галіна гістарычнай навукі, якая вывучае станаўленне чалавека і гісторыю чалавечага грамадства па матэрыяльных рэштках жыцця і дзейнасці людзей — рэчавых (археал.) помніках. Даследуе ў комплексе стараж. помнікі (стаянкі, паселішчы, могільнікі, свяцілішчы, майстэрні і інш.), рэчы і іх катэгорыі (прылады працы, прадметы побыту, матэрыялы духоўнай культуры), выяўленыя ў час археалагічных раскопак; узнаўляе сац.-эканам. гісторыю эпох, што недастаткова або зусім не адлюстраваны ў пісьмовых крыніцах, даследуе шэраг пытанняў, якія вывучаюцца і сумежнымі навукамі — этнаграфіяй, антрапалогіяй, палеанталогіяй і інш.; цесна звязаны з дапаможнымі гіст. дысцыплінамі — нумізматыкай, сфрагістыкай, эпіграфікай. Археалогія падзяляецца па эпохах (каменны век, бронзавы век, жалезны век, сярэднявечча), часам па крыніцах, культурна-гіст. абласцях, этнічных прыкметах (скіфскі перыяд, антычныя дзяржавы, славянская археалогія). Паводле храналаг. і тэр. падзелу своеасаблівых рыс помнікаў вылучаюцца т.зв.археалагічныя культуры. Важным пытаннем з’яўляецца класіфікацыя і датаванне здабытых пры раскопках рэчаў. У археалогіі выкарыстоўваюць спецыфічныя метады даследавання: параўнальна-тыпалагічны метад (вызначэнне культ. прыналежнасці і храналогіі рэчаў шляхам параўнання з аналагічнымі, але ўжо вядомымі), стратыграфія (умовы залягання культ. пласта археал. помнікаў адносна геал. напластаванняў і інш. пластоў), статыстычны (улік масавых знаходак аднолькавага прызначэння), а таксама розныя метады археалагічнага датавання. Важны метад даследавання археал. помнікаў — картаграфаванне. Асобная галіна археалогіі — падводная археалогія — вывучае стараж. і сярэдневяковыя помнікі, што апынуліся пад вадой (у азёрах, рэках, морах). Археал. матэрыялы дапаўняюцца пісьмовымі крыніцамі.
Як навука археалогія аформілася ў 19 — пач. 20 ст. (да гэтага яна вывучала антычнасць і мела мастацтвазнаўчы кірунак). У краінах Зах. Еўропы цікавасць да нац. гісторыі, у т. л. да археалогіі, асабліва ўзмацнілася пасля Вял.франц. рэвалюцыі 1789—93, якая спрыяла абуджэнню нац. самасвядомасці. З павелічэннем колькасці археал. матэрыялаў пачаліся спробы іх класіфікацыі. У 1836 дацкі археолаг К.Ю.Томсен падзяліў помнікі першабытнай эпохі на каменны, бронзавы, жал. вякі, Дж.Лебак падзяліў каменны век на палеаліт і неаліт. Гэту класіфікацыю паглыбіў Е.Я.Ворса, які вызначыў храналогію бронзавага веку паводле абрадаў пахавання. З гэтага часу археалогія становіцца навук. дысцыплінай. З 2-й пал. 19 ст. ва ўсіх краінах свету праводзіліся археал. даследаванні; распрацаваны храналагічная і перыядычная сістэмы, навук. метады раскопак; адбываліся археал. з’езды і кангрэсы. У 1869—83 франц. археолаг Г. дэ Мартылье падзяліў палеаліт на перыяды: шэльскі, ашэльскі, мусцьерскі, салютрэйскі, мадленскі. У Еўропе адкрыты эгейскія цывілізацыі дагамераўскай Грэцыі (Г.Шліман, А.Эванс), на Усходзе — шумерская і вавілонская культуры. Шведскі археолаг А.Мантэліус размеркаваў стараж. рэчы па тыпах, якія пазней звязаў у эвалюц. рады, і, такім чынам, стаў заснавальнікам параўнальна-тыпалагічнага метаду. У пач. 20 ст. чэшскі археолаг Л.Нідэрле надрукаваў збор славянскіх старажытнасцяў і даказаў агульныя рысы культуры славян. Дзякуючы даследаванням А.С.Уварава, Д.Я.Самаквасава, Л.К.Іваноўскага, У.І.Сізова, А.А.Спіцына ўзнікла славяна-руская археалогія.
На Беларусі археал. раскопкі пачаліся ў канцы 18 — пач. 19 ст., археал. помнікі даследавалі Т.Нарбут, З.Я.Даленга-Хадакоўскі, К.П. і Я.П.Тышкевічы, А.Г.К.Кіркор, Е.Р.Раманаў, У.З.Завітневіч, В.А.Шукевіч, М.Ф.Кусцінскі, М.М.Турбін, Г.Х.Татур, Л.Ю.Лазарэвіч-Шапялевіч, З.Глогер, М.В.Фурсаў, С.Ю.Чалоўскі і інш. На актывізацыю археал. даследаванняў паўплываў 9-ы археал. з’езд у Вільні (1893). У 1925 пры Інбелкульце створана гісторыка-археал. камісія, у 1927 адкрыта кафедра археалогіі (з 1929 археал. камісія ў Ін-це гісторыі Бел.АН, з 1932 секцыя археалогіі). У даваенны час археал. даследаванні праводзілі А.М.Ляўданскі, К.М.Палікарповіч, С.А.Дубінскі, А.Дз.Каваленя, І.А.Сербаў, С.С.Шутаў і інш. У 1930-я г. многія археолагі рэпрэсіраваны і загінулі (Ляўданскі, Дубінскі, Каваленя і інш.). У Зах. Беларусі археал. раскопкі праводзілі У.Галубовіч, Г.Цэгак-Галубовіч, З.Шмід, З.Дурчэўскі і інш. У 1944 у Ін-це гісторыі АН Беларусі створаны сектар археалогіі, з 1980 — аддзел археалогіі з сектарамі, у 1986 сектары пераўтвораны ў аддзелы. У 1973 створана кафедра археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гіст. дысцыплін у БДУ. Бел. археолагі выявілі каля 1300 помнікаў каменнага і бронзавага вякоў, вызначылі іх прыналежнасць да археал. культур (У.Дз.Будзько, У.Ф.Ісаенка, М.М.Чарняўскі, У.П.Ксяндзоў, А.Г.Калечыц, Э.М.Зайкоўскі, В.Ф.Капыцін і інш.), праводзілі мэтанакіраванае вывучэнне помнікаў, культур і этнічных утварэнняў жал. веку (А.Р.Мітрафанаў, Л.Д.Побаль, К.П.Шут, В.І.Шадыра, В.С.Вяргей, М.І.Лашанкоў і інш.). Даследаванні бел. археолагаў дапамаглі ўзнавіць працэс фарміравання ўсх.-слав. племянных аб’яднанняў (дрыгавічоў, крывічоў, радзімічаў), гісторыю стараж. гарадоў (В.Р.Тарасенка, Г.В.Штыхаў, Э.М.Загарульскі, П.Ф.Лысенка, Я.Г.Звяруга, М.А.Ткачоў, З.С.Пазняк, Т.С.Бубенька, В.М.Ляўко, Л.У.Калядзінскі, В.Е.Собаль, Ю.А.Заяц і інш.), матэрыяльную культуру сельскага насельніцтва (Л.У.Дучыц, Я.Р.Рыер, У.У.Багамольнікаў, Т.М.Каробушкіна і інш.). У апошняе дзесяцігоддзе актыўна вывучаліся познасярэдневяковыя помнікі 14—18 ст. (А.А.Трусаў, А.К.Краўцэвіч, В.У.Шаблюк, І.М.Чарняўскі і інш.). Археал. даследаванні на Беларусі праводзілі супрацоўнікі Ін-таў археалогіі і гісторыі матэрыяльнай культуры Расійскай АН (Л.В.Аляксееў, І.І.Арцёменка, Ф.Д.Гурэвіч, Н.М.Гурына, Ю.У.Кухарэнка, В.М.Мельнікоўская, П.А.Рапапорт, Г.Ф.Салаўёва, Э.А.Сымановіч, В.В.Сядоў, П.М.Траццякоў).
Літ.:
Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1—2. Мн., 1970—72;
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;
Белорусская археология: Достижения археологов за годы Советской власти. Мн., 1987;
Вяргей В.С. Археалагічная навука ў БССР, 1919—1941 гг.Мн., 1992;
Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл.Мн., 1993.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Археалогія. Раскоп на паселішчы Бароўка ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл.Да арт.Археалогія. Пантыкапей, рэшткі збудавання 2 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЕ́Т (франц. ballet ад позналац. ballare танцаваць),
від сцэнічнага мастацтва, змест якога выяўляецца ў музычна-харэаграфічных вобразах; вышэйшая форма харэаграфіі.
Належыць да сінт. відаў маст. твор-часці. Аб’ядноўвае музыку, харэаграфію (танец і пантаміму), выяўл. мастацтва. Асновай харэагр. вобраза з’яўляецца танец; у балет уключаюць розныя віды танца: класічны, характарны, народна-сцэнічны, гратэскавы, мадэрн, рытмапластычны, свабодную пластыку. Аснова балета — дзейны танец. Пэўную ролю ў балеце адыгрываюць дывертысмент і пантаміма. Вобразна адлюстроўваючы рэчаіснасць, балет з уласцівай яму ўмоўнасцю здольны да паэт. абагульненняў, увасаблення жыццёвых канфліктаў, сцвярджэння ідэалаў прыгожага. Існуюць балеты-трагедыі і балеты-камедыі, балеты-п’есы і балеты-сімфоніі, балеты сюжэтныя (блізкія да драм. спектакля) і бессюжэтныя, або сімфанічныя (у іх аснове сімф. танец), шматактовыя і аднаактовыя, харэагр. мініяцюры.
