МІ́НСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ, рас. імперыі і БССР у 15—20 ст. Утвораны на тэр. Мінскага княства пасля яго ўключэння ў ВКЛ і пераходу пад кантроль вял. князя. Да 1565 уваходзіў у Віленскае ваяв. як гіст. адзінка. Паводле адм.-тэр. рэформы 1565—66 уключаны ў Мінскае ваяводства, яго тэрыторыя пашырана за кошт б. Заслаўскага і Лагожскага княстваў (паветаў), часткі Барысаўскай, Любашанскай, Свіслацкай валасцей на правым беразе р. Бярэзіна. Устаноўлена сістэма службовых асоб: кашталян, падкаморы, харунжы і інш., а таксама гродскі і земскі суды. У павет уваходзілі гарады Мінск і Барысаў, каля 45 мястэчак, з іх буйнейшыя — Беразіно-Любашанскае, Гайна, Заслаўе, Ракаў, Смалявічы. Пасля далучэння да Расіі ў 1793 павет скасаваны, у 1795 адноўлены ў меншых памерах і ўключаны ў Мінскае намесніцтва. З 12.12.1796 у Мінскай губерні, да М.п. далучаны часткі скасаваных Вілейскага і Нясвіжскага пав. Яго тэрыторыя складала каля 4,5 тыс. кв. вёрст (каля 5 тыс. км²), статус мястэчак захавалі Астрашыцкі Гарадок (Гарадок Тышкевіцкі), Бяларуч, Дубровы, Заслаўе, Івянец, Камень, Койданава, Мікалаеўшчына, Пяршай, Ракаў, Рубяжэвічы, Саламярэцкі Гарадок (Гарадок-Хмарынскі), Самахвалавічы, Свержань, Слабодка, Стоўбцы. У сярэдзіне 19 ст. ў павеце 808 сёл і вёсак, 246 засценкаў і інш. дробных паселішчаў. Насельніцтва ў 1816 было каля 92 тыс. чал., у 1857 каля 121 тыс. чал. У 1861 тэр. М.п. падзелена на воласці, пасля пераразмеркавання ў 1864—66 іх было 19, у 1898 у М.п. стала 16 валасцей. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 зах. ч. павета (Засульская, Івянецкая, Пяршайская, Ракаўская, частка Рубяжэвіцкай і Стаўбцоўскай вол.) адышла да Польшчы. Павет скасаваны 17.7.1924, асн. яго частка ўключана ў Мінскую акругу, частка Магільнянскай вол. — у Слуцкую акругу.

В.​Л.​Насевіч.

т. 10, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДЗВЫЧА́ЙНАЯ КАМІ́СІЯ ПА БАРАЦЬБЕ́ З КОНТРРЭВАЛЮ́ЦЫЯЙ, СПЕКУЛЯ́ЦЫЯЙ І СЛУЖБО́ВЫМІ ЗЛАЧЫ́НСТВАМІ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР (ЧК БССР),

дзяржаўны орган, які ў сваёй дзейнасці спалучаў функцыі спецслужбы і праваахоўнага органа. Утворана 18.2.1919 паводле рашэння Вял. Прэзідыума выканкома БССР як Мінская губ. надзвычайная камісія па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам (губчэка); уваходзіла ў склад НКУС БССР. Пад яе кіраўніцтвам працавалі Бабруйская, Ігуменская і Мазырская павятовыя надзвычайныя камісіі, якія выбіраліся павятовымі выканкомамі і зацвярджаліся губчэка. Пасля ўтварэння Літбел Мінская губчэка ў маі 1919 перайменавана ў Надзвычайную камісію Літ.-Бел. ССР (ЧК Літбела). У сувязі з акупацыяй тэр. Літ.-Бел. ССР польскімі інтэрвентамі ў жн. 1919 дзейнасць ЧК Літбела спынена, а яе супрацоўнікі накіраваны на фронт і ў тыл акупантаў на падп. работу. Пасля вызвалення Беларусі 21.7.1920 адноўлена як Мінская губ. надзвычайная камісія па барацьбе з контррэвалюцыяй, спекуляцыяй і службовымі злачынствамі, пазней перайменавана ў Надзвычайную камісію БССР (ЧК БССР). Працавала пад кіраўніцтвам ВЧК, фактычна на правах губ. органа. З 1919 асн. кірункамі дзейнасці Мінскай губчэка, потым ЧК Літбела былі выяўленне і ліквідацыя контррэв. арг-цый, барацьба з сабатажам і спекуляцыяй, карупцыяй служачых сав. дзярж. апарата. Пасля разгрому арганізаваных сіл унутр. і знешняй контррэвалюцыі ў 1921—22 асн. намаганні надзвычайнай камісіі былі скіраваны на барацьбу з бандытызмам і шпіянажам, контррэв. дзейнасцю розных партый і арг-цый. Паводле рашэння Прэзідыума ЦВК БССР ад 1.3.1922 ЧК БССР скасавана і на яе базе ўтворана Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне БССР. ЧК БССР (Мінскую губчэка, ЧК Літбела) узначальвалі: В.​А.​Багуцкі (крас.—май 1919), І.​В.​Тарашкевіч (май—жн. 1919), А.​І.​Ротэнберг (1920—21), Я.​К.​Ольскі (Кулікоўскі; 1921—22).

