мера ўнутраных сіл, што ўзнікаюць у цвёрдым целе (элементах збудаванняў, машын) пад уплывам знешніх уздзеянняў (нагрузак, змены т-ры і інш.). Значэнні Н.м. знаходзяць аналітычна метадамі супраціўлення матэрыялаў, тэорыі пругкасці і пластычнасці, а таксама з дапамогай тэнзометраў, оптыка-палярызацыйнымі і інш. метадамі. Адзінка Н.м. ў сістэме СІ — паскаль (Па).
Пры вывучэнні Н.м. ў адвольным пункце цела праз яго праводзяць уяўнае сячэнне, адкідаюць адну ч. цела і дзеянне яе замяняюць унутр. сіламі. Калі на элемент плошчы dS каля пункта A дзейнічае ўнутр. сіла , то адносіны
наз. вектарам Н.м. ў пункце A па пляцоўцы dS. Складальныя вектара Н.м. па нармалі да сячэння /σ/ і па датычнай да яго // наз. адпаведна нармальным і датычным Н.м. ў пункце A па пляцоўцы dS. Напружаны стан цела ў пункце A характарызуецца сукупнасцю вектараў Н.м. для ўсіх магчымых сячэнняў, што праходзяць праз гэты пункт. Н.м. бываюць часовыя (існуюць пэўны прамежак часу, напр., пры выкананні тэхнал. аперацый) і астаткавыя (на працягу значнага перыяду); гранічныя (вызначаюцца эксперыментальна пры мех. выпрабаваннях матэрыялаў), дапушчальныя (прызначаюць як пэўную ч. ад гранічных) і рабочыя (разліковыя, залежаць ад нагрузак на канструкцыю і яе памераў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙРАЭНДАКРЫНАЛО́ГІЯ (ад нейра... + эндакрыналогія),
раздзел эндакрыналогіі, які вывучае марфал., фізіял. і біяхім. асновы эндакрыннай функцыі нерв. сістэмы і інтэграцыі нерв. і эндакрынных механізмаў рэгуляцыі функцый арганізма. Цесна звязана з бія- і гістахіміяй, генетыкай, малекулярнай біялогіяй, нейрафізіялогіяй, клінічнай медыцынай, фармакалогіяй.
Зараджэнне Н. звязана з працамі Э.Шарэра (увёў тэрмін «нейрасакрэцыя», 1928) і Б.Шарэра (выявіў сакрэцыю ў клетак гіпаталамуса, 1928). Як самаст. кірунак сфарміравалася ў сярэдзіне 20 ст. з вызначэннем гарманальнай рэгуляцыі гіпаталамусам дзейнасці гіпофіза (Р.Гіймэн, Э.В.Шалі, англ. вучоны Дж.Харыс, Шарэры і інш.). Уклад у развіццё Н. зрабілі таксама Р.Леві-Мантальчыні, ням. вучоны В.Баргман, англ. вучоны Э.Г.Э.Пірс, сав. вучоныя І.Г.Акмаеў, В.М.Бабічаў, А.А.Вайткевіч, С.М.Лейтэс, А.В.Рэзнікаў, Д.Р.Шэфер і інш. Вызначаны здольнасць да нейрасакрэцыі ўсіх аддзелаў нерв. сістэмы, інш. тканак, хім. структура, механізмы дзеяння і рэгуляцыя сакрэцыі шэрагу нейрагармонаў, патагенез многіх нерв. і эндакрынных хвароб.
На Беларусі праблемы Н. распрацоўваюцца ў Ін-тах фізіялогіі і біяхіміі Нац.АН Беларусі, НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, Н.-д. клінічным ін-це радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, Мінскім мед. ін-це. і інш (Ф.В.Аляшкевіч, Л.С.Гіткіна, М.І.Грашчанкаў, В.М.Гурын, Б.У.Дрывоцінаў, У.М.Калюноў, І.Б.Ліўшыц, А.Ф.Смеяновіч, А.А.Холадава, Г.Г.Шанько, А.Г.Мрочак і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАШТО́ВАЯ ТЭ́ХНІКА,
тэхнічныя сродкі для выканання аперацый па прыёме, апрацоўцы, перавозцы і выдачы паштовых адпраўленняў (пісьмаў, бандэроляў, пасылак, перыяд. друку і інш.). У паштамтах і аддзяленнях сувязі (гл.Пошта) выкарыстоўваецца рознае абсталяванне, поштаапрацоўчыя машыны; для перавозак і ўнутрывытв. транспартавання паштовых грузаў існуюць паштовыя вагоны, аўтамабілі-самапагрузчыкі, стужачныя канвееры, ланцуговыя пад’ёмнікі, кран-бэлькі і інш. Ствараюцца аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі ўсіх відаў паштовых адпраўленняў.
