знаходжанне і распазнаванне аб’ектаў, вызначэнне іх каардынат і інш. характарыстык з дапамогай радыёхваль; галіна навукі і тэхнікі. Сродкі і метады Р. выкарыстоўваюцца ў ваен. справе (у ППА і інш.), марской, паветр. і касм.навігацыі, метэаралогіі, астраноміі (Р. нябесных цел, у т. л. Сонца, Месяца, планет, метэораў), пры разведцы карысных выкапняў і інш.
Засн. на здольнасці фіз. цел (аб’ектаў) адбіваць, выпраменьваць і перавыпраменьваць радыёхвалі. Іх можна зарэгістраваць прыёмнікам і атрымаць патрэбную інфармацыю. Ажыццяўляецца з дапамогай радыёлакацыйных станцый (РЛС), сістэм і комплексаў. Найб. пашырана актыўная Р. з зандзіруючымі сігналамі, якія выпраменьваюцца антэннай сістэмай перадатчыка РЛС, адбіваюцца ад аб’екта і часткова ўлоўліваюцца прыёмнікам гэтай жа РЛС. Адлегласць да аб’екта вызначаюць па часе праходжання радыёсігналу да аб’екта і назад, напрамак (пеленг) — па арыентацыі накіраванай антэны. Калі аб’ект рухаецца адносна РЛС, частата радыёхвалі, адбітай аб’ектам, у адпаведнасці з Доплера эфектам змяняецца адносна частаты зандзіруючай радыёхвалі. Па рознасці гэтых частот вызначаюць скорасць перамяшчэння аб’екта. Пры Р. з актыўным адказам сігналы, пасланыя РЛС, рэтрансліруюцца радыёпрыстасаваннем, размешчаным на аб’екце (прыёмна-перадавальнай радыёстанцыяй). Пры пасіўнай радыёлакацыі выкарыстоўваецца ўласнае (цеплавое) выпрамяненне аб’екта ў дыяпазоне радыёхваль або выпрамяненне радыёпрыстасавання (радыёперадатчыка), размешчанага на аб’екце. Пры многапазіцыйнай Р. (т. зв. разнесеная сістэма) радыёсігналы, пасланыя адной РЛС і адбітыя аб’ектам, прымаюцца другой РЛС, што знаходзіцца ў інш. зоне прасторы (адлегласць паміж перадавальнай і прыёмнай РЛС можа змяняцца). Прынцыпы работы і апаратура радыёлакацыйных сістэм падобныя, як у гідралакацыі і радыёнавігацыі. Р. выкарыстоўвае складаныя зандзіруючыя сігналы і лічбавыя метады апрацоўкі інфармацыі для траекторных і картаграфічных вымярэнняў, здымкі мясцовасці, радыёкіравання рухомымі аб’ектамі і інш.
Літ.:
Теоретические основы радиолокации. М., 1970;
Справочник по радиолокации: Пер. с англ.Т. 1—4. М., 1976—79.
В.І.Вараб’ёў.
Схема радыёлакацыі (вымярэння каардынат) самалёта наземнай радыёлакацыйнай станцыяй.Схема актыўнай радыёлакацыі: а — з пасіўным адказам; б — з актыўным адказам; в — разнесенай сістэмы пры пераменнай адлегласці (d) паміж перадавальным і прыёмным устройствамі радыёлакацыйнай станцыі (РЛС); г — кругавога агляду зямной паверхні з дапамогай самалётнай РЛС; д — радыёлакацыйная карціна мясцовасці ў сектары агляду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТА-НО́СЬБІТ, касмічная ракета,
шматступеньчатая (2—4 ступені) ракета для вывядзення ў космас касмічных апаратаў. Надае карыснаму грузу скорасць, большую ці роўную 1-й або 2-й касмічнай скорасці. Працягласць палёту Р.-н. на актыўным участку траекторыі каля 17 мін; стартавая маса 10—3000 т (да 90% масы складае паліва). Асн. тып ракетнага рухавіка — вадкасны ракетны рухавік, выкарыстоўваецца таксама цвердапаліўны.
