шматгаліновая вытв-сць у прамысл.-гасп. комплексе краіны, якая працуе пераважна на мясц. сыравіне, прамысл. адходах і задавальняе ў першую чаргу патрэбы мясц. насельніцтва. Выпускае прадметы быт. прызначэння, у т. л. ганчарны, стальны і чыгунны эмаліраваны посуд, разнастайную мэблю, швейныя, трыкат., скургалантарэйныя вырабы, тавары быт. хіміі, гумавы і валены абутак, муз. інструменты. вырабы маст. промыслаў, дзіцячыя цацкі, а таксама с.-г. машыны, буд. матэрыялы, сан.-тэхн. і мед. абсталяванне і інш. На Беларусі М.п. бярэ вытокі ад нар. промыслаў і дробнай вытв-сці, якая ў 1920—30-я г. ўваходзіла ў сістэму прамысл. кааперацыі. Пазней пабудаваны больш магутныя прадпрыемствы дзярж. уласнасці. У 1960 прадпрыемствы прамысл. кааперацыі перададзены ў распараджэнне мясц. Саветаў, створана Гал. ўпраўленне М.п., а ў 1965 — Мін-ва М.п. БССР. На 1.1.1972 М.п. Беларусі аб’ядноўвала 187 прамысл. прадпрыемстваў. У працэсе рэарганізацыі галіновых міністэрстваў у 1993 утвораны Бел.дзярж. канцэрн па вытв-сці і рэалізацыі тавараў нар. спажывання («Белмясцпрам»). М.п. уключае вытв. аб’яднанні, з-ды і ф-кі рэсп. і камунальнай уласнасці. Асн.вытв. магутнасці і б.ч. буйных прадпрыемстваў М.п. (93 у 1999) падпарадкаваны канцэрну «Белмясцпрам». З іх 32 прадпрыемствы рэсп. уласнасці (21 дзярж., 1 арэнднае, 10 акц. т-ваў) і 61 прадпрыемства камунальнай уласнасці Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай і Віцебскай абл. (аб’яднаны ў спец.абл. аб’яднанні, падпарадкаваныя адначасова «Белмясцпраму» і аблвыканкомам Саветаў). М.п. дае 1% аб’ёму валавой прадукцыі прам-сці Беларусі, а па таварах нар. спажывання — 2%. Асн. галіны вытв-сці: металаапрацоўка, дрэваапрацоўка, хімічная, будматэрыялаў, лёгкая. Найб. прадпрыемствы: Барысаўскі з-д «Чырвоны металіст», Гомельскі завод «Эмальпосуд», Мазырскае вытв. мэблевае аб’яднанне, з-д імя М.Гастэлы (Мінск), Полацкі з-дс.-г. абсталявання, Слуцкі з-д «Эмальпосуд», Магілёўскае ВА «Ольса», Маладзечанская ф-камуз. інструментаў, вытв. фірма «Бархім» (Баранавічы), Калінкавіцкі з-дбыт. хіміі, Калінкавіцкая мэблевая ф-ка, акц. т-вы «Барбытхім» (Барысаў), «Белмасткераміка» (Радашковічы), «Гомельпласт», «Музінструмент-Барысаў», «Мінская люстэркавая ф-ка», «Гомельская люстэркавая ф-ка», «Ваўмет» (Ваўкавыск) і інш. У 1999 прадпрыемствы канцэрна «Белмясцпрам» (23 358 работнікаў) вырабілі стальнога эмаліраванага посуду 1570 т, сінт. мыйных сродкаў 3697 т, піяніна — 3360 шт., набораў для кухні «Вязынка» 1789 шт., валенага абутку 352 000 шт. і інш. Частка прадукцыі М.п. (піяніна, электрагітары, мэбля, буд. матэрыялы і інш.) экспартуецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАНСІ́ (Nancy),
горад на ПнУ Францыі. Адм. ц. дэпартамента Мёрт і Мазель. Каля 110 тыс.ж., з прыгарадамі каля 300 тыс.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Мёрт і канале Марна—Рэйн. Эканам. цэнтр Латарынгскага індустр. раёна. Прам-сць: эл.-тэхн. і трансп. машынабудаванне, вытв-сцьмаст. вырабаў са шкла і фаянсу, абутковая, швейная, харчовая. 2 ун-ты.
Вядомы з 10 ст., у 11 ст. тут пабудаваны замак. У 1-й пал. 12 ст. горад стаў рэзідэнцыяй латарынгскіх герцагаў. У 1477 каля Н. адбылася бітва паміж войскамі герцага Рэнэ II Латарынгскага і бургундскага герцага Карла Смелага. У 16—18 ст. горад шмат разоў захоплівалі франц. войскі У 1736—66 у Н. знаходзілася рэзідэнцыя б. караля Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. У 1766 канчаткова далучаны да Францыі.
Стары горад з нерэгулярнай планіроўкай размешчаны каля падножжа часткова захаванай цытадэлі. На Пд ад яго — Новы горад, забудаваны паводле рэгулярнага плана ў 17—18 ст. Абодва абнесены кальцом умацаванняў (захаваліся часткова, у т. л.гар. вароты Краф з 2 вежамі, каля 1360). Ансамбль цэнтра Н., які сфарміраваўся ў час праўлення ў Латарынгіі Станіслава Ляшчынскага, з’яўляецца прыкладам франц. горадабудаўніцтва эпохі барока (1751—66, арх. Э.Эрэ дэ Карні). У яго ўваходзяць: плошчы Станіслава I (б. Каралеўская, 1751—55, арх. Эрэ дэ Карні) з ратушай (пач. 18 ст., арх. Ж.Ламур), фантанам (арх. Б.Гібаль) і статуяй Станіслава I (1831), Альянс (1756) з фантанам у стылі ракако (арх. Р.А.Сіфле), Кар’ер з трыумфальнай аркай (1757, арх. Ламур) і Палацам урада (1715, арх. Ж.Бафран, усе ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), Герцагскі палац (16 ст., цяпер музей). У Новым горадзе — сабор Сен-Жульен (1703—42, арх. Ж.Бето, Ж.Ардоуэн-Мансар, Бафран), касцёл Нотр-Дам-дэ-Бон-Секур (1738—41, Эрэ дэ Карні; пахавальні Станіслава Ляшчынскага і яго жонкі). Сярод інш. збудаванняў жылыя дамы 18 і пач. 20 ст. (стыль мадэрн; яго цэнтрам у Францыі быў Н.), атэль Матыньён (18 ст.), будынак т-ра (1755, арх. Эрэ дэ Карні), парк Пепіньер (1767, помнік К.Ларэну, скульпт, А.Радэн), ун-т (пач. 1960-х г., арх. П.Нане), вышынны будынак канторы «Жофр» (1962, арх. А.Пруве). У Н. музеі прыгожых мастацтваў, школы Нансі, гісторыі герцагства Латарынгскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТСДА́МСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1945,
сустрэча кіраўнікоў урадаў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі [старшыня СНКСССР І.В.Сталін, прэзідэнт ЗША Г.Трумэн, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі У.Чэрчыль (28 ліп. яго замяніў новы прэм’ер-міністр К.Р.Этлі)], якая адбылася 17.7—2.8.1945 у г.Патсдам. Мэта — вырашыць гал.міжнар. праблемы, што ўзніклі ў сувязі з разгромам гітлераўскай Германіі. Канферэнцыя разглядала пытанні пасляваен. мірнага ўрэгулявання ў Еўропе і ў тым ліку парадак падрыхтоўкі мірных дагавораў з пераможанымі краінамі. З гэтай мэтай быў створаны пастаянны орган — Савет міністраў замежных спраў у складзе прадстаўнікоў краін — пастаянных чл. Савета Бяспекі ААН (СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Кітая). Гал. месца ў рабоце канферэнцыі заняло герм. пытанне. Германія разглядалася як адзінае эканам. і паліт. цэлае. У адносінах да яе дзяржавы-пераможцы вырашылі праводзіць у перыяд акупацыі ўзгодненую палітыку, сутнасць якой была ў дэмілітарызацыі, дэнацыфікацыі і дэмакратызацыі краіны. Канферэнцыя пастанавіла ліквідаваць герм.манапал. аб’яднанні як небяспечны ачаг мілітарызму і перавесці ўсю прам-сць Германіі на мірныя рэйкі. На канферэнцыі канчаткова ўзгоднена сістэма чатырохбаковай акупацыі Германіі; вырашана, што рэпарацыйныя прэтэнзіі кожная дзяржава задаволіць шляхам канфіскацый у сваіх зонах акупацыі (ЗША і Вялікабрытанія перадавалі СССР 25% канфіскаванага ў іх зонах прамысл. абсталявання). Герм. флот краіны-пераможцы падзялілі паміж сабой пароўну. П.к. вырашыла важныя тэр. пытанні: аб перадачы СССРг. Кёнігсберг (цяпер Калінінград) з прылеглымі раёнамі, а Польшчы — яе карэнных зямель на У ад рэк Одэр (Одра) і Нейсе (Ныса), б.ч. былой Усх. Прусіі і тэр.б. вольнага г. Данцыг (Гданьск). Ням. насельніцтва з Польшчы, Чэхаславакіі і Венгрыі высялялася ў Германію. Прынята рашэнне пра арышт і аддачу пад суд гал.ваен. злачынцаў (гл.Нюрнбергскі працэс). Сав. дэлегацыя пацвердзіла гатоўнасць СССР уступіць у вайну супраць Японіі. 26 ліп. ЗША, Вялікабрытанія і Кітай падпісалі Патсдамскую дэкларацыю 1945 аб асн.паліт. прынцыпах капітуляцыі Японіі. Вынікі П.к. мелі вял. значэнне для пасляваен. мірнага ўрэгулявання.
Літ.:
История второй мировой войны, 1939—1945. М., 1979. Т. 10. С. 475-185;
Тегеран—Ялта—Потсдам: Сб. док. 3 изд. М., 1971;
История дипломатии. 2 изд. М., 1975. Т. 4. С. 664—691.
