ПАРТЫЗА́НСКІ РУХ у Заходняй Беларусі,

адна з форм нац.-вызв. барацьбы працоўных супраць акупац. рэжыму і нац. ўціску на анексіраваных бел. землях, якія адышлі да Польшчы паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921. Найб. яго ўздым у 1921—25. Сац. склад партыз. атрадаў: сяляне, бежанцы-чырвонаармейцы, вясковая інтэлігенцыя, рамеснікі. Там, дзе партыз. рухам кіравалі камуністы (Палессе, Навагрудчына, Віленшчына), ён меў класавы, антыпамешчыцкі характар, быў больш арганізаваны. Кіраўнікі: К.П.Арлоўскі, С.А.Ваўпшасаў, В.З.Корж, А.М.Рабцэвіч і інш. Асобныя партыз. кіраўнікі карысталіся крыптанімам атамана Мухі-Міхальскага. У раёне Белавежскай пушчы дзейнічала партыз. злучэнне Г.​Шыманюка (паводле некат. звестак левы эсэр), якое выдавала газ. «Беларускі партызан»; на Гродзеншчыне атрады — Разумовіча. Агульнае кіраўніцтва гэтымі фарміраваннямі ажыццяўляў ЦК Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў з Коўна. У 1922 праведзена 878, у 1923—503 партыз. аперацыі. У сувязі з ростам партыз. руху ў асобных паветах Зах. Беларусі польскімі ўладамі ў 1923—24 абвешчана асаднае становішча, уводзіліся надзвычайныя ваенна-палявыя суды. III канферэнцыя КПЗБ (студз. 1926) прыняла рашэнне пра спыненне партыз. руху. У 1930-я г. ў Навагрудскім. і Палескім ваяв. адбыліся ўзбр. выступленні сялян, якія не набылі размаху. У сувязі з уступленнем Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь у вер. 1939 П.р. месцамі праявіўся ў Гродзенскім, Драгічынскім, Пінскім пав.

Літ.:

Сорокин А.А. Освободительное и революционное крестьянское движение в Западной Белоруссии (1920—1939 гг.). Мн., 1970;

Ладысеў У. Шлях да свабоды: З гісторыі рэв.-вызв. руху ў Заходняй Беларусі ў 1919—1939 гг. Мн., 1978.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 12, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСТО́РА І ЧАС у філасофіі,

філасофскія катэгорыі, якія абазначаюць формы быцця рэчаў і з’яў. Прасторавыя адносіны ахопліваюць парадак падзей, што існуюць адначасова, а таксама памеры матэрыяльных аб’ектаў. Часавыя адносіны адлюстроўваюць парадак падзей, якія ідуць адна за адной, іх працягласць у часе. П. і ч. уласцівы ўсім прадметам і з’явам рэчаіснасці. Кожны прыродны ці гіст. працэс можа адбывацца толькі ў П. і ч. Узаемасувязь П. і ч., іх адзінства выяўляюцца ў руху і развіцці матэрыі, абумоўлены залежнасцю ад структурных адносін і працэсаў развіцця ў матэрыяльных сістэмах, адзінствам перапыннага і неперапыннага ў структурнай пабудове сістэм, колькаснай і якаснай бясконцасцю. Кожны элемент адзінства П. і ч. мае свае асаблівыя рысы. Прастора характарызуецца працягласцю, звязанасцю і неперапыннасцю, трохмернасцю, метрычнымі ўласцівасцямі, сіметрыяй і асіметрыяй, канкрэтнай формай і памерамі, месцазнаходжаннем, прасторавым размеркаваннем рэчыва і поля, адлегласці паміж целамі і рознымі сістэмамі. Да спецыфічных рысаў часу належаць: працягласць, якая выражае паслядоўнасць станаў і змен цел; канечнасць і перапыннасць існавання прадметаў і з’яў, асіметрычнасць, неабарачальнасць і накіраванасць ад мінулага да будучага, а таксама часавыя адносіны паміж рознымі цыкламі ў структуры сістэм, адначасовасць, рытм, тэмп, хуткасць развіцця працэсаў. Матэрыяліст. філасофія прызнае аб’ектыўнасць, усеагульнасць і універсальнасць П. і ч. Прадстаўнікі інш. філас. кірункаў ставяць П. і ч. у залежнасць ад індывід. свядомасці (Дж.​Берклі, Д.​Юм), ад надсусветнага розуму ці абсалютнай ідэі (Г.​Гегель, А.​Бергсон) або лічаць іх апрыёрнымі формамі пачуццёвага сузірання (І.​Кант).