Да паштовага абсталявання адносяцца: машыны паштова-касавыя, маркіравальныя, для ўпакоўкі бандэроляў у пакеты, штэмпелявальныя апараты і каляндарныя штэмпелі, механізаваныя стэлажы і аўтаматызаваныя склады, прыстасаванні для абвязкі пасылак, аўтаматы для продажу паштовых картак, канвертаў і інш.Асн. віды поштаапрацоўчых машын: пісьмаразборачныя (для аўтам. вылучэння стандартных канвертаў і паштовак з патоку карэспандэнцыі), ліцовачна-штэмпелявальныя (для аўтам. устаноўкі пісьмаў і паштовак у аднолькавае становішча, гашэння на іх знакаў паштовай аплаты і нанясення адбітка каляндарнага штэмпеля), устаноўкі для сартавання бандэроляў, пасылак, пачкаабвязвальныя (для абвязкі пачкаў пісьмаў, газет, часопісаў), мешказашыўныя, наменклатурна-адрасавальныя (для друкавання суправаджальнай дакументацыі і нанясення адрасных найменняў на газеты і інш. адпраўленні, што дастаўляюцца падпісчыкам па адраснай сістэме). Першымі сродкамі П.т. былі паштовыя карэты (16 ст., Францыя і Расія) і паштовыя скрыні (сярэдзіна 17 ст.). З 1839 пачалі выкарыстоўваць паштовыя вагоны, пазней — сродкі воднага, аўтамаб. і паветр. транспарту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ХТА (Abies),
род голанасенных раслін сям. хваёвых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў гарах, радзей на раўнінах Паўн. паўшар’я, некат. віды — у трапічным поясе (горы Мексікі і Гватэмалы). Расце разам з елкай і інш. дрэвамі ці ўтварае чыстыя дрэвастоі (піхтарнікі), адна з асн. парод цемнахвойнай тайгі. На Беларусі 1 цэнтр.-еўрапейскі рэліктавы від — П. белая або еўрапейская (A. alba), занесены ў Чырв. кнігу. Ізалявана трапляецца ў Белавежскай пушчы.
Аднадомныя вечназялёныя дрэвы выш. 50—100 м, дыяметр ствала да 2 м з густой конусападобнай кронай. Жывуць да 200, некат. да 500—700 гадоў. Кара ўсіх відаў мае смалу. Ігліца шматгадовая, плоская, лінейная, мяккая, з 2 белаватымі палоскамі вусцейкаў на ніжнім баку. Жаночыя шышкі (зялёныя або чырванаватыя) і мужчынскія каласкі размешчаны на канцы леташніх парасткаў у верхняй ч. кроны. Спелыя шышкі цыліндрычныя, прамастойныя, фіялетавыя або карычневыя. Выспяваюць у 1-ы год і рассыпаюцца. Семя з крыльцам. Драўніна выкарыстоўваецца ў буд-ве, вытв-сці цэлюлозы і дробных вырабаў. З кары паўночнаамерыканскай П. бальзамічнай (A. balsamea) атрымліваюць канадскі бальзам, з найб. пашыранай П. сібірскай (A. sibirica) — піхтавы бальзам, з ігліцы і маладых галінак — піхтавы алей. Лек., тэхн., дэкар. расліны.
А.Дз.Антанюк.
Піхта сібірская: 1 — агульны выгляд; 2 — галінка з жаночай шышкай; 3 — галінка з мужчынскімі каласкамі; 4 — спелая шышка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУРЫ́ЗМ (франц. purisme ад лац. purus чысты),
імкненне ачысціць літаратурную мову ад іншамоўных запазычанняў, неалагізмаў, а таксама ад ненарматыўных лексічных і граматычных элементаў (напр., народна-размоўных, прастамоўных, дыялектычных). У шырокім сэнсе — залішне строгія, непрымірымыя адносіны да любых запазычанняў, навізны і наогул да ўсіх выпадкаў скажэння і вольнага выкарыстання мовы. Характэрны для перыядаў найб. актыўнага фарміравання і станаўлення нац.літ. моў; звязаны з сац.-гіст., паліт. і культ. працэсамі, з бурным фарміраваннем нацый або перыядамі нац. адраджэння. У бел. мове тэндэнцыі П. найб. выразна праявіліся ў 1920-я г., калі адбывалася актыўнае фарміраванне лексічных, арфаграфічных, грамат. норм сучаснай бел.літ. мовы. Яны выражаліся ў выкарыстанні замест іншамоўных запазычанняў і інтэрнацыяналізмаў шырока вядомых агульнаслав., усх.-слав. і рус. лексем дыялектнай і вузкарэгіянальнай лексікі, у стварэнні некат. штучных неалагізмаў на бел. моўным матэрыяле. Значнае выражэнне атрымалі ў тагачаснай распрацоўцы бел.навук. тэрміналогіі: «красленне» (чарчэнне), «кругадрэз» (сегмент), «пэўнік» (аксіёма). Падобныя тэрміны звычайна прапаноўваліся ў якасці варыянтаў і выносіліся на суд грамадскасці і часу. Імкненне найб. поўна выкарыстаць нац. моўныя сродкі не прыводзіла да якіх-н. крайнасцей. Асобныя выпадкі П. ў тэрмінатворчасці, што вялі да абмежаванасці моўных сродкаў, ізаляванасці бел. мовы, перашкаджалі яе ўзбагачэнню сродкамі інш. моў, не зацвердзіліся і не паўплывалі на фарміраванне бел. тэрміналогіі і сучаснай бел. мовы ў цэлым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЛО́ННЫХ ДА́ХАВЫХ І ГІДРАІЗАЛЯЦЫ́ЙНЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна будаўнічых матэрыялаў прамысловасці па вытворчасці ўсіх відаў мяккіх дахавых (руберойду, пергаміну, толю і інш.) і гідраізаляцыйных матэрыялаў.
