АТМАСФЕ́РА (ад грэч. atmos пара + сфера) Зямлі, газавая абалонка вакол Зямлі, якая ўтрымліваецца яе прыцяжэннем, верціцца разам з ёю і забяспечвае жыццядзейнасць расліннага і жывёльнага свету. Маса атмасферы каля 5,15×1015т (адна мільённая доля масы Зямлі). Палавіна яе заключана ў слоі да 5 км, 90% — да 16 км, вышэй за 100 км — толькі мільённая частка. Выразнай верхняй мяжы не існуе, атмасфера паступова пераходзіць у касм. прастору (гл.Космас). За фіз. мяжу прымаюць выш. 1000—1200 км, тэарэтычная мяжа — 42 тыс.км, дзе цэнтрабежная сіла вярчэння Зямлі ўраўнаважваецца яе прыцяжэннем. З вышынёй мяняюцца фіз. ўласцівасці атмасферы: ціск, шчыльнасць, т-ра. Ціск атмасферы на ўзр. м. на 1 см² 1013,25 гПа, на выш. 5 км ён змяншаецца на ½. Залежнасць ціску ад вышыні выражаецца бараметрычнай формулай. Шчыльнасць паветра на ўзр. м. 1,27—1,30 кг/м³, на паверхні Зямлі ў Еўропе ў сярэднім 1,25 кг/м³, на выш. 20 км 0,087 кг/м³, на выш. 750 км менш за 10-13 кг/м³. Т-ра характарызуецца больш складанай залежнасцю ад вышыні.
Будова. Атмасфера мае выразную слаістую структуру. У аснову падзелу пакладзена вертыкальнае размеркаванне т-ры, паводле якога вылучаюць сферы і слаі-паўзы паміж імі. Ніжняя частка атмасферы — трапасфера, знаходзіцца над паверхняй Зямлі да выш. 8—10 км у палярных, 16—18 км у экватарыяльных шыротах. Характарызуецца паніжэннем т-ры з вышынёй каля 6,5 °C на 1 км. Пераходнаму слою (таўшчынёй ад соцень метраў да 2 км) паміж трапасферай і стратасферай — трапапаўзе — уласціва ізатэрмія. Стратасфера распасціраецца да 50 км, у ніжняй частцы яе т-ра пастаянная, з выш. 25—30 км павышаецца ў сярэднім на 0,3 °C на 100 м (у азанасферы). Паміж стратасферай і мезасферай размяшчаецца стратапаўза, у якой т-ра блізкая да 0 °C. У мезасферы (да выш. 80 км) т-ра зніжаецца на 0,35 °C на 100 м вышыні (да -90 °C), развіваецца канвекцыя (вертыкальнае перамешванне), утвараюцца серабрыстыя воблакі. У мезасферы адзначаецца іанізацыя часцінак газу. Мезапаўза знаходзіцца на выш. 80—85 км, ёй уласціва ізатэрмія ці слабае зніжэнне т-ры. Вышэй размешчана тэрмасфера (да 800—1000 м), дзе т-ра зноў рэзка павышаецца за кошт паглынання прамога сонечнага выпрамянення і дасягае 1500—2000 °C. Тэрмасфера адпавядае іанасферы, дзе паветра моцна іанізаванае ў выніку дысацыяцыі малекул газаў пад уздзеяннем ультрафіялетавай, рэнтгенаўскай і карпускулярнай радыяцыі, што з’яўляецца прычынай высокай т-ры, палярных ззянняў, свячэння атмасферы. Знешняя атмасфера — экзасфера, дзе адбываецца дысіпацыя газаў, іх часцінкі (пераважна атамы вадароду) рассейваюцца ў касм. прасторы і ўтвараюць карону Зямлі.
Састаў. Атмасфера паветра — сумесь газаў з дамешкам завіслых цвёрдых і вадкіх часцінак. Паводле хім. саставу вылучаюць гамасферу (да 90—100 км) з нязменнымі суадносінамі асн. газаў і гетэрасферу, дзе стан газаў і іх суадносіны вельмі зменлівыя. У сухім паветры гамасферы азот складае 78%, кісларод — 21, аргон — 0,9, вуглякіслы газ — 0,03%, астатняе — крыптон, ксенон, неон, гелій, вадарод, азон, ёд, радон, метан, аміяк і інш. Сучасны састаў атмасферы спрыяльны для жыцця на Зямлі: кісларод служыць для дыхання жывых арганізмаў, вуглякіслы газ — для стварэння арган. рэчываў раслін у працэсе фотасінтэзу. У фіз. працэсах, якія адбываюцца ў атмасферы, найб.актыўныя вадзяная пара, азон, вуглякіслы газ і атм. аэразолі. Вадзяная пара канцэнтруецца ў ніжніх слаях трапасферы (ад 0,1—0,2% у палярных шыротах да 3% у экватарыяльных), з вышынёй яе колькасць памяншаецца (на выш. 1,5—2 км на 50%), у нязначнай колькасці ёсць да выш. 15—20 км. Азон затрымлівае асн. частку ультрафіялетавага выпрамянення Сонца, гібельнага для ўсяго жывога на Зямлі. Канцэнтруецца ў азанасферы. Вуглякіслы газ здольны паглынаць даўгахвалевае выпрамяненне Зямлі і ствараць парніковы эфект атмасферы. Колькасць вуглякіслага газу павялічваецца ў сувязі з узмацненнем антрапагеннага ўздзеяння на атмасферу (мяркуюць, што да 2000 г. яго будзе 0,0375%). Атмасферныя аэразолі (завіслыя ў паветры цвёрдыя і вадкія часцінкі) таксама затрымліваюць цеплавое выпрамяненне паверхні Зямлі і ўплываюць на бачнасць у атмасферы. Прымеркаваныя да прыземных слаёў, частка іх пранікае ў стратасферу, дзе на выш. 15—20 км утвараецца аэразольны слой Юнге.
У гетэрасферы павялічваецца колькасць лёгкіх газаў, адбываецца дысацыяцыя малекул паветра і значная іанізацыя. Выразная змена стану газаў атмасферы адбываецца на выш. 100—210 км, дзе пераважае атамарны кісларод над малекулярнымі азотам і кіслародам. На выш. 500 км малекулярнага кіслароду практычна няма, вышэй за 600 км пераважае гелій, на выш. ад 2 да 20 тыс.км пашырана вадародная карона Зямлі. З верхняй часткай атмасферы звязаны радыяцыйныя паясы Зямлі: унутраны на выш. 500—1600 км і вонкавы, утвораныя электронамі з высокай энергіяй.
Паветраныя плыні. Вынікам неаднароднасці т-ры атмасферы па вертыкалі і нераўнамернага награвання палярных і экватарыяльных шырот, сухазем’я і мора з’яўляецца сістэма буйнамаштабных працэсаў — агульная цыркуляцыя атмасферы. Да яе належаць плыні ніжняй часткі трапасферы: пастаянныя — пасаты і сезонныя — мусоны, заходні перанос паветраных мас, канвекцыя, цыклоны і антыцыклоны і інш. Паблізу трапапаўзы, дзе існуе кантрастнасць т-ры, а таксама ў азонавым слоі на выш. 20—25 км утвараюцца магутныя струменныя плыні. Скорасць ветру ў верхняй стратасферы дасягае 100—150 м/сек. У тэрмасферы яна павялічваецца, тут адбываюцца прыліўныя рухі пад уздзеяннем Месяца і Сонца. Рухомасць атмасферы надае ёй ролю рэгулятара цеплаабмену Зямлі з космасам, радыяцыйнага і воднага балансу. Працэсы ўзаемадзеяння атмасферы і акіяна істотна ўплываюць на клімат Зямлі. Атмасфера мае электрычнае поле, якое фарміруецца пад уздзеяннем адмоўнага электрычнага поля Зямлі.
Паходжанне. Сучасная зямная атмасфера мае другаснае паходжанне, яна ўтварылася пасля ўзнікнення Зямлі ў выніку ўзаемадзеяння працэсу дэгазацыі з пародамі літасферы. Састаў атмасферы зменьваўся на працягу ўсёй гісторыі Зямлі, у т. л. і пад уплывам дзейнасці чалавека. Вылучаюць 2 асн. этапы — бескіслародны (2 млрд. гадоў назад) і кіслародны; маса кіслароду значна павялічылася ў фанеразоі пасля з’яўлення расліннасці на сушы.
Вывучэнне атмасферы пачалося ў антычны час. Навука пра атмасферу — метэаралогія сфарміравалася ў 19 ст. Для назіранняў за атмасферай створана сетка метэаралагічных станцый і пастоў, выкарыстоўваюцца метады вертыкальнага зандзіравання атмасферы, радыёлакацыя, пеленгацыя, самалёты, аўтам. аэрастаты, спец. судны, ракеты і метэаралагічныя спадарожнікі. У Беларусі назіранне за атмасферай праводзіцца на метэастанцыях гідраметэаралагічнай службы, у прамысл. цэнтрах вывучаюць і прагназіруюць ступені тэхнагеннага забруджвання; праводзяцца даследаванні радыенукліднага забруджвання атмасферы пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Літ.:
Атмосфера: Справ. Л., 1991;
Будыко М.И., Ронов А.Б., Яншин А.Л. История атмосферы. Л., 1985;
Бримблкумб П. Состав и химия атмосферы: Пер. с англ.М., 1988.
Г.В.Валабуева.
Атмасфера: 1 — шары-зонды; 2 — метэоры; 3 — серабрыстыя воблакі; 4 — палярныя ззянні; 5 — адбіццё радыёхваляў дэкаметровага дыяпазону ад іанасферных слаёў; 6 — распаўсюджанне радыё-хваляў дэцыметровага дыяпазону (10 см — 1 м); 7 — штучныя спадарожнікі Зямлі; 8, 9 — унутраны радыяцыйны пояс, які ўтвараецца пратонамі, электронамі і іншымі зараджанымі часціцамі; 10 — сілавыя лініі магнітнага поля Зямлі (у зоне экватара).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ВАЙНА́ 1700—21,
вайна кааліцыі еўрап. дзяржаў у складзе Расіі, Даніі, Саксоніі (т.зв. «Паўночны саюз») з удзелам Рэчы Паспалітай (з 1704), Прусіі і курфюрства Гановер (з 1715) супраць Швецыі за панаванне на Балт.м. На працягу 17 ст. Швецыя фактычна ўстанавіла свой кантроль над Балт. рэгіёнам і землямі, што прылягалі да Фінскага заліва (Інгрыя і ч. Карэліі). У выніку войнаў з Рэччу Паспалітай (гл.Вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, Паўночная вайна 1655—60), Расіяй, Даніяй і германскімі краінамі яна авалодала Эстляндыяй, Ліфляндыяй (гл.Лівонія) і значнымі тэрыторыямі ў Паўн. Германіі (Брэмен, Вердэн, Памеранія, в-аў Руген). У 1699 рас. цар Пётр I заключыў саюз з Даніяй і курфюрстам Саксоніі Аўгустам II (з 1697 адначасова кароль польскі і вял. князь літоўскі) супраць Швецыі. У лют. 1700 саксонскія войскі ўвайшлі ў Ліфляндыю і аблажылі Рыгу. У сак. 1700 дацкія войскі ўведзены ў герцагства Гольштэйн (саюзнік Швецыі). У чэрв. 1700 шведскі кароль Карл XII (гл. ў арт.Карл, імя каралёў Швецыі) высадзіў дэсант каля Капенгагена і прымусіў Данію 18.8.1700 заключыць мір. 30.8.1700 Расія абвясціла вайну Швецыі. Рас. войскі (каля 35 тыс.чал.) пачалі аблогу Нарвы, але ў бітве 30.11.1700 пацярпелі паражэнне. Тады Карл XII выступіў супраць Аўгуста II і 20.7.1701 разбіў яго войскі каля Рыгі. У пач. 1702 шведы ўварваліся на тэр. Рэчы Паспалітай, у крас. занялі Вільню і Гродна, у маі — Варшаву. Спробы Аўгуста II спыніць прасоўванне шведаў у глыб Рэчы Паспалітай скончыліся паражэннем яго войск у бітвах каля Клішава (1702) і Пултуска (1703). Пётр I, скарыстаўшы перадышку, выкліканую знаходжаннем асн. сіл Карла XII у Рэчы Паспалітай, рэарганізаваў армію, і ў 1701—04 яго войскі атрымалі некалькі перамог над шведамі ў Прыбалтыцы і выйшлі да Балт.м. з мэтай замацавацца на яго ўзбярэжжы. З пачаткам вайны ў ВКЛ абвастрылася барацьба паміж групоўкай Сапегаў, якія хацелі стварыць незалежную ад Польшчы дзяржаву, і большасцю бел.-літ. шляхты, што групавалася вакол Р.А.Агінскага і Вішнявецкіх. У маі 1704 прыхільнікі Аўгуста II аб’ядналіся ў Сандамірскую канфедэрацыю, якая пад Нарвай заключыла саюз з Расіяй і абвясціла вайну Швецыі. У адказ Варшаўская канфедэрацыя (ліп. 1704), арганізаваная Карлам XII, выбрала каралём Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. У выніку на тэр. Беларусі ўвайшлі саюзныя Аўгусту II рас. войскі і з восені 1704 пачалі канцэнтравацца каля Полацка. У ліп. 1705 яны рушылі на Вільню (частка войск пад камандаваннем Б.П.Шарамецева накіравана ў Курляндыю). У вер. 1705 гал.рас. сілы (каля 35 тыс.чал.) занялі Гродна, дзе да іх далучылася некалькі палкоў саксонскай конніцы. Аб’яднаную групоўку ўзначаліў Аўгуст II. У студз. 1706 Карл XII пераправіўся цераз Нёман і блакіраваў гарнізон у Гродне, конніца А.Д.Меншыкава паспела адысці да Мінска. Аўгуст II накіраваўся ў Саксонію за дапамогай, але ў лют. 1706 у бітве пры Фраўштаце асн. сілы саксонскай арміі былі разбіты. Рас. войскам удалося выйсці з Гродна і праз Брэст і Ковель дайсці да Кіева. У лют.—маі 1706 шведы, ідучы праз Беларусь, спалілі Карэлічы, Мір, разрабавалі Навагрудак, Слонім, Клецк, Слуцк, Пінск, Кобрын, пасля аблог занялі Ляхавічы і Нясвіж (гл.Нясвіжа абарона 1706). Каля Клецка 30.4.1706 шведскія войскі разбілі 5-тысячны рас. атрад С.П.Няплюева. Летам 1706 Карл XII нанёс удар па Саксоніі і прымусіў Аўгуста II у вер. 1706 заключыць Альтранштацкі мір. Аўгуст II адмовіўся ад кароны Рэчы Паспалітай на карысць Станіслава Ляшчынскага. У 1707 рас. войскі зноў сканцэнтраваліся на Беларусі, у крас. пасля аблогі занялі Быхаў (гл.Быхава абарона 1707). У пач. 1708 Карл XII заняў Гродна і рушыў на Ліду, Смаргонь. Гал. сілы рас. арміі (каля 57 тыс.чал.) пад камандаваннем Шарамецева адышлі да Чашнікаў і Бешанковіч. З сак. да пачатку чэрв. 1708 шведская армія стаяла ў раёне Радашковіч, 25 чэрв. пераправілася цераз Бярэзіну. Каля мяст. Галоўчын (на Магілёўшчыне) 14.7.1708 адбылася бітва, у якой рас. армія пацярпела паражэнне і адышла за Дняпро. Шведы занялі Магілёў, а праз месяц рушылі далей на У. Аднак у бітвах каля вёсак Добрае 10.9.1708 і Раеўка 20.9.1708 на Мсціслаўшчыне авангард Карла XII панёс значныя страты; узніклі цяжкасці з забеспячэннем арміі харчам і фуражом. Таму Карл XII вырашыў скарыстаць дапамогу, якую яму абяцаў укр. гетман І.Мазепа, і ў сярэдзіне вер. 1708 павярнуў на Украіну. На злучэнне з гал. сіламі Карла XII з Рыгі выйшаў 16-тысячны корпус А.Левенгаўпта. 9.10.1708 каля в.Лясная (на Магілёўшчыне) Левенгаўпт быў разбіты рас. войскамі, страціў абоз і прывёў да Карла XII толькі каля 7 тыс.чал. У канцы кастр. 1708 Мазепа з 2-тысячным атрадам перайшоў на бок шведаў, але Меншыкаву ўдалося захапіць запасы зброі, боепрыпасаў і харчу ў г. Батурын, якія гетман падрыхтаваў для саюзніка. 8 ліп. ў Палтаўскай бітве 1709 шведская армія была разгромлена (Карл XII і Мазепа ўцяклі ў Турцыю). Гэта перамога стала пераломнай у П.в. Быў адноўлены саюз Расіі з Даніяй і Саксоніяй. Станіслаў Ляшчынскі з’ехаў у Памеранію; у Варшаву вярнуўся Аўгуст II. Ваенныя дзеянні былі перанесены ў Прыбалтыку і Паўн. Германію. У 1710 рас. войскі занялі Ліфляндыю і Эстляндыю, авалодалі Рыгай, Пернавам (Пярну) і Рэвелем. Рас. флот атрымаў свабодны выхад з Фінскага заліва ў Балт.м. Дацка-саксонскія войскі ўвайшлі ў Памеранію і пачалі аблогу Штральзунда. Па прычыне шматлікіх супярэчнасцей з Расіяй, асабліва па пытанні кантролю над Ліфляндыяй, Рэч Паспалітая выйшла з вайны. У канцы 1710 Карлу XII удалося ўцягнуць у вайну з Расіяй Турцыю (гл.Пруцкі паход 1711). Руска-турэцкая вайна 1710—13 часова прыпыніла актыўныя дзеянні супраць Швецыі. У 1713 рас. войскі занялі Фінляндыю, разам з саюзнікамі авалодалі амаль усёй Памераніяй. У выніку перамогі над шведскім флотам каля мыса Гангут (1714) рас. флот пачаў кантраляваць Балт.м. У 1715 у вайну супраць Швецыі ўступілі Прусія і Гановер. У маі 1718 Швецыя пачала перагаворы аб міры з Расіяй (т.зв. Аландскі кангрэс), якія працягваліся да гібелі Карла XII у ліст. 1718. Яго сястра Ульрыка Элеанора, заняўшы трон, пад уплывам Англіі спыніла перагаворы і аднавіла ваен. дзеянні з Расіяй. У той жа час Швецыя заключыла мір з Гановерам (1719), Прусіяй і Даніяй (1720), прызнаўшы іх правы на частку сваіх уладанняў у Паўн. Германіі. У выніку пагаднення з Саксоніяй Швецыя ў 1719 адмовілася ад падтрымкі Станіслава Ляшчынскага і прызнала Аўгуста II каралём польскім і вял. князем літоўскім. У 1719—20 рас. дэсанты тройчы высаджваліся ў Швецыі, спусташалі прыбярэжныя гарады і вёскі, падыходзілі да Стакгольма; 7.8.1720 у Грэнгамскай бітве разбіты шведскі флот. 10.9.1721 падпісаны Ніштацкі мірны дагавор 1721, пазней адпаведныя дагаворы Швецыя падпісала з Саксоніяй (1729) і Рэччу Паспалітай (1733). У выніку П.в. Швецыя страціла статус вял. дзяржавы, аднак і для інш. краін Еўропы, асабліва для ВКЛ, наступствы вайны былі трагічныя: насельніцтва Беларусі скарацілася з 2,2 млн. да 1,5 млн.чал. (загінуў кожны трэці яе жыхар); найбольш пацярпелі Мсціслаўскае, Віцебскае і Полацкае ваяв.
