чака́ншчык, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца чаканкай, майстар чаканні (у 1 знач.). Шаўцы, гарбары, краўцы, шапачнікі, ювеліры, чаканшчыкі металу тут і працуюць, і прадаюць свае вырабы, і прымаюць заказы. В. Вольскі. Джайпурскія рамеснікі славяцца як адны з самых выдатных у Індыі чаканшчыкаў па бронзе. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МАГІЛЁЎСКАЕ НАРО́ДНАЕ АПАЛЧЭ́ННЕ 1941,

ваенізаванае фарміраванне, створанае паводле рашэння Магілёўскага абкома КП(б)Б у адпаведнасці з дырэктывай ЦК КП(б)Б і СНК БССР ад 30.6.1941. Налічвала ў горадзе больш за 10 тыс. чал., аб’яднаных у батальёны. Створаны 2 штабы — гарадскі і абласны. Камандаваў нар. апалчэннем абласны ваен. камісар І.​П.​Ваяводзін. Атрады дзейнічалі на гарбарным, аўтарамонтным, косцеперапрацоўчым з-дах, чыг. вузле, у пед. ін-це і інш., сфарміраваны батальён (камандзір К.​Р.​Уладзіміраў) і атрад (Дз.​С.​Вольскі) з супрацоўнікаў абл. ўпраўлення НКУС і міліцыі. Апалчэнцы вобласці (каля 12 тыс. чал.) вялі барацьбу з дыверсантамі і шпіёнамі, ахоўвалі лініі сувязі і прамысл. аб’екты, удзельнічалі ў эвакуацыі насельніцтва і прадпрыемстваў, у стварэнні абарончых рубяжоў. 3—26 ліп. разам з часцямі і падраздзяленнямі Чырв. Арміі горад абаранялі апалчэнцы: на 3 дзейнічалі атрады ф-кі штучнага шоўку (страціў палову свайго складу), гарбарнага і косцеперапрацоўчага з-даў, на ПнЗ — батальёны супрацоўнікаў міліцыі (з 250 чал. жывымі засталіся 19), і знішчальны (камандзір М.​І.​Калугін), атрады чыг. вузла, з-даў трубаліцейнага і «Адраджэнне»; на левым беразе Дняпра (прыкрывалі тыл) атрады Вольскага (загінулі ўсе), аўтарамонтнага з-да, мясакамбіната і інш. прадпрыемстваў, пед. ін-та (гл. Магілёва абарона 1941). Выкарыстаўшы перавагу ў сілах і сродках, ням. захопнікі 26 ліп. ўварваліся ў Магілёў. Вайскоўцы і апалчэнцы пакінулі горад. Многія з іх прадаўжалі барацьбу ў радах Чырв. Арміі, партыз. атрадах і падполлі. На брацкіх магілах апалчэнцаў у Магілёве і пас. Гаі пастаўлены помнікі.

У.​І.​Лемяшонак.

т. 9, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРЫМЭ́ ((Mérimée) Праспер) (28.9.1803, Парыж — 23.9.1870),

французскі пісьменнік. Чл. Франц. акадэміі (з 1844). Скончыў Сарбону (1823). Першы твор — зб. аднаактовых п’ес «Тэатр Клары Газуль» (1825), аўтарства якіх прыпісваў прыдуманай ім ісп. пісьменніцы і актрысе. Містыфікацыяй у духу рамант. часу з’явіўся зб. празаічных балад «Гюзла...» (1827), якія выдаваў за паўд.-слав. фальклор. Гіст. драма «Жакерыя» (1828) пра антыфеад. сял. паўстанне 14 ст. ў Францыі. Асуджэнне рэліг. нецярпімасці і фанатызму ў гіст. рамане «Хроніка панавання Карла IX» (1829) пра трагічныя падзеі ў Варфаламееўскую ноч 1572. Пісаў навелы, адметныя маст. выразнасцю, псіхалагізмам, стылявой стрыманасцю і дакладнасцю, т.зв. экзатычныя («Матэа Фальконе», «Таманга», абедзве 1829; «Каломба», 1840; «Кармэн», 1845), на тагачасную франц. тэматыку («Этруская ваза», «Партыя ў трык-трак», абедзве 1830; «Двайная памылка», 1833; «Арсена Гіё», 1844), фантаст. («Венера Ільская», 1837; «Локіс», 1869). Аўтар даследаванняў па гісторыі мастацтва, л-ры, перакладчык твораў А.​Пушккіна, М.​Гогаля, І.​Тургенева. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі В.​Вольскі, З.​Жук, А.​Істомін, Н.​Мацяш, С.​Шупа. Многія навелы М. экранізаваны, на сюжэт навелы «Кармэн» напісана аднайм. опера Ж.​Бізэ. БДТ-1 паст. яго драму «Жакерыя» (1934), Бел. т-р імя Я.​Коласа — «Тэатр Клары Газуль» (1944).

