МАША́РА (Міхась) (Міхаіл Антонавіч; 18.11.1902, хутар Падсосна Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл. — 7.6.1976),
бел. пісьменнік. Удзельнік нац.-вызв.руху ў Зах. Беларусі. Быў інструктарам Бел. сялянска-рабочай грамады, рэдагаваў газ. «Наша воля». Зняволены ў віленскую турму на Лукішках. У 1945—49 працаваў у час. «Полымя», «Настаўніцкай газеце». Друкаваўся з 1927. У Вільні выдаў зб-кі вершаў «Малюнкі» (1928), «На сонечны бераг!» (1934), «Напрадвесні» (1935), «З-пад стрэх саламяных» (1937, канфіскаваны), паэм «Вяселле», «Смерць Кастуся Каліноўскага» (абедзве 1934), «Мамчына горка» (1936), п’есы «Вось тут і зразумей...» (1934), «Чорт з падпечча» (1935), «Лёгкі хлеб» (1936). Асн. пафас творчасці — пратэст супраць сац. і нац. ўціску, вера ў свабодалюбівыя сілы народа. Для творчасці 1920—30-х г. характэрна летуценнасць, маральны максімалізм, чуллівасць. Творы ваен. і пасляваен. гадоў склалі зб-кі «Беларусі» (1944), «Праз навальніцы» (1948), «Урачыстасць» (1952), «Мая азёрная краіна» (1962). Аўтар казак у вершах «Зязюльчыны слёзы» (1961), «Зелянушка і Кракатушка» (1964). У 1960—70-я г. працаваў пераважна як празаік: цыкл раманаў пра вызв. барацьбу ў Зах. Беларусі («Крэсы змагаюцца», 1966; «Сонца за кратамі», 1968; «Лукішкі», 1970; «Ішоў дваццаты год», 1973; «І прыйдзе час...», 1975), у якіх шырока выкарыстаў факты з аўтабіяграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ТАД МАСТА́ЦКІ,
гістарычна абумоўлены спосаб адлюстравання рэчаіснасці ў мастацтве; тып маст. мыслення, сукупнасць прынцыпаў адбору, ідэйна-эстэт. ацэнкі і абагульнення жыццёвых з’яў з пазіцый грамадскіх ідэалаў. Суадносіцца з маст. светапоглядам, кірункам і стылем, з’яўляецца адносна іх больш шырокім сінтэзуючым паняццем. Тэрмін «М.м.» ўзнік у сав.літ. крытыцы 1920 — пач. 1930-х г., але само паняцце пад інш. назвамі распрацоўвалася даўно [тэорыя мімезісу ў ант. паэтыцы, тры адзінствы ў класіцызме, палярызацыя ідэалу і рэальнасці ў рамантызме, маст. тыпізацыя ў рэалізме, прынцып non finite (незакончанасць) у мадэрнізме]. Гісторыі маст. культуры вядомы нарматыўныя і свабодныя М.м.: першыя арыентуюць творчасць на традыц. каноны, узоры, адзінства стылю пры разнастайнасці жанраў (ант. рэалізм, сярэдневяковае царк. мастацтва, класіцызм); другія дапускаюць разнастайнасць стыляў і светапоглядных арыентацый (рэнесансавы і крытычны рэалізм, рамантызм, мадэрнізм). У гіст. развіцці маст. культуры Беларусі выявіліся М.м. і кірункі, вядомыя агульнаеўрап. мастацтву: кананічныя жанры л-ры, жывапісу, архітэктуры сярэдневякоўя, асветніцкі рэалізм, сентыменталізм у л-ры, класіцызм і барока ў архітэктуры і тэатры, рамантызм і крытычны рэалізм у нац.