Як самаст. від мастацтва складваўся ў Еўропе ў 16—18 ст. (першы спектакль «Камедыйны балет каралевы» паст. ў Францыі ў 1581) і пашырыўся ва ўсім свеце. Тэрмін «балет» узнік у канцы 16 ст. ў Італіі і, як правіла, абазначае еўрап. класічны балет; з 20 ст. так называюць і спецыфічныя танц. паказы, што склаліся ў краінах Азіі, Афрыкі, Усходу. Эстэтыка балета ўвабрала рысы розных маст. кірункаў — класіцызму, рамантызму, імпрэсіянізму, сентыменталізму і інш Станаўленне балета (18—19 ст.) звязана найперш з Францыяй (харэографы Ж.Ж.Навер, Ж.Даберваль, Ф.Тальёні, Ж.Перо), Даніяй (К.Бурнанвіль), Расіяй (І.Вальберх, Ш.Дзідло і А.Глушкоўскі, М.Петыпа, Л.Іваноў, М.Фокін, А.Горскі і інш.). У 20 ст. балетнае мастацтва пашырылася ва ўсім свеце. Вял. ўплыў на яго развіццё зрабілі дзейнасць Фокіна і Рускія сезоны ў Парыжы (з 1909), гастролі Г.Паўлавай, а таксама «свабодны» танец А.Дункан, танец мадэрн (М.Грэхем і інш.), рытмапластычны танец (М.Вігман і інш.). У 1920—30-я г. цэнтрам балетнага мастацтва была Францыя, дзе працавала трупа Рускі балет Дзягілева і створаныя пазней на яе аснове калектывы. У пастаноўках Л.Мясіна, Б.Ніжынскай, Дж.Баланчына, пазней С.Ліфара (1930—50-я г.) атрымалі развіццё фокінскія традыцыі ў спалучэнні з нац. асаблівасцямі. У Вялікабрытаніі ў 1930-я г. пачаў развівацца балет, заснаваны на традыцыях рус. мастацтва, але блізкі да англ.т-ра пантамімы. У ЗША пераважаў танец мадэрн; пастаноўкі Грэхем, Д.Хамфры, пазней Х.Лімона ўзнімалі складаныя сац. і псіхал. праблемы. З 1940-х г. у ЗША і краінах Зах. Еўропы на аснове бессюжэтных балетаў Баланчына пашырыліся т.зв. «сімфанічныя» балеты. Для сучаснага зарубежнага т-ра характэрна разнастайнасць стыляў, жанраў і формаў. Часта балетам наз. харэагр. творы ад бессюжэтнай мініяцюры да шматактовага сінт. відовішча, у якое ўводзяцца спевы, кінакадры, дэкламацыя, шумавыя і светлавыя эфекты, лялькі («татальны тэатр» М.Бежара). Найб. пашыраны аднаактовы балет. Сярод вядомых замежных труп: «Балет XX стагоддзя» на чале з Бежарам, «Балет Елісейскіх палёў» і «Балет Парыжа» (стваральнік абодвух Р.Пці), «Амерыканскі тэатр балета», «Нью-Йоркскі гарадскі балет». У развіццё рас. балетнага мастацтва вял. ўклад зрабілі балетмайстры І.Бельскі, В.Вайнонен, А.Вінаградаў, К.Галяйзоўскі, В.Гардзееў, Ю.Грыгаровіч, А.Ермалаеў, Р.Захараў, Н.Касаткіна і У.Васілёў, Ф.Лапухоў, Л.Лаўроўскі, Б.Эйфман, Л.Якабсон і інш.
Вытокі бел. харэагр. мастацтва ў глыбокай старажытнасці — у гульнях, абрадах, карагодах, дзе танец быў неаддзельны ад песні, гульні, акцёрскага дзеяння. Першыя прафес. танцоры-скамарохі вядомыя на Беларусі з 12 ст.Пач. формы харэагр. мастацтва мелі школьны тэатр, нар. драма, батлейка. Перыяд уздыму танца-балета на Беларусі — 16 ст., калі ў прыватнаўласніцкіх замках і буйных сядзібах дзейнічалі прыватныя балетныя трупы (гл.Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівіла, Слонімскі тэатр Агінскага, Шклоўскі тэатр Зорыча, Ружанскі тэатр Сапегаў), балетныя школы (Гродзенская музычна-тэатральная школа, Нясвіжская балетная школа, Слонімская балетная школа, Шклоўская балетная школа). Найб. таленавітыя бел. прыгонныя танцоры [А.Дарэўская, А.Бжазінскі, М.Малінская, К.Азарэвіч (гл.Азарэвічы), К.Буткевіч, Р.Бекер, М.Рымінскі і інш.] пазней выступалі на варшаўскай і пецярбургскай сцэнах. У 1840-я г.бел. артысты працавалі ў Віцебскім балеце Піёна. Нац. балетны т-р узнік на пач. 1920-х г. Першыя балетныя спектаклі, у т. л. «Капелія» Л.Дэліба, «Зачараваны лес» Р.Дрыга, пастаўлены ў 1920-я г. К.Алексютовічам на сцэне БДТ, які меў і балетную трупу. Беларуская студыя оперы і балета (1930—33) паслужыла асновай для стварэння Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь (першая харэагр. паст. «Чырвоны мак» Р.Гліэра). Значнай вяхой у гісторыі бел. балета стаў першы нац. балет «Салавей» М.Крошнера (паст. 1939, 1940). Пошукі нац. своеасаблівасці працягваліся пры паст.нац. балета «Князь-возера» В.Залатарова (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Падстаўная нявеста» (1958), «Святло і цені» (1963), «Пасля балю» (1971) Г.Вагнера, «Мара» (1961), «Альпійская балада» (1967), «Тыль Уленшпігель» (1974, 2-я рэд. 1978) Я.Глебава, «Страсці» («Рагнеда», 1995) А.Мдывані, «Кругаварот» («Народны трылер», 1996) А.Залётнева і інш. У пастаноўках В.Елізар’ева «Стварэнне свету» А.Пятрова (1976), «Тыль Уленшпігель» (2-я рэд., 1978), «Спартак» А.Хачатурана (1980), «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага (1982), «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа (1983), «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага (1986), «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева (1988) на высокім узроўні ўвасабляюцца грамадска значныя філас. тэмы, інтэнсіўна абнаўляюцца сродкі выразнасці, фарміруюцца новыя прынцыпы харэагр. паэтыкі і эстэтыкі. У 1970—90-я г.бел. балет атрымаў міжнар. прызнанне ў час гастроляў у краінах Еўропы, Лац. Амерыкі, ЗША, Азіі і інш. Балеты бел. кампазітараў паст. ў Маскве, С.-Пецярбургу, Ніжнім Ноўгарадзе, Новасібірску, Львове, Самары, Чэлябінску, Хельсінкі. У Мінску працуе Дзяржаўнае харэаграфічнае вучылішча Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Красовская В. Западноевропейский балетный театр: Очерки истории: От истоков до середины XVIII в. Л., 1979;
Яе ж. Русский балетный театр от возникновения до середины XIX в. Л.;
М., 1958;
Яе ж. Русский балетный театр второй половины XIX в. Л.;
М., 1963;
Слонимский Ю. Советский балет: Материалы к истории сов. балетного театра. М.; Л., 1950;
Чурко Ю.М. Белорусскнй балет. Мн., 1966;
Яе ж. Белорусский балетный театр. Мн., 1983;
Яе ж. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988;
Мушинская Т.М. Гармония дуэта. Мн., 1987;
Яе ж. Гаркавы смак ісціны: Партрэты. Мн., 1993;
Гришенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989.
Т.М.Мушынскі.
Сцэна з балета «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава. 1978.Сцэна з балета «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага. Вялікі балет маркіза дэ Куэваса. Парыж. 1960.Сцэна з балета «Жызэль» А.Адана. Парыжская опера.Сцэна з балета «Князь-возера» В.Залатарова. 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ НАВУКО́ВЫЯ І КУЛЬТУ́РНА-АСВЕ́ТНЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ ЗА МЯЖО́Й.
Прадстаўнікі бел. дыяспары першай эміграцыйнай хвалі (склалася на рубяжы 19—20 ст. і ў 1-ю сусв. вайну) сваіх нац. арг-цый не мелі і часта далучаліся да рус. ці польскіх згуртаванняў. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі найбольш актыўна культ. дзейнасць вялася ў Літве, Латвіі, Чэхаславакіі, ЗША, Аргенціне, Францыі. Дзейнічалі Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Коўне (Літва), Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф.Скарыны ў Празе (Чэхаславакія), Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства, «Бацькаўшчына», «Рунь» (1924), «Беларуская хата» ў Латвіі. Выхадцы з Зах. Беларусі складалі большасць створаных у 1930-я г.рус. клубаў у Канадзе. У канцы 1920 — сярэдзіне 1930-х г. дзейнічалі Бел.-ўкр. саюз у Бразіліі, Бел.культ.-адукац.т-ва ў ЗША, Саюз укр. і бел. работніцкіх арг-цый у Аргенціне. У Аргенціне згуртаванню беларусаў спрыялі культ.-асв. т-вы ў Буэнас-Айрэсе — «Грамада» (1934), «Культура» (1936), Беларускае культурнае таварыства «Белавежа», «Т-ва б-кі імя Івана Луцкевіча» (1937, Вільня-Крэспа), б-кі імя Я.Купалы (1934, Камадора-Рывадавія) і інш. У 1939 яны аб’ядналіся ў Федэрацыю беларускіх арганізацый. У Францыі ў 1930 засн.Беларускі хаўрус, у 1938 Бел.жан. грамада імя А.Пашкевіч. Пасля 2-й сусв. вайны бел. эміграцыя вылучалася значнай колькасцю інтэлігенцыі, заявіла аб сабе як аб самастойнай бел.этн. супольнасці за межамі Бацькаўшчыны, стварыўшы ўстойлівыя нац. асяродкі. Арганізаванае нац.-культ. жыццё пачалося з канца 1940-х г. Свае арг-цыі беларусы стварылі ў Германіі ў лагерах для перамешчаных асоб: Крывіцкае навуковае таварыства імя Ф.Скарыны (1946), Бел.бібліягр. служба (1946), Бел.культ.-асв.т-ва (1948), Бел.-груз.-ўкр. клуб (1950). Навук.-культ. асяродкамі ў г. Ляймен сталі Інстытут беларусаведы і Беларускі музей. У 1955—66 у Мюнхене дзейнічаў філіял Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку (БІНіМ) — адносна самаст. ўстанова, праца якой была звязана з удзелам бел. навукоўцаў у рабоце Ін-та вывучэння СССР. З філіялам супрацоўнічалі С.Станкевіч, С.Кабыш, А.Марговіч, У.Дудзіцкі і інш.У Бельгіі ў 1947 засн.Бел.цэнтр.к-т на Валоніі, у 1949 створана бел.акад. каталіцкае т-ва «Рунь», дзейнічаў Саюз беларусаў Бельгіі (1947—60-я г.). У ЗШАнайб. колькасць навукоўцаў, творчай інтэлігенцыі сканцэнтравалася ў 1950-я г., сюды з Германіі пераехалі Крывіцкае навук.т-ва імя Ф.Скарыны, Бел.бібліягр. служба і Аб’яднанне бел. лекараў на чужыне. У 1951 у Нью-Йорку засн.