мі́ленькі, ‑ая, ‑ае.
1. Прыемны на выгляд, прыгожанькі. Міленькая дзяўчынка. Міленькае дзіця.
2. Дарагі, любімы. Толькі міленькае імя назавуць — Белы тварык разгараецца. Багдановіч. // у знач. наз. мі́ленькі, ‑ага, м., мі́ленькая, ‑ай, ж. Любы, каханы чалавек.
3. Ласкавы або фамільярны зварот. [Вольга Віктараўна:] — Міленькі, Андрэй Пятровіч, навучыце ж мяне, як жа размеркаваць работу так, каб можна было добра весці яе? Колас. [Блазан:] — Што б то вы хацелі, людцы мае міленькія? Барашка.
•••
Як міленькі — без пярэчанняў, адгаворак; абавязкова. — Шчасце тваё, што ты з партызанаў, — сказаў .. [Яшу] дырэктар, — ды я цябе паважаю. А то пайшоў бы ты ў мяне дровы калоць як міленькі. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мно́га, прысл.
1. У вялікай колькасці, у вялікай ступені; не мала. Лес быў вялікі і глухі, зверыны рознай ды птаства многа вадзілася. Чарнышэвіч. Гэты вечар даў многа спакою Марыне Паўлаўне. Зарэцкі. // (пры выш. ст. і з прыназ. «на»). Значна, у значнай ступені. Многа больш. На многа раней. □ На многа вёрст былі відаць з гары Адсюль палі жытоў і канюшыны. З. Астапенка.
2. Больш, чым патрэбна; лішне. Так ужо многа даставалася беднаму Цімошку з-за гэтага чорнага быка. Пападала яму ад чужых, пападала і ад сваіх. Колас.
•••
Ні многа ні мала — якраз столькі, роўна столькі (звычайна пра вялікую колькасць чаго‑н.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мо́ташна, безас. у знач. вык., каму.
1. Млосна, нядобра (пра стан здароўя). Накурыўся так, што моташна стала. □ Зірнуў яшчэ ўніз Мішка і моташна яму стала — нязручна быць лётчыкам без прывычкі. Лынькоў. Калыхаўся [хлопчык], пакуль не рабілася моташна, дамоў прыходзіў з асалавелымі вачыма. Хомчанка.
2. перан. Агідна, прыкра. [Паліна:] — Ды не дрыжы ты ўжо так!.. Глядзець моташна... Новікаў. Часамі абураўся і Уладзік. — Кінь ты, Лазар, цягнуць лазара! Слухаць моташна! Колас.
3. перан. Аб адчуванні тугі, адзіноты. Не варта было пакідаць .. [Зіну] сёння адну. Ёй адно горка і моташна. Васілёнак. — Моташна там на абрыве тарчаць, — уздыхнуў Мірон Патапавіч. — У сяло б перабрацца. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насы́ціць, ‑сычу, ‑сыціш, ‑сыціць; зак., каго-што.
1. Накарміць уволю. Насыціў парсюкоў — карова ды цялушка з пашы бягуць. З качак вачэй не спускай, бо каршун ухапіць. Аношкін. // перан. Разм. Поўнасцю задаволіць (патрэбы, жаданні і пад.). Насыціць сваю цікаўнасць.
2. Прасякнуць, напоўніць што‑н. якім‑н. рэчывам у вялікай колькасці. Насыціць зямлю вадой. □ Нам паддадуцца снегавыя горы, Насыцяць рэкі цяжкім срэбрам хваль. Ліхадзіеўскі. // Спец. Дадаць да якога‑н. рэчыва гранічную колькасць якога‑н. іншага рэчыва, якое знаходзіцца ў раствораным або суспензаваным стане. Насыціць раствор солямі. // перан. Напоўніць, перапоўніць якімі‑н. ідэямі, пачуццямі і пад. Міровіч параіў Чароту насыціць п’есу камедыйнымі момантамі. Рамановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
но́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жан; ж.
1. Памянш.-ласк. да нага (у 1 знач.).
2. Апора, стойка (мэблі, начыння і пад.). На таку .. стаяла саматужная сячкарня.. на чатырох ножках. Колас. У паркеце адсвечваліся ножкі крэслаў, халодныя грані калонаў, гронкі вясёлкавых бра. Скрыган.
3. Ніжняя частка грыба або сцябло расліны. Белую тоўстую ножку.. [баравіка] Люся трымае аберуч. Брыль.
4. Рассоўная частка некаторых інструментаў. Ножка цыркуля.
•••
Казіная ножка — а) самаробная папяроса ў выглядзе люлькі; б) (спец.) інструмент для выдалення зубоў.
Падставіць ножку гл. падставіць.