-адраджэнскай л-ры 19 — пач. 20 ст. У рамках нац. адраджэнскага руху ўзнік спецыфічна беларускі М.м. — адраджанізм (гл.Адраджэнне нацыянальнае), пазней маладнякізм (гл.«Маладняк») і аквітызм (гл.«Узвышша») як нац.-маст. альтэрнатыва сацыяліст. рэалізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНО́Р (Восіп) (Іосіф) Саламонавіч (12.11.1861, г. Мінск—1934),
дзеяч рэв.руху, адзін з кіраўнікоў партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР). З сям’і яўр. пісьменніка С.Залкінда (псеўданім Мінор). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це, Яраслаўскім юрыд. ліцэі. З 1884 чл. групы «Народная воля». У 1886 арыштаваны, у ссылцы і на катарзе ва Усх. Сібіры (Якуцк, Чыта). З 1900 у Вільні. З 1902 эсэр. У 1902—05 у Жэневе (Швейцарыя). Дэлегат 1-га і 2-га з’ездаў ПСР, распрацаваў агр. праграму партыі. У 1907—08 у Парыжы, у 1909 у выніку правакацыі Е.Ф.Азефа арыштаваны і ў 1910 асуджаны на 10 гадоў катаргі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 вызвалены, з сак. 1917 у Маскве, адзін з рэдактараў эсэраўскай газ. «Труд», чл. Маск. к-та ПСР, дэлегат 3-га з’езда ПСР, чл. яе ЦК. З ліп. 1917 старшыня Маск. гар. думы. Кастр. рэвалюцыю 1917 не прыняў. У вер. 1918 выехаў у Сімбірск, Уфу і Уладзівасток, адкуль пераехаў у Парыж. У эміграцыі працягваў парт. работу, з вер. 1920 чл. рэдакцыі газ. «Воля России». 16.5.1921 разам з А.Ф.Керанскім, М.Дз.Аўксенцьевым і інш. падпісаў маніфест правай групы ПСР з заклікам новай інтэрвенцыі супраць Сав. Расіі.
Тв.:
Это было давно...: (Воспоминания солдата революции). Париж, 1933.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ АДДЗЕ́Л БЕЛАРУ́СКАГА ТАВАРЫ́СТВА ДАПАМО́ГІ ПАЦЯРПЕ́ЛЫМ АД ВАЙНЫ́,
дабрачынная арг-цыя для дапамогі бежанцам 1-й сусв. вайны; адзін з цэнтраў бел.нац.руху. Існаваў у Мінску ў ліп. 1915—17 як аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, створанага ў Вільні ў крас. 1915. Налічваў каля 50 чал. (снеж. 1916). У к-т праўлення аддзела ўваходзілі: В.І.Чавусаў (старшыня), А.І.Лявіцкі (Ядвігін Ш., нам. старшыні), У.І.Голуб (У.Галубок, сакратар), А.С.Астрамовіч (А.Зязюля), В.А.Лявіцкая, Л.А.Сівіцкая (З.Верас), Э.Л.Сівіцкая, У.С.Фальскі. Адкрыў некалькі начных прытулкаў для бежанцаў, дзіцячы прытулак у Ратамцы (каля Мінска), 2 бясплатныя сталовыя і 1 платную — «Беларускую хатку», заснаваў 2 майстэрні — ткацкую і па рамонце ваен. абмундзіравання. У крас.—маі 1916 дзейнічалі курсы па садаводстве, агародніцтве і пчалярстве. Пасля Лют. рэв. 1917 аб’явіў сябе Часовым Бел.нац. к-там і пачаў арганізац. і прапагандысцкую працу ў новых умовах.