В.​І.​Боўш.

т. 13, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЫЛ у тэхніцы,

від аэразолю, у якім дробныя (да 0,1 мм) цвёрдыя часцінкі знаходзяцца ў завіслым стане ў газавым асяроддзі. Звычайна ўтвараецца ў выніку дыспергавання цвёрдых цел. Часцінкі П. могуць несці эл. зарад, быць электранейтральнымі ці радыеактыўнымі. Некаторыя віды вытв. П. выбухова- і пажаранебяспечныя, забруджваюць прыроду, выклікаюць захворванні. Паветр. прастора ўтрымлівае П. разнастайнага паходжання (гл. Пыл у атмасферы). Канцэнтрацыя П. (запыленасць) выражаецца колькасцю часцінак або іх агульнай масай у адзінцы аб’ёму газу (паветра). Барацьба з утварэннем П. і яго ўлоўліванне — адна з найважнейшых тэхн. і гігіенічных задач (гл. Ачыстка паветра).

У прам-сці часта спецыяльна выкарыстоўваюць распыленне, напр. пры спальванні пылападобнага паліва, паветр. сепарацыі парашкоў, у некаторых хім. тэхналогіях. Непажаданае ўтварэнне П. адбываецца пры здрабненні цвёрдых парод, здабычы карысных выкапняў (рудніковы П.), перапрацоўцы і транспартаванні сыпкіх прадуктаў і матэрыялаў, спальванні арган. паліва. Крыніцамі павышанай запыленасці з’яўляюцца металург., хім., тэкстыльныя вытв-сці, трансп. сродкі і інш. Прамысл. П. шкодзіць абсталяванню, зніжае якасць прадукцыі (напр., паўправаднікоў, электронных прылад), пагаршае гігіенічныя ўмовы працы. Для барацьбы з вытв. П. ажыццяўляюць пылаўлоўліванне з дапамогай скрубераў, цыклонаў, пылаасадачных камер, эл. (у якіх часцінкі П. асядаюць на электродах), акустычных (з выкарыстаннем ультрагуку) і інш. пылаўлоўнікаў. Эфектыўныя спосабы выдалення П. — вентыляцыя з выкарыстаннем паветр. фільтраў, розныя сістэмы газаачысткі. Для засцярогі ад П. выкарыстоўваюць рэспіратары, шлемы-скафандры, спец. адзенне. Ступень запыленасці паветра вызначаюць пыламерамі — з фільтравальным матэрыялам, на якім асядаюць часцінкі П., і найб. пашыранымі аптычнымі, у якіх святло паглынаецца ці рассейваецца пылапаветраным патокам.

У.​М.​Сацута.

т. 13, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭМБО́ ((Rimbaud) Жан Нікала Арцюр) (20.10.1854, г. Шарлевіль-Мезьер, Францыя — 10.11.1891),

французскі паэт. Усе свае шэдэўры стварыў у 15—19-гадовым узросце. Пасля 1875 адышоў ад паэзіі, займаўся гандлем. У першых вершах ап’яненне жаданай свабодай («Адчуванне», «Мая багема»), смелыя эксперыменты з гукамі і паэт. вобразамі («Афелія», «Шукальніцы вошай», «Галосныя»), знішчальныя інвектывы ў адрас правінцыяльнага мяшчанства («На музыцы», «На кукішках»), віноўнікаў бессэнсоўнай вайны («Ліха», «Які спіць у лагчыне»), хрысц. набожнасці і пакорлівасці («Вячэрняя малітва», «Беднякі ў храме», «Першае прычасце»), ворагаў Парыжскай камуны («Парыжская оргія, або Парыж засяляецца зноў»), Адна з вяршынь яго паэзіі — верш «П’яны карабель» (1871) — усхваляваная споведзь у выглядзе малой прыгодніцкай адысеі, шэраг нечаканых вобразаў, убачаных на мяжы сну і явы. Стварыўшы своеасаблівую тэорыю паэт. яснабачання, Р. імкнуўся да таямніц існага, зрабіць творчасць інструментам карэннага абнаўлення свету, вызваліць несвядомае ад абмежаванняў цвярозага розуму (кн. вершаў у прозе «Азарэнні», выд. 1886). Апошняя кн. «Сезон у пекле» (1873) — развітанне паэта з марамі пра звышзадачу змяніць свет. На бел. мову асобныя яго вершы перакладалі Р.​Барадулін, А.​Мінкін, Я.​Семяжон, М.​Федзюковіч.

