КЕНІЯ́ТА, Кеньята (Kenyatta) Джома (10.10.1891, Ічаверы, каля г. Найробі, Кенія — 22.8.1978), дзяржаўны і паліт. дзеяч Кеніі. Паходзіў з племя кікую. У 1928—31 ген. сакратар Цэнтр. асацыяцыі кікую (адна з першых паліт. арг-цый кенійцаў). У 1931—46 вучыўся і працаваў у СССР і Вялікабрытаніі. З 1947 старшыня партыі Саюз афрыканцаў Кеніі. У 1952—59 зняволены брыт. ўладамі па абвінавачанні ў прыналежнасці да рэліг.-паліт. руху «Мау-мау», потым у ссылцы. У 1960 завочна абраны прэзідэнтам партыі Нац. саюз афрыканцаў Кеніі. У 1963—64 прэм’ер-міністр, у 1964—78 прэзідэнт і кіраўнік урада Кеніі. Распрацаваў (разам з Т.​Мбоя) і рэалізаваў канцэпцыю т.зв. дэмакр. сацыялізму, вынікам чаго стаў выбар капіталіст. шляху развіцця ў Кеніі.

В.​У.​Адзярыха.

т. 8, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЗІНГЕР (Kiesinger) Курт Георг (6.4.1904, г. Альбштат, Германія — 9.3.1988),

германскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. У 1933—45 чл. Нацыянал-сацыялісцкай партыі, працаваў (1940—45) y МЗС фаш. Германіі. Пасля 2-й сусв. вайны ўступіў у Хрысціянска-дэмакратычны саюз (ХДС), у 1967—71 яго федэральны старшыня. У 1949—58 і 1969—80 дэп. бундэстага ФРГ, выступаў у падтрымку знешнепаліт. курсу ўрада К.Адэнаўэра. У 1950—58 чл., з 1955 — віцэ-старшыня Дарадчага сходу Савета Еўропы. У 1958—63 прэм’ер-міністр зямлі Бадэн-Вюртэмберг, у снеж. 1966 — кастр. 1969 федэральны канцлер ФРГ. Кааліцыйны ўрад К. [ХДС/ХСС (Хрысц.-сац. саюз) і С.-д. партыя Германіі] намагаўся ўпарадкаваць фінансы і інш., інтэнсіфікаваў адносіны ФРГ з краінамі Усх. Еўропы.

М.​В.​Стралец.

т. 8, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ЧМА Леанід Данілавіч (н. 9.8.1938, с. Чайкіна Ноўгарад-Северскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна),

украінскі дзярж. і паліт. дзеяч. Канд. тэхн. н. (1963), праф. (1994). Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1960). У 1960—86 працаваў у канструктарскім бюро «Паўднёвае» ў Днепрапятроўску (у 1982—86 1-ы нам. ген. канструктара). У 1986—92 ген. дырэктар вытв. аб’яднання «Паўд. маш.-буд. з-д» у Днепрапятроўску (буйнейшы ў свеце канцэрн па вытв-сці ракет). Нар. дэп. Украіны (з 1990). У 1992—93 прэм’ер-міністр Украіны і чл. Рады нац. бяспекі. З ліп. 1994 прэзідэнт Украіны (у ліст. 1999 абраны прэзідэнтам на другі тэрмін). У 1994—96 сустаршыня Канстытуц. камісіі. Ленінская прэмія 1981, Дзярж. прэмія Украіны 1993.

І.​Р.​Бунечка.

Л.Д.Кучма.