Літ.:
Тарле Е.В. Северная война и шведское нашествие на Россию. М., 1958;
Шутой В.Е. Северная война (1700—1721 гг.). М., 1970;
Корх А.С. Петр I: Северная война 1700—1721: [Альбом]. [М.], 1990.
У.І.Пашкевіч.
Да арт.Паўночная вайна 1700—21. Баталія паблізу мыса Гангут. Гравюра А.Зубава. 1715.Да арт.Паўночная вайна 1700—21. Бітва пры Лясной 28 верасня 1708. Гравюра Лармесена з арыгінала П.-Д.Мартэна Малодшага. 1-я чвэрць 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎСТА́ННЕ 1863—64 y Польшчы, Беларусі і Літве, нацыянальна-вызваленчае паўстанне за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772. Падрыхтавана польск. і бел.-літ. канспіратыўнымі арг-цыямі, якія мелі сувязі з арг-цыяй рас. рэвалюцыянераў-дэмакратаў «Зямля і воля», хоць не ўсе «чырвоныя» (так называлі прыхільнікаў ідэі ўзбр. паўстання ў Польшчы, Беларусі і Літве) падзялялі праграму «Зямлі і волі». Пераважную большасць паўстанцаў складалі шляхецкія рэвалюцыянеры, якія ў сваёй праграме на першае месца ставілі аднаўленне польск. дзяржавы ў межах б. Рэчы Паспалітай, г.зн. з уключэннем у яе склад Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны. Гал. роля ў рэалізацыі гэтай ідэі адводзілася шляхце, а дапаможная — сялянству. Памешчыкам абяцалі захаваць іх землеўладанне і аплаціць за кошт дзяржавы землі, адведзеныя пад сял. надзелы; сялянам перадаць ва ўласнасць без выкупу і часоваабавязаных адносін надзелы, якія яны атрымалі паводле рэформы 19.2.1861. Прадугледжвалася ўраўнаванне грамадзянскіх правоў сялян і шляхты, замена падушнага падатку падымным, а 25-гадовай рэкрутчыны 3-гадовай вайск. службай у сваім краі, аднаўленне уніяцкай царквы. Такую праграму распрацаваў створаны летам 1862 у Варшаве Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК), які ў пач. 1863 абвясціў сябе Часовым нац. урадам на ўсёй тэр.б. Рэчы Паспалітай. Асн. роля ў падрыхтоўцы П. належала яго кіруючаму органу «чырвоных». Праграма П. выкладзена ў «Маніфесце» і агр. дакументах, апублікаваных 22.1.1863. Новым у ёй было толькі абяцанне выдзеліць па 3 маргі (каля 2 дзесяцін) зямлі беззямельным сялянам, якія са зброяй у руках падтрымаюць паўстанне.
Падрыхтоўку П. на Беларусі і Літве з восені 1861 узначальваў Камітэт руху, які дзейнічаў у Вільні. Летам 1862 к-т быў падпарадкаваны ЦНК і ператвораны ў Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК). У яго склад у якасці камісара ЦНК быў прызначаны Н.Дзюлёран. Аднак у кастр. 1862 старшынёй ЛПК стаў К.Каліноўскі, які ўзяў курс на дасягненне самастойнасці і раўнапраўнасці ва ўзаемадачыненнях віленскага і варшаўскага цэнтраў. Ён не падзяляў ні аграрнай, ні нац. праграмы ЦНК, выступаў за перадачу ўсёй зямлі сялянам і разгортванне сял. рэвалюцыі, за ліквідацыю шляхты як «гнілой і разбэшчанай касты», за прадастаўленне Літве і і Беларусі права на самавызначэнне.
Свае погляды па праграмных пытаннях Каліноўскі выказваў у выдаваемай ім газ.«Мужыцкая праўда». Маніфестам ад 1.2.1863 ЛПК заклікаў насельніцтва Літвы і Беларусі падтрымаць пачатае ў Польшчы паўстанне. Пры гэтым ЛПК, ператвораны ў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі, быў вымушаны прыняць і апублікаваць праграму П., вызначаную польск. нац. урадам. У пач.сак. 1863 да П. далучылася частка буйных памешчыкаў і буржуазіі, т.зв.«белыя», якія да гэтага часу ставіліся да яго непрыхільна, бо разлічвалі дамагчыся аднаўлення польскай дзяржаўнасці мірным шляхам, пры дапамозе зах. краін, найперш Англіі і Францыі. Каб усталяваць свой кантроль за ходам падзей, «белыя» 10.3.1863 фактычна захапілі ў свае рукі кіраўніцтва паўстаннем у Польшчы. Часовы ўрад Літвы і Беларусі на чале з Каліноўскім 11 сак. расфарміраваны і заменены Аддзелам кіраўніцтва правінцыямі Літвы, старшынёю якога стаў Я.Гейштар. У сувязі з гэтым Каліноўскі ад імя ЛПК. Напісаў рэзкі пратэст супраць акцыі «белых», якую ацаніў як здраду рэвалюцыі. Аднак ён вымушаны быў падпарадкавацца «галаве паўстання» і прыняць назначэнне на пасаду гродзенскага ваяводскага камісара. «Белыя» істотна ўзмацнілі свае пазіцыі ў кіруючых структурах падп. арг-цыі ў Літве і Беларусі на губернскім (ваяводскім), павятовым і акруговым узроўнях.
Першыя паўстанцкія атрады, у т. л. вялікі атрад Р.Рагінскага, прыйшлі на Беларусь з Польшчы ў канцы студз. 1863. Фарміраванне мясц. атрадаў і выхад іх у месцы збору пачаліся ў сак.—крас. 1863 (гл.Віцебскія паўстанцкія атрады, Гродзенскія паўстанцкія атрады, Магілёўскія паўстанцкія атрады, Мінскія паўстанцкія атрады). Усяго на сучаснай тэр. Беларусі з лют. па жн. 1863 зафіксавана 46 баёў і баявых сутычак паўстанцаў з царскімі войскамі. 3 іх 2/3 адбыліся на Гродзеншчыне і Віленшчыне. Да найб. значных акцый паўстанцаў Беларусі адносяцца захоп 24.4.1863 г. Горкі Магілёўскай губ. атрадам Л.Звяждоўскага з дапамогай студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытута і Мілавідская бітва 1863.
Прыход «белых» да кіраўніцтва паўстаннем адмоўна паўплываў на адносіны да яго бел. сялян. Удзел у паўстанні польск. памешчыкаў яны ў большасці ўспрымалі як выступленне супраць «цара-вызваліцеля» з мэтай аднаўлення прыгону. Каб адцягнуць сялян Беларусі і Літвы ад удзелу ў паўстанні, урад прыняў пэўныя эканам. меры. Указамі ад 1.3 і 2.11.1863 спыняліся часоваабавязаныя адносіны сялян да памешчыкаў, сялян пераводзілі на абавязковы выкуп, пры гэтым выкупныя плацяжы паніжаліся на 20%. У кастр. 1863 выдадзены загад аб выдзяленні сялянам, абеззямеленым у 1846—56, 3-дзесяцінных сямейных надзелаў і аб вяртанні поўных надзелаў тым сялянам, якіх памешчыкі абеззямелілі ў пазнейшыя гады. З другога боку, вёскі, дзе паўстанцы знаходзілі падтрымку, падвяргаліся жорсткім рэпрэсіям. У цэлым сяляне Беларусі склалі толькі 18% сярод удзельнікаў паўстання, а шляхта, праўда, пераважна беззямельная і малазямельная — 70%.
Сярод рас. грамадскасці, нават ліберальна-дэмакратычнай, П. пад заклікам аднаўлення Польшчы з далучэннем да яе Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны выклікала актыўнае процідзеянне. Праз дзярж. ўстановы, царкву, школу, друк яно распаўсюдзілася і сярод нар. мас Расіі, што перакрэсліла надзеі на ўсерасійскае сял. паўстанне. Гэтым, па сутнасці, быў прадвырашаны лёс паўстання. У падтрымку паўстання выступілі толькі А.І.Герцэн і яго «Колокол», Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы. Не спраўдзіліся спадзяванні паўстанцаў і на дапамогу зах. дзяржаў. Задушэннем паўстання на тэр. Беларусі і Літвы з сярэдзіны мая 1863 кіраваў новы віленскі ген.-губернатар М.М.Мураўёў, які атрымаў ад Аляксандра II надзвычайныя паўнамоцтвы. Ён прымусіў «белых» (памешчыкаў і вышэйшае каталіцкае духавенства) адмовіцца ад падтрымкі паўстання. Многія актыўныя дзеячы паўстання былі арыштаваны або загінулі ў ходзе баявых дзеянняў. Частка іх перабралася за мяжу. У такіх умовах Каліноўскі ў пач.чэрв. 1863 зноў быў запрошаны ў Вільню. У канцы ліп. ён узначаліў Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы, пераўтвораны ў Выканаўчы аддзел Літвы, а 22 жн. яму перадалі і паўнамоцтвы камісара Варшаўскага ўрада ў Вільні. К канцу лета 1863 у руках Каліноўскага сканцэнтравалася ўся паўната ўлады ў паўстанцкай арг-цыі Беларусі і Літвы, аднак дамагчыся пералому ў ходзе барацьбы ён не здолеў: да пач.вер. 1863 паўстанне на Беларусі і Літве было практычна задушана. Паводле афіц. звестак, што датычаць Беларусі і Літвы, 128 чал. былі пакараны смерцю, 12 483 чал. адпраўлены на катаргу і пасяленне ў Сібір, арыштанцкія роты і г.д. Маёнткі памешчыкаў, якія мелі дачыненне да паўстання, канфіскоўваліся ў казну і на вельмі льготных умовах прадаваліся царскім генералам і чыноўнікам, выхадцам з цэнтр. губерняў. Усе астатнія мясц. памешчыкі (на першым часе нават рускія) былі абкладзены кантрыбуцыяй. Закрываліся або ператвараліся ў правасл. цэрквы многія касцёлы. Улады закрылі адзіную ў Беларусі вышэйшую навуч. ўстанову — Горы-Горацкі земляробчы ін-т, скарацілі колькасць сярэдніх навуч. устаноў. У Беларусі і Літве ўстаноўлены рэжым выключных законаў, накіраваны на памяншэнне польскага і ўзмацненне рускага ўплыву. Праводзіліся і іншыя рэпрэсіўныя мерапрыемствы.
У польск. і рас., у т. л. савецкай, гістарыяграфіі паўстанне 1863—64 у цэлым ацэньваецца як польскае, без уліку яго асаблівасці ў бел.-літ. рэгіёне, што напярэдадні і ў ходзе П. тут праявілася плынь бел.нац.-вызв. руху на чале з Каліноўскім. У бел. гістарыяграфіі ў дачыненні да Літвы і Беларусі яно як польскае не вызначаецца.
Літ.:
Ратч В.Ф. Сведения о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западной России. Т. 1—2. Вильна, 1867—68;
Ігнатоўскі У.М. 1863 год на Беларусі. Мн., 1930;
Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861—1862 гг.М., 1964;
Восстание в Литве и Белоруссии. М., 1965;
Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;
К.Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;
Біч М. Нацыянальнае і аграрнае пытанні ў час паўстання 1863—1864 гг. // Бел.гіст.часоп. 1993. № 3.
М.В.Біч.
Да арт.Паўстанне 1863—64. Касінеры Каліноўскага. Мастак Л.Дударэнка. 1978.Да арт.Паўстанне 1863—64. К.Каліноўскі і В.Урублеўскі робяць агляд паўстанцаў. Мастак П.Сергіевіч 1959.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
узня́цца, ‑німуся, ‑німешся, ‑німецца і уздымуся, уздымешся, уздымецца; пр. узняўся, ‑нялася, ‑лося; заг. узніміся і уздыміся; зак.
1. Узысці, заняць больш высокае месца. Стаіць наш дзядзька ў задуменні, Не смее ўзняцца на ступені.Колас.Вось толькі міну вунь той рэдзенькі бярозавы пералесак і затым узнімуся па горку.Васілевіч.Леанід Аляксеевіч і дзядзька Алесь узняліся на сцэну, дзе стаяў доўгі стол, пакрыты чырвоным сукном.Якімовіч./ Пра дарогу, сцежку і пад. Дарога ўзнялася на насып.//перан. Падняцца па службовай лесвіцы. Ад простага палкавога агітатара [Грынвальд Муха] ўзняўся да камісара палка.Машара.З нашай радні найвышэй усіх узнялася цётка Куліна.Навуменка.
2.(1і2ас.неўжыв.). Прыняць больш высокае становішча, прыпадняцца ўверх. [Верыны] прыгожыя аксамітныя броўкі ўзняліся ў ціхім здзіўленні.Зарэцкі.Вядро ўзбунтавала люстраную роўнядзь, напоўнілася і ўзнялося над кладкай у маленькай, моцнай дзявочай руцэ.Брыль.Нарэшце патушылі святло, і заслона паволі ўзнялася ўгору.Арабей./ Пра сцяг, парус і пад. Раптам над людзьмі ўзняўся чырвоны сцяг.Чорны.// Перайсці ў вертыкальнае становішча. Частка рук адразу ўзнялася, за імі яшчэ адна за другой паднімаліся.Галавач.// Натапырыцца, стаць тарчма (пра вушы, поўсць і пад.). Вунь і поўсць на .. карку [сабакі] ўзнялася дыбам, — відаць, ад злосці.Даніленка.
3. Узвысіцца над чым‑н. І непрыступнаю сцяной Карпацкія ўзняліся скалы.Танк.Наперадзе ўзняўся выразна і строга Агромністы мост у жалезнай красе.Панчанка.//перан. Пераўзысці каго‑н. у якіх‑н. адносінах, стаць вышэй чаго‑н. У некаторых людзей ёсць пэўная мяжа, далей якой, нягледзячы на вопыт і перажытае, яны ўжо ніяк не могуць узняцца.Карпюк.Пры ацэнцы «Узвышша» сучаснаму даследчыку трэба ўзняцца перш за ўсё над тымі групавымі спрэчкамі, у якіх было шмат наноснага, суб’ектывісцкага, выказанага ў запале.Лойка.
