Ne verba pro farina

Не словы патрэбны, а мука́ (г. зн. справы).

Не слова нужны, а мука́ (т. е. дела).

бел. Многа робіць языком, ды мала рукамі. Слоў ‒ на мех, а спраў ‒ на смех. Каб так смыкам, як языкам.

рус. Не спеши языком, торопись делом. Не столько намолотил, сколько цепом голову наколотил. Много докуки, да нечего в руки. Соловья баснями не кормят.

фр. Il faut des actions et non des paroles (Нужны дела, a не слова).

англ. Bare words bring no barley (Пустые слова не приносят ячменя).

нем. Von schönen Worten wird man nicht satt (Прекрасными словами сыт не будешь). Von Worten wird der Bauch nicht voll, die Nachtigall nicht satt (Словами желудок не будет полон, соловей не станет сыт).

Шасцімоўны слоўнік прыказак, прымавак і крылатых слоў (1993, правапіс да 2008 г.)

ВОГНЕТРЫВА́ЛЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

падгаліна чорнай металургіі, спецыялізаваная на вытв-сці шамотных, дынасавых, магнезітавых, алюмасілікатных, вугляродзістых і інш. вырабаў і вогнетрывалых матэрыялаў. З мінер. сыравіны, якая мае вогнетрываласць не ніжэй за 1580 °C, вырабляецца цэгла (фасонная і буйнаблочная) і нефармаваныя матэрыялы мертэлі — парашкі, пластычныя масы і вадкія сумесі. У якасці сыравіны выкарыстоўваюць вогнетрывалыя гліны, кварцыты, магнезіт, баксіты, даламіты, а таксама сінтэзаваныя або ўзбагачаныя пылападобныя адходы і шламы вытв-сці абразіваў, каталізатары сінт. каўчуку, адходы нафтахім. прам-сці. Прадукцыя вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасці выкарыстоўваецца пры буд-ве і эксплуатацыі цеплавых агрэгатаў у металургічнай, цэментнай галінах і энергетыцы (пры пабудове доменных, мартэнаўскіх, коксавых і награвальных, шклаварных і тунэльных пячэй), для футэроўкі сталеразліўных і чыгунавозных каўшоў, вырабу гарачатрывалага бетону, тыгляў, рэтортаў і інш.

Прыродныя вогнетрывалыя матэрыялы (гліну, кварцавы пясок, талькавы камень і інш.) выкарыстоўвалі з даўніх часоў. Шамотныя матэрыялы ў Расіі пачалі вырабляць з сярэдзіны 18 ст., дынасавыя і магнезітавыя — з канца 19 ст., калі ўзніклі першыя спецыялізаваныя з-ды на Украіне (Часаваярскі, 1887, цяпер у Данецкай вобл.) і на Урале. У 1913 у Расіі выраблена 582 тыс. т вогнетрывалых матэрыялаў. Сучасная вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасць Расіі мае 14 прадпрыемстваў па вытв-сці крэменязёмістых, алюмасілікатных і перыклаззмяшчальных вогнетрывалых матэрыялаў і вырабаў і 3 рудаўпраўленні, выпускаецца больш за 3 млн. т прадукцыі (1992). Найб. прадпрыемствы на Урале (камбінат «Магнезіт» у Чэлябінскай вобл.), у Падмаскоўі, Варонежскай вобл., Сібіры. Развітую вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасць маюць Украіна і Казахстан. Сярод вядучых вытворцаў вогнетрывалых матэрыялаў у свеце ЗША, Канада, Японія, Германія, Расія і інш.

Большая ч. вогнетрывалых матэрыялаў (60%) выкарыстоўваецца ў чорнай і каляровай металургіі, агульная патрэба ў іх, адносна колькасці, неабходнай для выплаўкі 1 т сталі, вагаецца ад 25 да 100 кг. Вогнетрывалыя вырабы і матэрыялы атрымліваюць шляхам выпілоўвання з горных парод, ліццём, прасаваннем, трамбаваннем, плаўленнем. Сучасная вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасць выкарыстоўвае новыя віды сыравіны (напр., храмітавую, алівінавую, цырконіевую, тытаніт, алюміній, алюмамагнезіяльную шпінель і інш.), пашырае вытв-сць малаадходных, энергазберагальных матэрыялаў.

Спажыўцамі прадукцыі вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасці на Беларусі з’яўляюцца прадпрыемствы энергетыкі (ЦЭЦ і інш.), цэментнай прам-сці і металургіі (Беларускі металургічны завод і інш.). Сваёй галіны краіна не мае, патрэба ў вогнетрывалых матэрыялах задавальняецца за кошт імпарту, пераважна з Украіны. За апошнія дзесяцігоддзі разведана сыравінная база, на якой магчыма развіццё вытв-сці шамотных вырабаў агульнага прызначэння (каалін), легкаважнай вогнетрывалай цэглы (трэпелы, апокі і крэменязёмістыя мергелі з цэалітамі), керамічных і вогнетрывалых вырабаў (пірафіліты).

