Тра́ўма ‘пашкоджанне арганізма’ (ТСБМ). Запазычанне з еўрапейскіх моў праз польскую (trauma) ці рускую (травма) мовы. Узыходзіць да ст.-грэч. τραῦμα, роднаснага іанічнаму τρωῶμα ‘рана, пашкоджанне’ і далей τρώω) ‘раню, шкоджу, праколваю’ (Чарных, 2, 255; Голуб-Ліер, 487; ЕСУМ, 5, 614).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыву́х(а) (треву́ха, треву́х) ‘удар, поўха’ (Нас.), трыву́шина ‘аплявуха’ (там жа), трыву́шыць ‘біць у вуха’ (Юрч. Вытв.). З рускай мовы: треу́х ‘поўха’. Паводле Фасмера (4, 101), з тре‑ і у́хо, першая частка, відаць, з тре́снуть ‘ударыць, стукнуць’, параўн. рус. затре́щина ‘аплявуха’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

НАРО́ДЫ АЎСТРА́ЛІІ І АКІЯ́НІІ Агульная колькасць насельніцтва 29,7 млн. чал. (ацэнка на пач. 1998), у т. л. ў Аўстраліі 18,6 млн., Акіяніі 11,1 млн. Карэннае насельніцтва Аўстраліі і Акіяніі належыць да 2 тыпаў акіянійскага адгалінавання негроіднай расы — аўстралійскага (гл. Аўстралоідная раса) і меланізійскага; у Мікранезіі і Палінезіі жывуць тыпы, пераходныя паміж аўстралоідамі і мангалоідамі — мікранезійцы і палінезійцы. Засяленне Аўстраліі і Акіяніі еўрапейцамі ў 19—20 ст. прывяло да колькаснай перавагі еўрапеоідаў. У выніку кантактаў карэннага і еўрап. насельніцтва ўтварыліся групы метысаў. У сучасным насельніцтве прадстаўнікоў еўрапеоіднай расы каля 21 млн. (71%), аўстралоіднай — 6,7 млн. (23%). Жыве невял. колькасць прадстаўнікоў мангалоіднай расы — каля 400 тыс. чал. (1,3%). Астатняе насельніцтва ў расавых адносінах прыпадае на пераходныя тыпы, у т. л. 1,3 млн. (4,4%) мікранезійцаў і палінезійцаў. Насельніцтва Аўстраліі і Акіяніі складаецца з 3 этн. кампанентаў: абарыгены; насельніцтва еўрап. паходжання; выхадцы з Азіі і іх нашчадкі. Аўстралію і Акіянію насяляе вял. колькасць (больш за 1,5 тыс.) мясц. абарыгенных плямён і народаў агульнай колькасцю 8,4 млн. (28% усяго насельніцтва). Большасць насельніцтва складаюць нашчадкі перасяленцаў з Еўропы разам з нядаўнімі эмігрантамі. Есць перасяленцы з Азіі і Амерыкі. 27 народаў налічваюць больш за 100 тыс. чал. кожны. Іх агульная колькасць 27,1 млн. чал., або 91% усяго насельніцтва рэгіёна, з іх 3 народы налічваюць больш за 1 млн. чал. (англа-аўстралійцы 18,1, англа-новазеландцы 3, англічане 1,1) і 7 народаў — больш за 300 тыс. чал. (грэкаў 400 тыс., фіджы-індыйцаў 370 тыс., фіджыйцаў-меланезійцаў 350 тыс., самоанцаў 325 тыс., шатландцаў 325 тыс., маары 320 тыс., італьянцаў 300 тыс.). Па колькасці пераважаюць народы, якія размаўляюць на індаеўрапейскіх мовах, асабліва на мовах германскай групы (больш за 23 млн.) — англа-аўстралійцы, англа-новазеландцы, англічане, шатландцы, амерыканцы ЗША, галандцы, немцы, яўрэі і інш. З інш. груп індаеўрап. сям’і жывуць прадстаўнікі раманскай групы — італьянцы і французы, слав. групы — харваты, македонцы, палякі і інш. (у т. л. беларусаў каля 5 тыс.), індыйскай групы — фіджы-індыйцы, інш. груп — грэкі, ірландцы, армяне, латышы, літоўцы. Жыве таксама невял. колькасць нашчадкаў эмігрантаў з Азіі з інш. моўных сем’яў — кітайцы, філіпінцы, карэйцы, японцы, в’етнамцы, кхмеры, з Еўропы — венгры, фіны, мальтыйцы, баскі і інш.

