Жох1 ’прайдзісвет’ (ТСБМ). Рус. жох ’тс’. Улічваючы форму жег ’прайдзісвет’, якую Даль прыводзіць у гняздзе жечь, Шанскі (1, Д, Е, Ж, 296), як і Фасмер (2, 62), Праабражэнскі (1, 236), схіляецца да думкі пра сувязь з коранем жьг (гл. жога) і параўноўвае з прожженный, выжига, жиган. Хаця гэта этымалогія патрабавала б падтрымкі як у семантычных, так і ў фармальных адносінах, яна, магчыма, лепей, чым іншыя, напр., сувязь з жокер ’назва карты’ (< англ. ’падманшчык’) ці з цюрк. джок ’бядняк’ (Радлаў, Опыт, 4, 93), альбо шох ’цікавы, гуллівы, жартаўлівы’ (там жа, 1026). Гл. жох3.

Жох2 ’костка ў гульні’ (грозд., Нар. словатв., 269). Рус. дыял. жохадна са старон, палажэнне косткі ў гульні; сама костка; спіна, край’. Фасмер (2, 62), крытыкуючы няпэўную сувязь з жаць2, якую адзначыў Гараеў (111), недакладную паралель з польск. żoch ’страўнік’ (магчыма, з чэш. žock, žok < ням. Sack ’мех, мяшок’), выказвае нясмела думку пра магчымасць сувязі з жох1. Ці не трэба ўлічыць магчымасць сувязі з цюрк. джок, у некаторых мовах (напр., казах.) жок ’не, няма, згубленая рэч’ (Радлаў, Опыт, 4, 92–93)? Параўн. яшчэ Ціцэ (Tietze), Oriens, 10 (1957), 377.

Жох3 ’выклічнік, што ўказвае на раптоўнасць’ (полац., Нар. лекс., 26). Відаць, звязана з дзеяслоўным коранем *žьg‑ (гл. жага, жгаць). Параўн. укр. прожогом ’хутка, імкліва’. Гл. жох1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сітадна- і шматгадовая травяністая расліна сямейства сітавых, Juncus L.’ (ТСБМ, Кіс., Байк. і Некр.), сіта́ ‘тс’ (брасл., даўг., мёрск., Сл. ПЗБ), ‘чарот, Scirpus lacustris L.’ (Касп.), ‘сярэднеазёрная водмель, якая прыгодна для рыбалоўства і зарасла чаротам, сітняком’ (Яшк.). Рус. сит, сить, сита́ ‘чарот і іншыя балотныя расліны’, укр. сітня́г ‘від воднай расліны’, зборн. рус.-ц.-слав. ситникъ (XI ст.), ст.-польск. sit ‘чарот’, польск. sit, sitowie ‘чарот, сітнік’, каш. sit ‘чарот’, в.-луж. syće, syćina, н.-луж. syśe, syśina, ст.-чэш. sit, sítí, славац. sítina, серб.-харв. сит, си́та ‘чарот’, славен. sȋt, sȋta ‘тс’. Прасл. *sitъ, *sita ‘расліны Juncus, Scirpus’ звязана з сець, сіло́ (гл.), ад і.-е. кораня *sei̯‑ ‘плясці’, таму што ўсе гэтыя расліны выкарыстоўваюцца для пляцення. Гл. Махэк₂, 545; Мяркулава, Очерки, 43 і наст.; Фасмер, 3, 628; SEK, 4, 272. Роднасныя літ. siẽtas ‘вяроўка’, saĩtas ‘матуз, шнур’, лат. saĩte ‘завязка, матузоў, літ. siẽti ‘звязваць’, лат. sȉet ‘тс’; гл. Траўтман, 253; Мюленбах-Эндзелін, 3, 860; 637; Борысь, 549. Наяўнасць вытворных *sitъ, *sita, *sitnikъ (гл. сітнік), *setъ, паводле Мяркулавай (Этим. иссл. 6, 20), сведчыць пра існаванне дзеяслова *siti ‘плясці’. Меркаванні пра сувязь з сіта, сітавы (гл. наступнае слова), выказаныя Праабражэнскім (2, 290), знаходзяць падмацаванне ў ст.-ісл. sef ‘сітнік’ і ст.-англ. sife ‘сіта, рэшата’, ст.-в.-ням. sib, нова-в.-ням. Sieb ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАЛО́ВІЧЫ,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ з роду герба «Багорыя». Родапачынальнік Ходка (Ходзька, Фёдар) жыў у 1-й пал. 15 ст. ў Гарадзенскім пав. Напачатку вызнавалі праваслаўе, у 16 ст. сярод іх шмат прыхільнікаў кальвінізму, з канца 16 ст. католікі. Тады ж род падзяліўся на некалькі галін. У 1798—1900 адна з іх насіла графскі тытул (згасла). У 19 ст. існавалі 4 галіны Валовічаў, валодалі маёнткамі ў Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай і Ковенскай губ. Найб. вядомыя:

