ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ 1812,

палітычнае аб’яднанне магнатаў і шляхты Варшаўскага герцагства, а таксама Беларусі і Літвы з мэтай абуджэння польскага нац.-вызв. руху і мабілізацыі сіл на карысць Францыі ў вайне 1812. Абвешчана па ініцыятыве Напалеона I надзвычайным сеймам герцагства 28.6.1812. Маршал канфедэрацыі — А.​К.​Чартарыйскі; пастаянны орган — Ген. савет (з 11 членаў). Акт канфедэрацыі ад 28 чэрв. абвяшчаў аднаўленне Каралеўства Польскага, заклікаў усіх палякаў далучацца да Генеральнай канфедэрацыі. У ліп. — кастр. да канфедэрацыі праз прыняцце адпаведных актаў на павятовых сейміках далучыліся амаль усе паветы Беластоцкай вобл., Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губ., аднак рэальнай улады на тэр. Беларусі і Літвы ад франц. акупац. адміністрацыі яна не атрымала. Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага пасля адмовы Напалеона дазволіць стварэнне асобнай літ. канфедэрацыі ўвайшоў у склад Генеральнай канфедэрацыі. У студз. 1813 Ген. савет эвакуіраваўся з Варшавы ў Кракаў, у крас. 1813 самараспусціўся.

В.​В.​Антонаў.

т. 5, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБО́ЎСКІ (Стафан) (24.6.1767, в. Асташына Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.6.1847),

военачальнік, адзін з кіраўнікоў паўстання 1794. Пасля заканчэння Рыцарскай школы ў Варшаве харунжы ў войску ВКЛ. У час ваенных дзеянняў Рэчы Паспалітай з Расіяй 1792 вызначыўся ў баях пад Мірам і Брэстам. Атрад Грабоўскага адыграў вырашальную ролю пры выгнанні з Вільні рас. гарнізона (крас. 1794), удзельнічаў у баях пад в. Солы, Паляны, у абароне Вільні. У жн. 1794 Грабоўскі ўзначаліў рэйд 2-тысячнага атрада паўстанцаў на Міншчыну і Магілёўшчыну. Пасля няўдалага бою пад Любанню (4.9.1794) капітуляваў. Высланы ў Кастрамскую губ., пазней амнісціраваны. У вайну 1812 ваяваў на баку Напалеона, ген.-маёр, трапіў у палон. Пры падтрымцы А.Чартарыйскага вызвалены, увайшоў у склад вышэйшай адміністрацыі Варшаўскага княства. З 1816 дырэктар Вайсковай камісіі, з 1825 міністр-сакратар Каралеўства Польскага, ген. дывізіі (1826). Удзельнік руска-турэцкай вайны 1826—29. У 1832—39 чл. Дзярж. савета Рас. імперыі.

У.​П.​Емяльянчык.

т. 5, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМААБАРО́НА ЛІТВЫ́ І БЕЛАРУ́СІ (Samoobrona, Samoobrona Litwy i Białorusi),

польскія вайсковыя фарміраванні на тэр. Літвы і Беларусі, акупіраванай у 1-ю сусв. вайну герм. войскамі. Стваралася з мэтай абароны інтарэсаў мясц. польскага насельніцтва, а таксама як авангард польскай арміі. Іх органы пачалі стварацца з 1918 афіцэрамі б. 1-га польскага корпуса ген. Ю.​Р.​Доўбар-Мусніцкага пры падтрымцы мясц. польскіх паліт. колаў. Гал. цэнтрамі самаабароны сталі Мінск, Вільня, Ліда, Гродна; яе часці дзейнічалі ў Шчучыне, Свіры, Вілейцы, Ашмянах, Радуні, Эйшышках. У выніку супрацьдзеяння герм. боку і наступлення Чырв. Арміі 29.12.1918 С.Л. і Б. ліквідавана, а яе часці фармальна ўвайшлі ў склад польскай арміі. Замест самаабароны, як органа кіраўніцтва польскімі вайсковымі фарміраваннямі на акупіраванай немцамі тэрыторыі, створана Ген. акруга Літвы і Беларусі. Жорсткае задушэнне рэв. руху, яўр. пагромы, абарона інтарэсаў польскіх землеўласнікаў, рэквізіцыі і інш. выклікалі негатыўныя адносіны да самаабароны з боку мясц. няпольскага насельніцтва.

