МАРЫЯ́ТЭГІ (Mariátegui) Хасэ Карлас (14.6.1895, г. Макегуа, Перу — 16.4.1930),

перуанскі паліт. дзеяч, сацыёлаг і літ. крытык. З 1918 у рабочым руху. З 1919 у эміграцыі. З 1923 зноў у Перу, у прафсаюзным руху, займаўся журналісцкай і выдавецкай дзейнасцю. Выпускаў часопіс «Amauta» («Мудрэц», 1926—30), рабочую газ. «Labor» («Праца», 1928—30). У 1928 заснаваў Перуанскую камуніст. партыю і быў яе ген. сакратаром. Тэарэт. асновы праграмы камуністаў выклаў у працы «Сем нарысаў тлумачэння перуанскай рэчаіснасці» (1928). У літ.-крытычных артыкулах аналізаваў ісп. і індзейскую традыцыі перуанскай л-ры, адстойваў незалежны шлях развіцця нац. культуры.

т. 10, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НА́ШЕ НАСЛЕ́ДИЕ»,

ілюстраваны гісторыка-культ. часопіс. Выдаецца з 1988 у Маскве на рус. мове. Мае рубрыкі: «Літаратура, гісторыя, філасофія», «Паштовая проза», «Кніжны знак», «Галерэя часопіса», «Памяць», «Сярод калекцыянераў» і інш. Друкуе неапублікаваныя і малавядомыя творы філосафаў, пісьменнікаў, мастакоў, іх мемуары, выступленні і інтэрв’ю дзеячаў мастацтва і навукі. Змяшчае лісты, архіўныя матэрыялы па гісторыі Расіі. Знаёміць з прыватнымі калекцыямі твораў жывапісу, графікі, прыкладнога мастацтва, запаснікамі цэнтр. і правінцыяльных музеяў і інш. Выдае забытыя творы л-ры і мемуары знакамітых людзей Расіі. Мае выставачную залу, дзе праводзіць выстаўкі работ сучасных мастакоў, работ з прыватных збораў, у т. л. замежных.

т. 11, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́ЛАЦАК»,

беларускамоўны грамадскі, гісторыка-культуралагічны і літ. ілюстраваны часопіс, які выдаваўся ў 1991—97, у г. Кліўленд (ЗША) бел.-амерыканскім культ.-асв. цэнтрам «Полацак». Гал. мэта выдання часопіса — спрыянне паяднанню беларусаў замежжа і Бацькаўшчыны. Раздзелы і рубрыкі: «Наша гісторыя», «Роднае слова», «Чарнобыльскі шлях», «Вобразы Бацькаўшчыны», «З жыцьця эміграцыі», «З эмігранцкіх выданьняў» і інш. Апублікаваў дакументы 19-й і 20-й сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі, I з’езда беларусаў свету, сустрэчы кіраўнікоў бел. суполак у замежжы, артыкулы па гісторыі і сучасным стане бел. эміграцыі, матэрыялы пра бел. асветнікаў і інш. Выйшла больш за 40 нумароў.

А.​С.​Ляднёва, А.​Я.​Белы.

т. 12, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СПА́ДЧЫНА»,

ілюстраваны культурна-гістарычны часопіс. Выдаецца з 1970 у Мінску на бел. мове. Да 1989 выходзіў штоквартальна пад назвай «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі», з 1991 выходзіць раз у 2 месяцы. Асвятляе пытанні аховы, вывучэння, прапаганды помнікаў гісторыі і культуры, праблемы бел. гіст. і культ. спадчыны ў еўрап. кантэксце. Публікуе артыкулы і архіўныя матэрыялы па гісторыі Беларусі, філас. думцы, гісторыі мастацтва і рэлігіі, культ. спадчыне нац. меншасцей Беларусі, гісторыі замежных краін, аб жыцці і дзейнасці бел. дыяспары, меркаванні пра шляхі развіцця нац. культуры, захавання гіст. памяці. Змяшчае пераклады і перадрукоўкі айч. і замежнай гістарыяграфічнай і літ. спадчыны.

т. 15, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ТЭ́КА ВІЛЕ́НЬСКА»

(«Teka Wileńska» «Віленскі зборнік»),

часопіс дэмакр. кірунку. Выдаваўся ў 1857—58 у Вільні на польскай мове раз у 2 месяцы. Рэдактар-выдавец А.Кіркор. Змяшчаў матэрыялы, тэматычна і праблемна звязаныя з Беларуссю, у т. л. паэт. творы А.​Адынца, пераклады з рус. і чэш. паэзіі В.​Каратынскага, аповесць А.​Плуга «Пястуха», апавяданні Г.​Пузыны «Што можа любасць», гісторыка-краязнаўчы нарыс У.​Сыракомлі «Мінск». Меліся быць апублікаваны бел. паэмы А.​Вярыгі-Дарэўскага. Выйшла 6 нумароў. Закрыты ўладамі. Матэрыялы, падрыхтаваныя да наступных нумароў, выдадзены пад назвай «Pismo zbiorowe Wilerískie» («Віленскі альманах», т. 1—2, 1859—60).

