ПОП-АРТ (англ. pop art ад popular art папулярнае мастацтва),
кірунак у мастацтве 1950—60-х г., для якога характэрны выкарыстанне і перапрацоўка вобразаў масавай культуры. Узнік у Лондане ў творчасці «Незалежнай групы» Ін-та сучаснага мастацтва (П.Блейк, Э.Паалоцы, П.Колфілд, Р.Хэмілтан і інш.) як рэакцыя на элітарнасць абстракцыянізму і станаўленне новага урбаністычнага асяроддзя. Найб. вядомы амер. варыянт П.-а. (Р.Раўшэнберг, Дж.Джонс, Э.Уорхал, Дж.Розенквіст, Р.Ліхтэнстайн, Т.Весельман, К.Олдэнберг), развіваўся таксама ў Францыі (Арман, Н. дэ Сен-Фаль), Германіі (П.Вундэрліх) і інш. П.-а. сцвярджаў эстэт. каштоўнасць тыповых быт. рэчаў і з’яў праз выкарыстанне ў творах кампазіц. і маст. прыёмаў рэкламы, коміксаў, вобразаў-штампаў са сродкаў масавай інфармацыі і паўсядзённага жыцця (часта з дапамогай калажу, фотаўзнаўлення ці стварэння муляжа арыгінала).
Літ.:
Кузьмина М. Поп-арт... // Модернизм. 3 изд. М., 1980.
Да арт.Поп-арт. Р.Ліхтэнстайн. Whaam. 1963.Да арт.Поп-арт. Т.Весельман. Вялікая амерыканская аголеная № 98. 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРА БАГА́ЦТВА ДЫ БЕ́ДНАСЦЬ».
перакладны твор бел. л-ры 19 ст. Пераклад зроблены з укр. брашуры С.А.Падалінскага (1875, 2-е выд. 1876), выдадзены ў Жэневе ў 1881 з дапамогай М.П.Драгаманава, які напісаў да бел. выдання прадмову. У творы элементы маст. прозы спалучаны з агітацыйна-прапагандысцкім зместам, выкладаецца марксісцкае вучэнне пра крыніцы росту капіталу і дадатковую вартасць. Дасведчаны рабочы-чыгуначнік Кастусь тлумачыць сваім сябрам, што для паляпшэння жыцця трэба зямлю, фабрыкі і заводы зрабіць грамадскай уласнасцю, ліквідаваць эксплуатацыю чалавека чалавекам. Пераклад дапасаваны да бел. умоў і нар. побыту, значна ўзмоцнены маст. элемент (пейзажныя замалёўкі, партрэты дзейных асоб больш яркія і вобразныя). У творы жывая лексіка, шмат нар. зваротаў і трапных вобразаў, удала перададзены фанетычныя асаблівасці бел. мовы, што сведчыць пра дасканалае валоданне роднай мовай перакладчыкам.
Публ.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТО́Н (ад грэч. prōtos першы),
адна з элементарных часціц, ядро атама вадароду; найлягчэйшы ферміённы адрон. Уваходзіць у групу барыёнаў, складаецца з 3 валентных кваркаў, глюонаў і кварк-антыкваркавых пар. Лічыцца абсалютна стабільнай часціцай. Эксперым. мяжа часу жыцця з улікам магчымых каналаў распаду перавышае 1031г. Пры моцным узаемадзеянні П. і нейтрон маюць аднолькавыя ўласцівасці і разглядаюцца як розныя квантавыя станы адной часціцы — нуклона. Тэрмін «П». уведзены Э.Рэзерфардам.