А.​М.​Чарнякевіч.

т. 14, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮКАМЕ́Н ((Ducommun) Элі) (19.2.1833, г. Жэнева, Швейцарыя — 7.12.1906),

швейцарскі паліт. дзеяч, публіцыст. Адзін з арганізатараў Міжнар. лігі міру і свабоды (1867). Ганаровы ген. сакратар Міжнар. бюро міру (з 1891). Аўтар шэрагу прац у абарону міру, у т. л. «Гістарычнага нарыса руху ў абарону міру» (1899). Нобелеўская прэмія міру 1902 (разам з А.Габа).

Э.Дзюкамен.

т. 6, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМА́НІН (Мікалай Пятровіч) (18.10.1908, г. Меленкі Уладзімірскай вобл., Расія — 13.3.1982),

савецкі ваен. дзеяч. Герой Сав. Саюза (1934). Ген.-палк. авіяцыі (1967). Скончыў Ленінградскую ваенна-тэарэтычную лётную школу (1928), Ваен.-паветр. акадэмію (1938). Удзельнік выратавання экспедыцыі парахода «Чэлюскін» (1934). У Вял. Айч. вайну камандзір авіяц. корпуса. У 1966—72 у Гал. штабе ВПС, кіраваў падрыхтоўкай касманаўтаў.

т. 7, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЎРЫНО́ВІЧ (Міхаіл Фёдаравіч) (н. 4.12.1929, в. Цялуша Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),

гаспадарчы дзеяч, адзін з арганізатараў аўтамаб. прам-сці Беларусі. Засл. машынабудаўнік Беларусі (1984). Скончыў БПІ (1961). З 1950 у вытв. аб’яднанні «Белаўтамаз» (з 1982 ген. дырэктар аўтазавода). З 1994 прэзідэнт Бел. навук.-прамысл. асацыяцыі.

Дзярж. прэмія Беларусі 1974. Дзярж. прэмія СССР 1977.

т. 9, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРХІ́Ў РУ́СКАЙ РЭВАЛЮ́ЦЫІ»

(«Архив русской революции»),

зборнік дакументаў па гісторыі рэв. падзей 1917 і грамадз. вайны 1918—22 у Расіі. Выдадзены ў 1922—37 у Берліне ў 22 тамах адным з былых кіраўнікоў рас. канстытуцыйна-дэмакр. партыі І.​У.​Гесенам. У зборніку надрукаваны ўспаміны, дзённікі (у т. л. старшыні Дзярж. думы М.​У.​Радзянкі, кіраўніка справамі Часовага ўрада У.​Дз.​Набокава, данскога атамана ген. П.​М.​Краснова, вайск. атамана Кубанскага казацкага войска ген.-лейт. А.​П.​Філімонава), якія асвятлялі гал. чынам «парадкі і падзеі ўнутры сав. Расіі; арганізацыю, прасоўванне і паражэнне добраахвотніцкіх армій, адносіны да замежных атрадаў і місій, парадкі ў часова аднятых у бальшавікоў абласцях; ролю і побыт рус. эміграцыі ў Еўропе і інш. частках свету; замежнае ўмяшанне, адносіны прадстаўнікоў грамадскай думкі Еўропы і інш. частак свету, адносіны дзярж. дзеячаў». У пач. 1990-х г. «Архіў...» перавыдадзены ў Расіі.

Публ.:

Архив русской революции. Т. 1—22. М., 1991—93.