На Беларусі руберойд і пергамін пачалі вырабляць з 1961 на Мінскім камбінаце буд. матэрыялаў (з 1994 адкрытае акц.т-ва«Керамін»), дзе пабудаваны спец. цэх на адну тэхнал. лінію магутнасцю 21 млн.м² за год. У 1973 завершана буд-ваАсіповіцкага кардонна-руберойдавага завода (з 1994 акц.т-ва «Дах») магутнасцю 50 тыс.т дахавага кардону і 125 млн.м² мяккага крыцця за год. Тэхнал. абсталяванне для вырабу кардону пастаўлена фірмай «Фампа» (Польшча), усё астатняе абсталяванне — айч. прам-сцю. Для вырабу кардону выкарыстоўваюць рыззё, макулатуру, драўніну. Адкрытае акц.т-ва «Дах» — прадпрыемства з поўным закончаным тэхнал. цыклам вытв-сці мяккіх дахавых матэрыялаў. На ім асвоены выпуск новых відаў дахавых і гідраізаляцыйных матэрыялаў на аснове бітумнага і бітумна-палімернага кампанентаў (біпалікрын і бікрын) з палепшанымі трываласнымі і эксплуатацыйнымі паказчыкамі. У якасці асновы гэтых матэрыялаў выкарыстоўваюць новыя імпартныя і айч. поліэфірныя і шкляныя палотны, тканіны. Вытв-сць гідрашклоізолу ў Рэспубліцы Беларусь наладжана ў адкрытым акц. т-ве «Гідрашклоізол» (пас. Бронная Гара Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.). У 1994 уведзена тэхнал. лінія магутнасцю 3 млн.м² за год. Выпушчана 1,45 млн.м² гідрашклоізолу (1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТА,
залішне ўвільготнены ўчастак зямной паверхні, укрыты пластом торфу глыбінёй не менш як 30 см у неасушаным стане (менш як 30 см — забалочаныя землі). Найбольш балот у лясной зоне Паўн. паўшар’я (ПнЕўрап. часткі, Канада, Палессе, Зах. Сібір, Камчатка і інш. раёны), а таксама ў вільготных раёнах Афрыкі, Азіі і Паўд. Амерыкі. Агульная плошча балот у свеце каля 350 млн.га. У выніку гасп. дзейнасці балоты трансфармуюцца ў акультураныя с.-г., лясныя і паляўнічыя ўгоддзі, распрацоўваюцца прам-сцю, часткова займаюцца пад гар. і прамысл. забудовы. У прыродным стане выконваюць шматлікія біясферныя функцыі: месцажыхарства спецыфічных відаў балотнай флоры і фауны, бездакорныя геахім. бар’еры і прыродныя фільтры на шляхах руху водаў, рэгулятары клімату, газавага саставу атмасферы, захавальнікі інфармацыі аб змене расліннасці і клімату на працягу многіх тысячагоддзяў. Балоты вывучае навука балотазнаўства. На Беларусі балоты займаюць 2,5 млн.га (плошча асушаных 1,2 млн.га) з запасам торфу-сырцу 4,4 млрд.т. Тарфяных радовішчаў 9192, сярэдняя глыб. адкладаў торфу 1,87 м, найб. магутнасць тарфянога пласта 10,5 м.
Утвараліся балоты пераважна ў розныя перыяды з пачатку галацэну (10—12 тыс.г. назад) і да нашага часу ад забалочвання мінер. глебы або затарфавання вадаёмаў (гл.Балотаўтваральны працэс, Балотныя адклады).
