Суві́сцяль ’падарунак, падарак (на хрысціны, вяселле)’ (іўеў., Сл. ПЗБ; віл., З нар. сл.; маладз., Гіл.). На славянскай глебе адпаведнікаў няма. Па лінгвагеаграфіі — запазычанне з балцкіх моў. Параўн. літ. výstyti ’спавіваць дзіця’, výstyklas ’пялёнка’, suvýtelis ’спавіванне’, лат. suovista ’пялёнка’; апошняе з suo‑ і vistit ’спавіваць’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1139). Можна меркаваць, што першапачаткова слова азначала падарунак на хрысціны (звычайна кавалак палатна, магчыма, для спавівання дзіцяці), потым значэнне пашырылася да ’ўсялякі падарунак’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сіневаро́ць ‘пралеснік шматгадовы, Mercurialis perennis L.’ (гродз., маг., Кіс., Байк. і Некр.). Да сіні і ‑варочаць; магчыма таму, што расліна пры сушцы набывае сіні або фіялетавы колер; гл. Нейштадт, Определитель, 371 і наст. Параўн. балг. син отврат ‘расліна, якая ў вадзе набывае сіні колер’ з той жа ўнутранай формай. Рус. синеворо́т, во́рот сини ‘казялец едкі’, якая, паводле Аненкава (290), часта ўжываецца ў чараўніцтве і таму, відаць, ад приворот ‘нагавор; прыварот, прычароўванне’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тка́ха ’ткалля’ (Некр. і Байк., Ян., Жд. 1, Растарг., Нас., Ласт., Сцяшк. Сл., Уладз., Сл. Брэс., Шатал., Крыч.; ветк., ЛА, 4). Укр. тка́ха ’тс’, рус. дыял. тка́ха ’тс’. Паводле Сяткоўскага (Słow. nazwy, 114), скарочаная форма ад ткачы́ха з павелічальным (аўгментатыўным) значэннем; хутчэй ад тка́чка ’ткалля, прадзільшчыца’ (гл. ткач). Няпэўна; магчыма, утворана пад уплывам рус. пря́ха ’пралля’, параўн. ни пряха, ни ткаха (Нас.), вядомага і на частцы беларускай тэрыторыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тоц у выразе: тоц у тоц ’вельмі падобны’ (ТС). Няясна; відаць, не можа разглядацца асобна ад падобнага выраза точ у точ ’вельмі дакладна, падобна’, гл. точ. Праблему складае канец слова, гл. аналагічнае чаргаванне ў цот (гл.) пры рус. чёт ’парнасць, пара’. Параўн. макед. дыял. тоцки ’толькі, адзіна; зусім мала’, якое Тодараў (Этим. етюди, 83) выводзіць з то́лку ’столькі’ (< *толцки); разм. тоцне ’цюкнуць’. Магчыма, пад уплывам тыц (гл.) таго ж паходжання.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туне́ль ‘штучны праход для транспарту, пешаходаў’ (ТСБМ, Вруб.), тунэ́ль ‘тс’ (Некр. і Байк.). Праз польскую (tunel) ці рускую (тунне́ль, тонне́ль) мовы запазычана з англ. tunnel ‘тунэль’, ‘штольня’, ‘комін, труба’ < ст.-англ. tonel ‘тс’ (у рускую мову, магчыма, праз ням. Tunnel). Першакрыніцай з’яўляецца ст.-франц. tonnel ‘круглы, бочкападобны’, ‘аркада’ < tonne ‘бочка’ < с.-лац. tuuna, touna ‘бочка’ (Фасмер, 4, 77, 121; Голуб-Ліер, 493; Чарных, 2, 271; Арол, 4, 117).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ёрзаць, ёрзацца ’неспакойна сядзець, круціцца’ (БРС, ТСБМ, Шат., Нас., Касп., Бяльк., ТС), ёрза ’непаседлівы чалавек’ (Мат. АС, З нар. сл.). Рус. ёрзать ’неспакойна сядзець, круціцца, мітусіцца, церціся аб штосьці, дамагацца’, ёрза ’непаседа, дураслівец, свавольнік, гарэза’, ёрзун ’які любіць заляцацца да жанчын, распуснік’, ёрзунья ’распусніца’. Гэта беларуска-рускае слова, магчыма, балтыйскага паходжання. Параўн. літ. er̃žilas, ar̃žilas ’жарабец’, eržùs, aržùs ’прагны, пахатлівы’. У якасці непасрэднай крыніцы ў такім выпадку была б заходнебалтыйская форма.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кабы́лка1 (БРС, ТСБМ, Бяльк., Жыв. сл., З нар. сл., Касп., КТС, Нік., Оч., Сержп., Сцяц. Словаўтвар.). Укр. дыял. кобилка, рус. кобылка, польск. kobyłka, в.-луж. kobyłka, палаб. tʼübälə, чэш. kobylka, славен. kobylka, мак. кобилка, балг. кобилка. Прасл. (па думку Слаўскага, 2, 308, БЕР, 2, 504, прасл. дыял.) kobylъka памянш. да kobyla гл. кабыла1.