Бел.ін-т навукі і мастацтва. Зборам інфарм. матэрыялаў пра Беларусь займаецца Бел.-амер. інфарм. служба (штат Пенсільванія). Працуюць бел. грамадска-культ. цэнтры і дамы ў Кліўлендзе («Полацак»), Нью-Йорку, Саўт-Рыверы, Чыкага, Дэтройце, Стронгсвілі. У Саўт-Рыверы культ. праграмы каардынуе Згуртаванне беларускіх мастакоў і ўмельцаў, якое супрацоўнічае з каледжамі і ун-тамі штатаў Нью-Джэрсі і Пенсільванія. Працуюць Беларуска-амерыканскае задзіночанне, Злучаны беларуска-амерыканскі дапамогавы камітэт, Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі, Арганізацыя беларуска-амерыканскай моладзі, Беларуска-амерыканскае аб’яднанне і інш. З 1958 адным з цэнтраў бел.культ. і навук. жыцця ў Нью-Йорку стала Фундацыя імя П.Крачэўскага. З 1974 тут працуе бел.б-ка і музей, дзе збіраецца л-ра, дакументы, матэрыялы, пісьменніцкія архівы, рэд. архівы Часопісаў і газет. У Канадзе ў 1950—60-я г. дзейнічаў Бел. даследчы ін-т імя К.Каліноўскага, які выдаваў дакументы і матэрыялы па навейшай бел. гісторыі. З 1967 у Таронта працуе Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ), Беларускае нацыянальнае аб’яднанне, Згуртаванне беларусаў Канады, грамадска-культ. цэнтр, Беларускі выдавецка-мастацкі клуб «Пагоня», сябры якога — беларусы з Аўстраліі, ЗША, Бельгіі, Англіі, Францыі, Германіі і інш.У Вялікабрытаніі працуе Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі, цэнтрамі навук.-культ. жыцця сталі Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны і Англа-беларускае таварыства, дамы ў Брадфардзе (1948, пры ім у 1964 адкрыты Бел. юнацкі клуб, у 1970 грамадскі клуб «Сакавік») і Манчэстэры (1954). У Польшчы ў мэтах каардынацыі нац. і культ. жыцця беларусаў у 1956 было засн.Беларускае грамадска-культурнае таварыства, культ.-асв. работу вядуць бел.літ.-маст. аб’яднанне «Белавежа», Беларускае аб’яднанне студэнтаў, Брацтва правасл. моладзі, Рада культуры студэнтаў бел. нацыянальнасці пры Згуртаванні польскіх студэнтаў і інш. Рэгіянальны асяродак бел. культуры ствараецца ў Гайнаўцы, цэнтрам якога стаў Гайнаўскі музей помнікаў беларускай культуры. У Аўстраліі цэнтры грамадска-культ. жыцця сфарміраваліся ў Адэлаідзе, Брысбене, Мельбурне, Перце, Сіднеі. Значную работу праводзяць Беларускае аб’яднанне ў Аўстраліі, Бел. аб’яднанне ў Зах. Аўстраліі, Бел.культ.-грамадскі клуб у Феерфілдзе і інш., дзейнасць якіх каардынуе Федэральная рада беларускіх арганізацый. У Аргенціне ў 1948—57 дзейнічала Згуртаванне беларусаў Аргенціны. З 1960-х г. арг-цыі бел. эміграцыі паступова страцілі сваю нац. адметнасць: Федэрацыя бел. арг-цый далучылася да Славянскага саюза Аргенціны, замест ранейшых бел. т-ваў склаўся шэраг клубаў. З 1984 дзейнічае «Федэрацыя сав. грамадзян Аргенціны», куды ўвайшлі прадстаўнікі бел. дыяспары. У Іспаніі пры Цэнтры па вывучэнні краін Усходу (Мадрыд) у 1956 створана бел. секцыя пад кіраўніцтвам Я.Сурвілы, які таксама ўзначальваў Бел. акадэміцкае згуртаванне (засн. ў 1952). Для супрацоўніцтва былі запрошаны бел. навукоўцы, якія друкаваліся ў ісп.час. «Oriente» («Усход»). У 1952 пры Цэнтры абмену еўрап. культуры засн.Інстытут беларусаведы імя Льва Сапегі ў Мадрыдзе, які прапагандуе веды пра Беларусь сярод народаў Іспаніі і Зах. Еўропы. У рэспубліках СССР (пасля 1991 — незалежных дзяржавах) культ.-асв. суполкі, згуртаванні з’явіліся ў асн. ў канцы 1980-х г., сярод іх Т-вабел. культуры імя Ф.Скарыны (Масква, 1988), «Світанак» (Рыга, 1988), Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў С.-Пецярбургу, Згуртаванне беларусаў у Кохтла-Ярве (Эстонія, з 1991 наз.Беларуска-эстонскае згуртаванне ў г. Йыхві), Аб’яднанне бел. мастакоў краін Балтыі «Маю гонар» (1991), Бел.культ. цэнтр «Світанак» (Ташкент) і інш.Гл. таксама Беларускія культурныя згуртаванні і раздзел пра бел. дыяспару ў арт.Казахстан, Латвія, Літва, Малдова, Расія, Узбекістан, Украіна, Эстонія, Аргенціна, Аўстралія, Аўстрыя, Балгарыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, ЗША, Іспанія, Канада, Польшча, Францыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРА́НСТВА,
саслоўе свецкіх землеўладальнікаў, якое валодала спадчыннымі прывілеямі; адзін з пануючых класаў у феад. грамадстве. Першапачаткова значэнне рус. тэрміна «Д.» і зах.-еўрап. тэрмінаў, якія перакладаюцца як Д., не зусім ідэнтычнае: на Русі — гэта пры сваім узнікненні ваенна-служылы слой, які проціпастаўляецца баярству, у Зах. Еўропе тэрміны (noblesse у Францыі, nobility у Англіі, Adel у Германіі) першапачаткова азначалі арыстакратыю, знаць (ад лац. nobilis знатны). З умацаваннем цэнтралізаванай дзяржавы і аб’яднаннем усіх свецкіх феадалаў у адзінае саслоўе гэтыя тэрміналагічныя адрозненні знікалі. Д. належала прамое паліт. панаванне ў феад. грамадстве. Асновай яго паліт. і эканам. магутнасці была ўласнасць на зямлю. Сярод інш. саслоўяў Д. вылучалася становішчам, прывілеямі, выхаваннем, побытам, асобым кодэксам дваранскай маралі.
У Заходняй Еўропе Д. фарміравалася па меры станаўлення феад. саслоўяў, але канчаткова як адзінае саслоўе свецкіх феадалаў складвалася разам з ліквідацыяй феад. раздробленасці ў саслоўных і абсалютных манархіях. У асяроддзі Д. існавала пэўная іерархія, падзел на вышэйшае і ніжэйшае Д. (не заўсёды замацаваны юрыдычна): бароны і рыцары ў Англіі, гранды і ідальга ў Іспаніі, магнаты і шляхта ў Польшчы і ВКЛі г.д. Да вышэйшага Д. прылічвалі найб.стараж. арыстакратычныя роды. Дваранскую іерархію ў некат. ступені адлюстроўвалі шматлікія тытулы — герцаг, маркіз, граф, барон, віконт і інш. Становішча Д., ступень яго адасобленасці ад інш. саслоўяў, паўната яго прывілеяў у розных краінах былі розныя. У Францыі Д. было вызвалена ад падаткаў, жыло за кошт рэнты, служыла ў арміі або пры двары, у дзярж. апараце. Лічылася, што праца, прадпрымальніцтва, гандаль прыніжаюць дваранскую годнасць. Вышэйшае Д. звычайна з’яўлялася носьбітам сепаратысцкіх памкненняў на карысць феад. раздробленасці, ніжэйшае служыла апорай каралеўскай улады ў палітыцы цэнтралізацыі. У некат. краінах спецыфічныя ўмовы развіцця прывялі да непасрэднага паліт. панавання Д. — пры аслабленні каралеўскай улады («шляхецкая рэспубліка» ў Рэчы Паспалітай 16—18 ст.). Са стварэннем феад.-абсалютысцкай дзяржавы Д. гуртуецца вакол каралеўскай улады. Ва ўмовах абсалютызму крыніцай існавання Д. акрамя феад. рэнты становіцца яшчэ т.зв. цэнтралізаваная рэнта, якая раздавалася каралеўскай уладай у выглядзе жалавання, пенсій, субсідый. У ходзе развіцця капіталіст. адносін адна частка Д. здолела да іх прыстасавацца, стала на шлях бурж. прадпрымальніцтва, другая па-ранейшаму трымалася за чыста феад. формы гаспадарання і паступова разаралася. Знішчэнне Д. як прывілеяванага саслоўя і яго паліт. панавання было адной з задач бурж. рэвалюцый. Аднак Д. звычайна ўдавалася зберагчы некат. прывілеі. Гэтаму садзейнічала і зліццё ў перыяд капіталізму часткі Д. з буржуазіяй. Асабліва доўга, калі не юрыдычна, то фактычна, захоўваліся такія прывілеі Д., як каставасць каманднага складу арміі, вярхоў дзярж. апарата, дыпламат. корпуса, дваранскія тытулы і інш.
У краінах Усходу Д. найб. выразна акрэслілася ў Японіі ў выглядзе ваенна-феад. саслоўя (бусі), якое ўключала буйных князёў (дайме) і шматлікі слой дробнага ваеннага Д. — самураяў. У Кітаі феад. іерархія ўключала 6 тытулаў: ван, гун, хоу, бо, цзы, нань. У краінах мусульм. Усходу пры юрыд. роўнасці ўсіх мусульман перад законам на практыцы існавала дакладнае размежаванне насельніцтва на «знаць» і «просты народ».
У Расійскай дзяржаве Д. як ніжэйшая праслойка феад. ваенна-служылага саслоўя ўзнікла ў 12—13 ст., складала двор князя або буйнога баярына. Дваранамі наз.т.зв. «вольных слуг», якія атрымлівалі зямельныя надзелы на час вайск. службы ў князёў і найб. багатых баяр. У працэсе аб’яднання рус. зямель у цэнтралізаваную дзяржаву Д. стала сац. і ваен. апорай вял. князя ў барацьбе з феад. міжусобіцамі. Судзебнік 1497 юрыдычна прызнаў Д. катэгорыяй пануючага класа феадалаў. Паводле перапісу 1678, дваране валодалі 85% прыгонных двароў. З 17 ст. радавое Д. запісвалася ў дзярж. радасловец і Аксамітную кнігу. Адмена месніцтва і ўказ Пятра 1 пра адзінаспадчыннасць (1714) ліквідавалі розніцу паміж Д. і баярамі і злілі іх у адзін клас Д. У 18 ст. правы і прывілеі Д. пашыраны: у 1722 яно атрымала прывілеі на дзярж. і вайск. службу, у 1762 манаполію на землеўладанне і вызвалена ад абавязковай дзярж. службы, у 1785 неабмежаваныя правы над прыгоннымі сялянамі. У выніку сял. рэформы 1861 Д. страціла неабмежаваныя правы над сялянамі і частку зямель, але захавала пануючае становішча ў кіраванні дзяржавай, паліт. жыцці, вял. зямельныя ўладанні. У канцы 19 ст. ў еўрап.ч. Расіі 30 тыс. памешчыцкіх сем’яў (каля 150 тыс.чал.) мелі 70 млн. дзесяцін зямлі, а 10,5 млн.сял. гаспадарак (каля 50 млн.чал.) — 75 млн. дзесяцін.