т. 4, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЦЫ́ЛІЯ (Sicilia),

аўтаномная вобласць Італіі. Займае в-аў Сіцылія і суседнія астравы. Пл. 25,7 тыс. км². Нас. каля 5,5 млн. чал. (2001). Уключае правінцыі: Агрыджэнта, Кальтанісета, Катанія, Месіна, Палерма, Рагуза, Сіракуза, Трапаніі, Эна. Адм. ц. — г. Палерма. С. — эканамічна адна з менш развітых абласцей Італіі. Каля пал. плошчы вострава пад с.-г. ўгоддзямі, у т. л. пад ворывам каля 770 тыс. га, пад садамі, вінаграднікамі і аліўкавымі гаямі — 350 тыс. га, пад лугамі і пашамі — 130 тыс. га. Значныя плошчы арашаюцца. Больш за 50% таварнай прадукцыі дае садоўніцтва (апельсіны, лімоны, аліўкі, вінаград). Вырошчваюць пшаніцу (пераважна цвёрдых гатункаў), бабовыя, раннюю бульбу, артышокі, агароднінныя культуры, асабліва памідоры (у асн. на экспарт). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, коз, свіней, коней, мулаў, аслоў. Рыбалоўства і промысел морапрадуктаў. Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (сера, буд. матэрыялы, калійныя солі, нафта, прыродны газ), харч., дрэваапр., швейная, суднабудаўнічая. Новыя галіны: хім., цэм., эл.-тэхн., радыёэлектронная. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Гал. парты Палерма, Аўгуста, Джэла. Праз Месінскі прал. С. злучана з Апенінскім п-вам паромам Месіна—Рэджа-ды-Калабрыя.

У старажытнасці в-аў Сіцылія насялялі плямёны сіканаў і сікулаў. У 8 ст. да н.э. С. — аб’ект фінікійскай і грэч. каланізацыі. У час Пелапанескай вайны 431—404 да н.э. С. беспаспяхова імкнуліся захапіць Афіны. З 5 ст. да н.э. авалодаць востравам імкнуўся Карфаген. Барацьба з карфагенскай экспансіяй асабліва абвастрылася пры сіракузскіх тыранах Дыянісію I і Агафокле. У 241 да н.э. С. стала першай рым. правінцыяй, жытніцай Рыма; тут адбыліся Сіцылійскія паўстанні рабоў. У 5 ст. н.э. яе захапілі вандалы, у 6 ст. — остготы. З 535 належала Візантыі. У 11 ст. заваявана нарманамі, у 12—13 ст. увайшла ў Сіцылійскае каралеўства, якое пасля паўстання «Сіцылійская вячэрня» ў 1282 распалася. У 1302 на востраве ўмацаваліся каралі Арагона. Паводле Утрэхцкага міру 1713 С. адышла да Савойскага герцагства, паводле Лонданскага дагавора 1720 замацавана за Аўстрыяй. У 1735—1860 тут правілі ісп. Бурбоны (гл. Сіцылій абедзвюх Каралеўства). У перыяд напалеонаўскага панавання ў Італіі на С. знаходзілася рэзідэнцыя неапалітанскага караля Фердынанда IV (у 1799—1802, 1806—1814). У 1861 С. ўвайшла ў Аб’яднанае Італьянскае каралеўства. У канцы 19 — пач. 20 ст. С. набыла вядомасць як радзіма мафіі. У 2-ю сусв. вайну ў чэрв. 1943 тут высадзіліся англа-амер. войскі (гл. Сіцылійская аперацыя 1943). У 1947 атрымала абласную аўтаномію.

т. 14, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЛЬСКАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА,

галіна будаўніцтва па стварэнні новых і рэканструкцыі дзеючых будынкаў і збудаванняў, якія прызначаны для абслугоўвання с.-г. вытв-сці і задавальнення культ.-быт. патрэб сельскага насельніцтва. Уключае: узвядзенне с.-г. вытв. комплексаў, будынкаў, пабудоў (жывёлагадоўчыя фермы, птушкафабрыкі, памяшканні для захоўвання і перапрацоўкі збожжа, буйныя цяплічныя комплексы і інш.); жыллёвае і культ.-быт. буд-ва (жылыя дамы, магазіны, клубы, сталовыя, лазні і інш.); буд-ва прадпрыемстваў па рамонце с.-г. тэхнікі, складоў для мінер. угнаенняў, інж. камунікацый, унутрыгасп. дарог, меліярацыйныя работы і г.д.

Да сярэдзіны 1950-х г. С.б. на Беларусі мела сезонны характар, грунтавалася на ручной працы. саматужнай вытв-сці буд. матэрыялаў. У пачатку 1960-х г., з пераводам с.-г. вытв-сці на індустр. аснову, пачалі будаваць буйныя жывёлагадоўчыя комплексы, малочна-таварныя фермы, птушкафабрыкі, камбікормавыя з-ды, базы сельгастэхнікі і інш. Былі створаны Мін-ва сельскага буд-ва і Белміжкалгасбуд. Пачалася карэнная перабудова вёсак. Вырашаўся шэраг праблем, звязаных з іх добраўпарадкаваннем. Ствараліся новыя пасёлкі, у якіх з улікам асаблівасцей сельскага жыцця будаваліся дамы з усімі камунальнымі выгодамі, комплексы культ.-быт. прадпрыемстваў для сялян. У 1960—90 добраўпарадкаваныя пасёлкі створаны ў калгасах «Прагрэс» Гродзенскага, «Гвардыя» Бераставіцкага, «Новы быт» Мінскага, імя Калініна Нясвіжскага, «Аснежыцкі» Пінскага, імя Кірава Слуцкага р-наў і ў многіх інш. На сучасным этапе С.б. ажыццяўляюць арг-цыі і прадпрыемствы Мін-ва архітэктуры і буд-ва, Беларускі дзяржаўны канцэрн па будаўніцтве і эксплуатацыі меліярацыйных і водагаспадарчых сістэм, канцэрн «Белпаліўгаз», спец. трэсты «Белэнергабуд», «Белтрансбуд» і інш. Вялікія аб’ёмы буд-ва ў сельскай мясцовасці выконваюць раённыя перасоўныя механізаваныя калоны, буд. кааператывы розных форм уласнасці, у т. л. прыватныя. Больш за 15 праектных арг-цый распрацоўваюць праектную дакументацыю на планіроўку і забудову сельскіх населеных пунктаў, с.-г. вытв. комплексаў і пабудоў, аб’ектаў, культ,быт. прызначэння. Забеспячэнне ўсяго інвестыцыйнага цыкла праектавання і буд-ва на адпаведнай тэрыторыі выконваюць упраўленні капітальнага буд-ва абл. і раённых выканкомаў. У 1999 інвестыцыі ў асн. капітал у сельскай гаспадарцы склалі каля 40 трыльёнаў руб. Некаторыя паказчыкі С.б. гл. ў табліцы.