Нашчадкі выхадцаў з Еўропы жывуць пераважна ў Аўстраліі і Новай Зеландыі; амерыканцы ЗША — пераважна на Гавайскіх а-вах і в-ве Гуам, французы — на Новай Каледоніі і в-ве Таіці. Абарыгеннае насельніцтва распадаецца на 3 моўныя групы — аўстрал. (гл. Аўстралійскія мовы), папуаскую, аўстранезійскую (гл. Аўстранезійскія мовы). На аўстрал. мовах размаўляюць аўстралійцы (аўстралійцы-абарыгены, карэнныя жыхары Аўстраліі). Іх колькасць разам з метысамі складае каля 265 тыс. чал., размаўлялі на 200—500 мовах, многія з якіх выйшлі з ужытку. На папуаскіх мовах размаўляе каля 5 млн. чал. ва ўнутр. раёнах Новай Гвінеі, на а-вах архіпелага Бісмарка, Саламонавых і інш. Вылучаецца больш за 700 народнасцей і плямён, найб. з іх энга (195 тыс.), чымбу (142 тыс.), медлпа (101 тыс.), экары (100 тыс.). Папуаскія мовы групуюцца ў 11 моўных сем’яў і надсямейных згуртаванняў моў — філаў. Аўстранезійская сям’я моў падзяляецца на 4 групы — палінезійскую, мікранезійскую, меланезійскую, інданезійскую. На палінезійскіх мовах гавораць 1,1 млн. чал. у Палінезіі. Вылучаюць каля 30 асобных народаў, найб. маары — 320 тыс. (Новая Зеландыя), самоанцы — 320 тыс. (а-вы Самоа), гавайцы — 180 тыс. (Гавайскія а-вы), таіцяне — 137 тыс. (в-аў Таіці і суседнія а-вы), тонга — 120 тыс. (а-вы Тонга). На 20 мікранезійскіх мовах размаўляе 220 тыс. жыхароў Мікранезіі. На прыкладна 200 меланезійскіх мовах размаўляе 1,7 млн. жыхароў узбярэжжа Новай Гвінеі і суседніх а-воў у Меланезіі, найб. народы фіджыйцы — 350 тыс. і канакі (новакаледонцы, жыхары в-ва Новая Каледонія) — 60 тыс. На інданезійскай мове размаўляе народ чамора (100 тыс. чал.) на Марыянскіх а-вах. Большасць вернікаў — пратэстанты, католікаў больш толькі ў Новай Каледоніі, на а-вах Уоліс і Футуна, на Гуаме, у Мікранезіі. Прыхільнікі мясц. культаў складаюць большасць насельніцтва Новай Гвінеі, Саламонавых а-воў, Новых Гебрыдаў, унутр. і паўн. раёнаў Аўстраліі (аўстралійцы-абарыгены). Выхадцы з Азіі — мусульмане, індуісты, будысты і інш.

Літ.:

Гл. да арт. Народы Азіі.

І.​Я.​Афнагель.

т. 11, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

скры́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад скрыць.

2. у знач. прым. Схаваны ад чыіх‑н. вачэй; нябачны. Сяргееў хацеў ісці скрытымі мясцінамі, па лазняку. □ Валодзя ведаў карацейшую дарогу. Федасеенка. // Замаскіраваны, тайны. Скрытая барацьба. Скрытыя падкопы ворагаў.

3. у знач. прым. Без характэрных знешніх прыкмет; унутраны. Скрытая форма хваробы. // Які не выяўляецца яскрава, скрываецца (пра пачуцці, адчуванні і пад.). Тонкія, таксама падфарбаваныя вусны нервова ўздрыгвалі, вялікія сінія вочы глядзелі журботна, з вялікім скрытым болем. Шашкоў.

4. у знач. прым. Які ўласцівы каму‑, чаму‑н., але яшчэ не выявіўся або знешне незаўважальны. Скрытыя сілы. □ Адам Міцкевіч, чытаючы лекцыі ў парыжскім Калеж дэ Франс, гаварыў .. аб скрытых, патэнцыяльных магчымасцях беларускай мовы. Мальдзіс.