Грынька Ходкавіч (Рыгор Фёдаравіч), канюшы ВКЛ з 1451, гараднічы гарадзенскі (1488—95), намеснік перавольскі (1503). Упершыню названы Валовічам у грамаце 1499. Багдан Грынькавіч (? — 14.4.1539), канюшы гарадзенскі з 1508, войскі гарадзенскі з 1529, намеснік крынскі, скідзельскі і азёрскі з 1537. Рыгор Грынькавіч, маршалак гаспадарскі (1558—69), кашталян новагародскі (1566—85), староста слонімскі (1560—84). Рыгор Багданавіч (? — 1577), староста мсцібаўскі (1558—67), маршалак гаспадарскі (1560—63), гараднічы гарадзенскі (1558—66), лоўчы ВКЛ (1566—74), ваявода смаленскі з 1572. Астафій (Яўстафій) Багданавіч, гл. Валовіч А.Б. Геранім (Яраш) Рыгоравіч (? — 1636), сакратар каралеўскі, пісар ВКЛ (1589), падскарбі дворны (1600), падскарбі земскі ВКЛ (1605), падканцлер ВКЛ (1618), староста генеральны жамойцкі (1619). Астафій (Яўстафій; ? — 1630), біскуп віленскі (1616). Уладзіслаў (? — 15.9.1668), польны пісар ВКЛ (1639), ваявода віцебскі (1655), гетман польны ВКЛ (1666). Удзельнік войнаў з Расіяй 1632—34 і 1654—67, антыфеад. вайны 1648—51. Вінцэнты Пётр (1670—1737), рэферэндары ВКЛ, дыпламат. З 1728 святар. Антоній Эразм (24.9.1711—6.7.1770), пісар ВКЛ і сакратар вялікі ВКЛ (1744), біскуп луцкі і берасцейскі (1755). Андрэй (1750—9.3.1822), рэферэндары вялікі ВКЛ, біскуп куяўска-калішскі (1818). Міхал Казіміравіч, гл. Валовіч М.К.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 3, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАГАНІ́ЗМ (ад грэч. antagōnisma спрэчка, барацьба),

ідэйнае, паліт., маральнае і інш. процістаянне супрацьлеглых варожых сіл; адна з формаў супярэчнасцяў, што назіраюцца ў прыродзе і грамадстве. Адметная рыса антаганізму — непрымірымы канфлікт процістаячых сіл, з’яў, тэндэнцый развіцця. Катэгорыя «антаганізм» ужываецца ў біялогіі і матэматыцы, у грамадскіх навуках, у т. л. ў сац. філасофіі (творы класікаў і класавай барацьбы, грамадска-эканам. фармацый, цывілізацый, культур), паліталогіі (канфлікт паміж дэмакратыяй і таталітарызмам), гуманіст. і рэліг.-маральных філас. вучэннях (барацьба ліній дабра і зла, плоці і духу). У развіцці сучаснай цывілізацыі, калі супярэчнасці паміж ёю і прыродай усё большыя, адзначаецца антаганізм двух падыходаў да прыроды: спажывецкага (прымат непадзельнага панавання чалавека над наваколлем) і рэгенерацыйнага (прымат гарманічнага ўзаемадзеяння грамадства з прыродай).

