ГІПАМАРФО́З (ад гіпа... + марф... + ...оз),

1) спрашчэнне арганізацыі (страта спецыялізацыі) арганізмаў у працэсе эвалюцыі. Звычайна абумоўлівае захаванне тых адносін арганізма з асяроддзем, якія характэрны для лічынкі ці маладой асобіны (напр., неатэнія хвастатых амфібій).

2) Рэдукцыя органа або яго часткі ў працэсе эвалюцыі, што прыводзіць да прагрэсіўных змен арганізма (напр., страта продкам сучаснага каня 2-га і 4-га пальцаў).

т. 5, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРМАРФО́З (ад гіпер... + марф... + ...оз),

гіпертэлія, звышспецыялізацыя, залішняе павелічэнне арганізма або яго асобных органаў у сувязі з парушэннем у эвалюцыйным развіцці балансу з асяроддзем у выніку хуткай яго змены (напр., гіганцкія мезазойскія рэптыліі, буйныя іклы ў выкапнёвых шаблязубых тыграў і інш.). Гіпермарфоз — следства надзвычайнай спецыялізацыі да вузкіх умоў існавання, пры нязначнай змене асяроддзя вядзе да вымірання гэтай групы арганізмаў.

т. 5, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОМАГАМЕ́ТНАСЦЬ (ад гома... + гаметы),

характарыстыка арганізма (або групы арганізмаў), які мае ў храмасомным наборы пару або некалькі пар гамалагічных палавых храмасом і ўтварае аднолькавыя па наборы храмасом гаметы. Пол, прадстаўлены такімі асобінамі, наз. гомагаметным. У млекакормячых, рыб і некат. відаў раслін (каноплі, хмель, шчаўе) гомагаметнасць характэрна для жан. полу, у птушак, матылькоў і некат. відаў суніц — для мужчынскага.

т. 5, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТАДЖЭ́Н (ад лац. kontego укрываць),

1) хаатычная канцэнтрацыя ці групоўка арганізмаў, што склалася ў выніку стыхійнага працэсу паводле масавага высялення жывёл у неўласцівыя для іх мясцовасці (напр., пры высяленнях у час стыхійных бедстваў або пад уплывам антрапагенных фактараў).

2) Метад вывучэння распаўсюджанасці віду, заснаваны на атрыманні проб па квадратах і складанні рада градацый шчыльнасці відавога насельніцтва.

т. 7, с. 602

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЯВЫ́ ЭФЕ́КТ у біялогіі,

тэндэнцыя да павелічэння колькасці, разнастайнасці і шчыльнасці арганізмаў у экатонах — пераходных зонах паміж рознымі ландшафтамі (напр., лесам і стэпам, вадой і сушай). Назіраецца на ўскраінах 2 суседніх біягеацэнозаў і ў пераходных паясах паміж імі; эфект узлеску. Адзначаецца пры чаргаванні розных ландшафтаў і ў месцах змены іх структурных падраздзяленняў (напр., на межах розных раслінных згуртаванняў).

т. 8, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЗАСО́МЫ (ад лізіс + sōma цела),

структуры цытаплазмы клетак жывёльных і раслінных арганізмаў, якія здольны расшчапляць бялкі, нуклеінавыя кіслоты, поліцукрыды, ліпіды. Дыяметр Л. 0,2—0,4 мкм: маюць у сабе больш за 50 гідралітычных ферментаў. Адкрыты К.​Дэ Дзювам. Вылучаюць 2 асн. класы Л. — першасныя і другасныя. Парушэнне функцыі Л. вядзе да лізасомных хвароб намнажэння.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТМА́СА (ад лац. mortalis смертны, мёртвы + маса),

колькасныя адносіны масы мёртвых арганізмаў, адмерлых органаў, тканак раслін і жывёл да адзінкі паверхні або аб’ёму. У біяцэнозах знаходзіцца ў выглядзе адпаду (сухастой, амярцвелыя органы раслін), ападу (раслін, што ўпалі на паверхню глебы, трупы жывёл), торфу, подсцілу і дэтрыту (у водных экасістэмах). Разам з біямасай і гумусам складае арган. рэчыва біяцэнозу.

т. 10, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫКУЛЬТУ́РА, марская аквакультура,

вытворчасць і выкарыстанне (культываванне) карысных для чалавека раслін і жывёл у марскіх водах. Вядзецца пераважна ў прыбярэжнай зоне. Стварае ўмовы для рацыянальнай і беражлівай эксплуатацыі і ўзнаўлення прыродных рэсурсаў марскіх арганізмаў (водарасці, губкі, малюскі, ігласкурыя, ракападобныя, рыбы), атрымання значных (прамысловых) аб’ёмаў харч. прадукцыі, тэхн. і лек. сыравіны. Агульны сусветны прадукт М. каля 9 млн. т (1996).

т. 10, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́КЕЛЬ ((Meckel) Іаган Фрыдрых Малодшы) (17.10.1781, г. Гале, Германія — 31.10.1833),

нямецкі біёлаг. Вучыўся ў гарадах Гале, Гётынген, Вюрцбург і Вена. З 1808 праф. у Гале. Навук. працы па параўнальнай марфалогіі пазваночных. Адзін са стваральнікаў т.зв. тэорыі паралелізму, паводле якой сучасныя вышэйшыя жывёлы праходзяць у сваім індывід. развіцці стадыі ніжэйшых арганізмаў. Апісаў шэраг марфал. утварэнняў, названых яго імем.

т. 10, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІГРА́ЦЫЯ (лац. migratio ад migro пераходжу, перасяляюся),

1) перамяшчэнне насельніцтва, звязанае з пераменай месца жыхарства (гл. Міграцыя насельніцтва).

2) Перамяшчэнне жывых арганізмаў, выкліканае зменамі ўмоў існавання або ў сувязі з праходжаннем цыкла развіцця (гл. Міграцыі жывёл).

3) Перамяшчэнне, пераразмеркаванне хім. элементаў у зямной кары і на яе паверхні (гл. Міграцыя элементаў).

4) М. капіталу, гл. Вываз капіталу.

т. 10, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)