дзяржава на в-ве Грэнада і ў паўд.ч. а-воў Грэнадзіны, у архіпелагу М. Антыльскія а-вы ў Вест-Індыі. Падзяляецца на 7 раёнаў. Пл. 344 км². Нас. 92 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Сент-Джорджэс. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (7 лют.).
Дзяржаўны лад. Грэнада — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1974. Член Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, прадстаўлены генерал-губернатарам. Заканад. ўлада належыць парламенту (15 дэпутатаў), які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Востраў Грэнада (пл. 311 км²) гарысты (выш. да 840 м, гара Сент-Катэрын). На У невял. нізіна. Астравы Грэнадзіны пераважна нізінныя. Клімат субэкватарыяльны, пасатны, марскі. Сярэднямесячная т-ра паветра 25—28 °C. Ападкаў больш за 1500 мм (у гарах да 5000 мм) за год, дажджлівы перыяд май—кастрычнік. Шмат невял. рэчак і ручаёў. У гарах захаваліся вільготныя трапічныя лясы. Заказнік Гранд-Этан.
Насельніцтва. Пераважаюць негры (53%) і мулаты (42%). Невял. колькасць англічан, французаў, карэнных жыхароў — індзейцаў карыбаў. Паводле веравызнання пераважаюць католікі і англікане. Сярэдняя шчыльн. 267 чал. на 1 км², на ўзбярэжжах да 500—800 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 50% насельніцтва. Найбольшыя гарады: Сент-Джорджэс (каля 7,5 тыс.ж.), Гуяў, Грэнвіл, Вікторыя. Характэрна эміграцыя ў суседнія краіны.
Гісторыя. Найб.стараж. насельніцтва Грэнады — індзейцы аравакі — называлі в-аў Камахонь. У 15 ст. іх выцеснілі адсюль індзейцы карыбы. У 1498 востраў адкрыў Х.Калумб і назваў яго Кансепсьён. З 1650 каланізаваны французамі, якія стварылі тут плантацыйную гаспадарку, заснаваную на рабскай працы (рабоў прывозілі з Афрыкі). У Сямігадовую вайну 1756—63 на востраве высадзіліся англічане (1762), паводле Парыжскага мірнага дагавора 1763 ён стаў брыт. калоніяй і атрымаў назву Грэнада. У час вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83 востраў зноў захапіла Францыя (1778), аднак паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 уступіла яго Вялікабрытаніі. У вайну паміж Англіяй і Францыяй (пачалася ў 1794) на Грэнадзе ў 1795 адбылося антыангл. паўстанне пад кіраўніцтвам Ж.Федона (нац. герой Грэнады), задушанае брыт. войскамі. У 1834—38 тут скасавана рабства. У 1885—1958 Грэнада ў складзе брыт. калоніі Падветраныя астравы.
Ва ўмовах узмацнення мясц. руху за аўтаномію на чале з Э.Гейры (з 1950) калан. ўлады ўвялі ў Грэнадзе ўсеагульнае выбарчае права (1951) і абмежаваную аўтаномію (1958). У 1958—62 Грэнада ў складзе Вест-Індскай федэрацыі. З сак. 1967 «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава» з поўным унутр. самакіраваннем (прэм’ер-міністр Гейры). З 7.2.1974 незалежная дзяржава ў складзе брыт.Садружнасці. Напачатку яе прэм’ер-міністр Гейры (1974—79) прытрымліваўся нацыянал-рэфармісцкага курсу, потым устанавіў дыктатуру, што выклікала рэвалюцыю (сак. 1979). Новы ўрад на чале з М.Бішапам (1979—83) праводзіў палітыку дэмакратызацыі і дыверсіфікацыю эканомікі, наладзіў сувязі з сацыяліст. краінамі, у т. л. з Кубай. У кастр. 1983 узнік канфлікт сярод лідэраў кіруючай партыі Новы рух ДЖУЭЛ, што прывяло да ўзбр. сутыкнення, у час якога загінулі Бішап і шэраг яго міністраў. 25.10.1983 пад выглядам аднаўлення законнасці і бяспекі амер. грамадзян на Грэнадзе супраць краіны распачалі ваен. аперацыю ЗША. У ходзе яе востраў з ліст. 1983 да чэрв. 1985 акупіравалі амер. войскі. Пасля выбараў у снеж. 1984 створаны пераходны ўрад на чале з Х.Блейзам. У 1990 яго змяніў урад Н.Брэтвейта. З 1995 прэм’ер-міністр Грэнады — К.Мітчэл. Грэнада — чл.ААН (з 1974), брыт. Садружнасці, Арг-цыі амер. дзяржаў, Карыбскага супольніцтва, Лаціна-амер. эканам. сістэмы, удзельнічае ў Руху недалучэння. Дзейнічаюць Аб’яднаная лейбарысцкая партыя. Нац. партыя Грэнады, Патрыят. рух імя М.Бішапа, Нац.-дэмакр. кангрэс, Савет прафсаюзаў Грэнады.
Гаспадарка. Пераважае сельская гаспадарка і абслугоўванне турыстаў. Краіна спецыялізуецца на вытв-сці спецый: мускатнага арэха (каля 2 тыс.т штогод, 1/3сусв. вытв-сці), гваздзікі, карыцы, ванілі. Вырошчваюць таксама какаву, бананы, цукр. трыснёг, какосавую пальму, цытрусавыя, бавоўну, харч. культуры. На схілах гор гаі мускатнага арэха, ніжэй какавы, потым бананаў і інш. культур. Разводзяць буйн. раг. жывёлу, свіней, коз, авечак. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Ёсць прадпрыемствы па перапрацоўцы мускатных арэхаў (г. Гуйяў), копры, цукр. трыснягу, піваварны з-д, бавоўнаачышчальная, швейная, мэблевая ф-кі і інш. На востраве штогод бывае каля 100 тыс. турыстаў і адпачываючых пераважна з ЗША і Канады. Транспарт аўтамаб. (746 км дарог з цвёрдым пакрыццём) і марскі. Гал. порт Сент-Джорджэс. Паблізу міжнар. аэрапорт. Грэнада экспартуе мускатны арэх, какава-зярняты, бананы, гваздзіку, карыцу, ваніль, імпартуе харч. і прамысл. тавары. Асн.гандл. партнёры: ЗША, краіны Зах. Еўропы, суседнія краіны, Канада. Грашовая адзінка — усходнекарыбскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕ́ЗНЫ ВЕК,
апошняя (пасля каменнага і бронзавага вякоў) археал. эпоха ў гісторыі чалавецтва. якая характарызуецца пашырэннем металургіі жалеза і жал. вырабаў. Жалеза пазней за інш. металы (медзь, бронзу, волава) асвоена чалавекам з-за больш складанага вытв. працэсу. Асобныя рэчы з чыстага (метэарытнага) жалеза былі вядомы яшчэ ў 3—2-м тыс. да н.э. У 15 ст. да н.э. жалеза з бурага жалезняку выраблялі ў Месапатаміі і Егіпце, з 9 ст. да н.э. — у Кітаі і Індыі, у 8—7 ст. да н.э. — у Еўропе. Храналагічныя рамкі Ж.в. вызначаны ад 9—7 ст. да н.э., калі большасць плямён Еўропы і Азіі пачала здабываць і апрацоўваць жалеза, да ўзнікнення ў іх класавага грамадства і дзяржаў. У Зах. Еўропе ён падзяляецца на гальштацкі (900—600 да н.э.), латэнскі (500—100 да н.э.) і рымскі (да 3 50 н.э.) перыяды. Для ранняга Ж.в. характэрны пераход ад бронзы да жалеза. Гальштацкая культура была пашырана на тэр. Аўстрыі, Югаславіі, Паўд. Германіі, Паўд.-Зах. Чэхіі, Славакіі, Паўн. Францыі. Блізкай да гальштацкай была культура фракійскіх плямён, якія жылі на У Балканскага п-ва. На Пірэнейскім п-ве была пашырана іберыйская культура, у бас. Віслы і Одэра — лужыцкая культура. Для латэнскай культуры характэрна поўная перавага жал. прылад працы і зброі. На тэрыторыях, заваяваных Рымам, узнікла правінцыяльная рымская культура, паміж Паўночным м., Рэйнам, Дунаем і Эльбай — культура германскіх плямён, на У ад Одэра і Эльбы — пшэворская культура, якую даследчыкі звязваюць са слав. плямёнамі венедаў. У канцы Ж.в. ў славян і германцаў узнікаюць дзяржавы. Ва Усх. Еўропе найб. раннія жал. рэчы 10—9 ст. да н.э. выяўлены на ніжняй Волзе і Северскім Данцы. У 7 ст. да н.э. ў стэпах Паўн. Прычарнамор’я жылі скіфы; паміж Донам і Уралам у 8—3 ст. да н.э. — блізкія да іх па мове і культуры сарматы. У 2 ст.н.э. на тэр. Правабярэжнай Украіны іх змянілі плямёны чарняхоўскай культуры, у Левабярэжнай Украіне і на Доне — аланы. У Волга-Камскім бас., на правабярэжжы Волгі, верх. Волзе і Волга-Окскім міжрэччы жылі плямёны ананьінскай, п’янаборскай, дзякоўскай культур (гл. адпаведныя арт.). Жалеза адыграла вял. ролю ў развіцці прадукцыйных сіл. Зробленыя з яго прылады працы былі значна мацнейшыя за каменныя і бронзавыя. Узніклі ўмовы для накаплення матэрыяльных каштоўнасцей, паявілася маёмасная няроўнасць, паглыбіўся распад першабытнаабшчынных адносін, абвастрыліся супярэчнасці паміж родамі і плямёнамі. Гэта паспрыяла ўзнікненню прыватнай уласнасці, класаў і дзяржавы.