А. у біялогіі выяўляецца перш за ўсё ў барацьбе за існаванне. Найб. выразныя антаганіст. адносіны паміж драпежнікам і яго здабычай, гаспадаром і паразітам, а таксама канкурэнтныя ўзаемаадносіны (напр., за святло і мінер. жыўленне ў раслін, за кармы і месца пражывання ў жывёл). У фізіялогіі падобныя адносіны выяўляюцца ў разнастайнасці ўмоўна процілеглых функцый органаў або сістэм арганізма, якія ўдзельнічаюць у адначасовай спалучанай дзейнасці (актывацыя — інгібіраванне, узбуджэнне — тармажэнне, узмацненне — аслабленне, асіміляцыя — дысіміляцыя). А. рэчываў — від узаемадзеяння амінакіслот, вітамінаў, гармонаў, метабалітаў і антыметабалітаў у арганізме, які характарызуецца палярным дзеяннем: узмацненнем ці аслабленнем пэўных рэакцый. А. мікраарганізмаў выяўляецца ў тармажэнні або прыгнечанні жыццядзейнасці адных відаў мікраарганізмаў іншымі. Упершыню адзначыў франц. вучоны Л.​Пастэр (1877). Найб. рэзкі антаганізм сярод актынаміцэтаў, плесневых грыбоў, бактэрый; назіраецца таксама сярод дражджэй, водарасцяў і прасцейшых. Дзейнасць мікробаў-антаганістаў спрыяе ачышчэнню глебы ад патагенных мікраарганізмаў.

В.​І.​Боўш.

т. 1, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РЫ-ГО́РАЦКІ ЗЕМЛЯРО́БЧЫ ІНСТЫТУ́Т.

Існаваў у г. Горкі Магілёўскай вобл. ў 1848—64 і 1919—25. Адна з першых ВНУ с.-г. профілю на Беларусі і ў Рас. імперыі. Засн. ў выніку рэарганізацыі ў ін-т вышэйшага разраду Горы-Горацкай земляробчай школы. Рыхтаваў аграномаў. Тэрмін навучання 4 гады. У розныя гады ў ін-це навучалася ад 112 да 222 студэнтаў. Выкладаліся фізіка, хімія, батаніка, заалогія, паляводства, жывёлагадоўля, лесаводства і інш. спец. дысцыпліны, а таксама бухгалтэрыя, архітэктура, геадэзія, палітэканомія (з 1859), рус. і замежная мовы, гісторыя рус. л-ры, права, логіка і інш. Пры ін-це дзейнічаў з-д па вырабе цэглы і дрэнажных труб, майстэрня с.-г. машын, сыраварня, пчальнік, музеі (заалагічны, анатамічны, с.-г. машын), бат. сад (калекцыя больш за 3870 раслін), б-ка (больш за 7 тыс. тамоў). Праводзіліся навук. даследаванні, вынікі якіх друкаваліся ў «Записках Горы-Горецкого земледельческого института» (1852—57), інш. навук. выданнях. Сярод выпускнікоў ін-та А.В.Саветаў, І.А.Сцебут, А.М.Бажанаў, А.​П.​Людагоўскі, І.​М.​Чарнапятаў, С.​С.​Касовіч і інш. За ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў у паўстанні 1863—64 ін-т пераведзены ў Пецярбург, дзе ў 1877 аб’яднаны з Пецярбургскім лясным ін-там. У 1919 адноўлены ў Горках. Меў ф-ты: агранамічны, меліярацыйны, лясны, с.-г. машыназнаўства. У 1925 да ін-та далучаны Бел. ін-т сельскай і лясной гаспадаркі (засн. ў Мінску ў 1922) і на іх базе створана Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія.

Літ.:

Цитович С.Г. Горы-Горецкий земледельческий институт — первая в России высшая сельскохозяйственная школа (1836—1864). Горки, 1960;

Белорусская... сельскохозяйственная академия: 150 лет: [Краткий очерк истории и деятельности]. Мн., 1990.

У.​М.​Ліўшыц.