4.(1і2ас.неўжыв.). З’явіцца над гарызонтам, узысці (пра месяц, воблака і пад.). Узняўся месяц і выслаў залацістую дарожку ад небасхілу да самага берага.Дуброўскі.Вячэрняя зара ўжо ахапіла захад і ўзняліся воблакі, што віселі над гарызонтам.Чарнышэвіч.// Распаўсюдзіцца над чым‑н., вышэй чаго‑н. (пра дым, туман і пад.). Туман узняўся ад ракі.Астрэйка.Пад дах узняліся клубы барвовага дыму.Карпаў.Зноў паплыла нізкая барвова-дымчатая хмара, апала долу. Ад зямлі ўзнялася пара.Пташнікаў.
5. Устаць, змяніць ляжалае або сядзячае становішча па стаячае. [Шура] сігануў туды [у маліннік], але зачапіўся за корань і паляцеў потырч у гразь. Хуценька ўзняўся, ступіў зноў і праваліўся па пояс.Ставер.[Андрэй:] — Паспрабаваў узняцца, але так кальнула ў назе, што ледзь не страціў прытомнасць.Лынькоў.Лакіна неспакойна ўзнялася, потым зноў села.Асіпенка.// Прачнуўшыся, устаць з пасцелі. Каб толькі не праспаць ды ўзняцца разам з сонейкам...Савіцкі.Мы ўзняліся рана, На сяло пайшлі.Бядуля.//перан.Разм. Паправіцца пасля хваробы. Зянон неўзабаве пачаў папраўляцца. А далей-болей ён і зусім ачуняў, узняўся на ногі.М. Ткачоў.
6. Скрануцца з месца з якой‑н. мэтай. Усе [пасажыры] ўзняліся са сваіх месцаў, хапіліся за клумкі .. і кінуліся к выйсцю на перон.Гартны.Акінуўшы нас — двух журналістаў — жвавым позіркам, .. [Іван Сяргеевіч] лёгка ўзняўся з пня і, крыху накульгваючы, накіраваўся ў лесагадавальнік.Мяжэвіч.З правага фланга чырвонаармейцы ўзняліся ў атаку.Кухараў.// Узляцець. Качкі чародкамі ўзняліся ў паветра.Ракітны.Узняўся ў неба гідрасамалёт, А вадалаз на дно спусціўся смела.Корбан.З-пад хвалі вынырнуў шчупак І носам ткнуў у мячык так, Што мяч у неба ўзняўся свечкай.А. Александровіч.// Падняцца ўверх, узвіцца (пра пыл, снег і пад.). Белае воблака снежнага пылу ўзнялося між дрэў.Паўлаў.Пачуўся пляск, узняўся цэлы сноп пырскаў.Колас.За спінай, ля тэатра, над якім узняўся слуп полымя, чуліся крыкі, страляніна, аўтамабільныя гудкі.Мікуліч.//перан.; нашто. Пачаць актыўныя дзеянні, барацьбу за што‑н., супроць чаго‑н. Ужо ў пачатку паэтычнай дзейнасці Купала стварыў велічны вобраз беларускага народа, які ўзняўся на барацьбу за сваё нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне.Ярош.Савецкі Саюз, магутная, вялікая Краіна Саветаў, узняўся на айчынную вайну.Новікаў.У паэме [«Вайна за мір» А. Дудара] пададзена панарама вялікага будаўніцтва, на якое ўзняўся ўвесь савецкі народ.Звонак.
7.(1і2ас.неўжыв.). Узнікнуць, пачаць праяўляцца ў дзеянні. Узнялася паніка: Узнялася страляніна. □ Па шашы, у кірунку на Антонаў луг, за возерам узняўся вялікі рух.Броўка.Троху-патроху ўзнялася жвавая гамонка, якая нарэшце перайшла ў тлумпы гармідар.Зарэцкі.Узняўся страшэнны вецер, загрукатаў гром.Ляўданскі.Апаўночы ўзняўся ў маёнтку пажар.Дубоўка./ Пра пачуцці, думкі. З самай глыбіні ягонай [Турковай] душы ўзняўся пратэст.Быкаў.
8. Павялічыцца ў росце; дасягнуць якога‑н. узроўню. Дзікаю травою ўсё тут зарасла, кусты ўзняліся ростам вышэй чалавека.Сташэўскі.За ноч сыраежкі, лісіцы Узняліся, нібы на дражджах.Калачынскі.Каламутная вада ўзнялася ў берагах, забурліла вольна, заліла прырэчныя нізіны.Хадкевіч.// З’явіцца, быць пабудаваным. Свядомасцю імкнешся ўбачыць карту радзімы — новыя гарады, якія ўзняліся на пустэчы, індустрыяльныя гіганты.Купала.З цяжкіх гранітных пліт узняўся маўзалей.Танк.// Уздуцца, успучыцца. Зашыпела .. [твань], узнялася частымі бурбалкамі.Сяркоў.//перан. Вырасці, стаць дарослым. А ўзняўся [Іванка], падрос — стаў парабкаваць у панскіх дварах.Дуброўскі.
9.(1і2ас.неўжыв.). Стаць больш высокім; павялічыцца, павысіцца. Узняліся цэны. □ К вечару ў Галіны ўзнялася тэмпература.Рамановіч.//перан. Дасягнуць вышэйшага ўзроўню развіцця; стаць больш дасканалым. Узнялася паспяховасць. Узнялася дысцыпліна. □ Майстэрства формы [рамана] не ўзнялося пакуль да той ідэальнасці, якую некалі сфармуляваў Чарнышэўскі.Юрэвіч.// Загучаць выразней, мацней, павысіцца (пра голас). Голас яго [сакратара] пацвярдзеў, узняўся, набыў інтанацыі, якія найбольш выразна Заносяць думкі да слухача.Хадкевіч.//перан. Стаць больш бадзёрым, палепшыцца (пра настрой, дух і пад.). Настрой у Лявона ўзняўся, і расхацелася ісці дамоў.Чарнышэвіч.
10.(1і2ас.неўжыв.). Наладзіцца, палепшыцца (пра што‑н. заняпалае, запушчанае, разбуранае). Узнялася гаспадарка. □ З руін і папялішчаў ўзняліся гарады і сёлы роднай Беларусі.Пятніцкі.
11.перан. Раззлавацца, страціць раўнавагу. — Ірады вы, як вас толькі зямля носіць, — узнялася цётка Ганна.Дубоўка.
•••
Узняцца на ногі — тое, што і падняцца на ногі (гл. падняцца).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
НІКАРА́ГУА (Nicaragua),
Рэспубліка Нікарагуа (República de Nicaragua), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. На Пн мяжуе з Гандурасам, на Пд — з Коста-Рыкай, на У абмываецца Карыбскім м., на З — Ціхім ак.Пл. 129,5 тыс.км². Нас. 4717,1 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца, гал.прамысл. і трансп. цэнтр — г.Манагуа. Падзяляецца на 15 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1987 з папраўкамі 1995. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Нац. асамблея (93 дэпутаты), якая выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які ствараецца прэзідэнтам і яму падсправаздачны.
Прырода. Цэнтр. частка — нагор’е з крышт. і метамарфічных парод (выш. да 2438 м). У зах.ч. нагор’я — тэктанічная ўпадзіна з азёрамі Нікарагуа і Манагуа. Уздоўж упадзіны — ланцуг вулканаў, некаторыя з іх актыўныя. Горныя і перадгорныя раёны церпяць ад вывяржэнняў вулканаў і землетрасенняў. На У шырокая алювіяльная нізіна — Маскітавы бераг (займае палавіну краіны). Невялікія раўнінныя ўчасткі на зах. узбярэжжы. Ёсць радовішчы золата, серабра, медзі, вальфраму, свінцу, цынку, нафты, прыроднага газу. Клімат трапічны, пасатны (на У), субэкватарыяльны (на З). Т-ра паветра круглы год каля 25—28 °C. Ападкаў на У 2000—6500 мм за год, на З — каля 1000—1500 мм (сухі перыяд май — лістапад). Бываюць трапічныя ўраганы (самы разбуральны адзначаны ў 1998). Рэкі мнагаводныя, найб. Рыо-Грандэ-дэ-Матагальпа і Сан-Хуан. Пад лесам і хмызнякамі 27% тэр. На У трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, на З лістападныя лясы і хмызнякі. Для жывёльнага свету характэрны малпы, тапіры, мурашкаеды, пекары. Шмат грызуноў, кажаноў, птушак. Нац. паркі — Волькан-Масая, Саслая; рэзерват Апанас.
Насельніцтва. Больш за 90% складаюць нікарагуанцы — народ, які ўтварыўся ад змяшання іспанцаў з мясц. індзейскім насельніцтвам. Па расавым складзе пераважаюць метысы, ёсць мулаты, групы еўрап. і афр. паходжання. Індзейцаў 5%. Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін. Сярод вернікаў католікаў 95%, пратэстантаў 5%. Сярэднегадавы прырост каля 2,8%. Сярэдняя шчыльн. 36,4 чал. на 1 км². Каля 75% насельніцтва жыве на 3, дзе шчыльн. перавышае 100 чал. на 1 км². У гарадах 63% насельніцтва. Найб. горад Манагуа — 1124 тыс.ж. з прыгарадамі (1998). Каля 100 тыс.ж. у гарадах Леон, Матагальпа, Гранада. У сельскай гаспадарцы заняты 31% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 15%, у абслуговых галінах — 54%.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. Н. насялялі індзейскія плямёны маскіта (міскіта), чаратэгі, нікарао (адсюль назва краіны) і інш. Ў 6—10 ст. сюды з Мексікі прыйшлі плямёны тальтэкаў, потым ацтэкаў. 16.9.1502 узбярэжжа Н. адкрыў Х.Калумб. У 1522 краіну пачалі заваёўваць іспанцы. Яны ў 1524 заснавалі тут гарады Леон (першая сталіца Н.) і Гранада, уключылі землі Н. ў склад аўдзьенсіі (адм.-суд. адзінка) Санта-Дамінга (1523). потым аўдзьенсіі Панама (1539), генерал-капітанства Гватэмала (1573). У ходзе ісп. каланізацыі б.ч. індзейцаў Н. асімілявана ці знішчана, ацалелі пераважна маскіта, што жылі на Карыбскім узбярэжжы, названым ад іх Маскітавым берагам. Ён у 1678 — сярэдзіне 19 ст. быў брыт. пратэктаратам. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 Н. далучана да Мекс. імперыі (1822), потым да федэрацыі Злучаных правінцый Цэнтральнай Амерыкі (1823). З крас. 1838 самаст. рэспубліка. У 1-й пал. 19 ст. тут склаліся паліт. партыі лібералаў (асн. падтрымка — г. Леон) і кансерватараў (цэнтр уплыву — г. Гранада), якія і надалей сапернічалі за ўладу. З 1850 краіна стала аб’ектам эканам., паліт. і ваен. экспансіі ЗША. З 1858 сталіца Н. — г. Манагуа. У 1867—93 уладу ўзначальвалі кансерватары. Ліберальны ўрад прэзідэнта Х.С.Селая (1893—1909) увёў усеагульнае выбарчае права, грамадз. шлюб, аддзяліў царкву ад дзяржавы. садзейнічаў развіццю нар. адукацыі, пашырыў чыг.буд-ва, намагаўся абмежаваць пранікненне ў эканоміку Н. амер. капіталу. У 1912—25 і 1926—33 краіна акупіравана атрадамі марской пяхоты ЗША Іх вываду садзейнічала ўзмацненне нац.-вызв. руху, які з 1927 узначальваў А.С.Сандзіна. Пасля яго забойства (люты 1934) і дзярж. перавароту 1936 у краіне пачала ўсталёўвацца праамер. дыктатура сям’і Самоса.
Пры прэзідэнце А.Самосе Гарсія (1936—47, 1950—56) Н. абвясціла вайну Германіі, Італіі і Японіі (снеж. 1941), устанавіла дыпламат. адносіны з СССР (1944); пасля 2-й сусв. вайны ўдзельнічала ва ўзбр. інтэрвенцыі ў Коста-Рыцы (1948) і Гватэмале (1954). Унутры краіны разгортваліся рэпрэсіі супраць апазіц. сіл (з 1945), якія працягваліся пры прэзідэнтах Л.Самосе Дэбайле (1957—63) і А.Самосе Дэбайле (1967—72, 1974—79; абодва сыны Самосы Гарсія). Пад уплывам Кубінскай рэвалюцыі 1959 у Н. актывізаваліся апазіц. сілы, якія стварылі Сандзінісцкі фронт нацыянальнага вызвалення (СФНВ; 1961), разгарнулі партыз. вайну супраць Нац. гвардыі — гал. апоры дыктатуры Самосы, што ў выніку Нікарагуанскай рэвалюцыі 1979 прывяло да падзення дыктатуры. Быў створаны дэмакр. ўрад Нац. адраджэння. 4.11.1984 адбыліся першыя ў Н. свабодныя ўсеагульныя выбары. Прэзідэнтам і віцэ-прэзідэнтам рэспублікі сталі кандыдаты СФНВ Д.Артэга Сааведра і С.Рамірэс. З 1981 спынена эканам. дапамога з боку ЗША, у Н. з тэр. Гандураса пачаліся ўварванні ўзбр. атрадаў контрас (б. вайскоўцы Нац. гвардыі). Ва ўмовах цяжкага эканам. крызісу, выкліканага грамадз. вайной (спынена ў сак. 1988), на прэзідэнцкіх выбарах у лют. 1990 перамог кандыдат ад Апазіц.нац. саюза (блок з 14 антысандзінісцкіх партый) В.Барыяс дэ Чамора. У 1990 распушчаны атрады контрас, ЗША спынілі гандл. эмбарга, але эканам. цяжкасці ў Н. захаваліся. На прэзідэнцкіх выбарах 1996 перамог кандыдат ад Ліберальнага альянсу А.Алеман Лакаё, які ўзяў курс на дасягненне ў краіне нац. згоды.
Н. — чл.ААН (з 1945, адна з дзяржаў-заснавальніц), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1948), Арг-цыі цэнтр.-амер. дзяржаў (з 1951), Цэнтр.-амер. агульнага рынку (з 1960), Лац.-амер.эканам. сістэмы (з 1975). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1994.
Паліт. партыі: Ліберальны альянс (складаецца з Ліберальна-канстытуцыяналістычнай, Неаліберальнай партый і партыі Ліберальнага адзінства) — кіруючая, Сандзінісцкі фронт нац. вызвалення, Незалежная ліберальная партыя, Нікарагуанская сацыяліст. партыя, С.-д. партыя, Нац. партыя, Кансерватыўная партыя Н. і інш.Прафс. аб’яднанні: Асацыяцыя працоўных сельскай гаспадаркі, Усеагульная канфедэрацыя працы (незалежная), Канфедэрацыя прафс. адзінства, Прафцэнтр нікарагуанскіх працоўных, Нац. фронт працоўных.
Гаспадарка Н. — аграрная краіна з экспартным кірункам сельскай гаспадаркі і слаба развітой прам-сцю. Значна пацярпела ад грамадз. вайны (спынена ў 1988) і разбуральнага ўрагану 1998. Валавы ўнутр. прадукт у 1998—11,6 млрд.дол. (каля 2,5 тыс.дол. на 1 чал.). 32% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, 24% — у прам-сці, 44% — у абслуговых галінах. Сельская гаспадарка — аснова эканомікі краіны. Выкарыстоўваецца каля 7,2 млн.га, у т. л. 1,3 млн.га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі, 5,9 млн.га пад пашай. Каля 100 тыс.га пасяўных зямель арашаецца. Экспартныя культуры (збор тыс.т, 1998): кава — 50, бавоўна — 120, цукр. трыснёг, кунжут, какава, бананы. Асн. раён земляробства на З краіны, кава на вышыні 500—1000 м, бавоўна на раўнінных участках. На свае патрэбы вырошчваюць (збор тыс.т, 1998): кукурузу — 310, рыс — 210, фасолю, маніёк, сорга, агародніну. Трапічнае садоўніцтва (пераважна цытрусавыя). Асн. галіна жывёлагадоўлі — развядзенне мясной буйн. раг. жывёлы і свіней. Пагалоўе (тыс. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 1700, свіней — 420, свойскай птушкі — 7900. Рыбалоўства, промысел крэветак. Лесанарыхтоўкі (чырвонае дрэва, кедр, кебрача, каўчуканосы). Большая ч.прамысл. прадпрыемстваў звязана з перапрацоўкай с.-г. прадукцыі. Горназдабыўная прам-сць дае менш за 1% кошту прамысл. прадукцыі. Вядзецца невял. здабыча золата, серабра, кухоннай солі, медных і цынкавых руд. У 1996 атрымана 1,7 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 49% на ЦЭС, 21% на ГЭС. Працуюць геатэрмальныя электрастанцыі і інш. На долю харч. прам-сці прыпадае 75% прамысл. вытв-сці. Пераважаюць невялікія прадпрыемствы па апрацоўцы кавы, цукровыя, мукамольныя, хлебапякарныя, алейныя, кансервавыя, па выпуску піва, алкагольных і безалкагольных напіткаў, малочныя з-ды, мясакамбінаты і інш.Тэкст. ф-кі ў гарадах Манагуа, Леон, Дыр’ямба, цэм.з-д у г. Сан-Рафаэльдэль-Сур, нафтаперапр.з-д у Манагуа, металаапр. прадпрыемствы ў Тыпітапе. Ёсць прадпрыемствы гарбарна-абутковай, хім., тытунёвай, мэблевай, запалкавай прам-сці. Шырока развіта паўсаматужная і саматужная вытв-сць вырабаў з керамікі, дрэва, скуры, металаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Краіну перасякае з Пн на Пд Панамерыканская шаша. Аўтадарог 16,4 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 1,8 тыс.км, унутр. водных шляхоў 2,2 тыс.км, у т. л. па азёрах Нікарагуа і Манагуа, чыгунак 0,4 тыс.км. У краіне 13 аэрапортаў з цвёрдым пакрыццём лётнага поля. Знешнегандл. сувязі пераважна праз порт Карынта. У 1997 экспарт склаў 704 млн.дол., імпарт — 1,45 млрд.дол. У экспарце пераважаюць кава, бавоўна, морапрадукты, мяса, цукар, бананы, у імпарце — прамысл. вырабы і паліва. Гал.гандл. партнёры: ЗША, краіны Цэнтр. Амерыкі, Германія, Канада.
Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін. Знешні доўг больш за 12 млрд.дол. Грашовая адзінка — кордаба.
Літ.:
Лещинер Р.Е. Никарагуа. М., 1965;
Горнов М.Ф., Смирнова Н.Ю. Никарагуа: возрожденная земля Сандино М., 1986;
Строев А.П. Никарагуанские очерки: По пути соц.-экон. возрождения. М., 1989. Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя).
Герб і сцяг Нікарагуа.Да арт.Нікарагуа. Ландшафт на захадзе краіны, каля г. Леон.Да арт.Нікарагуа. Новы кафедральны сабор у Манагуа.Нікарагуа. Горад Манагуа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у Мінску і яго наваколлі. Узнікла і развівалася па ініцыятыве камуністаў, камсамольцаў, рабочых, ІТР, студэнтаў, прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Станоўчую ролю ў стварэнні падп. груп і арг-цый адыграла дзейнасць Л.Я.Адзінцова, У.С.Амельянюка, І.Дз.Будаева, С.І.Зайца, І.К.Кавалёва, Дз.А.Караткевіча, А.Л.Коцікава, Ф.С.Кузняцова, С.В.Сержановіча, І.Г.Сцяпуры, б. вайскоўцаў Я.К.Горыцы, П.П.Суравягіна. У ліку першых утварыліся групы на чыг. вузле (А.Дз.Балашоў, Ф.К.Жавалёў, І.І.Івашчонак, Кузняцоў, В.С.Купрыянава, К.А.Паўлечка, Сцяпура і інш.), у раёне Камароўкі (С.К. і У.С.Амельянюкі, В.С.Жудро, Заяц, А.В.Каліноўскі, А.П.Макаранка, І.М.Цімчук, М.А.Шугаеў), ў Кастрычніцкім раёне з б. работнікаў рэсп. канторы Белнафтазбыту (К.Дз.Грыгор’еў, А.Л.Зубкоўскі, І.П.Жазінец, В.К.Нікіфараў, Г.М.Сямёнаў і інш.), з выкладчыкаў і студэнтаў юрыд. ін-та (М.Ф.Малаковіч, М.Б.Осіпава, А.А.Сакалова). Падполле фарміравалася ва ўмовах жорсткага акупацыйнага рэжыму. Патрыёты вялі агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі газеты, што паступалі з тылу, выводзілі са строю абсталяванне на вытворчасці, зрывалі мерапрыемствы акупац. улад. Восенню 1941 пры актыўным удзеле ўпаўнаважанага ЦККП(б)Б І.К.Кавалёва створаны Мінскі падп. гарком КП(б)Б і Ваен. савет партыз. руху (ВСПР). У склад гаркома ўваходзілі Кавалёў (сакратар), Грыгор’еў, Жудро, Заяц, Казінец, Коцікаў, Нікіфараў, І.І.Рогаў, Сямёнаў. Стварэнне гаркома завяршыла аб’яднанне падп. груп і арг-цый горада ў адно арганізац. цэлае. У кастр.—снеж. 1941 гарком даў жыццё першым на Міншчыне партыз. атрадам «Дзядзькі Васі», Сяргеева, Пакроўскага. Па яго заданнях збіраліся звесткі пра размяшчэнне ў горадзе і наваколлі ваен. аб’ектаў, штабоў, складоў, бензабаз ворага, наладжваліся сувязі з надзейнымі людзьмі на перыферыі, арганізоўваліся ўладкаванне б. ваеннаслужачых на работу, матэрыяльная дапамога падпольшчыкам. Найб. важныя звесткі перапраўляліся ў партыз. атрады, адтуль — за лінію фронту. У пач. 1942 ВСПР аб’ядноўваў больш за 300 чал., ажыццяўляў кантакты з партыз. атрадамі, што дзейнічалі ў Дзяржынскім, Заслаўскім, Лагойскім, Плешчаніцкім і Рудзенскім р-нах; з яго ўдзелам створана некалькі атрадаў, куды савет накіроўваў камандзіраў і палітработнікаў. У канцы 1941 гарком і ВСПР арганізавалі першую падп. друкарню, дзе выпускаўся перыяд. лісток «Вестник Родины», зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі; у маі 1942 выйшаў 1-ы нумар падп.газ.«Звязда» (рэд. У.Амельянюк, 2—4-га нумароў — Я.М.Савіцкая). У 1941 у Мінску і наваколлі дзейнічала каля 50 падп. груп і арг-цый (больш за 2 тыс.чал.): на Балотнай станцыі, плодаагародніннай базе № 1, цагельным з-дзе № 1, ст. Мінск-Таварная, у гаражы Мінгаруправы, у в. Прылепы, група студэнтаў і выкладчыкаў юрыд. ін-та, у паравозным дэпо, на вагонарамонтным з-дзе, на ЦЭЦ-2, Старажоўскай хлебапякарні, цагельных з-дах № 2 і 3, на Грушаўскім пасёлку, цвіковым з-дзе, у інфекц. бальніцы, «Вера», на гарбарным і станкабуд. з-дах, у медпункце і на чыг. ст. Мінск-Пасажырскі, у Доме друку, Доме ўрада, на Пугачоўскім зав., у аптэцы № 1, на піўзаводзе, на чыг. вузле, у в. Ліпкі, ваен. гарадку Сцяпянка, у раёне вуліц Калгаснай, Маладзечанскай, Саўгаснай і Старавіленскай, на хлебзаводзе «Аўтамат», у друкарні Дома друку, на малочным з-дзе, хімфармзаводзе, на дрожджа-патачным з-дзе, «Красворд», на мэблевай ф-цы па вул. Апанскага, група настаўнікаў, на складзе бухгалтарскіх бланкаў, група Лагойскага падп. райкома КП(б)Б, у раёне вуліц Р.Люксембург і К.Лібкнехта, на радыёзаводзе, у гаражы гаруправы, «Каўказ», медработнікаў, арг-цыя «Андруша». У складзе М.п.п. з ліп. 1941 дзейнічала камсам.-маладзёжнае падполле (кіраўнік С.А.Благаразумаў), створанае гаркомам КП(б)Б і структурнымі органамі ЛКСМБ: на радыёзаводзе, вагонарамонтным, гарбарным, цвіковым з-дах, на Балотнай станцыі, на чыг. вузле, арг-цыя «Андруша» (больш за 60 чал.). У снеж. 1942 пасля арышту і пакарання смерцю Благаразумава Мінскі падп. міжрайком ЛКСМБ стварыў Мінскі падп. гарком ЛКСМБ (дыслацыраваўся ў Заслаўскім р-не), які праз сувязных узначаліў маладзёжны падп. рух у Мінску. У першыя месяцы пасля стварэння гета (19.7.1941) яго вязні стварылі «дзесяткі» і інш. групы, якія адыгралі важную ролю ў наладжванні сувязі з гар. падполлем, арганізацыі матэрыяльнай і фінансавай дапамогі падполлю і партызанам, зборы сакрэтнай інфармацыі, перапраўцы вязняў у партызаны.
Гарком і ВСПР сваю дзейнасць накіроўвалі ў адпаведнасці з падзеямі на фронце: у снеж. 1941, у час бітвы пад Масквой, група падпольшчыкаў учыніла дыверсію, у выніку якой на 10 дзён спыніўся рух ням. эшалонаў на фронт; на ЦЭЦ-2 зрывалі падачу электраэнергіі на ваен. аб’екты ворага (выводзілі са строю абсталяванне, зацягвалі яго рамонт, сапсавалі прылады гал. пульта). Недастатковая канспірацыя ў арганізацыі некаторых аперацый прывяла ў сак. 1942 да арышту і гібелі кіраўнікоў (П.І.Антохін, Рогаў) і многіх членаў ВСПР і да спынення дзейнасці гэтай арг-цыі. У сак.—крас. ахвярамі ням. рэпрэсій сталі члены арг-цый і груп падполля, вязні гета. Пасля катаванняў 7.5.1942 публічна пакараны смерцю 28 кіраўнікоў і актывістаў, у т. л.чл. гаркома Казінец, Заяц, Сямёнаў, расстраляны 251 падпольшчык. Але актыўная барацьба з акупантамі працягвалася. У пач. мая на канспіратыўнай кватэры М.П.Дразда адбылася нарада актыву падполля з 14 чал., на якой вырашаліся пытанні ўдасканалення арганізац. структуры і канспірацыі падполля. У склад гаркома давыбраны У.Амельянюк (пасля яго гібелі К.І.Хмялеўскі) і Караткевіч, выйшаў са складу Грыгор’еў Былі створаны 5 падп.гар. райкомаў КП(б)Б: Варашылаўскі (сакратар Шугаеў), Кастрычніцкі (Хмялеўскі, з вер. М.К.Каржанеўскі), Сталінскі (Н.Я.Герасіменка), Тэльманаўскі (раён гета, М.Л.Гебелеў), Чыгуначны (Коцікаў, з вер. І.І.Матусевіч). Пад кіраўніцтвам і пры ўдзеле гаркома адноўлена і пашырана сетка падп. арг-цый. З удзелам падпольшчыкаў да 1943 створана каля 20 партыз. атрадаў, брыгады «Дзядзькі Колі», «Стары», «Штурмавая». У выніку прапагандысцкай работы падпольшчыкаў 357 чал. з укр. ахоўных батальёнаў, больш за 150 салдат-антыфашыстаў (бельгійцы, немцы, палякі, сербы, славакі і інш.) перайшлі да партызан. Падпольшчыкі сістэматычна адпраўлялі партызанам зброю, выбуховыя прылады, радыёпрыёмнікі, пішучыя машынкі, паперу, соль, вопратку, бінты і інш., у т. л. члены падп. арг-цыі на Грушаўскім пас. і хлебазаводзе «Аўтамат» адвезлі брыгадзе Нікіціна машыну з хлебам; з хімзавода ў 11 атрадаў перадалі медыкаменты і перавязачныя матэрыялы; з гарбарнага з-да тром атрадам — больш за 100 кажухоў, футравых безрукавак, некалькі соцень аўчынных шапак, рукавіц, 13 шавецкіх машын; са станкабуд. з-да вывозілі сакрэтную тэхн. дакументацыю; па заданні гаркома ў бюро пропускаў гар. камісарыята каля 2 гадоў працаваў З.З.Гала, які забяспечваў нелегалаў бланкамі пропускаў, узорамі ням. пячатак, подпісаў, папярэджваў пра аблавы і інш. карныя мерапрыемствы акупантаў; прафесар Я.У.Клумаў разам з інш. медыкамі лячыў параненых патрыётаў, забяспечваў падполле і партызан медыкаментамі, хірург. інструментам, поўнасцю абсталяваў 2 партыз. шпіталі. Ва ўзаемадзеянні з партызанамі падпольшчыкі правялі шэраг дыверсій у авіямайстэрнях, на станкабуд. і хіміка-фармацэўтычным з-дах, чыг. вузле, прыводзілі ў непрыгоднасць на складах акупантаў харч. прадукты, парушалі тэлефонную сувязь і інш. Пад уплывам гаркома дзейнічалі Дзяржынскае патрыятычнае падполле, Тарасава-Ратамскае патрыятычнае падполле. У канцы 1942 — пач. 1943 пасля жорсткіх допытаў загінулі сакратар гаркома Кавалёў, чл. гаркома Караткевіч, Хмялеўскі, Нікіфараў, сакратары гаррайкомаў Герасіменка, Каржанеўскі, Матусевіч, Шугаеў, шмат актывістаў падполля. З вер. 1942 (час арышту кіраўнікоў падполля) да вер. 1943 у Мінску не існавала адзінага падп. кіруючага цэнтра. Партызаны выходзілі на падполле праз сувязных. У крас. 1943 акупанты правялі карную аперацыю «Чароўная флейта», у адказ на якую падпольшчыкі ўчынілі шэраг дыверсій на прадпрыемствах горада. У час Курскай бітвы 1943 чыгуначнікі затрымалі і пашкодзілі 155 паравозаў. Пасля вял. страт у антыфаш. руху Мінска ў 1943 ЦККП(б)Б, падп. Мінскі абком, Мінскі і Слуцкі міжрайкомы, Барысаўскі міжрайпартцэнтр, Дзяржынскі, Заслаўскі, Лагойскі, Мінскі, Рудзенскі, Смалявіцкі, Чэрвеньскі райкомы, камандаванне партыз. фарміраванняў, што былі звязаны з М.п.п., прынялі дадатковыя меры для працягу антыфаш. барацьбы. 29.9.1943 ЦККП(б)Б зацвердзіў прапанову Мінскага падп. абкома пра стварэнне Мінскага падп. гаркома КП(б)Б (сакратары С.К.Ляшчэня, Г.М.Машкоў, І.П.Паромчык, базіраваўся ў партыз. зоне пры спецатрадзе НКДБСССР «Мясцовыя»), які накіроўваў дзейнасць падполля ў горадзе праз спец.партыз. сувязных. 22.9.1943 падпольшчыцы А.Р.Мазанік, Осіпава, Н.В.Траян здзейснілі падрыхтаванае падполлем знішчэнне ген. камісара Беларусі В.Кубэ. Восенню 1943 акупанты правялі ў горадзе новыя карныя мерапрыемствы, у т. л. амаль поўнасцю знішчылі гета. Да канца 1943 сетка падп. утварэнняў ахапіла амаль увесь горад. Узніклі падп. групы на хлебазаводзе «Аўтамат», у Кастрычніцкім р-не, чыг. упраўленні па вул. Апанскага, на вул. Грушаўскай, з работнікаў грабянёвай ф-кі, гаруправы, хлебазавода № 1, Бел. тэатра, на чыг. вузле, «Першыя», «Суседзі», «Чацвёртыя», «Родныя», «Юрый», «Мсцівец», «Актыўныя», «Артур», арг-цыі «Танюша» на радыёзаводзе, вул. Грунтавая, «Зубілкін», «Галя», «Тамара», «Таццяна», «Роберт», «Адам», «Крылоў», «Вырві вока», «Віктар», «Уладзімір». Толькі ў 1944 у горадзе было зарэгістравана больш за 60 дыверсій, учыненых падпольшчыкамі. За час акупацыі ў горадзе дзейнічала больш за 90 падп. груп і арг-цый (6355 чал.), існавала больш за 200 канспіратыўных кватэр; падпольшчыкі правялі больш за 1500 баявых аперацый. У перыяд адступлення захопнікаў падпольшчыкі перашкаджалі ім у знішчэнні прамысл. і адм. будынкаў, вывазе і знішчэнні нарабаванай маёмасці і харч. прадуктаў. За гераізм і мужнасць у барацьбе супраць ням.-фаш. акупацыі У.С.Амельянюку, І.П.Казінцу, Я.У.Клумаву, І.К.Кабушкіну, М.А.Кедышку, А.Р.Мазанік, М.Б.Осіпавай, Н.В.Траян прысвоена званне Героя Сав. Саюза, каля 600 чал. узнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР. 26.6.1974 Мінску нададзена ганаровае званне «Горад-герой». Імёнамі падпольшчыкаў Адзінцова, Амельянюка, Гала, Герасіменкі, Дразда, Жудро, І.К.Кабушкіна, Кавалёва, Казінца, Караткевіча, Каржанеўскага, М.А.Кедышкі, Клумава, А.М.Ляўкова, Матусевіча, Сямёнава, Хмялеўскага, В.Д.Шацько названы вуліцы Мінска. Месцы, звязаныя з дзейнасцю падполля і гібеллю падпольшчыкаў, адзначаны мемар. знакамі.
Літ.:
О партийном подполье в Минске в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944 гг.). Мн., 1961;
Савицкая Я.М. Бойцы подпольного фронта. Мн., 1982;
В непокоренном Минске: Док. и материалы о подпол. борьбе сов. патриотов в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944). Мн., 1987;
Лещеня С.К. С паролем горкома. 2 изд. Мн., 1988;
Доморад К.И. Партийное подполье и партизанское движение в Минской области, 1941—1944. Мн., 1992;
Мінскае антыфашысцкае падполле. Мн., 1995.