А.​А.​Тозік.

т. 11, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДМАГІ́ЛЛЕ,

твор скульптуры ці архітэктурнае збудаванне, якія прызначаюцца для ўвекавечвання памяці нябожчыка і ўстанаўліваюцца на яго магіле. Н. ствараюць у выглядзе бюстаў, статуй, рэльефаў, стэл, калон, абеліскаў і інш. Форма і характар Н. абумоўлены сац. і рэліг. патрабаваннямі, пануючым маст. стылем.

Вядомы з часоў неаліту ў выглядзе слупоў, менгіраў, у Стараж. Грэцыі — статуі, стэлы з выявай памерлага. З 11 ст. ў Зах. Еўропе асн. тыпам Н. была тумба (пустая каменная ці бронз. каробка). На сярэдневяковым Каўказе, у Румыніі, на Балканах пашыраны каменныя пліты з арнаментальнай разьбой. Кіт. Н. (верт. пліты) узводзіліся адна над адной і паступова пераўтвараліся ў мемар. сцены. У эпоху Адраджэння Н. выцеснены грабніцамі. У 17—18 ст. партрэтныя выявы часта спалучалі з сімваламі і алегарычнымі фігурамі; большую значнасць набылі надпісы 3 канца 18 — пач. 19 ст. Н. ўстанаўліваюцца на могілках. У Н. 2-й пал. 19—20 ст. рэліг.-дыдактычны пачатак паступова слабее, аздабленнем магілы часцей становіцца партрэт памерлага ці сімвалічна-мемар. эмблема.

На Беларусі Н. вядомы з 16 ст. Уяўлялі сабой каменныя або жал. пліты з тэкстам пра жыццё памерлага, выявамі герба, евангельскіх сцэн, іх клалі на магілу або ў храмах (надмагільная пліта епіскапа Цярлецкага, захоўваецца ў Музеі стараж.-бел. культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі). Паяўленне скульпт. Н. звязана з уплывам традыцый Адраджэння і дзейнасцю італьян. мастакоў. Захаваліся Н. 16 ст.: А.​Гаштольда — рэльефная выява памерлага (1539—41, скульпт. З.​Бернардзін), П.​Гальшанскага (1550, скульпт. Падавана; абодва ў Віленскім кафедральным саборы), фрагмент мармуровага Н. з выявай спячага дзіцяці з замка ў г.п. Мір (Гродзенскі гісторыка-археал. музей), надмагільны рэльеф М.​К.​Радзівіла Сіроткі (пасля 1616) і Н. ў выглядзе бюста другога яго сына (1608, абодва ў Нясвіжскім касцёле езуітаў), шматфігурная кампазіцыя на пліце ў памяць пра тых, што загінулі пад Хоцімам (пасля 1643, Навагрудскі фарны касцёл), Мікалая і Барбары Вольскіх — укленчаныя адзін супраць аднаго перад крыжам (пасля 1623, Георгіеўскі касцёл у в. Крамяніца Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл.), Л.​Сапегі і яго жонак (пасля 1633, касцёл Міхаіла ў Вільні), П.​Сапегі і трох жонак (пасля 1635, в. Гальшаны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл., цяпер у Музеі стараж.-бел. культуры). Рысы класіцызму выяўляюцца ў маст. вырашэнні надмагілля Б.​Біспінка з мармуровай выявай жанчыны, якая сядзіць на саркафагу (1789, скульпт. І.​Прукнер, Троіцкі касцёл, г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.), К.​Радзівіл (1825, Нясвіжскі касцёл езуітаў), графа М.​П.​Румянцава (1834, скульпт. В.​Дэмут-Маліноўскі, Гомельскі краязнаўчы музей), брата А.​Міцкевіча Аляксандра (пасля 1873, г. Кобрын Брэсцкай вобл.), А.​Чахоўскага (пасля 1858, в. Лунна Мастоўскага р-на), С.​Пац (19 ст., Троіцкі касцёл, г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл.), А.​Тызенгаўза з бронзавай выявай сядзячай жанчыны і партрэтным медальёнам (1887, скульпт. Т.​Дукас, Гродзенскі касцёл езуітаў). У 2-й пал. 20 ст. створаны шэраг значных Н. дзярж. дзеячаў, вучоных, пісьменнікаў, артыстаў, мастакоў: Я.​Коласа (1970, скульпт. У.​Ананька, М.​Якавенка, арх. М.​Мызнікаў), Я.​Купалы (1971, скульпт. А.​Анікейчык і А.​Заспіцкі), І.​Жыновіча (1976, скульпт. З.​Азгур), І.​Мележа (1980, скульпт. С.​Вакар, арх. Ю.​Казакоў), П.​М.​Машэрава (1983, скульпт. Анікейчык, арх. Л.​Левін, Ю.​Градаў), Е.​Лось (1985, скульпт. Заспіцкі), І.​І.​Грамовіча (скульпт. М.​Рыжанкоў), А.​А.​Анікейчыка (абодва 1988, скульпт. А.​Фінскі), Ю.​А.​Карачуна (скульпт. У.​Лятун), В.​Ц.​Турава (абодва 1999, скульпт. Якавенка). У мемар. комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» створана агульнае Н. над некропалем герояў, што загінулі ў крэпасці (1967—71, арх. У.​Кароль, Казакоў, В.​Волчак, В.​Занковіч, Г.​Сысоеў і інш.). Н.-стэлы ўстаноўлены ахвярам фашызму каля в. Маціёва Талачынскага р-на (1967) і ў г. Докшыцы (1968), на брацкай магіле партызан, ахвяр фашызму і землякоў у в. Масевічы Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. (1975), гомельскім апалчэнцам і Ц.​С.​Барадзіну (1975, скульпт. Г.​Гарбанёў), на брацкай магіле чырвонагвардзейцаў у в. Калышкі Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. (1983) і інш.

