ЛО́СКАЯ ДРУКА́РНЯ Існавала ў 2-й пал. 16 ст. ў мяст. Лоск
(цяпер вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл.). Была цэнтрам арыянскага кнігадрукавання ў ВКЛ. Засн. магнатам-арыянінам Янам Кішкам, які ў 1572 выкупіў у братоў М. і Г.Кавячынскіх абсталяванне Нясвіжскай друкарні і размясціў яго ў сваім замку ў Лоску. У Л.д. выдаваліся кнігі на польскай і лац. мовах (вядома каля 20 выданняў). Працавалі друкары Д.Ланчыцкі (1573—74),
Я.Карцан (1576—80), Ф.Балямоўскі (1586—89?). Ідэйным кіраўніком друкарні ў 1570 — пач. 1580-х г. быў С.Будны. Сярод найб. значных выданняў творы Буднага: «Новы запавет» (пераклад, прадмова, каментарыі), «Пра дзве сутнасці Хрыста», «Кароткі доказ таго, што Хрыстос не з’яўляецца такім жа Богам, як Бог-Айцец», «Супраць хрышчэння дзяцей» (усе 1574), «Пра свецкую ўладу» (1583). Сярод інш. выданняў — палемічныя творы М.Чаховіца, А.Волана, кнігі Я.Ліцынія Намыслоўскага, трактат Цыцэрона «Пра абавязкі» (1576, пераклад С.Кашуцкага), Э.Варамунда Фрыза «Пра фурыі, або Вар’яцтвы французскія» (1576, пераклад С.Буднага; пра падзеі Варфаламееўскай ночы 1572), твор А.Маджэўскага-Фрыча «Аб удасканаленні Рэчы Паспалітай» (1577, пераклад Ц.Базыліка, прадмовы Волана, Буднага). Выданні Л.д. адметныя вострай палемічнай накіраванасцю, якая часта выходзіла за межы тэалагічных праблем і ўздымала пытанні дзярж. і сац. перабудовы грамадства. Друкарня перастала існаваць пасля смерці Я.Кішкі (1592).
Літ.:
Drukarze dawnej Polski od XV do XVIII w. Z. 5. Wrocław;
Магілёўская прыдворная друкарня. Існавала ў 1774—1844 у Магілёве. Засн. біскупам С.І.Богушам-Сестранцэвічам пры рымска-каталіцкай кансісторыі. Напачатку размяшчалася ў Магілёўскім касцёле кармелітаў, потым у прыгарадным палацы Богуша-Сестранцэвіча ў Пячэрску. У 1776 М.д. атрымала дазвол на выданне кніг на рус. мове, што паклала пачатак кнігадрукаванню грамадзянскім шрыфтам на Беларусі. Паводле ўказа Кацярыны II 1780 друкарня была абавязана публікаваць афіц. матэрыялы, т.ч. яна выконвала функцыі губ. друкарні да адкрыцця ў 1833 Магілёўскай губернскай друкарні. Вядома больш за 60 назваў выданняў М.д., у т. л. 43 на польск., 12 на лац., 8 на рус., па 1 на ням. і франц. мовах. Сярод іх: «Кароткая французская граматыка» (1784, 1796); даведачная л-ра — «Каляндар беларускіх намесніцтваў на 1783» (1782), «Беларускія календары» (1784—95), «Дырэкторыумы» (царк. календары, якія змяшчалі спісы парафій і духавенства Магілёўскай рымска-каталіцкай епархіі за 1807—44); афіц.выданні — «Трактат Вечнага міру і сяброўства» (1792), «Установы для кіравання губерняй» (1774, 1777, 1795); навук. працы — «Аб Заходняй Русі» (1793) і «Аб паходжанні сарматаў і славян» (1810) Богуша-Сестранцэвіча, трактат «Тры кнігі аб паэтычным мастацтве» (1786) Ф.Пракаповіча; маст. творы — трагедыя «Гіцыя ў Таўрыдзе» (1783) Богуша-Сестранцэвіча, яго вершы і прамовы, «Вандроўны турак» (1789, польскі пераклад «Гісторыі Сіндбада-Марахода»).