На тэр. Беларусі чорная металургія з’явілася ў 7—6 ст. да н.э. Жалеза здабывалі з балотнай руды ў невялікіх паўшарападобных печах-домніцах. Найб.стараж.жал. вырабы знойдзены на помніках мілаградскай культуры (Палессе, Верх. і Сярэдняе Падняпроўе). У носьбітаў штрыхаванай керамікі культуры і плямён днепра-дзвінскай культуры (бас. верх. Дняпра і сярэдняй Зах. Дзвіны) жалеза з’явілася ў канцы 1-га тыс. да н.э. З 3—2 ст. да н.э. да 1—2 ст.н.э. землі Палесся, Верх. і Сярэдняга Падняпроўя засялялі плямёны зарубінецкай культуры. У 2 ст. на тэр.бел. Падняпроўя і прылеглых да яго раёнаў жылі плямёны кіеўскай культуры. У зах. Палессі ў 2—4 ст.н.э. рассяліліся носьбіты вельбарскай культуры. У пераходны перыяд да сярэднявечча (5—6 ст.) на Пд Беларусі пашырылася пражская культура. У Сярэднім Падняпроўі склалася калочынская культура. У 5—7 ст. у Цэнтр., Паўн. Беларусі сфарміраваліся банцараўская культура і тушамлінская культура. Паводле археал. даследаванняў, плямёны Ж.в. на тэр. Беларусі знаходзіліся на стадыі развітога патрыярхату. Асн. адзінкай грамадства была вял. патрыярхальная сям’я, якая аб’ядноўвала 1—4 пакаленні бліжэйшых суродзічаў. Некалькі сем’яў складалі род, які валодаў пэўнай тэрыторыяй з паселішчам, умацаваным валамі і равамі (гл.Гарадзішча), пашай для жывёлы, апрацаваным полем. Пазней асн. формай паселішчаў стала неўмацаванае селішча. З пашырэннем ворыўнага земляробства ўзнікла асобная гаспадарка малой сям’і. Такія сем’і ўтваралі сельскую абшчыну, члены якой былі звязаны кругавой парукай, узаемнай адказнасцю за вынікі гасп. дзейнасці, захаваннем і размеркаваннем уласнасці, падтрыманнем норм традыц. права. Склаліся ўмовы для фарміравання пастаяннай дружыны. У 6—9 ст. адбываўся пераход да класавага грамадства. У працэсе разбурэння родаплемянных сувязей грамадства перайшло ад стадыі ваеннай дэмакратыі да феадалізму.
Літ.:
Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1. Мн., 1970;
Монгайт А.Л. Археология Западной Европы: Бронзовый и железный века. М., 1974;
Граков Б.Н. Ранний железный век: (Культуры Зап. и Юго-Вост. Европы). М., 1977.
Да арт.Жалезны век. Жалезныя сякеры 4—1 ст. да н.э. з гарадзішча Гарошкаў Рэчыцкага раёна Гомельскай вобл. і 3—1 ст. да н.э. з гарадзішча Звязда Лепельскага раёна Віцебскай вобл.Да арт.Жалезны век. Гліняны ляпны посуд 2 ст. да н.э. — 2 ст.н.э. з бескурганнага могільніка Вароніна Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобл. і ўпрыгожанні 6 ст. да н.э. — 1 ст.н.э. з гарадзішча Івань Слуцкага раёна Мінскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАПІ́ВА (сапр.Атраховіч) Кандрат Кандратавіч
(5.3.1896, в. Нізок Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 7.1.1991),
бел. драматург, паэт, празаік, мовазнавец, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1956). Акад.АН Беларусі (1950, чл.-кар. 1940), д-рфілал.н. (1953). Герой Сац. Працы (1975). Засл. дз. навукі Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1930). У 1913 у Мінску экстэрнам здаў экзамены на званне нар. настаўніка, у 1914—15 працаваў у Мнішанскім земскім нар. вучылішчы Мінскага пав. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1920—23 у Чырв. Арміі. У 1932—36 заг. аддзела час. «Полымя рэвалюцыі». Удзельнічаў у паходзе ў Зах. Беларусь (1939) і сав.-фінл. вайне (1939—40). У Вял.Айч. вайну працаваў у франтавых газетах «Красноармейская правда» і «За Савецкую Беларусь» (1941—42), рэдагаваў сатыр. газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну» (1943—45). З 1945 рэдактар час. «Вожык». З 1947 заг. сектара Ін-та мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. У 1956—82 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі, у 1982—89 у Ін-це мовазнаўства імя Я.Коласа АН Беларусі. Літ. дзейнасць пачаў у 1922. Супрацоўнічаў з газ. «Савецкая Беларусь», друкаваўся ў газ. «Беларуская вёска», часопісах «Чырвоны сейбіт», «Маладняк», «Узвышша», «Полымя рэвалюцыі» і інш. Першыя творы пераважна гумарыстычнага і сатыр. плана (зб-кі «Асцё» і «Крапіва», 1925). У іх высмейваў старыя парадкі і звычаі, выступаў гарачым прапагандыстам новага ўкладу жыцця, пісаў на модную ў 1920-я г.антырэліг., а таксама міжнар. тэмы. З сярэдзіны 1920-х г. асабліва плённа працаваў у жанры байкі, стварыў у бел. л-ры непераўзыдзеныя яе ўзоры: «Дзед і Баба», «Дыпламаваны баран», «Сава, Асёл ды Сонца», «Ганарысты парсюк», «Махальнік Іваноў» і інш. Сярод сатыр. вершаваных зб-каў «Байкі» (1927), «Пра нашых шкоднікаў, папоў ды ўгоднікаў», «Ухабы на дарозе» (абодва 1930). Значны ўклад К. ў развіццё сатыр.-гумарыстычнай паэмы («Шкірута», 1928; «Хвядос — Чырвоны нос», 1931). На высокім маст. узроўні яго сатыр.-гумарыстычныя апавяданні (зб-кі «Апавяданні», 1926; «Жывыя праявы», 1930). У сац.-быт. рамане «Мядзведзічы» (няскончаны, кн. 1-я, 1932) паказаў жыццё вёскі напярэдадні калектывізацыі. Паэт. і празаічныя творы К. насычаны дасціпным, часам грубаватым нар. гумарам, з’едлівай іроніяй, сарказмам. З 1933 найб. ўвагу аддаваў драматургіі. П’есы К. ўзнімалі актуальныя пытанні часу, шматпланава адлюстроўвалі тагачасную рэчаіснасць. Падзеі п’есы «Канец дружбы» (паст. БДТ-1, 1934) адбываюцца ў складаны перыяд калектывізацыі. драмы «Партызаны» (паст. БДТ-1, 1937) — у грамадз. вайну. У драмах «Проба агнём» (1943), «З народам» (абедзве паст.Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1948), «Людзі і д’яблы» (паст. т-рамі імя Я.Купалы і імя Я.Коласа, 1958) гераізм, самаахвярнасць людзей у Вял.Айч. вайну, глыбокі аналіз сац. і маральных вытокаў здрадніцтва. Пра пасляваен. жыццё вёскі распавядалася ў камедыі «Пяюць жаваранкі» (паст. т-рамі імя Я.Купалы і імя Я.Коласа, 1950; Дзярж. прэмія СССР 1951; аднайм. фільм па сцэнарыі аўтара 1953), праблемы жыхароў горада — у п’есе «Зацікаўленая асоба» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1953). Маральна-этычныя праблемы, выкрыццё праяў бездухоўнасці ў п’есе «На вастрыі» (паст. т-рам імя Я.Коласа пад назвай «Блытаныя сцежкі», 1983). Вяршыні драматург. творчасці К. — вострыя, надзённыя камедыі «Хто смяецца апошнім» (паст. БДТ-1, 1939; Дзярж. прэмія СССР 1941; аднайм. фільм па сцэнарыі аўтара 1954), «Мілы чалавек» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1945), «Брама неўміручасці» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1974; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1974), якія скіраваны супраць такіх негатыўных рыс чалавечага характару, як нахабства, кар’ерызм, абывацельшчына, невуцтва, бюракратызм. Драматургія К. адыграла вял. ролю ў развіцці бел.тэатр. мастацтва. Яго п’есы ішлі на сцэнах многіх т-раў СССР і за мяжой. Працаваў у галіне публіцыстыкі і літ. крытыкі. Аўтар прац па бел. лексікаграфіі, рэдактар «Руска-беларускага слоўніка» (т. 1—2, 2-е выд. 1982), «Беларуска-рускага слоўніка» (т. 1—2, 2-е выд. 1988—89), «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (1963) і інш. Пераклаў асобныя творы У.Шэкспіра, І.Крылова, Л.Астроўскага, Т.Шаўчэнкі, А.Міцкевіча і інш. Значны ўклад зрабіў у бел. мовазнаўства (Дзярж. прэмія СССР 1971 за комплекс работ па лінгвагеаграфіі). Імем К. названы Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—5. Мн., 1974—76;
Зб. твораў: У 6 т.Т. 1—2. Мн., 1997.
