сма́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пад уздзеяннем тэмпературы, агню рабіцца гатовым да ўжывання як ежа. Пакуль смажыліся скваркі, Турсевіч падгатаваў стол да вячэры. Колас. Там на вясёлым полымі даўно ўжо смажыліся грыбы ў смятане і яечня з вяндлінай, а на моцным дубовым стале чакалі нас сыр, агуркі, мёд, духмяны хлеб з кменам і вялікі збан кіслага малака. В. Вольскі.
2. перан. Разм. Пячыся па сонцы; знаходзіцца ў гарачым месцы. — Нашы людзі пылу не баяцца, — уставіла сваё мачыха. — Нашы людзі на сонцы смажацца, на дажджы купаюцца і пылам прычашчаюцца, дык ім нічога не абыходзіць. Сабаленка. А Віктар, бачыш ты,.. прымусіў сядзець тут і смажыцца на сонцы. Гамолка.
3. Зал. да смажыць (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спадаба́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., каму.
1. Выклікаць пачуццё сімпатыі да сябе. Валерыю Урублеўскаму дзядзька Рыгор спадабаўся з першага знаёмства. Якімовіч. Неабходна было абавязкова спадабацца гаспадару, паказаць сябе з найлепшага боку. Гамолка. // Выклікаць схільнасць (у асоб іншага полу). Учора Шэвель казаў мне, што пляменніку яго ты спадабалася больш ад усіх дзяўчат. Лынькоў. Ужо другі год, як Зоська спадабалася Макару. Бядуля.
2. Прыйсціся па густу каму‑н. Жанчына збоку наглядала за сваім госцем, шчаслівая, што яму абед спадабаўся. Гурскі. Афіцэру спадабалася Вайтовічава прапанова. Пальчэўскі. Прафесія фотакарэспандэнта .. [Мельнікаву] вельмі спадабалася. Васілёнак. // Пакінуць добрае ўражанне. Можа якраз не заганарыцца, падыдзе і спытае, ці спадабалася яго песня? Гроднеў. // безас., з інф. Атрымаць задавальненне ад чаго‑н. Маладому вераб’ю, што не меў яшчэ і года, спадабалася начаваць у ластаўчыным гняздзе. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
твань, ‑і, ж.
Дрыгва, багністае месца. Перад хлопцамі ляжала гнілая зыбучая твань. Гамолка. Як у той час [вясной 1941 года] .. [Нікодыма] радавала і хвалявала кожная асушаная пядзя зямлі, дык цяпер, наадварот, ён нецярпліва чакаў, каб гэтая зямля зноў ператварылася ў першабытную твань, па якой не прашыецца на Воўчую выспу нават мыш. «Беларусь». Твань вакол была такая, што калі ступіш на яе, дык, здаецца, увесь свет зыбаецца. Броўка. Залезлі [маці з Алёшкам] па самую шыю ў густую рыжую твань і сядзелі там, аж пакуль па іх не напароліся карнікі. Сачанка. // Гразь. Дзядзька Марцін вытрас сетку, а потым выпаласкаў з яе розны бруд і твань па чыстай бягучай вадзе. Колас. // Ціна. Падводная гаць з жэрдак і палак спружыніць пад нагамі .. Ногі слізгаюцца па жэрдках, якія абраслі пад вадой зялёнай тванню. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бяско́нцы, ‑ая, ‑ае.
1. Бязмежны, бяскрайні, без канца і пачатку. Недзе ў бясконцым блакіце неба курлыкалі жураўлі. Гамолка.
2. Надзвычай доўгі, працяглы. Бясконцая прамова. Бясконцы шлях. Бясконцая ноч. □ [Вася:] — Я не спаў, добра памятаю, што не спаў, але сніў сны, бясконцыя, цяжкія, жудасныя. Шамякін. // Бесперапынны, няспынны. Бясконцым патокам у гумны Снапы залатыя плылі... Панчанка. // Які ніколі не канчаецца, не змаўкае, працяглы. З вышыні на зямлю лілася бясконцая песня нябачных жаваранкаў. Алешка.
3. Вельмі моцны, нязмерны па сіле праяўлення, па велічыні. У яго [Ляткоўскага] голасе была тая бясконцая радасць жыцця, якую толькі і можна выказаць песняй. Вітка.