Кабы́лка2 ’драўляная падстаўка пад струны’ (БРС, ТСБМ, Касп.: лаг., КЭС, Маш., Некр., Шат.). Укр. кобилка, рус. кобылка, польск. kobylka, чэш. kobylka, славац. kobylka ’тс’. Паўн.-слав., узыходзіць непасрэдна да кабылка1 — перанос паводле падабенства або ўжыванне ўжо «тэрміналагічнага» kobylka, якім абазначалі розныя падстаўкі і прыстасаванні. Магчыма, гэта «вандроўны» культурны тэрмін, хаця і даволі старажытны, як можна меркаваць зыходзячы з лінгвагеаграфіі слова.

Кабы́лка3 ’лугавая казяўка-траскун, конік’ (БРС, Дразд., Інстр. II). Этымалогія няясная. Параўн. укр. кобилка, рус. кобылка, польск. kobyłka, чэш. kobylka, славац. kobylka ’тс’. На поўдні як быццам не ведаюць гэтага слова; паўн.-слав. слова — старажытны перанос ад kobyLka паводле знешняга падабенства, параўн. конік і інш.

Кабы́лка4 ’адна з дзвюх пласцінак з калёсікамі ў кроснах, да якіх падвешваюцца ніты’ (ТСБМ), магчыма, сюды ж кабылкі ’палачкі ў кроснах для падцягвання нітоў’ (З нар. сл.). Аб значэнні і ўсходнім распаўсюджанні слова на польск. тэрыторыі гл. Фалінская, III, 2, к. 93 (пыт. 107). Лінгвагеаграфія слова сведчыць аб тым, што гэта паланізм, які праз гаворкі (магчыма, у выніку пранікнення рэаліі) трапіў у бел., сумежныя рус. і пагранічныя ўкраінскія гаворкі, або пра сумесную інавацыю часоў Вялікага княства Літоўскага.

Кабылка5 ’вочка (у ніце)’ (З нар. сл., Касп., Мат. Гом., Уладз.), кабылкі ’тс’ (Мат. Гом.), кабулка (аб фанетыцы гл. кабулка) ’тс’ (Мат., Нар. сл.), ’частка ніта’ (Шат.). Славяне (польск., славац.; рус. цвяр., пск., смал.; укр. закарп.) ведаюць гэту назву ў дачыненні да вочак ніта ў залежнасці ад іх тыпу (двух- або трохпетлевыя ніты), аб рэаліі гл. спецыяльна малюнкі ў Грынчэнкі, 2, 533, і Фалінскай, 111, 1, 80. Так, закарп. у Галіцыі, паводле Грынчэнкі, кабылкай называюць ніжнюю частку петляў, а на Палессі — петлі верхняга раду. Культурны характар тэрміна і відавочныя сепаратныя лексічныя сувязі гэтых моўных зон з беларускімі гаворкамі дазваляюць сумнявацца ў вялікай старажытнасці інавацыі. Магчыма, яна і была беларуска-польскай, а магчыма, толькі ўласна беларускай і ўжо адносна пазней слова магло пранікнуць у гаворкі іншых моў. Што датычыць этымалогіі, то хоць сувязь з кабылка1 відавочная (параўн. укр. зах. коник ’верхняя пятля ў ніце’, кобилка — ’ніжняя’), матывацыя няясная, магчыма, перанос з іншых пазваў дэталей красён. Рус. (іркуц.) кобылка ’пятля, вузел, якія ўтвараюцца пры скручванні вяроўкі, дроту’ ўказвае па магчымасць пошуку этымону для значэння ’пятля наогул’, якое першапачаткова магло ўзнікнуць на базе выразу (з адмоўным значэннем) «рабіць кабылу», ’рабіць памылку (блюзну, пропуск пятлі пры тканні)’, ’блытаць вяроўку і г. д.’ На гэта ўказваюць даныя бел. гаворак (параўн. гарад. кабылка ’блюзна’) і літ. калькі з бел. слоў (параўн. kumẽlė).