Літ.:
Семяновіч А. Кандрат Крапіва. Мн., 1956;
Казека Я. Кандрат Крапіва: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛЫ Я́НКІ ЛІТАРАТУ́РНЫ МУЗЕ́ЙЗасн. ў 1944 у Мінску, адкрыты 20.9.1945. Размяшчаўся ў будынку б. Дома прафсаюзаў (пл. Свабоды, 23), з 1950 — у б. доме Саюза пісьменнікаў Беларусі (вул. Энгельса, 21), з 1959 у спец. будынку, пабудаваным на месцы дома, дзе ў 1927—41 жыла сям’я Я.Купалы (вул. Я.Купалы, 4). Стваральнік і першы дырэктар музея — жонка Я.Купалы У.Ф.Луцэвіч. Пл. экспазіцыі 492 м². Захоўвае прадметы духоўнай і матэрыяльнай культуры (каля 35,2 тыс. адзінак, у т. л. 27,3 тыс. асноўнага фонду), звязаныя з жыццём і грамадскай дзейнасцю Я.Купалы. Кніжны фонд налічвае 6500 экз., у т. л. ўсе прыжыццёвыя выданні кніг Я.Купалы, 1111 кніг з Віленскай бібліятэкі-чытальні Даніловіча «Веды», дзе Я.Купала працаваў бібліятэкарам; перыяд. выданні 1905—42: газеты «Наша ніва» (1906—15), «Северо-Западный край» з першай публікацыяй верша «Мужык», «Наша доля», «Звон», «Рунь», «Беларусь», «Беларускае жыццё», «Голас Беларуса», «Наша думка», «Беларуская думка», асобныя нумары час. «Лучынка», «Саха», «Вольны шлях», «Маладняк», «Зоркі», «Малады араты», «Чырвоны сейбіт», «Беларускі каляндар» (1909—17) і інш., газеты і лістоўкі перыяду Вял.Айч. вайны і перыёдыка пасляваен. часу з творамі Я.Купалы; публікацыі пра яго на бел., рус., укр., груз., арм., літ., лат., славенскай, эст., балг., польск., чэш., англ., ням., франц., ісп., кіт. і інш. мовах свету, у т. л. кніга аднаго верша «А хто там ідзе?» на 83 мовах. Фонд рукапісаў Я.Купалы (больш за 1240 адзінак) захоўвае рукапісы твораў, аўтарызаваныя машынапісныя лісты, кнігі паэта з дарчымі надпісамі. У фотаархіве музея (3594 адзінкі) фотаздымкі Я.Купалы 1888—1942, яго родных, групавыя здымкі з пісьменнікамі, дзярж. і грамадскімі дзеячамі, сябрамі, знаёмымі і інш., а таксама фотаздымкі святаў паэзіі ў Мінску, Вязынцы, Ляўках, Акопах, вечароў у гонар паэта, купалаўскага фотапленэру, рэсп. і міжнар. Купалаўскіх чытанняў і інш.У кінафонавідэаархіве музея (каля 230 адзінак) фоназапісы выступленняў Я.Купалы, успамінаў пра паэта яго родных і блізкіх, бел., рас. і інш. пісьменнікаў, дзеячаў мастацтва і інш. Асобны раздзел фанатэкі складае муз.-літ. Купаліяна: песні і рамансы на словы паэта, драм. творы Я.Купалы ў выкананні артыстаў тэатраў, радыё і тэлебачання. Зберагаюцца дакумент. кадры кінахронікі пра жыццё і творчасць, пахаванне Я.Купалы ў 1942 у Маскве, перапахаванне ў 1962 у Мінску, кадры кіначасопісаў «Савецкая Беларусь», прысвечаных юбілеям Я.Купалы, кінафільмы «Янка Купала. Жыццё і творчасць», «Паўлінка», «Раскіданае гняздо» і інш., дыяфільмы «Янка Купала» (1955, 1982). З 1991 фарміруецца калекцыя відэастужак: фільм «Ніколі я не паміраў», запісы вечароў і тэлеперадач, прысвечаных Я.Купалу, спектакляў «Тутэйшыя», «Паўлінка» і інш. У фондзе выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (больш за 2000 адзінак, у т. л. больш за 1000 адзінак маст. Купаліяны) прыжыццёвыя партрэты паэта работы Дз.Полазава (1921), Я.Кругера (1923), працы, прысвечаныя Я.Купалу або сюжэтам з яго твораў, жывапісцаў С.Андруховіча, Г.Бржазоўскага, М.Гусева, А.Кроля, Х.Ліўшыца, З.Паўлоўскага, М.Савіцкага, П.Сергіевіча, У.Стальмашонка, І.Стасевіча, В.Цвіркі, Я.Ціхановіча, А.Шаўчэнкі і інш.; графікаў Э.Агуновіча, М. і У. Басалыгаў, А.Кашкурэвіча, Я.Куліка, М.Купавы, Я.Раманоўскага, В.Шаранговіча; скульптараў З.Азгура, А.Анікейчыка, А.Бембеля, А.Глебава, У.Летуна, М.Палякова і інш., работы самадз. майстроў. Зберагаюцца асабістыя рэчы, дакументы, узнагароды Я.Купалы, вырабы дэкар.-прыкладнога мастацтва (вазы, дэкар. талеркі, шкатулкі) з партрэтамі паэта і выявай помнікаў яму. У экспазіцыі макеты хаты ў Вязынцы, дзе нарадзіўся Я.Купала, дачы ў Ляўках, эскізы і макеты да драмы «Раскіданае гняздо», трагікамедыі «Тутэйшыя», камедыі «Паўлінка», оперы Р.Пукста «Машэка», п’есы У.Караткевіча «Калыска чатырох чараўніц» (пра юнацтва паэта), значкі і медалі, паштоўкі з выявамі Я.Купалы, купалаўскіх мясцін. Асобны фонд музея складае архіў У. Ф.Луцэвіч (3078 адзінак): дакументы, рукапісы, эпісталярная спадчына, фотаздымкі, яе асабістыя рэчы. Фонд ушанавання памяці Я.Купалы (1100 адзінак) захоўвае ўспаміны, артыкулы і вершы, прысвечаныя Я.Купалу. Супрацоўнікі музея праводзяць святы паэзіі, выстаўкі, дні музея ў вёсках, навук.рэсп. (з 1995 міжнар.) канферэнцыі «Купалаўскія чытанні». Па ініцыятыве музея створаны Міжнар. фонд Я.Купалы, які аб’ядноўвае даследчыкаў спадчыны паэта з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі, Англіі, ЗША. Музей падрыхтаваў і выдаў зб-кі матэрыялаў пра жыццё і дзейнасць паэта, матэрыялы міжнар. Купалаўскіх чытанняў, бібліяграфіі твораў Я.Купалы, успаміны, буклеты пра яго. Музей мае 4 філіялы: Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Вязынка», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Ляўкі», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Яхімоўшчына». На матэрыялах фондаў музея створаны Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка», Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі», музей-кватэра Я.Купалы ў Пячышчах (Татарстан, 1975), гісторыка-літ. музей «Над ракой Арэсай» у калгасе «Чырвоная змена» Любанскага р-на (1980), музеі ў школах імя Я.Купалы ў в. Сеніца Мінскага р-на (1982) і в. Бяларучы Лагойскага р-на (1998).
Літ.:
Літаратурны музей Янкі Купалы. Мн., 1981;
Святло Купалава Дому. Мн., 1998.
Ж.К.Дапкюнас.