Літ.:
Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКМІ́ЛІН ((McMillin) Арнольд Барат) (н. 21.6.1941, г. Нью-касл-эпон-Тайн, Вялікабрытанія),
англійскі славіст. Д-рслав. філалогіі (1971). Скончыў Лонданскі ун-т (1964). У 1969—76 выкладчык, з 1987 праф.рус. мовы і л-ры Школы слав. і ўсх.-еўрап. даследаванняў Лонданскага ун-та. У 1976—87 заг. аддзялення рус. філалогіі Ліверпульскага ун-та. Аўтар даследаванняў па бел. мове і л-ры: «Слоўнік беларускай літаратурнай мовы XIX ст.» (Лондан, 1973), «Гісторыя беларускай літаратуры ад яе вытокаў да сённяшніх дзён» (Гісен, 1977), арт. «Барока і асветніцтва на Беларусі. Да перагляду перыядызацыі беларускай літаратуры» (1984), «Русіфікацыя і яе апаненты ў сучаснай беларускай літаратуры», «Вехі і тэндэнцыі ў развіцці беларускай паэзіі» (абодва 1989). Напісаў прадмовы да зб.бел. паэзіі «Снуецца зданяў рой» (Лондан, 1982) і зб. вершаў Л.Геніюш. Пераклаў на англ. мову (з В.Рыч) паэму «Тарас на Парнасе» (1977). Даследаваў навук. дзейнасць Я.Ф.Карскага, Я.Чачота, творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі, В.Быкава і інш. У 1991—92 пачаў курс лекцый «Уводзіны ў беларускую культуру: мова, літаратура, гісторыя». Рэдактар «The Journal of byelorussian studies» («Часопіса беларускіх даследаванняў», 1966—71), час. «Modern languages rewiew» («Агляд сучасных моў», 1979—87), «Occasional papers in belarusian studies» («Неперыядычныя выданні беларускіх даследаванняў», 1995). Чл.Міжнар.к-та славістаў (1979—88), з 1981 віцэ-прэзідэнт Англа-бел. т-ва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСТО́ЛЬНАЯ ВЫДАВЕ́ЦКАЯ СІСТЭ́МА,
камп’ютэрная сістэма, прызначаная для аўтаматызаванай апрацоўкі тэкставай і ілюстрацыйнай (чорна-белай і каляровай) інфармацыі пры вырабе фотаформы або арыгінал-макета паліграф. выдання (кнігі, часопіса, газеты і інш.). Звычайна размяшчаецца на адным рабочым месцы і прызначана для выкарыстання ў выдавецтве або сярэднім паводле аб’ёму выдавецка-паліграф. комплексе.
Складаецца з персанальнай ЭВМ (ПЭВМ) з клавіятурай, дысплеем, маніпулятарам тыпу «мыш» і прыстасаваннямі для электронных носьбітаў інфармацыі, спецыялізаванага матэм. забеспячэння (праграмы аўтам. набору і вёрсткі ў пакетным і дыялогавым рэжыме) і дадатковага перыферыйнага абсталявання. Падрыхтоўка выданняў на Н.в.с. ўключае: набор тэкстаў з дапамогай тэкставых рэдактараў, апрацоўку ілюстрацый з дапамогай графічных рэдактараў, вёрстку выданняў і раздрукоўку матэрыялу (на паперы ці плёнцы ў выглядзе арыгінал-макета). Для апрацоўкі тэкстаў звычайна выкарыстоўваецца стандартная ПЭВМ, для вёрсткі і апрацоўкі ілюстрацый — удасканаленая ПЭВМ ці спецыялізаваныя графічныя станцыі. У якасці дадатковага абсталявання (арганізацыйна-тэхнал. забеспячэння) выкарыстоўваюць: сканеры для ўводу ілюстрацый ці тэксту, прынтэры ці фотанаборныя аўтаматы для раздрукоўкі матэрыялу і вываду інфармацыі на святлоадчувальную плёнку. Існуе больш за 100 варыянтаў Н.в.с., пабудаваных паводле модульнага прынцыпу. Стварэнне гарнітур-кегляў ажыццяўляецца праграмным шляхам, магчыма іх практычна неабмежаваная колькасць. Інфармацыя пра шрыфты закладзена ў памяць ЭВМ. У параўнанні з ранейшымі тэхналогіямі Н.в.с. дазваляе больш аператыўна і якасна рыхтаваць выданні.