Балоты падзяляюцца на нізінныя (эўтрофныя) з багатым грунтавым і паверхнева-сцёкавым жыўленнем, вярховыя (алігатрофныя) з бедным атм. жыўленнем і пераходныя (мезатрофныя), якія жывяцца атм. ападкамі і часткова паверхнева-сцёкавымі і грунтавымі водамі (гл.Балотныя воды). Паводле характару расліннасці бываюць лясныя, кустовыя, травяныя, мохавыя, паводле макрарэльефу — далінныя, поймавыя, схілавыя, водападзельныя. Нізінныя балоты ўтвараюцца ў далінах рэк, па берагах азёраў, у месцах выхаду крыніц. На Беларусі пашыраны на Пд і ПдЗ, асабліва на Палессі і Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Складаюць 82,7% пл.ўсіх балотаў. Найб. балоты — Аброўскае, Выганашчанскае балота, Вялікі Лес, Грычын, Паганянскае балота, Хольча, Старобінскае і інш. Сярэдняя ч. гэтых балот ляжыць на адным узроўні з ускраінамі або ніжэй за іх, зрэдку паверхня нахіленая. Для нізінных балот характэрны эўтрофныя расліны, патрабавальныя да мінер. элементаў. Ва ўмераным клімаце гэта лясныя балоты з вольхай, бярозай, вярбой, хвояй, елкай, лазой або травяныя ці мохавыя балоты з асокамі, трыснягом, чаротам, рагозамі, разнатраўем, гіпнавымі і сфагнавымі імхамі. Фауна разнастайная: вадзяныя пацукі, палёўкі, выдры, зрэдку бабры і андатры, асабліва шмат птушак — кулікі, пагонічы, драчы, гусі, качкі, вялікі вераценнік, лугавы конік, бакас, балотная сава. Вярховыя балоты знаходзяцца звычайна на водападзелах. Найб. пашыраны ў паўн.ч. Беларусі (масівы Даўбенішкі, Весялоўскае, Стрэчна, Обаль-1 і інш.). Складаюць 13,1% пл.ўсіх балот Беларусі. Паверхня іх у сярэдзіне пукатая, таму што торф у цэнтры балот назапашваецца больш інтэнсіўна, чым на перыферыі. Для вярховых балот характэрны алігатрофныя расліны, непатрабавальныя да зольных элементаў. Флора бедная: дрэвы — хвоя, лістоўніца; кусцікі — верас балотны, мірт, багун, багноўка, журавіны, імшарніца, буякі; травы — шэйхцэрыя, падвей похвенны, марошка, чаротнік, расіца круглалістая; сфагнавыя імхі. Фауна таксама бедная: воўк (летам), лось, глушэц, курапатка белая, журавель. На Беларусі пераходныя балоты складаюць 4,2% пл.ўсіх балот. Буйныя масівы — Паддубічы, Асовіны, Смалярня і інш. Для іх характэрны мезатрофныя расліны: звычайныя бяроза пушыстая, хвоя, асокі, буякі, багун, журавіны, сфагнавыя і гіпнавыя імхі. Фауна мяшаная ад нізінных і вярховых балот. На Беларусі вял. масівы балот ахоўваюцца ў Бярэзінскім біясферным запаведніку, Прыпяцкім ландшафтна-гідралагічным запаведніку і Прыпяцкім радыяцыйна-экалагічным запаведніку, у нац. парку «Белавежская пушча». На балотах існуюць 8 гідралагічных заказнікаў (на масівах Выганашчанскае балота, Дзікае балота, Ельня, Заазер’е і інш.), 21 біял. заказнік (напр., Амяльнянскі, Бабінец, Букчанскі, Борскі, Вялікае Балота, Дзянісавіцкі, Дубатоўскае, Запольскі) і інш. На самых вял. і перспектыўных тарфяных радовішчах створаны 12 рэзерватаў бітумінознай сыравіны для атрымання тарфянога воску (Арэхаўскі Мох, масіў Скачальскага воз., Тажылаўскі Мох і інш.), 4 рэзерваты гідролізнай сыравіны для атрымання кармавых дражджэй і інш. прадукцыі (Даўбенішкі, Слаўнае, Сэрвач, Эсьмонскі Мох і інш.) і 113 радовішчаў тарфяных лек. гразяў. Балота з’яўляецца месцам палявання, збірання ягад, грыбоў, лекавых траў. Гл. таксама карту «Тарфяныя балоты».
Літ.:
Кац Н.Я. Болота земного шара. М., 1971;
Тюремнов С.Н. Торфяные месторождения. 3 изд. М., 1976;
Бамбалов Н.Н., Тановицкий И.Г., Беленький С.Г. Развитие исследований в области генезиса, использования и охраны торфяных месторождений Беларуси // Твёрдые горючие отложения Беларуси и проблемы охраны окружающей среды. Мн., 1992.