П.​І.​Рогач.

Віды пабудоў Гады
1990 1995 1999
Жывёлагадоўчыя памяшканні, тыс. месц
 для буйной раг. жывёлы 152,1 16,8 2,7
 для свіней 39,5 27,1 15,6
Сховішчы для бульбы, агародніны і фруктаў, тыс. т 86,2 19,9 5
Увод жылля (агульная плошча), м²: усяго 1312 448 894
У т. л.:
 дзярж. прадпрыемствамі і арганізацыямі 706 132 96
 індывід. забудоўшчыкамі 165 218 562
 калгасамі 422 80 201

т. 14, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗА́НЬ,

горад, цэнтр Разанскай вобл. ў Расіі, прыстань на р. Ака, пры ўпадзенні р. Трубеж. Размешчаны на Сярэднярускім узвышшы. 530 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне (буйнейшыя прадпрыемствы: «Цяжпрэсмаш», «Камбайн», «Цеплапрыбор»; з-ды: станкабуд., аўтамаб. агрэгатаў, аўтамаб. апаратуры, радыёзавод, электронных прыбораў, выліч.-аналітычных машын і інш.); нафтаперапр., хім. (ВА «Хімвалакно», з-д «Разаньколермет»), харч., лёгкая і інш. Вытв-сць буд. матэрыялаў. 4 ВНУ, 3 тэатры. Цырк. Музеі: маст., гіст.-арх. музей-запаведнік, паветрана-дэсантных войск, дом-музей І.​П.​Паўлава, непадалёку ад Р., у с. Канстанцінава, літ.-мемарыяльны музей-запаведнік С.​Ясеніна.

Першапачатковы горад Р., цэнтр Разанскага княства, размяшчаўся за 50 км ад сучаснай Р. У 1237 ён разбураны ханам Батыем і заняпаў. У сярэдзіне 14 ст. цэнтр княства перанесены ў Пераяслаўль-Разанскі (згадваецца ў летапісе пад 1095). У 1365 і 1379 ён таксама спалены татарамі, але адбудаваны Пры князю Алегу Іванавічу [1350—1402] горад умацаваны, развіваўся як гандл. і рамесніцкі цэнтр. У 1521 далучаны да Маскоўскай дзяржавы. З 1708 уваходзіў у Маскоўскую губ., з 1719 гал. горад Пераяслаўль-Разанскай правінцыі. У 1778 названы Р. З 1796 цэнтр Разанскай губ. У 2-й пал. 19 ст. Р. — буйны трансп. вузел. У 1929 цэнтр акругі (аб’ядноўвала 27 раёнаў) у складзе Маскоўскай вобл., з 1930 раённы цэнтр. З 1937 цэнтр Разанскай вобл.

Стараж. ядро Р. — крэмль (закладзены ў 1095) — знаходзіцца на паўн. мяжы горада на высокім мысе пры зліцці рэк Трубеж і Лебедзь. На тэр. крамля — саборы Раства Хрыстова (15 ст., перабудаваны ў 1826 у формах класіцызму), Архангельскі (16 ст., надбудаваны ў 1647), Успенскі (1693—99, арх. Я.​Бухвостаў, нарышкінскае барока, выш. 60 м) з асобна пастаўленай званіцай (1789—1840, арх. І.​Руско, Н.​Вараніхін і інш., класіцызм, выш. 83,2 м), царква Святога Духа (1642, арх. В.​Зубаў), архірэйскія палаты (т.зв. Палац Алега; 1653—92, арх. Ю.​Яршоў, Г.​Мазухін). Паводле генплана 1780—82 Р. набыла рэгулярную планіроўку з трызубцам вуліц, што сыходзіліся да цэнтр. плошчы (б. Саборнай). Горад забудоўваўся ў стылі класіцызму: будынак б. дзярж. ўстановы (1796), дамы Марозава (канец 18 ст.), дваранскага сходу (канец 18 — пач. 19 ст.), гандл. рады (1-я пал. 19 ст.), гімназія (1808—15), семінарыя (1812—16), бальніца (1816) і інш., а таксама драўлянымі жылымі дамамі, багата аздобленымі дэкар. разьбой і каменнымі будынкамі ў псеўдарус. стылі.

