уціхамі́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.
1. Прымусіць супакоіцца, суняцца. [Васіль:] — Прымай, Янук, гасцей ды ўціхамір свайго барбоса! Зайсці трэба! Шашкоў. // Аслабіць, зменшыць сілу праяўлення чаго‑н. Цяпер яму [Кліму] захацелася ўціхамірыць гэтую злосць на Сідары. Галавач. У выканкоме вырашылі падзяліць [кватэры] загадзя, каб уціхамірыць непакой і хваляванне. Мележ.
2. Сілай супакоіць каго‑н.; задушыць (бунт, паўстанне і пад.). [Гена:] — Няхай пан не хвалюецца, мы ўціхамірым бунтаўшчыкоў. Жычка.
3. Падпарадкаваць сваёй волі; утаймаваць. Тры дні змагаліся геолагі і нафтавікі, каб уціхамірыць стыхію. В. Вольскі. Грознага [быка] ўсё-такі ўціхамірылі і зноў навязалі на ланцуг. Дайліда.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уяві́цца, уявіцца; зак., каму.
Узнікнуць, з’явіцца ва ўяўленні. Дзеці засмяяліся. Ім уявілася, як конь будзе есці траву ў цуглях. Васілевіч. Яму [студэнту Івану] уявілася, як праз год ці два яго прыбор, удасканалены ім самім або кім-небудзь іншым, будзе ўжо ў заводскім цэху. Шахавец. Гарачуну на нейкі міг уявілася, што паравоз адарваўся ад рэек і павіс у паветры... Васілёнак. // і безас. Здацца, паказацца. Не спаў [Якаў], здаецца, а ўявілася, нібы стаіць ён з мяшком пад пахай каля панскага свірна, чакае, можа пані ўбачыць з пакояў ды пашле пакаёўку загадаць усыпаць яму, беднаму чалавеку, пуд-другі мукі. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фанта́ст, ‑а, М ‑сце, м.
1. Чалавек з багата развітай фантазіяй. Ці ж можна сумнявацца ў тым, што хутка чалавек стане гаспадаром космасу, ажыццявіць самыя смелыя мары фантастаў усіх вякоў і народаў. «Звязда».
2. Фантазёр, летуценнік, які імкнецца здзейсніць фантастычныя мары, задумы. Гэта не сон летуценны, Не казка, Гэта не мроя старога фантаста. Недзе ў бяздонных глыбінях сусвету Вымпел чырвоны праносіць ракета. Макаль.
3. Пісьменнік, які выкарыстоўвае фантастычныя сюжэты. Пачакайце! Ды гэта ж .. кабіна «машыны часу», .. якая з лёгкай рукі Герберта Уэлса падарожнічае па старонках кніг многіх пісьменнікаў-фантастаў. Чаркасаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хіста́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. хістаць (у 1, 2 знач.); дзеянне і стан паводле дзеясл. хістацца (у 1–3 знач.). Хістанне дрэў. □ І толькі складкі сукенкі ды ледзь прыкметнае хістанне чорных кос на спіне адзначалі яе [Анежкі] рух. Броўка.
2. Няўстойлівасць, зменлівасць. Хістанні тэмпературы. Хістанне цэн.
3. перан. Нерашучасць, сумненне. Ці зайздросны мой лёс? Ці шчасліва жыву? Каб такое пытанне стаяла ў анкеце, — Я, сябры, без хістання б запоўніў графу: — Так, па-мойму, я — самы шчаслівы на свеце! Гілевіч. Рады творчаму плёну, Мы працуем натхнёна, У нашым руху хістанняў няма. Журба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
худасо́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Схуднелы, змарнелы. Касцёл сябры мінулі І ў сквер зялёны павярнулі.. І люду мноства тут хадзіла, Найболей моладзь гарадская, Ды худасочная, благая. Колас.
2. Слабы, кволы (аб раслінах). Худасочнае дрэўца. // Бедны, спустошаны (пра глебу). Такое [жыта] ніколі не вырасце на худасочных мінеральных глебах. Паслядовіч.
3. перан. Прымітыўны, слабы, нежыццёвы. Купалаўская канцэпцыя чалавека ў паэме «Яна і я» куды багацейшая за ўсе худасочныя схемы. Бярозкін. Хемінгуэй бачыў у Талстым узор.., якому арганічна варожыя фальш, танныя сантыменты, самаздаволенасць, пустая ганарыстасць, падмена жывога жыцця худасочным тэарэтызаваннем наконт яго. М. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чака́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да чаканні (у 1, 2 знач.), прызначаецца для чаканні (у 1 знач.). Чаканная работа.
