метамарфічная горная парода, складзеная пераважна з кварцу. Прадукт перакрышталізацыі кварцавых пясчанікаў і інш. крэменязёмістых адкладаў або замяшчэння кварцам парод інш. зыходнага складу. Мае больш як 97% аксіду крэмнію, SiO2. Трываласць на сцісканне 100—450 МПа, вогнетрываласць да 1770 °C. Залягаюць у выглядзе суцэльных пластоў вял. працягласці. Найб. характэрны для адкладаў пратэразою. Змяшчаюць радовішчы медзі, золата, серабра, сернага калчадану, жалеза (радовішчы Крывога Рога на Украіне, Курскай магн. анамаліі ў Расіі, Аколаўскае на Беларусі і інш.). Выкарыстоўваюцца для вытв-сці вогнетрывалых вырабаў (дынас), атрымання метал. крэмнію, як флюс у металургіі, кіслотатрывалы матэрыял, буд. (у т. л. дэкаратыўны) камень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЙЗА́РАЎ (сапр.Кейзераў) Аляксей Сцяпанавіч
(4.10.1928, в. Бронніца Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 22.11.1994),
бел. пісьменнік. Скончыў Гомельскі настаўніцкі ін-т (1955). Працаваў настаўнікам, у рэдакцыях газет, на Бел. радыё, у 1974—88 у час. «Неман». Друкаваўся з 1950. Пісаў на рус. і бел. мовах пераважна для дзяцей (кн. «Хітры цвічок», 1966, «Першы разведузвод», 1969, «У нас у Тапалёўцы», 1976). Запісаў і літ. апрацаваў мемуары ўдзельнікаў Вял.Айч. вайны Э.Лаўрыновіча, І.Зуевіча, М.Фядотава і інш., кн. Н.Гірыловіча «Дальва — сястра Хатыні» (1981). Аўтар дакумент. аповесці «Рэха на Палессі» (1979).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕТЛІ́НСКАЯ (Вера Казіміраўна) (11.5.1906, г. Севастопаль, Украіна — 23.4.1976),
расійская пісьменніца. Друкавалася з 1928. Раманы «Рост» (1934), «Мужнасць» (1938), «Дні нашага жыцця» (1952), «Інакш жыць не варта» (1960), аповесці «Натка Мічурына» (1928), «Плато вышэй за хмары» (1964), зб.апавяд. «Дзень, пражыты двойчы» (1964) пра маладых горадабудаўнікоў, вучоных-наватараў, студэнтаў з іх светам думак, пачуццяў, праблем. Раман «У аблозе» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948) прысвечаны гераічнай абароне Ленінграда ў Вял.Айч. вайну. Аўтар камедыі «Так, вось яно, каханне» (1954), аўтабіягр. аповесці «Вечар. Вокны. Людзі» (1972), рамана «Дзень добры, маладосць!» (1975), артыкулаў па л-ры і мастацтве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІКО́ІН (Ісак Канстанцінавіч) (28.3.1908, г. Жагарэ, Літва — 28.12.1984),
савецкі фізік. Акад.АНСССР (1953, чл.-кар. 1943). Герой Сац. Працы (1951, 1978). Скончыў Ленінградскі політэхн.ін-т (1930). З 1943 у Ін-це атамнай энергіі імя Курчатава АНСССР. Навук. працы па атамнай фізіцы і тэхніцы, фізіцы цвёрдага цела. Даследаваў эл. і магн. ўласцівасці металаў і паўправаднікоў, адкрыў (разам з М.М.Насковым) фотамагн. эфект у паўправадніках (эфект К.—Наскова). Распрацаваў метады вымярэння эл. велічынь пры вял. (да 10 А) пастаянных токах. Аўтар падручнікаў для школ і ВНУ Ленінская прэмія 1959, Дзярж. прэміі СССР 1942, 1951, 1953, 1959, 1967, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІЛА́,
хвароба каранёў раслін сям. крыжакветных, якая выклікаецца грыбам Plasmodiophora brassicae. Найчасцей пашкоджвае капусту, а таксама бручку, радыску, рэпу, рэдзьку, гарчыцу, турнэпс, некат. віды пустазелля. Найб. пашырана на кіслых глебах.
Споры грыба пранікаюць у тканкі кораня, выклікаюць узмоцненае дзяленне клетак, у выніку ўтвараюцца вял. патаўшчэнні, нарасці, уздуцці. У іх пранікаюць інш. мікраарганізмы, нарасці загніваюць і разбураюцца. Споры грыба трапляюць у глебу, якая з’яўляецца асн. крыніцай заражэння (споры К. захоўваюцца 5—6 гадоў). Расліны заражаюцца на працягу ўсяго перыяду вегетацыі. Меры барацьбы: выкарыстанне ўстойлівых сартоў, дэзінфекцыя парнікоў і расаднікаў, вапнаванне глебы, выбракоўка заражанай расады, правільная агратэхніка, знішчэнне крыжакветнага пустазелля і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНАРЫ́НХІ (Kinorhyncha),
клас марскіх першаснаполасцевых чарвей. 2 атр.: цыкларагіды (Ciclorhagida) і гамаларагіды (Homalorhagida), каля 100 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у грунтах, у прыбярэжнай зоне і на глыбіні да 750 м.
