БАГДАШЭ́ВІЧ Іван, арганізатар і кіраўнік аднаго з найбольш буйных на Беларусі Давыд-Гарадоцкага паўстання 1648—50 у час антыфеадальнай вайны 1648—51. Быў войтам Давыд-Гарадка. У час паўстання выбраны палкоўнікам войска, якое складалася з некалькіх тысяч чалавек. Пад яго кіраўніцтвам паўстанцы больш як 2 гады кантралявалі ўсю тэр. Давыд-Гарадоцкай вол.

т. 2, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАЦЫ́Т,

мінерал класа баратаў прыродных, хлорабарат магнію, Mg3[B7O12]OCl. Прымесі жалеза (да 36%), марганцу і інш. Крышталізуецца ў рамбічнай (кубічнай пры т-ры больш за 265 °C) сінганіі. Крышталі, зярністыя масы. Белы, зялёны, шэры ці бясколерны. Бляск шкляны. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 7—7,5. Шчыльн. 2,9—3 г/см³. Трапляецца ў асадкавых радовішчах. Другарадная руда бору.

т. 2, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АТЛАНТЫ́ЧНЫ ВАЛ»,

сістэма доўгатэрміновых ваенных умацаванняў, створаных Германіяй у 1940—44 уздоўж еўрап. ўзбярэжжа ад Даніі да Іспаніі (даўж. больш за 4 тыс. км, буд-ва не было завершана). Уяўляў сабой лінейную (без эшаланіравання ўглыб) сістэму абарончых збудаванняў са слаба ўмацаванымі ўчасткамі. Быў прарваны англа-амер. войскамі ў чэрв. 1944 пры высадцы ў Нармандыі.

т. 2, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЖЭ́ (Berger),

карставая бездань у Зах. Альпах, у масіве Веркор, на тэр. Францыі. Уваход на выш. 1460 м, глыб. 1248 м (адна з найглыбейшых на Зямлі). На глыб. больш за 200 м бездань пераходзіць у пячору (Вялікую галерэю), якая апускаецца па нахіле слаёў. У глыбіні — вял. каньён, вадаспад Урагана. Спадзістая апошняя ч. заканчваецца водным сіфонам.

т. 3, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІПАТРЫ́ДЫ (ад бі... + грэч. patris (patridos) айчына, радзіма], біпаліды, у міжнародным праве асобы, якія адначасова знаходзяцца ў грамадзянстве двух і больш дзяржаў, г. зн. маюць двайное грамадзянства. Адбываецца пераважна з-за разыходжання законаў аб грамадзянстве розных дзяржаў. Сучаснае міжнар. права не валодае адзінай агульнапрызнанай рэгламентацыяй пытанняў, што ўзнікаюць у сувязі з біпатрыдамі.

т. 3, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАДВЕ́Й (Broadway),

адна з гал. вуліц г. Нью-Йорк. Даўж. больш за 25 км. Вуліца перарываецца плошчамі Коламбус-сёркл, Таймс-сквер, Мэдысан-сквер, Юніян-сквер. Вядомая як цэнтр тэатр. мастацтва (размешчана каля 70 тэатраў, пераважна музычных). На Брадвеі таксама праўленні буйных гандл. фірмаў і фін. устаноў, магазіны, атэлі, рэстараны, забаўляльныя ўстановы і інш.

т. 3, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛКІЛІ́РАВАННЕ,

хімічная рэакцыя ўвядзення алкілу ў малекулу арган. або неарган. злучэння. Ажыццяўляецца з дапамогай каталізатараў, таксама пры высокім ціску і т-ры. Алкіліруючыя рэагенты: галагенавытворныя вуглевадародаў, алкены, эфіры неарган. кіслот, дыазазлучэнні. Дае магчымасць сінтэзаваць больш складаныя злучэнні з пажаданымі ўласцівасцямі. Выкарыстоўваецца для вытв-сці высокаактанавага паліва, паверхнева-актыўных рэчываў, антыаксідантаў, фарбавальнікаў, інсектыцыдаў, лекаў.

т. 1, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНАЯ ВІЛЬГО́ТНАСЦЬ ПАВЕ́ТРА,

колькасць вадзяной пары ў адзінцы аб’ёму паветра, адна з характарыстык вільготнасці паветра. Выражаецца ў грамах на кубічны метр. Вагаецца ад 0,1—1 г/м³ (зімой над мацерыкамі, у палярных шыротах) да 30 г/м³ і больш (у экватарыяльнай зоне). На Беларусі — ад 1,5 г/м³ зімой да 14 г/м³ летам.

т. 1, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫПАСА́ТЫ (ад анты... + пасаты),

заходні перанос паветра ў трапасферы трапічных шырот над слоем усх. вятроў — пасатаў. Развіты на выш. 2—3 км каля тропікаў, да 10 км і больш (бліжэй да экватара). З’яўляюцца перыферыйнай часткай зах. пераносу паветра, які пануе ў верхняй трапасферы і ніжняй стратасферы Паўн. і Паўд. паўшар’яў зямнога шара.

т. 1, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫ́ДЖТАЎН (Bridgetown),

горад, сталіца Барбадаса. На З вострава. Засн. ў 1628. 7 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 100 тыс. ж. (1990). Гал. порт краіны, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прадпрыемствы нафтаперапр., лёгкай і харч. прам-сці. Вытв-сць і вываз цукру, патакі, рому. Бункерная станцыя. Курорт. Ун-т Вест-Індыі. Турызм. Арх. помнікі 18 ст.

т. 3, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)