А.​К.​Лявонава.

Надмагілле Мікалая і Барбары Вольскіх у Георгіеўскім касцёле вёскі Крамяніца Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобл.
Да арт. Надмагілле. Помнік на магіле Янкі Купалы. 1971. Скульптары А.​Анікейчык і А.​Заспіцкі.

т. 11, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тагды́ ’тады; часам, калі-нікалі’ (ТСБМ), ’тады; потым’ (Сцяц., Ян.), ’тады’ (Сержп. Прымхі; віл., Жд. 3), ’у той час, перыяд’ (Сл. ПЗБ), тогды́ ’тс’ (ТС, ПСл), ’у той час, пасля таго’ (пруж., беласт., Сл. ПЗБ), тогды́‑сёгды́ ’час ад часу’ (ТС), тагды́‑сягды́ ’калі-нікалі’ (в.-дзв., Шатал.), сюды ж фанетычныя варыянты тагдэ́пасля таго, потым’ (Сл. ПЗБ), тогдэ́ ’ў той час, пасля таго’ (кам., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.), тоўды́ ’тс’ (ПСл), товді ’тс’ (Сл. Брэс.), а таксама тагды́шні ’тадышні’ (Нас.); ст.-бел. тогды, тагды ’тады’ (Альтбаўэр, КГС). Укр. тогді́, дыял. товді́, тоўді́, рус. тогда́, дыял. тогды́, товды́, то́жды, стараж.-рус. тогда, тъгда, тъгды, тогды, толды, ст.-польск. tegdy, в.-луж. tehdy, н.-луж. tegdy, чэш., славац. tehda, tehdy, балг. тога́(ва), макед. тога, тогай, тогаш, ст.-слав. тогда, тъгда, тогъда, тьгда, тодга ’тады, у той час’. Прасл. варыянты *togdy/*tъgdy ’тады’ з указальнага займенніка *to (Шустар-Шэўц, 1502 да *to‑ дадае яшчэ *te‑ і tъ‑ з дыялектнай дыферэнцыяцыяй у славянскіх мовах яшчэ з праславянскіх часоў) і фарманта ‑gdy (ESSJ SG, 2, 667–671) або *gъdy (Борысь, 630). Паводле Карскага (2–3, 417), тут выступае форма Тв. скл., як і ў ст.-бел. всегды ’заўсёды’, иногды ’часам’ і пад. Першая частка звычайна супастаўляецца з літ. tadà, tad ’тады’, усх.-літ. tadù, ст.-інд. tadā́, вед. tadānīm, tadāmm, авест. taẟa (Фасмер, 4, 68–69; ЕСУМ, 5, 590). Адносна другой часткі *‑gdy на падставе лат. tagad (< *tagadi) ’цяпер’, укр. тогід ’у мінулым годзе’ мяркуецца, што гэта склонавая форма ад прасл. *godъ, менавіта Р. скл. адз. л. *goda (Мюленбах-Эндзелін, 4, 122–123; другасны ўплыў іменных склонавых флексій у адносінах да фіналі прасл. *kǫdy дапускае ЭССЯ, 12, 53; гл. таксама Карскі, 1, 103), але невытлумачальным, на думку Фасмера (там жа), застаецца перасоўванне націску на канчатак. Верагоднасць іншых версій (кантамінацыі *toga/*tъga + *toda/*tъda ці існаванне зыходнага *to‑kъda) цяжка давесці. Гл. тады́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