Літ.:

Рязань: Памятники архитектуры и искусства: Альбом. М., 1985;

Вагнер Г.К., Чугунов С.В. Рязанские достопамятности. 2 изд. М., 1989.

Разань. Комплекс крамля.

т. 13, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧУ́ЧЫН,

горад, цэнтр Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. За 68 км на У ад Гродна, за 7 км ад чыг. ст. Ражанка на лініі Ваўкавыск—Ліда. 16,3 тыс. ж. (2002). Шчучынскі завод «Аўтапровад», прадпрыемствы с.-г. і трактарнага машынабудавання, харч. (Шчучынскі масласырзавод) прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Шчучынскі касцёл Святой Тэрэзы, Свята-Міхайлаўская царква, Шчучынскі палац.

Упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах 1-й пал. 15 ст. ў сувязі з заснаваннем тут трокскім ваяводам П.​Лелюшам касцёла. У 2-й пал. 15—17 ст. Ш. належаў Кучукам, Кішкам, Радзівілам, Давойнам, Лімонтам; уваходзіў у склад Лідскага пав. Віленскага ваяв. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Ш. моцна пацярпеў ад войск кн. Хаванскага і атрадаў В.​Залатарэнкі, у пач. Паўночнай вайны 1700—21 — ад войск Карла XII. У канцы 17—1-й пал. 18 ст. мястэчкам Ш. валодалі Юзафовічы-Глябіцкія (Хлябіцкія), потым — Сцыпіёны. У 18 — пач. 20 ст. называўся Шчучын-Літоўскі. У 1718 тут засн. Шчучынскі піярскі калегіум. 23.5.1761 Ш. атрымаў герб — у блакітным полі пад залатой каронай сярэбраная манаграма IS [I (gnatus) S(cipion)]. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Рас. імперыі, мястэчка Лідскага пав. Гродзенскай (з 1802) і Віленскай (з 1842) губ. З 1807 Ш. належаў Друцкім-Любецкім. У 1866 у мястэчку 1088 ж., 123 дамы, парафіяльная школа, аптэка, паштовая станцыя, царква, касцёл. У 2-й пал. 18 ст. пабудаваны Шчучынскі палац, у 1888 — дрэваапр. з-д. У 1897—1742 ж., лячэбніца. У 1905 цэнтр воласці Лідскага пав. Віленскай губ., 1799 мяшчан, валасное праўленне, царква, касцёл, капліца, сінагога, яўр. малітоўны дом, аптэка, паштовая станцыя, вінакурны, цагельны, вапнавы з-ды, 29 крам, 5 корчмаў. У 1914 бібліятэка і архіў Сцыпіёнаў і Друцкіх-Любецкіх перададзены ў музей Чартарыйскіх у Кракаве. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага ваяв. У 1923 — 1539 ж., 239 будынкаў. У 1929 Ш. — цэнтр Шчучынскага павета Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 4.12.1939 цэнтр Шчучынскага р-на Баранавіцкай вобл., з 15.1.1940 гар. пасёлак, 3500 ж. У Вял. Айч. вайну з 25.6.1941 да 13.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ш. і раёне 2749 чал. У 1948 у Ш. 7 тыс. ж., у 1959 — 6,5 тыс., у 1970—10,3 тыс. ж. З 31.8.1962 — горад.

Літ.:

Крень И.П., Мараш Я.Н. Щучин: Ист.-экон. очерк. Мн., 1989;

Данскіх С.У. Наш Шчучын. Гродна, 2001;

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Шчучынскага р-на. Мн., 2001.

Р.​В.​Баравой, У.​В.​Мальцаў.

Шчучын. Фрагмент забудовы.

т. 17, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЧА́ЕВА-ЧЭРКЕ́СІЯ, Карачаева-Чэркеская Рэспубліка,

у складзе Рас. Федэрацыі. Пл. 14,1 тыс. км². Нас. 434 тыс. чал. (1997), гарадскога 46%. Сярэдняя шчыльнасць 31 чал. на 1 км². Жывуць карачаеўцы (31,2%), чэркесы (9,7%), рускія (42,4%), абазіны (6,6%), нагайцы (3,1%) і інш. Сталіца — г. Чэркеск. Гарады: Карачаеўск, Усць-Джэгута, Тэберда.

Прырода. Размешчана на Паўн. Каўказе. Больш за ​2/3 тэрыторыі займаюць горы і перадгор’і. На Пн вузкая паласа ўзгорыстых раўнін, над якой уздымаюцца куэставыя грады — Сычовы горы, хрыбты Пашавы і Скалісты. На Пд — хрыбты Галоўны, або Водападзельны, з вяршынямі Пшыш (3790 м), Дамбай-Ульген (4046 м), Гвандра (3983 м) і Бакавы з найвыш. г. Эльбрус (5642 м, на мяжы з Кабардзіна-Балкарыяй). Гал. перавалы — Клухорскі і Марухскі. Карысныя выкапні: медна-калчаданавыя і поліметалічныя руды, каменны вугаль, граніт, мармур, гіпс. Мінер. крыніцы. Сярэдняя т-ра студз. ад -5 °C у перадгор’ях да -10 °C у гарах, ліп. адпаведна 21 °C і 8 °C. Ападкаў 550—2500 мм за год. На вяршынях і грэбені Галоўнага, або Водападзельнага, хрыбта — сучаснае зледзяненне. Гал. рака — Кубань з прытокамі Тэберда, Вял. і Малы Зеленчукі, Уруп, Вял. Лаба, багатыя гідраэнергіяй. Кубанскае вадасховішча. Глебы на Пн чарназёмныя, з вышынёй пераходзяць у горна-лясныя бурыя і горна-лугавыя. Расліннасць стэпавая і лесастэпавая, у гарах — шыракалістыя (бук, граб, дуб) і хваёвыя (хвоя, елка, піхта) лясы, субальпійскія і альпійскія лугі. На тэр. К.-Ч. — Тэбердзінскі запаведнік і ч. Каўказскага запаведніка.