Тв.:

Бел. пер — у кн.: Паэты Парыжскай камуны. Мн., 1971;

У кн.: Семяжон Я.​Сем цудаў свету: Выбр. пераклады паэзіі. Мн., 1977;

У кн.: Кахаць — гэта значыць... Мн., 1986;

Рус. пер. — Произведения. М., 1988;

Озарения. СПб., 1994.

Літ.:

Карре Ж.М. Жизнь и приключения Жана Артюра Рембо // Рембо Ж.А. Пьяный корабль: Пер. с фр. М., 2000;

Птифис П. Артюр Рембо. М., 2000.

А.​В.​Хадановіч.

т. 14, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ ПА́РТЫЯ (англ Republican Party),

адна з дзвюх вядучых паліт. арг-цый у ЗША; апанент Дэмакратычнай партыі. Засн. ў 1854 на базе партыі вігаў. Першым ад Р.п. на пасаду прэзідэнта краіны ў 1860 выбраны А.Лінкальн. У час грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65 партыя падтрымлівала паўн. штаты (федэральны цэнтр). Да канца 19 ст. акрэслілася як кансерватыўная групоўка з ліберальным крылом, прадстаўляла пераважна інтарэсы прамыслоўцаў і банкіраў. З пач. 20 ст. выступае і за сац. рэформы пры нязменным захаванні прыватнай ініцыятывы (гл. таксама Кансерватызм, Лібералізм). Прэзідэнты ЗША ад Р.п. (10 супраць 7 прэзідэнтаў-дэмакратаў у 20 ст.): А.​Лінкальн (1861—65), Э.​Джонсан (1865—68), У.С.Грант (1869—77), Р.​Б.​Хейс (1877—81), Дж.​А.​Гарфілд (1881), Ч.​А.​Артур (1881—85), У.​Мак-Кінлі (1897—1901), Т.Рузвельт (1901—09), У.​Х.​Тафт (1909—13), У.​Гардынг (1921—23), К.​Кулідж (1923—29), Г.К.Гувер (1929—33), Д.Д.Эйзенхаўэр (1953—61), Р.М.Ніксан (1969—74), Дж.Р.Форд (1974—76), Р.У.Рэйган (1981—89), Дж.​Буш-старэйшы (1989—93), Дж.​Буш-малодшы (з 2001). Партыя не мае пастаянных членства, праграмы і статута. Раз у 4 гады (перад прэзідэнцкімі выбарамі) склікаецца парт. з’езд, які прымае праграму, выбірае кандыдатаў на пасады прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта ЗША; бягучую парт. дзейнасць каардынуе Нац. к-т (штаб-кватэра ў Вашынгтоне). Сімвал партыі — выява слана.

Літ.:

Никонов В.А. От Эйзенхауэра к Никсону: Из истории Респ. партии США. М., 1984;

Я го ж. Республиканцы: от Никсона к Рейгану. М., 1988.

т. 14, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лі́пец 1, лі́пэць ’ліпень’ (Нас., Яруш., ТСБМ, Бес.; воран., Шатал.; смарг., паст., Сл. паўн.-зах.), ст.-бел. липецъ (XVI ст.). Запазычана са ст.-польск. lipiec (Жураўскі, SOr, 1961, 10, 40; Булыка, Лекс. запазыч., 185; Арашонкава, БЛ, 2, 47). Адна к Слаўскі (4, 273), прыводзячы ў якасці роднасных рус. липец ліпень’, укр. липець ’тс’, паўд.-слав.: серб.-харв. ли̏пац ’від ліпы’, славен. lȋpec ’ліпа лясная’, выводзіць прасл. lip‑ьcь, які называў сёмы месяц. Да лі́па (гл.). Сюды ж ліпцовы (мёд) ’сабраны з ліпы ў час яе цвіцення’ (ашм., З нар. сл.).