т. 5, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЗЬ,

старажытнае дэкар. пісьмо, пры якім літары звязаны ў непарыўны дэкар. арнамент. Пісцы карысталіся 2 прыёмамі: скарачэннем літар і іх упрыгожваннем. Віды скарачэнняў: скарачэнне частак літар Л, А, К, М і інш., каб палегчыць іх збліжэнне; падпарадкаванне адной літары другой, калі памер адной памяншаўся і яна ставілася пад мачту большай літары ці пісалася ўнутры яе, не перасякаючы яе частак (КО = ; памяншэнне памеру абедзвюх літар і напісанне іх адна пад адной (МР = ); зліццё падобных частак суседніх літар (ПР = ). Упрыгожванне служыла для запаўнення пустот, уласцівых многім слав. літарам. У рукапісных кнігах вязь звычайна пісалі каляровай фарбай (найчасцей кінавар’ю).

Першапачаткова вязь выкарыстоўвалася ў загалоўках і надпісаннях. На Русі з’явілася ў 14 ст. Перайшла ад паўд. славян і ўжывалася ў двух стылях: т.зв. геаметрычным (строга захоўваў геам. элементы літар) і прыродным (літары ўпрыгожвалі арнаментальнымі расліннымі і жывёльнымі матывамі). Быў і змешаны стыль. У 15—16 ст. на Беларусі і Украіне развіваўся прыродны стыль, у Маскоўскай Русі пераважаў геаметрычны. На Беларусі вязь выкарыстоўвалі пераважна ў рукапісных кнігах рэліг. жанраў («Псалтыр» 16 ст., «Пралог» 17 ст., «Зборнік павучанняў» сярэдзіны 17 ст.), зрэдку і ў дзелавой ці свецкай пісьменнасці (Статут ВКЛ 1566, бел. пераклад «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М.​Стрыйкоўскага). Друкаваная вязь вядома ў выданнях Ф.​Скарыны, С.​Буднага, у старадруках 16—17 ст. (Статут ВКЛ 1588, выд. ў Вільні, «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа», 1637, і «Дыдаскалія», 1653, выд. ў Куцейне.

М.​А.​Паўленка, А.​М.​Булыка.

Узоры вязі: 1, 2 — Статут Вялікага княства Літоўскага. Вільня. 1588; 3 — «Зборнік павучанняў». Сярэдзіна 17 ст.

т. 4, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЧЭ́РНЯЕ НАВУЧА́ННЕ,

адна з формаў навучання моладзі і дарослых без адрыву ад вытв-сці; састаўная частка сістэмы непарыўнай адукацыі; дае магчымасць працоўным набываць агульную сярэднюю, спец. сярэднюю і вышэйшую адукацыю. Прадугледжвае правядзенне выкладчыкам рэгулярных заняткаў з навуч. групамі пастаяннага складу ў зручны для навучэнцаў нерабочы час, часцей вечарам (адсюль назва тэрміна). Першыя вячэрнія агульнаадук. пач. школы ўзніклі ў 18 ст. ў Зах. Еўропе. У 20 ст. ў сувязі з пашырэннем усеагульнага школьнага навучання вячэрняе навучанне стала выкарыстоўвацца пераважна ў прафесійнай, у т. л. вышэйшай адукацыі, павышэнні кваліфікацыі, у розных відах дадатковай адукацыі (нар. ун-ты, розныя курсы і інш.). Развіццё вячэрняга навучання на Беларусі пачалося з арг-цыі нядзельных школ (19 — пач. 20 ст.), у якіх вучыліся непісьменныя і малапісьменныя дарослыя. У 1920—30-я г. вячэрняе навучанне дапамагло ліквідаваць непісьменнасць сярод насельніцтва. Ствараліся вячэрнія школы граматы для дарослых і падлеткаў, школы для дарослых, рабочыя ф-ты і інш. У 1958 устаноўлены адзіны тып вячэрняй школы — вячэрняя (зменная) агульнаадукацыйная школа. Для атрымання сярэдняй спец. адукацыі без адрыву ад вытв-сці на Беларусі існуюць вячэрнія аддзяленні і філіялы тэхнікумаў, каледжаў і інш. Для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй праз вячэрняе навучанне ў большасці ВНУ Беларусі працуюць вячэрнія аддзяленні. Змест навучання і асн. віды заняткаў у вышэйшай і сярэдняй спец. школе адзіныя для дзённай і вячэрняй формаў навучання. У 1995/96 навуч. г. на Беларусі ў вячэрніх агульнаадук. школах займалася 20,9 тыс. чал., на вячэрніх аддзяленнях сярэдніх спец. навуч. устаноў — 1,4 тыс. навучэнцаў, на вячэрніх аддзяленнях ВНУ — 2 тыс. студэнтаў.