т. 1, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ЛІ (ад грэч. allēlōn адзін аднаго, узаемна),

алеламорфы, розныя формы (станы) аднаго і таго ж гена. Размешчаны ў аднолькавых участках (локусах) гамалагічных (парных) храмасом і кантралююць кірункі развіцця адной і той жа прыкметы (напр., белы ці чырвоны колер кветкі). Алелі ўзнікаюць пры любой змене структуры гена ў выніку мутацый або ўнутрыгенных рэкамбінацый (магчымая колькасць алеляў кожнага гена практычна незлічоная). Кожны ген можа знаходзіцца не менш як у двух алельных станах, адзін з якіх звычайна забяспечвае максімальнае развіццё прыкметы — дамінантная алеля, другі прыводзіць да частковай або поўнай страты або змены прыкметы — рэцэсіўная алеля. Ген, які мае некалькі розных станаў, утварае серыю множных алеляў. Наяўнасцю алельных генаў абумоўлены фенатыпічныя адрозненні сярод арганізмаў (гл. Фенатып). Частоты асобных алеляў у генафондзе даюць магчымасць вылічаць генет. змены ў пэўнай папуляцыі і вызначаць частату генатыпаў, што выкарыстоўваюць у селекцыі для прадказання магчымых вынікаў скрыжаванняў.

Схема гома- і гетэразіготнасці па адной пары алеляў: 1 — гомазіготнасць; 2 — гетаразіготнасць (А — дамінантная алель, а — рэцэсіўная алель).

т. 1, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКА-АРША́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск 1-га Прыбалт. (ген. арміі І.​Х.​Баграмян) і 3-га Бел. (ген. арміі І.​Д.​Чарняхоўскі) франтоў 23—28 чэрв.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі 5-я, 6-я і 11-я гв., 31, 39, 43, 5-я гв. танк., 1-я і 3-я паветр. арміі, 1-ы танк. корпус. Каардынаваў дзеянні франтоў Маршал Сав. Саюза А.​М.​Васілеўскі. Задача аперацыі — разграміць віцебска-лепельскую, віцебскую, аршанскую групоўкі ням. абарончага рубяжа «Пантэра», выйсці да р. Бярэзіна. У ходзе аперацыі з удзелам партыз. брыгад вызвалены Шуміліна (23 чэрв.), Багушэўск, Бешанковічы, Сянно (25 чэрв.), Віцебск (гл. Віцебскі «кацёл»), Дуброўна, Талачын (26 чэрв.), Орша, Чашнікі (27 чэрв.), Лепель (28 чэрв.), сав. войскі выйшлі на р. Бярэзіна і стварылі ўмовы для наступлення на Мінск і тэр. Прыбалтыкі. 62 злучэнням і часцям Сав. Арміі нададзены ганаровыя найменні «Віцебскіх», 11 — «Аршанскіх».

т. 4, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ТБЕРГ ((Gottberg) Курт фон) (1896 — май 1945),

адзін з вышэйшых кіраўнікоў ням. акупац. адміністрацыі ў Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1919—24 служыў у добраахвотніцкім корпусе «Брыгада Эрхарда». У 1932 уступіў у Нацыянал-сацыялісцкую рабочую партыю Германіі (НСДАП) і СС. З 1937 у Гал. ведамстве па расавай палітыцы і пасяленнях, з 1939 оберфюрэр СС і гал. камісар ведамства зямлі ў Празе. У 1940—42 нач. рэгістрацыйнага ведамства ў гал. упраўленні СС, брыгадэнфюрэр СС і ген.-маёр паліцыі. З восені 1942 камандзір «баявой групы Готберг», потым кіраўнік СС і паліцыі ў Беларусі. Пасля знішчэння бел. партызанамі гаўляйтара В.Кубэ з вер. 1943 да 3.7.1944 в.а. ген. камісара Беларусі. Адначасова з 1943 прадстаўнік рэйхсфюрэра СС у Цэнтр. Расіі. З чэрв. 1944 обергрупэнфюрэр СС. У канцы 2-й сусв. вайны кіраваў барацьбой з франц. рухам Супраціўлення. Пасля арышту Готберга саюзнікамі скончыў самагубствам у Фленсбургу.

С.​У.​Жумар.

т. 5, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)