У Беларусі ў Д. пераведзена шляхтаВКЛ, якая атрымала дваранскія правы пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. У 1770-я г. Кацярына II раздавала рус. дваранам надзелы з дзесяткамі тысяч дзяржаўных прыгонных. У Магілёўскай губ. Завадоўскі атрымаў 25 860 прыгонных, Пацёмкін — 14 250, Зорыч — 11 800, Румянцаў — 11 100 і г.д. 3 развіццём капіталіст. адносін пачаўся эканам. заняпад часткі Д. Але і пасля адмены прыгону Д. ў Беларусі захавала пануючае становішча. Дваранам належалі ўсе адм. пасады ў губернях, права кіраваць установамі па сял. і вайск. справах, прызначаць міравых суддзяў. Па ўдзельнай вазе дваранскага землеўладання Беларусь займала 2-е месца ў еўрап.ч. Расіі пасля прыбалт. губерняў. У Беларусі было 14 магнацкіх сем’яў, ва ўласнасці якіх у 1870—80-я г. знаходзілася чацвёртая частка агульнай плошчы памешчыцкай зямлі (у Патоцкіх 261 тыс.дзес., Радзівілаў 178 тыс.дзес., Пуслоўскіх 160,1 тыс.дзес., Тышкевічаў 148,6 тыс.дзес. і інш.). Найб. ўладанні былі ў кн. П.Л.Вітгенштэйна — больш за 790 тыс.дзес. Як саслоўе Д. скасавана дэкрэтам ЦВК і СНК ад 24.11.1917 «Аб знішчэнні саслоўяў і грамадзянскіх чыноў».
Літ.:
Люблинская АД. Франция в начале XVII в (1610—1620 гг.). Л., 1959;
Яблочков М. История дворянского сословия в России. СПб., 1876;
Корелин А.П. Дворянство в пореформенной России, 1861—1904 гг.: Состав, численность, корпоративная организация. М., 1979;
Каханоўскі А.Г. Дваранства Беларусі ў другой палове XIX ст.: Склад і сацыяльнае аблічча // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь: Новыя канцэпцыі і падыходы. Мн., 1994. Ч. 1;
Запруднік Я. Дваранства і беларуская мова // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1993. Кн. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНГУШЭ́ЦІЯ, Рэспубліка Інгушэція,
у складзе Рас. Федэрацыі. Размешчана на Паўн. Каўказе. Пл. 3,6 тыс.км². Нас. 300 тыс.чал. (1997), гарадскога 30%. Сярэдняя шчыльн. 83 чал. на 1 км². Жывуць інгушы, рускія, чэчэнцы, асеціны, украінцы, туркі і інш., а таксама больш за 100 тыс. бежанцаў і вымушаных мігрантаў. Сталіца — г.Магас.
Прырода. І. займае цэнтр.ч.паўн. схілаў Вял. Каўказа. На Пн нізкагорныя Церскі і Сунжэнскі хрыбты (выш. да 664 м) і Алханчуртаўская даліна. У межах І. горы ўтвараюць сістэму паралельных хрыбтоў-куэстаў (Скалісты, Пашавы). На Пд заходзіць Бакавы хр. з вышэйшым пунктам г. Шан (4451 м). Паміж Пашавым і Бакавым хрыбтамі размешчана Тарская катлавіна. З карысных выкапняў найб. значэнне маюць нафта і буд. матэрыялы. Клімат умерана кантынентальны. Лета ў катлавінах цёплае, у гарах халаднаватае, зіма мяккая, у гарах умерана халодная. Сярэдняя т-раліп. ад 24 °C у катлавінах да 8 °C у гарах, студз. адпаведна ад -3 °C да -10 °C. Гадавая колькасць ападкаў на нізка- і сярэднягор’ях 500—700 мм, на высакагор’ях да 1000—1200 мм. Гал.р. Сунжа (з прытокам Аса), пачынаецца з высакагорных ледавікоў, належыць да бас.р. Церак. Вада рэк выкарыстоўваецца для арашэння. На Пн буйны Алханчуртаўскі канал. Глебы ў паўн.ч. карбанатныя чарназёмы, у гарах горна-лясныя і горна-лугавыя. Расліннасць стэпавая і лесастэпавая, у гарах да выш. 1800—2000 м шыракалістыя лясы (пераважна бук, граб, дуб), вышэй субальпійскія і альпійскія лугі. У стэпах і лесастэпах шмат грызуноў, з птушак — драфа, дзікія качкі, гусі, у далінах рэк — каўказскі фазан. У гарах — куніца, буры мядзведзь, дзік, тур, казуля і інш.
Гісторыя. Першыя ўпамінанні пра інгушоў адносяцца да 7 ст. У час ранняга сярэдневякоўя б.ч. І. ўваходзіла ў склад дзяржавы Аланія. У 13 ст.тэр. І. пацярпела ад нашэсця мангола-татар, у канцы 14 ст. — войск Цімура. Першапачаткова — хрысціяне, у 2-й пал. 17 ст. інгушы прынялі іслам (суніцкага толку). У пач. 18 ст. пачаліся культ. і эканам. сувязі з Расіяй. У 1810 І. ўвайшла ў склад Рас. імперыі (ч. інгушоў удзельнічала ў нац.-вызв. барацьбе народаў Каўказа, у т. л. ў Каўказскай вайне 1817—64). З 2-й пал. 19 ст. за племем галгай замацавалася этн. назва інгушы (ад аула Ангуш, або Інгуш). З 1921 у складзе Горскай АССР. 7.7.1924 утворана Інгушская аўт.вобл. у складзе РСФСР, у 1934 аб’яднана з Чэчэнскай аўт.вобл. ў Чэчэна-Інгушскую аўт.вобл., якая ў 1936 пераўтворана ў аўт. рэспубліку. У Вял.Айч. вайну вял. частка тэр. І. акупіравана ням.-фаш. войскамі. У 1944 у выніку сталінскіх рэпрэсій рэспубліка скасавана, а насельніцтва абвінавачана ў супрацоўніцтве з гітлераўцамі і дэпартавана ў Сярэднюю Азію, Сібір і Казахстан. У 1957 нац. аўтаномія і правы інгушоў часткова адноўлены. На рэферэндуме ў снеж. 1991 97% інгушоў выказаліся за стварэнне незалежнай рэспублікі. У сак. 1992 пастановай Вярх. Савета Расіі ўтворана Інгушская Рэспубліка ў складзе Рас. Федэрацыі. У ліп.Вярх. Савет Расіі прыняў пастанову, паводле якой у склад І. ўвайшла тэр.б. Інгушскай аўт.вобл. (у межах да 1934), г. зн. зах. частка а б. Чэчэна-Інгушскай Рэспублікі і ўсх. частка Паўн. Асеціі. З кастр. 1992 пачаліся ўзбр. сутычкі паміж інгушамі і асецінамі, выкліканыя тэр. прэтэнзіямі інгушоў. У ліст. 1992 дэкрэтам прэзідэнта Рас. Федэрацыі ў І. аб’яўлена ваен. становішча і ўведзены войскі. У студз. 1993 заключана пагадненне з Паўн. Асеціяй, якое прадугледжвала раззбраенне ўсіх нелегальных фарміраванняў, што дзейнічалі на абодвух баках. На выбарах у лют. 1993 першым прэзідэнтам абраны Р.Аўшаў.
Гаспадарка. Пасля распаду Чэчэна-Інгушскай АССР (1992) на тэр. І. засталося менш за 10% асн.вытв. магутнасцей. Прам-сць сканцэнтравана ў гарадах Малгабек і Назрань. Асн. галіны прам-сці: нафта- і газаздабыўная, газаперапр., маш.-буд., харч., лёгкая, буд. матэрыялаў. Здабыча нафты (з газавым кандэнсатам) 110 тыс.т (1996). Цэнтр здабычы нафты і газу, перапрацоўкі газу — раён г. Малгабек. Прадпрыемствы маш.-буд. (з-д электраінструментаў) і лёгкай прам-сці (трыкат.ф-ка) у г. Назрань. Харч.прам-сць уключае мукамольную, кансервавую, мясную, вінаробчую. Прам-сцьбуд. матэрыялаў прадстаўлена цагельнымі з-дамі. Будуюцца (1996) кандытарская ф-ка і домабуд. камбінат у г. Малгабек. С.-г. ўгоддзі займаюць 64% тэр. І. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых (кукуруза, пшаніца, авёс, ячмень) і тэхнічных (цукр. буракі, сланечнік) культур, садавіны, вінаграду і агародніны. Збор (тыс.т., 1995): збожжа — 80,2, агародніны — 7,8. Развіты мясная і малочная жывёлагадоўля (пагалоўе буйн. раг. жывёлы 49,1 тыс. галоў, 1995), танкарунная авечкагадоўля, птушкагадоўля. Па тэр. І. праходзяць чыг. Растоў-на-Доне—Баку, аўтадарога Грозны—Беслан; нафтаправод Грозны—Туапсэ, газаправод Грозны—Уладзікаўказ. У г. Назрань будуецца міжнар. аэрапорт.