Купалы Янкі літаратурны музей.Купалы Янкі літаратурны музей. Рабочы кабінет паэта.Купалы Янкі літаратурны музей. Фрагмент экспазіцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМА́ТЫКА (грэч. mathēmatikē ад mathēma веды, навука),
навука пра колькасныя адносіны і прасторавыя формы сапраўднага свету. Узнікла ў старажытнасці з практычных патрэб чалавека. У сувязі з развіццём і запатрабаваннямі тэхнікі і прыродазнаўства разнастайнасць колькасных адносін і прасторавых форм пастаянна пашыраецца і вызначэнне М. ўсё больш узбагачаецца. Паняцці М. абстрагаваныя ад якасных асаблівасцей з’яў і аб’ектаў, што надае агульнасць матэм. паняццям, дазваляе ўжываць іх да розных па сваёй прыродзе з’яў, да фіз., біял., тэхн. і інш. працэсаў. У М. шырока выкарыстоўваюцца працэсы абстрагавання розных ступеняў, а метады атрымання вынікаў заснаваны выключна на базе лагічных меркаванняў (законаў). Матэм. метады важныя ў механіцы, фізіцы, нябеснай механіцы. Выкарыстанне іх у біял. і гуманітарных навуках ажыццяўляецца пераважна праз кібернетыку (для гэтых навук істотнае значэнне мае матэматычная статыстыка). Важную ролю ў развіцці многіх галін навукі і тэхнікі адыгралі дыферэнцыяльныя ўраўненні і вылічальная матэматыка.
Пачатак развіцця М. адносяць да 6—5 ст. да н.э., калі сфармуляваны паняцці цэлага ліку, рацыянальнага дробу, адлегласці, плошчы, аб’ёму, створаны правілы дзеянняў з лікамі, вызначэння плошчаў фігур і аб’ёмаў цел (гл.Вавілона-асірыйская культура, Егіпет Старажытны, Грэцыя Старажытная). Назапашаны матэрыял паступова склаўся ў арыфметыку, вымярэнне плошчаў і аб’ёмаў садзейнічала станаўленню геаметрыі, метады арыфметычных вылічэнняў спарадзілі алгебру, а патрэбы астраноміі — трыганаметрыю. М. ў гэты перыяд яшчэ не была дэдуктыўнай навукай, а ўяўляла сабой збор правіл і прыкладаў рашэння асобных задач. Самастойнай навукай са сваім дакладна акрэсленым метадам і сістэмай асн. паняццяў М. становіцца да сярэдзіны 17 ст. Была створана дзесятковая сістэма лічэння (5 ст., Індыя), метад рашэння лінейных ураўненняў з 2 невядомымі. Узорам матэм. дэдуктыўна пабудаванай тэорыі стала эўклідава геаметрыя, з арыфметыкі паступова вылучылася лікаў тэорыя, створана сістэматызаванае вучэнне аб ліках і вымярэннях, фарміруецца паняцце сапраўднага ліку, развіваецца плоская і сферычная трыганаметрыя, уводзіцца паняцце трыганаметрычных функцый (гл. ў арт.Арабская культура). Значны ўплыў на развіццё М. зрабілі працы Піфагора Самоскага, Эўдокса Кнідскага, Эўкліда, Архімеда, Дыяфанта Александрыйскага, Герона Александрыйскага, Арыябхаты, Ф.Віета, Дж.Кардана і інш. У 17—18 ст. у М. ўводзяцца ідэі руху і змены ў форме пераменных велічынь і функцыянальнай залежнасці паміж імі, ствараецца аналітычная геаметрыя, дыферэнцыяльнае злічэнне, інтэгральнае злічэнне. У 18 ст. ўзнікаюць тэорыя дыферэнцыяльных ураўненняў, дыферэнцыяльная геаметрыя, варыяцыйнае злічэнне і інш. У 19 — пач. 20 ст. М. ўзнімаецца на новыя ступені абстракцыі, ствараюцца неэўклідавы геаметрыі. Развіццё М. гэтага перыяду звязана з імёнамі І.Ньютана, Г.В.Лейбніца, Р.Дэкарта, Б.Паскаля, П.Ферма, сям’і Бернулі, Ж.Л.Лагранжа, Н.Г.Абеля, Ж.Б.Ж.Фур’е, Э.Галуа, Я.Больяй, К.Ф.Гаўса, Г.Ф.Б.Рымана, К.Т.В.Веерштраса, Ж.Адамара, Ж.А.Пуанкарэ, Л.Эйлера, М.І.Лабачэўскага, П.Л.Чабышова, А.А.Маркава, М.В.Астраградскага, А.М.Ляпунова, У.А.Сцяклова і інш. У 20 ст. з’явіліся ці былі развіты новыя матэм. дысцыпліны і кірункі М.: праектыўная геаметрыя, мностваў тэорыя, функцыянальны аналіз, матэматычная логіка, груп тэорыя, імавернасцей тэорыя, тапалогія і інш. Лікавыя метады М. склалі яе самастойную галіну — вылічальную М., стымулявалі развіццё вылічальных машын. «Матэматызацыя» навукі, хуткае развіццё выліч. тэхнікі стымулявалі паяўленне такіх матэм. дысцыплін, як гульняў тэорыя, інфармацыі тэорыя, графаў тэорыя, дыскрэтная матэматыка, тэорыя аптымальнага кіравання. Значным укладам у М. былі працы Н.Бурбакі, Г.Кантара, М.У.Келдыша, А.М.Калмагорава, М.М.Крылова, М.М.Багалюбава, М.А.Лаўрэнцьева, Л.С.Пантрагіна і інш.
На Беларусі даследаванні па М. пачаліся ў 1920-я г., праводзіліся ў БДУ, БСГА, АН Беларусі, Віцебскім пед. ін-це і інш.Асн. кірункамі даследаванняў былі: дыферэнцыяльныя ўраўненні; геаметрыя, алгебра; тэорыі функцый рэчаіснай і комплекснай пераменных; лікавыя і графічныя метады, набліжаныя метады ў алгебры; тэорыя імавернасцей і матэм. статыстыка, матэм. апрацоўка вынікаў вымярэнняў; матэм. фізіка, матэм. метады ў механіцы; метадалогія навукі, філас. пытанні М. Ішло стварэнне бел. навуковай тэрміналогіі. У пасляваен. гады цэнтрам матэм. даследаванняў сталі Інстытут матэматыкіНац.АН Беларусі, БДУ. Асн. кірункі даследаванняў: алгебра, выліч. матэматыка, геаметрыя, дыферэнцыяльныя і інтэгральныя ўраўненні, матэм. кібернетыка, тэорыя лікаў, матэм. фізіка, праграмнае забеспячэнне ЭВМ, функцыянальны аналіз. Дасягненні бел. матэматыкаў у гэтых кірунках атрымалі міжнар. прызнанне. Значны ўклад у развіццё М. на Беларусі зрабілі М.П.Яругін, У.І.Крылоў, С.А.Чуніхін, Ф.Дз.Гахаў, Дз.А.Супруненка, Я.А.Барбашын, У.Г.Спрынджук і інш. У Мінску выдаюцца часопісы: «Дифференциальные уравнения» (з 1965), «Весці Нац.АН Беларусі. Сер. фіз.-матэм. навук» (з 1965; гл.«Весці Акадэміі навук Беларусі»), «Веснік БДУ. Сер. 1. Фізіка. Матэматыка. Механіка» (з 1969; гл.«Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта»), «Труды Института математики Нац.АН Беларуси» (з 1998). Створана Бел.матэм.т-ва (1993).