Паводле стартавай масы, энергет. характарыстык і масы карыснага грузу, які выводзіцца на нізкія каляземныя арбіты (200—300 км), адрозніваюць Р.-н.: лёгкія (карысны груз да 5 т; «Косма», «Зеніт», «Днепр», «Скаўт», «Пегас», «Аджэна», «Дэльта»), сярэднія (5—20 т; «Саюз», «Маланка», «Тытан»), цяжкія (20—100 т; «Пратон», «Тытан-4», «Арыян-5»), звышцяжкія (больш за 100 т, «Сатурн», касм. сістэмы «Спейс шатл», «Энергія»). Макс. маса выведзенага на арбіту грузу 147,5 т («Сатурн-5»; 1972). Колькасць ступеней Р.-н. абумоўлена гал. чынам яе прызначэннем. На старце працуе самы магутны рухавік 1-й ступені, які надае сістэме пэўную скорасць. Пасля таго, як запас паліва 1-й ступені зрасходаваны, яна аддзяляецца, і пачынае працаваць рухавік 2-й ступені; сістэма атрымлівае дадатковую скорасць. Асаблівасць апошніх ступеней некаторых Р.-н. — магчымасць шматразовага ўключэння іх рухавікоў, што дазваляе рабіць манеўры для змены вышыні, нахілення арбіты і інш. Старты Р.-н. здзяйсняюцца з касмадромаў. У выпадку далёкіх палётаў Р.-н. звычайна выводзіцца на арбіту ШСЗ з наступным стартам з гэтай арбіты.
Літ.:
Казневский В.П. Космические ракеты. М., 1961;
Морозов К.В. Ракеты-носители космических аппаратов. М., 1975.
У.С.Ларыёнаў.
Трохступеньчатая ракета-носьбіт: 1, 5, 8 — вадкасныя ракетныя рухавікі 1, 2 і 3-й ступеней; 2 — стабілізатар; 3, 6, 9 — бакі паліва 1, 2, 3-й ступеней; 4, 7, 10 — бакі акісляльніку 1, 2 і 3-й ступеней; 11 — прыборны адсек з апаратурай сістэмы кіравання; 12 — карысны груз; 13 — галаўны абцякальнік; 14 — механізм аддзялення касмічнага аб’екта, 15 стык паміж 2 і 3-й ступенямі; 16 — стык паміж 1 і 2-й ступенямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ДНАСЦЬ МОЎ,
наяўнасць у мовах агульных рыс і рэгулярных суадносін на розных узроўнях моўных сістэм. Р.м. апіраецца на падабенства каранёў, словаўтваральных суфіксаў, грамат. форм, марфал. характарыстык, сінтакс. канструкцый. Яе паказчыкам можа быць і падобная сістэма лічэбнікаў. Роднасныя мовы паходзяць або з адной мовы-асновы (напр., пасля распаду стараж. праслав. мовы ўзнікла старажытнаруская мова, на аснове якой да 14—15 ст. склаліся ўсходнеславянскія мовы, у т. л.беларуская мова), або дзвюх моў, з якіх адна шляхам паступовага развіцця ўзнікла з другой (напр., роднасць англ. і яе папярэдніцы стараж.-саксонскай мовы). Бел. мова разам з рускай мовай і ўкраінскай мовай (усх.-слав. мовы) уваходзіць у групу славянскіх моў, якая ўключае таксама зах.-слав. (чэш., польская, славацкая і інш.) і паўд.-слав. (балгарская, сербская і інш.) мовы. Яны звязаны заканамернымі гукавымі адпаведнасцямі: бел. «варона», «сон», «чужы», «польскае» wrona, sen, cuzdy, балгарскае «врана», «сън», «чужд» і г.д. Некат. групы выяўляюць больш аддаленую роднасць (меншы аб’ём матэрыяльнай агульнасці) і аб’ядноўваюцца ў больш буйныя сем’і моў. Да слав. моў найб. блізкая група балтыйскіх моў. Слав. і балт. мовы разам з герм., раманскімі, індаіранскімі, грэчаскай і інш. мовамі складаюць сям’ю індаеўрапейскіх моў. Чым меншы аб’ём матэрыяльнай агульнасці і менш празрыстыя рэгулярныя гукавыя адпаведнасці, тым складаней узвядзенне моў, што параўноўваюцца, да агульнай прамовы. Наяўнасць пэўнай агульнасці лексічнага складу, сінтакс. канструкцый, асобных фанетычных рыс і тыпалагічных характарыстык без рэгулярных гукавых адпаведнасцей можа быць вынікам больш позніх збліжэнняў (гл.Моўны саюз, Моўныя кантакты, Запазычанні). Вывучае Р.м. параўнальна-гістарычнае мовазнаўства. Праблематыка, звязаная з Р.м., распрацоўвалася на Беларусі ў працах П.А.Бузука, І.В.Ваўка-Левановіча, С.П.Мікуцкага, пазней — у работах М.Г.Булахава, І.С.Козырава, Р.У.Краўчука, В.У.Мартынава. А.Я.Супруна, Г.А.Цыхуна, В.М.Чэкмана, П.Я.Юргелевіча і інш.