Літаратура інгушскага народа развіваецца з пач. 20 ст. Блізкасць моў, агульнасць фалькл. вытокаў і гіст. лёсаў інгушскага і чэчэнскага народаў абумовілі ўзаемасувязь іх л-р (гл. ў арт.Чэчэнская Рэспубліка). Складальнікам першага інгушскага алфавіта (на аснове лац. графікі) і зачынальнікам пісьмовай л-ры І. быў З.Мальсагаў (аўтар п’есы «Выкраданне дзяўчыны», 1923). У перыяд станаўлення пісьмовай л-ры пераважалі малыя жанравыя формы: вершы, нарысы, апавяданні (Х.Асміеў, Х.-Б.Муталіеў). Пашырэнне тэматычнага і жанравага дыяпазону выявілася ў л-ры, прысвечанай падзеям Вял.Айч. вайны. Творы антыфаш., патрыят. зместу стваралі Дж.Яндзіеў (у паэзіі), І.Базоркін (у драматургіі). Актыўнае развіццё л-ры пачалося ў пасляваен. гады (зб-кі паэзіі С.Азіева, А.Веджызева, Б.Зязікава, Яндзіева, кнігі прозы А.Бокава, М.-С.Пліева і інш.). Шырынёй ахопу гіст. падзей, актуальнасцю маральна-этычных, сац.-паліт. праблем вызначаюцца раманы С.Чахкіева («Залатыя слупы», 1965—66), Пліева («Цяжкі перавал», 1974), Бокава («Сыны Бекі», кн. 1—2, 1967—69; «Барвовыя зоры», 1974; «Зоркі між зорак», 1978), драм. творы Базоркіна, Чахкіева, А.Мальсагава і інш. У 1989 на бел. мове асобным выданнем выйшла аповесць А.Мальсагава «Прымі падарожніка, дарога!» ў пер. У.Марука.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ШТА (польск. poczta, італьян. posta ад позналац. posita прыпынак, станцыя, дзе мянялі коней),
паштовая сувязь, від сувязі, які ажыццяўляе рэгулярную перасылку паштовых адпраўленняў — пісьмовай карэспандэнцыі, перыяд. выданняў, грашовых пераводаў, бандэролей, пасылак — пераважна з дапамогай трансп. сродкаў.
Напачатку паштовая сувязь была эпізадычная. З узнікненнем дзяржаў пачала набываць упарадкаваны характар. У Стараж. Грэцыі, Рыме, Персіі, Егіпце, Кітаі існавала даволі наладжаная дзярж. паштовая сувязь: пісьмовыя паведамленні перасылаліся з коннымі і пешымі ганцамі паводле прынцыпу эстафеты. У сярэдневяковай Еўропе існавалі манастырскія і універсітэцкія П., з развіццём гандлю і рамёстваў з’явілася гарадская П. У 16—17 ст. у Францыі, Швецыі, Англіі і інш. краінах існавала цэнтралізаваная каралеўская П. З развіццём вытв. адносін узнікла патрэба ў рэгулярнай і хуткай паштовай сувязі, у т. л. паміж краінамі. Важны этап у гісторыі П. — выпуск паштовай маркі (1840, Вялікабрытанія). У 1874 створаны Усеагульны паштовы саюз (з 1878 — Сусветны паштовы саюз). У 1878 заключана Сусветная паштовая канвенцыя, што рэгулюе абмен карэспандэнцыяй.
На Беларусі дакладна невядома, калі ўзнікла паштовая сувязь, аднак ужо пад 885 у «Аповесці мінулых часоў» гаворыцца аб тым, што князь Алег накіраваў пасланцоў да радзімічаў. У 10 ст. існаваў «павоз» — абавязак насельніцтва даваць коней з павозкамі для княжацкіх ганцоў «ад стану да стану». У Віцебску і Мсціславе знойдзены стараж. пісьмы — берасцяныя граматы 13—14 ст. У ВКЛ 14—15 ст. існавала паштовая княжацкая служба — ганцы. Вял. і ўдзельныя князі трымалі ганцоў для перасылкі ўказаў, вусных і пісьмовых паведамленняў. Пад 1539 бел. летапісы згадваюць т.зв. «пісьманосцаў». Першыя паштовыя ўстановы ў ВКЛ створаны пасля 1558 намаганнямі вял. князя Жыгімонта II Аўгуста. Пачалося буд-ва паштовых дарог, станцый (праз кожныя 3—7 вёрст) і корчмаў. З 1558 наладжана пастаянная сувязь паміж Варшавай і Вільняй. У 1583 Стафан Баторый увёў плату за пісьмы па іх вазе (існавала да сярэдзіны 17 ст.). Паштовая сувязь у ВКЛ мела шмат агульнага з ямской службай у Расіі. Уздоўж гал. паштовых шляхоў размяшчаліся паштовыя станцыі — «ямы» (адсюль ямшчыкі — возчыкі пасажыраў і П.). У 1658 у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) такія «ямы» пабудаваны ў Полацку. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай усталёўваліся паштовыя сувязі. Паштовы шлях пралягаў ад Масквы праз Смаленск да мяст. Мігнавічы ў Смаленскім ваяв., далей праз мяжу ВКЛ да мястэчка Кадзін Мсціслаўскага ваяв., далей праз Магілёў і Мінск на Вільню. Паштовыя сувязі паміж Масквой і Вільняй адкрыліся 11.3.1669. У снежні 1707 прайшла першая П. па тракце Барысаў—Быхаў, у 1708 пабудаваны паштовыя дарогі Віцебск—Копысь, Быхаў—Чарнігаў (праз Гомель). У 1726 Гродзенскі сейм прыняў рашэнне аб арганізацыі П. ў Навагрудскім ваяв. З 1764 паштмайстры ВКЛ прыносілі прысягу на вернасць Рэчы Паспалітай. У 18 ст. ў ВКЛгал. трактамі былі: Вільня—Трокі—Варшава (з адгалінаваннем на Брэст), Вільня—Мінск—Магілёў—Масква, Навагрудак—Мінск—Гродна—Вільня. Пасля далучэння бел. зямель да Рас. імперыі з 1777 пачаліся работы па аднаўленні буд-ва паштовых дарог і станцый. У «Паштовым падарожніку» за 1777 паведамлялася пра адкрыццё ў некат. бел. гарадах паштамтаў і прызначэнні паштмайстраў. У 1780 наладжана паштовая сувязь паміж бел. і ліфляндскімі губернямі. У 1798 адкрыты паштовыя канторы ў Рагачове, Себежы і Веліжы. У снежні 1857 выпушчана першая паштовая марка Рас. імперыі. Раней замест маркі ў паштовай справе выкарыстоўвалі паштовыя штэмпелі. Першы мінскі штэмпель вядомы з 1778, гродзенскі — з 1806, віцебскі — з 1810, пінскі — з 1843. У 1-й пал. 19 ст. штэмпелі мелі толькі назву месца адпраўлення карэспандэнцыі, дата ставілася ад рукі. У 2-й пал. 19 ст. ўведзены адзіны для ўсёй Рас. імперыі круглы штэмпель. Акрамя дзярж. існавала П. земстваў (не атрымала вял. пашырэння) і валасных праўленняў. 1.7.1886 утворана Мінская паштова-тэлеграфная акруга (Мінская і Магілёўская губ.). У 1-ю сусв. вайну на Беларусі дзейнічалі палявыя П. рас. арміі з цэнтрамі ў Мінску і Полацку. У 1918 паштова-тэлеграфнай справай на Беларусі займалася Смаленскае паштова-тэлеграфнае ўпраўленне. У ліст. 1918 на яго базе створана паштова-тэлеграфнае ўпраўленне Зах. камуны (вобласці), якое падпарадкоўвалася Наркамату пошт і тэлеграфаў РСФСР. Паўд. раёны Беларусі па лініі Брэст—Мазыр—Ветка падпарадкоўваліся Кіеўскай паштовай акрузе. Пасля ўтварэння БССР 6.1.1919 створаны наркаматы пошт і тэлеграфаў БССР з цэнтрам у Мінску, а 1.3.1919 — такі наркамат ЛітБел з цэнтрам у Вільні. Пасля аднаўлення сав. улады на Беларусі ў ліп. 1920 створаны аддзел нар. сувязі Мінскгубрэўкома, які ў жн. пераўтвораны ў Наркамат пошт і тэлеграфаў БССР.
У сувязі з рэформай кіравання сувяззю 7.9.1922 створана Упраўленне сувязі Зах. акругі, пазней — Наркамат сувязі БССР. Першыя бел.сав. паштовыя маркі выраблены ў 1920—21 у паштовых канторах Мінска, Рагачова, Себежа, Суража, Дрысы, Холмеча. У 1924 у БССР 1 прадпрыемства сувязі прыпадала на 11,6 тыс. жыхароў. У 1925 дзейнічалі 603 паштова-тэлеграфныя прадпрыемствы. У пач. 1930-х г. П. пачалі перавозіць самалётамі. У Вял.Айч. вайну тэхн. база бел. П. знішчана. Пасля вызвалення Беларусі для перавозкі П. выкарыстоўвалі гужавы транспарт. У 1945 адноўлена перавозка П. па чыгунцы. У 1945—46 працавалі 174 канторы, 1778 паштовых аддз. і агенцтваў сувязі, 14 аддз. перавозкі П. па чыгунцы. У 1954 пабудаваны Мінскі паштамт. У 1973 самалёты абслугоўвалі 100 авіяпаштовых ліній. Пасля абвяшчэння незалежнасці бел. П. існуе ў складзе Мін-ва сувязі. 20.9.1995 створана Рэсп.дзярж. аб’яднанне «Белпошта», дзейнічала каля 118 гар. і раённых вузлоў сувязі, каля 4 тыс.аддз. сувязі (1999).
Від паштовай сувязі для абслугоўвання цывільнага насельніцтва ў раёнах, што знаходзяцца пад ваен. кіраўніцтвам, на акупіраваных тэр., дзе не працуюць паштовыя ўстановы. У шэрагу дзяржаў такі від сувязі дзейнічаў у 1-ю сусв. вайну (напр., на акупіраванай тэр. Беларусі герм. камандаванне стварыла «Паштовую вобласць Вярх. галоўнакамандуючага на Усходзе», якая працавала ў 1915—18). Некат. элементы П. ваен. выкарыстоўвала на тэр. Беларусі камандаванне корпуса Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага ў 1-й пал. 1918, а таксама сав.ваен. кіраўніцтва ў Зах. Беларусі (вер. — ліст. 1939). У Вял.Айч. вайну акупац. ўлады Германіі для перапіскі выкарыстоўвалі спец. паштовыя карткі. Гл. таксама Палявая пошта.
Літ.:
Колосов Л.Л. Почтовые дороги Белоруссии. Мн., 1982;
Dąbkowski P. Rys urządzeń pocztowych w dawnej Polsce. Kraków, 1903.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРО́ДА,
у шырокім сэнсе — усё, што існуе (матэрыяльны сусвет) і стаіць у адным шэрагу з паняццямі быццё, матэрыя; у больш вузкім сэнсе — аб’ект вывучэння прыродазнаўчымі навукамі. Разглядаецца таксама як сукупнасць прыродных умоў існавання чалавека з пункту гледжання месца і ролі П. ў сістэме адносін да яе чалавека і грамадства. Існуе незалежна ад чалавека, бясконцая ў прасторы і часе, невычарпальная ў сваіх формах і іх уласцівасцях. Мае структуру і сістэмнасць, знаходзіцца ў стане вечнай змены і развіцця. Чалавек з’яўляецца арган. часткай П, паза якой ён не можа існаваць фізічна і духоўна.