І.А.Літвіноўскі.
Да арт.Патсдамская канферэнцыя 1945. І.В.Сталін, Г.Трумэн і У.Чэрчыль у перапынку паміж пасяджэннямі Патсдам. Ліпень 1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ІРЛА́НДЫЯ (Northern Ireland),
Ольстэр, адм.-паліт. частка Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўн. Ірландыі. Займае паўн.-ўсх. частку в-ва Ірландыя. Пл. 14,1 тыс.км². Нас. 1663,3 тыс.чал. (1996), каля 60% — ольстэрцы (пратэстанты, нашчадкі выхадцаў з Англіі і Шатландыі), каля 35% — ірландцы (католікі, карэнныя жыхары). Пратэстантаў больш на У і ў гарадах, католікі пераважаюць у сельскай мясцовасці на З. Адм. і эканам. цэнтр, гал. порт — г.Белфаст. Паверхня хвалістая, на ўскраінах невысокія горы (да 852 м). Клімат умераны акіянічны. Сярэдняя т-раліп. каля 15 °C, студз. каля 6 °C, выпадае каля 1000 мм ападкаў за год. Гал. рака Бан, вял. возера Лох-Ней. У прам-сці найб. развіты суднабудаванне, асабліва буд-ва танкераў; тэкст. (ільняная і з сінт. валокнаў), харч., эл.-тэхн., нафтаперапр., хім., паліграф., папяровая, мэблевая, швейная, абутковая галіны. У сельскай гаспадарцы пераважае мясная жывёлагадоўля (дае каля 90% даходаў фермераў) — развядзенне і адкорм буйн. раг. жывёлы, свіней, авечак. Птушкагадоўля. Вырошчваюць бульбу і сеяныя травы. Агародніцтва і садоўніцтва. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.
Гісторыя. Да пач. 20 ст. гісторыя П.І. непарыўна звязана з гісторыяй Ірландыі і Ольстэра. Паводле англа-ірландскага дагавора 1921 П.І. засталася ў складзе Вялікабрытаніі (утворана з 6 графстваў Ольстэра з пераважна пратэстанцкім насельніцтвам — нашчадкамі англ. і шатл. каланістаў 17 ст.). У 1921—72 мела аўтаномію (уласныя парламент і ўрад). Працяглая паліт., эканам., сац. і культ.-асв. дыскрымінацыя каталіцкай меншасці пасля дэманстрацый пратэсту католікаў у Ландандэры і Белфасце ў 1968—69 і рэакцыі на гэта мясц. паліцыі і пратэстанцкіх экстрэмістаў прывялі да адкрытага нац., рэліг. і эканам. канфлікту ў П.І. (вулічныя баі, акцыі сабатажу). У 1969 брыт. ўрад увёў сюды рэгулярныя войскі, у 1972 — прамое кіраванне рэгіёнам з Лондана. У гэтых умовах актывізаваліся тэрарыст. каталіцкія (гл.Ірландская рэспубліканская армія) і пратэстанцкія групоўкі, у 1969—92 загінула больш за 3 тыс.чал. У 1990-я г. пры пасрэдніцтве Вялікабрытаніі і Ірландыі з’явіліся рэальныя шанцы для мірнага вырашэння канфлікту, асабліва пасля падпісання 10.4.1998 у замку Стормант (прыгарад Белфаста) шматбаковага пагаднення аб урэгуляванні ў П.І. (ухвалена на рэферэндумах у П.І. і Ірландыі ў маі 1998). Дзейнічае шэраг каталіцкіх (Шын-фейн, С.-д. партыя працы) і пратэстанцкіх (Партыя юніяністаў Ольстэра, Дэмакр. юніянісцкая партыя і інш.) партый.
Літ.:
Орлова М.Е. Северная Ирландия: опыт преобразований в расколотом обществе. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПШАНІ́ЦА (Triticum),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 30 відаў, з якіх 12 эндэмічныя для Пярэдняй Азіі. Адзін з цэнтраў паходжання П. — Закаўказзе. Найб. пашыраны стараж. збожжавыя культуры, асн. прадукт харчавання амаль трэці насельніцтва зямнога шара П. цвёрдая (T. durum) і найб. урадлівая П. мяккая, або звычайная (T. aestivum). Маюць больш за 4 тыс. сартоў, азімыя і яравыя формы. На Беларусі вырошчваецца пераважна П. мяккая.
Аднагадовыя травы выш. 40—200 см (выш. вызначае ўстойлівасць да палягання і звязана з урадлівасцю). Каранёвая сістэма валасніковістая. Сцябло — прамастойная, полая або запоўненая парэнхімай саломіна. Лісце лінейнае. Кветкі двухполыя, аднадомныя, няправільныя, сабраныя ў суквецце — складаны колас. У П. цвёрдай каласкі размешчаны на стрыжні шчыльна, у мяккай — рыхла. Плод — зярняўка. Зерне голае або плевачнае, белае, чырв. ці фіялетавае, мучністае або шклопадобнае, падоўжанай ці шарападобнай формы з баразёнкай на баку. Мае ў сабе да 30% бялку, 60—64% вугляводаў, 2% тлушчу, вітаміны, ферменты, мінер. рэчывы і інш. Па хлебапякарных уласцівасцях адрозніваюцца слабыя, сярэднія і моцныя сарты П. мяккай. З зерня П. атрымліваюць муку, крупы, крухмал, спірт. Вотруб’е і інш. адходы памолу — канцэнтраваны корм, сыравіна для камбікормавай прам-сці. Салома — грубы корм і подсціл для жывёлы, выкарыстоўваецца таксама ў вытв-сці паперы, кардону, упаковачнага матэрыялу, для пляцення кошыкаў, капелюшоў, дэкар. вырабаў. Зялёная маса скормліваецца жывёле.
На Беларусі П. вядома з 6—8 ст.: апаленае зерне знойдзена на гарадзішчах Банцараўскае (Мінскі р-н) і Загорцы (Гарадоцкі р-н Віцебскай вобл.). Вырошчваецца 15 сартоў азімай і каля 12 сартоў яравой П. (2000). Культывуюцца сарты мясц. селекцыі, атрыманыя ў Бел.НДІ земляробства і кармоў Акадэміі агр. навук Беларусі, азімай П.: Бярэзіна, Каравай, Капылянка, Пошук і інш.; яравой П.: Беларуская 80, Ленінградка, Ростань і інш.
Літ.:
Вавилов Н.И. Мировые ресурсы сортов хлебных злаков, зерновых, бобовых, льна и их использование в селекции: Пшеница. М.; Л., 1964;
Носатовский А.И. Пшеница: Биология. 2 изд. М., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБА́Т,
горад, сталіца Марока. Знаходзіцца на ўзбярэжжы Атлантычнага ак., у вусці р. Бу-Рэгрэг. 519 тыс.ж. (1998). Разам з суседнім г. Сале ўтварае прэфектуру Рабат-Сале; у межах прэфектуры 1220 тыс.ж. (1993). Вузел магістральных аўтадарог, чыг. станцыя. Міжнар. аэрапорт. Адм.-паліт., культурны і эканам. цэнтр краіны. Прам-сць: тэкст., харч., дрэваапр., гарбарна-абутковая, швейная, паліграф., хімічная. Саматужная вытв-сць дываноў, керамічных і скураных вырабаў, чаканка па метале. Ун-т.
У 1150 паблізу ант. паселішча Сале (араб. Рыбат-аль-Фатх — лагер перамогі) Альмахады пабудавалі крэпасць, якая стала ядром умацаванага паселішча і базай для ваен. экспедыцый арабаў у Андалусію. З 17 ст. пачалося хуткае развіццё горада ў выніку масавага перасялення сюды з Іспаніі андалузскіх мусульман (маўраў) — умелых рамеснікаў, гандляроў і мараплаўцаў. З 1666 Р. у складзе шэрыфскай дзяржавы Алаўітаў. У 19 ст. важны паліт. і эканам. цэнтр Марока. У 1912—56 Р. — адм. цэнтр франц. зоны пратэктарату. У 1930—50-я г. цэнтр нац.-вызв. барацьбы. З 1956 сталіца незалежнага Марока.
Гіст. ядро Р. — цытадэль Удая (12—17 ст.) на скале ў вусці р. Бу-Рэгрэг, абнесеная зубчастай сцяной з прамавугольнымі вежамі і варотамі з чырв. часанага каменю. У 1185—89 горад меў абрыс няправільнага чатырохвугольніка і быў абнесены з Пд і Пн сцяной з пяццю варотамі. У 17 ст. падзелены сцяной на 2 ч. — паўд. (медына) і паўночную. У медыне знаходзяцца: мінарэт «Вежа Хасана» і руіны мячэці Хасана (абое канец 12 ст., не завершаны), мячэці Вялікая (14 ст. з пазнейшымі перабудовамі), эс-Суна (1785, перабудавана ў 2-й пал. 19 ст., адна з самых вялікіх у краіне), палац караля (1775, з перабудовамі), мячэць і маўзалей Мухамеда V (1966). Сучасны Р. забудоўваўся з 1912 паводле праекта франц.арх. А.Проста. У яго паўн.-ўсх.ч. — адм. і дзелавы цэнтр, уздоўж узбярэжжа — жылыя кварталы, на Пд — сады і вілы. На паўд.-ўсх. ускраіне горада знаходзяцца: Шэла (цяпер археал. музей) — у старажытнасці фінікійская калонія, пазней рым. калонія Сала (захаваліся руіны форума, капітолія, грабніц), у сярэднія вякі — некропаль Марынідаў (рэшткі сцяны і вароты, 1339); руіны маўзалеяў, памінальнага комплексу з мячэццю, мінарэтам, лазнямі (13—14 ст.). Музеі: мараканскага мастацтва, мясц.нар. рамёстваў, старажытнасцей.