Літ.:
Иванов В.В. Генеалогическая классификация языков и понятие языкового родства. М., 1954;
Ходова К.И. Языковое родство славянских народов. М., 1960;
Гамкрелидзе Т.В., Иванов В.В. Индоевропейский язык и индоевропейцы. [Кн.] 1—2. Тбилиси, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭФО́РМА ДЗЯРЖА́ЎНАЙ ВЁСКІ 1830—50-х ГАДО́Ў,
сістэма мер у Рас. імперыі, накіраваных на ўздым прыбытковасці дзярж. маёнткаў, прыпыненне працэсу абеззямельвання і збяднення дзяржаўных сялян, змяншэння сац. напружання ў вёсцы. Аўтар і распрацоўшчык рэформы граф П.Дз.Кісялёў. Рэформа праводзілася па 3 асн. кірунках: перабудова кіравання, арганізацыя «апякунства» і люстрацыя 1840—50-х г. У выніку перабудовы кіравання дзяржаўнай вёскай агульнакіраўнічыя функцыі, раней сканцэнтраваныя ў дэпартаменце дзярж. маёмасцей мін-ва фінансаў, з 1.1.1838 перадаваліся новаму мін-ву дзярж. маёмасцей (міністр Кісялёў). Ніжэйшыя ступені кіравання фарміраваліся паводле «Устанаўлення аб кіраванні дзяржаўнымі маёмасцямі ў губернях» і «Палажэння аб люстрацыі дзяржаўных маёмасцей заходніх губерняў і Беластоцкай вобласці» ад 28.12.1839, якое ўлічвала мясц. асаблівасці. На Беларусі ўстанаўліваліся 3 адм. ярусы кіравання дзярж. вёскай: губерня — акруга — сельскае ўпраўленне. Функцыі валасной адміністрацыі ў бел. губернях былі размеркаваны паміж часовымі ўладальнікамі і сял. выбарнымі. Новы адм. апарат пачаў дзейнічаць з крас. 1840. У кампетэнцыю губ. органаў — палат дзярж. маёмасцей уваходзілі выбар форм кіравання дзярж. маёнткамі, правядзенне рэвізій, люстрацый, ахова грамадскага парадку, пытанні харч. і мед. дапамогі і інш. Акруговая адміністрацыя займалася непасрэднай арганізацыяй сельскіх грамад. Органы сельскіх упраўленняў (сельскія сход, управа, стараста) займаліся землеўладкаваннем, раскладкай падаткаў і збораў паміж сялянамі і інш.Абшчына, адроджаная ў дзярж. маёнтках Беларусі пасля далучэння да Расіі, у выніку рэформы была максімальна набліжана да агульнарас. ўзору. На Беларусі ўзнікла арэнда сялянамі зямельных угоддзяў. Палітыка «апякунства» над дзяржаўнымі сялянамі заключалася ў арганізацыі харч. дапамогі сялянам праз спец. хлебазапасныя магазіны. Для арганізацыі пачатковага навучання дзяцей дзярж. сялян у сельскіх грамадах адчыняліся прыходскія школы. Дзярж. маёнткі забяспечваліся фельчарамі, павітухамі, сялянам пачалі рабіць прышчэпкі. Люстрацыя 1840—50-х г. — асн. частка рэформы — мела на мэце правядзенне дакладнага ўліку сял. даходаў, раўнамернае надзяленне дзярж. сялян зямлёй, рэгламентацыю павіннасцей (перавод з паншчыны на грашовы аброк і інш.). Гал. вынік рэформы — адмова ад прыгоннай сістэмы і пераход на аброк. Адбыліся перамены і ў прававым становішчы дзярж. сялян (прызнаваліся грамадз. свабоды, што адрознівала іх ад памешчыцкіх падданых).