У навуках аб Зямлі паняцце П. мае значэнні: тэр. прыродныя аб’екты (геасістэмы, ландшафты геаграфічныя і інш.), прыродныя комплексы вакол нас. пунктаў і інш. антрапагенных збудаванняў, тэр. ахоўныя аб’екты (запаведнікі, заказнікі) і інш., напр., у геагр. навуцы пад паняццем «П.» разумеюцца геаграфічнае асяроддзе, навакольнае асяроддзе. Адрозніваюць паняцці «першая П.» — непарушаная чалавекам, «другая П.» — пераўтвораная чалавекам (поле, сад), не здольная да самападтрымання на працягу доўгага часу, «трэцяя П.» — штучнаўтвораныя сістэмы (урбанакомплексы, буйныя прадпрыемствы і інш.), якія не здольныя да самападтрымання нават на працягу кароткага часу. Сукупная дзейнасць грамадства аказвае значны ўплыў на П., што патрабуе рацыяналізацыі і рэгулявання іх узаемадзеяння, прыняцця мер па ахове прыроды, пераўтварэнні П. (напр., запланаваная перабудова ландшафтаў), захаванні і кантраляваным выкарыстанні прыродных рэсурсаў і інш.Гл. таксама Геаграфічная абалонка, Прыроднае асяроддзе, Экалогія і інш.
Жывая П. складаецца з няклетачных, аднаклетачных і шматклетачных форм арганізмаў, якія ў сукупнасці з навакольным асяроддзем утвараюць біясферу Зямлі. Жывое рэчыва з’явілася на Зямлі, верагодна, у археі (больш за 3 млрд.г. назад) і прайшло складаны шлях біял.эвалюцыі на працягу геал. эвалюцыі планеты (гл.Геахраналогія). Развіццё біясферы адбывалася ў (залежнасці ад умоў існавання жывых арганізмаў, якія былі абумоўлены сонечнай радыяцыяй, рэльефам паверхні і агульнай цыркуляцыяй атмасферы. Асаблівасці ўмоў нежывой П. з улікам іх змен у гіст. часе і спалучэнні з аб’ектамі і фактарамі біял. эвалюцыі, абумоўліваюць разнастайнасць жывога рэчыва на Зямлі. Падзел пераважнай большасці арганізмаў на расліны (флора) і жывёлы (фауна) грунтуецца пераважна на спосабе жыўлення. Біягеахімічны кругаварот рэчываў у біясферы адбываецца пры ўдзеле жывых істот усіх узроўняў арганізацыі і складаецца ў біял. цыклы, якія ўключаюць 3 асн. звяны: утварэнне ў працэсе фотасінтэзуарган. рэчываў зялёнымі раслінамі т.зв. першаснай прадукцыі (гл.Прадуцэнты); ператварэнне першаснай (расліннай) прадукцыі ў другасную (жывёльную), пераважна шляхам жыццядзейнасці жывёл (гл.Кансументы); разбурэнне першаснай і другаснай біял. прадукцыі бактэрыямі, грыбамі і інш. (гл.Рэдуцэнты). Пры ўмоўным вылучэнні паясоў геаграфічных у суадносінах з кліматам і ў залежнасці ад пануючых у кожнай з кліматычных паясоў (зон) умоў існавання арганізмаў, раслінны і жывёльны свет падзяляецца (у адпаведнасці з паходжаннем, рэльефам і кліматам мацерыкоў і акіянаў) на біягеагр. царствы, падцарствы, вобласці, падвобласці і інш. адзінкі-катэгорыі раянавання зямнога шара, у залежнасці ад выбранай сістэмы біягеаграфічнага раянавання (гл.Арктагея, Натагея, Неагея, Палеагея), якое адлюстроўвае паходжанне і развіццё флоры і фауны пэўнага рэгіёна планеты ў гіст. аспекце і сучасны стан буйных прыродных тэрытарыяльных комплексаў. П. Беларусі вызначаецца знаходжаннем яе тэр. ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. У межах сучаснага біягеагр. раянавання сушы Беларусь належыць да біягеагр. царства Арктагеі, Галарктычнай біягеаграфічнай вобласці Палеарктыкі. Яе тэр. знаходзіцца ў т.зв. пераходнай зоне, якую вылучаюць у складзе Еўрап.-Сіб. біягеагр. вобл. (як адной з ч. Палеарктыкі). Для яе характэрны мяшаны характар флоры і фауны — часткова гэта паўн., таежныя формы, часткова — паўд., характэрныя для шыракалістых лясоў, стэпавыя і міжземнаморскія. Унутры пераходнай зоны змены адных фларыстычных і фауністычных элементаў другімі адбываюцца паступова і маюць агульныя формы. Своеасаблівасць геагр. становішча Беларусі абумоўлівае фарміраванне і існаванне на яе тэр. многіх унікальных прыродных комплексаў, якія маюць статус ахоўных прыродных тэрыторый і акваторый. На Беларусі існуюць 2 запаведнікі (Бярэзінскі біясферны запаведнік і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік — адзіны ў свеце), 4 нацыянальныя паркі (Белавежская пушча, Браслаўскія азёры, Нарачанскі і Прыпяцкі), 89 заказнікаўрэсп. значэння агульнай пл. 774,5 тыс.га і 443 — мясц. значэння пл. 307 тыс.га, помнікі прыроды: 303 рэсп. і 483 мясцовага значэння (2000). У адносінах да расліннасці тэр. Беларусі належыць да 2 геабат. абласцей (гл.Геабатанічнае раянаванне), у якіх вылучаюць 3 фларыстычныя правінцыі. Прыроднай расліннасцю ўкрыта 66% тэр., у т. л. пад лесам каля 35%, лугамі 16%, балотамі 11%, хмызнякамі 3%. Дзікарослая флора геаграфічна і генетычна звязана з рознымі прыродна-гіст. абласцямі, кліматычнымі зонамі і мацерыкамі зямнога шара. Ахоўваюцца 214 відаў раслін (171 від вышэйшых і 43 віды ніжэйшых), 180 з іх занесены ў Чырв. кнігу Беларусі (гл.Ахоўныя расліны). У складзе культ. флоры каля 230 відаў збожжавых, зернебабовых, пладовых, агароднінных, тэхн. культур (гл. адпаведныя арт.). Дрэвавыя пароды — крыніца драўніны і сыравіны для буд-ва, мэблевай, хім., цэлюлозна-папяровай і інш. прам-сці. Суадносна з расл. комплексам фарміраваўся і састаў фауны, якая набыла сучасныя рысы ў пасляледавіковы перыяд. Па паходжанні яна мяшаная, што вынікае з гіст. умоў яе фарміравання і фіз.-геагр. асаблівасцей тэрыторыі. Многія віды жывёл на Беларусі пад уплывам актыўнага антрапагеннага ўздзеяння на П. становяцца рэдкімі і падлягаюць ахове (гл.Ахоўныя жывёлы); у Чырв. кнігу Беларусі занесены 97 відаў пазваночных і 85 відаў беспазваночных жывёл. Прамысл. значэнне маюць 22 віды млекакормячых, 31 від птушак, 1 від паўзуноў (гадзюка звычайная), з беспазваночных — смоўж вінаградны. Найб.гасп. значэнне ў зверагадоўлі маюць пушныя звяры; у сажалкавых гаспадарках — карп, карась, інш. рыбы. Працэс рацыяналізацыі зносін чалавека з П. мае неадназначны характар. Гасп. дзейнасць людзей часта апынаецца ў супярэчлівых зносінах з навакольным прыродным асяроддзем. Вырашэнне канфліктных сітуацый паміж П. і грамадствам рэалізуецца пры дапамозе мерапрыемстваў па ахове прыроды, у т. л. на ўзроўні дзярж. заканадаўчых актаў. Усе багацці П. на Беларусі, незалежна ад ступені іх эксплуатацыі, знаходзяцца пад аховай дзяржавы (гл.Ахова ад радыеактыўных выпрамяненняў, Ахова атмасферы, Ахова водаў, Ахова генафонду, Ахова глебаў, Ахова жывёл, Ахова зямель, Ахова лясоў, Ахова нетраў, Ахова раслін, Ахоўныя ландшафты).
Літ.:
Тугаринов В.П. Природа, цивилизация, человек. Л., 1978;
Энцыклапедыя прыроды Беларусі. Т. 1—5. Мн., 1983—86.
В.С.Аношка, А.М.Петрыкаў.
Да арт.Прырода. Краявід у наваколлі в. Боркі Уздзенскага раёна Мінскай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЭ́РТА-РЫ́КА (Puerto Rico),
Садружнасць Пуэрта-Рыка (ісп. Estado Libre Asociado de Puerto Rico, англ. Commonwealth of Puerto Rico), уладанне ЗША у Вест-Індыі, на аднайм. востраве (пл. 8,6 тыс.км²) і суседніх невял. астравах. Агульная пл. 9,1 тыс.км². Нас. 3916 тыс.чал. (2000). Афіц. мовы — ісп. і англійская. Адм. ц. — г.Сан-Хуан. Краіна падзяляецца на 78 муніцыпалітэтаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 чэрв.).
Прырода. Праз увесь востраў з З на У цягнецца хр. Кардыльера-Сентраль выш. да 1338 м (г. Пунта); уздоўж паўн. і паўд. берагоў раўніны і нізіны. На ПнЗ развіты карст. Бываюць землетрасенні. Карысныя выкапні: медныя, нікелевыя, марганцавыя руды, золата, каменная соль, мармур і інш. Клімат трапічны пасатны. Сярэднія месячныя т-ры ў прыбярэжных раёнах 24—28 °C, у гарах на некалькі градусаў ніжэй. Ападкаў 1400—2500 мм за год на Пн і У, каля 900 мм на Пд і З, выпадаюць пераважна ў летне-асенні перыяд. У канцы лета бываюць ураганы. Рэкі кароткія, напаўняюцца вадой пасля ліўневых дажджоў. Вял. плошчы пад пусткамі. Натуральная расліннасць захавалася месцамі ў гарах. Пад лесам і хмызнякамі каля 16% тэрыторыі. На паўн. схілах гор — пальмы, дрэвы з каштоўнай драўнінай, каўчуканосы, на паўд. — засухаўстойлівыя хмызнякі і рэдкалессі. Жывёльны свет бедны. Рэзерват Лукільё.
Насельніцтва. Больш за 99% складаюць пуэртарыканцы — народ, які ўтварыўся ад змяшання іспанцаў з неграмі і мясц. індзейцамі. Жывуць таксама амерыканцы ЗША і інш. Паводле антрапалагічнага складу каля 73% — белыя, каля 23% — мулаты, каля 4% — негры. Вернікі католікі (больш за 85%) і пратэстанты. Сярэднегадавы прырост каля 0,6% (2000). Сярэдняя шчыльн. каля 440 чал. на 1 км². Найб. населены прыбярэжныя раёны (да 1000 чал. на 1 км²). У гарадах жыве каля 70% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1999): Сан-Хуан — 439,6 (з прыгарадамі і суседнімі гарадамі больш за 1 млн.ж.), Баямон — 236,7, Понсе — 193,6, Караліна — 192,1. У прам-сці занята 20% эканамічна актыўнага насельніцтва, у буд-ве і на транспарце — 8%, у сельскай гаспадарцы — 3%, у сферы паслуг — каля 69%. Адбываецца пастаянная эміграцыя ў ЗША, там жыве каля 2,7 млн. пуэртарыканцаў (найб. у Нью-Йорку).