«АЧА́КАЎ»,

крэйсер расійскага Чарнаморскага флоту, каманда якога ўдзельнічала ў Севастопальскім паўстанні 1905. Спушчаны на ваду ў 1902, дабудаваны ў 1907. Пасля задушэння паўстання 41 чл. яго экіпажа і камандуючы рэв. флотам лейтэнант П.​П.​Шміт асуджаны. У 1907—17 крэйсер наз. «Кагул». З 1918 у складзе флоту войскаў белых. У 1920 разам з інш. караблямі Урангеля эвакуіраваны ў порт Бізерта (Туніс). Знаходзіўся ў страі да 1924.

т. 2, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДО́ЛЬЁ ((Badoglio) П’етра) (28.9.1871, Грацана-Манферата, правінцыя П’емонт, Італія — 31.10.1956),

дзяржаўны і ваенны дзеяч Італіі, маршал (1926). Галоўнакамандуючы італьян. войскамі ў італа-эфіопскай вайне 1935—36, пасля захопу Эфіопіі віцэ-кароль (1936—37). Удзельнік дзярж. перавароту 25.7.1943, які прывёў да падзення фаш. дыктатуры Б.Мусаліні. У 1943—44 прэм’ер-міністр. Урад Бадольё 3.9.1943 у Касібілі падпісаў з антыфаш. кааліцыяй дагавор аб ваенным перамір’і і 13.10.1943 абвясціў вайну Германіі.

т. 2, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗА́Р ((Bazard) Сент-Аман) (19.9.1791, Парыж — 29.7.1832),

французскі сацыяліст-утапіст. Пасля рэстаўрацыі Бурбонаў у Францыі адзін з кіраўнікоў тайнай арг-цыі карбанарыяў. За ўдзел у паўстанні ў Кальмары і Бельфоры (1821) завочна прыгавораны да пакарання смерцю. З 1825 займаўся прапагандай і далейшай распрацоўкай ідэй Сен-Сімона. У 1828—29 выдаў кнігу «Выкладанне вучэння Сен-Сімона». У сен-сіманісцкай рэліг. суполцы займаў, разам з Анфантэнам, становішча першасвяшчэнніка.

т. 2, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́ЛЫ (ад лац. annales гадавыя),

запіс найб. значных падзей па гадах; форма гіст. твора ў старажытнасці і сярэднявеччы. Тэрмін аналы ўзнік у Стараж. Рыме, дзе ўсе важныя падзеі штогод запісваліся пантыфікамі (жрацамі) на спец. дошках і выстаўляліся на ўсеагульны агляд. Аналамі наз. таксама творы аналістаў. Пасля назва перайшла і на сярэдневяковыя запісы, якія вяліся звычайна ў манастырах. Форма пагадовых запісаў выкарыстана ў хроніках і летапісах.

т. 1, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАНІЯШВІ́ЛІ (Ніна) (Ніно) Гедэванаўна (н. 28.3.1963, Тбілісі),

расійская артыстка балета. Нар. арт. Расіі (1995). Пасля сканчэння Маскоўскага харэагр. вучылішча (1981) салістка Вял. т-ра Расіі. Сярод партый: Маша, Аўрора («Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Кітры («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Джульета («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Жызэль, Мірта («Жызэль» А.​Адана). Лаўрэат Міжнар. конкурсаў артыстаў балета ў Варне (Балгарыя, 1981), Маскве (1985, 1986), у г. Джэксан (ЗША, 1986).

т. 1, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫЁХ III Вялікі

(грэч. Anciochos Megas; 242—187 да н.э.),

цар дзяржавы Селеўкідаў (223—187), праўнук Селеўка I. У 212—205 падпарадкаваў парфян і Бактрыю, у 203 адваяваў у Егіпта Палесціну. Пацярпеўшы паражэнне ад Рыма ў Сірыйскай вайне 192—188, заключыў мір, т.зв. Апамейскі дагавор 188, пасля якога Селеўкідскае царства стала другараднай дзяржавай. Забіты ў Элімаідзе ў час рабавання яго войскамі храма бога Бэла.

т. 1, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)