4. Які маецца ў вялікай колькасці; шматлікі. Дзе б гэта магло быць? У Мінску? Ці ў адной з гэтых бясконцых вёсак, у якіх пабываў.. [Павел], крочачы па доўгіх франтавых дарогах? Васілёнак. Школа акуналася ў новае жыццё, поўнае бясконцых цікавых таямніц. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скамячы́ць, ‑мячу, ‑мечыш, ‑мечыць; зак., што.
1. Змяць, ператварыць у камяк. Скамячыць паперу. Скамячыць адзенне. □ Зіна з абурэннем скамячыла прачытанае пісьмо, кінула яго ў кут. Гамолка. Курачка скамячыў у руках кашулю, якую яшчэ не паспеў надзець. Чарнышэвіч. Ну што будзе, калі я скамячу з мякішу галачку і шпурну яе ў ночвы, дзе сястра будзе мыць бялізну? Грамовіч. // Шчыльна сціснуць, самкнуць; згарнуць. Хутаранец, скамячыўшы губы, схапіў .. [Уладзю] за плечы. Чорны. — Вось якія яны [барозны] твае!!! — і ахоплены дзікай злосцю, Кузьма скамячыў здаровую фігу і з сілаю сунуў Петраку ў нос. Нікановіч.
2. перан. Сказіць, сапсаваць. Шум галасоў скамячыў.. словы [Карпуся]. Баранавых. Незнаёма-металічны тон рашучага загаду і кулямётная чарга адразу скамячылі ўсе яго гарачыя пачуцці. Паслядовіч. Аб’езд першага ўчастка не пагоршыў, не скамячыў таго радаснага настрою, які пакінуў пасля сябе другі ўчастак. Шынклер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узвалі́ць, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., каго-што на каго-што.
1. Падняўшы што‑н. (звычайна цяжкае, грувасткае), пакласці, нагрузіць, наваліць. Узваліць мех на спіну. Узваліць куфар на воз. □ Сашка ўзваліў па плечы лодку, Вадзік узяў вёслы і вуды, і яны падаліся да возера. Гамолка. Чалавек дваццаць сялян, узваліўшы невад на сані, выходзіць на затокі. Колас. Павярнуўся [вознік], выскраб з-пад сябе сена і ўсё ўзваліў на Раю. Новікаў.
2. перан. Разм. Прымусіць выконваць якую‑н. работу, абцяжарыць работай. [Заранік:] — Мала паездак, дык на мяне яшчэ і сельгасаддзел узвалілі. Хадкевіч.
3. перан. Незаслужана абвінаваціць у чым‑н., прыпісаць каму‑н. што‑н. ганебнае. [Языковіч] узваліў на Зіну Дарошка бадай усю віну за недахопы ў брыгадзе. Кавалёў.
•••
Узваліць на плечы каго, чые, каму — тое, што і ускласці на плечы каго, чые, каму (гл. ускласці).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
загляну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Глянуць куды‑н., унутр чаго‑н.; кінуць позірк на тое, што трэба разгледзець, убачыць. Заглянуць у вочы. Заглянуць за шафу. Заглянуць пад ложак. □ Цыбаты бялявы хлопчык .. заглянуў у адчыненае акенца машыны. Гамолка. // перан. Пранікнуць куды‑н., асвятліць прамянямі (пра сонца, месяц і пад.). Святло месяца заглянула ў акно, і ў хаце стала неяк весялей і святлей. Кавалёў. // перан. Бегла пачытаць асобныя месцы (у кнізе, газеце і пад.). Заглянуць у кнігу.
2. Разм. Зайсці, заехаць куды‑н. мімаходам, на кароткі час. Ёсць над Сожам гарадок. Просім, ягамосці: Ехаць будзеце здалёк, Загляніце ў госці. Калачынскі. Невысокі рухавы стары, да якога мы заглянулі ў хату, сустрэў нас ветліва. С. Александровіч.
•••
Заглянуць наперад (у заўтрашні дзень) — задумацца над будучыняй, уявіць яе сабе.