Гісторыя. Продкі карачаеўцаў і чэркесаў жылі на тэр. К.-Ч. са стараж. часоў. У 5—13 ст. адбывалася разлажэнне першабытнаабшчыннага ладу і зараджэнне феад. адносін. Да 10 ст. сфарміравалася адыгейска-чэркеская народнасць, у 13—14 ст. — карачаеўская народнасць. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй і земляробствам. У 10 ст. тэр. К.-Ч. ўваходзіла ў раннефеад. дзяржаву Аланія, якая падтрымлівала паліт. і эканам. сувязі з Візантыяй, хазарамі, грузінамі. У 14—16 ст. на тэр. К.-Ч. з Абхазіі перасяліліся абазіны, у 17 ст. з Прыазоўя і Паволжа — нагайцы. У 15—18 ст. на землі К.-Ч. ўчынялі набегі крымскія татары і туркі. У 1552, 1555 і 1557 прадстаўнікі К.-Ч. накіроўвалі пасольствы ў Маскву для заключэння паліт. саюзу з Расіяй. У 1790 армія пры ўдзеле атрадаў горцаў разбіла ў раёне сучаснага Чэркеска тур. корпус Баталпашы. У 1-й пал. 19 ст. тэр. К.-Ч. далучана да Расійскай імперыі. У 1858—61 тут заснаваны казацкія станіцы, якія разам з ауламі Карачая і Чэркесіі ўключаны ў Баталпашынскі пав., пазней — аддзел Кубанскай вобл. У 1868 тут скасавана прыгоннае права. Пазней створаны шахты і руднікі, невял. прадпрыемствы харч. прам-сці. Вясной 1920 у К.-Ч. ўстаноўлена сав. ўлада. 12.1.1922 утворана Карачаева-Чэркеская аўт. вобласць. У 1926 К.-Ч. падзелена на Карачаеўскую аўт. вобласць і Чэркескую нац. акругу, у 1928 ператвораную ў аўт. вобласць. Да 1934 у Чэркесіі і да 1938 у Карачаі праведзена калектывізацыя сельскай гаспадаркі. У Вял. Айч. вайну Чэркеская і Карачаеўская вобласці акупіраваны ням.-фаш. войскамі (жн. 1942 — студз. 1943). У канцы 1943 Карачаеўская аўт. вобласць скасавана, а карачаеўцы, абвінавачаныя ў супрацоўніцтве з фашыстамі, дэпартаваны ў Цэнтр. Азію (пераважна ў Казахстан). Пасля іх рэабілітацыі ў 1957 створана Карачаева-Чэркеская аўт. вобласць. З 1991 рэспубліка. У 1992 падпісаны новы федэратыўны дагавор з Рас. Федэрацыяй.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці (па аб’ёме прадукцыі, што вырабляецца): хім. і нафтахім. (27,7%), буд. матэрыялаў (25,8%), харч. (13,5%), энергетыка (12,7%), машынабудаванне і металаапрацоўка (8,3%). Развіты гарнарудная, лёгкая, дрэваапр., мукамольна-крупяная прам-сць. Хім. і нафтахім. прадпрыемствы размешчаны ў г. Чэркеск (хім. ВА, з-д гумава-тэхн. вырабаў). Вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент, жалезабетонныя вырабы, цэгла, вапна, чарапіца) у Чэркеску, Карачаеўску, Усць-Джэгуце і станіцы Зелянчукскай. Харч. прам-сць (цукр. з-д у Эркен-Шахары, мяса- і хлебакамбінаты, кансервавы і масласыраварныя з-ды ў Чэркеску, Карачаеўску). Гарнарудная прам-сць прадстаўлена Урупскім медным горна-абагачальным камбінатам. Здабываюць каменны вугаль (50 тыс. т, 1995). Вытв-сць электраэнергіі 30 млн. кВт∙гадз (1995).

Асн. цэнтры машынабудавання і металаапрацоўкі ў Чэркеску (з-ды халадзільнага абсталявання і нізкавольтнай апаратуры) і Карачаеўску (інстр. з-д). Ёсць абутковая, швейная і мэблевая вытв-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку і авечкагадоўля (танкарунная і паўтанкарунная). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коз, птушак. Пагалоўе (тыс. галоў, 1995) буйн. раг. жывёлы — 165,8, свіней — 14,1. Конегадоўля. Пчалярства. Вытв-сць (1995) мяса 23 тыс. т, малака 146 тыс. т, воўны 1480 т. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 663 тыс. га, у т. л. пад ворывам каля 25%, пад пашай каля 50%. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, кукуруза), тэхн. (цукр. буракі, сланечнік), кармавыя (кукуруза на сілас, травы), агародніна-бахчавыя культуры, бульбу. Пладаводства. Збор (тыс. т, 1995): збожжа 160, сланечніку 11, цукр. буракоў 194, бульбы 154. Развіта арашэнне (Вял. Стаўрапольскі канал). Чыгунка Нявіннамыск — Усць-Джэгута. Па тэр. К.-Ч. праходзяць аўтадарогі: Ваенна-Сухумская (Чэркеск — Сухумі), Чэркеск — Стаўрапаль, Чэркеск — Пяцігорск. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 2730 км. Курорты: Тэберда, кліматычныя курортныя мясцовасці Архыз, Дамбай; горны турызм, альпінізм.