Рабат. Мінарэт «Вежа Хасана» і руіны мячэці Хасана. 12 ст.Рабат. Вароты цытадэлі Удая. 12—17 ст.Рабат. Агульны выгляд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМАЛЁЎКАдэкаратыўная, арнаментальныя ці сюжэтныя кампазіцыі, выкананыя фарбамі на розных частках арх. збудаванняў (манум.-дэкар. Р.), рэчах хатняга ўжытку (мэбля, посуд і інш.), ювелірных вырабах, творах маст. і сувенірнага прызначэння і інш.; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. З глыбокай старажытнасці ў многіх народаў свету вядома Р. па кераміцы, дрэве, метале, лаках і інш. (гл.Жостаўская размалёўка, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Растоўская фініфць, Фядоскінская мініяцюра, Хахламская размалёўка). На Беларусі манум.-дэкар. Р. вядома з 11 ст. (фрэскі на сценах храмаў), з 16 ст. адзін з найб. пашыраных відаў манументальнага жывапісу. З 15 ст. вядома Р. па шкле (гл.Шкло мастацкае), з 17 ст. — батык. У 18 ст. Р. дэкарыравалі вырабы Свержанскай фаянсавай мануфактуры і Целяханскай фаянсавай мануфактуры. Р. эмалямі па метале і фарфоры (фініфць) аздаблялі дэталі абкладаў кніг, крыжы, літургічны посуд і інш. Здаўна ў побыце беларусаў вядомы пісанкі. З канца 19 ст. Р. вылучылася ў самаст. від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і народных мастацкіх промыслаў, ёю аздаблялі інтэр’еры жылля, хатняе начынне, мэблю. У 1-й пал. 20 ст. пашырылася Р. па дрэве, паперы, тканіне, шкле (гл.Агоўскія куфры, Агоўская размалёўка, Давыд-Гарадоцкія куфры, Лідскія куфры, Нарачанска-дзісенскія дываны). З 2-й пал. 20 ст. размаляваныя рэчы дэкар.-прыкладнога і сувенірна-маст. характару (насценныя пано, кухонныя наборы, куфэркі, цацкі і інш.) выпускаюць прадпрыемствы маст.прам-сці (гл.Мастацкіх вырабаў вытворчасць), ствараюць нар. майстры. Манум.-дэкар. Р. пашырана ў інтэр’ерах грамадскіх будынкаў.
Літ.:
Церашчатава В.В. Старажытнабеларускі манументальны жывапіс XI—XVIII стст. Мн., 1986;
Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.
Я.М.Сахута.
Да арт.Размалёўка. Лекіф з выявай Афрадыты з лебедзем. Каля 490 да н.э.Да арт.Размалёўка. П.Пучкоў. Куфэрак «Від на храм Хрыста Збавіцеля, 1920 г.». Фядоскіна. Расія. 1994.Да арт.Размалёўка. Коўш. Беларусь. 16 ст.Да арт.Размалёўка. І.Баранюк. Паляўнічы страляе ў аленя. Гуцульская кафля. Пач. 20 ст.Да арт.Размалёўка. А.Макоўчык. Размалёўка па шкле. Бярозаўскі раён Брэсцкай вобл. 1960-я г.Да арт.Размалёўка. Дз.Цубер. Куфэркі. Горад Давыд-Гарадок Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1987.Да арт.Размалёўка. Я.Драздовіч. Дыван 1930-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́НІЯ (Danmark),
Каралеўства Данія (Kongeriget Danmark), дзяржава ў Зах. Еўропе. Размешчана на п-ве Ютландыя, а-вах Зеландыя, Фюн, Лолан, Фальстэр, Мён, Борнхальм і інш. На Пд мяжуе з Германіяй (даўж. сухапутнай граніцы 68 км). На З абмываецца Паўночным м., на Пн — прал. Скагерак, на У — прал. Катэгат, Эрэсун, Балтыйскім м.Пл. 43,1 тыс.км², у т. л. 19,3 тыс.км²пл. астравоў. Нас. 5165 тыс.чал. (1993). Дзярж. мова — дацкая. Сталіца — г. Капенгаген. Падзяляецца на 14 амтаў (раёнаў). У склад Д. ўваходзяць Грэнландыя і Фарэрскія астравы, якія маюць унутр. аўтаномію. Нац. святы — Дзень нараджэння каралевы Маргрэтэ II (16 крас.) і Дзень Канстытуцыі (5 чэрв.).
Дзяржаўны лад. Д. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1953. Кіраўнік дзяржавы — манарх.Заканад. ўлада належыць манарху і аднапалатнаму парламенту — фолькетынгу (179 дэпутатаў), што выбіраецца на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які назначае манарх і ўзначальвае прэм’ер-міністр. Урад адказны перад фолькетынгам.
Прырода. Рэльеф пераважна раўнінны са шматлікімі марэннымі ўзгоркамі. Найвыш. пункт г. Аер-Баўнехёй (173 м). Зах. і паўн.-зах. ўзбярэжжа — нізіна з паласой дзюн, якія аддзяляюць шматлікія лагуны ад мора. Усходнія берагі п-ва Ютландыя і в-ва Зеландыя моцна расчлянёныя, месцамі абрывістыя, ёсць шмат бухтаў. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (у Паўночным м.), торф, буд. матэрыялы і інш. Клімат умераны, марскі, з мяккай няўстойлівай зімой, халаднаватым летам. Сярэдняя т-растудз. каля 0 °C, ліп. 16 °C. Ападкаў ад 600 мм на У да 800 мм на 3. Рэкі невялікія, найб. Гудэна (158 км). Шмат невял. азёр. Пад лесам 10% тэр., пераважаюць бук і дуб. Ёсць саджаныя лясы з елкі, хвоі, піхты і лістоўніцы. На З верасовыя пусткі. Запаведнікі Хеселё, Ворсё і інш.
Насельніцтва. Датчане складаюць каля 98% насельніцтва. На Пд Ютландыі жыве 40 тыс. немцаў. Ёсць невял. групы выхадцаў з Турцыі, б. Югаславіі, Швецыі, Вялікабрытаніі. Сярод вернікаў пераважаюць лютэране (91%), ёсць прыхільнікі інш. галін пратэстанцтва, католікі. Сярэдняя шчыльн. 120 чал. на 1 км², больш шчыльна заселены У краіны, асабліва в-аў Зеландыя. У гарадах 85% насельніцтва (1993). Больш за 25% насельніцтва краіны жыве ў Капенгагене з прыгарадамі (1,35 млн.ж., 1994). Значныя гарады (тыс.ж., 1993): Орхус — 274,5, Одэнсе — 181,8, Ольбарг — 158,1.
Гісторыя. Засяленне тэр. Д. чалавекам пачалося ў эпоху позняга палеаліту. У мезаліце тут існавала археал. культура маглемазэ. З апошніх стагоддзяў да н.э. на землях сучаснай Д. жылі стараж.германцы. Пасля перасялення большасці англаў, саксаў, ютаў на Брыт. а-вы (гл.Англасаксонскае заваяванне) на тэр. Д. ў 5—6 ст.н.э. з Пд Скандынаўскага п-ва прыбылі германамоўныя даны, вядомыя паводле пісьмовых крыніц прыблізна з 550 (адсюль назва Данія), якія сталі тут пануючым племем. У эпоху вікінгаў (канец 8 — сярэдзіна 11 ст.) продкі датчан каланізавалі б.ч. Брытаніі, абклаўшы яе насельніцтва данінай (т.зв. «дацкімі грашыма»), потым стварылі ў вусці Сены герцагства Нармандыя (911). Гэта садзейнічала іх паліт. кансалідацыі і ўтварэнню раннедацкага каралеўства (першым каралём быў Годфрэд, памёр у 810), што ўмацавалася пры Горме Старым (памёр каля 950) і яго сыне Харальдзе Сінязубым (памёр каля 985, пры ім у Д. каля 960 прынята хрысціянства). У эпоху вікінгаў узніклі першыя дацкія гарады, значную ролю ў грамадстве пачалі адыгрываць бонды, якія складалі аснову ваенна-марскога апалчэння (ледунга). Пры Кнудзе I Вялікім [1018—35] кароткі час існавала англа-дацка-нарв. дзяржава. Пазней пад уладу Д. трапіла герцагства Шлезвіг (гл.Шлезвіг-Гольштэйн; з 1460 у асабістай уніі). У 2-й пал. 12 — пач. 13 ст. Д. заваявала паўд. і частку ўсх. ўзбярэжжа Балтыйскага м. (пасля бітвы 1227 з немцамі пры Борнхёведзе б.