БАКЛА́НЫ (Phalacrocoracidae),

птушкі сямейства бакланавых атр. весланогіх, 2 роды, 30 відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках. Жывуць на марскіх узбярэжжах, астравах, вял. унутр. вадаёмах. На Беларусі вельмі рэдка трапляецца як залётны від баклан вялікі (Phalacrocorax carbo).

Даўж. 55—92 см, маса да 3 кг. Апярэнне дарослых чорнае. Крылы адносна кароткія, хвост доўгі, шорсткі. Пальцы злучаны плавальнай перапонкай. Добра плаваюць і ныраюць на вял. глыбіню. Гняздуюцца калоніямі. Гнёзды будуюць на скалах, дрэвах, заломах чароту, на роўных берагах. Нясуць 2—4 яйцы. Кормяцца рыбай і ракападобнымі. Шкодзяць рыбнай гаспадарцы. У некаторых раёнах Японіі і Кітая шмат стагоддзяў бакланаў выкарыстоўваюць для лоўлі рыбы. Некаторыя занесены ў Чырв. кнігі МСАП і б. СССР.

т. 2, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЕТО́ПСІС (Boletopsis),

род базідыяльных грыбоў сям. балетопсідных. Вядомы 1 цыркумпалярны від — балетопсіс малалускаваты (Boletopsis subsquamosa). Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя Антарктыды. На Беларусі як вельмі рэдкі адзначаны ў Бярэзінскім запаведніку і Лагойскім раёне Мінскай вобласці. Расце на перагнойнай глебе ў хвойніках. Пладовыя целы з’яўляюцца ў вер.—кастрычніку. Малавядомы ядомы грыб.

Пладовае цела ў выглядзе шапкі на ножцы. Шапка дыям. 5—10 см, паўшарападобная, мясістая, пазней плоскапукатая, у цэнтры злёгку ўціснутая, матавая, брудна-шэрая, пры дакрананні цёмна-бурая. Гіменафор трубчасты: трубачкі белыя ці шараватыя. Поры круглаватыя, з узростам вуглаватыя, іншы раз лабірынтападобныя, зубчастыя. Ножка цэнтральная або эксцэнтрычная, да асновы ўздутая. Тканка (трама) белая, пры націсканні і засыханні набывае колер. Споры вуглаватыя, бясколерныя або буравата-дымчатыя.

т. 2, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯІНДЫКА́ТАРЫ (ад бія... + індыкатары),

віды, групы відаў або згуртаванні жывых арганізмаў, прысутнасць, колькасць або асаблівасці развіцця якіх сведчаць аб пэўнай накіраванасці і параметрах прыродных працэсаў, умоў або антрапагенных змен навакольнага асяроддзя. Многія арганізмы вельмі адчувальныя і выбіральныя ў адносінах да розных фактараў асяроддзя пражывання (хім. складу глебы, вады, атмасферы, кліматычных і пагодных фактараў, прысутнасці інш. арганізмаў і г.д.) і могуць існаваць толькі ў вызначаных, часта вузкіх межах змянення гэтых фактараў. Прысутнасць, напр., у вадаёме малашчацінкавых чарвей роду Tubifex, вусеняў двухкрылых насякомых роду Chironomus, Eristalis і інш. сведчыць пра пэўную ступень забруджанасці вады, бакаплаваў роду Gammarus, водарасцяў роду Fontinalis, фарэлі, харыуса і інш. — пра яе чысціню. Гл. таксама Сапробнасць, Таксобнасць.

т. 3, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАДЗО́Т (нарв. bradsot ад brad раптоўны + sott хвароба),

вострае інфекц. захворванне авечак, якое выклікаецца бактэрыямі з роду Clostridium. Суправаджаецца гемарагічным запаленнем слізістай абалонкі сычуга і 12-перснай кішкі і перараджэннем парэнхіматозных органаў. Часцей хварэе маладняк ва ўзросце да 2 гадоў, больш вясной і восенню.

Крыніца інфекцыі — хворыя або перахварэлыя авечкі; перадаецца праз глебу, ваду, траву на пашы, кармы і інш. Захваральнасць дасягае 30—35%, лятальнасць — 90—100%. Інкубацыйны перыяд хваробы вельмі кароткі, цячэнне яе маланкападобнае і вострае. Адзначаюцца тэмпература 40,5—41 °C, агульная прыгнечанасць, адмаўленне ад корму, кан’юнктывіт, пачашчэнне пульсу і дыхання, тымпанія, выцяканне пены з рота і носа, ацёк галавы, моцныя сутаргі. Супраць брадзоту прапанавана полівалентная вакцына.