Літ.:
Конюхова Т.А. Государственная деревня Литвы и реформа П.Д.Киселева, 1840—1857 гг.М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАУЁУ Уладзімір Сяргеевіч (16.1.1853, Масква — 31.7.1900),
рускі рэліг. філосаф, паэт, публіцыст і крытык. Сын С.М.Салаўёва. Д-р філасофіі (1880). Скончыў Маскоўскі ун-т (1873). Выкладаў у Маскоўскім і Пецярбургскім ун-тах, на Вышэйшых жаночых курсах. У 1880-я г. выступаў пераважна як публіцыст (прапаведаваў уз’яднанне Усходу і Захаду праз аб’яднанне хрысц. цэркваў, змагаўся за свабоду сумлення і супраць нац.-рэліг. прыгнёту). У 1890 г. займаўся філас. і літ. дзейнасцю, перакладаў Платона, узначальваў філас. аддзел у «Вялікім энцыклапедычным слоўніку» Бракгаўза і Эфрона (з 1891). Як мысліцель і утапіст С. знаходзіўся на перакрыжаванні розных філас. і рэліг. плыняў, а гал. сваёй задачай лічыў сумяшчэнне навук.-пазітыўнага і рацыяналістычнага «духу часу» з рэліг. светапоглядам. Яго філас.сістэма грунтуецца на ідэі ўсеадзінства, вучэнні пра Сафію (спрадвечную Божую мудрасць, у якой аб’яднаны ўсе сусв. ідэі), пропаведзі збаўлення свету ад разбуральнага ўздзеяння прасторы і часу і канцэпцыі «богачалавечага працэсу» як усеагульнага выратавання чалавецтва. Выступаў за «мірнае збліжэнне народаў», верыў у еднасць каталіцкай і правасл. цэркваў, лічыў, што кожны народ па-свойму служыць хрысц. рэлігіі. Крытыкаваў лідэраў славянафільства, але лічыў, што слав. народы «першымі закладуць фундамент свабоднай тэакратыі», падкрэсліваў, што культура велікарусаў, маларусаў і беларусаў спалучае рысы зах. і ўсх. культур. Паэзія С. тэматычна падпарадкавана яго філас. поглядам, спалучае традыц. паэтыку і рысы сімвалізму. Лірыка С., асабліва вершы «сафійнага» цыкла, паўплывалі на развіццё паэзіі рас. сімвалізму. Лічыў лірыку «адкрыццём чалавечай душы ў сугуччы з душой прыроды», а мастацтва ўвогуле — «тэургіяй», накіраванай на пераўтварэнне рэчаіснасці ў космас абсалютнай прыгажосці.
Тв.:
Соч.Т. 1—2. М., 1989;
Стихотворения. Эстетика. Литературная критика. М., 1990;
Смысл любви: Избр. произв.М., 1991;
О христианском единстве. М., 1994;
Чтения о богочеловечестве;
Статьи;
Стихотворения и поэма;
Из «Трех разговоров»: Краткая повесть об Антихристе. СПб., 1994.