Літ.:

Алексеева Е.П. Древняя и средневековая история Карачаево-Черкесии. М., 1971.

т. 8, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІНЕ́ЗІЯ ФРАНЦУ́ЗСКАЯ (франц. Polynēsie Française),

уладанне Францыі ў цэнтр. частцы Ціхага ак., у Палінезіі. Пл. 3660 км². Нас. 242,1 тыс. чал. (1999). Афіц. мовы — таіцянская і французская. Адм. ц., найб. горад і порт — Папеэтэ на в-ве Таіці ў групе а-воў Таварыства. Адміністрацыйна падзяляецца на 5 астраўных груп: Маркізскія а-вы, архіпелагі Туамоту і Тубуаі, Падветраныя і Наветраныя а-вы з групы а-воў Таварыства; уключае таксама ненаселены в-аў Кліпертан ва ўсх. частцы Ціхага ак. Нац. свята — дзень узяцця Бастыліі (14 ліп.).

Прырода. У складзе П.Ф. 215 астравоў і атолаў вулканічнага (35 астравоў) або каралавага (180 атолаў) паходжання. Вулканічнымі з’яўляецца большасць а-воў Таварыства, Тубуаі, Маркізскія; каралавыя атолы ўтвараюць архіпелаг Туамоту. Горы на вулканічных астравах дасягаюць 2241 м (г. Арахена на в-ве Таіці), каралавыя астравы ўздымаюцца над узр. м. на некалькі метраў. З карысных выкапняў ёсць фасфарыты (в-аў Макатэа), руды кобальту. Клімат трапічны пасатны. Сярэднямесячныя т-ры 22—26 °C. Ападкаў за год ад 1500 мм на падветраных схілах да 3000—4000 мм на наветраных. Бываюць моцныя ўраганы. Рэкі і ручаі ёсць толькі на вулканічных астравах. Пад лесам і хмызнякамі 31% тэрыторыі. На наветраных схілах вечназялёныя субэкватарыяльныя і трапічныя лясы, падветраныя схілы ўкрыты травяністай расліннасцю. На каралавых астравах гаі какосавых пальмаў. У фауне адсутнічаюць буйныя млекакормячыя, шмат птушак. Мора багата рыбай, ракападобнымі, малюскамі. Біясферны рэзерват Атол-Таяра (а-вы Туамоту).

Насельніцтва. Карэнныя жыхары — палінезійцы, разам з еўрапейска-палінезійскімі метысамі складаюць 78%; падзяляюцца на блізкія народы: таіцяне (больш за 50% насельніцтва краіны), туамоту, тубуайцы, маркізцы, мангарэва. Жывуць таксама кітайцы (12%) і французы (10%). Вернікі пераважна пратэстанты (54%) і католікі (30%). Сярэднегадавы прырост 1,7% (1999). Сярэдняя шчыльн. 66,7 чал. на 1 км. Каля 67% насельніцтва жыве на в-ве Таіці (пл. 1042 км²), дзе на ўзбярэжжы шчыльн. перавышае 300 чал. на 1 км². Гарадскога насельніцтва больш за 50%.

У найб. горадзе Папеэтэ каля 30 тыс. ж. (1999). У прам-сці занята 19% працаздольных, у сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве — 13%, у абслуговых галінах — 68%.

Гісторыя. Заселена палінезійцамі ў канцы 1-га тыс. да н.э. — 1-м тыс. н.э. На момант з’яўлення еўрапейцаў найб. ўзроўню цывілізацыі дасягнулі жыхары а-воў Таварыства, дзе ўзнік шэраг дзярж. утварэнняў. У 1595 ісп. мараплавец А.​Менданья дэ Нейра адкрыў Маркізскія а-вы, у 1722 галандзец Я.​Рогевен — некаторыя з а-воў Таварыства, у 1767 брытанец С.​Уоліс — в-аў Таіці, у 1777 капітан Дж.Кук — а-вы Тубуаі. Да пач. 19 ст. таіцянскія правадыры з роду Памарэ стварылі дзяржаву, якая ўключала а-вы Таварыства, Тубуаі і ч. а-воў Туамогу. З пач. 19 ст. тут з’явіліся еўрап. місіянеры. У 1842 астравы абвешчаны франц. пратэктаратамі, якія ў 1885 аб’яднаны ў адзіную калонію «Франц. ўладанні ў Акіяніі» (з 1958 — П.Ф.). З 1946 — заморская тэр. Францыі. У 1957 створана тэр. асамблея П.Ф. З 1960-х г. месца правядзення франц. ядз. выпрабаванняў (у 1966 першы выбух на атоле Муруроа). У 1977 атрымала ўнутр. самакіраванне, з 1996 мае статус аўт. тэр. Францыі.