Лі́пец 2 ’ліповы мёд’ (Нас., ТСБМ), палес. лі́пэ̂ц ’тс’ (Анох.), укр. липець ’тс’, рус. цвяр. липец ’тс’, ’напітак з мёду’, польск. lipiec ’тс’. Прасл. lip‑ьcь (Слаўскі, 4, 273). Да лі́па (гл.).

Лі́пец 3, лі́пяц ’праполкі (слуц., Сл. паўн.-зах.). Да кораня ліп‑ (ліпнуць, ‑липати). Гэта пацвярджаецца і тлумачэннем інфарматара: «Ліпец — гэта клей, якім пчолы залівалі шчыліны ў вуллі».

Лі́пец 4 ’павітуха льняная, Cuscuta epilinum Weihe’. Да ліпнуць (гл.). Названа паводле таго, што гэта расліна-паразіт абвівае расліну-гаспадара, прысмоктваючыся да яе сваімі прысоскамі (БелСЭ, 7, 590). Тое ж адносіцца і да рус. липец ’маруна ўчэпістая, Galium aparine L.’, укр. липник ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мыш ’грызун Apodemus agrarius’ (ТСБМ, Бес., Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ), драг. мэш ’тс’ (КЭС), муш (ТС), мы́ша ’тс’ (Бяльк., Сл. ПЗБ), мы́шына ’тс’ (мсцісл., міёр., бялын., З нар. сл. і Янк. Мат.; Яруш., Бяльк.), петрык. муш ’пацук’ (ЛАПП), мыша́к ’мыш’ (Нар. Гом.). Укр. миш, миша, рус. мышь, польск. mysz, палаб. mois, каш. mëš, н.-, в.-луж., чэш., славац. myš, славен. mìš, серб.-харв. ми̏ш, макед., балг. мишка ’мыш’, макед. миш ’глухі’, ст.-слав. мышь. Прасл. myšь. Да і.-е. *mūs ’мыш’ (ст.-інд. mū́ṣ‑, новаперс. mūš, лац. mūs, ст.-грэч. μῡς, алб. mĩ, ст.-в.-ням. mûs, арм. muḱn), якое да *meu‑s‑ ’красці’, параўн. ст.-інд. muṣṇā́ti, moṣati крадзе’, moṣa ’злодзей’ (Міклашыч, 208; Траўтман, 191; Покарны, 743 і 753; Мее, 262; Фасмер, 3, 27; Скок, 2, 433; Бязлай, 2, 185). Трубачоў (ZfSl, 3, 1958, 676) мяркуе, што *mūs‑ — адна з табуістычных назваў жывёл — «шэрая», роднаснае да муха, мох (гл.). Тапароў (СБЯ, 1977, 77) сцвярджае, што фракійск. *mũs ’мыш’ легла ў аснову μοῦσ‑ > Μοῦθαι ’Музы’. Сюды ж мышае́ддзя ’рэшткі ад рэчаў, недаедзеныя мышамі’ (Грыг.), мыша́сты, муша́сты, мыша́ты, мышы́ны ’шэры, цёмна-шэры’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл; КЭС, лаг.), ’шэры конь з чорнай паласой на спіне’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пла́хта 1 ’жаночае адзенне тыпу спадніцы з дзвюх сшытых да палавіны полак’ (ТСБМ), ’вялікая хустка’, посцілка’ (Сл. ПЗБ), ’бялізна’ (Бес.), ’пялёнкі’ (Федар. 6), ’дзяруга’ (Бес.). Укр. пла́хта ’спадніца, сшытая да палавіны’, ’хустка’, ’прасціна’, ’палатно’; рус. пла́хта ’від спадніцы’, ’хустка, вышываная золатам’; ’мяшок з грубай тканіны’, ’валасяніца’; польск. płachta, płachcia ’кавалак грубага палатна’, ’від прасціны’, ’посцілка’, ’хустка’, ’тоўстая хустка, плед’, палаб. ploxtă ’абрус, прасціна’; н.- і в.-луж. płachta ’прасціна’, ’ветразь’, ’экран’, ’посцілка’: чэш. plachta ’брызент, тэнт па фуры’, ’ветразь’, славац. plachta ’тс’, ’прасціна’, ’занавеска’, славен. pláhta ’навес, тэнт’, ’гунька’, ’дзяруга’, серб.-харв. пла̏хта ’абрус’, ’прасціна’, ’чахол на мэблю’. Прасл. *plaxъta, першаснае значэнне якога цяжка вызначыць (Банькоўскі, 2, 614) — ’кавалак грубага палатна’ (?), — звязана генетычна з пла́ха, пласкі і з плашч (Міклашыч, 248; Ільінскі, ИОРЯС, 20, 3, 112; Брукнер, 419; Фасмер, 3, 276; Бязлай, 3, 46). Булыка (Лекс. запазыч., 110) ст.-бел. плаха ’палатно’ адносіць да запазычанняў са ст.-польскай мовы — няма падстаў. Сюды ж: пла́хта устаўная частка крыла ў млыне — шчыт з тонкай дранкі’ (слуц., Нар. словатв.).