Я.І.Бараноўскі, І.М.Ігнаценка.
Да арт.Мінскае патрыятычнае падполле. Помнік падпольшчыкам у Цэнтральным скверы.Да арт.Мінскае патрыятычнае падполле. Мемарыяльная дошка на вул. Караля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ РАСІ́І З РЭ́ЧЧУ ПАСПАЛІ́ТАЙ 1654—67,
вайна, распачатая расійскім царом Аляксеем Міхайлавічам за землі Смаленшчыны, Беларусі, Украіны і Літвы. Для пачатку вайны царскі ўрад выкарыстаў спрыяльныя для яго абставіны: Рэч Паспалітая была аслаблена ў выніку нац.-вызв. і антыфеад. вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі і наступнымі канфліктамі з аўтаномнай гетманскай (усх.) Украінай. 1.10.1653 Земскі сабор даў згоду прыняць Украіну пад уладу Расіі, што азначала вайну з Рэччу Паспалітай. У планах Б.Хмяльніцкага і казацкай старшыны былі намеры далучыць да Украіны Бел. Палессе і Падняпроўе.
У маі 1654 рас. войскі пачалі ваен. дзеянні. Ад Масквы на Смаленск і далей на Беларусь рушыла асн. войска на чале з царом. З Пн на Беларусь наступала войска В.П.Шарамецева. Ад Бранска на Мсціслаўскае ваяв. наступала армія кн. А.М.Трубяцкога. Агульныя сілы рас. войск складалі 80—83 тыс.чал. З Пд на Беларусь уздоўж Дняпра наступала казацкае войска (20 тыс.чал.) наказнога гетмана І.Залатарэнкі. Ім супрацьстаяла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.Радзівілам (да 20 тыс.чал.), а таксама гарнізоны замкаў. 30.6.1654 пасля аблогі капітуляваў Полацк. 23.9.1654 пасля 2-месячнай аблогі здаўся Смаленск. У выніку баёў рас. войскі занялі Дзісну, Друю, Глыбокае, Невель; пасля аблогі і некалькіх штурмаў 17.11.1654 узяты Віцебск. Упарта абараняўся Мсціслаў, але 22.7.1654 ён захоплены войскамі Трубяцкога. У час штурму горада амаль усе яго жыхары (каля 15 тыс. паводле рас. дакументаў) былі перабіты (т.зв. «Трубяцкая разня»). Падобны лёс напаткаў і Гомель. 12.10.1654 рас. войскі ўзялі і спалілі Дуброўну, а яе жыхароў адправілі ў Расію. Крычаў здаўся атраду бел. шляхціца К.Паклонскага, які перайшоў на бок цара. Магілёў капітуляваў без асаблівага супраціўлення. Казакі Залатарэнкі захапілі Чачэрск, Рэчыцу і Жлобін. Моцную Быхаўскую крэпасць казакі не здолелі захапіць нават пасля 11-месячнай аблогі. Войска Радзівіла з-за сваёй малалікасці вяло манеўраную вайну, нападаючы на асобныя атрады рас. арміі. Гетман польны ВКЛ В.Гасеўскі 3.8.1654 разбіў маскоўскае войска пад Оршай. 12.8.1654 каля Шклова Радзівіл нанёс паражэнне ўдвая большаму войску ваяводы кн. Я.К.Чаркаскага, але 24.8.1654 каля мяст. Шапялевічы (цяпер Круглянскі р-н) пацярпеў паражэнне; страціўшы каля 1 тыс. чалавек, паранены Радзівіл адступіў ад Смілавіч і Мінска. Гэтым у ліст. 1654 і была скончана 1-я кампанія вайны. Цар дасягнуў сваёй мэты: была занята Смаленшчына і землі на У ад Дняпра. Але на гэтай тэр. працягвалася барацьба: сял. атрады самаабароны (паводле рас. тэрміналогіі «шиши») перашкаджалі рас. дваранам і «дзецям баярскім» захопліваць і вывозіць у свае маёнткі ў Расію сял. сем’і, рабаваць і паліць вёскі. Радзівіл перадаваў гэтым атрадам зброю, часам каардынаваў іх дзеянні. Спробы Радзівіла заняць Магілёў і Віцебск у лют. і вясной 1655 не далі вынікаў. У час зімовага контрнаступлення войскам ВКЛ удалося вярнуць Копысь, Дуброўну і Оршу. Зімою 1655 у Езярышчах і Суражы мясц. жыхары паўсталі, частку рас. гарнізонаў перабілі ці ўзялі ў палон. Каб перашкодзіць войску ВКЛ наступаць на Магілёў, у міжрэчча Дняпра і Бярэзіны былі перакінуты казацкія атрады Залатарэнкі, якія ў сак. 1655 захапілі Бабруйск, Каралеўскую Слабаду, Глуск, а пазней і мяст. Свіслач.
У маі 1655 пачалася 2-я кампанія гэтай вайны. Гал. задачай рас. войскі ставілі захоп усёй Беларусі і сталіцы ВКЛ Вільні. Група войск стольніка З.Ф.Лявонцьева з баямі зноў заняла Дуброўну, Оршу і Копысь. 27.6.1655 войскі кн. А.І.Лабанава-Растоўскага занялі Лукомль. 3.7.1655 царскія войскі і казакі захапілі Мінск. У жн. 1655 армія Трубяцкога спрабавала ўзяць моцную крэпасць Слуцк, але горад выстаяў. Далейшы рэйд яго арміі быў удалым: з баямі ўзяты Клецк, Ляхавічы, Мыш, Мір, Сталавічы, Новагародак. Наступленне рас. войск і казакаў ішло ўздоўж Нёмана. Былі ўзяты Нясвіж, Карэлічы, Стоўбцы, Любча, Ліда, Слонім. Вяртаючыся назад, Трубяцкой і Залатарэнка ў вер. 1655 зноў спрабавалі авалодаць Слуцкам, але вымушаны былі адступіць. 8.8.1655 войскі гал.рас. групоўкі на чале з Чаркаскім і Залатарэнкам штурмам узялі Вільню. У жніўні рас. войскі ўзялі Коўна і Гародню (Гродна). На Пд Беларусі восенню рас. войскі і казакі занялі Тураў. У выніку кампаніі 1655 рас. войскі занялі б.ч. Беларусі і частку Літвы. Сітуацыя ўскладнілася тым, што ўлетку 1655 на Польшчу напала Швецыя і заняла амаль усю яе тэрыторыю. Радзівіл і значная частка літоўскай і жамойцкай шляхты 20 кастр. заключылі Кейданскі дагавор 1655, які разарваў дзярж. сувязь ВКЛ з Польшчай і аформіў унію са Швецыяй. Аднак пэўная частка бел. шляхты прынесла прысягу цару Аляксею Міхайлавічу, другая частка на чале з віцебскім ваяводам П.Сапегам захавала вернасць Рэчы Паспалітай. У сак. 1656 унія ВКЛ са Швецыяй была скасавана, а шведскія войскі выведзены з Жамойціі. У выніку моцнага нац.-вызв. руху ў Польшчы шведы былі выгнаны з краіны. Рыхтуючыся да вайны са Швецыяй за Прыбалтыку, Расія 31 снеж. заключыла з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е 1656 і ваен. дзеянні былі спынены. Расія прадугледжвала ваен. саюз з Рэччу Паспалітай супраць Швецыі і Брандэнбурга. Цар прапанаваў сваю кандыдатуру ў польск. каралі, што павінна было быць абмеркавана на бліжэйшым сейме. Пасля гэтага Расія пачала вайну са Швецыяй. Аднак сейм 1658 адмовіў цару ў выбранні яго каралём і патрабаваў вярнуць усе занятыя землі. Ваенныя дзеянні аднавіліся.
Землі Смаленшчыны, Беларусі і Літвы былі ўключаны ў склад Рас. дзяржавы, а цар прыняў тытулы «вялікага князя Белай Русі, смаленскага, літоўскага, гасудара і вялікага князя полацкага, віцебскага, мсціслаўскага». Тут была пастаўлена рас. ваенная адміністрацыя на чале з ваяводамі. За шляхтай, якая прынесла прысягу цару, захоўваліся прывілеі (без права выбараў, склікання сейму і павятовых сеймікаў). Усіх, хто змагаўся супраць рас. войск, высылалі ў глыб Расіі, за Волгу і ў Сібір; іх маёнткі канфіскоўвалі. У цэлым шляхта была незадаволена і гвалтоўным далучэннем Беларусі да Расіі, і стратай значнай часткі сваіх прывілеяў і вольнасцей. Дзейнасць каталіцкай і уніяцкай цэркваў была забаронена, іх землі канфіскаваны. У 1656 для заспакаення насельніцтва на тэр. на З ад Бярэзіны была дазволена дзейнасць каталіцкай царквы (уніяцкая аставалася забароненай). Значная частка гараджан, асабліва з гарадоў, што аказвалі супраціўленне, высялялася ў Расію. Мясц.правасл. святароў імкнуліся замяніць маскоўскімі. Найбольш пацярпелі бел. сяляне, якіх абцяжарвалі новымі падаткамі, рабавалі і забівалі. Памешчыкі, якія складалі рас. конніцу, гвалтам забіралі сялян у свае маёнткі ў такіх маштабах, што цар вымушаны быў забараніць вываз сялян, каб захаваць падатковае насельніцтва на месцы. Аднак палітыка царызму была непаслядоўная: некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, у асн. рамеснікі, былі пераселены з усх. гарадоў Беларусі ў Маскву (Мяшчанская слабада) і Замаскварэцкі край.
У 1656—58 ва ўсх. Беларусі разгарэўся канфлікт паміж казацкімі войскамі І.Нячая і рас. ваяводамі. Казацкая старшына намагалася далучыць Бел. Падняпроўе да гетманскай Украіны. Казакі займалі мястэчкі і вёскі каля Магілёва, Копысі, Мсціслава, рас. войскі аказвалі ім супраціўленне. Б.Хмяльніцкі дамовіўся з царскім урадам аб устрыманні ад ваен. дзеянняў, аднак пасля яго смерці (жн. 1657) канфлікт узмацніўся. Выконваючы ўмовы Гадзяцкага дагавора 1658 Нячай распачаў ваен. дзеянні ва ўсх. Беларусі супраць рас. войск. Войскі Рэчы Паспалітай блакіравалі Вільню. Становішча рас. войск увосень і ўзімку 1658—59 значна пагоршылася. Стары Быхаў, Мсціслаў, Крычаў, Чавусы скінулі рас. ўладу. Разам з казацкімі атрадамі Нячая супраць рас. войск дзейнічалі казацка-сял. атрады Д.Мурашкі, Сапрыкі, Драня. Супраць казацкіх войск быў кінуты ў 1659 вял. карны атрад Лабанава-Растоўскага, якому ўдалося задушыць вызв. рух і зноў узяць Мсціслаў, Рослаў, Крычаў, Стары Быхаў. Паступова войска ВКЛ пачало выцясняць рас. армію. Каб змяніць сітуацыю, цар накіраваў на Беларусь войска на чале з ваяводам кн. І.А.Хаванскім. У выніку наступлення яго арміі ў снеж. 1659 — лют. 1660 устаноўлены кантроль над Новагародскім ваяв. (за выключэннем Случчыны), зноў занята Гародня, адбітая П.Сапегам у сакавіку. Армія Хаванскага нанесла паражэнне палку М.Абуховіча каля Мальчы і ў студз. 1660 заняла Бярэсце, у сак. аблажыла моцны замак Ляхавічы. У гэты час на тэр. Беларусі дзейнічалі партыз. атрады Мурашкі і С.Аскіркі, якія складаліся са шляхты і рэшткаў бел. казакаў (з сялянства). Ім удалося заняць Давыд-Гарадок, але, пацярпеўшы паражэнне ў лют. 1660 каля Глуска, яны адышлі да Слуцка, а потым зайшлі ў тыл войску Хаванскага і сталі каля Нясвіжа.
3.5.1660 Рэч Паспалітая заключыла мір са Швецыяй і змагла ўсе свае войскі кінуць супраць рас. арміі. На Беларусь з Падляшша прыйшла дывізія П.Сапегі (6 тыс.чал.) і вызваліла Жыровічы, з Падолля — дывізія С.Чарнецкага (4 тыс.чал.), якая заняла Слонім. Абедзве дывізіі злучыліся і 28.6.1660 сустрэліся з арміяй Хаванскага каля Палонкі (20 км ад Баранавічаў), дзе адбылася вырашальная бітва. Войска Хаванскага было разбіта, і ён пачаў адыходзіць на Пн. Наўздагон была кінута конніца С.Кміціча, якая нанесла паражэнні рэшткам рас. войска пад Мірам, Жукавым Барком і Койданавам. У ліп. 1660 Сапега і Чарнецкі ўвайшлі ў Мінск. Тэр. Беларусі да Бярэзіны была вызвалена, а Хаванскі, прайграўшы бітву пад Чарэяй, адступіў у Полацк. Цар паслаў на Беларусь новую армію ваяводы Ю.Далгарукава (да 30 тыс.чал.) і казацкае войска з Украіны (зноў саюзнай з Расіяй) на чале з палк. В.Залатарэнкам (25 тыс.чал.). Аднак у Бел. Падняпроўі ўжо дзейнічалі харугвы Сапегі, Чарнецкага, Кміціча і А.Палубінскага. 8.10.1660 каля Чавусаў адбыўся бой войска Рэчы Паспалітай з групоўкай Далгарукава, што перашкодзіла аб’яднанню яго войска з арміяй Хаванскага. Шляхта, мяшчане і сяляне, якія раней прысягалі цару, пачалі масава выступаць супраць рас. войск. Пераможныя паўстанні супраць рас. гарнізонаў адбыліся ў Дзісне, Себежы, у лют. 1661 — у Магілёве. 4.11.1661 войска Хаванскага (20 тыс.чал.) пацярпела паражэнне пры Кушліках (каля Полацка) ад войска К.Жаромскага (12 тыс.чал.). 2.12.1661 капітуляваў рас. гарнізон у віленскім замку. Аднак вайна не была скончана. Амаль усё войска ВКЛ і частка польск. войска, не атрымаўшы жалавання, утварылі ў 1661 канфедэрацыю і спынілі актыўныяваен. дзеянні, якія аднавіліся толькі праз 2 гады, калі жалаванне было выплачана. 9.7.1662 здаўся рас. гарнізон у Барысаве, у снеж. 1662 — ва Усвятах. 1.6.1664 пачаліся мірныя перагаворы; пасля перапынку яны аднавіліся ў крас. 1666. Вайна завяршылася падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667, паводле якога Расія замацавала за сабой Смаленшчыну і Левабярэжную Украіну з Кіевам. Вынікі вайны для Беларусі былі трагічныя. Страты насельніцтва склалі больш за 50% (паменшылася з 2,9 млн.чал. да 1,4 млн.чал.). Найб. скарацілася колькасць насельніцтва ва ўсх. і цэнтр. Беларусі: у Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім і Мінскім ваяв. на 60—70%, у Новагародскім, Берасцейскім і Віленскім ваяв. на 35—45%. Эканоміка Беларусі апынулася ў стане глыбокага заняпаду.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;
Абецедарский Л.С. Белоруссия и Россия: Очерки рус.-бел. связей второй половины XVI—XVII в. Мн., 1978;
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995;
Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie I Białorusi w 2 połowie XVII wieku. Poznań, 1965.
А.П.Грыцкевіч
Да арт. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Апошняя старонка Кейданскага дагавора 1655 аб уніі ВКЛ са Швецыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ СУСВЕ́ТНАЯ ВАЙНА́ 1914—18,
вайна паміж дзвюма кааліцыямі дзяржаў: Цэнтральнымі дзяржавамі (Германія, Аўстра-Венгрыя, Турцыя, Балгарыя) і Антантай (Расія, Францыя, Вялікабрытанія, Сербія, пазней Японія, Італія, Румынія, ЗША і інш.). Усяго ўдзельнічала 38 дзяржаў (разам з дамініёнамі і калоніямі) з насельніцтвам больш за 1,5 млрд.чал. Выклікана абвастрэннем супярэчнасцей сярод гал.капіталіст. краін за ўмацаванне свайго панавання ў свеце, за перадзел ужо падзеленага свету і падпарадкаванне інш. народаў. Тая акалічнасць, што некат. краіны (напр., Сербія, Чарнагорыя) вялі нац.-вызв. барацьбу, не мяняе агульнага імперыял. характару вайны.