ч. гэтых тэр. страчана). Вайна 1367—70 з Ганзай за панаванне на Балтыцы скончылася паражэннем Д. У 1397—1523 пад уладай дацкіх каралёў (Кальмарская унія) аб’яднаны Нарвегія і Швецыя (у 1523 вызваліліся з-пад дацкага панавання). У 2-й пал. 16 ст. Д. дамаглася перавагі на Балтыйскім м. Яна ўдзельнічала ў Трыццацігадовай вайне 1618—48. У 17 ст. ў краіне ўстаноўлена абсалютная манархія (1660), з’явіліся першыя мануфактуры. Працяглыя сял. выступленні прывялі да скасавання прыгону (1788—1800). Д. ўдзельнічала (фактычна безвынікова) разам з Расіяй і Саксоніяй у Паўночнай вайне 1700—21 супраць Швецыі, была адной з дзяржаў-ініцыятараў першага ўзбр. нейтралітэту (1780) у Вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. У выніку нападу англічан на Капенгаген і захопу імі дацкага ВМФ (1807) Д. ўцягнулася ў напалеонаўскія войны на баку Францыі. Паводле Кільскіх мірных дагавораў 1814 яна страціла Нарвегію, в-аў Гельгаланд і інш., аднак захавала пад сваёй уладай нарв. заморскія тэр. — Ісландыю, Грэнландыю, Фарэрскія а-вы. Пасля часовага эканам. застою ў Д. ў 1830—40-я г. пачалася прамысл. рэвалюцыя (у т. л. ў 1847 пабудавана першая чыгунка). Адначасова пад націскам апазіц. ліберальнага руху прынята канстытуцыя 1849, паводле якой устаноўлены рэжым абмежаванай манархіі з 2-палатным парламентам (рыксдагам) і ўрадам, адказным перад каралём. У гэты ж час абвастрылася шлезвіг-гольштэйнская праблема, што выклікала дацка-прускую вайну 1848—50. Наступны крызіс узнік у 1863 у сувязі з прыняццем новай дацкай канстытуцыі, прывёў да дацкай вайны 1864 і адмовы Д. ад прэтэнзій на тэр. герцагстваў. Да ўлады ў краіне прыйшлі кансерватыўныя сілы, якія ў 1866 дамагліся перагляду канстытуцыі 1849: за каралём прызнана права абсалютнага вета і выдання законаў паміж сесіямі парламента, дэпутаты верхняй палаты парламента (ландстынга) сталі выбірацца буйнымі землеўладальнікамі або прызначацца каралём. У 1870 кансерватары ўтварылі кабінет з удзелам правых лібералаў, а іх праціўнікі (левыя лібералы) стварылі аб’яднаную левую партыю (Венстрэ) і разгарнулі паліт. барацьбу за дэмакр. рэформы. У 1901 з дапамогай Сацыял-дэмакратычнай партыі Даніі (СДПД, засн. ў 1876) Венстрэ атрымала большасць у ніжняй палаце парламента (фолькетынгу) і з санкцыі караля Крысціяна IX [1863—1906] сфарміравала першы адказны перад парламентам урад (у 1905—08 яго ўзначальваў Е.К.Крыстэнсен). Рэфарматары палепшылі становішча батракоў і беззямельных сялян, пашырылі аўтаномію Ісландыі (дадзена ў 1874). У 1905 з-за рознагалоссяў вакол ваен. бюджэту і буд-ваўзбр. сіл з Венстрэ выйшлі пацыфісцкія колы, якія ўтварылі партыю Радыкальная Венстрэ. Нейтральная знешняя палітыка Д. пасля 1864 (у т. л. ў 1-ю сусв. вайну) садзейнічала яе эканам. росту (асабліва ў с.-г. вытв-сці) у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. У 1915 прынята папраўка да канстытуцыі краіны (набыла сілу пасля 1-й сусв. вайны), паводле якой выбарчае права дадзена датчанам абодвух полаў з 25-гадовага ўзросту. У 1917 Д. прадала падуладную ёй частку Віргінскіх а-воў ЗША. У 1918 дацкія ўлады далі яшчэ большую самастойнасць Ісландыі ў межах міждзярж. уніі (скасавана Ісландыяй у 1944). У 1920 краіна прынята ў Лігу нацый, па выніках плебісцыту, праведзенага згодна з умовамі Версальскага мірнага дагавора 1919, да Д. далучаны Паўн. Шлезвіг. З 1924 найб. ўплыў у парламенце працяглы час мелі сацыял-дэмакраты, дзейнічаў кааліцыйны ўрад на чале з У.Стаўнінгам (прэм’ер-міністр у 1924—26 і 1929—42), які рабіў захады па змяншэнні сац. напружанасці і аслабленні знешняй пагрозы (пакт аб ненападзе з нацысцкай Германіяй 1939). У 1933 Міжнар. суд у Гаазе вырашыў на карысць Д. яе спрэчку з Нарвегіяй з-за Грэнландыі. У 2-ю сусв. вайну краіна ў парушэнне дагавора 1939 акупіравана ням.-фаш. войскамі (9.4.1940). Акупац. ўлады захавалі ўрад Стаўнінга і дацкі парламент. У 1941 Д. вымушана стала чл.«Антыкамінтэрнаўскага пакта»; адначасова ў эміграцыі (Лондан) узнік Дацкі савет, які садзейнічаў актывізацыі Руху Супраціўлення ў краіне (з 1942). Пасля серыі антыфаш. забастовак і акцый сабатажу дацкіх працоўных акупац. ўлады 29.8.1943 ліквідавалі ўрад Э.Скавеніуса (прэм’ер-міністр з 1942), раззброілі дацкую армію. Дацкі ВМФ часткова самазатапіўся. 5.5.1945 акупац. войскі ў Д. капітулявалі перад брыт.ўзбр. сіламі і падпольнай дацкай арміяй, 9.5.1945 сав. марскія пехацінцы вызвалілі в-аў Борнхальм. Першы пасляваенны ўрад на чале з В.Булем (1945) ануляваў усе заканад. акты, навязаныя краіне ў перыяд акупацыі, выключыў з дзярж. апарату былых калабарацыяністаў. Знешняя палітыка пасляваен. урадаў, якія ўзначальваліся пераважна прадстаўнікамі СДПД (у 1947—50, 1953—68, 1971—73, 1975—82 і П.Н.Расмусенам з 1993), была накіравана на інтэграцыю краіны ў зах.-еўрап. рэгіянальныя арг-цыі (НАТО, Савет Еўропы, Еўрап.эканам. супольніцтва і інш.). Дацкія ўлады далі самакіраванне Фарэрскім а-вам (1948) і Грэнландыі (1979, з 1953 састаўная ч. Дацкага каралеўства). Стабілізацыі эканомікі краіны пасля 2-й сусв. вайны садзейнічала эканам. дапамога паводле Маршала плана. Пры каралю Фрэдэрыку IX прынята сучасная канстытуцыя, паводле якой уведзены аднапалатны парламент (фолькетынг) і пераемнасць манархіі па жаночай лініі. З 1972 каралевай Д. з’яўляецца Маргрэтэ Л. У 1992 і 1993 праведзены рэферэндумы па пытанні ўступлення краіны ў Еўрап. саюз (на апошнім большасць выбаршчыкаў дала станоўчы адказ). Д. — чл.ААН (з 1945), НАТО (пры ўмове неразмяшчэння на яе тэр. ў мірны час замежных войск, ваен. баз і ядз. зброі), Савета Еўропы (у абодвух арг-цыях з 1949), Еўрап. саюза. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. СДПД (найбуйнейшая), Сацыяліст.нар. партыя, Радыкальная Венстрэ, Венстрэ, Дэмакраты цэнтра, Хрысц.нар. партыя, Кансерватыўная нар. партыя, Партыя прагрэсу, Шлезвігская партыя, Цэнтр. аб’яднанне прафсаюзаў і інш.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных сухап. войск, ВПС, ВМС (на пач. 1995 агульная колькасць 27 тыс.чал.), і рэгулярных ваенізаваных фарміраванняў войск абароны (хемверн). Вярх. галоўнакамандуючы — манарх. Камплектуюцца паводле змешанага прынцыпу (да прызыву або найму не прыцягваюцца карэнныя жыхары Грэнландыі і Фарэрскіх а-воў). Сухап. войскі (16,3 тыс.чал.) уключаюць Ютландскую мотапяхотную дывізію, 2 мотапяхотныя брыгады на Зеландскіх а-вах, Борнхальмскую пяхотную брыгаду і інш. У складзе ВПС (6,1 тыс.чал.) 72 баявыя самалёты і часці ППА. ВМС (каля 4,5 тыс.чал. у пач. 1996) маюць 35 баявых караблёў (у т. л. 5 падводных лодак) і 30 баявых катэраў. Хемверн фарміруецца паводле тэр.-вытв. прынцыпу для дапамогі ўзбр. сілам. Каля 2 тыс. дацкіх вайскоўцаў — у войсках ААН (пераважна ў Босніі і Герцагавіне і на Кіпры).