Кабылка6 ’грыб’ (Жыв. сл.), кабылкі ’чорныя грузды’ (узд., КЭС), кабылы ’грыбы’ (Жд. 3, Мат. Гом.), кобыльнік ’грыб, які часам ужываецца ў ежу’ (Нас.). Да кабылка1, кабыла1 (гл.); кобыльнік утворана суфіксальным спосабам ад кабыла1 ці на базе выразу кабыльны грыб. Адносна этымалогіі гл. кабыла5.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Како́ўка ’папярочка на дзержаку рыдлёўкі, віл’ (касцюк., ушац., Жыв. сл.). Бел. слова з’яўляецца або пранікненнем з рус. гаворак (пра што сведчыць і значэнне слова, магчыма, тэрміналагічнае), або агульнага паходжання з рус. лексікай. У рус. кокова ’палка з крывым верхнім канцом, кульба’, цвяр., наўг. ’мыліца’, ’качарга’, валаг. ’верацяно з намотанай не да канца пражай’, ’кончык носа’, алан. коковка ’загнуты верхні канец палкі, кульбы’, наўг. і інш. ’палка з крывым верхнім канцом’, кастр., варонеж. ’паліца, доўбня’, цвяр., наўг. ’мыліца’, ’качарга’, цвяр. ’акруглы край верацяна і інш.’, ніжнегар. ’клубок нітак па кароткай палцы’ і мн. інш. Рус. коковка ў слоўніку Фасмера не праэтымалагізавана. Да бел. і рус. лексем паралелей быццам бы няма. Этымалагічна слова вельмі няяснае. Можна меркаваць аб чляненні ko‑koba, як аб інавацыі ў некаторых рус. і адпаведнай бел. гаворцы. Па ўтварэнню гэта структура магла быць з рэдуплікаваным першым складам. Другую частку можна параўнаць з адзначаным у Даля рус. наўг. кова ’кол, пень, паля’. Магчыма, сюды можна аднесці бел. кавеня, укр. ковінька ’палка з загнутым канцом, кульба’, ковиза ’кульба’, аднак няяснае словаўтварэнне лексемы. Далей, сюды і рус. закавыка, ковыка. Але ковыка ў СРНГ толькі ў значэнні ’нейкая расліна’. Словаўтварэнне не вельмі яснае: ‑ов‑ прыметнікавы фармант, які ў выніку перараскладання ўвайшоў у састаў складанага суфікса. Звяртае на сябе ўвагу і тое, што семантыка такіх утварэнняў, як рус. кокова, кокора, кокот, кокотышка, кошка, кука і пад., не выключае магчымасці неаднаразовага збліжэння гэтых лексем, што можа выклікаць трансфармацыю як формы, так і семантыкі, або наогул прывесці да генерацыі кантамінаванай формы. Магчыма, разглядаемае слова з’яўляецца вынікам такіх збліжэнняў і трансфармацый.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свідзі́на1 ‘дрэва Cornus sanguinea’, ‘кустовая або дрэвавая расліна сямейства кізілавых, Cornus sanguinea’ (ТСБМ, Маш., ТС, Кіс.), сві́дзіна ‘тс’ (Касп.), сві́дніца, саві́давае дзерава ‘расліна Thelycrania sanguinea Four.’ (Кіс.), свідзі́на ‘бружмель лясны, Lonicera xylosteum L.’ (Кіс.), свід ‘крушына, Frangula Mill.’ (Інстр. 2). Укр. свид, свиди́на, рус. свиди́на ‘Cornus sanguinea’, польск. świdwa, świdnina, в.-луж., н.-луж. swid, палаб. swaid, чэш. svíd, славац. svíb ‘тс’, серб, сви̏ба, харв. svȉba (< *svidъve; Глухак, 598), славен. svíba ‘кізіл’, балг. дыял. свит (свид) ‘свідзіна’. Прасл. *svidъ, *svidy, Р. скл. svidъve (Міклашыч, 330 і наст.; БЕР, 6, 558). Фасмер (3, 577) звязвае з серб.-харв. сви̑бань ‘май’, славен. svíbən ‘тс’, чым тлумачыцца канцавое б(в). Таму што дрэва мае чырвоныя галінкі, дапускаюць роднасць з літ. svidùs ‘бліскучы, светлы’, svidéti, svidú ‘блішчаць’, ст.-прус. sidis ‘свідзіна’, ст.-англ. sviotol ‘ясны, яўны’, магчыма, лац. sīdus ‘свяціла’ і г. д., гл., напрыклад, Траўтман, 296; Голуб-Копечны, 363. Супраць Махэк (Jména, 171), які параўноўвае з ням. шваб. Weinholz ‘свідзіна’ (wein < wih) і лічыць слова праеўрапейскім. Трубачоў (Этимология–1970, 7) рэканструюе *svidva < і.-е. *(s)u̯ei̯du̯‑, дзе ‑du̯‑ магло трансфармавацца ў ‑dъv‑, а ў выніку асіміляцыі ў некаторых славянскіх мовах даць ‑b‑. Гл. таксама Сной у Бязлай, 3, 350; ЕСУМ, 5, 189 (*svidy > *svidъva > *svidba > svib).