У.​І.​Мархель.

т. 16, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЭКАНО́МІКА. КІРАВА́ННЕ. ПРА́ВА»,

навукова-практычны часопіс. Заснавальнік — Мінскі інстытут кіравання. Выдаецца штоквартальна з 2002 у Мінску, друкуе матэрыялы на бел., рус. і англ. мовах. Асвятляе актуальныя праблемы рыначнай эканомікі, пабудовы сац.-прававой дзяржавы, фарміравання дэмакр. грамадства, заканад. забеспячэння і абароны правоў асобы, механізмаў, мадэлей і прагнозаў сац.-эканам. развіцця Беларусі, непажаданых наступстваў пэўных сац.-эканам. рэформ. Папулярызуе прагрэс. канцэпцыі і навукова абгрунтаваныя падыходы ў галіне кіравання, тэорыі права, удасканалення заканадаўства і праваўжывальнай практыкі. Публікуе крытыка-бібліягр. рэцэнзіі на кнігі, манаграфіі, зборнікі, а таксама справаздачы аб навук. міжнар. і рэсп. канферэнцыях, сімпозіумах і семінарах.

М.​В.​Суша.

т. 18, кн. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

subscribe [səbˈskraɪb] v. (to)

1. ахвярава́ць (грошы);

subscribe to a charity ахвярава́ць у фонд міласэ́рнасці

2. падпі́свацца (на газету, часопіс і да т.п.);

subscribe to smb.’s view далуча́цца да чыйго́-н. по́гляду

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

«ВЕ́СТНИК ЗА́ПАДНОЙ РОССИ́И»,

палітычны і гіст.-літ. часопіс. Выдаваўся ў 1862—64 у Кіеве пад назвай «Вестник Юго-Западной и Западной России» і ў 1864—71 у Вільні на рус. мове ў 4 кнігах асобнымі тамамі (ад 4 да 12 на год). Напачатку выступаў з пазіцый нац. адраджэння ўкраінцаў і беларусаў, але хутка адышоў ад такога кірунку і стаў правадніком ідэі заходнерусізму. Падтрымліваў палітыку рас. улад, накіраваную на стварэнне ў Беларусі рускамоўнай школы, насаджэнне расійскага чыноўніцтва і інш. Выступаў супраць польск. і бел. дваранства, каталіцкага духавенства, уніяцтва. Змяшчаў матэрыялы па археалогіі, краязнаўстве, статыстыцы, этнаграфіі Беларусі, Літвы, Украіны. Друкаваў маст. творы.

С.​В.​Говін.

т. 4, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛОС НИ́ЗА»,

рукапісны літаратурна-грамадскі часопіс. Выдаваўся ў 1911 у г. Капыль (Мінская вобл.) на рус. мове гуртком «Самаразвіццё і самаадукацыя». Захаваліся № 1, 2, 3, 10. У іх супрацоўнічалі З.​Жылуновіч (рэдактар першых нумароў, псеўд. Шулятнік, Капылянін), А.​Гурло (псеўд. Л.​Эхо), Х.​Чарнышэвіч (псеўд. Н.​Буржэнін), Дз.​Чарнушэвіч (псеўд. Ф.​Стрэмаў). Змешчаныя ў часопісе літ. творы маюць гісторыка-пазнавальнае значэнне, у іх перададзена імкненне нар. мас да свабоды і сац. справядлівасці. У публіцыст. артыкулах паказвалася сац.-эканам. і паліт. жыццё, крытыкавалася царскае самадзяржаўе. Да № 1—3 выдаваўся літ. дадатак на бел. мове «Вольная думка» (вядомы па ўрыўках).

А.​М.​Клачко.

т. 5, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРО́ДНЕНСКИЕ ЕПАРХИА́ЛЬНЫЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,

часопіс, орган Гродзенскай духоўнай кансісторыі. Выдаваліся ў 1901—14 у Гродне на рус. мове штотыднёва. Мелі афіц. і неафіц. (з перапынкам у 1907—09) аддзелы. Публікавалі царскія маніфесты і рэскрыпты, пастановы ўрада, распараджэнні па епархіі, хроніку епархіяльнага жыцця, гіст. дакументы, успаміны, артыкулы і матэрыялы па гісторыі хрысц. рэлігіі і царквы.

Сярод публікацый: «Стагоддзе Гродзенскай губерні» І.​У.​Карчынскага (1903), «Лёс праваслаўя ў сувязі з гісторыяй лацінства і уніі ў Гродзенскай губерні ў XIX ст. (1794—1900)» (1901—02) і «Гродзенскія праваслаўныя цэрквы ў XVI ст.» (1904) Я.​Ф.​Арлоўскага, «Кароткая гісторыя Гродзенскага краю» Е.Н. (1906), і інш. З 1992 выданне адноўлена.

А.​М.​Філатава.

т. 5, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)