т. 3, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТА́Я РЫ́БКА (Carassius auratus auratus),

падвід сярэбранага карася. Прызначана для ўтрымання ў дэкар. вадаёмах і акварыумах. Пашырана ўсюды. У Кітаі разводзяць з 10—12 ст., у Расію завезена ў канцы 17 ст. Зыходная форма з прэсных вадаёмаў Кітая, дзе З.р. выведзена шляхам працяглага адбору жоўтых і чырв. мутантных форм. Ад зыходнай формы адрозніваецца залаціста-жоўтай афарбоўкай, больш кароткім і шырокім (да шарападобнага) тулавам, вельмі змененымі плаўнікамі. Атрыманы сотні парод і форм рознай афарбоўкі, памераў тулава, галавы, плаўнікоў, велічыні і размяшчэння вачэй і інш. прыкмет. Найб. вядомыя жамчужына, ільвінагалоўка, камета, вадзяныя вочкі, тэлескоп, шубункін і інш.

Залатая рыбка (2) і яе пароды: 1 — стракаты тэлескоп; 3 — жамчужына; 4 — шубункін; 5 — ільвінагалоўка; 6 — камета.

т. 6, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАНА́ЛЬНАСЦЬ ПАДЗЕ́МНЫХ ВОД,

заканамерныя прасторавыя змены фіз.-хім. і дынамічных параметраў падземных вод. Існуюць шыротная (кліматычная) і вертыкальная (геалагічная) З.п.в. У шыротнай занальнасці, характэрнай для прыпаверхневай ч. падземнай гідрасферы планеты, вылучаюць лядовую, гумідную і арыдную макразоны з уласцівымі ім асаблівасцямі фарміравання рэсурсаў падземных вод, хім. саставу і т-ры. Вертыкальная занальнасць выяўляецца ў паслядоўнай змене з глыбінёй хуткасці руху падземных вод, хім. і газавага саставу, т-ры, ціску і інш. Па тэмах водаабмену вылучаюць гідрагеадынамічныя зоны: верхнюю — інтэнсіўнага, сярэднюю — запаволенага, ніжнюю — вельмі запаволенага водаабмену. Вертыкальная гідрагеахім. З.п.в. характарызуецца паслядоўнай зменай з глыбінёй прэсных падземных вод (мінералізацыя да 1 г/л), салёнымі водамі (1—35 г/л), а потым расоламі (больш за 35 г/л).

В.І.Пашкевіч.

т. 6, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУБА́СЦІК (Mimulus),

род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 120 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. Амерыцы. На Беларусі вельмі рэдкі занесены від губасцік рабы (M. guttatus). Расце на вільготных лугах, балотах, у канавах, каля крыніц. Некат. віды губасціка выкарыстоўваюцца ў вазоннай культуры. Ёсць разнавіднасці з пунсовымі і стракатымі кветкамі, з мускусным пахам лісця.

Шматгадовыя травяністыя расліны з простым або слаба разгалінаваным пустым сцяблом, з рызомамі або сталонамі ў ніжняй частцы. Лісце простае, супраціўнае, суцэльна-крайняе ці зубчастае. Кветкі буйныя або сярэдніх памераў, яркія, часта рабыя, жоўтыя, чырв., блакітныя і інш. колераў, адзіночныя ў пазухах лістоў або сабраныя ў рыхлае верхавінкавае гронкападобнае суквецце. Плод — шматнасенная двухгнездавая каробачка. Дэкар. расліны.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Басі́лы ’абутак з шыны’ (Жд.). Гэта слова вельмі нагадвае іншую назву абутку — бахі́лы ’абутак, галёшы, зробленыя з шын, абутак з гумы і г. д.’ (гл.). Што гэта варыянты аднаго і таго ж слова, здаецца, сведчыць паралелізм бахі́лы|басі́лы (КЭС, бых.). Фанетычная змена не вельмі зразумелая, аднак у гаворках часам сустракаецца чаргаванне х с. Не выключаецца і ўплыў нейкага іншага сямейства слоў. Параўн., напр., рус. дыял. баси́ла (мн.) ’убранне’, ба́си́ть ’прыбірацца, выстройвацца’. Гл. бахі́лы (там і літ-pa да этымалогіі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Магу́тнывельмі дужы, здаровы’, ’вельмі вялікі, значны па сіле, велічыні’, ’тоўсты, масіўны (пра слой, пласт)’, ’з вялікімі вытворчымі і матэрыяльнымі магчымасцямі’ (ТСБМ, Касп., Бяльк.). Укр. могу́тний, рус. могу́тный ’моцны, магутны, здаровы’, чэш., славац. mohutný ’тс’. Утворана ад дзеепрыметніка цяп. часу mogǫt‑ пры дапамозе суф. ‑ъnъ‑jь. Да магчы́ (гл.). Параўн. Фасмер (2, 636), Махэк₂ (371). Анышкевіч (Сл. бойк. гов., 1, 426) супастаўляе бойк. маготний з венг. mag ’зерне’. Сюды ж магутнасць ’уласцівасць магутнага, вялікая сіла, моц’ (ТСБМ, Гарэц.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

нуль

(лац. nullus = ніякі)

1) лічбавы знак «О», які абазначае адсутнасць велічыні; прыпісаны да лічбы справа ўдзесяцярае яе;

2) умоўная велічыня, адносна якой вылічаюцца іншыя велічыні;

3) перан. што-н. вельмі малое, нікчэмнае (напр. н. вынікаў, н. увагі).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)