Свідзі́на2 ‘касільна’ (саліг., ДАБМ, камент., 833). Магчыма, роднаснае ўкр. свид ‘вялікая добра завяленая палка’, далей сувязі няясныя; магчыма, сюды ж укр. у свид (у свид жати жито — недаспелым), свидо́ви́й, свидува́тий ‘недаспелы, зеленаваты’, ‘малады, малажавы’ або выводзіцца з папярэдняга слова — ‘цвёрды, як свідзіна’, параўн. ЕСУМ (5, 190), а таксама азначэнні: свідзіна слізка і моцна (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сядро́1 ’палатно ў сетцы’ (ТС). Няясна. Магчыма, збліжэнне з польск. jadro ’сетка для лоўлі рыб альбо птушак, выпуклая яе частка’, кош. jadro ’сетка з матнёй’, ’складка ў адзенні’, ’(рэдкая) тканіна’, чэш. jadro ’ўнутранасць рыбацкай сеткі’, славен. jádran ’матня ў рыбацкай сетцы’, ст.-слав. ꙗдро ’выгін, выпукласць, складка’ (гл. ядро), для якога выводзіцца значэнне ’выпукласць, звісаючая частка, матня’ з першапачатковага ’нешта набухшае, абвіслае’ (гл. Слаўскі, 1, 485–486; ЭССЯ, 6, 43–44; SEK, 2, 324–325). Аднак цяжка вытлумачыць пачатковае с‑ (магчыма, уплыў дзеяслова сядзець, гл. сядро3).

Сядро́2 ’здор’ (брэсц., ЖНС), сюды ж, відаць, ст.-бел. сѧдра: чрева его сѧдра зубъ слоновых, што перакладаецца як ’пласціна’ (Альтбаўэр), сѧдръ: кости его сѧдръ сталныи; подобїѧ сѧдра зубнаго з няясным значэннем (КГС). Параўн. рус.-ц.-слав. сѧдра ’загусцелая вадкасць’, серб.-ц.-слав. сѧдра ’тс’, чэш. sádra ’гіпс’, славац. sadra ’тс’, славен. sadra ’тс’, серб.-харв. са̏дра, се̏дра ’гіпс, вапнавы нацёк’, гідронім балг. Седрач, харв. sedro ’порысты камень’. Апошняе Махэк₂ (535) выводзіць ад кораня *sęd‑ са старадаўнім суфіксам ‑r‑, што фармальна і семантычна магчыма, але як амонім да разгледжаных слоў; сядро < сядзець, г. зн. ’тое, што асела на кішках’, параўн. сала. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 825; Скок, 3, 185; Бязлай, 3, 213 (узводзяць да прасл. *sędra, што мае і.-е. паралелі); Вештарт, Лекс. Палесся, 134; Дурыданаў, БЕ, 23, 1–2, 105–108.

*Сядро́3, седро́ ’задняя частка штаноў’ (стол., Нар. ск.), ’мянушка чалавека, шырокага ў касцях, з вялікай тазавай часткай’ (Альп.). Словаўтваральны варыянт назоўніка ад сядзець з суф. ‑р‑, параўн. сядло, садно, сядро1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)