прыпо́мніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.
1. Аднавіць у памяці, успомніць. Прозвішча здалося мне знаёмым, але я ніяк не мог прыпомніць, дзе сустракаў гэтага чалавека. Дадзіёмаў. Адась выняў папяросу, але не закурыў, прыпомніў, што ў вагоне курыць забаронена. Галавач. // Пазнаць каго‑н. — Што ты, дружа? Не пазнаў хіба мяне? Помніш, бегалі па лужах? Ну, прыпомніў? Бялевіч.
2. Разм. Не забыць чаго‑н., каб адпомсціць, пакараць за гэта. — Не памілуе вас пан, прыпомніць кожны дубок, высечаны ў лесе, рагач, што выкапалі вы для сахі, каб калупацца ў полі. Колас. А катам прыпомнілі сёння Агні Трасцянца і Майданэк. Здавалася нам, што патронаў Ці хопіць адпомсціць за раны. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыступі́цца, ‑ступлюся, ‑ступішся, ‑ступіцца; зак.
1. Наблізіцца, падысці да каго‑, чаго‑н. Толькі і дадавала прыгажосці азярцо, што ляжала ў балоце, але да яго нельга было прыступіцца ні з аднаго боку. Чарнышэвіч. Ад станцыі напрасткі да.. [коп сена] было не прыступіцца — гразкае балота. Новікаў. // Падысці, звярнуцца да каго‑н. Ціток загадаў абавязкова Параску прывесці. І калі тая сапраўды прыйшла, ён не ведаў, з якога боку да яе прыступіцца: яна і такая, яна і гэтакая. Лобан. Але старая маці баіцца прыступіцца да Зоські, бо тая пачынае злавацца ды з хаты ўцякае. Бядуля.
2. Узяцца за што‑н.; прыступіць. — А я буду рабіць тое, да чаго падручны і нават сярэдні майстар прыступіцца не адважыцца. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раздушы́ць, ‑душу, ‑душыш, ‑душыць; зак., каго-што.
1. Сціснуўшы, націснуўшы, змяць, расплюшчыць. [Алесь], не аглядаючыся, пасунуўся ад нас, неяк усё націскаючы на правую нагу, нібы пад яе трапляла што і ён мусіць яго раздушыць, прыціснуць. Адамчык. Але вось бяда — як яго [вужынае яйка] несці, каб не раздушыць. Ваданосаў. // Націснуўшы, задушыць (пра насякомых). [Ціхан] ляпнуў сябе далоняй па шчацэ і раздушыў пчалу. Дуброўскі.
2. Прыціснуўшы чым‑н. цяжкім, душачы, забіць або скалечыць. Людзі, якія бачылі нашу сустрэчу, аж кінуліся да нас. Можа, баяліся, што я раздушу старую ў абдымках. Сабаленка. / у безас. ужыв. — Ну, аднаго чалавека засыпала зусім, але нічога, адкапалі мяккі пясок. Другому паламала рэбры, раздушыла грудзі. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
удава́ць, удаю, удаеш, удае; удаём, удаяце; незак.
Разм.
1. Незак. да удаць.
2. (пераважна са словамі «сябе», «з сябе»). Рабіць выгляд, паказваць; прыкідвацца. Не кідалася [Верачка] радасна да Яўхіма, удавала сябе нават абыякавай, але Яўхім бачыў: рада яму, падабаецца ёй. Мележ. Пытанні і абвінавачванні сыпаліся на Смірніцкага, як удары. Але ён не ўгінаў галавы пад іх цяжарам, ён толькі чырванеў і ўдаваў з сябе пакрыўджанага ды гордага чалавека. Шахавец. [Надзя] ўдае, што кудысьці спяшаецца. Козел.
3. Здавацца. Лаза .. зазелянела першым, яшчэ не густым, кволым лісцем, і здаля, з берага, удавала не зялёнаю, а празрыста-жоўтаю. Сачанка. Як дамоў ішла Хрысціна — не згадала, Незнаёмаю мясціна ўдавала. Дзяргай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уро́да, ‑ы, ДМ ‑дзе.
1. м. і ж. Чалавек з фізічным недахопам, з брыдкім абліччам. Хоць дзіцятка ўрода, Але бацьку шкода. Крапіва. Але мачыха давяла мужу, што сын у яго ўрода і няўклюда. Сачанка.
2. ж. Натура, характар; прырода. [Яўхім:] — Ну і цаца ж ты! Як бог знае, дзе расла! [Ганна:] — Дзе ні расла, а такая вырасла. Урода такая. І другая не буду! Мележ. Мы знаем, ён [дзядзька Антось] рыбак з уроды. І ўсякіх рыб ён знае ходы. Колас.
3. ж. Абл. Ураджай (у 2 знач.). — На сена ўрода ў гэтым годзе, — гледзячы, як растуць копы, падняўся Костусь. Васілевіч. Дай жыту, светлы май, Дождж і пагоду, Добрую ўроду Дай яму, дай. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гамалагі́чны
(ад гамалогія)
які мае аднолькавыя адносіны да чаго-н., падобны;
г-ыя рады — групы арганічных злучэнняў з аднолькавымі хімічнымі ўласцівасцямі і падобнай будовай;
г-ыя органы — органы жывёл і раслін, якія маюць у асноўным аднолькавую будову, але выконваюць розныя функцыі (напр. рука чалавека і крыло птушкі); параўн. аналагічны 2.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
Бялі́зна. Укр. біли́зна ’тс’. Слав. *bělizna (ад *bělъ ’белы’) — гэта спачатку ’белы колер’ (параўн. рус. белизна́). Такія словы лёгка паддаюцца канкрэтызацыі («рэчы, звязаныя з белым»). Адсюль і перанясенне націску. Можна ставіць пытанне і аб запазычанні з польск. bielizna ’тс’, але для гэтага не хапае даных. Параўн. Слаўскі, 1, 33.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Во́ддаль (БРС, КТС, Гарэц.; КЭС, лаг.). З водаль (гл.) у выніку яго пераасэнсавання як слова з прыстаўкай од‑, вод‑ (Шуба, Прыслоўе, 113). У варыянце воддаля (Жд., 2, КТС) прыстаўка заканамерная (од (от) + род. скл. даль; параўн. рус. о́тдали, укр. ві́ддалі), але канчатак, відаць, з род. скл. м. р.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Галаварэ́з (БРС, Нас.), рус. головоре́з ’тс’. Утварэнне ад *golova + *rězati. Фармальна з гэтым словам супадае галаварэ́з ’царкоўнае свята адсячэння галавы Іаана Хрысціцеля’ (Нас.). У Шаталавай у гэтым значэнні зафіксавана галаварэ́зы. Параўн. і ўкр. дыял. головосі́к (таксама головосі́ки — мн. л.), головстве́ння (гл. Грынч.). Гэта, відавочна, калька царкоўнага ’паходжання. Але адкуль?
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Га́рчык ’гарнец; назва меры’ (Касп., Шат., памянш. ад га́рнец), га́рчык (Сл. паўн.-зах.), укр. га́рчык. Лічыцца памяншальнай формай ад га́рнец (гл.); так думае Шатэрнік (гл. пад гарнец), але можна ставіць пытанне і аб паходжанні ад гарац (гл.). Параўн. і ўкр. га́рець. Так, прынамсі, мяркуе Грынч. (гл. пад га́рець).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)