Германія імкнулася дамагчыся панавання ў Еўропе, разграміць свайго гал.эканам. канкурэнта — Англію, пазбавіць яе калоній і ваенна-марскога флоту; разбіць Францыю, Бельгію, Галандыю і захапіць іх калоніі; аслабіць Расію, забраць у яе Польшчу, Беларусь, Украіну, Прыбалтыку, замацавацца на Балканах і Б. Усходзе. Аўстра-Венгрыя хацела захапіць Сербію і Чарнагорыю, Турцыя — рас. Закаўказзе, Балгарыя — усх.ч. Сербіі. Англія імкнулася захаваць сваё калан. панаванне, для чаго намервалася разграміць Германію, захапіць яе калоніі і адваяваць арабскія тэрыторыі ў Турцыі. Францыя разлічвала вярнуць сабе захопленыя Германіяй у 1871 правінцыі Эльзас і Латарынгію і завалодаць сумежным Саарскім вугальным басейнам, абараніць свае калоніі (найперш Марока) ад дамаганняў Германіі. Расія імкнулася адлучыць ад Аўстра-Венгрыі Галіцыю, завалодаць Канстанцінопалем (Стамбулам) і Чарнаморскімі пралівамі. Свае агрэсіўныя мэты мелі Японія, Італія і інш.Гал.імперыял. дзяржавы спадзяваліся таксама, што вайна дапаможа адцягнуць прац. масы метраполій ад рэв. руху, а калан. народы — ад нац.-вызв. барацьбы. Рыхтуючыся да перадзелу свету, Германія (гал. ініцыятар вайны) заключыла ў 1879 ваен. саюз з Аўстра-Венгрыяй, да якога ў 1882 далучылася Італія, і т.ч. быў створаны Траісты саюз. Гэтаму блоку супрацьстаяла Антанта, сфарміраваная ў 1907. Кіраўніцтва 2-га Інтэрнацыянала падтрымала свае ўрады і т.ч. адмовілася ад сваіх ранейшых антываен. рэзалюцый Штутгарцкага (1907) і Базельскага (1912) кангрэсаў аб інтэрнац. салідарнасці працоўных. Супраць імперыяліст. вайны выступілі рас. бальшавікі і шэраг левых груповак у інш.с.-д. партыях.
Зачэпкай для вайны паслужыла забойства членамі сербскай падп. арг-цыі 28.6.1914 у Сараеве (тады ў Аўстра-Венгрыі) наследніка аўстр. трона эрцгерцага Франца Фердынанда (гл.Сараеўскае забойства). 28.7.1914 Аўстра-Венгрыя аб’явіла вайну Сербіі. Расія заявіла пра падтрымку Сербіі і пачала частковую, а 30 ліп. агульную мабілізацыю. 1.8.1914 Германія аб’явіла вайну Расіі, а 3 жн. — Францыі. Англія 4 жн. заявіла аб стане вайны з Германіяй. Вайну Германіі аб’явілі таксама англ. дамініёны (Аўстралія, Канада, Новая Зеландыя і Паўд.-Афрыканскі Саюз). 23 жн. супраць Германіі выступіла Японія. 29 кастр. на баку аўстра-герм. блока ў вайну ўступіла Турцыя. Напярэдадні вайны аўстра-герм. блок разгарнуў 193 дывізіі (3,5 млн.чал.), дзяржавы Антанты — 287 дывізій (6 млн.чал.). Германія сканцэнтравала на Зах. фронце 7 армій у складзе 96 дывізій. Ва Усх. Прусіі знаходзілася 8-я армія (14 дывізій), 2 дывізіі былі на Брэслаўскім (Вроцлаўскім) напрамку. Аўстра-Венгрыя разгарнула ў Галіцыі 4 арміі (45,5 дывізіі), супраць Сербіі — 2 арміі (14 дывізій). Турэцкія ўзбр. сілы (0,5 млн. чал) у складзе 14 карпусоў разгарнуліся ў 6 арміях: каля Стамбула, у Тур. Арменіі, Месапатаміі, Сірыі і Палесціне. Францыя сканцэнтравала на фронце 85 дывізій. Экспедыцыйная армія Англіі налічвала 5,5 дывізіі (87 тыс.чал.) і разгарнулася ў раёне Брусель—Льеж—Намюр. Узбр. сілы Расіі стварылі 2 фронты — Паўночна-Заходні фронт 1914—15 (у пач. вайны 2 арміі, 381 тыс.чал.) на мяжы з Усх. Прусіяй і Паўд.-Зах. фронт (4 арміі, 697 тыс.чал.) на подступах да Галіцыі. Сербія выставіла 13 дывізій (247 тыс.чал.), Чарнагорыя — 6 дывізій (60 тыс.чал.).
Герм. войскі пачалі наступленне на Зах.-еўрап. фронце 2.8.1914. Хутка яны прайшлі Бельгію і Люксембург, захапілі паўн. дэпартаменты Францыі і прасунуліся да Парыжа. 5—12 вер. паміж Вердэнам і Парыжам разгарнулася вял. бітва на р. Марна з удзелам 6 англа-франц. і 5 герм. армій (гл.Марнскія бітвы). У выніку ўпартага супраціўлення саюзнікаў немцы страцілі ініцыятыву, і ў ліст. знясіленыя бакі перайшлі да абароны, якая паклала пачатак пазіцыйнай вайне. Поспеху англа-французаў у значнай меры паспрыяла наступленне рас. войск на Усх.-герм. фронце, што вымусіла немцаў ужо 26 жн. пачаць перавод ч. войск на У.
Першы перыяд кампаніі 1914 на ўсх.-еўрап. тэатры ваен. дзеянняў адзначаны 2 буйнымі наступленнямі: Усходне-Прускай аперацыяй 1914 і Галіцыйскай бітвай 1914. У ходзе наступлення на Усх. Прусію 2 рас. арміі пасля першых поспехаў пацярпелі цяжкае паражэнне і адступілі. Важнае месца займалі баі на Паўд.-Зах. фронце. 18 жн. ў ходзе Галіцыйскай бітвы пачалося наступленне 8-й арміі ген. А.А.Брусілава. На працягу месяца рас. войскі разбілі аўстра-венграў, занялі Львоў, адкінуўшы праціўніка да Карпат, і блакіравалі крэпасць Перамышль (здалася 22.3.1915). Аднак саюзнікі прапанавалі Расіі наступаць супраць Германіі. Рас. камандаванне перагрупавала гал. сілы з р. Сан на сярэднюю Віслу да Варшавы. У ходзе Варшаўска-Івангародскай аперацыі 1914рас. войскі атрымалі перамогу. У Закаўказзі рас. армія адбіла наступленне туркаў на Ардахан і Сарыкамыш (гл.Сарыкамышская аперацыя 1914—15) і перанесла ваен. дзеянні на тэр. праціўніка. На аўстра-сербскім фронце ў жн.—вер. 1914 сербы адкінулі ворага за межы краіны. Гал. вынікам барацьбы на моры было ўсталяванне Англіяй блакады герм. ўзбярэжжа, што адрэзала Германію ад яе калоній і паўплывала на ўвесь ход вайны. У цэлым кампанія 1914 завяршылася перамогай Антанты, планы герм.Ген. штаба на «маланкавую вайну» праваліліся. У кампанію 1915, не маючы сіл для наступальных аперацый на абодвух тэатрах ваен. дзеянняў, герм. камандаванне вырашыла засяродзіць гал. ўвагу на ўсх.-еўрап. тэатры, каб вывесці Расію з вайны. На зах.-еўрап. тэатры планавалася заняць абарону. У выніку масіраванага наступлення герм. і аўстра-венгерскія войскі у чэрв. 1915 захапілі б.ч. Польшчы, у т. л. 4 жн. — Варшаву; фронт наблізіўся да Беларусі.
У жн. 1915 пачалося герм. наступленне ў напрамку Коўна—Вільня—Мінск. 9.9.1925 у стыку Паўночнага фронту 1915—18 і Заходняга фронту 1915—18 немцы здзейснілі Свянцянскі прарыў 1915, захапілі г. Вілейку. У вер.рас. войскі пакінулі Вільню, Гродна, Ліду, Брэст, Пінск і інш. гарады зах. Беларусі. Стаўка Вярх. Галоўнакамандавання была пераведзена з г. Баранавічы ў Магілёў. 19 вер. перадавыя ням. раз’езды перарэзалі чыгунку Мінск—Масква ў раёне Смалявіч. Вял. намаганнямі рас. войскам удалося ліквідаваць прарыў і адкінуць праціўніка ў раён азёр Свір і Нарач. У кастр. 1915 фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск—Паставы—Баранавічы—Пінск. Каля палавіны тэр. Беларусі апынулася пад ням. акупацыяй.
На зах.-еўрап. тэатры англа-франц. войскі правялі шэраг абмежаваных аперацый на вузкіх участках фронту. 22.4.1915 у ходзе баёў каля г. Іпр (Бельгія) немцы ўпершыню ўжылі зброю масавага паражэння — газ хлор. У канцы вер. 1915 франц.-англ. войскі правялі наступальную аперацыю ў Шампані. Аднак прарваць фронт ім не ўдалося. 23.5.1915 Італія выйшла з Траістага саюза і аб’явіла вайну Аўстра-Венгрыі (узнік новы італьян. фронт). У лют. 1915 англа-франц. войскі высадзілі дэсант на беразе праліва Дарданелы з мэтаю захопу Стамбула, але іх штурмы былі адбіты туркамі (у студз. 1916 дэсант эвакуіраваны). Паражэнне гэтага дэсанта і адыход рас. войск з Галіцыі паўплывалі на рашэнне Балгарыі ўступіць 14.10.1915 у вайну на баку аўстра-герм.-тур. блоку. Гэта пагоршыла становішча сербскай арміі, якая пад ударамі Аўстра-Венгрыі і Балгарыі адступала да Адрыятыкі; яе рэшткі эвакуіраваны саюзнікамі на востраў Корфу. У выніку паражэння Сербіі ўсталяваліся бесперашкодныя зносіны паміж Германіяй і Турцыяй.
На азіяцка-каўказскім тэатры ваен. дзеянняў рас. войскі паспяхова прасоўваліся ў напрамку воз. Ван і Алашкерт, баі вяліся на тэр. Ірана. Аднак туркі разграмілі англічан у Месапатаміі і акружылі іх корпус у Кут-эль-Амары, у Егіпце — падышлі да Суэцкага канала. На моры герм. падводны флот разгарнуў «бязлітасную вайну» супраць усіх караблёў, у т. л. і нейтральных краін (гл.Падводная вайна). За 1915 Германія і яе саюзнікі дасягнулі значных поспехаў на ўсх.-еўрап., балканскім і азіяцкім тэатрах, захапілі вял. тэрыторыі. Аднак на зах.-еўрап. тэатры Англія і Францыя паспяхова трымалі фронт. На 1916 краіны Антанты запланавалі правесці 2 скаардынаваныя аперацыі: 15 чэрв. на ўсх.-еўрап. і 2 ліп. на зах.-еўрап. тэатрах. У кампаніі 1916 на зах.-еўрап. тэатры вылучыліся 2 аперацыі — каля крэпасці Вердэн (гл.Вердэнская аперацыя 1916) і на р. Сома. 1 ліп. англа-франц. войскі пачалі наступленне на Соме, найб. моцныя баі адбыліся восенню 1916. Тут англічане ўпершыню выкарысталі новую ваен. тэхніку — танкі. Немцы аслабілі, а потым і спынілі націск на Вердэн; у кастр.—снеж. французы выбілі іх з найб. важных пазіцый у раёне крэпасці. Бакі страцілі сотні тыс.чал., але лінія фронту на ўчастку 35 км прасунулася ўглыбіню толькі на 10 км. Каб аслабіць герм. атакі на Вердэн, рас. армія датэрмінова правяла у сак.Нарачанскую аперацыю 1916, якая скончылася безвынікова. Больш значны поспех мела Паўднёва-Заходняга фронту наступленне 1916 (пачалося 4.6.1916) пад камандаваннем ген. Брусілава. 8-я армія ўзяла Луцк, 9-я армія выйшла на лінію р. Стаход, а потым заняла Букавіну і ч.Усх. Галіцыі. 29.7.1916 войскі Зах. фронту правялі Баранавіцкую аперацыю 1916, але прарваць фронт не змаглі. У выніку «Брусілаўскага прарыву» праціўнік панёс страты да 1,5 млн.чал. і быў вымушаны спыніць сваё наступленне ў Італіі, Аўстра-Венгрыі быў нанесены такі ўдар, пасля якога яна да канца вайны ўжо не здолела весці актыўныя баявыя дзеянні.
Англа-франц. наступленне на Соме і рас. наступленне ў Галіцыі прадвырашылі пералом у 1-й сусв. вайне на карысць Антанты. Пад уражаннем гэтых перамог 27.8.1916 у вайну ўступіла Румынія, спадзеючыся адваяваць ў Аўстра-Венгрыі Трансільванію. Аднак рум. армія была хутка разбіта перакінутымі на дапамогу аўстрыйцам герм. войскамі; немцы занялі Бухарэст. Рас. войскі ўступілі ў Румынію. У канцы снеж. 1916 Рум. фронт стабілізаваўся. У 1916 у абмен на зброю для Расіі ў Францыю і на Балканы перакінуты Рус. экспедыцыйныя корпусы. На азіяцка-каўказскім тэатры ў 1916 рас. войскі ўзялі Эрзурум, Трапезунд, Эрзінджан; англічане ж тут дзейнічалі няўдала: акружаны ў 1915 корпус у Кут-эль-Амары 28.4.1916 капітуляваў. Восенню 1916 туркі трымалі супраць рускіх 27, а супраць англічан 18 дывізій.
Летам 1916 адбылася Ютландская бітва 1916 — адзіная буйная бітва на моры, у якой ням. караблі не здолелі перамагчы англ. флот і ліквідаваць марскую блакаду. У канцы 1916 — пач. 1917 стратэг. ініцыятыва ў цэлым перайшла да Антанты, аднак Расія была настолькі стомлена, што пэўныя прыдворныя колы пачалі шукаць сепаратнага міру з Германіяй. 6.4.1917 у вайну на баку Антанты ўступілі ЗША. Няўдалае крас. наступленне англа-франц. войск у раёне Араса, Сен-Кантэна і Рэймса (загінула больш за 200 тыс.чал.) выклікала хваляванні ў франц. арміі, у Рус. экспедыцыйным корпусе пачаўся рух за вяртанне на радзіму. На італьян. і азіяцка-тур. тэатрах саюзнікі пераламілі ход вайны на сваю карысць. У Расіі ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі 1917 самадзяржаўе было скінута і да ўлады прыйшоў Часовы ўрад, які ў пытаннях працягу вайны быў яшчэ ў большай залежнасці ад зах. саюзнікаў, чым царызм. Аднак шматлікія ахвяры і эканам. цяжкасці, выкліканыя вайной, рабілі яе ўсё больш непапулярнай у салдацкіх масах; на фронце адбывалася братаннерус. і герм. салдат; з’явіўся лозунг рас. бальшавікоў аб пераўтварэнні вайны імперыял. у грамадзянскую. 1.7.1917 пачалося няўдалае наступленне рас. войск Зах. фронту. У канцы жн. (пач.вер.) 1917 герм. войскі авалодалі Рыгай. Адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 савецкі ўрад Расіі прыняў Дэкрэт аб міры, у якім прапанаваў усім ваюючым бакам пачаць перагаворы з мэтай заключэння справядлівага міру без анексій і кантрыбуцый. У сувязі з адмовай англа-франц. блоку ад гэтых прапаноў сав. ўрад пачаў сепаратныя перагаворы з аўстра-герм. кааліцыяй і 4.12.1917 падпісаў з ёю Дагавор аб перамір’і на Заходнім фронце 1917. У лют. 1918 іх саюзнікі парушылі перамір’е, пачалі буйнамаштабнае наступленне на ўсіх франтах. Паколькі старая армія развальвалася, а часці Чырв. Арміі толькі ствараліся, праціўніку ўдалося захапіць вял. тэрыторыю па лініі Нарва—Растоў-на-Доне, у т. л. ў Беларусі па лініі Расоны—Полацк—Сянно—Орша—Магілёў—Жлобін—Навазыбкаў. Туркі ўварваліся ў Закаўказзе.
3.3.1918 быў падпісаны Брэсцкі мір 1918. З сак. па ліп. 1918 герм. камандаванне правяло 4 наступальныя аперацыі на зах.-еўрап. тэатры, выкарыстаўшы апошні шанц завяршыць вайну на сваю карысць, але беспаспяхова. 8—13 жн. саюзнікі правялі Ам’енскую аперацыю 1918 і нанеслі буйное паражэнне немцам. 26.9.1918 англа-франц. і амер. войскі перайшлі ў агульнае наступленне, прарвалі герм. абарону і вымусілі праціўніка пакінуць тэр. Францыі. У 1918 вырашальныя перамогі былі атрыманы саюзнікамі і на інш. тэатрах. 29 вер. капітулявала Балгарыя, 30 кастр. — Турцыя, 3 ліст. — Аўстра-Венгрыя, 11 ліст. — Германія.