Літ.:
Лосев А.Ф. Владимир Соловьев. 2 изд. М., 1994;
Соловьев С.М. Владимир Соловьев: Жнзнь и творческая эволюция. М., 1997;
Владимир Соловьев: pro et contra: Личность и творчество Владимира Соловьева в оценке мыслителей и исслед.: Антология. СПб., 2000;
Фараджев К.В. Владимир Соловьев: Мифология образа. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПАДАРО́ЖНІКІ ПЛАНЕ́Т,
целы Сонечнай сістэмы, якія абарачаюцца вакол вял. планет пад дзеяннем іх прыцягнення. Першыя адкрыцці С.п. (акрамя Месяца) адносяцца да пач. 17 ст. (4 спадарожнікі Юпітэра; 1610, Г.Галілей). У тым жа стагоддзі выяўлены 5 спадарожнікаў Сатурна, у 18 ст. — па 2 спадарожнікі Урана і Сатурна, у 19 ст. — па 1 у Нептуна і Юпітэра, па 2 у Марса, Сатурна і Урана. У 1-й пал. 20 ст. адкрыты 6 спадарожнікаў Юпітэра, па 1 — Урана і Нептуна. Да 1979 былі вядомы 34 С.п. Спрыяльныя ўмовы для назірання Сатурна з Зямлі, а таксама палёты касм. апаратаў «Піянер» і «Вояджэр» прывялі да адкрыцця новых С.п. Усяго вядомы 91 С.п. (2001); 66 маюць уласныя назвы, астатнія — часовыя абазначэнні.
У Меркурыя і Венеры (бліжэйшыя да Сонца планеты) няма прыродных спадарожнікаў; у Зямлі 1 — Месяц; у Марса 2 — Фобас і Дэймас. У Юпітэра 28 спадарожнікаў (16 з уласнымі назвамі. 12 з часовымі абазначэннямі). Спадарожнікі з уласнымі назвамі падзяляюцца на 4 групы: Галілеевы спадарожнікі, — Іо, Еўропа, Ганімед, Каліста і 3 групы малых — 4 унутр. спадарожнікі (Адрастэя, Амальтэя, Метыда, Тэба) знаходзяцца бліжэй да планеты, чым Іо, і ўтвараюць кальцавую сістэму Юпітэра; 4 знешнія (Гімалія, Леда, Лісітэя, Элара) — з прамым рухам (напрамак супадае з напрамкам руху планеты) на адлегласці каля 11 млн.км; 4 знешнія (Ананке, Карме, Пасіфе, Сінопе) — з адваротным напрамкам руху на адлегласці каля 22 млн.км. Галілеевы і ўнутраныя спадарожнікі рухаюцца ў плоскасці экватара Юпітэра па амаль кругавых арбітах (рэгулярныя С.п.), астатнія — па эксцэнтрычных вельмі нахіленых арбітах (нерэгулярныя С.п.). У Сатурна 30 спадарожнікаў (18 з уласнымі назвамі, 12 з часовымі абазначэннямі): Тытан (самы вялікі), Атлас, Гіперыён, Дыёна, Елена, Каліпса, Мімас, Пан, Пандора, Праметэй, Рэя, Тэлеста, Тэфія, Феба, Энцэлад, Эпіметэй, Янус, Япет. Уран мае 21 спадарожнік: 15 рэгулярных (Аберон, Арыэль, Міранда, Тытанія, Умбрыэль і інш.), 5 нерэгулярных, 1 адкрыты ў 1999 (арбіта не вызначана). У Нептуна 8 спадарожнікаў, 2 з якіх (Нерэіда і Трытон) адкрыты наземнымі метадамі, 6 — пры пралёце «Вояджэра» паблізу планеты. Плутон мае 1 спадарожнік — Харон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРО́ФІКА,
1) раздзел паэтыкі, які вывучае спосабы спалучэння радкоў вершаваных у страфу, яе ўзнікненне, развіццё і мастацка-выяўл. магчымасці.