Гаспадарка. П.Ф. — краіна сярэдняга ўзроўню развіцця. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае каля 10 800 дол. за год. 18% яго ствараецца ў прам-сці, 4% — у сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве, 78% — у абслуговых галінах, пераважна ў турысцкай справе. У прам-сці пераважаюць дробныя прадпрыемствы. Здабыча фасфарытаў на в-ве Макатэа. 57% электраэнергіі даюць ЦЭС на імпартным паліве, 43% — ГЭС. У 1997 атрымана 350 млн. кВт∙гадз электраэнергіі. З прадпрыемстваў апрацоўчай прам-сці найб. значэнне маюць мылаварныя ф-кі і алейныя з-ды (перапрацоўка какосавых арэхаў). Ёсць піваварныя з-ды, прадпрыемствы па вытв-сці мукі, фруктовых сокаў, воцату, перапрацоўцы рыбы і морапрадуктаў. Пашыў адзення, апрацоўка перламутравых ракавін, разьба па дрэве, ювелірная справа, выраб сувеніраў. Ёсць мех. майстэрні, прадпрыемствы па буд-ве і рамонце невял. суднаў. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 40 тыс. га зямлі, у т. л. пад ворывам каля 3,6 тыс. га, пад плантацыямі какосавых пальмаў і інш. дрэў каля 18 тыс. га, пад пашай каля 18 тыс. га. Гал. экспартныя культуры — какосавая пальма і ваніль. Вырошчваюць таксама каву, цукр. трыснёг, цытрусавыя, бананы, ананасы, гранаты, манга, папайю, авакада, хлебнае дрэва, кукурузу, арахіс, тара, ямс, батат, маніёк, агародніну. Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Гадуюць мясную буйн. раг. жывёлу, коней, свіней, птушку. Прамысловае рыбалоўства. Штучнае развядзенне малюскаў-жамчужніц (у лагунах атолаў), апрацоўка жэмчугу і перламутру. Транспарт пераважна марскі. У краіне 792 км аўтадарог з цвёрдым пакрыццём, 45 аэрапортаў, у т. л. міжнар. на в-ве Таіці. Міжнар. турызм (штогод астравы наведваюць больш за 150 тыс. замежных турыстаў). Значную ролю адыгрывае абслугоўванне палігонаў для выпрабавання атамнай зброі (атол Муруроа) і інш. ваенных баз. У 1996 экспарт склаў 212 млн. дол., імпарт — 860 млн. дол. У экспарце пераважае жэмчуг (больш за 50% ад кошту), прадукты перапрацоўкі какосавых арэхаў, перламутр, ваніль, рыба і рыбапрадукты, у імпарце — паліва, харч. і спажывецкія тавары. Гал. гандл. партнёры: Францыя (52% экспарту, 32% імпарту), ЗША, Японія. Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад Францыі (каля 400 млн. дол. штогод). Грашовая адзінка — франк франц. кантор у Ціхім ак.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

т. 12, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЧЫЦА,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл., на правым беразе р. Дняпро пры ўпадзенні ў яго р. Ведрыч; чыг. ст. на лініі Гомель—Калінкавічы; рачны порт; вузел аўтадарог на Гомель, Калінкавічы, Светлагорск, Жлобін, Лоеў, Хойнікі. За 50 км на З ад Гомеля. 66,8 тыс. ж. (2000).

Упершыню ўпамінаецца ў Густынскім летапісе пад 1213; у 1-м Наўгародскім летапісе Р. ў 1214 названа «чарнігаўскім» горадам, што быў разгромлены наўгародскім кн. Мсціславам. З 14 ст. ў складзе ВКЛ, у Мінскім ваяводстве. У 1392—1430 Р. валодаў вял. кн. ВКЛ Вітаўт. У жн. 1561 горад атрымаў ад вял. кн. ВКЛ і караля Польшчы Жыгімонта II Аўгуста няпоўнае магдэбургскае права. У 1569 Р. — цэнтр павета. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 горад некалькі разоў займалі казацка-сялянскія атрады. У 1648 Р. авалодаў 3-тыс. атрад, якому Б.​Хмяльніцкі забараніў пакідаць горад як важны стратэгічны пункт, але ў 1649 яго адбіў Януш Радзівіл. У 1650 Р. заняў палкоўнік М.Нябаба, які таксама не ўтрымаў яе і быў забіты пры адступленні Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Р. страціла стратэгічнае значэнне, і яе ўмацаванні пачалі разбурацца. Паводле прывілея вял. кн. ВКЛ і караля Польшчы Аўгуста III ад 15.7.1734 Р. трапіла ва ўладанне кн. Радзівілаў. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Р. ў Рас. імперыі, з 1795 павятовы цэнтр Мінскай губ. У 1886 праз Р. пракладзены ўчастак Лунінец—Гомель Палескіх чыгунак, у 1890-я г. адкрыта прыстань. Паводле перапісу 1897 у Р. 9280 ж., у 1899—9332 ж., маслазавод, цагельня, 2 лесапільні і 2 півамёдаварныя з-ды, прыходскае вучылішча, 2-класнае яўр. вучылішча, некалькі хедэраў, бальніца. У 1903—04 у Р. 205 рамесных прадпрыемстваў (857 рабочых). У 1904 у Р. створана арг-цыя РСДРП, якая ўваходзіла ў склад Палескага камітэта РСДРП(б). У 1910 у Р. 6 фабрык і заводаў (363 рабочыя). З лют. 1918 да студз. 1919 акупіравана герм. войскамі. У час стракапытаўскага мяцяжу 1919 горад захапілі мяцежнікі. З 8.5 да 20.6.1920 акупіравана польскімі войскамі. У 1919—26 цэнтр Рэчыцкага раёна і Рэчыцкай акругі БССР, з 9.6.1927 да 26.7.1930 у Гомельскай акрузе, з 20.2.1938 у Гомельскай вобл., з 27.9.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939 29,8 тыс. ж. 28.8.1941 Р. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Р. і раёне 3,8 тыс. чал. Дзейнічала Рэчыцкае патрыятычнае падполле. Вызвалена 18.11.1943 у ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943 войскамі Бел. фронту. У 1973—53,9 тыс. ж.