1-я сусв. вайна цягнулася больш за 4 гады (51 месяц і 2 тыдні) і мела надзвычай разбуральны характар. З 74 млн.чал., мабілізаваных з 33 дзяржаў і 5 калоній, загінула і памерла ад ран каля 10 млн.чал., паранена больш за 20 млн.чал., каля 10 млн.чал. памерла ад эпідэмій і голаду. Вайна забрала вял. ахвяры і сярод мірнага насельніцтва: у выніку артабстрэлаў і паветраных бамбардзіровак гінулі жыхары гарадоў; тур. ўлады ўчынілі генацыд армян; падводныя лодкі тапілі пасажырскія судны. Вельмі цяжкім было становішча ў Беларусі. Зах. губерні, у т. л.бел., былі аб’яўлены на ваен. становішчы, уводзіўся жорсткі ваен.-паліцэйскі рэжым. У бел. губернях у дзеючую армію было мабілізавана 50% мужчын. Астатняе працаздольнае насельніцтва прыцягвалася на абарончыя работы. У час баявых дзеянняў на Беларусі гінула мірнае насельніцтва, разбураліся гарады і вёскі, знішчаліся матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. Адступленне рас. войск суправаджалася масамі бежанцаў. Колькасць прадпрыемстваў скарацілася на 65%, колькасць рабочых — больш, чым на 1/3. Пасяўныя плошчы ў неакупіраваных паветах скараціліся ў 1914—17 на 15,6%, пагалоўе жывёлы — на 11,4 (кароў на 33,9%). Пагоршылася матэрыяльнае становішча сял. мас. Адбываліся забастоўкі, салдацкія выступленні, найб. буйное — Гомельскага перасыльнага пункта паўстанне 1916. На акупіраванай тэр.зах. Беларусі герм. ўлады стварылі «Нямецкае ваеннае ўпраўленне Беласток—Гродна»; 1.2.1918 яно як састаўная ч. пад назвай «Літва—Поўдзень» уключана ў «Нямецкае ваен. ўпраўленне Літва». Акупанты праводзілі масавыя рэквізіцыі с.-г. прадукцыі, вывозілі сыравіну (асабліваму рабаванню падвергліся лясы Белавежскай пушчы) і прамысл. абсталяванне ў Германію. Такая палітыка выклікала супраціўленне насельніцтва, аж да нападаў сялян на рэквізіцыйныя атрады. Пасля акупацыі ў 1918 усх. Беларусі ўзбр. барацьба набыла арганізаваныя формы партызанскай вайны.
28.6.1919 краіны Антанты (без Расіі) падпісалі Версальскі мірны дагавор 1919 з Германіяй, паводле якога Францыя вяртала Эльзас і Латарынгію, часова акупіравала Саарскую вобл., усе герм. калоніі (у Афрыцы, Кітаі, а-вах Ціхага акіяна) пераходзілі да Англіі, Францыі, Японіі; абмяжоўваліся ўзбр. сілы і ўзбраенні Германіі, на яе ўскладвалася кантрыбуцыя. У вер. 1919 — жн. 1920 былі падпісаны выпрацаваныя на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 аналагічныя мірныя дагаворы паміж краінамі Антанты і інш. дзяржавамі герм. блоку. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі на яе тэр. ўзніклі Аўстрыя, Венгрыя, Чэхаславакія. Сербія аб’ядналася з Чарнагорыяй і паўд.-слав. правінцыямі Аўстра-Венгрыі (Харватыя, Славенія, Далмацыя, Боснія і Герцагавіна) у Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславія). Адрадзіла незалежнасць Польшча. За кошт б. Аўстра-Венгрыі павялічылі свае тэрыторыі Румынія і Італія. Арабскія ўладанні Турцыі ў асн. перайшлі да Англіі і Францыі, Ірак атрымаў фармальную незалежнасць. Т.ч. шэраг народаў Усх. Еўропы сталі незалежнымі ці ўз’ядналі свае тэрыторыі, але іншаземнае панаванне на пазаеўрап. абшарах у асн. захавалася. ЗША за ваен. пастаўкі атрымалі вял. прыбыткі, павысілі свой міжнар. статус і ўзмацнілі прэтэнзіі на сусв. панаванне. Версальскі дагавор не ліквідаваў, а ўзмацніў супярэчнасці паміж краінамі, не задаволенымі новым перадзелам свету і паслужыў падставай падрыхтоўкі да Другой сусветнай вайны 1939—45.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. Мн., 1972;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994;
Зайончковский А.М. Мировая война 1914—1918 гг.Т. 1—3. 3 изд. М., 1938—39;
Вержховский Д.В., Ляхов В.Ф. Первая мировая война 1914—1918 гг.М., 1964;
Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;
Португальский Р.М., Алексеев П.Д., Рунов В.А. Первая мировая в жизнеописаниях русских военачальников. М., 1994;
Такман Б. Первый блицкриг. Август 1914: Пер. с англ. М.; СПб., 1999;
Мессенджер Ч. Энциклопедия войн XX в.: Мировые конфликты с 1900 г. до наших дней: Пер. с англ.М., 2000;
Больных А. Морские битвы Первой мировой войны: Схватка гигантов. М., 2000.
П.А.Селіванаў.
Да арт.Першая сусветная вайна. Бой вядуць амерыканскія салдаты.Да арт.Першая сусветная вайна. Англійскі танк накіроўваецца да германскіх пазіцый. 1916.Да арт.Першая сусветная вайна. Спаленая беларуская вёска. Заходні фронт. 1915.Да арт.Першая сусветная вайна. Перавязачны пункт у Мінску.Да арт.Першая сусветная вайна. Газавая атака на Заходнім фронце. 1915.Да арт.Першая сусветная вайна. Расійская кулямётная ўстаноўка, прыстасаваная для стральбы па паветраных цэлях.Да арт.Першая сусветная вайна. Расійскія крэйсер і падводная лодка на Балтыйскім моры. 1916.Да арт.Першая сусветная вайна. Братанне на руска-германскім фронце. 1917.Да арт.Першая сусветная вайна. Паветраны бой паміж германскімі і англійскімі самалётамі. 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ І ВАЕ́ННАЯ ІНТЭРВЕ́НЦЫЯ 1918—22,
узброеная барацьба паміж праціўнікамі сав. улады і яе абаронцамі ў Расіі.
Другі Усерасійскі з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў 25—27.10(7—9.11). 1917 абвясціў пераход усёй улады да Саветаў, утварыў часовы рабоча-сял. ўрад — Савет Народных Камісараў (СНК) на чале з У.І.Леніным, прыняў дэкрэты аб міры і зямлі. Пераход улады да Саветаў распаўсюдзіўся па ўсёй краіне. Буржуазія, вышэйшае афіцэрства, чыноўніцтва і інш.Сац. групы выступілі супраць улады бальшавікоў. У гэтай барацьбе ўдзельнічалі кадэты, правыя эсэры, меншавікі, нац. партыі і арг-цыі. 25.10(7.11).1917 прэм’ер-міністр Часовага ўрада А.Ф.Керанскі ўцёк на Паўн. фронт і накіраваў на Петраград корпус ген. П.М.Краснова. Барацьбу супраць Сав. улады пачалі казацкія ўрады Дона (К.М.Каледзін), Кубані (А.Філімонаў), Арэнбурга (А.І.Дутаў). Украінская Цэнтральная рада, абапіраючыся на камандаванне Паўд.-Зах. і Рум. франтоў, нац. часці, 7(20) ліст. стала вярх. органам улады на Украіне, абвясціла незалежную Украінскую народную рэспубліку. Створаны ў Тыфлісе 15(28) ліст.Закаўказскі камісарыят захапіў уладу ў Закаўказзі. Антысав. ўрады былі ўтвораны ў Туркестане і Сібіры. Капіталіст. дзяржавы, занятыя першай сусветнай вайной 1914—18, спачатку не змаглі аказаць рус. буржуазіі эфект. дапамогу, але наладжвалі з ёй сувязі, давалі крэдыты. Асн.узбр. сілай сав. улады была Чырв. гвардыя і рэв. часці старой арміі. У кастр.—ліст. 1917 яны разграмілі мяцяжы Керанскага—Краснова пад Петраградам, юнкераў у Петраградзе, батальёны пад Белгарадам, да пач. 1918 была занята амаль уся Украіна, разбіты войскі атамана Дутава на Паўд. Урале, ліквідаваны антыбальшавіцкія мяцяжы ў Іркуцку, Забайкаллі, Амурскай і Прыморскай абласцях.
Пасля атрымання весткі аб перамозе ўзбр. паўстання ў Петраградзе выканком Мінскага Савета, якім кіравалі бальшавікі выдаў загад № 1, у якім заявіў аб пераходзе ўлады да Саветаў. Створаны 27.10(9.11).1917 Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту (ВРК) патрабаваў ад усіх арг-цый і грамадзян выконваць толькі распараджэнні СНК і Петраградскага ВРК. Антыбальшавіцкія сілы ў сваю чаргу арганізавалі Камітэт выратавання рэвалюцыі Заходняга фронту. Яго дзеянні падтрымала Вялікая беларуская рада, утвораная ў выніку рэарганізацыі Цэнтральнай Рады беларускіх арганізацый. Барацьба за ўстанаўленне Сав. улады у Беларусі ўскладнялася дзеяннямі Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага, якая знаходзілася ў Магілёве. 26.10(8.11). 1917 яна звярнулася да арміі з заклікам выступіць супраць бальшавікоў. Прадстаўнікі кадэтаў, правых эсэраў, меншавікоў і інш. партый спрабавалі стварыць пры Стаўцы агульнарас. ўрад на чале з лідэрам эсэраў В.М.Чарновым. Сав. ўрад зняў ген. М.М.Духоніна з пасады в.а. галоўнакамандуючага. Стаўку занялі сав. войскі на чале з М.В.Крыленкам, які стаў галоўнакамандуючым, быў зменены склад штаба Зах. фронту, распушчаны франтавы камітэт. 26.11(9.12).1917 у Мінску створаны вышэйшы заканад. орган Заходняй вобласці і Зах. фронту — Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах), а для вырашэння найб. важных пытанняў Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. Старыя мясц. органы самакіравання ліквідоўваліся. Беларуская рада, Цэнтральная беларуская вайсковая рада сталі збіраць сілы для барацьбы з новай уладай. Быў скліканы Усебеларускі з’езд 1917 з мэтай вырашэння нац.-дзярж. самавызначэння бел. народа. З’езд быў распушчаны, аднак члены яго Прэзідыума на нелегальным пасяджэнні стварылі Выканаўчы камітэт рады Усебеларускага з’езда.
16.2.1918 Германія заявіла Сав. Расіі, што тэрмін перамір’я скончыўся, і краіны зноў знаходзяцца ў стане вайны. Ням. войскі пачалі наступаць на ўсім фронце ад Балт. мора да Карпат. Адначасова выступілі і часці 1-га польск. корпуса ген. І.Р.Доўбар-Мусніцкага (гл.Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918), якія разам з атрадамі Вял.бел. рады ў ноч на 20.2.1918 занялі Мінск. 21.2.1918 ням. войскі ўступілі ў Мінск, 24 лют. — у Калінкавічы, 28 лют. — у Рагачоў, Рэчыцу, 1 сак. — у Гомель, 5 сак. — у Магілёў. 21 лют.СНК РСФСР прыняў дэкрэт-адозву «Сацыялістычная Айчына ў небяспецы». У Беларусі сав. войскі складалі 2 фронты: Зах. (каманд. А.Ф.Мяснікоў) і Зах. па барацьбе з контррэвалюцыяй (каманд. Р.І.Берзін). У пач.сак. 1918 ім удалося спыніць наступленне герм. войск на лініі Полацк—Орша—Магілёў—Гомель. У гэтых умовах сав. урад аднавіў перагаворы з Германіяй аб перамір’і, а потым пагадзіўся на заключэнне Брэсцкага міру 1918, у выніку чаго стабілізавалася лінія сав.-герм. фронту. Больш за 2/3тэр. Беларусі (Зах. і Цэнтр.) апынуліся пад уладай герм. акупантаў. Мазырскі, Пінскі і Рэчыцкі пав. былі далучаны да гетманскай Украіны. І толькі ва ўсх. паветах Віцебскай і Магілёўскай губ. існавала сав. ўлада. На захопленай тэр.ням. ўлады ўстанавілі жорсткі акупац. рэжым, адмянілі дэкрэты сав. улады, забаранілі дзейнасць партый і грамадскіх арг-цый, якія стаялі на сав. платформе, але дазволілі дзейнасць Саюза зямельных уласнікаў, клерыкальных арг-цый, розных партый ліберальнай арыентацыі. Памешчыкам вернуты іх маёнткі і зямельныя ўладанні. Такая палітыка выклікала супраціўленне бел. народа, у т. л.партыз. і падп. рух. Выканком Рады Усебел. з’езда, які выйшаў з падполля, прыняў Першую Устаўную грамату, у якой абвясціў пра стварэнне 20 лют. ўрада — Народнага сакратарыята Беларусі (старшыня Я.Я.Варонка). 9.3.1918 Выканком прыняў Другую Устаўную грамату, у якой Беларусь аб’яўлялася незалежнай ад Расіі Беларускай Народнай Рэспублікай (БНР). 25.3.1918 Рада прыняла Трэцюю Устаўную грамату, у якой абвяшчалася незалежнасць БНР у этнагр. межах пражывання беларусаў. Рада БНР спрабавала рэалізаваць свой дзярж. суверэнітэт пры падтрымцы знешніх сіл. 25.4.1918 яна накіравала тэлеграму герм. кайзеру Вільгельму, у якой выказала сярод іншага гатоўнасць «дасягнення дзярж. незалежнасці ў саюзе з Германскай імперыяй». Гэта выклікала востры паліт. крызіс і хвалю пратэсту ў розных колах бел. грамадства. Летам 1918 яе пакінулі рас. эсэры, меншавікі, яўр. сацыялісты. Утварылася некалькі новых партый. У многіх буйных гарадах Беларусі адбыліся забастоўкі, сходы і мітынгі, на якіх прымалі рэзалюцыі з асуджэннем акупац. палітыкі. Да восені 1918 на Беларусі разгарнуўся шырокі партыз. рух (гл.Партызанскі рух на Беларусі ў час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі ў 1918—20). Больш за 100 партыз. атрадаў дзейнічала на тэр. Магілёўскага, Барысаўскага, Бабруйскага, Мінскага, Рэчыцкага, Слуцкага пав. У Бабруйскім пав. была ўтворана «Рудабельская рэспубліка».
1918 быў надзвычай цяжкім для ўсёй Сав. дзяржавы. Чырв. Арміі даводзілася адначасова весці барацьбу супраць замежных і ўнутр. антысавецкіх сіл. У маі пачаўся Чэхаславацкага корпуса мяцеж 1918. Высадка англ. Дэсанта 6 сак. ў Мурманску стала пачаткам адкрытай замежнай інтэрвенцыі. Антанта разгортвала свае войскі адначасова на Поўначы, Д. Усходзе і ў інш. рэгіёнах. Сав. ўрад для адпору інтэрвентам 4.3.1918 стварыў Вышэйшы ваенны савет, пераўтвораны потым ў Рэўваенсавет Рэспублікі (РВСР), прыняў дэкрэт аб вайсковым абавязку для працоўных, увёў ін-тваен. камісараў. У жн. 1918 войскі Усх. фронту спынілі наступленне чэхаславакаў і белагвардзейцаў. Але пры падтрымцы Антанты і ЗША актывізавалі дзейнасць антысав. «Саюз абароны радзімы і свабоды» на чале з Б.В.Савінкавым, правакадэцкі манархічны «Нацыянальны цэнтр», кааліцыйны «Саюз Адраджэння Расіі» і інш., якія арганізавалі ў ліп. 1918 антыбальшавіцкія леваэсэраўскія мяцяжы ў Маскве, Яраслаўлі і інш. У Баку (31 ліп.) уладу захапілі эсэры і меншавікі, пала Бакінская камуна, яе кіраўнікі расстраляны (гл.Бакінскія камісары). У Фергане пачалося басмацтва. Добраахвотніцкая армія А.І.Дзянікіна рушыла на Кубань і ў ліп.—вер. захапіла Стаўрапаль, Екацярынадар, Новарасійск. На Усходзе гал. антысав. сілай стала армія адмірала А.В.Калчака. 27.8.1918 кайзераўскі ўрад падпісаў з урадам РСФСР дадатковы дагавор, паводле якога герм. войскі пакідалі частку тэр. Беларусі да р. Бярэзіна. У ліст. 1918 адбылася рэвалюцыя ў Германіі, сав. ўрад ануляваў Брэсцкі мірны дагавор. З выхадам Германіі з вайны правячыя колы Антанты узмацнілі націск на Расію, наносячы ўдары з Поўначы, Усходу і Поўдня. Сав. Расія да восені апынулася ў вогненным кальцы. У краіне панавалі голад, разруха, эпідэміі. 30.11.1918 створаны Савет рабоча-сялянскай абароны на чале з Леніным. Кіраўніцтва краіны прыняло шэраг надзвычайных паліт. і эканам. мерапрыемстваў (манаполія дзяржавы на хлеб, харчразвёрстка, стварэнне камітэтаў беднаты і інш.), якія атрымалі назву палітыкі «ваеннага камунізму». Гэта дало магчымасць умацаваць тыл і пачаць актыўныя баявыя дзеянні. Войскі Усх. фронту перайшлі ў наступленне.