2) Сукупнасць страфічных форм асобнага твора, паэта і інш., пэўным чынам упарадкаваная сістэма радкоў і строф.
Зараджэнне бел. паэзіі звязана з двухрадкоўямі (упершыню ў Ф.Скарыны ў прадмове да кн. «Зыход», 1519) і чатырохрадкоўямі — катрэнамі (упершыню ў Скарыны ў прадмове да кн. «Іоў», 1517; у Афанасія Філіповіча «Дыярыушы», 1647). Багатая С. дэкламацый Сімяона Полацкага. У 19 ст. С. бел. паэзіі ўзбагацілася творамі, напісанымі пяцірадкоўямі («Дзеванька» Я.Баршчэўскага), шасцірадкоўямі (ананімны «Я клічу Вас...»), васьмірадкоўямі (ананімны «Ой, у полі вецер вые...») і інш.Найб. інтэнсіўна ў бел. паэзіі С. развіваецца з пач. 20 ст. Больш разнастайнай стала структура строф, паглыбіліся яе рытміка-выяўл. магчымасці. Страфічны падзел тэксту падкрэсліваецца рэфрэнам («Мужык» Я.Купалы), выкарыстоўваецца кальцавая кампазіцыя («Як я полем іду...» Я.Купалы) Пашырыліся цвёрдыя формы верша (тэрцыны, секстына, сіцыліяна), засвоіліся айрэны, газелі, рубаі і інш., складаныя віды строф набылі значэнне самаст. відаў верша (санет, трыялет, рандо, актава), распаўсюдзіліся нізкі строф — вянок санетаў, стансы. Паявіліся віды строф, якія не маюць вял. пашырэння ў паэзіі: сямірадкоўе («Малебен» Я.Коласа), дзевяцірадкоўе («Полымя» Я.Коласа) і інш. Своеасаблівай страфой напісана паэма Я.Коласа «Рыбакова хата» (складаецца з 12 радкоў з рыфмоўкай абабвгвгдеед). Асобныя віды строф сталі адметнымі для творчасці некат. паэтаў (шаснаццацірадкоўі А.Куляшова). У паэзіі пераважаюць вершы, напісаныя аднолькавымі строфамі — раўнастрофныя вершы («Беларусі» П.Броўкі). Сустракаюцца аднастрофныя вершы («Знаць хочаш, як я цябе знайшоў?» М.Танка), разнастрофныя вершы («Гапон» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Мёртвая вясна» Броўкі), астрафічныя вершы і строфы, якія ўзніклі на матэрыяле пэўнага жанру, тэматыкі. стылю (баладная страфа, элегічны двуверш) і ў пэўнай ступені захоўваюць сувязь з імі. Аднак строфы звычайна не рэгламентуюцца памерам ці літ. жанрам, іх сэнсавыяўленчая роля вызначаецца зместам канкрэтнага твора.