2. Выраблены шляхам чаканні (у 1 знач.); аздоблены чаканкай. Ды застываюць пальцы на эфесе З чаканнага крутога серабра... Блатун. Індыйская сялянка нясе ваду з калодзежа .. у спецыяльнай меднай пасудзіне, багата ўпрыгожанай чаканным узорам. «ЛіМ».
3. перан. Ясны, выразны, дакладны. Чаканны крок. □ Здавалася, што той, хто быў з гэтай кнігай у агні, гутарыць са мной яе чаканнымі вершамі. Гарбук. Чытаючы гэтыя ямбы, успамінаеш чаканны радок пушкінскага «Яўгенія Анегіна». Лойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шкадава́нне, ‑я, н.
1. Пачуццё смутку аб чым‑н. (страчаным, непапраўным і пад.), засмучэнне з прычыны чаго‑н. непажаданага. На .. твары.. [Аксінні] ціхі шчаслівы спакой, а ў светлых, даўно палінялых вачах — туга і шкадаванне. Ракітны.
2. Спагада, спачуванне да каго‑н. Васіль на міг як бы прачнуўся, зірнуў на маці пяшчотна, са шкадаваннем — як яна тут адна са старым ды малым упраўляцца будзе! Мележ. Раптам каментатар з нейкім жалем, з нейкім унутраным шкадаваннем паведаміў, што над стадыёнам пайшоў заліўны дождж. Сабаленка. [Марыя Хведараўна] пранікаецца да .. [хлопчыка] нейкай незвычайнай любасцю і шкадаваннем. Марціновіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шляхе́тнасць, ‑і, ж.
1. У дарэвалюцыйнай Расіі — прыналежнасць да дваранскага саслоўя. [Маслянка:] — Пан працуе толькі ў белых пальчатках. Брудныя справы пану не па густу. Шляхетнасць не дазваляе, арыстакратычнасць паходжання... Машара.
2. Уст. Уласцівасць і якасць шляхетнага (у 2 знач.). Да шляхты Саўка не меў дачынення, ён нават не быў католікам, і Шляхцюк было не прозвішча, а мянушка за яго схільнасць да шляхетнасці, да вонкавай фанабэрыі дома і на людзях. Хадкевіч. // Выхаванасць, уменне трымаць сябе ў людзях. Садзяцца госці, ды не зразу, За стол не лезуць для паказу, Бо так шляхетнасць вымагае. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
штармавы́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да шторму; які з’яўляецца штормам. Штармавы вецер. □ — Званілі ад аператыўнага. Давалі штармавое папярэджанне, — нясмела зазначыў Цвёрдахвалаў. Алешка. // Такі, які бывае ў час шторму. Штармавое надвор’е. □ Апошнія паўгода ішлі бурна і імкліва. Яны нагадвалі штармавы акіян, які бушаваў вакол. Ракітны. // Які выкарыстоўваецца ў час шторму, служыць для барацьбы са штормам. Туга нацягцутыя штармавыя канаты на прамдэку, на ўнутраных лесвіцах пагойдвалася ў такт шалёнай калыханцы. Лынькоў. // Для якога ўласцівы частыя штормы. Ды не меркнуць паўночныя зоры, Караблі не мяняюць свой шлях, Штармавое Балтыйскае мора, На тваіх багатырскіх грудзях. Хведаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
я́слі, ‑яў; адз. няма.
1. Кармушка для жывёлы ў выглядзе адкрытай драўлянай скрынкі на ножках або рашоткі, нахільна прымацаванай к сцяне. Зося хутка ўправілася з канём: распрагла, напаіла, завяла ў хлеў і падкінула ў яслі ахапак свежага дзяцельніку. Гартны. [Каня] вабіў да сябе цёплы хлеў з яслямі, поўнымі мурожнага сена. Новікаў.
2. Выхаваўчая ўстанова для дзяцей узростам да трох гадоў. Дзіцячыя яслі. □ [Маці:] А я ў полі прыбіраю Жыта ў перавяслы Ды сама сябе пытаю: Як мой сын у яслях? Колас. Сваю Настачку — Дзіцё тое — Нясу ў яслі я Раніцою. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)