т. 9, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЭМП-ДЭ́ВІДСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1978,

комплекс пагадненняў паміж Ізраілем і Егіптам пры пасрэдніцтве ЗША аб мірным урэгуляванні Блізкаўсходняга канфлікту. Падпісаны 17 вер. ў загараднай рэзідэнцыі прэзідэнта ЗША Дж.Картэра ў Кэмп-Дэвідзе (адсюль назва) прэзідэнтам Егіпта А.Садатам, прэм’ер-міністрам Ізраіля М.Бегінам і Картэрам (сведка). Прадугледжвалі наданне абмежаванага самакіравання арабам-палесцінцам з Зах. берага р. Іардан і сектара Газа, заключэнне егіпецка-ізраільскага сепаратнага мірнага дагавора (падпісаны ў Вашынгтоне 26.3.1979 на ўмовах вываду ізраільскіх войск з Сінайскага п-ва, куды часова ўводзіліся войскі ЗША і краін НАТО). За гэтыя пагадненні Садату і Бегіну прысуджана Нобелеўская прэмія міру 1978. К.-д.п., падпісаныя без удзелу Арганізацыі Вызвалення Палесціны, не былі прызнаны ААН, большасцю араб. краін, тагачасным кіраўніцтвам СССР і ў Палесціне фактычна не выконваліся, аднак палепшылі егіпецка-ізраільскія адносіны.

т. 9, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАБІ́НІ (Mabini) Апалінарыо (23.7.1864, г. Талага, Філіпіны — 13.5.1903),

дзеяч філіпінскага нац.-вызв. руху. Скончыў ун-т у г. Маніла. Юрыст. Адзін з заснавальнікаў і лідэраў тайнай патрыят. арг-цыі Філіпінская ліга (1892—93). У жн. 1896 далучыўся да антыісп. паўстання на чале з ген. Э.Агінальда. Напісаў канстытуцыю Філіпінскай Рэспублікі 1898—99. У час амерыкана-філіпінскай вайны 1899—1901 рашучы прыхільнік незалежнасці Філіпін. У студз.—маі 1899 прэм’ер і міністр замежных спраў філіпінскага ўрада. У снеж. 1899 узяты ў палон амер. войскамі, са студз. 1901 у ссылцы на в-ве Гуам. У лют. 1903 згадзіўся прызнаць уладу ЗША над Філіпінамі і быў вернуты на радзіму. Аўтар кн. «Філіпінская рэвалюцыя» (т. 1—2, надрук. 1951).

Літ.:

Левтонова Ю.О. Мабини — национальный герой Филиппин. М., 1970.

т. 9, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕІ́Р (да 1956 Меерсан) Голда

(3.5.1898, Кіеў — 8.12.1978),

палітычны і дзярж. дзеяч Ізраіля. Жыла ў Кіеве і Пінску. З 1906 у ЗША. Працавала настаўніцай. Актывістка сіянісцкага рабочага руху. З 1921 у Палесціне, удзельнічала ў стварэнні кібуцаў. З 1924 прадстаўнік свайго кібуца ва Усеагульнай канфедэрацыі працы (Гістадруце), у 1928—31 сакратар Жаночага рабочага к-та Гістадрута. З пач. 1940-х г. працавала ў Паліт. аддзеле Яўр. агенцтва, выконвала розныя дыпламат. даручэнні агенцтва. У 1948—49 пасол Ізраіля ў СССР. З 1949 дэп. парламента (кнесета), у 1949—56 міністр працы і сац. забеспячэння, 1956—66 міністр замежных спраў. У 1966—68 ген. сакратар Рабочай партыі Ізраіля, з 1969 старшыня Ізраільскай партыі працы. У 1969—74 прэм’ер-міністр Ізраіля.

Тв.:

Рус. пер. — Моя жизнь: [Автобиография]. Чимкент, 1997.

т. 10, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДЗЬ (Nagy) Імрэ (7.6.1896, г. Капашвар, Венгрыя — 16.6.1958),

венгерскі паліт. і дзярж. дзеяч. У 1-ю сусв. вайну трапіў у рас. палон (1916), уступіў у партыю бальшавікоў (1917). У 1921—28 у венг. сял. руху. З 1930 у СССР. У 1944—45 міністр сельскай гаспадаркі Венгрыі, правёў зямельную рэформу (бязвыплатнае адчужэнне буйнога землеўладання). З канца 1940-х г. адзін з лідэраў кіруючай Венг. партыі працоўных (ВПП), узначальваў парт. апазіцыю курсу групоўкі 1-га сакратара ЦК ВПП М.Ракашы. У 1953—55 і ў час Венг. паўстання 1956 (гл. раздзел Гісторыя ў арт. Венгрыя) прэм’ер-міністр. Пасля паражэння паўстання вывезены ў Румынію, у 1958 вернуты ў Венгрыю, асуджаны на закрытым працэсе і пакараны смерцю. У 1989 рэабілітаваны, перапахаваны.