Літ.:
Математика, ее содержание, методы и значение. Т. 1—3. М., 1956;
Курант Р., Роббинс Г. Что такое математика?: Пер. с англ. 2 изд. М., 1967;
Рыбников К.А. История математики. 2 изд. М., 1974;
Бурбаки Н. Очерки по истории математики: Пер. с фр.М., 1963;
Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики: Пер. с нем. 3 изд. М., 1978;
История математики с древнейших времен до начала XIX столетия. Т. 1—3. М., 1970—72;
История отечественной математики. Т. 1—4. Киев, 1966—70.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ЗЫКА (ад грэч. musikē літар. мастацтва муз),
від мастацтва, у якім маст. вобразы ўвасабляюцца лагічна абумоўленай паслядоўнасцю гукаў і іх спалучэнняў. Падпарадкаваныя вышынным і часавым суадносінам, яны ўтвараюць гукавыя сістэмы, што грунтуюцца на законах акустыкі і фізіялогіі слыху. Сродкі муз. выразнасці: інтанацыя, лад, гармонія, рытм, метр, тэмп, тэмбр, інструментоўка, артыкуляцыя, дынаміка, агогіка і інш. Разгортванне М. ў часе — дыялектычны працэс, у якім узнікаюць пачатковыя муз. пабудовы (матыў, фраза, сказ, перыяд і інш.) і больш складаныя структуры (гл.Форма музычная). Будова кожнага муз. твора спалучае тыповае і індывідуальна-своеасаблівае. М. можа разгортвацца ў адна- (манодыя) і шматгалосым (поліфанія, гамафонія) гучанні, выкладзеным у адпаведнай фактуры. Ва ўвасабленні маст. вобразаў магчымы спалучэнні М. з паэзіяй (вак. музыка, меладэкламацыя) і інш. відамі мастацтва (опера, балет, аперэта, кіно, драм.т-р, тэлебачанне і інш.). Паводле характару драматургіі і прызначэння адрозніваюць М. оперную, сімф., камерную, харавую, ваенна-духавую і інш.; больш дробныя іх жанравыя разнавіднасці: у оперы — seria, buffa, муз. драма, у сімф. М. — сімфонія, сюіта, уверцюра, паэма; у камернай — саната, раманс і інш. Як від мастацтва М. ўключае 2 творчыя акты, што знаходзяцца ў непарыўнай сувязі: кампазіцыю (стварэнне) і выкананне. Паводле спосабу выканання М. падзяляюць на інстр. і вакальную; для аднаго выканаўцы (сола), некалькіх (ансамбль), пэўнага складу інструментаў (аркестр) або галасоў (хор). Тэкст муз. твора, указанні выканаўцам і інш. фіксуюцца нотным запісам (гл.Нотнае пісьмо, Ноты). Сукупнасцю заканамернасцей вобразна-эмацыянальнага зместу і маст. сродкаў вызначаецца муз.стыль. Кожны муз. стыль (класіцызм, рамантызм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм і інш.) — з’ява грамадска-гістарычная. Паняцце «стыль» выкарыстоўваюць і ў дачыненні да пэўнай нац. М. (італьянскі, рускі), да творчасці асобнага кампазітара. Вывучае М. музыказнаўства.
У першабытным грамадстве М. мела дапаможнае значэнне, была неад’емнай ад прац. працэсаў і магічных дзействаў, сінкрэтычна звязаная з паэзіяй і танцам. Паступова, у непарыўнай сувязі з эвалюцыяй форм працы і побыту вылучалася як асобны від мастацтва. Краіны стараж. цывілізацый (Егіпет, Грэцыя, Рым, Кітай, Індыя) мелі развітое муз. мастацтва, у т. л. прафесійнае. У сярэдневяковай Еўропе інтэнсіўна развівалася песенная, інстр.быт. і прафесійная М. Напачатку цэнтрамі прафес. М. былі саборы і манастыры. У краінах Усходу актывізавалася прыдворнае і быт. музіцыраванне. Паваротны этап у станаўленні еўрап. М. — эпоха Адраджэння, калі расквітнелі жанры месы, матэта, мадрыгала, рэквіема, напісаныя ў традыцыях поліфаніі «строгага стылю», зарадзіліся многія жанры М., у т. л. опера, араторыя, кантата, пачала складвацца сістэма прафес.музычнай адукацыі, удасканальвалася нотнае пісьмо. У 1-й пал. 18 ст. дасягнула кульмінацыі мастацтва поліфаніі (І.С.Бах). У 18 ст. сфарміраваліся асновы класічнай гармоніі, оперныя і інстр. формы, у т. л. сімфонія, канцэрт, саната, выпрацаваўся класічны склад аркестра, зарадзіліся нац.муз. школы. Уздым муз. творчасці звязаны з антыфеадальным дэмакр. рухам (Бах, Г.Ф.Гендэль, К.В.Глюк, І.Гайдн, В.А.Моцарт), з франц. рэвалюцыяй 1794, ідэі якой яскрава ўвасоблены ў творчасці Л.Бетховена. Класіцызм, рамантызм, інш. стылявыя плыні, а таксама нац. школы, што складваліся на аснове нац.муз. традыцый, узбагачалі сусв.муз. культуру. Найб. значныя дасягненні нац. школ у 19 ст. звязаны з творчасцю Ф.Шуберта (Аўстрыя), К.М.Вебера, Р.Шумана, І.Брамса, Р.Вагнера (Германія), Г.Берліёза, Ж.Бізэ (Францыя), Дж.Расіні, Дж.Вердзі (Італія), Ф.Шапэна, С.Манюшкі (Польшча), Ф.Ліста, Ф.Эркеля (Венгрыя), Э.Грыга (Нарвегія), А.Дворжака, Б.Сметаны (Чэхія). Вял. роля ў развіцці М. належыць рус.нац. школе, станаўленне і росквіт якой прыпадае на 19 ст. (М.Глінка, А.Даргамыжскі, М.Балакіраў, А.Барадзін, М.Мусаргскі, М.Рымскі-Корсакаў, П.Чайкоўскі, С.Танееў, А.Глазуноў і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў зах.-еўрап. М. сфарміраваліся новыя тэндэнцыі, у выніку якіх адбылася дыферэнцыяцыя аўтарскіх стыляў, у т. л.імпрэсіянізм (К.Дэбюсі, М.Равель), верызм (П.Масканьі, Р.Леанкавала), неарамантызм (Г.Малер, Р.Штраус) і інш. Значнае месца ў гэтым рэчышчы займае творчасць рус. кампазітараў А.Скрабіна, І.Стравінскага. Глыбокія змены адбыліся ў гукавышынных сістэмах (Б.Бартак, А.Анегер, Ф.Пуленк, К.Орф, К.Шыманоўскі, Л.Яначак, Б.Марціну, Б.Брытэн, А.Шонберг, А.Веберн, Ч.Айвз, А.Месіян і інш.), што абумовіла існаванне разнастайных стылявых плыняў у М. 20 ст. Традыцыі рус. кампазітарскай школы развівалі Глазуноў, С.Рахманінаў, М.Метнер, С.Пракоф’еў, Дз.Шастаковіч, М.Мяскоўскі, Г.Свірыдаў, Р.Гліэр, А.Хачатуран, Ц.Хрэннікаў і інш. Значнае месца ў сусв.муз. мастацтве займае творчасць Р.Шчадрына, Э.Арцем’ева, С.Сланімскага, Э.Дзянісава, А.Шнітке, С.Губайдулінай. Пра гісторыю развіцця нац. М. гл. раздзелы Музыка ў арт. пра дзяржавы, напр., пра бел. М. ў арт.Беларусь.
Літ.:
Ливанова Т.Н. История западноевропейской музыки до 1789 г. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1982—83;
Яе ж. Из истории музыки и музыкознания за рубежом. М., 1981;
Грубер Р.И. История музыкальной культуры. Т. 1—2. М.; Л., 1941—59;
История русской музыки: В 10 т. Т. 1—6. М., 1983—89;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАКЛА́Д МАСТА́ЦКІ,
від літаратурна-мастацкай творчасці; узнаўленне твора выяўленчымі сродкамі другой мовы; літ. твор, што з’яўляецца семантычна-стылістычным адпаведнікам ідэйна-вобразнай структуры якога-небудзь іншамоўнага твора (арыгінала). Ад інш. відаў перакладу (грамадска-паліт., навук., тэхн., ваеннага) П.м. адрозніваецца сваёй творчай сутнасцю. Перакладны маст. твор — і не даслоўная копія арыгінала, і не цалкам новы твор, а «нешта трэцяе» (А.Кундзіч), што стаіць на памежжы двух л-р — у якой узнік і ў якой пачынае новае жыццё. Паводле характару стаўлення да арыгінала падзяляецца на: аўтарскі — аўтапераклад, здзейснены самім аўтарам арыгінала, пэўныя адступленні ад яго прадвызначаны аўтарскай воляй; аўтарызаваны — ухвалены і падпісаны аўтарам; вольны — з наўмыснымі адступленнямі ад сэнсу ці форм арыгінала; паслоўны — пераклад «слова ў слова», без належнага ўзнаўлення сэнсу выказвання; падрадковы — паслоўны пераклад вершаў без захавання іх формы (рытму, рыфмаў і інш.); дакладны, або рэалістычны — найб. пашыраны, плённы і мэтазгодны. Дакладны П.м. мае на мэце беражлівае стаўленне да арыгінала, захаванне яго ідэйна-вобразнай структуры, асн. стылёвых рыс і нац. адметнасцей, каб «унутранае жыццё перакладзенага выказвання адпавядала ўнутранаму жыццю арыгінальнага» (В.Бялінскі).