Гаспадарка. Д. — высокаразвітая індустр.-агр. краіна. Па вытв-сці валавога нац. прадукту на душу насельніцтва (26 730 дол., 1993) займае адно з вядучых месцаў у свеце. Доля прам-сці каля 18% (у т. л. апрацоўчай 17%), сельскай гаспадаркі (разам з лясной гаспадаркай і рыбалоўствам) каля 5, буд-ва 5,5, транспарту і сувязі 7, гандлю 12, інш. абслуговых галін каля 50%. У структуры прамысловасці пераважаюць галіны, цесна звязаныя са знешнім рынкам — з увозам сыравіны і паўфабрыкатаў і вывазам гатовых вырабаў. На знешнім рынку рэалізуецца больш як 1/3прамысл. і больш за 1/2с.-г. таварнай прадукцыі. Вядучыя галіны прам-сці: машынабудаванне, харч., хім. і тэкстыльная. У здабыўной прам-сці асн. значэнне маюць здабыча нафты (8,3 млн.т) і прыроднага газу (1,5 млрд.т, 1993). Здабываюць таксама буд. матэрыялы, каалін, дыятаміт, кухонную соль, торф і інш.Вытв-сць электраэнергіі 32,7 млрд.кВт∙гадз (1993), пераважна на ЦЭС. У машынабудаванні вылучаецца суднабудаванне (прыкладна 3% штогадовага сусв. танажу; у Одэнсе, Хельсінгёры, Накскаве, Капенгагене, Ольбаргу), вытв-сць суднавых дызеляў (Капенгаген). Развіта вытв-сць абсталявання (пад’ёмна-трансп., для цэм., харч., суднабуд., цэлюлозна-папяровай прам-сці), мед. і быт. электратэхнікі. Гал. цэнтры: Капенгаген, Орхус, Одэнсе, Ольбарг (асабліва абсталяванне для цэм.прам-сці), Ранерс (лакаматыва- і вагонабудаванне), Хорсенс. Харч.прам-сць вылучаецца высокім узроўнем механізацыі. Акрамя малочных з-даў і бойняў у краіне шмат мукамольных, хлебапякарных, піваварных, кансервавых, спіртагарэлачных, цукровых, кандытарскіх, тытунёвых і інш. прадпрыемстваў. Асн. цэнтры: Капенгаген, Орхус, Одэнсе, Эсб’ерг (рыба- і мясакансервавыя прадпрыемствы), Ольбарг (рыбаперапрацоўка), Хорсенс (перапрацоўка тытуню, мяса, малака). Хім.прам-сць прадстаўлена вытв-сцю мінер. угнаенняў, сінт. смол, фарбаў, кіслот. Цэнтры нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі — Калунбарг і Фрэдэрысія. Развіта фармацэўтычная прам-сць. З галін лёгкай прам-сці найб. развіта тэкстыльная (Капенгаген, Орхус, Одэнсе, Ольбарг, Ранерс, Колінг і інш.). Прадпрыемствы швейнай, абутковай, цэм. (штогод выпускаюць каля 2,5 млн.т цэменту), шкляной, фарфоравай, мэблевай прам-сці і інш. Каля палавіны прамысл. прадукцыі выпускаецца ў Капенгагене і яго прыгарадах. Д. — адна з вядучых у свеце краін па эфектыўнасці сельскай гаспадаркі. Характэрна высокая ступень выкарыстання машын. Каля 200 тыс.чал., занятых у с.-г. вытв-сці (78,8 тыс. фермаў, сярэдні памер 35 га), выпускаюць прадукцыю, якой можна пракарміць 15 млн.чал. Сярэдні надой малака каля 7 тыс.кг (тлустасць больш за 4%), сярэдняя ўраджайнасць збожжавых 50,5 ц/га. Доля с.-г. угоддзяў складае 64% тэрыторыі. Вядучая галіна — жывёлагадоўля, якая дае каля 90% таварнай с.-г. прадукцыі. Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы 2,2, свіней 11,1, птушкі 18,9. Штогадовая вытв-сць мяса дасягае 2 млн.т, малака — 5 млн.т, масла — 0,1 млн.т, сыру — 0,3 млн.т, яец — каля 90 млрд. штук. Земляробства абслугоўвае патрэбы жывёлагадоўлі. Каля палавіны с.-г. зямель пад кармавымі культурамі. Вырошчваюць (млн.т, 1993): пшаніцу — 4,3, ячмень — 3,3, жыта — 0,4, бульбу — 1,7, цукр. буракі — 3,6, авёс, бабовыя, рапс. Развіта агародніцтва, садоўніцтва. Штогадовы ўлоў рыбы каля 2 млн.т.Асн. рыбалавецкі порт Эсб’ерг. На адходах рыбалоўства развіта футравая зверагадоўля — вырошчванне норкі. Д. — краіна развітога міжнар. турызму. Штогод краіну наведвае больш за 10 млн.чал., гал. чынам з суседніх краін. Унутр.транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 71,1 тыс.км (1993), чыгунак 2,5 тыс.км, больш за 2 тыс.км электрыфікавана. Асноўныя астравы звязаны паміж сабой і з мацерыковай ч. краіны аўтамаб. і чыг. мастамі. Паромныя сувязі з Германіяй, Швецыяй, Нарвегіяй. Праз тэр. Д. праходзяць міжнар. аўтадарогі і чыгункі з Цэнтр. Еўропы ў Скандынавію. Грузападымальнасць марскога флоту 5 млн.т. На яго долю прыпадае каля 1/3унутр. і 80% знешніх перавозак. У перавозках дацкіх суднаў да 80% складаюць грузы замежных краін. Гал. порт Капенгаген. Развіты авіятранспарт заняты пераважна знешнімі перавозкамі пасажыраў. Д. мае дадатны штогадовы гандл. баланс. У агульным кошце экспарту (35,9 млн.дол., 1993) 69% прыпадае на прадукцыю прам-сці і 16% — на с.-г. прадукцыю, у імпарце 56% — на сыравіну і паўфабрыкаты і 18,5% — на машыны, абсталяванне і трансп. сродкі. Замежны гандаль вядзецца пераважна з Германіяй (1/4 экспарту і імпарту), Швецыяй (10% экспарту і 11% імпарту), Вялікабрытаніяй (9% экспарту і 8% імпарту), Нідэрландамі, Нарвегіяй, Францыяй, ЗША і інш. Д. ў асобныя гады экспартуе ў Беларусь лекі, пшаніцу, цукар, імпартуе трактары, прадукты дрэваапрацоўкі, ільняныя тканіны. Грашовая адзінка — дацкая крона.
Ахова здароўя. Сістэмай мед. абслугоўвання ахоплена ўсё насельніцтва Д. Лячэнне ў шпіталі і хатні мед. догляд за хворым бясплатныя. Дзеці і моладзь перыядычна праходзяць абавязковае бясплатнае мед. абследаванне. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 73, у жанчын 79 гадоў. Смяротнасць 11 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 184 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 360 чал. Узровень нараджальнасці — 12 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць — 7 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Д. заснавана на законе 1974, паводле якога ўведзена адзіная абавязковая 9-гадовая школа (з 6 гадоў). Дашкольнае выхаванне ў Д. праводзіцца ў дзіцячых яслях і садах (да 6 гадоў). З 1976 уведзена перадшкольнае навучанне для дзяцей 5—6 гадоў (праводзіцца ў спец. класах пры школах і садах). Агульную адукацыю дае адзіная абавязковая нар. школа, якая складаецца з падрыхтоўчага класа, 9-гадовай асн. школы і 10-га (дадатковага) класа для тых, хто хоча працягваць навучанне ў сярэдніх навуч. ўстановах (гімназіі і сярэднія тэхн. ўстановы). Права паступлення ў ВНУ даюць гімназіі; з 1968 такое права маюць і асобы, якія не закончылі гімназію, але здалі вышэйшы падрыхтоўчы экзамен. Прафес. падрыхтоўку даюць прафес.-тэхн. навуч. ўстановы і спец. цэнтры ў выглядзе вучнёўства. Буйнейшыя ВНУ: ун-ты ў Капенгагене (з 1479), Орхусе (з 1928), Одэнсе (з 1964), Дацкая вышэйшая тэхн. школа (з 1829), Каралеўская вышэйшая вет. і с.-г. школа (з 1856), Вышэйшая камерцыйная школа (з 1917), Дацкая вышэйшая пед. школа (з 1856), Дацкая інж. акадэмія (з 1957). Найб. бібліятэкі: Нац. (Каралеўская, засн. паміж 1657 і 1664), б-ка ун-та (з 1482) і Муніцыпальная (з 1885) у Капенгагене, Дзярж. і б-ка ун-та ў Орхусе і інш.Найб. музеі: Нац. (з 1807), Дзярж.маст. музей, Каралеўскі музей прыгожых мастацтваў, Музей Торвальдсена — усе ў Капенгагене, Дом-музей Х.К.Андэрсена, Музей пад адкрытым небам даўніх вясковых забудоў у Одэнсе, Музей нац. гісторыі ў замку Фрэдэрыксбарг, Музей караблёў вікінгаў у Роскіле і інш.Навук. даследаванні праводзяцца ва ун-тах, галіновых ін-тах і акадэміях, цэнтрах і інш.н.-д. установах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Першая рэгулярная газета выйшла ў 1666. Буйнейшыя сучасныя выданні: «Berlingske Tidende» («Ведамасці Берлінга», з 1749), «Aktuelt» («Актуальна», з 1872), «Fyns Tidende» («Фюнскія ведамасці», з 1872), «Politiken» («Палітыка», з 1884), «Ekstrabladet» («Экстранная газета», з 1904), «Land og Folk» («Краіна і народ», з 1941) і інш.Нац.інфарм. агенцтва Рытсаўс-бюро (РБ; з 1866; акц.т-ва). Радыёвяшчанне з 1925, тэлебачанне з 1951. Радыё- і тэлеперадачы кантралюе дзярж. служба Дацкага радыё.
