ІЗАПРАПІ́ЛАВЫ СПІРТ, ізапрапанол, 2-прапанол,

найпрасцейшы другасны спірт аліфатычнага рада, СН3СН(ОН)СН3. Бясколерная вадкасць, tкіп 82,4 °C, шчыльн. 785,5 кг/м³ (20 °C). Змешваецца з вадой і арган. растваральнікамі ў любых суадносінах. У прам-сці атрымліваюць гідратацыяй прапілену. Выкарыстоўваюць у вытв-сці ацэтону, як растваральнік у лакафарбавай, парфумерна-касметычнай, фармацэўтычнай прам-сці, антыфрыз. Шкодна ўплывае на ц. н. с., больш таксічны за этанол.

т. 7, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЯСКАПІ́Я (ад крыя...+ ...скапія),

фізіка-хім. метад даследавання вадкіх раствораў нелятучых рэчываў. Заснаваны на вымярэнні высокаадчувальнымі тэрмометрамі ці тэрмапарамі паніжэння т-ры замярзання раствору ў параўнанні з т-рай замярзання чыстага растваральніку. Метад прапанаваны франц. вучоным Ф.​Раулем у 1882—88. Выкарыстоўваюць для вызначэння малекулярнай масы растворанага рэчыва, ступені дысацыяцыі слабых электралітаў, тэрмадынамічнай актыўнасці растваральніка і растворанага рэчыва, саставу раствораў, чысціні арган. рэчываў. Гл. таксама Эбуліяскапія.

т. 8, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРАЦІ́НЫ,

бялкі верхняга слоя скуры і яе вытворных (валасоў, пер’я, кіпцюроў, капытоў, рагоў і інш.). Выяўлены 2 канфармацыі: β-К. (структура нерасцягнутых валокнаў) і β-К. (расцягнутая форма). Абумоўліваюць мех. трываласць скуры і скурных утварэнняў. У складзе К. шмат глутамінавай кіслаты, лейцыну, цыстэіну. Нерастваральнасць у вадзе, арган. растваральніках, устойлівасць да пратэалітычных ферментаў абумоўлена шматлікімі дысульфіднымі сувязямі паміж поліпептыднымі ланцугамі. Парушэнне абмену К. прыводзіць да захворванняў скуры.

т. 8, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «ХІМВАЛАКНО́» імя У.​І.​Леніна.

Створана ў 1975 у Магілёве. У складзе аб’яднання: Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, Магілёўскі завод штучнага валакна, з-ды: арган. сінтэзу, поліэфірных нітак, рамонтна-мех., па перапрацоўцы прамысл. сцёкавых вод і апрацоўцы асадку; вытв-сць сінт. комплексных нітак. Асн. прадукцыя (1999): дыметылтэрафталат, поліэтылентэрафталат, поліэфірныя валокны і ніткі, віскозная тэкст. нітка, віскозная абалонка для сасісак, поліпрапіленавая плёнка, тавары нар. ўжытку.

т. 9, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦУРЭ́ВІЧ (Іпаліт Купрыянавіч) (студз. 1882, г.п. Глуск Магілёўскай вобл. — 22.7.1939),

украінскі хімік-арганік. Акад. АН Украіны (1939). Скончыў Кіеўскі ун-т (1907), дзе і працаваў (з 1935 праф.). Навук. працы па арган. сінтэзе. Сінтэзаваў α-этыл-β-талілэтыленмалочную і α-этыл-β-метылэтыленмалочную к-ты (1907—09). Устанавіў механізм пераўтварэння карбазідаў, семі- і тыясемікарбазідаў ненасычаных кетонаў. Даследаваў састаў смол парэнхімных каўчуканосных раслін (1932—35).

І.К.Мацурэвіч.

т. 10, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІБДЭ́НУ ДЫСУЛЬФІ́Д,

хімічнае злучэнне малібдэну з серай, MoS2. Шэрыя крышталі з вельмі нізкім каэф. трэння. Не раствараецца ў вадзе, салянай і разбаўленай сернай к-тах. Пры награванні ў паветры вышэй за 350 °C акісляецца. У прыродзе — мінерал малібдэніт. Атрымліваюць уздзеяннем пары серы або серавадароду на малібдэн ці яго трыаксід MoO3 пры т-ры 600—800 °C. Выкарыстоўваюць як цвёрдую змазку і каталізатар у арган. сінтэзе.

т. 10, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНТА́Ж (франц. plantage ад лац. plantare высаджваць),

глыбокая апрацоўка глебы спец. плугамі, на глыб. 50—70 (да 100) см пад гадавальнікі, вінаграднікі, сады, лесапасадкі. Паляпшае якасць глебы, спрыяе развіццю каранёў. Каб пазбегнуць вынасу на паверхню малаўрадлівага ніжняга пласта глебы, на плантажныя плугі ставяць дадатковыя рабочыя органы — перадплужнікі, выразныя адвалы, глебапаглыбнікі і інш.; адначасова ўносяць арган. і мінер. ўгнаенні, вапну ці гіпс.