Літ.:
Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Пытанні тэорыі літаратуры. Мн., 1964;
Ралько І.Д. Беларускі верш. Мн., 1969;
Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСЕАГУ́ЛЬНАЕ АБАВЯЗКО́ВАЕ НАВУЧА́ННЕ,
сістэмадзярж. мерапрыемстваў па забеспячэнні дзяцей пэўнага ўзросту школьным навучаннем па ўстаноўленых праграмах. Для ажыццяўлення У.а.н. неабходна ўстанаўленне абавязковасці навучання і стварэнне ўмоў, якія рэальна забяспечвалі б магчымасць навучання ў школе: бясплатнасць навучання, наяўнасць неабходнай колькасці школ і настаўнікаў, забеспячэнне вучняў навуч. прыладамі, выкладанне на роднай мове, дакладны ўлік дзяцей, што падлягаюць навучанню, стварэнне сеткі спец. школ для дзяцей, якія маюць фіз. недахопы ці разумова адсталыя. Законы аб У.а.н. ўведзены ў большасці краін: у ЗША (у розных штатах) у 1852—1900, у Вялікабрытаніі ў 1880, у Францыі ў 1881—82. У СССР У.а.н. дэкларавана «Палажэннем аб Адзінай працоўнай школе РСФСР» ад 16.10.1918. У БССР усеаг. пачатковае навучанне ўведзена ў 1926/27 навуч.г. пастановай СНК і Прэзідыума ЦВКБССР ад 7.4.1926. У 1931/32 навуч.г. першым канцэнтрам школ (1—4 групы) ахоплена 97% усіх дзяцей ва ўзросце 8—11 гадоў. У гарадах, рабочых пасёлках і фабр.-заводскіх раёнах У.а.н. ў аб’ёме сямігодкі ўведзена ў 1931/32 навуч.г., на тэр. ўсёй рэспублікі (Пастанова СНКБССР ад 2.8.1932) — у 1932/33 навуч.г. З уз’яднаннем Беларусі ў 1939 у зах. абласцях увядзенне У.а.н. пачалося разам са стварэннем сав. школьнай сістэмы. У гады Вял.Айч. вайны для ўсіх дзяцей (акрамя яўрэйскіх) акупац. ўлады на тэр.ген. акругі Беларусь уводзілі абавязковае школьнае навучанне, за адмову наведваць школы на бацькоў і вучняў накладваліся розныя спагнанні, аднак рэалізаваць на практыцы У.а.н. акупантам не ўдалося. Да сярэдзіны 1950-х г. У.а.н. фактычна ўведзена за курс 7-гадовай школы. Паводле Пастановы Вярх. Савета СССР «Аб умацаванні сувязі школы з жыццём і аб далейшым развіцці сістэмы народнай адукацыі ў СССР» (1958) 7-гадовыя школы пераўтвораны ў 8-гадовыя; на іх базе ажыццяўлялася ўсеаг. абавязковая няпоўная сярэдняя адукацыя. Пашыралася і сетка сярэдніх школ. У 1970-я г. пачаўся пераход да ўсеаг. сярэдняй адукацыі. З 2-й пал. 1990-х г. у Рэспубліцы Беларусь вядзецца рэформа школы, якая павінна перабудаваць яе працу ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу: мяняецца структура школы, уводзіцца шырокая дыферэнцыяцыя навучання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАЛЬВА́РАК (польск. folwark ад ням. Vorwerk хутар),
від феад. зямельнага ўладання ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай: двор феадала з комплексам будынкаў і ўгоддзяў. Стварэнне Ф. найперш было выклікана значным ростам попыту на збожжа ў краінах Зах. Еўропы ў канцы 15 — пач. 16 ст. Каб скарыстаць спрыяльную сітуацыю і павялічыць вытворчасць таварнага збожжа, урад ВКЛ пачаў рэарганізацыю гаспадаркі, адной з састаўных частак якой стала пашырэнне старых панскіх двароў і стварэнне Ф. Умовы стварэння Ф. вял.