У канцы 1918 герм. войскі сталі адыходзіць з тэр. Беларусі. Чырв. Армія 10.12.1918 уступіла ў Мінск. Да лют. 1919 Зах. армія замацавалася на лініі Вільня — Ліда — Слонім — р.Шчара — Агінскі канал — Сарны. На гэтай тэрыторыі аднаўлялася Сав. ўлада. На парадак дня станавілася пытанне аб дзярж. уладкаванні Беларусі. 17—22.7.1918 на Усерас. з’ездзе бежанцаў у Маскве выказана прапанова аб стварэнні бел. дзяржавы як аўтаномнай часткі Сав. Расіі. 24.12.1918 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб стварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР) як суверэннай дзяржавы. 30.12.1918 у Смаленску склікана 6-я Паўн.-Зах.абл. канферэнцыя РКП(б), якая прыняла рэзалюцыю «Аб абвяшчэнні Заходняй Камуны Беларускай Савецкай Рэспублікай», перайменавала Паўн.-Зах.абл. арг-цыю РКП(б) у Камуністычную партыю (бальшавікоў) Беларусі. 31.12.1918 па рэкамендацыі ЦК РКП(б) зацвердзіла склад Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі на чале з З.Х.Жылуновічам. 1.1.1919 быў апублікаваны Маніфест Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі, які абвясціў стварэнне суверэннай БССР і асн. палажэнні яе дзярж. статуса. Тэр.БССР яшчэ не была вызвалена ад герм. войск, а ёй ужо пагражала польская акупацыя (у снеж. 1918 старшыня Часовага нар. ўрада Польскай Рэспублікі Ю.Пілсудскі заявіў, што Польшча будзе аднаўляцца ў межах Рэчы Паспалітай 1772, куды ўваходзілі і бел. Землі). 16.1.1919 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб стварэнні Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай рэспублікі (Літбел) у складзе Мінскай, Гродзенскай, Ковенскай і Віленскай губ. са сталіцай у Вільні (Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. былі пакінуты ў РСФСР). Стварэнне Літбел на граніцы з Польшчай мела на мэце перашкодзіць вайне апошняй непасрэдна з РСФСР. У пач. вясны 1919 пачалося наступленне польскіх войск. Камандаванне фронту і СНК Літбел не здолелі абмежаванымі сіламі арганізаваць абарону рэспублікі. У гэты час асн. сілы Чырв. Арміі, у т. л. з Беларусі, накіроўваліся на Усх. фронт, які лічыўся галоўным. Сяляне не заўсёды падтрымлівалі палітыку «ваеннага камунізму». У многіх месцах, асабліва ў паласе Зах. фронту, успыхвалі сял. хваляванні. Антысав. сілы арганізавалі стракапытаўскі мяцеж 1919 у Гомелі. 17.4.1919 польскія войскі захапілі Ліду, Баранавічы, 21 крас. — Вільню, 8 жніўня — Мінск. У вер. 1919 сав.-польскі фронт стабілізаваўся на лініі ад Дзвінска на Пн па р.Зах. Дзвіна (праз Дрысу да Полацка), каля Лепеля, паварочваў да Барысава, па р. Бярэзіна да Бабруйска і па р. Пціч да Прыпяці. У выніку перагавораў паміж урадамі Пілсудскага і РСФСР было падпісана часовае перамір’е. На акупіраванай тэр. ўлада належала польскай адміністрацыі. Лідэры нац.-дэмакр. партый спрабавалі дамагчыся ўдзелу ў дзярж. кіраўніцтве, заявіўшы аб сваёй польск. арыентацыі. Але Пілсудскі не прызнаў незалежнасць БНР і загадаў распусціць яе Раду. Толькі пры падтрымцы Польскай сацыяліст. партыі (ППС) польскі ўрад даў згоду на правядзенне сесіі Рады БНР, стварэнне бел. войска. Была створана Беларуская вайсковая камісія.
Вясной 1919 пры падтрымцы Антанты супраць Сав. Расіі працягвалі наступаць арміі Дзянікіна, Юдзеніча, Мілера. Але асн. ударнай сілай была армія Калчака, якая наступала з Урала, захапіла Уфу, Бугульму, Бугуруслан і рушыла на Паволжа, каб злучыцца з сіламі на Пд. Усх. фронт (камандуючы С.С.Каменеў) зноў стаў галоўным. Яго Паўд. група армій (камандуючы М.В.Фрунзе) перайшла ў наступленне. У маі 1919 вызвалены Бугуруслан, Бугульма, 9 чэрв. — Уфа.
Жорсткі акупац. рэжым польскіх улад выклікаў супраціўленне шырокіх слаёў насельніцтва Беларусі. Рэв. сілы ў гарадах аб’ядноўваліся пераважна вакол камуністаў, у сельскай мясцовасці гал.паліт. сілай былі бел. эсэры. У пач. 1920 адбылося аб’яднанне абедзвюх плыней партыз. руху — камуністычнай і эсэраўскай. Сувязным звяном паміж імі стала Беларуская камуністычная арганізацыя (БКА) на чале з У.М.Ігнатоўскім. Сав. ўрад вёў перагаворы з польскім бокам пра спыненне ваен. дзеянняў і магчымасць прызнання польскай граніцы па лініі сав.-польскага фронту (300 км на У ад т.зв.«Керзана лініі»). Аднак урад Пілсудскага, імкнучыся захапіць усю Беларусь, Украіну і Літву, адмовіўся ад гэтых прапаноў. 25.4.1920 польскія войскі разам з укр.ваен. фарміраваннямі Пятлюры разгарнулі наступленне на ўсім фронце. Яны захапілі Мазыр, Калінкавічы, Рэчыцу. 14.5.1920 у контрнаступленне перайшла Чырв. Армія, але з-за недахопу сіл вымушана была адысці на зыходныя пазіцыі.
У маі 1919 войскі Юдзеніча прарвалі каля Нарвы сав. фронт і ў пач.чэрв. падышлі да Петраграда. Часці, накіраваныя з Усх. фронту і з рэзерву Гал. камандавання ў чэрв. 1919 адбілі наступленне Юдзеніча. У ліп. спынена наступленне белагвардзейцаў з Пн. У выніку наступлення сав. войск на Паўд. фронце (з 4.1.1919) разбіта Данская армія Краснова. Становішча на Украіне ўскладнялася антыбальшавіцкім паўстаннем на Доне, мяцяжамі Грыгор’ева і Махно. У чэрв. 1919 Дзянікін захапіў Харкаў, Царыцын, уступіў у Данскую вобл., 3 ліп. абвясціў дырэктыву аб наступленні на Маскву. На Усх. фронце Чырв. Армія ў ліп. 1919 заняла Перм, Кунгур, Уральск, Екацярынбург; 5-я армія на чале з М.М.Тухачэўскім разбіла каля Чэлябінска апошнія рэзервы Калчака. Для цэнтралізацыі ваен. намаганняў і ўмацавання Чырв. Арміі 1.6.1919 ВЦВК РСФСР выдаў дэкрэт «Аб аб’яднанні Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік: Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Беларусі для барацьбы з сусветным імперыялізмам». У краінах Антанты і ЗША нарастаў рэв. рух, нар. масы выступалі супраць інтэрвенцыі ў Расіі. Калі Францыя актывізавала свае дзеянні на Пд Украіны, у франц. войсках пачаліся бурныя пратэсты. У крас. 1920 адбылося паўстанне на франц. флоце, французы пакінулі Адэсу і Севастопаль, і франц. ўрад заявіў аб спыненні інтэрвенцыі ў Расіі. 13 крас. эвакуіраваны з Закаспія англ. войскі. Стабілізацыя сав.-польскага фронту, паражэнне Калчака, актыўнае супраціўленне сав. войск на Пд вымусілі Дзянікіна накіраваць войскі на Украіну, дзе ён разлічваў на ўзаемадзеянне з палякамі. Армія Дзянікіна (да 110 тыс.чал.) у жн. заняла Правабярэжную Украіну, 10 жн.кав. корпус К.М.Мамантава прарваў сав. фронт і пачаў рэйд па тылах. 12 вер. Дзянікін зноў пачаў наступленне на Маскву, у кастр. захапіў Варонеж і Арол. 28 вер. ў наступленне на Петраград перайшла армія Юдзеніча. Чырв. армія да снеж. разбіла асн. сілы Юдзеніча, рэшткі яго арміі раззброены ў Эстоніі. У кастр.—ліст. дзянікінскія войскі разбіты пад Арлом і Варонежам. Паўд. і Паўд.-Усх. франты пачалі агульнае наступленне і да пач. 1920 вызвалілі Данбас, Таганрог, Царыцын, Новачаркаск, Растоў-на-Доне, выйшлі да Азоўскага м. Тэрор дзянікінцаў і вяртанне памешчыкаў выклікалі супраціўленне на Украіне, Кубані, у Чарнаморскіх губ., Дагестане. Казакі адмаўляліся ваяваць за межамі Данской вобл. Тыл дзянікінцаў развальваўся. У лют. 1920 ліквідаваны рэшткі белагвардзейскіх войск на Пд Украіны. У кастр. 1919 сав. войскі пачалі наступленне супраць рэшткаў калчакаўскіх войск, вызвалілі Омск, Краснаярск. На Д. Усходзе створана Далёкаўсходняя Рэспубліка.
Пасля перамогі над войскамі Калчака, Юдзеніча, Дзянікіна Чырв. Армія атрымала магчымасць умацаваць Зах. фронт. 4.7.1920 ударная групоўка (4, 15, 3 і 16-я арміі) перайшла ў наступленне. 11 ліп. вызвалены Мінск, 14 ліп. — Вільня, 19 ліп. — Гродна. У баях за Беларусь асабліва вызначыліся камандзіры Чырв. Арміі С.Я.Грыбаў, І.Ф.Шубін, Я.Ф.Фабрыцыус. Да жн. 1920 войскі Зах. фронту вызвалілі ўсю тэр. Беларусі (гл.Савецка-польская вайна 1920) і паўстала пытанне аб аднаўленні яе дзяржаўнасці. 6.7.1920 ЦК КП(б)ЛіБ выказаўся за аднаўленне бел.сав. дзяржаўнасці, яго падтрымаў і ЦК РКП(б). Быў створаны Белрэўком на чале з А.Р.Чарвяковым. ЦК КП(б)ЛіБ палічыў магчымым дапусціць да адраджэння бел. дзяржаўнасці нац.-дэмакр. партыі, якія стаялі на сав. платформе. У ходзе перагавораў ЦК КП(б)ЛіБ з кіраўніцтвам БКА, БПС-Р, Бунда і інш. грамадска-паліт. арг-цый 31.7.1920 выпрацавана «Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь», у якой абвяшчалася, што Беларусь будуецца як суверэнная, незалежная рэспубліка ў этнічных межах пражывання беларусаў. Аднак ва ўмовах прадаўжэння польска-сав. вайны БССР аднаўлялася толькі ў межах Мінскай губ. (6 паветаў, 1,6 млн.чал.нас.). Англ. ўрад прапанаваў сав. ўраду заключыць перамір’е з Польшчай, пагражаючы пачаць ваен. дзеянні. Сав. ўрад згадзіўся на перагаворы з урадам Польшчы. Францыя ўзмацніла забеспячэнне польскай арміі. Польскі ўрад разгарнуў кампанію па прапагандзе пагрозы незалежнасці Польшчы з боку Сав. Расіі. На хвалі нацыяналізму ён правёў мабілізацыю і вярбоўку добраахвотнікаў у армію. У выніку польская армія дадаткова атрымала 573 тыс.чал. і больш за 160 тыс. добраахвотнікаў. Да гэтага часу ўскладнілася становішча і на ўрангелеўскім фронце. У ліп. Урангель высадзіў дэсант каля Таганрога, каб ісці на Дон; нанёс паражэнне 13-й арміі і 2-й коннай арміі і вымусіў іх адступіць. 23 ліп. галоўнакамандуючы С.С.Каменеў загадаў Зах. фронту да 12 жн. авалодаць Варшавай. 11.8.1920 пачалося наступленне сав. войск на Варшаву (гл.Варшаўская аперацыя 1920). Аднак сіл для авалодання ёю было мала, былі дапушчаны памылкі ў планаванні аперацыі і недаацэнены сілы праціўніка. 18 жн. польскія войскі перайшлі ў контрнаступленне на ўсім Зах. фронце. Спробы перакінуць сюды падмацаванне з Паўд.-Зах. фронту не змянілі становішча. Арміі Зах. фронту адыходзілі. 4-я армія, дзве дывізіі 15-й арміі і 3-і кав. корпус не змаглі прабіцца на У і былі інтэрніраваны ва Усх. Прусіі. Польскія войскі зноў занялі зах.ч. Беларусі, пачалі наступаць і на Паўд.-Зах. фронце. Але, нягледзячы на ваен. поспехі, становішча Польшчы было цяжкае. Насуперак патрабаванням Антанты прадаўжаць вайну польскі ўрад згадзіўся на перагаворы аб міры. 12.10.1920 у Рызе падпісаны папярэднія ўмовы міру паміж РСФСР, Украінай з аднаго боку і Польшчай з другога, паводле якіх зах.ч. Украіны і Беларусі адыходзілі да Польшчы. У ліст. 1920 на тэр.БССР з Польшчы ўвёў сваю армію (20 тыс.чал.) С.Н.Булак-Балаховіч і павёў наступленне ўздоўж Прыпяці. Былі захоплены Петрыкаў, Мазыр, Калінкавічы (гл.Булак-Балаховіча паход 1920). 16 ліст.Чырв. Армія сіламі 4, 10-й і 48-й дывізій Зах. фронту пачала контрнаступленне, узяла Мазыр і да канца ліст. 1920 разбіла асн. сілы арміі Булак-Балаховіча. У гэты ж час адбылося Слуцкае паўстанне 1920. Другі Усебеларускі з’езд Саветаў 13.12.1920 падвёў вынікі барацьбы з інтэрвентамі і пацвердзіў умовы Рыжскага дагавора. Рыжскі мірны дагавор 1921 юрыдычна замацаваў за Польшчай значную частку бел. зямель — 108 тыс.км² з насельніцтвам за 4 млн.чал. (гл.Заходняя Беларусь) і Зах. Украіну.
Спыненне вайны з Польшчай дало магчымасці Чырв. Арміі разграміць войскі Урангеля. У жн. — вер. 1920 яна вызваліла Кубань. Войскі Паўд. фронту (камандуючы Фрунзе) прымусілі адысці за крымскія ўмацаванні. У ліст. авалодалі ўмацаваннямі Перакопскага перашыйка і вызвалілі Крым. У 1920 сав. ўлада ўстаноўлена ў Сярэдняй Азіі, у сак. 1921 — у Закаўказзі. На Д. Усходзе барацьба з белагвардзейцамі і яп. інтэрвентамі зацягнулася да 1922. Імкнучыся захаваць за сабой Прымор’е, японцы арганізавалі ў маі 1922 контррэв. пераварот. Адначасова з Манголіі ў Забайкалле ўварваліся атрады ген. Р.Ф.Унгерна. Сав. войскі разбілі іх. Армія Далёкаўсходняй Рэспублікі (камандуючы В.К.Блюхер) у лют. 1922 разбіла белагвардзейцаў каля Валачаеўкі, у кастр. 1922 пад Спаскам (камандуючы Е.П.Убарэвіч) і вызваліла Уладзівасток. У 1921 падаўлены Антонава паўстанне, Кранштацкае паўстанне 1921, антыбальшавіцкія выступленні на Украіне, Зах. Сібіры і інш.
У ходзе грамадзянскай вайны ў баях, ад тэрору, хвароб і голаду загінула (паводле розных звестак) ад 8 да 13 млн.чал., у т. л. каля 1 млн. байцоў Чырв. Арміі. З Расіі эмігрыравала каля 2 млн.чал. Страты нар. гаспадаркі склалі каля 50 млрд.руб. золатам, прамысл.вытв-сць знізілася да 4—20% ад узроўню 1913, с.-г. вытв-сці скарацілася амаль удвая. У сак. 1921 Дзесяты з’езд РКП(б) абвясціў пераход ад палітыкі «ваеннага камунізму» да новай эканамічнай палітыкі.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3. Мн., 1973;
Гражданская война и военная интервенция в СССР: Энцикл. 2 изд. М., 1987;
Какурин Н.Е. Как сражалась революция. Т. 1—2. 2 изд. М., 1990;
Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;
Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;
Наше Отечество: Опыт полит. истории. [Т. 1—2]. М., 1991;
Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 1917—1925. Мн., 1985;
Селиванов П.А. Военная деятельность Советов Белоруссии. 1917—1920 гг.Мн., 1980;
Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995.
П.А.Селіванаў, М.С.Сташкевіч.
Да арт.Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. Агляд першага Беларускага камуністычнага атрада. Петраград. 1919.Да арт.Грамадзянсхая вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. М.І.Калінін прымае парад на станцыі Гомель. 1919.Да арт.Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. Аўстра-нямецкія войскі на плошчы Свабоды ў Мінску. 21.2.1918.Да арт.Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. Атрад камсамольцаў перад адпраўкай на Заходні фронт. Петраград. 1920.