т. 4, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБ (Quercus),

род кветкавых раслін сям. букавых. Каля 600 відаў; адна з гал. лесаўтваральных парод. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і і гарах Паўд. Амерыкі. На Беларусі 2 дзікарослыя і 13 інтрадукаваных відаў. Д. звычайны, або летні, ці чарэшчаты (Q. robur), расце ўсюды, асабліва на Пд, утварае дубовыя лясы; асобныя дрэвы ахоўваюцца як помнікі прыроды. Д. скальны, або зімовы, ці сядзячакветны (Q. petraea) — атлантычна-еўрап. рэліктавы від, трапляецца рэдка (вядома адзінае месца росту на тэр. нац. парку «Белавежская пушча», дзе ён утварае чыстыя і мяшаныя з грабам і елкай насаджэнні), занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Сярод інтрадукаваных найб. вядомыя Д. балотны (Q. palustris), паўночны (Q. borealis), каштаналісты (Q. castanefolia), шарлахавы (Q. coccinea), грузінскі (Q. iberica), буйнапыльнікавы (Q. macranthera), аксамітны (Q. velutina), мангольскі (Q. mongolica), Гартвіса (Q. hartwissiana).

Аднадомныя шматгадовазялёныя і лістападныя дрэвы і кусты з шатра- ці калонападобнай, пірамідальнай, ніцай або раскідзістай кронай. Жывуць 400—500, іншы раз да 2000 і больш гадоў. Лісце простае, чаргаванае, перыста-лопасцевае, суцэльнакрайняе, зубчастае, на чаранках. Кветкі дробныя, непрыкметныя, раздзельнаполыя, з зачаткавым калякветнікам. Плады — аднагнездавыя арэхі (жалуды), у ніжняй ч. з чашападобнай плюскай. Драўніна мае высокія фізіка-мех. і тэхн. ўласцівасці, прыгожую тэкстуру (асабліва цэніцца драўніна Д., якая доўга знаходзіцца пад вадой, т. зв. «мораны дуб»); выкарыстоўваецца ў мэблевай і сталярнай вытв-сці, вагона-, авія- і суднабудаванні, буд-ве і інш. Кара мае да 12% танінаў, добры дубільнік і вяжучы сродак, ідзе на выраб коркаў, жалуды — на прыгатаванне сурагату кавы, а таксама на корм жывёле. Дэкар. віды Д. выкарыстоўваюць у зялёным буд-ве.

Г.​У.​Вынаеў.

Дуб звычайны.

т. 6, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (англ. Democratic Party),