Тв.:

Бел. пер. — Кармен. Мн., 1936;

Варфаламееўская ноч. Мн., 1938;

Жакерыя: Сцэны з феадальных часоў. Мн., 1940;

Навелы. Мн., 1990;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—4. М., 1983.

Літ.:

Фрестье Ж Проспер Мериме. М., 1987.

С.​Дз.​Малюковіч.

П.Мерымэ.

т. 10, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

вільго́тны, ‑ая, ‑ае.

Насычаны, пакрыты вільгаццю; мокры. Плуг шуршэў пад скібаю, раскідаў вільготную зямлю на крыгі-кавалкі. Баранавых. — Мне цёпла, — адказаў хлапец і, зняўшы вушанку, прыгладзіў вільготны чуб. Кулакоўскі. // У якім залішне многа вільгаці; сыры. Вільготны склеп. Вільготны клімат. □ Нізкая вільготная мясцовасць змянілася ўзвышанай. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заго́ншчык, ‑а, м.

Удзельнік аблавы, які разам з другімі гоніць звера на паляўнічых. Набралі загоншчыкі трашчотак, ляскотак, свісткоў і пайшлі ў абход некалькіх лясных кварталаў. Пальчэўскі. Загоншчыкі ідуць тым часам на супрацьлеглы край пералеска і ўваходзяць з таго боку на ўчастак, абцягнуты вяроўкай з флажкамі. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зуба́сты, ‑ая, ‑ае.

1. З вялікімі, вострымі зубамі; з вялікай колькасцю зубоў. Вялікі зубасты шчупак стаяў у вадзе нерухома, як затопленае палена, падпільноўваючы на мелкім месцы верхаводак і сяляў. В. Вольскі.

2. перан. Дзёрзкі, востры на язык. — Славік у мяне зубасты хлапчук, стойкі ў сваіх намерах. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абню́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Панюхаць з усіх бакоў. Мядзведзіца, нібы скрозь сон, узняла галаву і абнюхала егера. В. Вольскі.

2. Знайсці, нюхаючы; знюхаць. Сабака абнюхаў след. // перан. Разм. Агледзець, абследаваць, выведаць, уважліва пазнаёміцца з чым‑н. [Грыцук:] — Першыя пойдзем мы. Абгледзім, абпюхаем. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блі́скаўка, ‑і, ДМ ‑каўцы; Р мн. ‑кавак; ж.

1. Маленькія блішчастыя бляшкі, прызначаныя для ўпрыгожвання адзення. Атласны ліф з залацістымі махрамі расшыты бліскаўкамі. В. Вольскі.

2. Бліскучыя дробныя часцінкі чаго‑н.; іскры. Сонечныя бліскаўкі. □ У небе ззяла халоднае студзеньскае сонца, снег пераліваўся казачнымі бліскаўкамі. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасяле́нец, ‑нца, м.

1. Той, хто пасяліўся на новым месцы. Пасяленцы на неабжытых землях.

2. У дарэвалюцыйнай Расіі — сасланы на пасяленне чалавек. [Павел Лукіч:] — Глухія нашы ваколіцы сярод непраходных балот былі .. месцам высылкі для тых, хто ў чым правініўся перад дзяржавай. Пасяленцы абзаводзіліся сем’ямі і заставаліся назаўсёды. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каса́тка 1, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Народная назва вясковай ластаўкі. У вясковай ластаўкі, касаткі, хвост мае форму доўгіх вілачак з вострымі канцамі. В. Вольскі.

каса́тка 2, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Буйная драпежная млекакормячая жывёліна сямейства дэльфінавых, падобная на кіта.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)