Гісторыя. Востраў заселены ў 1-м тыс.н.э. плямёнамі індзейцаў-аравакаў, якія называлі яго Борыкен. Адкрыты ў 1493 Х.Калумбам, які назваў яго Сан-Хуан-Баўтыста. У 1508 заваяваны іспанцамі на чале з Х.Понсе дэ Леонам. Ён заснаваў г. Пуэрта-Рыка (ісп. багаты порт), назва якога пазней перайшла на ўвесь востраў. У выніку таго, што да сярэдзіны 16 ст. індзейскае насельніцтва тут было амаль поўнасцю вынішчана іспанцамі, пачаўся масавы ўвоз неграў-рабоў з Афрыкі. У 1835, 1838 і 1868 тут адбыліся паўстанні з патрабаваннем незалежнасці. У 1897 П.-Р. атрымаў абмежаваную аўтаномію з захаваннем вярх. улады ісп. губернатара. У часе іспана-амерыканскай вайны 1898 акупіраваны ЗША і адышоў пад іх уладу паводле Парыжскага мірнага дагавора (снеж. 1898). У 1900 утвораны мясц.заканад. орган — кангрэс П.-Р., але вышэйшая ўлада належала губернатару, які прызначаўся ўрадам. ЗША. Пазней П.-Р. атрымаў статус «арганізаванай, але не ўключанай у склад ЗША тэрыторыі», а яе жыхары — права амер. грамадзянства без прадстаўніцтва ў кангрэсе. У 1947 жыхары П.-Р. атрымалі права выбару губернатара. Паўстанне 1950 за незалежнасць П.-Р. задушана войскамі ЗША, але канстытуцыя 1952 абвясціла П.-Р. «свабодна далучанай да ЗША дзяржавай».
У паліт. жыцці П.-Р. з 1960-х г. дамінуюць Нар.-дэмакр. партыя, якая стаіць за захаванне цяперашняга статуса вострава, і Новая прагрэс. партыя, якая выступае за яго далучэнне да ЗША у якасці штата. На рэферэндумах 1967, 1993 і 1998 б.ч. пуэртарыканцаў выказалася за захаванне цяперашняга статуса П.-Р.
Гаспадарка. П.-Р. параўнальна развітая краіна Вест-Індыі. У 1999 валавы ўнутр. прадукт (ВУП) склаў 38,1 млрд.дол. (каля 9,7 тыс.дол. на 1 чал.). У эканоміцы дамінуюць амер. кампаніі. Прадукцыя паступае ў ЗША без мытных пошлін, што дае вытворцам дадатковыя перавагі. Прам-сць дае 45% ВУП, сельская гаспадарка — 1%, абслуговыя галіны — 54%. У прам-сці гал. роля належыць апрацоўчым галінам. Невял. здабыча марганцавых і медных руд, золата, каменнай солі, буд. матэрыялаў. Вытв-сць электраэнергіі 17,8 млрд.кВт∙гадз (1998), 98% на ЦЭС, якія працуюць на імпартаванай нафце. Найб. развіты нафтаперапр., нафтахім., хім., фармацэўтычная, электронная, эл.-тэхн. галіны. Меншае значэнне маюць харч. (вытв-сць цукру, рому, сокаў, фруктовых і рыбных кансерваў), тэкст., гарбарна-абутковая, мэблевая, цэментная, шкляная і керамічная прам-сць, выраб упрыгожанняў і цацак. Шмат прадпрыемстваў па зборцы з імпартаваных дэталей і вузлоў быт. тэхнікі. Саматужная вытв-сць вышывак, карункаў і вязаных вырабаў. Асн. цэнтры прам-сці: Сан-Хуан, Баямон, Понсе. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 460 тыс.га, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 130 тыс.га (каля 40 тыс.га арашаецца), пад пашай і лугамі каля 330 тыс.га. На ўзбярэжжы ёсць плантацыі экспартных культур, ва ўнутр.ч. вострава — дробныя сялянскія гаспадаркі памерам 0,4—1,7 га. Больш за 60% с.-г. прадукцыі дае жывёлагадоўля. Пераважае мясны кірунак, у раёне Сан-Хуана — малочны. Пагалоўе (тыс. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлы — каля 600, свіней — каля 200, курэй — больш за 10 000. Развіваецца рыбалоўства і лоў крэветак (каля 100 тыс.т штогод). У земляробстве найб. значэнне маюць экспартныя культуры: цукр. трыснёг, тытунь, ананасы, кава, бананы. На свае патрэбы вырошчваюць маніёк, ямс, батат, кукурузу, агародніну. Унутраны транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 14,4 тыс.км, чыгунак 96 км. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца марскім транспартам і авіяцыяй. Гал. парты Сан-Хуан, Гуаяма, Плая-дэ-Понсе. У краіне 21 аэрапорт, у т. л. 2 міжнар. (каля гарадоў Сан-Хуан і Агуадылья). У 1999 экспарт склаў 34,9 млрд.дол., імпарт — 25,3 млрд.дол. У экспарце пераважаюць нафтапрадукты, хім. і фармацэўтычныя тавары, электроніка, адзенне, рыбапрадукты, цукар; у імпарце — нафта, хімікаты, машыны і абсталяванне, харч. прадукты. Гандаль пераважна з ЗША (88% экспарту, 60% імпарту), Венесуэлай (імпарт нафты), Японіяй, Дамініканскай Рэспублікай. Краіну наведваюць штогод больш за 4 млн. турыстаў (75% з іх з ЗША). Штогадовыя расходы турыстаў у краіне больш за 2 млрд. долараў. Грашовая адзінка — долар ЗША.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Пуэрта-Рыка.Ландшафт унутраных раёнаў Пуэрта-Рыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКА́,
адкрыты пастаянны водны паток, які цячэ ў распрацаваным ім рэчышчы і жывіцца за кошт сцёку з яго вадазбору. Пачатак Р. (крыніца, ручай, возера, балота, ледавік) наз.вытокам ракі. Месца ўпадзення Р. ў акіян, мора, возера, вадасховішча, іншую Р. — вусце. У вусцях многіх Р. утвараюцца дэльты, некат. Р. канчаюцца эстуарыямі. Ч. даліны, дзе цячэ Р., наз.рэчышчам, а яе частка, што затапляецца ў высокую ваду, — поймай. Ад размывання дна і берагоў на ўвагнутых участках выгінаў рэчышча ўтвараюцца лукавіны (меандры). Плошча, з якой вада сцякае да Р., наз.вадазборам, або басейнам рачным. Лінія, якая падзяляе сумежныя вадазборы, — водападзел. Р., якая ўпадае ў акіян, мора, бяссцёкавае возера або губляецца ў пясках, наз. галоўнай. Разам з прытокамі розных парадкаў і вадаёмамі Р. ўтвараюць гідраграфічную сетку. Гал. характарыстыка Р. — велічыня яе сцёку (расход, гадавы аб’ём); да важнейшых таксама належаць: даўжыня, пл. басейна, нахіл воднай паверхні, шырыня рэчышча і яго глыбіня, скорасць цячэння вады. У залежнасці ад умоў фарміравання гідралагічнага рэжыму Р. падзяляюць на раўнінныя і горныя. Раўнінная Р. мае нязначны нахіл, павольнае цячэнне, шырокую даліну з пакатымі схіламі. У горнай Р. вялікі нахіл, хуткае цячэнне, вузкая глыбокая даліна. Вылучаюць таксама Р. азёрныя, балотныя і карставыя. Азёрная Р. выцякае з возера або працякае цераз яго (іх). Балотная Р. цячэ па балоце або мае значную забалочаную тэрыторыю на сваім вадазборы. Карставая Р. жывіцца пераважна карставымі водамі. У залежнасці ад велічыні Р. падзяляюцца на вялікія, сярэднія і малыя. Вялікая Р. (пл.бас. больш за 50 тыс.км²) цячэ ў межах некалькіх геагр. зон, сярэдняя (пл.бас. 2—50 тыс.км²) і малая Р. (пл.бас. да 2 тыс.км²) цякуць ў адной геагр. зоне. Адрозніваюць Р. з занальным, азанальным і полізанальным (складаным) рэжымам. Вылучаюць 4 віды жыўлення Р.: дажджавое, снегавое, падземнае і ледавіковае. Для Р. характэрны 3 асн. фазы воднага рэжыму: разводдзе, межань і паводка (летне-асенняя і зімовая). Паводле асаблівасцей жыўлення і воднага рэжыму існуе некалькі класіфікацый Р. (А.Л.Ваейкава, М.І.Львовіча, П.С.Кузіна, Б.Дз.Зайкава і інш.). Р. — важнае звяно кругавароту вады на Зямлі. Сярэднегадавы сцёк Р. зямнога шара 42 тыс.км³, Беларусі — 34 км³ (гл. таксама табл.).
