БЯРО́ЗАВІК,

бел. традыцыйны напітак з бярозавага соку. У бочку з сокам дабаўляюць прарошчаны і падпрэжаны ячмень або сухары, часам крыху цукру ці мёду, ставяць яе ў цёмнае халаднаватае месца ці закопваюць у зямлю на 4—6 тыдняў. Пашыраны амаль на ўсёй тэр. Беларусі.

т. 3, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАБ’ЁЎ (Павел Віктаравіч) (н. 7.11.1958, в. Рабавічы Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1983). Працаваў у раённым і рэсп. друку. З 1994 у газ. «Мінская праўда». Друкуецца з 1976. Аўтар паэтычных зб-каў «Крытычная маса» (1990) і «Цёмнае віно» (1995).

т. 4, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЯНО́ЧАК»,

«Вяночкі», бел. сцэнічны танец, у якім сінтэзаваны тыповыя рысы дзявочых карагодаў. Вызначаецца лірычнасцю і дэкаратыўнасцю. Муз. памер 24. Тэмп умераны. Створаны К.Мулерам для пастаноўкі нац. балета «Князь-возера» В.Залатарова (1949), увайшоў у рэпертуар Дзярж. ансамбля танца Рэспублікі Беларусь, самадз. калектываў.

Ю.М.Чурко.

т. 4, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАХЛЯКО́Ў (Аляксандр Дзмітрыевіч) (н. 26.1.1942, в. Цютчава Гамбоўскай вобл., Расія),

бел. спартсмен (веласіпедны спорт). Майстар спорту міжнар. класа (1965). Пераможца Велагонкі Міру ў камандным (1965—66), сярэбраны прызёр у асабістым (1966) пяршынствах. Чэмпіён СССР у групавой і каманднай гонках на 100 км (1966).

т. 6, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУКО́ЎСКІ Міхал, бел. гравёр 18 ст. Працаваў у г. Львоў (Украіна) і Нясвіжы пры двары кн. М.К.Радзівіла Рыбанькі. Стварыў медзярыты на тэмы пастановак Нясвіжскага прыдворнага т-ра У.Радзівіл, якія былі выкарыстаны ў кнізе «Камедыі і трагедыі...» (1754, с. Жоўква, цяпер г. Несцераў, Украіна).

т. 6, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЯ́ЗКА,

дзеяслоў са страчаным ці аслабленым лексічным значэннем, які ўваходзіць у састаўны выказнік як службовае слова. Выражае сувязь іменнай часткі выказніка з дзейнікам, У сучаснай бел. мове ёсць З. незнамянальныя («быць», «з’яўляцца»), паўзнамянальныя («станавіцца», «рабіцца», «выглядаць», «здавацца»), знамянальныя («ісці», «хадзіць». «прачынацца», «сядзець», «спыняцца»).

т. 7, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛЫ́ДЗЕНЬ,

ва ўсходнеславянскай міфалогіі злы дух, малая істота, часам у выглядзе старца, якая жыве (звычайна не адна) у хаце нябачна, прыносячы гаспадарам розныя нягоды і вечную беднасць. Існуе бел. прымаўка: «Упрасіліся злыдні на тры дні, a і ў тры гады не выжывеш».

т. 7, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАА́Н, Iван,

бел. дойлід 12 ст., прадстаўнік Полацкай школы дойлідства. Пабудаваў у сярэдзіне 12 ст. Спаса-Ефрасіннеўскую царкву ў Полацку. Верагодна, удзельнічаў у стварэнні Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра, дзе пабудаваў 3 царквы.

Літ.:

Арлоў У. Еўфрасіння Полацкая. Мн., 1992. С. 34—38, 122—126.

т. 7, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗАВА (Валянціна Васільеўна) (1.12.1935, Мінск —8.11.1990),

бел. спявачка (нізкі альт). Засл. арт. Беларусі (1966). Скончыла БДУ (1966). У 1952—79 салістка Дзярж. нар. хору Беларусі, удзельніца створаных пры хоры вак. актэта і квартэта «Купалінка». Спявала ў нар. і акад. манеры, выконвала сольныя партыі.

т. 10, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЧА́ННЕ,

традыцыйная бел. страва, дадатак да бліноў. Гатуецца як верашчака, са скварак з тукам (часам забельваецца смятанай), а таксама з льнянога ці канаплянага семя; з яец, раскалочаных з мукой і малаком ці вадой, з размятага тварагу з малаком ці смятанай. Вядома ўсюды.

т. 10, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)