Мае спін 1/2, масу спакою 983,9 МэВ, дадатны эл. зарад, роўны элементарнаму эл. зараду. магн. момант прыкладна роўны 2,79 ядз.магнетона. Удзельнічае ва ўсіх відах узаемадзеянняў элементарных часціц Разам з нейтронамі ўтварае ядры ўсіх хім. элементаў, пры гэтым лік П. вызначае зарад ядра і роўны парадкаваму нумару элемента ў Перыядычнай сістэме элементаў Мендзялеева. Антычасціца П. — антыпратон. Пры сутыкненнях паскораных П. з свабоднымі П., рэчывам мішэні ці з антыпратонамі ўзнікаюць ўсе вядомыя элементарныя часціцы. Інтэнсіўныя патокі П. сярэдніх энергій выкарыстоўваюць у прамянёвай тэрапіі ракавых захворванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРОДААХО́ЎНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА сукупнасць нарматыўна-прававых актаў, якія рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць пры правядзенні мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў. На Беларусі асновай П.з. з’яўляецца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, арт. 46 якой абвяшчае грамадзянам права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і на пакрыццё шкоды, прычыненай парушэннем гэтага права; ускладае на дзяржаву кантроль за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў з мэтай абароны і паляпшэння ўмоў жыцця, а таксама аховы і аднаўлення навакольнага асяроддзя. Нормы П.з. ёсць у большасці кодэксаў краіны (лясным, зямельным, аб нетрах), законах аб ахове здароўя, навакольнага асяроддзя, атм. паветра, ахове і выкарыстанні жывёльнага свету, асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах, санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва і інш. Крымінальны, адм. і грамадзянскі кодэксы прадугледжваюць адказнасць за парушэнне патрабаванняў П.з. Нормы П.з. таксама змяшчаюцца ў спец. пастановах мясц. і цэнтр. органаў улады, ведамасных распараджэннях, інструкцыях і інш.Гл. таксама Ахова атмасферы, Ахова водаў, Ахова жывёл, Ахова зямель, Ахова прыроды, Ахова раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗЕ́ВІЧ (Міхаіл Васілевіч) (26.1838, г. Мазыр Гомельскай вобл. — пасля 1917),
рускі і бел. публіцыст, крытык, педагог, этнограф. Скончыў духоўную семінарыю (1859), вучыўся ў духоўнай акадэміі і ун-це ў Пецярбургу. З 1863 хатні настаўнік у сям’і Ф.Дастаеўскага, выхавацель яго пасынка, з 1864 выкладчык і інспектар нар. вучылішчаў у Вільні. З 1873 у Мін-ве нар. асветы ў Пецярбургу, у 1889—94 узначальваў Варшаўскую навуч. дырэкцыю. У 1860-я г. выступаў як публ шыст і тэатр. крытык у час. «Время», «Искра», «Русская сцена». У педагогіцы прыхільнік ідэй К.Ушынскага. На бел. матэрыяле заснаваны пед. і этнагр. нарысы: «У народнай школе» і «Старамядзельскія паданні» (1870), «Беларускія народныя школы» (1871), «Халера» і «Хохлік» (1873, пад рубрыкай «З беларускага жыцця»). Аўтар камедыі «Мяшчанская нявеста» (1864). У канцы 19 — пач. 20 ст. жыў у маёнтку Міцькі на Мазыршчыне. У 1909 у сувязі з адлучэннем Л.Талстога ад царквы даслаў яму пісьмо і вершы, якія прыхільна сустрэў пісьменнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕГЕАХІ́МІЯ (ад радые... + геахімія),
раздзел геахіміі, які вывучае гісторыю радыеактыўных атамаў. Вядома больш за 1350 радыеізатопаў (прыродных і тэхнагенных), якія адносяцца да ўсіх хім. элементаў табліцы Дз.І.Мендзялеева. Р. даследуе іх размеркаванне і міграцыю ў зямной кары, зямных абалонках і ландшафтах, формы знаходжання і ўдзел у геал., геахім. і інш. працэсах. З дапамогай Р. вырашаюцца праблемы: эвалюцыі хім. саставу Зямлі, петра- і літагенезу, жыцця на Зямлі, генезісу карысных выкапняў, палеагеаграфічных і палеагеахімічных рэканструкцый, экалогіі, радыяцыйнага тэхнагенезу. Выкарыстоўваецца пры пошуках карысных выкапняў, у сельскай гаспадарцы, для аховы здароўя, у рацыянальным прыродакарыстанні, ахове навакольнага асяроддзя. Р. цесна звязана з радыегеалогіяй, ядзернай геафізікай, радыеэкалогіяй. На Беларусі рэгіянальны кірунак Р. сфарміраваўся ў 1970-я г. Значны яго ўклад у даследаванне ландшафтаў і зямной кары рэгіёна, высвятленне геахім. і экалагічных наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЧАРД IЛьвінае Сэрца
(франц. Richard Coeur de lion, англ. Richard the Lion-heart; 8.9.1157, Оксфард, Вялікабрытанія — 6.4.1199),
кароль Англіі [1189—99]. З дынастыі Плантагенетаў. Выхоўваўся ў Аквітаніі, дзяцінства і юнацтва правёў на Пд Францыі. Меў добрую адукацыю, віртуозна валодаў зброяй, перамагаў на турнірах. Б.ч.жыцця правёў па-за межамі Англіі, удзельнічаў у бесперапынных войнах. У час 3-га крыжовага паходу 1189—92 захапіў в-аў Кіпр і крэпасць Акру ў Палесціне. Па дарозе назад каля Вены трапіў у палон да аўстр. герцага Леапольда V, які перадаў яго герм. імператару Генрыху VI; у 1194 адпушчаны за вял. выкуп. З 1194 ваяваў з франц. каралём Філіпам II Аўгустам, які імкнуўся адваяваць землі Плантагенетаў у Францыі. Смяротна паранены ў час аблогі Шамо.