У П.м. твор робіць на чытача такое ж уражанне, як і ў арыгінале. На характар і ўзровень П.м. ўплываюць ступень развітасці нац. л-ры, распрацаванасць літ. мовы, багацце перакладчыцкіх традыцый, моўная, этнагр.-бытавая, культ., паліт. і інш. блізкасць народаў, паміж якімі ён адбываецца. Перакладаць з блізкіх моў не лягчэй, чым з далёкіх, бо ўзнікае шэраг спецыфічных цяжкасцей, звязаных з міжмоўнай аманіміяй, гіпнозам арыгінала, працай перакладчыка «на віду» ў чытача, які можа параўнаць пераклад з вядомым яму арыгіналам, і інш. П.м. мае канкрэтна-гіст. характар: перакладчык выступае і як творчая індывідуальнасць, і як прадстаўнік пэўнага часу, краіны, грамадскага асяроддзя. Ён павінен валодаць навыкамі вучонага-літ.-знаўца і талентам арыгінальнага творцы, мовай арыгінала, ведаць творчасць пісьменніка, якога перакладае. Таму магчыма існаванне многіх П.м. аднаго твора на пэўную мову. Найб. складаны П.м. паэзіі: узнаўленне рытмічнага малюнка арыгінала (эквіметрычнасць), характару рыфмаў і рыфмоўкі (эквірыфменнасць), захаванне колькасці і парадку радкоў (эквілінеарнасць), цяжкасці, звязаныя з «адзінствам і цеснатой вершаванага рада» (Ю.Тынянаў), перадачай паэт. тропікі і інш.
П.м. вядомы са старажытнасці. У сярэднявеччы перакладалі пераважна Біблію і інш.рэліг. кнігі, у эпоху Адраджэння — творы ант. л-ры. У Расіі П.м. пачаў развівацца з 18 ст. (В.Традзьякоўскі, М.Ламаносаў і інш.). У 19 — пач. 20 ст. як перакладчыкі вызначаліся В.Жукоўскі, М.Гнедзіч, А.Пушкін, А.Блок, В.Брусаў і інш. Іх традыцыі развілі Л.Гінэбург, М.Лазінскі, В.Левік, М.Любімаў, С.Маршак, Я.Хелемскі і інш.
На Беларусі П.м. пачаў Ф.Скарына, які пераклаў і надрукаваў на старабел. мове 23 кнігі Бібліі (1517—19). Кіруючыся асветніцкімі мэтамі, ён адмовіўся ад традыц. пры перакладзе Бібліі літаралізму, уносіў у яе тэкст пэўныя змены (ужываў вобразы з вусна-паэт. творчасці, прымаўкі, устаўляў уласныя вершы, дадаваў свае прадмовы і пасляслоўі і інш.). Традыцыі Скарыны развівалі С.Будны, В.Цяпінскі, ананімныя перакладчыкі жыцій («Жыціе святой Марыны»), апокрыфаў («Страцім-птах», «Пра дванаццаць пакутаў»), аповесцей рэліг. зместу («Аповесць пра трох каралёў»), рыцарскіх раманаў («Александрыя», «Аповесць пра Трышчана»), гіст. аповесцей («Гісторыя пра Атылу», «Аповесць пра Скандэрбега») і інш. Новы перыядбел. П.м. пачынаецца з 19 ст. разам з узнікненнем новай бел. л-ры. Яго пачынальнік — В.Дунін-Марцінкевіч, які ўзнавіў па-беларуску «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча (1859, захаваўся часткова). А.Вярыга-Дарэўскі, А.Гурыновіч, Я.Лучына, М.Косіч, А.Ельскі і інш. развівалі пераважна вольны П.м. Асновы бел. дакладнага П.м. заклалі Я.Купала (пераклаў «Слова пра паход Ігаравы», паэзію А.Міцкевіча, Т.Шаўчэнкі, М.Някрасава, У.Сыракомлі, М.Канапніцкай), М.Багдановіч (упершыню даў на бел. мове ўзоры ант. лірыкі, класічнай ням., франц. і бельг. паэзіі, і інш.), Я.Колас (пераклаў «Палтаву» А.Пушкіна, «Дэмана» М.Лермантава, многія творы Шаўчэнкі). П.м. развівалі і ўзбагацілі П.Броўка, Ю.Гаўрук, П.Глебка, У.Дубоўка, А.Дудар, А.Зарыцкі, А.Куляшоў, П.Макаль, Я.Семяжон. М.Танк, Ю.Таўбін, К.Чорны, а ў наш час Р.Барадулін, Я.Брыль, Н.Гілевіч, А.Лойка, М.Лужанін, Н.Мацяш, В.Сёмуха, Я.Сіпакоў, і інш. Іх пераклады і інш. перакладныя творы выдаваліся асобна і ў серыйных выданнях («Проза народаў СССР», «Паэзія народаў СССР», «Паэзія народаў свету», зб-ках «Братэрства», «Далягляды» і інш.). У 1970 Куляшову (за пер. кніг «Выбраная паэзія» Лермантава, «Энеіда» І.Катлярэўскага, «Спеў аб Гаяваце» Г.Лангфела), у 1976 Барадуліну (за зб. «Рум» і пер.выбр. лірыкі Ф.Гарсія Лоркі «Блакітны звон Гранады»), у 1980 Гілевічу (за зб. паэзіі «У добрай згодзе» і перакладчыцкую дзейнасць), у 1982 Семяжону (за пер. паэмы «Песня пра зубра» М.Гусоўскага) прысуджаны Дзярж. прэміі Беларусі імя Я.Купалы. Творы бел. пісьменнікаў перакладзены на многія мовы народаў свету. Хелемскаму за пераклад твораў бел. л-ры (Броўкі, Куляшова, П.Панчанкі, М.Танка) на рус. мову ў 1980 прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАСЯЛЕ́НСТВА,
перамяшчэнне сельскага насельніцтва ў Рас. імперыі ў сярэдзіне 18 — пач. 20 ст. на пастаяннае жыхарства ў маланаселеныя ўскраінныя рэгіёны, выкліканае агр. перанасяленнем і аграрным крызісам; адзін з відаў міграцыі насельніцтва і асн. сродак унутр. каланізацыі. У познім феадалізме адбывалася пераважна стыхійна, без афіц. дазволу ўлад. Значную частку перасяленцаў складалі збеглыя прыгонныя. З сярэдзіны 18 ст. да засялення пустуючых зямель прыцягваліся замежныя каланісты, гал.ч. немцы, балгары, малдаване, грэкі, армяне. З канца 18 ст. ўрад прымаў захады да рэгулявання П. У 1-й пал. 19 ст. П. дзярж. сялян займалася Мін-вадзярж. маёмасцей, якое перасяліла каля 170 тыс. рэвізскіх душ (400 тыс.чал.). Пасля паўстання 1830—31 на казённыя землі Паўн. Каўказа і Пд Украіны пераселены тысячы аднадворцаўзах. губерняў. Пасля адмены прыгону мабільнасць сялянства павялічылася. Паскарэнне развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы пры захаванні рэшткаў прыгонніцтва (панскія латыфундыі, цераспалосіца, адработкі, выкупныя плацяжы і інш.) вяло да пралетарызацыі і паўперызацыі масы сялян, якія складалі асн. кантынгент губерняў Еўрап. Расіі са слабаразвітой прамысловасцю. З другога боку, захаванне часоваабавязаных адносін у былой панскай вёсцы большасці рэгіёнаў Еўрап. Расіі ў 1860—70-я г. тармазіла П. Зыходзячы з інтарэсаў памешчыкаў, царскі ўрад імкнуўся ўтрымаць сялян на месцы, каб забяспечыць землеўладальнікаў таннай рабочай сілай або кантынгентам арандатараў. На Беларусі і ў Літве гэта палітыка праводзілася асабліва паслядоўна ў сувязі з імкненнем царызму захаваць т.зв. «рускі элемент» — карэннае правасл. насельніцтва. На Беларусі ў 1860—90-я г. і першыя гады 20 ст.мясц. ўлады, як правіла, выступалі супраць П. У такіх умовах сяляне вымушаны былі перасяляцца гал.ч. самавольна. Рост сял. руху, рэв. сітуацыя ў краіне на мяжы 1870—80-х г. прымусілі ўрад прызнаць П. як непазбежную сац. з’яву. 10.7.1881 зацверджаны «Часовыя правілы» аб П., паводле якіх перасяленцаў вызвалялі ад неабходнасці падачы прыёмных прыгавораў сельскай грамады. а нядоімкі падаткаў пераводзілі на новае іх месца жыхарства. Закон ад 13.7.1889 ускладніў выдачу дазволаў на перасяленне. Аднак у сувязі з ростам стыхійнага П. і неабходнасцю каланізацыі рэгіёна Сібірскай чыгункі, што будавалася, 15.4.1896 уведзены закон, які спрашчаў парадак выдачы дазволаў па перасяленне і прадугледжваў ільготны праезд перасяленцаў па чыгунцы. Быў узаконены інстытут хадакоў, створана Перасяленчае ўпраўленне. Усё гэта рэзка павялічыла прыток перасяленцаў у Сібір, на Д. Усход і ў Сярэднюю Азію; у 1883—1905 сюды перасялілася 1,6 млн.чал.Бел. сяляне ў 1860-я г. перасяляліся пераважна на вольныя землі Паўд. Украіны, Кубані, стэпавага Заволжа, Паўд. Урала. Перасяленчы рух паскораны неўраджаямі 1865, 1867, 1868. У 1870-я г. маштабы П. скараціліся. Паводле прыменшаных афіц. звестак у гэты перыяд перасяленцы адыходзілі пераважна з Магілёўскай і Віцебскай губ. — адпаведна да 200 і 50 чал. за год. Паводле перапісу насельніцтва 1897 з 5 зах. губерняў налічвалася 511,2 тыс. перасяленцаў, 89,6% іх перасялілася ў еўрап. рэгіёны.
