ЛЮБА́РСКІ (Сцяпан Іванавіч) (27.12. 1896, в. Новыя Пескі Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 16.4.1945),

генерал-лейтэнант (1944). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1932), Генштаба (1938). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны, баёў на р. Халхін-Гол у 1939. У Вял. Айч. вайну на Зах., 2-м Бел., 4-м і 1-м Укр. франтах: нам. нач. аператыўнага аддзела штаба фронту, нам. нач. штаба армій. Загінуў пры фарсіраванні р. Нэйсе ў Германіі. На радзіме помнік.

т. 9, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКУ́ЛЬСКІ (Сямён Пятровіч) (15.9.1896, в. Ківачына Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 8.5.1964),

генерал-лейтэнант (1944). Скончыў Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1929, 1934) і Генштаба (1948). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. 1918—20 і сав.-фінл. 1930—40 войнаў. У Вял. Айч. вайну на Ленінградскім, Волхаўскім, Карэльскім, 3-м Прыбалт. і 2-м Бел. франтах: камандзір дывізіі, нач. штаба, нам. камандуючага арміяй і войскамі Волхаўскай аператыўнай групы, камандзір корпуса, камендант г. Гданьск. У 1946—55 на выкладчыцкай рабоце.

т. 10, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАЛАЕ́ВІЧ (Аляксей Мікалаевіч) (14.2.1904, в. Астроўна Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. — 2.3.1965),

генерал-лейтэнант (1958). Скончыў Маскоўскую артыл. школу (1927), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1954). У Чырв. Арміі з жн. 1920. У Вял. Айч. вайну на Волхаўскім, Ленінградскім, Данскім, 1-м і 2-м Укр. франтах: камандзір артпалка, нам. нач. артылерыі арміі, нам. камандуючага па тыле. Удзельнік абароны Ленінграда, вызвалення Украіны, Яска-Кішынёўскай, Сілезскай, Берлінскай і Пражскай аперацый. У 1945—63 у Сав. Арміі, нам. нач. Ваен. акадэміі імя Фрунзе.

т. 11, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБАНЮ́К (Іван Андрэевіч) (29.8.1896, б. в. Прышаходы Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. — 3.10.1959),

генерал-палкоўнік (1955). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. У грамадз. вайну 1918—20 камандзір узвода, пам. камандзіра роты, ад’ютант палка. З 1921 камандзір батальёна, палка. У Вял. Айч. вайну на Паўд., Закаўказскім, Паўн.Каўказскім, 3-м і 4-м Укр. франтах: камандзір палка, дывізіі, корпуса. Удзельнік баёў за г. Растоў, вызвалення Данбаса, Ўкраіны, Крыма, Чэхаславакіі, Аўстрыі. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі.

І.А.Рубанюк.

т. 13, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЎЧАНКА (Емяльян Рыгоравіч) (18.8.1899, г. Верхнядзвінск Віцебскай вобл. — 1.5.1966),

генерал-маёр (1943). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1933) і Генштаба (1941). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны, баёў на Зах. фронце і па ліквідацыі фарміраванняў Махно і Пятлюры. У Вял. Айч. вайну на Ленінградскім фронце: нач. штаба, нам. камандзіра стралк. корпуса, нач. штаба арміі, нам. нач. тылу Войска Польскага; удзельнік абароны і прарыву блакады Ленінграда, Вісла-Одэрскай і інш. аперацый. У 1947—53 на выкладчыцкай рабоце ў Ваен. акадэміі.

т. 14, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́К (Сяргей Антонавіч) (15.2.1901, в. Шубічы Пружанскага р-на Брэсцкай вобласці — 18.3.1962),

генерал-лейтэнант (1955), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1940), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1947). У Чырв. Арміі з 1920. У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941, з 1944 камандзір стралк. дывізіі ў складзе 3-га Укр. фронту. Вызначыўся пры ліквідацыі нікапальскай групоўкі праціўніка (Украіна). Дывізія пад яго камандаваннем у лютым 1944 знішчыла шмат жывой сілы, баявой тэхнікі ворага. Да 1960 у Сав. Арміі.

т. 2, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЭ́ЙКА (Аркадзь Аляксандравіч) (26.1.1898, в. Дубраўкі Полацкага р-на Віцебскай вобласці — 12.12.1955),

генерал-маёр (1941), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў курсы «Выстрал» (1922), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1949). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на Зах., Бранскім, Цэнтр., Бел. і 3-м Бел. франтах, камандзір дывізіі, корпуса. У вер. 1943 байцы корпуса пад яго камандаваннем фарсіравалі Дняпро ў Брагінскім раёне Гомельскай вобл., захапілі і ўтрымлівалі плацдарм. Да 1953 у Сав. Арміі.

А.А.Барэйка.

т. 2, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕМ ((Bem) Юзаф) (17.3.1794, г. Тарнаў, Польшча — 10.12.1850),

польскі ваен. і паліт. дзеяч, ваен. тэарэтык. Генерал польск., венг. і тур. армій. Удзельнік кампаніі 1812 у складзе войскаў Напалеона. У 1815—25 афіцэр арміі Каралеўства Польскага, звольнены за ўдзел у тайнай патрыят. арг-цыі. У час паўстання 1830—31 адзін з кіраўнікоў абароны Варшавы. Удзельнічаў у абароне рэв. Вены (кастр. 1848), узначаліў венг. армію (1849). Пасля паражэння венг. рэвалюцыі ўцёк у Турцыю, прыняў іслам і пад імем Мурат-пашы служыў у тур. арміі. Аўтар прац па матэматыцы, ваен. справе, гісторыі.

т. 3, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯДА́ (Леанід Ігнатавіч) (16.8.1920, с. Новапакроўка Кустанайскай вобл., Казахстан — 26.12.1976),

генерал-лейтэнант авіяцыі (1972), двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Засл. ваен. лётчык СССР (1971). Скончыў Чкалаўскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1942), Ваенна-паветр. акадэмію (1950), Ваен. акадэмію Генштаба (1957). У Вял. Айч. вайну ўдзельнік Сталінградскай бітвы, вызвалення Украіны, Беларусі, Літвы, аперацый ва Усх. Прусіі і Польшчы. Зрабіў 214 баявых вылетаў. Пасля вайны камандаваў авіяц. палком, дывізіяй, авіяцыяй БВА. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1958—62, 1974—76. Загінуў у аўтакатастрофе разам з Ф.А.Сурганавым.

Л.І.Бяда.

т. 3, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЛЕБЕН ((Witzleben) Эрвін фон) (4.12.1881, г. Брэслаў, Германія, цяпер г. Вроцлаў, Польшча — 8.8.1944),

германскі военачальнік. Ген.-фельдмаршал. У арміі з 1901, удзельнік 1-й сусв. вайны. Камандаваў пяхотнай дывізіяй (з 1934), 2-й групай армій (з вер. 1939), 1-й арміяй (з ліст. 1939), удзельнічаў у Французскай кампаніі 1940. З кастр. 1940 камандуючы групай армій «Д» у Францыі, з ліст. 1942 генерал для даручэнняў пры Стаўцы. Адзін з кіраўнікоў ваен. змовы супраць А.​Гітлера 20.7.1944; у выпадку поспеху павінен быў стаць галоўнакамандуючым. Пакараны смерцю паводле прыгавору ваен. трыбунала.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)