Рожкі ды ножкі гл. ражок 1.
Хатка на курыных ножках гл. хатка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падкалупі́ць, ‑луплю, ‑лупіш, ‑лупіць; зак., каго-што.
Разм.
1. Тое, што і падкалупнуць (у 1 знач.).
2. перан. Сказаць што‑н. непрыемнае. І хадзіў Амелька сярод людзей, цёрся ды ўсё азіраўся: ці няма якіх хітрыкаў збоку, ці не збіраецца падкалупіць цябе хто. Лынькоў. Анціп разгортвае газету і пачынае яе моўчкі ўважліва чытаць... Макейчык, ведаючы, што кулі зусім непісьменны, вырашыў у сваю чаргу падкалупіць яго. — Дык што там пішуць? — і хітра прыжмурыў вока. Рылько. Валя ўвесь час услухоўвалася ў маю размову па тэлефоне, і як толькі я паклаў трубку, яна, як бы хочучы падкалупіць мяне, сказала: — Усё ж такі знайшла яна цябе. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падця́ць, падатну, падатнеш, падатне; падатнём, падатняце; зак., што.
Разм.
1. Падагнуць пад сябе або прыціснуць да сябе (ногі, калені і пад.). Паспрабаваў [Васіль] падцяць пад сябе параненую нагу і не змог. Востры боль укалоў у самае сэрца. Сачанка. Спалохаліся ваўкі смелай дзяўчыны, падцялі хвасты ды падаліся ў гушчар. Якімовіч. // Шчыльна стуліць, сціснуць губы. — Эт, гаворыш абы-што, — Сцёпа пакрыўджана падцяў губы. — Я да цябе з адкрытым сэрцам, а ты — смяешся... Курто.
2. Адсячы, падрэзаць. Для яблыні загад сухі і строгі: Сысці з дарогі. Тупы тапор падцяў яе пад корань. Бічэль-Загнетава.
•••
Падцяць хвост — тое, што і падціснуць хвост (гл. падціснуць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папакі́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.
Разм. Кідаць доўга, неаднаразова; пакідаць многа чаго‑н. А пастой жа ў гліне, папагніся, папакідай дзень рыдлёўкай... Галавач. Пніцкі штурхануў цыгана пад локаць і сказаў яму: — І ты тут гліны папакідаў. — Цыган не зразумеў яго спачатку, дык Зыдор пастараўся растлумачыць яму: — Колькі ты тут гліны накапаў на гэтую цэглу!.. Чорны.
папакіда́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак., каго-што.
Пакінуць усіх, многіх або ўсё, многае. Быў муж, ды няма яго, хіба мала параскідала людзей вайна, папакідала жанчын удовамі? Скрыган. [Брат гаспадыні:] — У лесе, дзевачка, ёсць шмат таго, што страляе, узрываецца... Шмат чаго і нашы прымакі папакідалі. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папа́с, ‑у, м.
1. Месца, дзе пасецца жывёла; паша. Травою шастаюць Каровы на папасе. Чарот. Змоўкла цётка, калі на падворку тонка і высока заржала жарабя, а ў дзвярах паказаўся дзядзька Андрэй — прызнаў з папасу кабыліцу. Вышынскі.
2. Прыпынак у дарозе з мэтай пакарміць коней, падсілкавацца і адпачыць; папаска. А дзень канчаецца тым часам, Пара падумаць пра начлег, Ды дзе спыніцца для папасу? Колас. Праз вёску са сваёй дружынай Баярын гэты ехаў раз, І ля Натальчынай хаціны Ён затрымаўся на папас. Купала. Усе, хто ездзіў ад нас у Мінск, спыняліся на папас і на начлег у карчме. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пара́дзіць, ‑ра́джу, ‑ра́дзіш, ‑ра́дзіць; зак., што і з інф.
Даць параду, падказаць, як дзейнічаць. Дзед бездапаможна трасе галавой, разводзіць рукамі. Ну, што ёй парадзіць? Колас.
•••
Нічога не парадзіш — а) аб немагчымасці зрабіць што‑н. так, як хочаш. Маці пачала яе адгаворваць, не пускаць. Ды дзе там — нічога не парадзіш з упартаю дачкою! Якімовіч; б) пра неабходнасць згадзіцца з тым, што ёсць. Нічога не парадзіш, прыйшлося Беразоўскаму прывезці бульбу і муку. С. Александровіч.
парадзі́ць, ‑раджу́, ‑ро́дзіш, ‑ро́дзіць; зак., што.
Быць прычынай узнікнення, з’яўлення чаго‑н. Эпоха, што парадзіла і абумовіла творчасць Купалы, характарызуецца падзеямі выключнай гістарычнай важнасці. Івашын.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)