сям. асаковых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў халодным, умераным і часткова субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 4 віды. Найб. вядомыя П.: похвенны (Evaginatum), шматкаласковы (E. polystachyon), шыракалісты (E. latifolium). Трапляюцца на балотах, у забалочаных лясах, па берагах зарослых азёр.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 1 м з паўзучым ці пакарочаным карэнішчам. Сцёблы трохгранныя або цыліндрычныя. Лісце лінейнае. Кветкі ў шарападобных каласках або ў парасонападобных суквеццях. Калякветнік са шматлікіх белых, радзей рыжаватых валаскоў, якія пасля цвіцення падаўжаюцца і ўтвараюць пры пладах т.зв. пухоўку. Плод — арэшак. Торфаўтваральнікі. Зімуюць у зялёным стане; ранневеснавы корм для аленяў, ласёў.

Падвей: 1 — похвенны; 2 — шматкаласковы.

т. 11, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́РЛІКІ (Aquila),

птушкі роду арлоў сям. ястрабіных атр. сокалападобных. 2 віды: П. вялікі, або арол-крыкун (A. clanga), і П. малы (A. pomarina). Пашыраны ў Еўропе і Азіі. Жывуць у лясах, паблізу лясных балот, у далінах рэк і азёр. Гняздуюцца высока на дрэвах. На Беларусі часцей трапляецца П. малы, пераважна на Палессі. Абодва віды занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 75 см, маса да 3,2 кг. Самкі большыя за самцоў. Апярэнне цёмна-бурае. Дзюба і кіпцюры чорныя, васкавіца і пальцы жоўтыя. Цэўка аперана да пальцаў. Драпежнікі, асн. здабыча — дробныя млекакормячыя (пераважна мышападобныя), птушкі, жабы, насякомыя. Нясуць 1—2 яйцы.

Э.​Р.​Самусенка.

Падворлік малы.

т. 11, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯГА́НКІ (Tadorna),

род птушак сям. качыных. 7 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Аўстраліі, Афрыцы. Жывуць на марскіх узбярэжжах, у стэпавых, паўпустынных і пустынных ландшафтах па берагах азёр. Гняздуюцца ў норах, расколінах скал, пакінутых пабудовах, часам у кустоўі. На Беларусі адзначаны агар і П. звычайная (T. tadoma) — вельмі рэдкі гняздуючы і зімуючы від. П. хахлатая (T. cristata) у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. да 60 см, маса да 1,65 кг. Афарбоўка пярэстая (рус. «пегая» — адсюль назва); спалучэнне белага, чорнага і рыжага колераў. Кормяцца пераважна расліннасцю, дробнымі беспазваночнымі. Манагамы. Нясуць да 12 (зрэдку да 18) яец. Аб’екты палявання.

Пяганка звычайная: 1 — самка; 2 — самец.

т. 13, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЗНЯ́НСКАЕ ВО́ЗЕРА, Збунінскае возера. У Брэсцкім р-не, у бас. р. Серадовая Рэчка, за 30 км на Пд ад г. Брэст. Уваходзіць у Брэсцкую групу азёр. Пл. 0,43 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 5,8 м, даўж. берагавой лініі 3,3 км. Пл. вадазбору 3 км². Катлавіна суфазійна-карставага тыпу, складаецца з 2 плёсаў. Схілы выш. 3—4 м, пад лесам, на Пн і У акаймаваны дзюнамі. Берагі высокія, на З сплавінныя. Дно плоскае, пясчанае, сапрапелістае. Шырыня мелкаводнай зоны да 100 м. Зарастае ўздоўж берагоў. Злучана канавай з воз. Белае, выцякае ручай у р. Серадовая Рэчка. На беразе возера санаторый «Бярэсце».

т. 13, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 5 км на З ад г. Браслаў. Пл. 0,83 км², даўж. 3 км, найб. шыр. 760 м, найб. глыб. 17 м, даўж. берагавой лініі 7,3 км. Пл. вадазбору 116 км². Катлавіна лагчыннага тыпу, складаецца з 2 плёсаў. Схілы выш. да 18 м, параслі хмызняком, у верхняй ч. разараныя, усх. і зах. тэрасаваныя (выш. тэрасы 3—3,5 м). Берагі зліваюцца са схіламі, на Пн нізкія, забалочаныя. Дно ў прыбярэжнай ч. пясчанае, ніжэй ілістае. Зарастае слаба. Упадаюць ручаі з азёр Рожава, Бужа і Мізерышкі; выцякае р. Рака (злучае яго з воз. Дрывяты).

т. 13, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)