Літ.:
Шкаев А.В. Настольные издательские системы: Справ. М., 1994;
Тимофеев Я.Я. Издательство на моем столе. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ША ДО́ЛЯ»,
грамадска-паліт. і літ. газета; першае легальнае перыядычнае выданне на бел. мове. Выдавалася з 1(14).9 да 1(14).12.1906 у Вільні кірыліцай і лацінкай. Рэдактар-выдавец І.Тукеркес. Актыўны ўдзел у стварэнні газеты і выданні першых нумароў прымалі І. і А.Луцкевічы, Цётка. У праграмным арт. «Да чытачоў» газета выступіла за ўдзел у рэв. руху, сац. і нац. свабоду, развіццё класавай самасвядомасці рабочых і сялян, асвету на роднай мове. Друкавала вострапубліцыст. і агітац. артыкулы («Што будзе?», «Даход расійскага цара», «Пагром», «Як мужыку палепшыць сваё жыццё» і інш.), у якіх выкрывала антынар. палітыку царызму. Інфармавала пра рэв. падзеі ў краіне, цяжкае становішча прац. сялянства. Гэтымі тэмамі і ідэяй прасякнуты надрукаваныя ў газеце творы Цёткі (верш «Наш палетак» і апавяд. «Прысяга над крывавымі разорамі»), Я.Коласа [вершы «Наш родны край» (1.9.1906, першае выступленне паэта ў друку), «Беларусам», «Асенні вечар», апавяд. «Слабода»] і інш. Змясціла апавяданне Ядвігіна Ш. «Суд». Выйшла 6 нумароў. На газету неаднаразова накладваўся арышт, а рэдактар прыцягваўся да крымін. адказнасці; паводле суд. прыгавору 11.1.1907 выданне забаронена, рэдактар прыгавораны да турэмнага зняволення на 1 год.
Літ.:
Шлюбскі А Новыя матэрыялы да гісторыі «Нашай долі» // Полымя. 1927. №3;
Біч М. У змаганні за лепшую долю // Там жа. 1966. №8;
Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968. С. 212—234.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛЫМЯ»,
дзяржаўнае кніжнае выдавецтва ў Мінску. Засн. ў студз. 1950 у выніку зліцця выд-ваў ЦК ЛКСМБ і газ. «Савецкі селянін» як Газетна-часопіснае выд-ваМін-ва культуры БССР. У яго склад уваходзіла каля 20 газет і часопісаў [«Сталинская молодежь» (цяпер «Знамя юности»), «Чырвоная змена», «Зорька», «Піянер Беларусі» (цяпер «Раніца»), «Бярозка», «Работніца і сялянка» (цяпер «Алеся»), «Полымя», «Беларусь» і інш.]. У кастр. 1963 аб’яднана з выд-вам газ. «Мінская праўда» і рэдакцыяй вытв. л-ры Дзярж.выд-ваБССР і атрымала назву «Полымя». Пачало выпускаць прамысл. каталогі, інфарм. і рэкламныя выданні, нарматыўныя дакументы, даведнікі, памяткі і метад. рэкамендацыі па медыцыне і інш. З вер. 1976 кніжна-часопіснае выд-ва. Стала выдаваць л-ру па культуры быту і адпачынку, краязнаўстве, фізкультуры і спорце, дамаводстве і інш. У складзе выд-ва існавала некалькі рэсп. газет («Літаратура і мастацтва», «Настаўніцкая газета», «Голас Радзімы» і інш.), каля 20 час. і бюлетэняў («Беларусь», «Полымя», «Нёман», «Родная прырода», «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» і інш.). З ліп. 1996 кніжнае выд-ва. Выпускае краязнаўчую, навук.-папулярную, спарт., па пытаннях аховы здароўя, вольнага часу, інфармацыйна-рэкламную л-ру, даведнікі, календары, падручнікі і кнігі серыі «Школьная б-ка», для інвалідаў па зроку і інш. Мае серыі «Гарады Беларусі», «Горад і наваколле», «Горад-пабрацім», «Нашы славутыя землякі», «Помнікі беларускага дойлідства». Выдае творы сучасных бел. аўтараў, перавыдае творы бел. краязнаўцаў і этнографаў 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТКЕ́ВІЧ ((Pietkiewicz) Часлаў) (20.7.1856, в. Бабчын Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. — 10.10.1936),