Даўж. 0,1—1 мм. Цела пляскатае, жаўтаватае або карычневае, двухбакова-сім., складаецца з 13 (зрэдку з 14) сегментаў (занітаў); укрыта кутыкулай з венчыкамі шыпоў або кручкоў. Скура — з аднаслойнага эпітэлію. Мускулатура складаецца з асобных пучкоў папярочна-паласатых мускулаў. Кішэчнік у выглядзе простай трубкі. Нерв. сістэма складаецца з галаўнога каляглотачнага кальца і брушнога нерв. ствала з вял. колькасцю нерв. клетак у кожным сегменце тулава. Раздзельнаполыя, развіццё з метамарфозам. Кормяцца аднаклетачнымі водарасцямі, мікраарганізмамі, дэтрытам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБАЛЬЕ́ ((Caballe) Мантсерат) (н. 12.4.1933, г. Барселона, Іспанія),
іспанская спявачка (сапрана); буйнейшая прадстаўніца мастацтва бельканта. Вучылася ў Барселонскай кансерваторыі ў Э.Кемені. З 1956 салістка оперных т-раў у Базелі, Брэмене, з 1965 у т-ры «Метраполітэн-опера». Спявае таксама ў т-рах «Ла Скала», «Ковент-Гардэн», «Гранд-Апера», Венскай дзярж. оперы і інш. Валодае моцным прыгожым голасам вял. дыяпазону. Выкананне адметнае экспрэсіяй, багаццем тэмбравай і дынамічнай нюансіроўкі. Сярод партый: Норма («Норма» В.Беліні), Марыя Сцюарт (аднайм. опера Г.Даніцэці), Манон («Манон Леско» Дж.Пучыні) і інш. З яе імем звязана адраджэнне шэрагу опер Даніцэці, Беліні, Дж.Расіні. Выступае ў канцэртах. У 1997 гастраліравала ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НКІН Міхаіл Герасімавіч [16.4.1916, Петраград (паводле інш. звестак, в. Падольнае Нара-Фамінскага р-на Маскоўскай вобл.) — 22.11.1943), удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). На фронце з 1941. Камандзір асобнай стралк. роты капітан К. вызначыўся пры вызваленні Кармянскага р-на: 22 ліст. каля в. Студзянец рота на чале з К. уварвалася ў траншэі і выбіла з іх праціўніка. Каб спыніць кулямётны агонь варожага дзота, паранены К. закрыў амбразуру сваім целам. Натхнёныя яго подзвігам, байцы захапілі важны плацдарм. На месцы бою каля в. Касцюкоўка насыпаны курган Славы, каля падножжа якога мемар. пліта з апісаннем подзвігу К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛНІНЬШ ((Kalniņš) Алфрэдс) (23.8. 1879, г. Цэсіс, Латвія — 23.12.1951),
латышскі кампазітар, арганіст, педагог. Нар.арт. Латвіі (1945). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1901). Працаваў арганістам, піяністам, хар. дырыжорам (у 1925—26 дырыжор Нац. оперы Латвіі, у 1933—44 арганіст Домскага сабора ў Рызе). У 1927—33 у ЗША. У 1944—48 рэктар Латв. кансерваторыі (праф. з 1947). Аўтар першай латв. оперы «Банюта» (1920), балета «Стабурагс» (1943), сімф. паэмы «Латвія» (1919), ідыліі «Мая Радзіма» і сімф. карціны «Каля Стабурагса» (1906) і інш. Майстар сольнай і хар. песні, зрабіў вял. ўклад у камерна-інстр., фп. і арганную музыку.
Літ.:
Витолинь Е.Я. Алфред Калнынь — классик латышской музыки. Л., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЧАДА́НЫ (ад грэч. Chalkēdōn, стараж.-грэч. калонія ў М. Азіі),
агульная назва вял. колькасці рудных мінералаў, пераважна сярністых, мыш’яковістых, сурмяністых злучэнняў жалеза, медзі, свінцу, цынку, нікелю і інш. К. называюць таксама калчаданавыя руды, складзеныя пераважна з сульфідных рудных мінералаў. Сярод мінералаў-К. найб. пашыраны серны К. (пірыт), медны (халькапірыт), магнітны (пірацін), мыш’яковы (арсенапірыт), жалезны (марказіт), алавяны (станін) і інш. Крышталізуюцца пераважна ў кубічнай ці рамбічнай сінганіі. Колер бронзава-жоўты, латунны, шэры. Бляск металічны. Цв. да 7. Паходжанне гідратэрмальна-метасаматычнае, вулканагенна-асадкавае, радзей асадкавае. Сыравіна для вытв-сці сернай к-ты, комплексныя руды для атрымання медзі, цынку, свінцу, нікелю і інш.