Яго прадстаўнік П.А.Аляксюк увайшоў у склад Выканаўчага к-та грамадскай бяспекі г. Мінска, быў выбраны нам. старшыні К-та прапаганды на вёсцы асноў новага грамадскага ладу. У час агульнагар. маніфестацыі 6.3.1917 адбылося першае выступленне членаў Бел.к-та з паліт. лозунгамі. 25—27.3.1917 склікаў у Мінску з’езд бел.нац. арг-цый, які выбраў Беларускі нацыянальны камітэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКИЙ КУРЬЕ́Р»,
штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета ліберальна-асв. кірунку. Выдавалася з 27.1(9.2) да 8(21).10.1908 у Мінску на рус. мове (з 6(19).6 да 22.8(4.9).1908 не выходзіла). Працягвала дэмакр. традыцыі газ.«Минский листок» і «Северо-Западный край», арыентавалася на мясц.прагрэс. інтэлігенцыю. Крытыкавала грамадска-паліт. лад Рас. імперыі, выкрывала рэакц. палітыку правых партый і груповак, выступала ў падтрымку студэнцкага і рабочага руху, у абарону паліт. вязняў. Асвятляла літ., тэатр. і муз. жыццё Расіі і Мінскай губ., прапагандавала рэаліст. і дэмакр. традыцыі рус. л-ры. У шэрагу артыкулаў У.Самойлы, М.Караліцкага, Н.Чарноцкага аб’ектыўна ацаніла сімвалізм, рэалізм, авангардысцкія плыні ў л-ры (Л.Андрэеў, З.Гіпіус, М.Арцыбашаў), драматургіі і тэатры (У.Меерхольд, М.Метэрлінк, Г.Ібсен, М.Горкі). Апублікавала артыкулы супрацоўнікаў рэдакцыі Самойлы «Нататкі» і Чарноцкага «Да пытання пра беларускую народную школу» ў абарону бел. мовы ў школе. Упершыню надрукавала ў рус. перакладзе Самойлы верш Я.Купалы «Беларусу» і арт. Самойлы «Вялікае свята», у якім аўтар вітаў выхад зб. паэзіі Я.Купалы «Жалейка» і апублікаваў яго верш «Да мужыка». Выйшла 148 нумароў. Выданне спынена ў выніку суд. праследаванняў і адм. спагнанняў.
Літ.:
Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЫСЛІ́ЦЕЛІ І АСВЕ́ТНІКІ БЕЛАРУСІ»,
аднатомны энцыклапедычны даведнік. Падрыхтаваны і выдадзены выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» ў 1995. Змяшчае матэрыялы пра жыццёвы шлях і творчую дзейнасць прадстаўнікоў філас. і грамадскай думкі, асветнікаў краіны ад 10 да пач. 20 ст. Уключае больш за 650 біяграфій дзярж., грамадска-паліт. і рэліг. дзеячаў, філосафаў, педагогаў, вучоных розных галін навукі, вынаходнікаў, пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, музыкантаў, выдаўцоў, бібліятэкараў, прыродазнаўцаў, падарожнікаў, краязнаўцаў, удзельнікаў нац.-вызв. і рэв.руху (незалежна ад нац. прыналежнасці, веравызнання, грамадскай пазіцыі і светапогляду), якія зрабілі важкі ўклад у скарбонку айч. і сусв. культуры. Матэрыялы размеркаваны на 4 раздзелы: эпоха Полацкага і Тураўскага княстваў (10—12 ст.); эпоха Вялікага княства Літоўскага (13—16 ст.); эпоха Рэчы Паспалітай (17—18 ст.); Беларусь у складзе Рас. імперыі (19 ст.). Артыкулы ў раздзелах размешчаны ў алфавітным парадку. Асобна змешчаны ўрыўкі і фрагменты з некаторых твораў; у якасці пасляслоўя змешчаны арт. д-ра філас.н. А.С.Майхровіча «Ля вытокаў нацыянальнага адраджэння».
Даведнік мае імянны паказальнік і тлумачальны слоўнік тэрмінаў і філас. паняццяў, якія трапляюцца ў тэксце. Ілюстраваны партрэтамі дзеячаў, выявамі мясцін, звязаных з іх жыццём і творчасцю, фамільнымі гербамі, тытульнымі лістамі з кніг і інш.
Г.А.Маслыка.