бел. і польскі этнограф, фалькларыст. Атрымаў дамашнюю адукацыю. Працаваў на Палессі, Кіеўшчыне, Смаленшчыне, у Лодзі. З 1923 ў Варшаве, супрацоўнічаў у аддзеле этналогіі Ін-та антрапалагічных і этналагічных навук Варшаўскага навук.т-ва. З 1928 у этнагр. камісіі АН у Кракаве. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру насельніцтва Палесся, пераважна беларусаў, іх заняткі і павер’і. Аўтар артыкулаў і нарысаў «Дарогі на Рэчыцкім Палессі ў другой палове XIX ст.» (1926), «Душа і смерць у вераваннях беларусаў» (1930), «Мёртвыя ў вераваннях беларусаў» (1931), «Вялікдзень на Беларусі» (1932), «Земляробчыя боствы ў вераваннях беларусаў» (1933). Першая грунтоўная манаграфія П. — «Рэчыцкае Палессе: Этнаграфічныя матэрыялы. Ч. 1. Матэрыяльная культура» (Кракаў, 1928); яе працяг — «Духоўная культура Рэчыцкага Палесся: Этнаграфічныя матэрыялы» (Варшава, 1938). Рукапіс 3-й ч. збораў П. пра Рэчыцкае Палессе, у якой асвятляліся пытанні грамадскай культуры, страчаны ў 2-ю сусв. вайну. Падрыхтаваў да друку і дапоўніў уласнымі матэрыяламі і каментарыямі т. 4 «Люду беларускага» М.Федароўскага (Варшава, 1935). Для прац П. характэрна вычарпальная інфарматыўнасць у галіне нар. побыту і культуры Палесся, дасканалае адчуванне нар. мовы. Свае публікацыі ілюстраваў уласнымі малюнкамі. Скіраваў на вывучэнне Палесся К.Машынскага, дапамагаў у выданні яго кнігі «Усходняе Палессе: Этнаграфічныя матэрыялы...» (1928), узбагаціў яе сваімі этнагр. і фальклорнымі матэрыяламі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЁННЫЯ І АБ’ЯДНА́НЫЯ ГАЗЕ́ТЫ,
друкаваныя перыядычныя выданні, якія выдаюцца раённымі і гар. выканаўчымі к-тамі і раённымі і гар. Саветамі дэпутатаў Рэспублікі Беларусь; адзін з асн. сродкаў масавай інфармацыі. Адрозніваюцца аператыўнасцю, перыядычнасцю (2—4 разы на тыдзень), фарматам. Асвятляюць пытанні грамадска-паліт., эканам. і культ. жыцця раёна і горада. Змяшчаюць афіц. і паліт. дакументы, карэспандэнцыі і каментарыі, хранікальныя паведамленні і маст. творы.
Раённыя газеты ўзніклі ў пач. 1930-х г. Ствараліся на базе б.акр., калг.-саўгасных і некат. фабр.-зав. газет як масава-паліт. орган раённых к-таў КП(б)Б і райвыканкомаў. Найб. развіццё атрымалі пасля пастановы ЦКВКП(б) ад 18.1.1931 «Аб сельскім раённым і нізавым друку». У Вял.Айч. вайну на акупіраванай фаш. захопнікамі тэр. Беларусі выходзілі падп. раённыя і міжраённыя газеты (гл.Друк падпольны ў Вял.Айч. вайну). Пасля вайны выпуск раённых газет адноўлены ва ўсіх раёнах Беларусі. У 1954 з’явіліся аб’яднаныя газеты (раённыя і гар.). З крас. 1962 у сувязі са стварэннем тэр.калг.-саўгасных упраўленняў замест раённых выдаваліся міжраённыя (абласныя) газеты. У 1965 раённыя газеты зноў адноўлены.
На 1.1.2001 на Беларусі зарэгістравана 118 газет, у т. л. 105 раённых і 13 аб’яднаных. Найбуйнейшыя з іх: «Полесская правда» (г. Пінск), «Маяк» (г. Бяроза), «Навіны Палесся» (г. Столін), «Наш край» (г. Баранавічы), «Дняпровец» (г. Рэчына), «Маладзечанская газета» (г. Маладзечна), «Адзінства» (г. Барысаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНЫ́Я ЗНА́КІ, філігрань,
бачныя на прасвет відарысы (узор, малюнак, штрыхоўка, тэкст) на паперы, якія наносяцца ў працэсе яе вырабу; своеасаблівая марка вытворцы паперы. Атрымліваюцца ў працэсе адлівання паперы з дапамогай валіка — эгуцёра, на сетцы якога нанесены рэльеф (філігрань) адпаведнай выявы.