Пла́хта 2 ў выразе: пла́хтой ’спосаб укладкі дошак для прасушкі ў выглядзе трохвугольніка — адна на адну’ (бяроз., Шатал.; Сл. ПЗБ). Да пла́ха 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пумпару́шка-рабу́шка ’божая кароўка’ (З жыцця), пумпа‑ ру́шка‑рыбу́шка ’тс’ (воран., ЛА, 1), параўн. мурашка‑пумпашка ’тс’ (там жа), прошка‑рябошка ’тс’ (віц., ЛА, 1). Спалучэнне рыфмаваных слоў, нярэдкае для назваў божай кароўкі, параўн. петрык‑ведрык, петарка‑федарка і пад.; адна з частак, несумненна, ад рабы ’стракаты, плямісты’; другая ўзыходзіць да асновы пумп‑, прысутнай у назвах невялікіх круглых прадметаў і істот, паралельнай да пуп‑ з экспрэсіўнай назалізацыяй, параўн., напрыклад, пу́пел ’карапуз’ (гл.) і балг. пу́мпал ’тоўстая кароткая калодачка’ (лічыцца гукапераймальным, гл. БЕР, 5, 852; хутчэй “формавыяўляльным”). Аднак геаграфія назваў з назалізацыяй схіляе бачыць у аснове літ. pumpas ’маленькі гуз’, pampariitė ’кругленькі, пузаты’, p u mpuras ’пупышка’ (параўн. Астрэйка, БЛ, 46, 59), што не выключае і іншых версій: параўн., напрыклад, в.-луж. ритрас ’тоўсты жывот’, pumpak ’пукаты гаршчок’, ’тлусты жывот’, pumpaty ’пузаты, тоўсты, разбухшы’, што, паводле Шустар–Шэўца (2, 1190), выводзяцца з гукавыяўляльнага (“Lautgebärde”) комплекса pump-, паралельнага да в.-луж. pup ’пуп, выпукласць, гуз’; гэта сведчыць пра міжмоўны паралелізм у раз-віцці некаторых “формавыяўляльных” асноў, падобна да гукапераймальных слоў, параўн. пу́мпара ’буркун’ (гл.). Неналізаваны варыянт укр. папару́шка, папару́за ’божая кароўка’. Тапароў (Мифы, 1, 181–182) звязвае з балг. пеперу́да ’персанаж з балканскага абраду выклікання дажджу’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

канверге́нцыя

(с.-лац. convergentio)

1) біял. супадзенне якіх-н. уласцівасцей у няроднасных арганізмаў у выніку іх прыстасавання да аднолькавых умоў існавання (параўн. дывергенцыя 1);

2) анат. сыходжанне зрокавых восей вачэй на блізкім прадмеце пры яго разгляданні (параўн. дывергенцыя 2);

3) лінгв. прыпадабненне элементаў адной або некалькіх моў (параўн. дывергенцыя 3);

4) узнікненне ў розных месцах незалежна адна ад другой падобных або аднолькавых культурных з’яў пад уздзеяннем агульных законаў грамадскага развіцця.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)