Беларусь належала да рэгіёнаў, дзе ўзровень П. быў ніжэйшы за сярэднія паказчыкі, што тлумачылася палітыкай асобага стрымлівання перасяленняў. У 1897 перасяленцы з 5 зах. губерняў складалі 6% народанасельніцтва, а па краіне гэты паказчык быў 9,4%. На долю перасяленцаў зах. губерняў прыпадала 7% перасяленцаў па Еўрап. Расіі і 4,3% — па ўсёй імперыі. З пачаткам сталыпінскай аграрнай рэформы перасяленні сталі свабоднымі. Урад заахвочваў П. беззямельных і малазямельных сялян на ўскраіны дзяржавы, спадзеючыся такім чынам згладзіць вастрыню малазямелля ў цэнтры і ўзмацніць землеўладанне кулакоў за кошт надзелаў перасяленцаў. У 1906—14 іх колькасць у Сібіры, на Д. Усходзе і ў Сярэдняй Азіі дасягнула (без зваротных перасяленцаў) 3,3 млн.чал. Усяго з Еўрап. Расіі за 1861—1917 за Урал выехала (без тых, хто вярнуўся) каля 5,3 млн.чал. У 1907—14 з 5 зах. губерняў у Сібір і на Д. Усход перасялілася 335,4 тыс.чал., з іх 240,8 тыс. (71,8%) прыпадала на Магілёўскую і Віцебскую губ. Аднак за 1907—14 у 5 зах. губернях назад вярнулася 36,5 тыс.чал., ці 10,9% перасяленцаў. П. садзейнічала скарачэнню кабальных форм найму і адпрацовак у панскай гаспадарцы на месцах выхаду, паскарэнню яго перабудовы на капіталіст. пачатках, а таксама развіццю капіталізму ў рэгіёнах прыходу, вяло да абвастрэння барацьбы паміж сялянствам і памешчыкамі, вясковай беднатой і сял. буржуазіяй. Пасля Кастр.рэв. 1917 П. саступіла месца дзярж. планаваму асваенню аддаленых і малазямельных рэгіёнаў краіны.
Літ.:
Скляров Л.Ф. Переселение и землеустройство в Сибири в годы столыпинской аграрной реформы. Л., 1962;
Верещагин П.Д. Крестьянские переселения из Белоруссии (вторая половина XIX в.). Мн., 1978;
Сямейных З.М. Міграцыя беларускага сялянства ў гады сталыпінскай аграрнай рэформы (1906—1914 гг.) // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1982. № 4;
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ РАЁН Размешчаны на Пд Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940
(у сучасных межах з 1962). Пл. 3,2 тыс.км². Нас. 61,3 тыс.чал. (2000),
гарадскога 4,5%. Сярэдняя шчыльн. 19 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Пінск. Уключае г.п.Лагішын, 179 сельскіх нас. пунктаў, Лагішынскі пасялковы Савет, 24 сельсаветы: Аснежыцкі, Ахоўскі, Барычавіцкі, Бобрыкаўскі, Бярозавіцкі, Валішчанскі, Гарадзішчанскі, Дубайскі, Загародскі, Калавуравіцкі, Лапацінскі, Ласіцкі, Лемяшэвіцкі. Лышчанскі, Малоткавіцкі, Мерчыцкі, Навадворскі, Парахонскі, Парэцкі, Пінкавіцкі, Плешчыцкі, Сошненскі, Ставоцкі, Хойнаўскі. Паўднёвая ч. раёна пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Большая ч. тэрыторыі ў межах Прыпяцкага Палесся, зах. — узвышанай раўніны Загароддзе. Паверхня пераважна плоская, забалочаная, 75% яе ніжэй за 150 м. Найвыш. пункт 174 м (за 2 км на Пд ад в. Мерчыцы) Карысныя выкапні: торф, гліны і суглінкі, ляскі, мел. Сярэдняя т-растудз. -5,2 °C, ліп. 18,6 °C. Аладкаў 573 мм за год. Вегетац.перыяд 201 сут. Найб.р. Прыпяць і яе прытокі Піна, Ясельда з Мерачанкай і Мышшу, Бобрык 1-ы з Вісліцай, Стыр. Найб. азёры: Палескае возера (Гарадзішча), Пагосцкае возера, Кончыцкае, Семяховічы, Вылазскае; вадасх.: Пагост, Жыдча; каналы: ч. Дняпроўска-Бугскага, Агінскага, Ясельдаўскага, Дубаўскі. Пераважаюць глебы: тарфяна-балотныя (38,2%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (18,3%), дзярновыя і дзярнова-карбалатныя забалочаныя (18,2%), поймавыя (алювіяльныя) забалочаныя (13,4%), дзярнова-падзолістыя (11,7%). Пад лесам 32% тэр. раёна; пераважаюць хваёвыя, ёсць бяроза, дуб, чорная вольха, граб, асіна, ясень. Пад балотамі 43 520 га (13,6%). Найб балоты: Хварашчанскае, Гарадзішчанскае, Дубнік, Жук, Дамашыцы, Панцялеева (ч. з іх уваходзіць у Пінскія балоты). На тэр. раёна заказнікі рэсп. значэння: ландшафтныя — Прастыр, Сярэдняя Прыпяць (часткова), біял.Тырвовічы; мясц. значэння: біял. — Ступскае, мікразаказнікі біял. — Ізін, Кончыцы, Падмосце, Тур, Ермакі; ахоўныя тарфянікі: Булгары, Вуйвічы, Гарадзішчанскае, Дамашыцы, Дублік, Сляпоўскае. Помнікі прыроды рэсп. значэння: парк у в. Парэчча, насаджэнне піхты белай у парку в. Дубай.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 130,1 тыс.га, з іх асушаных 81,7 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 27 калгасаў, 3 саўгасы, 21 фермерская гаспадарка, с.-г.калект. прадпрыемства «Ніва», гасп. прадпрыемства «Паўднёвае» па вытв-сці свініны, рыбгас «Палессе», зверагаспадарка Белкаапсаюза, с.-г. прадпрыемства «Беларускія журавіны», Пінскае дзярж. прадпрыемства па буд-ве і эксплуатацыі меліярац. і водагасп. сістэм, адкрытыя акц. т-вы «Пінскае аўтатранспартнае прадпрыемства», «Пінская сельгастэхніка», «Пінскі райаграпрамзап». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вытв-сці збожжа і цукр. буракоў, вырошчваюць кармавыя культуры, бульбу, лён, агародніну. Прадпрыемствы харч. (лікёра-гарэлачныя вырабы, віны, вінныя і безалкагольныя напіткі, піва, кандытарскія вырабы, кісель, крухмал), металаапр., кааператыўнай, швейнай прам-сці; лясгас (піламатэрыялы, дзелавая драўніна), вытв.-гандл. прадпрыемства «Медтэхніка» (мед. абсталяванне). Па тэр. раёна праходзяць: чыг. Брэст—Лунінец, аўтадарогі Брэст—Гомель, Брэст—Мінск—Лунінец, Івацэвічы—Лагішын—Пінск—Столін, Ганцавічы—Пінск. У раёне 30 сярэдніх, 27 базавых, 6 пачатковых, 6 муз., 1 спарт. школы, спецшкола-інтэрнат, завочная школа, с.-г. тэхнікум, СПТВ, цэнтр пазашкольнай работы, дзіцячая турыстычная база, дзіцяча-юнацкі клуб фізічнай падрыхтоўкі, 36 дашкольных устаноў, у т. л. 2 садкі-школы, 74 б-кі, 78 клубаў, 11 бальніц, 2 псіханеўралагічныя інтэрнаты, 4 амбулаторыі, 54 фельч.-ак. пункты, дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Світанак», санаторый «Ясельда», турыстычны цэнтр «Палессе». Музеі: літаратурныя А.Блока (в. Лапаціна), Я.Янішчыц (в. Парэчча), Я.Коласа (в. Пінкавічы); этнаграфіі (в. Жабчыцы), гіст.-краязнаўчы (г.п. Лагішын). Арх. помнікі: цэрквы — Раства Багародзіцы (1758) у в. Ахова, Ушэсця (канец 18 ст.) у в. Боркі, Пакроўская (1878) у в. Бярозавічы, Прачысценская (1720) у в. Востраў, Ільінская (1788) у в. Вуйвічы, Раства Багародзіцы (1787) у в. Вылазы, Раства Багародзіцы (1826) у в. Вяляцічы, Троіцкая (18 ст.) у в. Дабраслаўка, Раства Багародзіцы (1811) у в. Дубай, Параскевы Пятніцы (1788) у в. Жабчыцы, Мікалаеўская (сярэдзіна 19 ст.) у в. Камень, царква (19 ст.) у в. Кашэвічы, Мікалаеўская (1892) у в. Купяцічы, Раства Багародзіцы (1885) у в. Лемяшэвічы, Троіцкая (1875) у в. Месткавічы, Параскевы Пятніцы (1794) у в. Мясяцічы, св. Кірылы і Мяфодзія (2-я пал. 19 ст.) у в. Пагост-Загародскі, Раства Багародзіцы (1888) у в. Парахонск, Раства Багародзіцы (1912) у в. Парэчча, Пакроўская (1830) у в. Пінкавічы, Ушэсця (1855) у в. Ставок, Пакроўская (1856) у в. Тырвовічы; манастырскі будынак (канец 18 ст.) у в. Гарадзішча, касцёл Ўзвіжання св. Крыжа (18 ст.) у в. Дубай, капліцы (19 ст.) у в. Болгары, Дубай, Каўбы, Ласіцк, Чухава; сядзіба (1920-я г.) у в. Заполле, паркі сярэдзіны 18 ст. ў в. Дубай, 1-й пал. 19 ст. ў в. Парэчча, 19 ст. ў в. Сташаны; сядзібныя дамы (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Заполле, Паўтаранавічы; сінагога і будынак Талмуду-Торы (пач. 20 ст.) у в. Пагост-Загародскі. Выдаецца газ. «Полесская правда».
