род кветкавых раслінсям. капуставых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Паўн. Афрыцы, Пярэдняй і Малой Азіі, на Каўказе. На Беларусі інтрадукаваны і вырошчваюцца ў культуры І. вечназялёны (I. sempervirens) і горкі (I. amara).
Адна-, двух- ці шматгадовыя травяністыя расліны або нізкія паўкусты і кусцікі. Лісце лінейна-ланцэтнае, чаргаванае. Кветкі белыя, ружовыя, чырванаватыя, фіялетавыя і інш., двухполыя, у густых парасона- ці шчыткападобных гронках. Плод — струк. Дэкар. і меданосныя расліны. Выкарыстоўваюць для бардзюраў і камяністых горак. Размнажаюцца насеннем, чаранкамі і дзяленнем куста.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў (Аляксей Фядосавіч) (28.3.1913, в. Чачэвічы Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 30.10.1976),
бел. вучоны ў галіне дэндралогіі. Д-рбіял.н. (1969). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1938). У 1969—75 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі. Навук. працы па біялогіі і інтрадукцыі дрэвавых раслін на Беларусі. Адзін са складальнікаў выд. «Інтрадукаваныя дрэвы і кусты ў Беларускай ССР» (вып. 1—3, 1959—61). Дзярж. прэмія БССР 1976.
Тв.:
Рост древесных растений и кислотность почв. Мн., 1970;
Биология древесных растений. Мн., 1975 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЫЯАДАПТА́ЦЫЯ (ад грэч idios свой, своеасаблівы + адаптацыя),
аламарфоз, прыватнае прыстасаванне арганізмаў да пэўных умоў жыцця ў канкрэтным знешнім асяроддзі. Адпаведны кірунак эвалюцыйных пераўтварэнняў наз.алагенезам. У процілегласць арамарфозу і рэгрэсіўным зменам — катамарфозу І. не адбіваецца істотна на агульным узроўні арганізацыі. Звычайна І. вядзе да пашырэння арэала групы арганізмаў, падзелу яе на вял. колькасць роднасных сістэм адзінак. Прыклады І.: розныя прыстасаванні камароў да паразітызму, раслін — да распаўсюджвання насення, розныя тыпы дзюб у птушак у сувязі з выкарыстаннем разнастайнага корму і спосабаў яго здабывання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬМЕ́НСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Расіі. Засн. ў 1920 як мінералагічны запаведнік (больш за 200 мінералаў), у 1935 ператвораны ў комплексны для вывучэння экалогіі фонавых і рэдкіх відаў жывёл і раслін. Размешчаны на ўсх. схілах Паўд. Урала паблізу ад г. Міяс Чэлябінскай вобл.Пл. 30 380 га. Хваёвыя і бярозавыя лясы, участкі стэпу. У фауне звычайныя вавёрка, гарнастай, ласка, лясны тхор, акліматызаваны плямісты алень, адноўлена папуляцыя бабра; гняздуюцца рэдкія птушкі: лебедзь-клікун, шэры журавель, сокал-сапсан, скапа і інш. Мінералагічны музей (з 1930), засн.сав. вучоным А.Я.Ферсманам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРФА́ЗА (ад лац. inter паміж + фаза),
інтэркінез, частка жыццёвага цыкла клеткі паміж двума паслядоўнымі мітатычнымі дзяленнямі. У клетках, якія страцілі здольнасць дзялення (напр., нейронах) — перыяд ад апошняга мітозу да смерці клеткі. Да І. адносіцца таксама часовы выхад клеткі з цыкла (стан спакою). У І. сінтэзуюцца рэчывы, неабходныя для існавання і наступнага дзялення клеткі, узнікаюць структуры, што забяспечваюць яе спецыфічныя тканкавыя функцыі. Працягласць І. складае 90% часу ўсяго клетачнага цыкла. Прыкмета інтэрфазных клетак — дэспіралізаваны стан храмаціну (выключэнне — палітэнныя храмасомы двухкрылых і некат. раслін, што захоўваюцца на працягу ўсёй І.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВЫ́ЛЬ (Stipa),
род кветкавых раслінсям. злакаў. Каля 300 відаў. Пашыраны ва ўмерана цёплых, субтрапічных і горных раёнах тропікаў абодвух паўшар’яў. Асн. расліны стэпаў, прэрый, пампасаў і паўпустынь. У Цэнтр.бат. садзе Нац.