адна з дзвюх асноўных паліт. партый у ЗША. Утворана ў 1828 прыхільнікамі кандыдата ў прэзідэнты ЗША Э.​Джэксана як пераемніца антыфедэралістаў і Дэмакр.-рэсп. партыі Т.Джэферсана. Да сярэдзіны 19 ст. абапіралася пераважна на саюз дробных фермераў і заможных плантатараў-рабаўладальнікаў, выступала за дэмакратызацыю выбарчай сістэмы, абмежаванне ўлады Нац. банка ЗША, легалізацыю дзейнасці рабочых арг-цый, захаванне сістэмы рабства неграў, актыўную знешнюю палітыку. У грамадз. вайну 1861—65 падтрымлівала мяцежныя паўд. (рабаўладальніцкія) штаты. У 2-й пал. 19—20 ст. эвалюцыя праграмных установак партыі ішла ў кансерватыўна-ліберальным кірунку, пашырылася яе сац. база. Прэзідэнты ЗША ад Д.п. ўзначальвалі ўладу ў 1829—41 (Э.​Джэксан і М.​Ван Бурэн), 1845—49 (Дж.​Н.​Полк), 1853—61 (Ф.​Пірс і Дж.​Б’юкенен), 1885—89 і 1893—97 (С.​Г.​Кліўленд), 1913—21 (Т.​В.​Вільсан), 1933—53 (Ф.Д.Рузвельт і Г.Трумэн), 1961—69 (Дж.Ф.Кенэдзі і Л.Б.Джонсан), 1977—81 (Дж.Э.Картэр) і з 1993 (У.​Дж.Клінтан). Партыя не мае пастаяннага членства, яе лідэр — дзеючы або былы прэзідэнт ЗША ці кандыдат у прэзідэнты. Раз у 4 гады склікаецца парт. з’езд, які прымае праграму, выбірае кандыдатаў на пасады прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта ЗША; паміж з’ездамі парт. дзейнасць каардынуе Нац. к-т (штаб-кватэра ў Вашынгтоне). Сімвал Д.п. — выява асла.

Літ.:

Романова Н.Х. Реформы Э.​Джексона, 1829—1837. М., 1988;

Галкин И.В. На пути в Белый дом: из истории дем. партии США (1920-е—1933 rr.). М., 1991;

Маныкин А.С. «Эра демократов»: партийная перегруппировка в США, 1933—1952. М., 1990.

т. 6, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХКРЫ́ЛЫЯ (Diptera),

атрад насякомых. 3 падатр.: даўгавусыя (Nematocera) — камары, мошкі, макрацы і інш.; караткавусыя прамашвовыя (Brachycera-Orthorrhapha) — сляпні, ктыры, жужалы і інш.; караткавусыя круглашвовыя (Brachycera-Cyclorhapha) — мухі, авадні, тахіны, крывасмокі і інш. Больш за 150 сям., каля 100 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 6 тыс. відаў.

Даўж. 0,3—50 мм. Афарбоўка цёмная або стракатая. Развіта адна пара (пярэдняя) крылаў (адсюль назва), задняя рэдукавана і пераўтварылася ў булавападобныя жужальцы. Галава круглаватая з вял. фасетачнымі вачамі. Вусікі шматчленікавыя (даўгавусыя Д.) або кароткія трохчленікавыя (караткавусыя Д.). Ротавыя органы калюча-сысучыя або ліжучыя, зрэдку рэдукаваныя. Развіццё з поўным ператварэннем; за год 1—9 генерацый. Лічынкі чэрвепадобныя, жывуць у вадзе, глебе, гнілых рэштках раслін, жывых раслінах і жывёлах, трупах. Дарослыя Д. кормяцца нектарам і пылком раслін, гнілымі рэчывамі, крывёй жывёл і чалавека (гнюс); некат. не кормяцца. Шэраг відаў Д. — пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб чалавека і жывёл (пакаёвая муха, маскіты, камары, мошкі, сляпні і інш.). Лічынкі многіх Д. — небяспечныя шкоднікі раслін (даўганожкі, галіцы, збожжавыя мухі і інш.) і паразіты с.-г. жывёл (авадні, гнюс). Некаторыя Д. карысныя як апыляльнікі раслін (журчалкі і інш.), глебаўтваральнікі (грыбныя камарыкі і інш.), знішчальнікі шкодных насякомых (тахіны).

Літ.:

Систематика и эволюция двукрылых насекомых. Л., 1977;

Осмоловский Г.Е., Бондаренко Н.В. Энтомология. 2 изд. Л., 1980;

Жизнь животных. Т. 3. 2 изд. М., 1984.

Двухкрылыя: 1 — камар звычайны; 2 — званец апушаны; 3 — ільвінка звычайная; 4 — чмелявідка празрыстая; 5 — журчалка цыбульная; 6 — сляпень бычыны; 7 — жужала разнаколерны; 8 — муха падлавая звычайная; 9 — зеленавочка збожжавая; 10 — тахіна вялікая.

т. 6, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)