Літ.:
Свод памятников истории и культуры Белоруссии: Брестская обл. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКУЛЯРЫЗА́ЦЫЯ (франц. sécularisation ад позналац. saecularis свецкі),
1) адчужэнне царкоўнай маёмасці на карысць дзяржавы. Праводзілася ў розных краінах свету з мэтай паслаблення эканам. магутнасці і паліт. ролі царквы ў дзяржаве.
На Беларусі ажыццяўлялася ў 18 — пач. 20 ст. У Рас. імперыі ўрад Кацярыны II адабраў у правасл. царквы населеныя маёнткі ў 1760-я г. Аднак на землях Беларусі, далучаных у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай, царызм не рашаўся ісці на абвастрэнне адносін з моцным і ўплывовым каталіцкім клірам, таму тут канфіскацыя маёнткаў у духавенства абмежавалася толькі агульнымі мерамі, што ўжываліся да ўладальнікаў, якія заставаліся за мяжой ці выступілі супраць рас. улады. Канфіскацыі ў 1770—90-я г. закранулі частку царк. маёнткаў (больш за 40 тыс. рэвізскіх душ), што належалі пераважна Віленскаму біскупству. У Рэчы Паспалітай у 1773 быў скасаваны ордэн езуітаў, а яго маёнткі перададзены Адукацыйнай камісіі, якая распрадала іх шляхце. На 1790 у паезуіцкіх маёнтках на тэр.зах. і цэнтр. Беларусі знаходзіліся 644 гарадскія і 7179 сельскіх дымоў. Ва ўсх. Беларусі езуіты захаваліся да высылкі іх з Рас. імперыі паводле ўказа 1820. Палажэннем К-та міністраў і ўказам Сената ад 13.4.1822 35 маёнткаў (9830 рэвізскіх душ), што належалі езуітам, канфіскаваны і замацаваны за казной. Карэнны пералом у адносінах царызму да.царк. маёмасці ў зах. губернях настаў пасля паўстання 1830—31 з мэтай нейтралізацыі шляхецка-каталіцкай апазіцыі. Указам ад 19.7.1832 ад ліквідацыі некамплектных (што не мелі поўнага складу манахаў) рымска-каталіцкіх кляштараў іх маёнткі перададзены ў склад казны. У 1837 на Беларусі былі 93 паманастырскія маёнткі з 10 183 рэвізскімі душамі. У час хваляванняў у Віцебскай і Магілёўскай губ. з-за пераводу уніятаў у праваслаўе (1833 і 1834) у рымска-каталіцкага і уніяцкага духавенства канфіскавана 5 маёнткаў і ўстаноўлена казённае кіраванне яшчэ адным. Паводле 8-й рэвізіі (1834) у пауніяцкіх вёсках налічваліся 2894 рэвізскія душы. 25.12.1841 падпісаны шэраг указаў аб прыёме ў дзярж. маёмасць усіх населеных маёнткаў вышэйшага правасл. і іншавернага духавенства зах. губерняў; 10.5.1843 — аб перадачы ў казну населеных маёнткаў прыходскіх цэркваў; 28.2.1844 — вылучаных па «эксдывізіях» (па рашэнні суда) на ўласнасць каталіцкага духавенства. Такіх падухоўных маёнткаў у 1847 у 5 бел. губернях было 546 і 87 269 рэвізскіх душ сялян; трэцяя частка з іх прыпадала на Віленскую губ.Асн. маса зямельных уладанняў была адабрана ў каталіцкага духавенства, бо правасл. царква мела параўнальна невял. колькасць сялян. Вышэйшае духавенства, незадаволенае пазбаўленнем матэрыяльных сродкаў, рабіла ўсё, каб пакінуць у сваім распараджэнні найб. колькасць зямлі і зацягвала перадачу ў казну асобных маёнткаў. Рэшткі царк. уладанняў секулярызаваны ў выніку Кастр. рэвалюцыі 1917.
2) Працэс выхаду з-пад уплыву рэлігіі і царквы розных сфер грамадскага жыцця (палітыкі, права, культуры, асветы, нац. і сямейна-быт. адносін); адзін з аспектаў агульнага працэсу мадэрнізацыі, звязанага з развіццём навукі і вытв-сці, урбанізацыяй. Адбываецца на ўзроўні індывідуальнай свядомасці, сац. ін-таў і прыводзіць да аслаблення б. грамадскіх сувязей і традыцый. Характарызуецца стратай рэлігіяй ролі адзінай крыніцы каштоўнасцей, ідэалаў і норм, манаполіі на тлумачэнне аб’ектыўнай рэальнасці, аслабленнем уплыву царквы на асобу і дзяржаву. Рысы С. выявіліся ў сярэдневякоўі, асабліва праявіліся ў эпоху Адраджэння, Рэфармацыі, бурж. рэвалюцый. У СССР працэс С. найб. інтэнсіўна працякаў у 1920—30-я г. і звязаны з палітыкай дзяржавы, накіраванай на адлучэнне царквы ад жыцця грамадства. У адпаведнасці з дэкрэтам СНК РСФСР (1918) і пастановай СНКБССР (1922) «Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы» былі адменены ўсе ранейшыя прывілеі царквы, маёмасць царквы і рэліг. т-ваў абвешчана агульнанароднай, рэліг. арг-цыям забаронена адкрываць ці мець агульнаадук. школы, выкладаць у школах рэліг. вучэнні. З боку дзяржавы вялася актыўная барацьба з рэлігіяй: храмы зачынялі і разбуралі, духавенства цярпела ганенні, царква і рэлігія абвяшчаліся «перажыткам старога». Пэўнае ажыўленне рэліг. жыцця назіралася ў перыядВял.Айч. вайны ў сувязі з падтрымкай з боку правасл. і рымска-каталіцкага духавенства барацьбы сав. народа супраць ням.-фаш. акупантаў. У 1990-я г. ў постсав. краінах тэмпы С. істотна знізіліся: рэлігія стала адным з элементаў духоўнай культуры, павялічылася колькасць храмаў, рэліг. арг-цыі сталі ўдзельнікамі міратворчай і дабрачыннай грамадскай дзейнасці. У канцы 20 — пач. 21 ст. працэс С. развіваецца адначасова з працэсам сакралізацыі розных сфер грамадскага жыцця і захоўваннем рэлігіі і царквы як сродкаў падтрымання духоўнасці і захавання традыц. грамадскіх структур.
Літ.:
Яблоков И.Н. Социология религии. М., 1979;
Зинченко А.Л. Реформа государственной деревни и секуляризация церковного землевладения в западных губерниях Российской империи // Исторические записки. М., 1985. Т. 112;
Кублицкая Е.А. Методологические аспекты изучения особенностей секуляризации в условиях перестройки // Проблемы перестройки: социал. аспект. М., 1989;
Сосно В.А. Конфискации церковных имений на Беларуси при включении ее в состав Российской империи // Наш радавод. Гродна, 1992. Кн. 4, ч. 3;
Яго ж. Секуляризация церковных крестьян на Беларуси в 30—40-е гг. XIX в. // Церковь в истории славянских народов. М., 1997.