Бо́хат ’самае глыбокае месца ў ручаі або ў невялікай рэчцы’ (Яшкін). Параўн. рус. бухото́к ’шум ад падводнай крыніцы ў завадзі’. Утварэнне (мадэль *boch‑ъtъ, ‑ъtь‑ — суфікс аддзеяслоўных імён) ад бох‑, бух‑ (параўн. бо́хаць, бу́хаць і да т. п.). Да назваў глыбокіх месц у вадзе гл. Безлай, SR, 5–7, 125 і наст.; Балецкі, SSlav, 5, 183–184 (аб гукапераймальных словах). Магчыма, сюды ж і рус. дыял. бо́хоть ’вада на паверхні лёду’ (аб рус. слове Куркіна, Этимология 1966, 106: сувязь з славен. bohôt дастатак, лішак’ і далей (з іншым вакалізмам) бу́хта ’вада са снегам на паверхні лёду’), падрабязней гл. пад бу́хта2 і Краўчук, БЛ, 1975, 7, 68.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́жарка ’трэшчына на лёдзе’ (Сл. Брэс.), пожо́ра ’вада паверх лёду, верхаводка’ (ТС); параўн. абжо́ра ’вада паверх лёду’ (ЛА, 2), рус. обжо́р ’тс’, зажо́ра ’палонка’, ’яма’, зажо́ры ’талая вада пад снегам, у ямах на дарозе і палях’, чэш. požírka, požeradlo ’прадонне, глыбокае месца ў вадзе’. Узыходзіць да прасл. *žerdlo/*žьrdlo (гл. жарало), з якога ў некаторых дыялектах развілося значэнне ’крыніца’: параўн. укр. бойк. žereło ’крыніца’, польск. źródło ’тс’ і пад. У якасці назвы балота гэтая аснова ў рус. жорло́ ’правал; багністае месца на балоце’ (Куркіна, Этимология–1967, 132). Са значэння ’крыніца’, г. зн. ’вада, якая выступае з-пад зямлі’, развілося значэнне ’вада, якая выступае з-пад лёду ці снегу’. Параўн. яшчэ нажор.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тапе́ль ’топкае балота’ (в.-дзв., ЛА, 2), ’балота, якое зарасло густым хмызняком’ (в.-дзв., ЛА, 5), ’багна, твань’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. то́пельглыбокае месца’, топі́ль ’вір’, рус. то́пель, то́пиль ’грузкае балоцістае месца’, польск. topiel ’вір; багна’, ст.-польск. ’разліў, возера; багна, небяспечная глыбіня’, каш. toṕel ’топкае балота, багна, твань’ і, магчыма, палаб. tüöpéina ’балоцістая мясцовасць’. Вытворныя ад тапіць1 або ад то́пкі ’балоцісты, гразкі’, што характэрна для рэгіянальнага словаўтварэння, гл. Сцяцко, Афікс. наз., 98; сюды ж са складаным суф. ‑ельнятопе́льня ’гразкае месца’ (ТС). Адносна польскіх слоў гл. Борысь, 638. Талстой (Геогр., 170) мяркуе пра зыходнае *top‑, параўн. рус. топь, гл. топ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

глы́ба

1. Кавалак цвёрдай зямлі ці дзірвану на раллі (Слаўг.).

2. Грунт, абсунуты ў яму, капальню (Слаўг.).

3. Глыбокае месца ў рацэ, возеры (Стол.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

крутня́ Глыбокае месца ў рацэ, возеры; вір (Слаўг.). Тое ж круце́ль (Навагр.), круцея (Маг. губ. вед., № 45, 806), круце́нь, крутаворат (Усх. і Цэнтр. Палессе Талст.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

прысво́іць, ‑свою, ‑своіш, ‑своіць; зак., каго-што.

1. Зрабіць што‑н. чужое сваёй уласнасцю. Кожны тыдзень, а то і два разы на тыдні Арцём вазіў дровы ў Глыбокае, і ўсё ішло добра. Ён быў вельмі сумленны хлопец і ні разу не прысвоіў сабе гроша. Машара. — [Еўдакія] хітрая, можа забраць, прысвоіць, а надзець, так хутка не надзене. Кулакоўскі. Аднойчы .. [Іван], прабраўшыся ў друкарскі цэх, дацягнуўся да наборнай касы і прысвоіў поўную жменю літар. Навуменка. // Выдаць за сваё, прыпісаць сабе што‑н. — Змог жа Марконі прысвоіць вынаходства Нанова і пажыць мільёны. Зуб.