На тэр. Беларусі 20,8 тыс. Р., іх агульная даўж. 90,6 тыс.км. Яны належаць вадазборам Чорнага (Дняпро з Прыпяццю; збіраюць ваду з 56% тэр.) і Балтыйскага мораў (Нараў, Зах. Буг, Нёман, Зах. Бярэзіна і Ловаць; дрэніруюць 44% тэр.). Найб. Р. (даўж. больш за 500 км): Бярэзіна, Нёман, Вілія (пачынаюцца на тэр. Беларусі), Дняпро, Прыпяць, Сож, Зах. Дзвіна (транзітныя). Р. даўж. 101—50 км — 42, іх сумарная даўж. 6,7 тыс.км. Самых малых Р. і ручаёў (даўж. да 10 км) 19,3 тыс., іх агульная даўж. 48,8 тыс.км. Найб. пашыраны раўнінныя малыя Р. Сярэдняя гушчыня рачной сеткі 0,44 км/км². Нахілы Р. вагаюцца на розных участках ад 0,1 да 2—3‰. Скорасць цячэння Р. малая — 0,5—0,7 м/с. Асн. крыніца жыўлення — частка атм. ападкаў, якая застаецца ад выпарэння і транспірацыі. Характэрна выразнае веснавое разводдзе і параўнальна ўстойлівыя летне-асеннія і зімовыя межані. Разводдзе ў залежнасці ад велічыні Р. цягнецца 30—120 сут, часам суправаджаецца навадненнямі. Летне-асенняя межань доўжыцца 160—205 сут, зімовая 85—110 сут, часта парушаюцца паводкамі ад дажджоў летам і ў час адліг зімой. Замярзаюць Р. звычайна ў студз. (лёд трымаецца ад 80 да 140 сут). Таўшчыня лёду ад 17—45 см на Пд да 29—64 см на Пн і ПнУ. Амаль усюды адзначаецца веснавы крыгаход. На большасці Р. асн. маса рачнога сцёку прыходзіць вясной пры раставанні снегу. Доля веснавога сцёку складае 36—77% ад гадавога, у перыяд летне-асенняй межані — 18—43%, зімовай межані — 4—25%. Р. штогод выносяць за межы краіны каля 1,2 млн.т завіслых наносаў і каля 6,5 млн.т раствораных рэчываў. Паводле падабенства гідралагічнага рэжыму паверхневых вод вылучана 6 гідралагічных раёнаў (гл.Гідралагічнае раянаванне). Сістэматычны звод звестак аб водных рэсурсах краіны, іх якасці змяшчае водны кадастр. Гідралагічныя назіранні вядуцца на гідралагічных станцыях і гідралагічных пастах. Р. выкарыстоўваюцца як крыніцы пітнай і прамысл. вады, з мэтамі суднаходства, лесасплаву, рыбалоўства, рэкрэацыі, меліярацыі і інш. Для выкарыстання водных рэсурсаў і барацьбы са шкодным уздзеяннем вод на Р. ствараюцца гідратэхнічныя збудаванні. Р. пільна ахоўваюцца ад забруджвання і вычэрпвання (гл.Ахова вод, Водаахоўная зона). Мерапрыемствы па ахове і рацыянальным выкарыстанні Р. прадугледжаны ў Водным кодэксе Рэспублікі Беларусь Сучасныя Р. вывучае гідралогія рэк, стараж. — палеапатамалогія.
Літ.:
Аполов Б.А. Учение о реках. 2 изд. М., 1963;
Муранов А.П. Величайшие реки мира. Л., 1968;
Блакітная кніга Беларусі: Энцыкл.Мн., 1994.
А.А.Макарэвіч.
Гідралагічныя паказчыкі найбольшых рэк свету і Беларусі
адна з найбуйнейшых бібліятэк у свеце, старэйшая навук.б-ка Расіі; установа са статусам НДІ ў галіне кніга-, бібліятэка- і бібліяграфазнаўства, рэстаўрацыі і кансервацыі дакументаў; цэнтр міжнар. кнігаабмену. Засн. ў 1714. Аснову фондаў (каля 18 тыс. кніг) склалі кнігі і рукапісы царскіх б-к і б. Аптэкарскага прыказа, вывезеныя ў 1712 з Масквы, зборы Пятра I і інш. прыватных асоб. У 1772 сюды паступіла вывезеная з Нясвіжа б-ка Радзівілаў (каля 15 тыс. кніг). З 1725 б-ка падначалена Пецярбургскай АН і стала яе першай навук. установай. З 1783 атрымлівала абавязковы экзэмпляр усіх друкаваных у Рас. імперыі выданняў. З 1925 наз.Б-каАНСССР, з 1992 Б-каРас.АН. Кніжныя фонды ўсяго комплексу каля 20 млн.экз. (2000), больш за 40% складаюць замежныя навук. выданні. Захоўваюцца унікальныя зборы рукапісных кніг (каля 20 тыс.экз.), у т. л. Іпацьеўскі, Радзівілаўскі летапісы, Нікіфараўскі, Акадэмічны, Супрасльскі спісы бел.-літ. летапісаў 1446, пераклады візантыйскіх і зах.-еўрап. хронік (у т. л. «Хроніка...» М.Стрыйкоўскага, 16 ст.), творы апалагетаў стараверства (у т. л. аўтограф пратапопа Авакума), вял. «заходнярускі» Хранограф 2-й чвэрці 17 ст., Служэбнік архірэйскі 1-й пал. 16 ст. з тэкстам Цвярскога перапісу (рукапіс з «заходнярускімі» палеаграфічнымі прыкметамі). Ёсць стараж.бел. і «заходнярускія» літургічныя, царкоўна-рэліг., гіст. рукапісы, у т. л.: фрагмент «Евангелля апракас» 13—14 ст. з паметай супрасльскага архімандрыта Яўстафія; «Апостал» з тлумачэннямі 15 ст. з укладным запісам 1460 А.Солтана, гаспадарскага маршалка; «Дзесяціглаў» — арыгінальны біблейскі звод, складзены і напісаны ў 1502—07 у Вільні і Супраслі; Евангелле-тэтр Дабрахотаўскае пач. 16 ст. з укладнымі запісамі Ляшчынскаму манастыру; гіст. зборнік епіскапа Паўла 16 ст. з летапіснымі выпіскамі і палемічнымі творамі; гіст. зб-к 1546 з б-к Супрасльскага, пазней Жыровіцкага манастыроў; «Палея» сярэдзіны 16 ст., «Пандэкты» Нікана Чарнагорца 16 ст.; «Сказанне аб Жыровіцкім абразе Маці Боскай» 17 ст.; зборнік з творамі Максіма Грэка 2-й пал. 16 ст., напісаны заходнярус. паўуставам; «Статут ордэна базыльян» 17 ст., «Зярцала багаслоўя» Кірылы Транквіліёна, спіс дзяка Гладовіча ў Шышаве 1641, Пінскі зб. 1-й пал. 17 ст., збор казанняў полацкіх езуітаў 1669—72, Слуцкі кодэкс «Гісторыі Польшчы» Я.Длугаша (кн. 1—9); «Статут Вялікага княства Літоўскага», перапісаны ў 1613 для Л.Юцінскага; збор з дакумент. матэрыяламі 17—18 ст. Жыровіцкага манастыра; творы І.Кунцэвіча і інш.царк. і грамадз. дзеячаў, палемістаў 17—18 ст. Некат. бел. рукапісы ўвайшлі ў Нёманскі і Дзвінскі зборы б-кі. Многія стараж.бел. рукапісы паходзяць са збораў епіскапа Паўла (Дабрахотава). У рукапісным аддзеле вял. картатэка апісанняў рукапіснай кніжнасці 11—17 ст., складзеная акад. М.К.Нікольскім. У зборах аддзела рэдкай кнігі захоўваюцца бел. старадрукі (выданні брацкіх, рэфармацыйных, каталіцкіх і прыватных друкарняў), у т. л. 18 экз. выданняў Ф.Скарыны, некалькі экзэмпляраў Брэсцкай бібліі 1563, «Трэнас» 1610 і «Абарона апраўдання» 1621 М.Сматрыцкага, «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588» (выд. ў Вільні ў 1619), «Святога Юстына філосафа і пакутніка размова» (Нясвіж, 1564), «Вобраз мужнага героя, шчыра вернага Айчыне Паўла Яна Сапегі» (Вільна, 1667), «Трыбунал Вялікага княства Літоўскага» 1614 і 1616 (6 экз.), панегірык Я.Карніцкага, творы бел.-ўкр. пісьменніка І.Дубовіча, І.Руцкага, І.Пацея і інш. У асабістай калекцыі Пятра 1 захоўваюцца рэдкія бел. выданні: «Дыёптра, ці Зярцала» (Куцейна, 1651), «Неба новае» (Магілёў, 1699) Іаанікія Галятоўскага, «Духоўныя размовы» (Вільна, 1627) Макарыя Егіпецкага і інш. Агульная колькасць рус. і іншаземнай рукапіснай кнігі на пергаменце і паперы — каля 20 тыс. адзінак захавання. Найб. рэдкіх і каштоўных выданняў каля 270 тыс.экз. (ад пач. кнігадрукавання да 20 ст.), інкунабул каля 800 экз., заходнееўрап. кніг 16 ст. больш за 10 тыс.экз. (разам з філіяламі больш за 15 тыс.), заходнееўрап. выданняў 17—20 ст. разам з Бэраўскім фондам і інш. зборамі замежнага фонду больш за 100 тыс. У сектары рэдкай кнігі захоўваюцца таксама выданні 18—1-й чвэрці 19 ст., у т. л. надрукаваныя ў Магілёве і Полацку польскамоўныя календары і інш. выданні, зборы «вольнага друку» — рускамоўныя замежныя выданні; нелегальны і забаронены друк 19 — пач. 20 ст. У сектары картаграфіі багаты збор карт і атласаў 16—20 ст. (каля 128 тыс.экз.). Бел. фонд славянскага аддзела налічвае каля 1048 экз. кніг і 105 экз.перыяд. выданняў. У ім сабрана амаль усё надрукаванае на бел. мове да 1930, у т. л.маст.л-ра: паэма «Тарас на Парнасе», творы В.Дуніна-Марцінкевіча, «Дудка беларуская» Ф.Багушэвіча (1891), публіцыстыка пач. 20 ст. і інш. У лют. 1988 ад пажару найб. пацярпеў самы каштоўны фонд замежнай кнігі (188 тыс.экз.). Усяго сапсавалася або загінула каля 3,6 млн.экз. кніг і газет. У сістэме б-кі 40 філіялаў і спецыялізаваных аддзелаў пры ін-тах Рас.АН. Б-ка з’яўляецца таксама інфармацыйна-бібліягр. цэнтрам, выдае серыю «Кніга ў Расіі ў XVIII — пач. XIX ст.» і даведнікі «Бібліяграфія выданняў Акадэміі навук», «Шкодныя рэчывы ў навакольным асяроддзі», «Рускі фальклор», «Паказальнік зместу рускіх дарэвалюцыйных газет» і інш. Праводзіць доследы па палеаграфіі, археаграфіі, гісторыі кнігі. Выдае манаграфіі, навук. апісанні рукапісаў, друкаваныя каталогі асобных збораў і калекцый.
Літ.:
История Библиотеки АНСССР, 1714—1964. М.; Л., 1964;
Материалы и сообщения по фондам отдела рукописной и редкой книги Библиотеки АНСССР. [Вып. 1—3). М ;
Л., 1966—87;
Пергаментные рукописи Библиотеки АНСССР: Описание рус. и слав. рукописей XI—XVI вв. Л., 1976;
Комарова В.П. Славянский фонд Библиотеки АНСССР и его отражение в каталогах. Л., 1987;
Описание рукописного отдела Библиотеки АНСССР. Т. 3—8. Л., 1959—89;
Николаев Н.В. Несвижская библиотека князей Радзивиллов // Книга в России XVIII — середины XIX в. Л., 1989;
Книга в России XVI — середины XIX в.: Материалы и исслед.: Сб. науч. тр.Л., 1990.