т. 11, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАХО́Д НА РЫМ 1922,

палітычная акцыя італьян. фашыстаў на чале з Б.Мусаліні, у выніку якой яны прыйшлі да ўлады ў краіне. 16 кастр. на нарадзе фаш. кіраўнікоў у г. Мілан для арганізацыі паходу створаны «квадрумвірат». 24 кастр. ў Неапалі адкрыўся з’езд фаш. партыі (у горад прыбыло каля 40 тыс. фашыстаў), на якім Мусаліні паставіў ультыматум ураду, патрабуючы для сваіх прыхільнікаў 5 міністэрскіх пасад. 27 кастр. пачалася мабілізацыя фаш. дружын, якія 28 кастр. рушылі 4 калонамі на Рым (дасягнулі яго 30 кастр.). Апасаючыся грамадз. вайны, кароль Віктар Эмануіл III 28 кастр. адправіў у адстаўку ўрад Л.​Факці, а 29 кастр. прапанаваў Мусаліні сфарміраваць новы ўрад. 30 кастр. Мусаліні прыбыў у Рым і стаў прэм’ер-міністрам Італіі.

Літ.:

Гл. пры арт. Б.Мусаліні.

т. 12, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У НУ, Такін Ну (25.5.1907, Вакема, М’янма — 14.2.1995),

дзяржаўны і паліт. дзеяч М’янмы. Скончыў Янгонскі ун-т (1929). За ўдзел у нац.-вызв. руху Ў 1935—41 зняволены брыт. калан. ўладамі. З 1942 міністр замежных спраў, з 1944 — інфармацыі ва ўрадзе М’янмы, створаным пад апекай яп. акупац. улад. З 1945 віцэ-прэзідэнт, у 1947—58 прэзідэнт Антыфашысцкай лігі народнай свабоды. У 1945—47 старшыня Устаноўчага сходу, у 1947—56, 1957—58 і 1960—62 прэм’ер-міністр М’янмы. У 1962 скінуты ваеннымі на чале з ген. Не Вінам; да 1966 зняволены, у 1966—80 у эміграцыі ў Тайландзе і Індыі, дзе стаў будыйскім манахам. У 1980 вярнуўся на радзіму, удзельнік апазіц. руху, з 1988 ганаровы старшыня Саюза за дэмакратыю і мір.

т. 16, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТРА́УС (Strauß) Франц Іозеф (6.9.1915, г. Мюнхен, Германія — 3.10.1988),

нямецкі дзярж. і паліт. дзеяч. У 1939—45 у арміі. Адзін з заснавальнікаў і ў 1961—88 лідэр заходнегерм. партыі Баварскі саюз хрысц. сацыялістаў (ХСС). У 1949—78 чл. бундэстага. З 1953 міністр без партфеля, міністр па справах атамнай энергіі, у 1956—62 міністр абароны. Прыхільнік узбраення бундэсвера ядзернай зброяй. Пад націскам грамадскай думкі пасля выяўлення т.зв. аферы «Шпігеля» (паліцэйскай акцыі супраць выдаўцоў і рэдактара штотыднёвіка «Der Spiegel», абвінавачаных у раскрыцці вайск. тайны) вызвалены ад абавязкаў. У 1966—69 міністр фінансаў. У 1978—80 прэм’ер Баварыі. Прыхільнік саюза ФРГ з ЗША, еўрап. інтэграцыі, аб’яднання Германіі. Аўтар прац, у якіх развіваў свае паліт. канцэпцыі («Праект для Еўропы», 1966; «Выклік і адказ», 1968).

Н.​К.​Мазоўка.

т. 17, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)