•••

Скрытая камера гл. камера.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стано́ўчы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выражае адабрэнне. Станоўчы водзыў. Станоўчая характарыстыка. // Які выражае згоду. Станоўчы адказ.

2. Які мае дадатныя ўласцівасці, якасці; які заслугоўвае адабрэння. Станоўчы прыклад. Станоўчыя вынікі. □ Граматыка В. А. Тарашкевіча адыграла станоўчую ролю ў пашырэнні пачатковых ведаў па роднай мове і доўгі час служыла падставай для ўкладальнікаў пазнейшых школьных граматык. Суднік. Моўныя з’явы запазычваюцца ў выніку ўзрастаючых патрабаванняў да мовы, што з’яўляецца станоўчым фактам прагрэсіўнага развіцця. Жураўскі.

3. Які характарызуецца дадатнымі якасцямі. Станоўчы вобраз аповесці. □ Сам Лукаш быў чалавек станоўчы. Не курыў, піў у меру і пры выпадку. Чарнышэвіч. Пры ўсіх сваіх недахопах Рыгор Карпавіч меў адну вельмі станоўчую рысу: ніколі не хлусіў самому сабе, заўсёды дашукваўся прычыны сваіх паводзін. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скла́сці, складу́, складзе́ш, складзе́; складзём, складзяце́, складу́ць; складзі́; скла́дзены; зак., што.

1. гл. класці.

2. Пакласці разам у пэўным парадку.

С. дровы пад навес.

С. рэчы ў рукзак (падрыхтаваць да ад’езду).

3. Прыбавіць адзін лік да другога, зрабіць складанне.

С. дзве сумы.

4. Падрыхтаваць што-н. на падставе сабраных звестак, стварыць, напісаць.

С. слоўнік беларускай мовы.

С. справаздачу.

С. спіс супрацоўнікаў.

С. песню.

5. Утварыць групу, камісію, падабраўшы людзей.

С. камітэт.

6. Перагнуўшы, сагнуўшы, прыдаць якую-н. форму, зменшыць аб’ём.

С. ліст паперы папалам.

С. шэзлонг.

7. Зрабіць вывад на падставе назіранняў або лагічных заключэнняў.

С. ўяўленне аб кім-н.

8. перан. Вызваліцца ад якіх-н. абавязкаў.

С. свае паўнамоцтвы.

Ён усю віну склаў на мяне.

◊

Скласці зброю —

1) здацца, спыніць узброенае супраціўленне;

2) адмовіцца ад барацьбы, ад якіх-н. дзеянняў.

Скласці рукі (разм.) — перастаць дзейнічаць.

|| незак. скла́дваць, -аю, -аеш, -ае і склада́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. скла́дванне, -я, н. і склада́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Ве́та ’забарона, адмена якіх-небудзь рашэнняў’ (КТС, БРС). Паводле Крукоўскага, Уплыў, 80, запазычана з рус. мовы. У старабеларускіх помніках не адзначана; дзеяслоў ветовати ’пратэставаць, заяўляць’ (з XVI ст.) паходзіць са ст.-польск. wetować < лац. veto ’не дазваляю, забараняю’ (Булыка, Запазыч., 61; Брукнер, 607).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ланцэ́т ’невялікі хірургічны нож, востры з двух бакоў’ (ТСБМ). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 88), прыйшло з рускай мовы. Аднак рэальна магло быць запазычана праз польскую мову. Першакрыніцай з’яўляецца франц. lancette ’тс’ < lance ’піка, дзіда’ < лац. lancea ’тс’ (Фасмер, 2, 458; Слаўскі, 4, 44).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лафе́т ’станок, па якім замацоўваецца ствол гарматы’ (ТСБМ). Запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 82) < франц. lʼaffût, fût ’ствол’, ’слуп, пасад’ праз ням. Lafette (Фасмер, 2, 467). Ст.-бел. лявета ’лафет’ (1695 г.) находзіць са ст.-польск. laweta (Булыка, Лекс. запазыч., 68).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лу́ннік ’расліна Lunaria rediveva L.’ (ТСБМ, Кіс.; БелСЭ, 6). Відавочна, з рус. мовы, дзе лу́нник таксама звязана з лексемай луна́ 1 (гл.), як і ў іншых мовах: польск. miesiącznica, mieśięcznik, чэш. měsíčenka, lunatěnka, měsíčnice. Матывацыя: насенне мае форму паўмесяца (Махэк, Jména, 65).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)