Заглянуць у душу (нутро і пад.) каму, чыё — адгадаць чые‑н. думкі, пачуцці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
настро́іць, ‑строю, ‑строіш, ‑строіць; зак., каго-што.
1. Надаць музычнаму інструменту пэўную вышыню гуку. Настаўнік зняў са сцяны скрыпку, настроіў сяк-так струны і пачаў вадзіць па іх смыкам. Колас. Тым часам Віктар настроіў гітару і прыемным барытонам пачаў спяваць. Ваданосаў.
2. Падрыхтаваць да работы, наладзіць, адрэгуляваць (пра механізмы). Настроіць станкі. // Прыстасаваць для прыёму хваль (радыё, магнітных і пад.). [Сенатар] настроіў тэлевізар на другую хвалю. Гамолка.
3. Выклікаць які‑н. настрой. Простая, знаёмая з.. маленства, работа дала [Сіротку] асалоду, дзіўна хораша настроіла, зрабіла добрым, лагодным, вясёлым. Шамякін. Багатая кватэра настроіла Дземідзецкага на вясёлы лад. Новікаў. На філасофскі часам лад Настроіш думкі ты ў самоце. Колас.
4. Выклікаць у каго‑н. якія‑н. пачуцці, думкі (у адносінах да каго‑, чаго‑н.). Настроіць усіх супроць сябе. □ Бацька навучыў мяне чытаць буквар і разам з маці так настроіў на вучобу, што я з радасцю пераступіў школьны парог. Кірэенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
палічы́ць, ‑лічу, ‑лічыш, ‑лічыць; зак.
1. каго-што. Зрабіць падлік; злічыць. Дзяўчына адчыніла чорны бліскучы радыкюльчык, дастала з яго маркі, палічыла, аддала Косціку. Арабей.
2. Прыйсці да якой‑н. думкі аб чым‑н.; вырашыць. Аставацца тут на прывале Букрэй палічыў небяспечным. Колас. Усе палічылі, што Нічыпар проста змарыўся. Асіпенка. // што. Расцаніць, успрыняць якім‑н. чынам. Мікіта не заўважыў іранічнага тону і палічыў бацькаў адказ за добры знак. Колас. // за каго-што. Прыняць каго‑н. за каго‑н. іншага, за што‑н. іншае. — Я зацікавіўся Бабровым пасля таго, як мяне аднойчы палічылі за яго. Гамолка. // кім, за каго. Уявіць сябе або каго‑н. у якой‑н. ролі, якасці. [Ланге:] Ты палічыў сябе кіраўніком і вырашыў, што толькі тваё жыццё — жыццё, а таварышаў... Маўзон.
3. каго-што і без дап. Лічыць некаторы час. Палічыць на лічыльніках.
•••
Палічыць рэбры — пабіць, збіць каго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераліва́цца, ‑аецца; незак.
1. Перамяшчацца з аднаго месца ў другое (пра вадкасці). Чулася толькі булькатанне вады, якая пералівалася ў батарэях. Карпаў.
2. Вылівацца, цячы цераз край. Вада пераліваецца цераз плаціну. // перан. Выходзіць за межы чаго‑н. (пра пачуцці). [Злосць] поўніла ўсю .. [Сомікаву] істоту, пералівалася цераз берагі, пырскала, біла фантанам. Крапіва.
3. перан. Павольна і раўнамерна хвалявацца, калыхацца. Да долу гнуліся спелыя жыты, шапацелі, пераліваліся на сонцы шырокімі хвалямі. Гурскі.
4. Блішчаць, ззяць, адсвечваць, мяняючы адценні, колеры. Мігцелі, пераліваліся зоркі. Гамолка. Над галавою гарэла паўночнае ззянне. Светлыя хвалепадобныя палосы пераліваліся рознымі колерамі, рухаліся, плылі. Шамякін. // Гучаць з пералівамі. Заціх гармонік, замоўклі бубны, толькі пераліваліся яшчэ бомы на некалькіх тройках. Лынькоў.
5. перан. Ператварацца ў што‑н. другое. Увесь свой смутак канцэнтраваў .. [Віктар] на гэтым малазначным пункце, і смутак пераліваўся тады ў едкую шчымлівую крыўду. Зарэцкі.
6. Зал. да пераліваць (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)