Літ.:
Добиаш-Рождественская О.А. Крестом и мечом: Приключения Ричарда I Львиное Сердце. М., 1991;
Кесслер У. Ричард I Львиное Сердце: Король. Крестоносец. Авантюрист: Пер. с нем. Харьков;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАФІ́ЛЫ [ад грэч. rheos цячэнне, паток + ...філ(ы)],
арганізмы, прыстасаваныя да жыцця ў цякучых водах рэк, ручаёў, прыліўна-адліўных зонах мораў і акіянаў. Здольныя супрацьстаяць цячэнню, існуюць у патоку вады ўсе жыццё (напр., прахадныя рыбы) або ў пэўныя перыяды жыццёвага цыкла (напр., лічынкі аўсянікаў, шыцікі). На Беларусі сярод раслін да Р. належаць ніткаватыя зялёныя водарасці, сіне-зялёныя водарасці, мох фантыналіс, кветкавыя расліны — рагаліснік, разак, рдзесты, трыснёг, чарот; сярод жывёл — гідры, губкі, імшанкі, прымацаваныя інфузорыі, бентасныя калаўроткі, малашчацінкавыя чэрві, малюскі; ракападобныя, з рыб — сцерлядзь, некат. карпападобныя (верхаводка, гусцяра, краснапёрка, плотка і інш.), ласосепадобныя (рапушка, стронга, харыус звычайны і інш.).
Патрабуюць высокага ўзроўню кіслароду ў вадзе. Беспазваночныя Р. — фільтратары, улоўліваюць кармавыя часцінкі пры дапамозе лоўчых сетак (шыцікі), пасіўнай фільтрацыі вады праз лоўчыя шчацінкі на целе (лічынкі мошак), седыментацыі ў віры, які ствараецца рухамі шчацінак або шчупальцаў (інфузорыі, губкі, калаўроткі і інш.). Звычайна з павелічэннем скорасці цячэння памеры беспазваночных Р (акрамя каланіяльных форм) памяншаюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫІ 1848-49 У ЕЎРО́ПЕ,
«вясна народаў», серыя рэвалюцый, якія ахапілі большасць краін Зах. Еўропы ў канцы 1840-х г. (гл.Рэвалюцыя 1848 у Францыі, Рэвалюцыя 1848 у Аўстрыі, Рэвалюцыя 1848—49 у Германіі, Рэвалюцыя 1848—49 у Венгрыі, Рэвалюцыя 1848—49 у Італіі). У гістарыяграфіі 19 ст. часам вызначаліся як адзіная Усееўрапейская рэвалюцыя 1848—49. Выкліканы крызісам паліт. рэжымаў краін Зах. Еўропы, якія ўсталяваліся пасля Венскага кангрэса 1814—15. Мелі як агульнадэмакр, мэты (лібералізацыя паліт.жыцця, усталяванне канстытуцыйнага ладу, скасаванне феад. перажыткаў), так і нац. характар (Германія, Італія, Венгрыя). На першых этапах у рэвалюцыях вядучую ролю адыгрывалі лібералы, у далейшым вылучылася радыкальная плынь, прадстаўнікі якой стаялі за радыкальныя сац. змены ў грамадстве. Паражэнне рэвалюцый, аднак, не прывяло да аднаўлення папярэдніх паліт. рэжымаў. Іх вынікам стала змена паліт. ладу ў большасці зах.-еўрап. краін, што спрыяла больш хуткаму капіталіст. развіццю.
Літ.:
Революции 1848—1849 гг.Т. 1—2. М., 1952;
Хобсбаум Э. Век капитала, 1848—1875: Пер. с англ. Ростов Н/Д, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́МІЗАЎ (Аляксей Міхайлавіч) (6.7.1877, Масква — 26.11.1957),
рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1902. Пошукі архаічнага стылю, арыентаванага на л-ру і вуснае слова «дапятроўскай» Русі ў кн. «Ліманар, сірэч: Луг духоўны» (1907), «Міколавы прытчы» (1917). У раманах «Сажалка» (1905), «Плачужная канава» (1923—25), аповесці «Пятая язва» (1912), у «летапіснай» аповесці «Узвіхраная Русь» (1927) — вобраз рас. правінцыі і С.-Пецярбурга, тэмы недарэчнасці жыцця, душэўнай дысгармоніі, чалавечых пакут. «Слова пра пагібель Рускай зямлі» (1918) — ліраэпічная «гістарыясофія» Расіі, асэнсаванне падзей 1-й сусв. вайны і Лют. рэвалюцыі 1917. Аўтар драм. твораў у духу сярэдневяковых містэрый («Трагедыя пра Іуду, прынца Іскарыёцкага», 1909; «Цар Максімілян», 1919), біягр.кн. «Падстрыжанымі вачыма» (1951), кн. «Агонь рэчаў. Сны і перадсонне. Гогаль. Пушкін. Лермантаў. Тургенеў. Дастаеўскі» (1954), апрацовак казак, паданняў, апокрыфаў і інш. З 1921 у эміграцыі.
Тв.:
Соч.Кн. 1—2. М., 1993;
Избранное. М., 1978;
Избранное. Повести. Лит. силуэты. Воспоминания. М., 1992;
В розовом блеске: Автобиогр. повествование. Роман. М., 1990.