Л.​В.​Круглоў.

т. 12, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТРА́ЎНЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,

водарастваральныя арган. фарбавальнікі, якія сарбіруюцца тэкстыльнымі матэрыяламі і замацоўваюцца на іх пры дапамозе пратраў — злучэнняў металаў (пераважна хрому і жалеза) са ступенню акіслення +3. Паводле хім. класіфікацыі — пераважна азафарбавальнікі і антрахінонавыя фарбавальнікі. Пры фарбаванні на валакне ўтвараюцца ўстойлівыя нерастваральныя інтэнсіўна афарбаваныя металзмяшчальныя комплексы, што дазваляе атрымліваць афарбоўкі, выключна ўстойлівыя да розных фіз.-хім. уздзеянняў. Выкарыстоўваюць пераважна для афарбоўвання шэрсці, радзей — натуральнага шоўку.

т. 13, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЧЫ́СТКА СЦЁКАВЫХ ВО́ДАЎ,

выдаленне забруджвальных рэчываў, якія ёсць у сцёкавых водах і могуць неспрыяльна паўплываць на здароўе чалавека і навакольнае асяроддзе. Праводзіцца ў спец. ачышчальных збудаваннях пры падрыхтоўцы сцёкавых водаў да скідвання ў прыродныя вадаёмы або для паўторнага выкарыстання ў паўторнапаслядоўных сістэмах водакарыстання ці сістэмах зваротнага водакарыстання. Існуюць метады механічнай, фіз.-хім., біялагічнай ачысткі сцёкавых водаў.

Пры механічнай ачыстцы нерастваральныя дамешкі выдаляюцца працэджваннем, адстойваннем, фільтраваннем, флатацыяй з дапамогай тлустых спіртоў, сернакіслага алюмінію або хлорнага жалеза, цэнтрабежнай сепарацыяй і інш. Пры фізіка-хімічнай ачыстцы выкарыстоўваюць: рэагентную каагуляцыю і працэс адгезіі (прыліпанне дамешкаў да паверхні інертных матэрыялаў); нейтралізацыю кіслот і шчолачаў вапнай; экстракцыю арган. растваральнікамі (бензол, бутылацэтат і інш.); перагонку з сухой парай (для выдалення фенолаў); сорбцыю праз актываваны вугаль; фільтрацыю праз іонаабменныя матэрыялы; апрацоўку хлорам (эл.-хім. акісленне); мокрае спальванне (для выдалення арган. рэчываў). Выдаленыя са сцёкавых водаў забруджвальныя рэчывы ў шэрагу выпадкаў — каштоўныя для нар. гаспадаркі прадукты, якія здабываюць з дапамогай спец. тэхнал. установак (гл. Утылізацыя забруджвальнікаў).

Літ.:

Технические записки по проблемам воды: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1983;

Очистка производственных сточных вод. 2 изд М., 1985.

т. 2, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЦКЕ́ВІЧ (Мікалай Іванавіч) (29.11.1914, г. Дзяржынск Мінскай вобл. — 30.11.1991),

бел. фізікахімік. Акад. АН Беларусі (1980, чл.-кар. 1969), д-р хім. н. (1964), праф. (1966). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1939). З 1950 у Ін-це хіміі, у 1959—69 і з 1982 у Ін-це фізіка-арган. хіміі (у 1958—65 нам. дырэктара). У 1969—82 акад.-сакратар Аддз. хім. і геал. навук АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні кінетыкі працэсаў акіслення арган. рэчываў. Устанавіў механізм спалучанага з акісленнем дэкарбаксіліравання смаляных, мона- і дыкарбонавых кіслот, іх эфіраў і інш. вытворных. Распрацаваў метады сінтэзу двухатамных фенолаў і галагенавытворных араматычных кіслот.

Тв.:

Сопряженное с окислением декарбоксилирование карбоновых кислот. Мн., 1970 (разам з Б.​В.​Ерафеевым);

Механизм жидкофазного окисления кислородсодержащих соединений. Мн., 1975 (разам з Я.​Ц.​Дзянісавым, У.​Я.​Агабекавым);

Процессы окисления в природе и технике. Мн., 1978 (разам з У.​Я.​Агабекавым, Н.​Р.​Арыка).

Літ.:

Н.​И.​Мицкевич // Весці АН БССР. Сер. хім. навук. 1974. № 6;

Тое ж // Там жа. 1984. № 6.

т. 10, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)