Упершыню вадзяныя знакі з’явіліся ў Італіі ў 13 ст. З 2-й чвэрці 16 ст. першыя вадзяныя знакі зроблены на мясц. паперы ў Вільні. У 2-й пал. 16—17 ст. мясцовымі вадзянымі знакамі пазначана прадукцыя паперняў Радзівілаў у Слуцку, Любані, Алыку, Кавячынскіх у Нясвіжы і Уздзе, Сапегаў у Гальшанах і інш.Асн. сюжэтамі вадзяных знакаў на паперы мясц. вырабу ў 16—19 ст. былі гербы шляхецкіх родаў, у 18—19 ст. — таксама выявы чалавечых фігур, жывёл, птушак і інш.
У наш час вадзяныя знакі наносяцца на паперу, якая ідзе на выраб грошай, дакументаў, каштоўных папер, каб пазбегнуць падробак. Папера з вадзянымі знакамі ў выглядзе падоўжных і папярочных палос («вежэ») выкарыстоўваецца на форзацы і вокладках кніг. Вадзяныя знакі вывучаюцца філіграналогіяй. У кнігазнаўстве дапамагаюць дакладна датаваць рукапісы і старадрукаваныя выданні.
Г.Я.Галенчанка, У.М.Сацута.
Вадзяныя знакі на паперы: 1 — Полацкага евангелля (15 ст.); 2 — «Апостала» (1460); 3, 4 — Біблейскага зводу (1-я пал. 16 ст. і 1514); 5 — мінеі (16 ст.); 6, 7 — «Псалтыра» Ф.Скарыны (1517 і 1522); 8 — рукапіснага збору з прадмовай В.Цяпінскага (1570-я г.); 9 — рукапісу твораў І.Кунцэвіча (каля 1610); 10 — паслання слуцкага архіепіскапа М.Казачынскага (1753).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ МУЗЕ́Йу Вільні,
Віленскі беларускі гісторыка-этнаграфічны музей імя І.І.Луцкевіча. Існаваў у 1921—45. Засн. на базе прыватнай калекцыі бел. этнографа і археолага І.Луцкевіча і інш. матэрыялаў. Размяшчаўся ў будынку б. базыльянскага кляштара, належаў Бел.навук. т-ву. Меў 5 экспазіц. залаў, архіў і б-ку з кнігазбораў І.Луцкевіча, Е.Р.Раманава, Б.Даніловіча (больш за 14 тыс. тамоў). Зберагаліся калекцыі: археалагічная (знаходкі з раскопак у 18 паветах на тэр. Беларусі, у т. л. пярсцёнкі з пячаткамі полацкіх князёў), сфрагістычная (103 пячаткі розных часоў, у т. л. пячатка Міндоўга), нумізматычная, медалёў і крыжоў (медныя крыжы 11 ст., амулет-змеявік), слуцкіх паясоў, дываноў і інш. вырабаў Гродзенскай, Нясвіжскай і Слуцкай мануфактур, бел.нар.муз. Інструментаў, твораў нар. разьбяроў, стараж. зброі (панцыры воіна і каня, кальчугі, крыжацкі меч, прадметы ўзбраення бел. сялян), рукапісных кніг і старадрукаў (ілюстраванае Жухавіцкае евангелле 14 ст., пражскія выданні Ф.Скарыны, кнігі з друкарняў у Вільні, Куцейне, Еўі, Лоску, Нясвіжы, Слуцку і інш.), старадаўняга адзення; карціны бел. мастакоў. Пасля закрыцця музея большасць яго збораў перададзена ў Гіст.-этнагр. музей Літвы і Цэнтр. б-ку АН Літвы, астатнія — у Бел.дзярж. архіў-музей л-ры і мастацтва і Нац. музей гісторыі і культуры Беларусі.
Літ.:
Луцкевіч А. Беларускі музей імені Івана Луцкевіча. Вільня, 1933 (рэпр. Выд. 1992);
Лабынцаў Ю. Архіў беларускага адраджэння. Мн., 1993.