Літаратура. Самыя стараж. помнікі дацкага пісьменства — рунічныя надпісы 9—12 ст. Першыя літ. помнікі — зборнікі законаў і хронік на лац. мове («Учынкі данаў» Саксона Граматыка, нап. ў 1208). У сярэдневякоўі апрача лац. хронік ствараліся нар. балады і песні (фольквізер). Першая друкаваная кніга на дацкай мове — гіст. праца «Рыфмаваная хроніка» (1495). У 16 ст. развіццю л-ры садзейнічалі Рэфармацыя і кнігадрукаванне. Пераклад Бібліі К.Педэрсена (1550) стаў асновай для фарміравання дацкай літ. мовы. У гэты час у Д. пранікае л-раітальян. і галандскага Адраджэння, франц. класіцызму. Найб. значныя творы — «Візітная кніга» П.Паладыуса і «Хроніка дацкага каралеўства» А.Гуітфельда. У 17 ст. ў дацкай л-ры адзначаецца заняпад. У творчасці А.К.Арэба знайшла адбітак паэзія барока, якая дасягае завершанасці ў царк. песнях Т.Кінга. Пачынае выходзіць першы часопіс «Дацкі Меркурый». У 18 ст. ў Д. набываюць папулярнасць ідэі Асветніцтва, выдатным прадстаўніком якога быў Л.Хольберг — пісьменнік, філосаф, гісторык, заснавальнік сучаснай дацкай л-ры, стваральнік нац. тэатра (1722), рэфарматар мовы. У сярэдзіне 18 ст. пашыраецца сентыменталізм (І.Эвальд, А.А.К.Стуб). У 19 ст. ў дацкай л-ры пануе рамантызм, найб. значны прадстаўнік якога паэт і драматург А.Г.Эленшлегер. Да рамант. кірунку адносіцца творчасць Н.Ф.Грунтвіга — філосафа, мараліста, «дацкага Лютэра». У 1830-я г. ў дацкую л-ру ўваходзіць Х.К.Андэрсен, казкі і гісторыі якога ўзнялі дацкую л-ру на сусв. ўзровень. У сярэдзіне 19 ст. развіваюцца паліт. лірыка і сатыра, асабліва ў творчасці Ф.Палудан-Мюлера (вершаваны раман «Adam Homo»). Пісьменнік і філосаф С.К’еркегор заснавальнік сучаснай л-ры экзістэнцыялізму, зрабіў значны ўплыў на скандынаўскую і еўрап. л-ры. Важная роля ў развіцці рэалізму ў дацкай л-ры належала крытыку і гісторыку Г.Брандэсу. Выдатны пісьменнік-рэаліст Е.П.Якабсен у рамане «Нільс Люне» паказаў трагічны лёс інтэлігента, які апынуўся адзінокім ва ўмовах тагачаснага жыцця. У 1880-я г. ў л-ры Д. пераважае сімвалізм: Г.Банг, І.Ёргенсен, нават у пісьменнікаў рэаліст. кірунку Х.Драхмана, Х.Гёлерупа. У 1890-я г. адбываецца паварот да рэалізму: Г.Пантопідан («Шчасліўчык Пер»), І.В.Енсен («Хімерландскія гісторыі»); сатыр. драмы пісаў Г.І.Від, псіхал. раманы і навелы — К.Мікаэліс. На пач. 20 ст. развіццё крытычнага рэалізму звязана з творчасцю М.Андэрсена-Нексё. У канцы 1920-х г. адзначаецца паварот да рэаліст. прозы (Андэрсен-Нексё, Х.Р.Кірк, Х.Шэрфіг, Э.Крыстэнсен, К.Бекер), гуманістычнай паэзіі (О.Гельстэд); у творчасці К.Мунка развіваецца філасофска-рэаліст. кірунак. У пасляваен. час у л-ры працуюць маладыя літаратары, аб’яднаныя вакол час. «Heretica» («Ерась», 1948—53), творчасць якіх характарызавалася ўцёкамі ад рэчаіснасці ў філас.-эстэт. разважанні (О.Сарвіг, О.Вівель, Т.Б’ёрнвіг, Ф.Егер). У 1950-я г. ў л-ру прыйшлі т.зв. новыя мадэрністы, якія абвясцілі абнаўленне ў галіне формы і грамадскі радыкалізм (В.Сёрэнсен, К.Рыфб’ерг, П.Себерг, Л.Пандура). Маст. і філас. пошукі гэтых розных па сваёй індывідуальнасці пісьменнікаў не супадалі з агульнымі працэсамі ў грамадстве і прывялі большасць з іх да чарговай эстэт. пераацэнкі, у рэчышча «новага» рэалізму (К.Кампман, Х.Стангеруп, Х.Ё.Нільсен, Е.Х.Сёрэнсен, У.Далеруп, С.О.Мадсен).
Архітэктура. Ад «эпохі вікінгаў» (канец 8 — сярэдзіна 11 ст.) захаваліся рэшткі крэпасцей Трэлебарг на в-ве Зеландыя, Агерсбарг каля Лім-фіёрда. З часу стварэння дацкага каралеўства (10 ст.) і прыняцця хрысціянства (каля 960) пачалося буд-ва драўляных, а з сярэдзіны 11 ст. — каменных (царква Божай Маці ў Роскіле) базілікальных цэркваў. У раманскі перыяд (12 — пач. 13 ст.) будавалі крыжова-купальныя саборы ў Рыбе і Вібаргу. Помнікі готыкі (13 — пач. 16 ст.): саборы ў Роскіле і Одэнсе. У 16 — 1-й пал. 17 ст. будавалі палацы, грамадскія і жылыя будынкі (біржа і палац Росенбарг у Капенгагене), у дэкоры якіх выявіўся ўплыў Адраджэння. Выдатны помнік архітэктуры 18 ст. — ансамбль Амаліенбарг (арх. Н.Эйтвед, Н.Жардэн). Перайманне стыляў інш. эпох і эклектызм характэрны для 2-й пал. 19 ст. У канцы 19 ст. ўзнік нац. рамантызм (арх. М.Нюрап, П.В.Енсен-Клінт і К.Клінт). Шляхі развіцця сучаснай архітэктуры Д. супадаюць са шляхамі яе развіцця ў Швецыі. Разам з тым захаваліся традыцыі дацкай цаглянай архітэктуры. З 1930-х г. пашыраны функцыяналізм (ун-т у Орхусе, 1932—46, арх. К.О.Фіскер і інш.; Дзярж. радыёцэнтр у Капенгагене, 1938—45, арх. В.Т.Лаўрытсен). Сярод найб. вядомых архітэктараў Д. — А.Якабсен (ратуша ў Рэдаўрэ, 1954—56, будынак авіякампаніі «САС» у Капенгагене, 1959—61, і інш.), аўтар праекта сусв. вядомага опернага т-ра ў Сіднеі (Аўстралія, 1966) Ё.Утсан.
Выяўленчае мастацтва. Помнікі маст. культуры вядомы з 8-га тыс. да н.э.: кромлехі і дальмены эпохі неаліту і бронзы; наскальныя выявы сцэн войнаў і палявання на в-ве Борнхальм эпохі бронзы; сярэбраны посуд і залатыя манеты жал. веку. У размалёўках раманскіх цэркваў («Хрыстос у славе», царква Себю на в-ве Зеландыя) — выявы ў візант. традыцыях у спалучэнні з мясц. арнаментам, які дамінуе і ў скульптуры (алтар з царквы ў Лісб’ергу). З 2-й пал. 15 ст. ў Д. імпартавалася шмат маст. твораў з Германіі, Нідэрландаў, Францыі, прыязджалі майстры, што працавалі тут да сярэдзіны 18 ст. Заснаванне ў Капенгагене АМ (1754) спрыяла развіццю класіцызму, які панаваў у Д. ў 2-й пал. 18 ст. — 1-й пал. 19 ст. У гэты час складваецца нац.маст. школа (скульпт. І.Відэвельт, Б.Торвальдсен, жывапісец Н.Абільгар). У партрэтным і пейзажным жывапісе (В.Эрыксен, Е.Юль) спалучаюцца рысы стыляў барока, ракако і класіцызму. Вызначальнае месца ў жывапісе 1-й пал. 19 ст. належала К.В.Экерсбергу і яго паслядоўнікам К.Кёбке, В.Бендсу, І.Т.Лунбю і інш., творы якіх блізкія да бідэрмееру. Жывапіс мастакоў наступнага пакалення (К.Хансен, В.Марстран) набыў рысы акадэмізму. З 1880-х г. пачаўся росквіт маст. фарфору (сервізы і статуэткі з падглазурнай размалёўкай мяккіх тонаў). Новаму ўздыму жывапісу садзейнічала творчасць мастакоў аб’яднання «Вольная выстаўка» (засн. ў 1891), якія пасяліліся ў в. Скаген (Паўн. Ютландыя) і займаліся вырашэннем праблемы пленэру (рэалісты П.С.Кроер, В.Іохансен, А.Ерндарф, пачынальнік дацкага імпрэсіянізму Т.Філіпсен). Творчасць Філіпсена істотна паўплывала на групу пейзажыстаў і анімалістаў, што паявіліся на в-ве Фюн, — П.Хансена, Ф.Сюберга, І.Ларсена, П.Крысціянсена. Тэму гісторыі Д. ўвасабляў К.Сартман. Мастакі Е.Ф.Вілумсен, В.Хамерсхёй, Э.А.Нільсен імкнуліся да сімвалізму і т.зв. нардычнага экспрэсіянізму. У 1910-я г. ў мастацтве заўважны ўплыў фавізму, кубізму і інш. новых плыней (Х.Гірсінг, Э.Вее). З 1930-х г. у мастацтве панаваў эклектызм (Э.Альфельт, Э.Біле, Э.Якабсен), якому процістаялі рэаліст. жывапіс О.Рудэ, Х.Енсена, графіка І.Крыстэнсена, паліт. і быт. карыкатуры Х.Бідструпа. У скульптуры 1-й пал. 20 ст. працавалі К.Нільсен, Ж.Гоген, І.К.Б’ерг і інш.
Музыка Д. была адносна развітой ужо ў першыя стагоддзі да н.э. Сярод стараж.муз. інструментаў духавыя рог і лур (4 ст. да н.э.). У сярэдневякоўі былі пашыраны героіка-эпічныя песні — драпы, сагі, якія выконвалі скальды. З 12 ст. развіваецца прафес. культавая, у 15—16 ст. і свецкая музыка (прыдворныя капэлы). У 16 ст. на музыку Д. значна паўплывала нідэрландская школа. Найб. значны кампазітар 17 — пач. 18 ст. Дз.Букстэхудэ. Узнікненне дацкай нац. оперы падрыхтавалі зінгшпілі і музыка да драм. спектакляў Ф.Кулаў, а таксама Ф.Кунцэна, І.А.П.Шульца, К.Э.Ф.Вайсе і інш. З 19 ст. вывучаецца нац. фальклор. Лепшыя прадстаўнікі дацкага муз. рамантызму Н.Гадэ, стваральнік першай нац. оперы І.П.Э.Хартман («Маленькая Кірстэн» паводле Х.К.Андэрсена, 1846), К.Хорнеман, П.А.Хейсе. Вял. ролю ў станаўленні нац. балета адыграла дзейнасць А.Бурнанвіля. Заснавальнік сучаснай кампазітарскай школы К.Нільсен. У розных муз. жанрах вылучыліся кампазітары П.Э.Ланге-Мюлер, К.Рысагер, Ф.Хёфдынг, С.Э.Тарп, А.Хамерык, Э.Хамерык, Ё.Ерсіль, В.Хольмбу, Н.В.Бентсан, П.Нёргар, П.Р.Ольсен і інш. Сярод выканаўцаў дырыжор Э.Туксен, спявак Л.Мельхіяр і інш. У Д. працуюць (1988): 5 кансерваторый, 5 хар. саюзаў, 2 саюзы кампазітараў і інш. Выдаюцца 15 муз. часопісаў.
Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва былі ў творчасці стараж. скандынаўскіх спевакоў — скальдаў. У сярэднія вякі пашыраны паказы «нараў», містэрый, літургічных драм, маралітэ. У 1722 у Капенгагене адкрыты т-р «Дацкая сцэна» (з 1770 наз. Каралеўскі т-р). Драматургія 18 ст. (асабліва Л.Хольберга) і творчасць выдатных акцёраў (К.А.Г’ельструп і інш.) залажылі асновы нац.камед. акцёрскай школы. У 1-й пал. 19 ст. творы А.Эленшлегера вызначылі развіццё школы акцёраў-рамантыкаў (І.К.Руге, Н.П.Нільсен і інш.). П’есы І.Л.Хейберга, Е.К.Хострупа, Г.Херца спрыялі росквіту сцэн. рэалізму. У канцы 19 ст. ставіліся востракрытычныя, гуманіст. драмы Г.Ібсена. У пач. 20 ст.т-р перажываў крызіс, у 1930-я г. — уздым, які прывёў да росквіту тэатр. мастацтва і драматургіі. Ставіліся антыфаш. спектаклі па п’есах К.Абеля, К.Э.Соі, К.Мунка. У час ням.-фаш. акупацыі ставіліся гіст. п’есы, дацкая класіка, пасля вызвалення — п’есы пра ваенныя гады, гераізм удзельнікаў Руху Супраціўлення. У 1950—70-я г. ставіліся пераважна п’есы сучасных зах.-еўрап. і амер. драматургаў. Да твораў нац. і сусв. класікі звяртаўся найчасцей Каралеўскі т-р, які і цяпер прадаўжае рэаліст. традыцыі. Працуюць Нар.т-р (засн. ў 1857), «Новы тэатр» (1908), «Гладсакс-тэатр» (1964), «Ню Скала» (1912) — усе ў Капенгагене, т-ры ў Ольбаргу, Одэнсе, Орхусе і інш. Дзейнічае Дзярж.драм. школа ў Капенгагене. З 1979 праходзяць міжнар. «Фестывалі блазнаў», дзе прадстаўлены тэатр. калектывы ўсіх жанраў.
Кіно. Пачынальнік дацкага кінематографа — фатограф Л.П.Эльфельт, які ў 1896—97 зняў першы дакумент., а ў 1903 — маст. фільмы. З 1906 дзейнічала кінастудыя «Нордыск фільмс компані» (засн. О.Ольсен), што набыла міжнар. вядомасць дзякуючы фільмам В.Ларсена, П.У.Гада, А.Блома, АВ.Сандберга з удзелам вядомай актрысы нямога кіно А.Нільсен. У пач. 20 ст. кіно Д. займала вядучае месца ў Еўропе (штогод стваралася каля 150 фільмаў). Далейшае яго развіццё прыпыніла эміграцыя вядучых кінарэжысёраў. У 1920-я г. здымаліся камедыі Л.Лаўрытсена з удзелам комікаў Х.Мадсена і К.Шэнстрэма (вядомыя як Пат і Паташон). У канцы 1920-х—30-я г. вытворчасць фільмаў рэзка знізілася. У гады ням.-фаш. акупацыі развівалася дакумент. кіно (К. і Ё.Рос, Т.Крыстэнсен, A. і Б.Хенінг-Енсен, О.Пальсба). У 1950-я г. кіно Д. аддавала ўвагу сац. праблемам. Але яго развіццё стрымлівала ўзнікненне тэлебачання. У 1972 у Д. створаны Дзярж.ін-т кіно. У 1960-я г. маніфестам кіно Д. стала творчасць П.К’ерульфа-Шміта. У 1970—80-я г. вылучыліся карціны, прысвечаныя моладзі (рэж. Н.Мальмрас, М.Арнфрэд, Б.Аўгуст). Папулярнасцю карыстаецца серыя камедый Э.Балінга пра шайку Ольсена (з удзелам коміка О.Спрогё), а таксама фільмы Х.Карлсена і Е.Б.Карлсена, Э.Клаўсена, А.Хенінг-Енсен, Г.Акселя, К.Рострупа з удзелам акцёраў Г.Бюрне, Х.Мірэн, К.Бале.
Літ.:
Лебедев Г.С. Эпоха викингов в Северной Европе: Ист.-археол. очерки. Л., 1985;
Славяне и скандинавы: Пер. с нем. М., 1986;
Коган М.А. Просвещенный абсолютизм в Дании. Реформы Струензе. Лекция. М., 1972;
Кудрина Ю.В. Дания в годы второй мировой войны. М., 1975;
Карлсен А.-В. Современная Дания. М., 1981;
Неустроев В.П. Литература скандинавских стран (1870—1970). М., 1980;
Искусство стран и народов мира. Т. 1. М., 1962;
Danmarks arkitektur. Bd 1—5. Lund;
København, 1979—80;
Мохов Н. Некоторые страницы истории датской музыки // Исследования исторического процесса классической и современной зарубежной музыки. М., 1980;
Schirring N. Musikkens historie i Danmark. Bd 1—3. København, 1977—78.
Герб і сцяг Даніі.Да арт.Данія. Будынкі фахверкавай канструкцыі ў г. Орхус.Да арт.Данія. Узбярэжжа зал. Орхус-Бугт на паўвостраве Ютландыя.Да арт.Данія. Краявід паблізу г. Капенгаген.Да арт.Данія. Карона караля Крысціяна IV.Да арт.Данія. Б.Торвальдсен. Ганімед. 1804.Да арт.Данія. Вадзяны млын на востраве Фюн. 1700—1800.Да арт.Данія. І.Т.Лунбю. Царква ў Калунбаргу. 1837.Да арт.Данія. Ратуша ў Орхусе. Арх. А.Якабсен і інш. 1938—42.Да арт.Данія. Адна з залаў Музея Торвальдсена ў Капенгагене.Да арт.Данія. К.Кёбке. Сястра мастака. 1831.Да арт.Данія. Царква Грунтвіга ў Капенгагене. Арх. П.В.Енсен-Клінт, К. Клінт 1921—40.Да арт.Данія. Інтэр’ер жылога пакоя сялянскага дома з вострава Зеландыя. 1800.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЫБУ́ЦІ (Djibouti),
Рэспубліка Джыбуці (Republique de Djibouti), дзяржава на ПнУ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Эрытрэяй, на З і Пд з Эфіопіяй, на ПдУ з Самалі. На У абмываецца Баб-эль-Мандэбскім пралівам і Адэнскім зал. Індыйскага ак. Падзяляецца на 5 акруг. Пл. 22 тыс.км². Нас. 557 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Джыбуці. Афіц. мова — арабская і французская.
Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 чэрв).
Дзяржаўны лад. Дж. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 6 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы орган — аднапалатны Нац. сход (65 дэпутатаў), выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Для рэльефу характэрна чаргаванне горных масіваў з патухлымі вулканамі і нізкіх лававых плато. Цэнтр.ч. краіны займаюць камяністыя, пясчаныя або гліністыя раўніны. На ПнУ адгор’і хр. Данакіль (г. Муса-Алі, 2022 м). У глыбокай тэктанічнай упадзіне воз. Асаль (на 153 м ніжэй узр. м.). Клімат трапічны, сухі і гарачы. Сярэднямесячныя т-ры 27—35 °C. Ападкаў 45—130 мм за год. Пастаянных рэк няма. Расліннасць пустынная і паўпустынная. Нац. паркі Дай, Маскалі-Мусша, некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва Рэспубліку насяляюць 2 народы, якія размаўляюць на мовах кушыцкай групы семіта-хаміцкай сям’і: іса (блізкія да самалійцаў, 50%) і афары (40%). Жывуць таксама самалійцы, арабы, выхадцы з Еўропы (французы, грэкі, італьянцы) і інш. 94% вернікаў мусульмане. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 25,3 чал. на 1 км². 82% яго пражывае ў гарадах і пасёлках на ўзбярэжжы і на ПдУ, у т. л. больш за палавіну ў г. Джыбуці. Ва ўнутр. раёнах пераважаюць качэўнікі і паўкачэўнікі.
Гісторыя. У 1880-я г.тэр. п-ва Самалі падзелена паміж Англіяй і Францыяй. Калонія Франц. Самалі ў 1946 атрымала статус «заморскай тэр. Францыі», у 1956 — частковую аўтаномію. У ходзе рэферэндуму 1967 большасць насельніцтва выказалася за аўтаномію ў рамках Франц. Рэспублікі і краіна з чэрв. 1967 стала афіцыйна наз.Франц.тэр. афараў і іса. У 1970-я г. ў краіне і за мяжой узнік моцны незалежніцкі рух сярод іса, дыскрымінаваных французамі на карысць афараў. У 1972 створана Афр.нар. ліга (з 1975 Афр.нар. ліга за незалежнасць). У эміграцыі дзейнічалі вызв. партыі, у т. л. тыя, што выступалі за аб’яднанне з Самалі ці Эфіопіяй.
8.5.1977 абвешчана незалежная дзяржава пад назвай Рэспубліка Джыбуці; ролю канстытуцыі ў краіне выконвалі «арганічныя законы». Унутрыпаліт. напружанасць у 1990—92 выклікала сутыкненні кланава-племянных інтарэсаў афараў і іса. Афарская апазіцыя стварыла Фронт за аднаўленне адзінства і дэмакратыі, разгарнула антыўрадавыя ўзбр. выступленні. У чэрв. 1992 гэты Фронт разам з інш. апазіцыйнымі партыямі і рухамі, у т. л. і прадстаўнікамі інтарэсаў іса, утварылі Аб’яднаны фронт апазіцыі. 4.9.1992 на рэферэндуме ўпершыню прынята канстытуцыя. У маі 1993 прэзідэнтам краіны выбраны Х.Гулед Апцідон. Дж. — чл.ААН з 1977. Паліт. партыі — Нар. аб’яднанне за прагрэс (правячая), Партыя дэмакр. абнаўлення, Нац.-дэмакр. партыя.