АН Беларусі інтрадукаваны 3 віды: К. валасацік (S. capillata), К. перысты (S. pennata), К. Лесінга (S. lessingiana).
Шматгадовыя, радзей аднагадовыя, шчыльнакустовыя расліны з моцным голым сцяблом выш. 30—150 см. Лісце вузкае, складзенае ўздоўж, шылападобнае. Суквецці — сціснутая або слабараскіданая мяцёлка з аднакветнымі двухполымі каласкамі. Плод — зярняўка. Кармавыя, прамысл., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛА,
віды кветкавых раслін роду Zantedeschia сям. ароідных. 9 відаў. Пашыраны ў Паўд. Афрыцы. На Беларусі вырошчваюцца ў цяпліцах і пакоях К. эфіопская (Z. ephiopica) і яе сарты: з белым пакрывалам — Перл фон Штутгар, Мікалай; з зялёным — Грынланд, з жоўтым — Голдэн Эмперон, з ружовым — Сапрайз Гібрыдс.
Шматгадовыя расліны выш. у сярэднім 100 см, з тоўстым членістым карэнішчам і доўгачаранковым стрэлкападобным шырокім лісцем. Кветкі дробныя, двухполыя, без калякветніка, сабраны ў суквецце — пальцападобны катах, абкружаны прыгожым белым яйцападобным пакрывалам. Плод — ярка-чырв. ягада. Цвіце ў кастр.—красавіку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАНХО́Э (Kalanchoe),
род сукулентных кветкавых раслінсям. таўсцянкавых. Каля 200 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Азіі, Афрыкі і Амерыкі. На Беларусі ў пакоях і аранжарэях вырошчваюць К.: Блосфельда (K. blossfeldiana), лямцавае (K. tomentosa), мармуровае (K. marmorata), Федчанкі (K. fedtschenkoi), трубкакветнае (K. tubiflorum), бехарскае (K. beharensis), Дэгрэмона (K. daigremontianum), перыстае (K. pinnata).
Шматгадовыя вечназялёныя паўкусты з сакаўным супраціўным лісцем. Кветкі чырвоныя, белыя, ружовыя або аранжавыя, сабраныя ў парасонападобнае суквецце. Цвітуць у снеж.—маі. Плод — каробачка. Лек. і дэкар расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАСО́ЎНІК (Bromus),
род кветкавых раслінсям. метлюжковых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў краінах Міжземнамор’я, у нетрапічных паясах Еўразіі і Афрыкі. На Беларусі 6 дзікарослых К.: аржаны (B. secalinus), мяккі (B. mollis), палявы (B. arvensis), гронкавісты (B. commutatus), растапыраны (B. squarrosus), японскі (B. japonicus); інтрадукаваны К. дрыжнікападобны (B. briziformis). Растуць на палях, лугах, уздоўж дарог.
Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 15—100 см. Сцябло — саломіна. Лісце з замкнёнымі пазухамі. Суквецце — мяцёлка з буйных шматкветкавых (6—20 кветак) каласкоў. Плод — зярняўка. Кармавыя і дэкар. расліны. К. аржаны — пустазелле пасеваў азімых культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАДДЗЯ́Н (Corallorhiza),
род кветкавых раслінсям. архідных. Каля 15 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — Л. трохнадрэзаны (C. trifida), занесены ў Чырв. кнігу. Вядомы ў Бярэзінскім біясферным запаведніку і бат. заказніку каля воз.Вял. Швакшты (Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.). Трапляецца на аблесеных балотах, у вільготных лясах, ярах.
Шматгадовыя травяністыя расліны, пазбаўленыя хларафілу (сапрафіты), выш. 8—30 см, з мясістым каралападобным карэнішчам. Лісце лускападобнае. жаўтаватае. Кветкі дробныя, жаўтавата- або зеленавата-белыя, паніклыя, у рыхлай гронцы. Плод — каробачка.