2. Надзяліць чым‑н., даць што‑н. (званне, імя, чын і пад.). Прысвоіць званне ўдарніка камуністычнай працы. □ Паслаў .. [Заслонаў] Жэню ў дэпо вучыцца на слесара, а праз два месяцы яму прысвоілі трэці разрад. Шчарбатаў. Неўзабаве [Лескаўцу] прысвоілі званне старшага лейтэнанта. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МАСТА́ЦКІ СТЫЛЬ,

адзін з асноўных функцыянальных стыляў мовы, што ўтвараецца сістэмай моўных сродкаў маст. л-ры ў яе гал. родах — эпасе, лірыцы, драме. Выконвае не толькі агульную для інш. стыляў камунікатыўную функцыю, але і ўласцівую толькі яму эстэт. — функцыю эмацыянальна-вобразнага ўздзеяння на чытача. У М.с. назіраецца глыбокае ўзаемадзеянне ўсіх стылістычных рэсурсаў, дапускаецца ўключэнне элементаў і фрагментаў інш. функцыянальных стыляў. Для яго характэрна метафарычнасць, вобразнасць адзінак розных моўных узроўняў, экспрэсіўнасць, узнёсласць. У ім часта ўжываюцца розныя вобразна-выяўленчыя сродкі (эпітэты, параўнанні, увасабленні, гіпербалы, літоты, перыфразы) і стылістычныя фігуры (анафара, эпіфара, антытэза, інверсія і інш.), якія дапамагаюць ствараць яркія маст. вобразы, даваць больш дэталёвае апісанне з’яў і фактаў рэчаіснасці, моўную характарыстыку персанажаў. У М.с. выкарыстоўваюцца не толькі літаратурныя, а і пазалітаратурныя моўныя сродкі (прастамоўная лексіка, жаргон, дыялектызмы і інш.), якія ўжываюцца не ў іх першаснай функцыі, а ў эстэтычнай. Кожны моўны сродак у маст. творы матываваны змястоўна і стылістычна. Разнавіднасці М.с. — паэт. мова, мова маст. прозы і драматургіі. Вылучаюць індывід. стылі асобных пісьменнікаў, мова якіх характарызуецца асаблівасцямі экспрэсіўнага адбору слоў, фразеалогіі, сінтаксічных канструкцый і марфалагічных рысаў і з’яўляецца прыватным праяўленнем агульных заканамернасцей М.с.

Літ.:

Цікоцкі М.Я. Сугучнасць слоў жывых... Мн., 1981;

Стилистика русского языка. 2 изд. Л., 1989;

Каўрус А.​А.​Стылістыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1992.

А.​І.​Жураўскі, Р.​Р.​Чэчат.

т. 10, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

адм.-тэр адзінка ў ВКЛ у 16—18 ст. Ахоплівала тэр. ранейшай Полацкай зямлі, намеснікі якой з пач. 16 ст. называліся ваяводамі. Цэнтр — г. Полацк. Мела харугву ружовага (паводле інш. звестак — белага) колеру з выявай герба «Пагоня». Карысталася абласнымі прывілеямі, якія ўстанаўлівалі полацкае права; ваявода мог прызначацца толькі са згоды мясц. шляхты. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—37 ад П.в. да Расіі адышлі воласці Завалочча і Себеж. У час Інфлянцкай вайны 1558—82 у 1563 амаль усё П.в. было занята рас. войскамі; у 1564 большая частка тэр. П.в. на Пд ад Зах. Дзвіны адваявана ВКЛ. З 2-й пал. 16 ст. структура кіравання ў ваяводстве прыведзена ў адпаведнасць з адм. рэформай 1565—66 і Статутам ВКЛ 1566. П.в. не падзялялася на паветы. Буйнейшымі паселішчамі былі Асвея, Бешанковічы, Глыбокае, Дзісна, Друя, Лепель, Ула, Ушачы і інш. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у 1654—55 рас. армія цалкам заняла П.в.; большасць яго тэрыторыі вернута ў ВКЛ у 1658—60. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай 1772 паўн. частка П.в. (да р. Зах. Дзвіна, з г. Полацк) адышла да Расіі і ўвайшла ў склад Пскоўскай губерні. Астатняя частка П.в. існавала да 2-га падзелу Рэчы Паспалітай 1793; павятовыя сеймікі ў гэты час збіраліся ва Ушачах.

В.​Л.​Насевіч.

т. 12, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ РАЁН.