Гаспадарка. Дж. — адна з найменш развітых краін свету. Штогадовы даход на душу насельніцтва каля 300 долараў. Гасп. дзейнасць абмежавана неспрыяльнымі прыроднымі ўмовамі. Доля ў валавым унутр. прадукце: транспарту і сферы паслуг — каля 85%, прам-сці — каля 10%, сельскай гаспадаркі — каля 4%. Найб. развіта абслугоўванне трансп. аперацый праз порт Джыбуці, дзе канчаецца чыгунка і аўтадарога, якія злучаюць Эфіопію з узбярэжжам. 3/4 грузаабароту порта — транзітныя грузы, праз яго праходзіць каля палавіны знешняга гандлю Эфіопіі. Даўж. чыгункі 106 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 283 км. Каля г. Джыбуці міжнар. аэрапорт. Прам-сць прадстаўлена невял. паўсаматужнымі прадпрыемствамі па вытв-сці харч. прадуктаў, скураных вырабаў, буд. матэрыялаў, мех. і швейнымі майстэрнямі. Ёсць некалькі невял. электрастанцый, з-дмінер. вод, малаказавод, камбікормавы з-д, тэкст. прадпрыемствы. Суднарамонт і буд-ва невял. суднаў. Лоўля рыбы і крабаў, збор жэмчугу і перламутру, каралаў, губак. Здабыча кухоннай солі з марской вады, вапняку, перліту. Саматужныя промыслы: ювелірны (вырабы з серабра, упрыгожаныя жэмчугам, перламутрам, караламі), гарбарны (вырабы з ціснёнай скуры — сёдлы, збруя, бурдзюкі і інш.). Гал. крыніца існавання сельскага насельніцтва — качавая і паўкачавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс.гал.): авечак і коз каля 1000, вярблюдаў каля 40, буйн. раг. жывёлы каля 50. Пад пашай каля 12% тэрыторыі. Выкарыстоўваюцца таксама сезонныя пашы па-за межамі краіны, пераважна ў Эфіопіі. Для земляробства прыдатныя толькі 7 тыс.га зямель у аазісах. Вырошчваюць фінікавую пальму, каву, агародніну. Дж. экспартуе жывёлу і скуры, імпартуе харч. і прамысл. тавары. Імпарт перавышае экспарт у 10 разоў. Асн.гандл. партнёры: Францыя (57% экспарту, 26% імпарту), Йемен, Саудаўская Аравія. Краіна атрымлівае штогадовую дапамогу ад міжнар. арг-цый і Францыі. Грашовая адзінка — джыбуційскі франк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́КАЎ, Кракуў (Kraków),
горад на Пд Польшчы, у верхнім цячэнні р. Вісла. Адм. ц.Малапольскага ваяводства. 745,1 тыс.ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Баліцы. Важны эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: самы вял. ў краіне металургічны камбінат (Гута імя Т.Сэндзіміра), маш.-буд. (вытв-сць абсталявання для нафтавай, хім., харч.прам-сці, эл.-тэхн. і радыёэлектронных вырабаў, кабелю), харч. і харчасмакавая (цукр., тытунёвая), хім. (коксахімія, фармацэўтычная, гумавая, вытв-сць соды), эл.-тэхн., буд. матэрыялаў, цэм., швейная, паліграф., мэблевая, гарбарна-абутковая, парфумерная. 15 ВНУ, у т. л. старэйшы ў Польшчы Ягелонскі універсітэт (з 1364), акадэміі горна-металургічная, мед. прыгожых мастацтваў, с.-г., фіз. выхавання, эканам., муз. і інш. Аддзяленне Польскай АН. Ягелонская б-ка. Астр. абсерваторыя Ягелонскага ун-та (з 1792). Тэатры, у т. л. Музычны, Стары, імя Ю.Славацкага. Кансерваторыя. Месца правядзення нац. і міжнар. фестываляў, маст. выставак і інш. Турыстычны цэнтр.
Паводле падання, засн. міфалагічным Кракам на месцы пасялення племя віслян. У 996 згадваецца араб. падарожнікам Ібрагімам ібн-Якубам. У 10 ст. К. — адзін з гал.эканам., паліт., ваен. і культ. цэнтраў Малапольшчы на гандл. шляху Русь—Чэхія—Зах. Еўропа. З канца 10 ст. ў складзе польск. дзяржавы. З 1000 рэзідэнцыя біскупства. Каля 1040 стаў гал. рэзідэнцыяй уладароў Польшчы і сталіцай дзяржавы; важны рэліг. цэнтр са шматлікімі касцёламі, кляштарамі і кафедральнай школай з багатай б-кай. У 11 ст. ў мясц. капітуле створана самая стараж. польская хроніка. У 1241 зруйнаваны татарамі. Гар. правы з 1257. З 1320 месца каранацыі польск. каралёў. У выніку эканам і культ. росквіту ў 14—16 ст. ператварыўся ў буйнейшы цэнтр інтэлектуальнага жыцця Польшчы. У 1364 засн. Кракаўская акадэмія. Важны цэнтр гандлю, маст. рамёстваў, кнігадрукавання (у 16 ст. існавала 9 друкарняў), архітэктуры, скульптуры, жывапісу. Значэнне К. пачало змяншацца пасля пераносу ў 1596 каралеўскай рэзідэнцыі ў Варшаву і ператварэння яе ў сталіцу дзяржавы (1611). У 1655 захоплены, абрабаваны і зруйнаваны шведамі; у 18 ст. заняпаў у выніку набегаў, пажараў, эпідэмій, выплаты кантрыбуцый. Месца абвяшчэння паўстання 1794. У 1795—1809, 1846—1918 пад уладай аўстр. Габсбургаў. У 1781—85 у К. дзейнічаў першы ў Польшчы прафес.тэатр. У 1809—15 у складзе Варшаўскага герцагства, у 1815—46 сталіца Кракаўскай рэспублікі. Тут адбылося Кракаўскае паўстанне 1846. У 2-й пал. 19 ст. цэнтр культ. і навук. жыцця (засн.АН, кансерваторыя, Акадэмія прыгожых мастацтваў). У 2-ю сусв. вайну цэнтр ням.-фаш. генерал-губернатарства; адзін з буйнейшых у Польшчы цэнтраў Руху Супраціўлення. 19.1.1945 вызвалены Сав. Арміяй. У 1963—78 арцыбіскупам кракаўскім быў К.Вайтыла (цяпер рым. папа Іаан Павел II). У канцы 1970—80-х г. цэнтр шматлікіх дэманстрацый і забастовак, незалежнага культ. жыцця (па-за цэнзурай ставіліся спектаклі, арганізоўваліся выстаўкі, ствараліся прыватныя выдавецтвы, выходзілі часопісы).
Гіст. ядро К. — узгорак Вавель з комплексам пабудоў 10—17 ст. і раён Старога горада з квадратнай у плане плошчай Рынку і рэгулярнай сеткай вуліц. Захаваліся фрагменты гар. умацаванняў (канец 13—14 ст.) з надбрамнымі вежамі і барбаканам (1498—99). Сярод помнікаў: раманскі касцёл св. Анджэя (каля 1090); гатычныя касцёлы Дзевы Марыі (Марыяцкі касцёл, 1355—97; у інтэр’еры вітражы канца 14 ст., драўляны алтар, 1477—89, мастак В.Ствош, размалёўкі Я.Матэйкі, 1889—91, і інш.) і св. Крыжа (14 — пач. 16 ст., фрэскі пач. 15 ст.); гандл. рады «Сукеніцы» (1342—92, часткова перабудаваны ў стылі рэнесансу, 1555—59, арх. Дж.М.Падавана); б. будынак Ягелонскага ун-та («Калегіум Майус», 15 ст.); барочныя касцёлы св. Пятра і Паўла (1596—1619, арх. Дж.Трэвана), бернардзінцаў на Страдоме (1670—80, арх. К.Мерашэўскі), св. Ганны (1689—1703, арх. Тыльман Гамерскі) і інш. У 19—1-й пал. 20 ст. вакол кальца бульвараў (т.зв. Планты) узведзены новыя кварталы з радыяльна-кальцавой сістэмай вуліц і параднымі грамадскімі пабудовамі ў духу псеўдарэнесансу (Польская АН, 1857—64, арх. Ф.Пакутынскі), эклектыкі (Т-р імя Ю.Славацкага, 1889—93, арх. Я.Завейскі), мадэрну (Стары т-р, 1904—06, арх. Т.Стрыенскі, Ф.Манчынскі), функцыяналізму (Ягелонская б-ка, да 1939, арх. В.Кшыжаноўскі). У 2-й пал. 20 ст. ўзведзены будынкі Дома студэнтак (1964, арх. В.Брызек і інш.), Вышэйшай с.-г. школы (1963), Ін-та фізікі і матэматыкі (1965, абодва арх. С.Юшчык), гасцініца «Краковія» (1965, арх. Ю.Цэнцкевіч) і інш. У К. помнікі А.Міцкевічу (1898, скульпт. Т.Рыгер), Т.Касцюшку (1921, скульпт. Л.Марконі), Ю.Дзітлю (1937—39, скульпт. К.Дунікоўскі). Сярод музеяў: Дзярж.маст. зборы ў Вавелі, Нацыянальны, Гістарычны, Маладой Польшчы, Чартарыйскіх; маст. галерэі. Гіст. цэнтр К. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Іл.гл. таксама да арт.Гандлёвыя рады.
Літ.:
Савицкая В.И. Краков. М., 1975.
Т.Каліцкі, Н.К.Мазоўка (гісторыя).
Кракаў. Фрагмент гарадскіх умацаванняў.Кракаў. Фрагмент каралеўскага замка на Вавелі.