кн. Жыгімонт II Аўгуст агаварыў ва «Уставе на валокі» 1557. Паводле гэтага дакумента Ф. уяўляў сабой феад. гаспадарку (панскі двор з жылымі і гасп. пабудовамі, ворныя і інш. ўгоддзі), заснаваную на працы прыгонных сялян і арыентаваную на вытв-сць збожжа на продаж. Велічыні фальварковага і сялянскага ворыва суадносіліся як 1:7. Кожная сялянская сям’я атрымлівала зямельны надзел памерам у валоку ці яе частку, з якой выконвала дакладна вызначаныя павіннасці. Найб. поўнае ўяўленне пра Ф. даюць інвентары — вопісы феад. уладанняў. У 16 ст. Ф. сталі асновай гаспадарання ў зах. і цэнтр. Беларусі (усх. Беларусь у час актыўнага правядзення агр. рэформы была ахоплена Лівонскай вайной 1558—83, і гал. павіннасцю дзярж. сялян тут была даніна для забеспячэння гарнізонаў і войск). У выніку пераводу феад. гаспадаркі на фальваркова-паншчынную сістэму значна вырасла вытв-сць збожжа і ВКЛ стала адным з асн. яго пастаўшчыкоў у Зах. Еўропу. Заняпад фальваркова-паншчыннай сістэмы на Беларусі адбыўся ў сувязі з войнамі сярэдзіны 17—пач. 18 ст., калі ў выніку страты значнай колькасці насельніцтва і цяглай жывёлы не было магчымасці для апрацоўкі значных абшараў панскага ворыва і сяляне пераводзіліся на грашовую рэнту. Новае яе пашырэнне адбылося ў сувязі з правядзеннем Тызенгаўза рэформы. Фальваркова-паншчынная сістэма гаспадарання пачала знікаць у дзярж. уладаннях з правядзеннем агр. рэформы П.Дз.Кісялёва ў 1830—50-х г., канчаткова спыніла сваё існаванне пасля сялянскай рэформы 1861. Пасля гэтага тэрмін «Ф.» ужываўся пераважна ў вузкім значэнні гэтага слова як назва паселішча ці сядзібы — панскага двара з пабудовамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНЗУ́РА (лац. censura),
сістэмадзярж., духоўнага (царкоўна-рэлігійнага), грамадскага і прыватнага (фінансава-алігархічнага) нагляду і кантролю за друкам і сродкамі масавай інфармацыі (СМІ). Як правіла, вызначае формы і метады ажыццяўлення цэнзурнай палітыкі, прадугледжвае фарміраванне адпаведных заканад.-нарматыўнай базы, структуры органаў і штата служачых — цэнзараў. Узнікла са з’яўленнем дзяржавы. Першая інстытуцыя Ц. — царква. Забарона і публічнае знішчэнне ератычных кніг бярэ пачатак ад першых усяленскіх сабораў. Вынаходніцтва кнігадрукавання прывяло да стварэння адмысловых устаноў Ц. і дакладнага акрэслення іх абавязкаў. Першай з еўрап. краін Ц. ўвяла ў 1502 Іспанія, потым Францыя (1521), Германія (1521), Англія (1530). На Беларусі першымі аб’ектамі ўвагі Ц. былі апокрыфы, некананічная богаслужэбная л-ра, ератычныя трактаты ў Полацкім, Смаленскім, Тураўскім княствах. Палітыку правасл. Ц. ў ВКЛ вызначалі Канстанцінопальскі і Маскоўскі патрыярхаты; каталіцкую Ц. — Ватыкан і манаскія ордэны. У Расіі Ц. зарадзілася ў 16 ст. як духоўная, якую з 1721 ажыццяўляў Сінод. У 19 ст. яна рэгулявалася спец. статутамі і правіламі. На працягу сак. — кастр. 1917 у Расіі была адменена папярэдняя і карная (акрамя ваен.) Ц., ажыццёўлена амаль поўная свабода друку. У розныя перыяды 1917—21 Ц. ў асобных рэгіёнах Беларусі вызначалі ўрады РСФСР, БНР, ССРБ, а таксама Літвы, Украіны, акупац. ўлады Германіі і Польшчы. У 1922 пры Наркамаце асветы БССР створана Гал. ўпраўленне па справах л-ры і выд-ва (Галоўліт), якое на працягу свайго існавання часткова мяняла назву і функцыі; з 19.9.1991 наз.Гал. ўпраўленне па ахове дзярж. тайнаў у друку і інш. сродках масавай інфармацыі пры СМ Рэспублікі Беларусь. У сувязі з прыняццем Закона Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» (13.1.1995) Ц. адменена (арт. 4). У 20 ст. свабода слова і друку абвешчана ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (10.12.1948), у канстытуцыях большасці дзяржаў свету, у т. л. Рэспублікі Беларусь (арт. 33).
Літ.:
Лемке М.К. Эпоха цензурных реформ, 1859—1865 гг. СПб., 1904;
Блюм А.В. Советская цензура в эпоху тотального террора, 1929—1953. СПб., 2000;