«Мысліцелі і асветнікі Беларусі». Мінск, 1995. Вокладка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПО́РНЫЯ ВО́ДЫ,
падземныя воды ў ваданосных пластах, якія ізаляваны слабаводапранікальнымі гарызонтамі; валодаюць пругкай ёмістасцю і пры ўскрыцці могуць самавылівацца на паверхню. Даюць узровень вады вышэй верхняга кантакту водазмяшчальных і водатрывалых парод. Характарызуюцца: п’езаметрычным узроўнем падземных вод (узровень, які ўстанавіўся ў свідравінах пры ўскрыцці Н.в., вымяраецца ў атмасферах ці абс. адзнаках вышынь); вышынёй напору (адлегласць паміж верхнім кантактам ваданосных і водатрывалых парод і п’езаметрычным узроўнем, вымяраецца ў метрах) і напорам (вышыня п’езаметрычнага ўзроўню над нулявой — узр. м. — паверхняй параўнання, вымяраецца ў метрах). Фарміраванне напораў адбываецца за кошт гідрастатычнага (гл.Артэзіянскія воды) і залішняга пластавога ціску. Гідрагеалагічныя структуры могуць складацца з некалькіх (10 і болей) гарызонтаў Н.в. П’езаметрычныя ўзроўні ўтвараюць п’езаметрычную паверхню, якая на гідрагеалагічных картах адлюстроўваецца лініямі роўных напораў — гідраізап’езамі. Паводле характару п’езаметрычнай паверхні вызначаецца напрамак руху і нахіл патоку Н.в. Жыўленне Н.в. адбываецца за кошт перацякання з грунтавых вод і паверхневага вадасцёку (у горных раёнах). Разгрузка Н.в. адбываецца на паверхню зямлі ў выглядзе ўзыходных крыніц, у грунтавыя воды, у вышэй- і ніжэйзалеглыя напорныя ваданосныя гарызонты (адпаведна ў абласцях разгрузкі і на водападзелах). Н.в.
добра захаваны ад паверхневага забруджвання, маюць высакаякасныя арганалептычныя ўласцівасці (смак, пах, колер, празрыстасць і інш.). Прэсныя Н.в. з’яўляюцца асн. крыніцай цэнтралізаванага гасп.-пітнога водазабеспячэння, мінеральныя выкарыстоўваюцца ў бальнеатэрапіі і вытв-сці лячэбна-сталовых вод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНА-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯПольшчы
(НДП; Stronnictwo Narodowa-Demokratyczne),
эндэкі,
польская паліт. партыя ў 1897—1945. Створана ў Каралеўстве Польскім на базе Нац. лігі, пазней пашырыла дзейнасць на польскія землі ў складзе Германіі (1904) і Аўстра-Венгрыі (1905). Прадстаўляла інтарэсы нац. буржуазіі, сярэдніх землеўладальнікаў і часткі інтэлігенцыі. Праграма (рэдакцыі 1897 і 1903) — нацыяналізм, ліберал-дэмакратызм, міжкласавае супрацоўніцтва, аўтаномія Польшчы ў складзе Расіі. У пач. рэвалюцыі 1905—07 НДП выступіла ў абарону нац. незалежнасці, супраць русіфікацыі; пазней, спадзеючыся на ўступкі ў нац. пытанні, падтрымала царызм у барацьбе з рэвалюцыяй. У 1-ю сусв. вайну арыентавалася на Расію і краіны Антанты, з дапамогай якіх разлічвала далучыць да Каралеўства Польскага польскія землі Германіі і Аўстра-Венгрыі. З гэтай мэтай быў створаны Польскі нац.к-т на чале з Р.С.Дмоўскім. З восені 1917 дамагалася прызнання незалежнасці Польшчы зах. краінамі, удзельнічала ў Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20. З 1919 НДП (перайменаваная ў Нац.-дэмакр. саюз) уваходзіла ва ўрадавую кааліцыю, выступала супраць рэв.руху, падтрымлівала інтэрвенцыю супраць Сав. Расіі, паланізацыю бел., укр. і літ. зямель. У 1928 перайменавана ў Нац. партыю. У 1926—33 у складзе праванацыяналіст. Лагера Вял. Польшчы. У 2-ю сусв. вайну падтрымлівала польскі эмігранцкі ўрад. У 1945 забаронена новымі ўладамі Польшчы, у 1947 разгромлены яе падп. арг-цыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕ́МНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,
спецыяльна абсталяваныя збудаванні, размешчаныя ў тоўшчы зямлі. Да іх адносяцца: трансп. і гідратэхн. тунэлі; збудаванні метрапалітэна, электрастанцыі (гал. чынам гідраэлектрычныя станцыі, а таксама атамныя 4 цеплавыя); склады і халадзільнікі; аб’екты гар. гаспадаркі (пешаходныя пераходы, гаражы, калектары, трубаправоды, газаразмеркавальныя станцыі, магазіны і інш.); ёмістасці (рэзервуары) для пітной вады, газавыя сховішчы, нафтасховішчы, сховішчы для захоўвання шкодных адходаў вытв-сці; прамысл. аб’екты (напр., кампрэсарныя і помпавыя станцыі, заводы); лячэбныя аб’екты (пераважна ў саляных вырабатках); збудаванні грамадз. абароны, ваен. аб’екты. Асобную групу складаюць П.з. шахтаў (эл. падстанцыі, дэпо, станцыі водаадліву, шахтавыя ствалы, капітальныя штрэкі, штольні і інш).