Прадпрыемствы машынабуд. і металаапр. (Рэчыцкі суднабудаўніча-суднарамонтны завод, Рэчыцкі метызны завод), харч. (з-ды піваварны, кансервавы, масла і сухога малака, кансервава-агароднінасушыльны, хлебазавод, камбінат збожжапрадуктаў, млын-камбінат), буд. матэрыялаў (Рэчыцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў, Рэчыцкі кераміка-трубны завод, Рэчыцкі завод механічнай апрацоўкі драўніны), хім. (Рэчыцкі доследна-прамысловы гідролізны завод, з-д «Тэрмапласт»), лёгкай (ільнозавод, ткацкае ВА, філіялы гомельскіх ВА — швейнага «Камінтэрн» і абутковага «Праца») прам-сці. Працуюць з-д маст. керамікі, газаперапрацоўчы з-д, раённыя аб’яднанні Дзяржкамсельгастэхнікі і «Сельгасхімія», райпрамкамбінат, камбінат быт. абслугоўвання. У горадзе Рэчыцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, СПТУ-178, Дом дзіцячай творчасці, 9 б-к, Рэчыцкі краязнаўчы музей, філіял Дзярж. архіва Гомельскай вобл. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан, 4 брацкія магілы сав. воінаў і партызан, брацкая магіла падпольшчыкаў часоў Вял. Айч. вайны, 4 брацкія магілы ахвяр фашызму, магіла ахвяр мяцяжу 1919. Помнікі археалогіі: мезалітычнае паселішча і гарадзішча стараж. Р.

У канцы 12 ст. горад быў умацаваным пунктам на зямлі дрыгавічоў. У 13 ст. дзядзінец знаходзіўся на месцы гарадзішча ранняга жал. веку і эпохі Кіеўскай Русі на правым беразе р Дняпро (цяпер у гар. парку). У 16—1-й пал. 17 ст. горад меў 3 лініі ўмацаванняў з цэнтрам — 5-вежавым Рэчыцкім замкам, абкружаным ровам і злучаным з астатняй ч. горада пад’ёмным мостам. У 1634 мінскі ваявода А.​Слушка заснаваў у Р. кляштар дамініканцаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Р. былі 2 царквы — Успенская і Мікалаеўская (з 1723), Троіцкі касцёл, сінагога і некалькі яўр. малітоўных дамоў. У 1910 туг 1309 жылых пабудоў (з іх 4 мураваныя), 14 цэркваў і малітоўных дамоў. Паводле першага рэгулярнага плана (1800) склалася прамавугольная сістэма планіроўкі, якая ў працэсе развіцця дапоўнілася радыяльнай. Горад забудоўваўся паводле генпланаў 1937—39 (арх. Г.​Парсаданаў), 1951 (арх. Парсаданаў, М.​Томах, ін-т «Белдзяржпраект»), 1977 (БелНДІПгорадабудаўніцтва). У аснове генплана 2000 (БелНДІПгорадабудаўніцтва) закладзены прынцып функцыян. заніравання тэрыторыі. Асн. напрамкі развіцця горада — паўд., паўд.-ўсх., паўд.-зах., прадугледжаны таксама шырокі выхад яго да Дняпра. Агульнагар. цэнтр размяшчаецца ўздоўж цэнтр. ч. гал. вуліцы — Савецкай і абмежаваны вул. Чапаева і Авіяцыйнай. Горад мае пераважна 1- ці 2—3-павярховую сядзібную забудову. Асн. капітальная (шматкватэрная) забудова знаходзіцца па вул. Савецкай, у мікрараёнах і кварталах, прылеглых да яе ў цэнтр. і паўд.-ўсх. частках. а таксама па вул. Сняжкова, Маладзёжнай, Чапаева, Нафтавікоў і інш. Па вул. Савецкай і Набярэжнай захаваліся фрагменты забудовы 19 ст. Вытв. зоны — ва ўсх. і паўд.-зах. ч. Ствараецца адзіная сістэма ландшафтна-рэкрэацыйных тэр. уздоўж Дняпра і Ведрычы.

А.​М.​Бадзяка, М.​А.​Найшулер (архітэктура), Т.​С.​Скрыпчанка (гісторыя).

Горад Рэчыца. Забудова вуліцы Савецкай.

т. 14, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ста́до ср. ста́так, -тка м., чарада́, -ды́ ж.;

коро́ва хо́дит в ста́де каро́ва хо́дзіць у чарадзе́ (у ста́тку);

ходи́ть ста́дом хадзі́ць чарадо́ю;

◊

парши́вая овца́ всё ста́до по́ртит посл. паршы́вая аве́чка ўсю чараду́ псуе́; праз аднаго́ Іва́нка ўсім зага́нка, праз аднаго́ бара́на ўвесь ста́так пага́ны.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)