Размешчаны ў цэнтры Віцебскай вобл. Утвораны 17.4.1924 (у сучасных межах з 1960). Пл. 3,2 тыс. км². Нас. 33,8 тыс. чал. (2000), гарадскога 8,6%. Сярэдняя шчыльн. 11 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Полацк. Уключае г. Наваполацк, г.п. Ветрына, 407 сельскіх населеных пунктаў, Ветрынскі пасялковы Савет, 19 сельсаветаў: Адамоўскі, Азінскі, Астроўшчынскі, Бабыніцкі, Баравухскі, Вароніцкі, Гаранскі, Гомельскі, Заазерскі, Зялёнкаўскі, Маласітнянскі, Нацкі, Палатоўскі, Салоніцкі, Трудаўскі, Фарынаўскі, Шпакоўшчынскі, Экіманскі, Юравіцкі.

Тэр. раёна ў межах Полацкай нізіны. Паверхня пераважна плоская, ускладнена марэннымі ўзгоркамі, рачнымі далінамі, камамі, азёрнымі катлавінамі, радзей озамі; 65% яе на вышыні 125—150 м, 28% — 150—170 м. Найвыш. пункт 180 м (за 2 км на Пд ад г.п. Ветрына). Глыб. расчлянення рэльефу на ўзгорыста-азёрных участках да 20 м/км². Карысныя выкапні: торф, гліны і суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пясок, мінер. воды. Сярэдняя т-ра студз. — 7,2 °C, ліп. 17,7 °C. Ападкаў 601 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Найб. рака Зах. Дзвіна з прытокамі Сосніца, Палата, Тураўлянка, Ушача з Нежлеўкай, Нача. На ўліку 191 возера з пл. больш за 5 га (61 мае рыбапрамысл. значэнне), найб. Янова, Вядзета, Чарвятка, Наўліцкае, Гомель, Болныра, Усомля. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (43,4 %), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (32,8 %), тарфяна-балотныя (13,2 %). Пад лесам [61% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя, чорнаальховыя, ёсць асінавыя і шэраальховыя лясы. Штучныя насаджэнні (пераважна хваёвыя) — 7,1 %. Пад балотамі 5 % тэрыторыі, найб. балоты Сосніца — Дражбітка, Судзіна, Замошша, Ізмацкае, Чарвятка. На тэр. раёна заказнікі рэсп. значэння: ландшафтны Казьянскі (да 1999 біял), біял. Лонна, гідралагічныя Вялікае Астравіта і Глыбокае-Чарбамысла. Помнікі прыроды рэсп. значэння: валун каля в. Свяціца, скопішча валуноў «Янава» (в. Бікульнічы), пагорак камавы «Валатоўка». Ахоўныя тарфянікі: Нядружынскае і Кляшторна. Зоны адпачынку «Азёрная» і «Туроўля».

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 77,7 тыс. га, з іх асушаных 14,4 тыс. га. На 1.1.2000 у раёне 9 калгасаў, 13 саўгасаў, калектыўнае с.-r. прадпрыемства, 50 фермерскіх і 33 падсобныя гаспадаркі, птушкафабрыка. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых, бульбы, лёну, агародніны. Прадпрыемствы дрэваапр., першаснай апрацоўкі лёну (ільновалакно), буд. матэрыялаў; каап. прам-сці; лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Невель—Полацк—Маладзечна, Віцебск—Полацк—Даўгаўпілс; аўтадарогі Віцебск—Рыга, з Полацка на Віцебск, Лепель, Глыбокае, Міёры, Верхнядзвінск, Асвею, Апочку (Расія), Расоны; нафтаправоды Сургут—Полацк, «Дружба», прадуктаправод Полацк—Вентспілс (Латвія), адгалінаванне ад газаправода Таржок (Расія) — Івацэвічы. У раёне 17 сярэдніх, 10 базавых, 7 пачатковых школ, школа-інтэрнат, 2 муз., 3 школы мастацтваў, СПТВ, Дом дзіцячай творчасці, аздараўленчы лагер «Чайка», 27 дашкольных устаноў, 45 б-к, 25 дамоў культуры, 12 клубаў, 6 бальніц, паліклініка, 6 амбулаторый, 23 фельч.-ак. пункты. Помнікі архітэктуры: сядзіба і царква (пач. 20 ст.) у в. Бяздзедавічы, парк (2-я пал. 19 ст.) у в. Рудня. Гіст. помнікі: рэшткі земляных умацаванняў (17 ст.) каля в. Кушлікі, замчышча Сітна (1563—1579) каля в. Малое Сітна, замчышча Туроўля (1563—1579) каля в. Туроўля. Выдаецца газ. «Полацкі веснік».

Г.​А.​Сакалова, Г.​С.​Смалякоў.

т. 12, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

зако́т Стромкі адхіл, скат берага пад вадой у рацэ ці возеры; глыбокае месца ў рацэ (Пол., Слаўг.).

ур. Закот (невялікая равінка) на заліўным лузе в. Папоўка Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)