П.з. неглыбокага залажэння будуюць адкрытым спосабам (у катлаванах, траншэях), метадамі апускнога калодзежа або «сцяна ў грунце» (у траншэях робяцца сцены з наступным выманнем грунту з унутр. аб’ёму). П.з. глыбокага залажэння ствараюць закрытым спосабам з выкарыстаннем буравых свідравін, горных вырабатак, горных камбайнаў, шчытоў праходчых, буравыбуховых работ і інш. Пры вядзенні падземных работ выкарыстоўваюць асушэнне, замарожванне грунтоў, хім. замацаванне, тампанаж, цэментацыю і сілікатызацыю. Гідраізаляцыя П.з. дасягаецца ўшчыльненнем або паляпшэннем хім. дабаўкамі матэрыялаў, што кладуцца ў канструкцыю, стварэннем воданепранікальных перакрыццяў.
На Беларусі П.з. з’яўляюцца Мінскі метрапалітэн, газасховішчы, аб’екты грамадз. абароны, калектары, шахты і інш.
І.І.Леановіч.
Падземныя збудаванні. Тунэль для 4-палоснага руху аўтатранспарту пад адным з каналаў Амстэрдама.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛУЯ́Н (Сяргей Епіфанавіч) (19.10.1890, г. Брагін Гомельскай вобл. — 20.4.1910),
бел. публіцыст, празаік і літ.-знавец, адзін з пачынальнікаў бел.прафес.літ. крытыкі. У 1904—05 вучыўся ў Мітаўскай гімназіі (цяпер г. Елгава, Латвія). Удзельнік рэв.руху ў Кіеве і Мітаве. Супрацоўнічаў у газ. «Наша ніва», укр.перыяд. друку. Аўтар апавяданняў («Вёска» і інш.), вершаваных і драм. твораў (не выяўлены), вершаў у прозе, рэцэнзій («Якуб Колас. Другое чытанне для дзяцей беларусаў», «Тарас на Парнасе», «Ядвігін Ш. Дзед Завала» і інш.), першага ў бел. крытыцы агляднага арт. «Беларуская літаратура ў 1909 г.», першага гіст. нарыса новай бел. л-ры «Беларуская паэзія ў яе тыповых прадстаўніках» (абодва 1910). Выступаў як тэатр. крытык («Віленская беларуская вечарынка», «Беларускія вячоркі», 1910, і інш.). Даследаваў укр. культуру і л-ру, бел.-ўкр.літ. сувязі (цыкл артыкулаў «Лісты з Украіны» і інш.). Адстойваў правы беларусаў на развіццё сваёй мовы і культуры («Пра нацыянальную школу на Беларусі», цыкл артыкулаў «З нашага жыцця»), падтрымліваў духоўнае адраджэнне інш. нацый. Для яго творчай манеры характэрна валоданне жывым і вобразным словам, доказнасць і аргументаванасць выказванняў, ужыванне гіст. аналогій. Скончыў самагубствам.
Тв.:
Лісты ў будучыню: Проза. Публіцыстыка. Крытыка. Мн., 1986.
Літ.:
Кабржыцкая Т., Рагойша В. Слядамі знічкі: Пра Сяргея Палуяна. Мн., 1990.