ВО́ЙСКІ,

службовая асоба ў Польшчы (з 13 ст.) і ВКЛ (з 16 ст.). У час войнаў, калі шляхта з паспалітым рушэннем пакідала маёнткі, наглядаў за парадкам у павеце і апекаваў тых, хто застаўся ў маёнтках. У Польшчы войскія былі гродскія і земскія, у ВКЛ толькі земскія (адзін на павет), якія падпарадкоўваліся старосту павятовага горада. Пасада войскага ў ВКЛ была дыгнітарскай (прыдворнай).

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 4, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ВАДАК,

птушаняты або дзіцяняты адной кладкі ці аднаго прыплоду, якія жывуць пэўны час з бацькамі. Пасля набыцця імі здольнасцей да самаст. існавання вывадак звычайна распадаецца. Памеры залежаць ад патэнцыяльнай пладавітасці віду: у вывадку птушак бывае да 25 птушанят (шэрая курапатка), у звяроў — да 20 дзіцянят; на іх істотна ўплываюць кліматычныя, кармавыя і інш. ўмовы. Часам (напр., у дзікіх гусей) некалькі вывадкаў аб’ядноўваюцца ў адзін (аб’яднаны).

т. 4, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́РМІНГ ((Warming) Іаганес Эўгеніус) (3.11.1841, в-аў Манё, Данія — 2.4.1924),

дацкі батанік-эколаг і сістэматык; адзін з заснавальнікаў экалагічнай геаграфіі раслін і вучэння пра жыццёвыя формы. Праф. Капенгагенскага ун-та (1885—1911) і дырэктар Бат. саду ў Капенгагене. Навук. працы па вывучэнні разнастайных марфал. прыстасаванняў раслін да ўмоў існавання. Аўтар кн. «Сістэматыка раслін» (1879, рус. пер. 1893), «Расліна і яе жыццё» (1900, рус. пер. 1904).

т. 4, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРО́НІН (Міхаіл Сцяпанавіч) (2.8.1838, С.-Пецярбург — 5.3.1903),

рускі батанік, міколаг і фітапатолаг. Акад. Пецярбургскай АН (1898). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1858). Вучань Л.С.Цанкоўскага і Г.А. дэ Бары. Адзін з заснавальнікаў антагенетычнага кірунку ў мікалогіі. Выявіў мікраарганізмы ў каранёвых клубеньчыках бабовых (1866). Даследаваў цыклы развіцця грыбоў. Навук. працы па грыбных хваробах с.-г. культур. Выявіў цыкл развіцця ўзбуджальніка кілы капусты (1874—80).

Тв.:

Избр. произв. М., 1961.

т. 4, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РТЭШСЁЛЁШ (Vértesszöllös),

стаянка эпохі палеаліту за 50 км на З ад Будапешта (Венгрыя). Адзін з найстаражытнейшых археал. помнікаў Еўропы, датуецца часам міндэльскага зледзянення (350 тыс. г. назад). Адкрыта ў 1962. Выяўлены рэшткі гамінідаў, у т. л. фрагмент чэрапа, які спачатку быў аднесены да гома эрэктус. Некаторыя навукоўцы лічаць яго прымітыўнай формай гома сапіенс, якую назвалі гома палеахунгарыкус. Знойдзены прылады з галькі (чоперы) і з крамянёвых адшчэпаў.

т. 4, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫЧКО́ЎСКІ (Адам) (1889, фальварак Талочкі Саколкаўскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Саколкаўскі пав. Беластоцкага ваяв., Польшча — 18.11.1937),

бел. грамадскі і культ. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т; працаваў суддзёй у Саколцы, адвакатам у Варшаве. Адзін з заснавальнікаў Гродзенскага гуртка беларускай моладзі, заснавальнік «Асветнага таварыства беларусаў» у Варшаве (дзейнічала ў 1930-я г.). Аўтар сцэнічнага абразка «Сваты», які ставілі многія самадзейныя драм. гурткі ў Зах. Беларусі.

А.​С.​Ліс.

т. 3, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ ((Drew) Джон) (13.11.1853, Нью-Йорк — 9.7.1927),

амерыканскі акцёр. Сцэн. дзейнасць пачаў у т-ры «Арч-стрыт». У 1875—92 у трупе антрэпрэнёра О.​Дэйлі (Нью-Йорк), адзін з вядучых акцёраў трупы. Яго ігра вызначалася вытанчанасцю манер, лёгкасцю і шчырасцю. Сярод роляў: Розенкранц, Петручыо («Гамлет», «Утаймаванне свавольніцы» У.​Шэкспіра), гаспадар гасцініцы («Рып Ван Вінкль» паводле У.​Ірвінга). З 1892 выступаў у якасці «зоркі» ў гастрольных трупах.

т. 6, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБАЎСКО́Й (Мікалай Ніканоравіч) (17.12.1859, г. Новачаркаск, Расія — 28.2.1918),

рус. жывапісец-пейзажыст. Скончыў Пецярбургскую АМ (1881). Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (1900; з 1911 праф. — кіраўнік пейзажнай майстэрні). З 1886 чл. Т-ва перасоўных част. выставак (гл. Перасоўнікі), з 1890-х г. адзін з яго кіраўнікоў. Імкнуўся да эпічна-абагульненага адлюстравання прыроды («Дубы» і «Прыціхла», абодва 1890; «На Волзе», 1892; «Радзіма», каля 1903—05).

М.Дубаўской. Прыціхла. 1890.

т. 6, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ДЭРБЕРГ ((Widerberg) Бу) (н. 8.6.1930, г. Мальмё, Швецыя),

шведскі кінарэжысёр; адзін з пачынальнікаў т.зв. новага шведскага кіно. У фільмах «Дзіцячая каляска» (1962), «Варонін квартал», «Каханне, 65» (1965), «Прывітанне, Раланд!» (1966) цікавасць да сац. праблем, духоўнага свету пасляваен. пакалення, пошукі новай кінематаграфічнай формы. Сярод фільмаў: «Эльвіра Мадзіган» (1967), «Джо Хіл» (1971), «Змяіная сцежка» (1986), камедыя «Сапляк» (1974), дэтэктыў «Чалавек на даху». Аўтар кн. «Панарама шведскага кіно» (1962).

т. 4, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́НЬЯ-ДЭЛЬ-МАР (Viña del Mar),

горад у Чылі, у агламерацыі Вальпараіса. Засн. ў 1874. 319,4 тыс. ж. (1993). Порт на Ціхім ак. Чыг. станцыя. Хім., тэкст., харч. прам-сць. Паблізу нафтаперапр. з-д, нафтасховішча, нафтавая гавань.

Цэнтр турызму. Адзін з буйнейшых у Лац. Амерыцы прыморскіх кліматычных курортаў. Мяккі субтрапічны клімат міжземнаморскага тыпу спрыяльны для лячэння многіх хвароб і паўнацэннага адпачынку, асабліва ў снеж.—лютым.

т. 4, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)