вяне́ц, ‑нца, м.
1. Карона, якую трымаюць над галовамі маладых у час вянчання ў царкве. [Вашыновіч:] — Я сам за шафера быў, вянец трымаў. Чорны. // Вянчанне. Малодшая ж [дачка] хітрэйшай, Відаць, была, — махнула ў Кустанай І там сышлася з камбайнерам, Па сэрцу, без вянца. Корбан.
2. Уст. Каштоўны галаўны ўбор, які надзяваўся ў знак высокага звання або асаблівых заслуг. Царскі вянец.
3. чаго, перан. Апошняя, вышэйшая ступень, верх чаго‑н. [Дзянісаў:] — Думка застаецца думкай. Вянцом яе заўсёды з’яўляецца справа. Гамолка. Чалавек — ён цар прыроды. Чалавек — вянец тварэння. Зарыцкі.
4. Радужны круг вакол сонца, месяца, зорак. Мароз на небе ставіць троны, Вянцы на месяц ускладае. Колас.
5. Тое, што і вянок (у 2 знач.). Анупрэй са сваімі сынамі перасыпаў сцены хаты, падняўшы яе на некалькі вянцоў. Бядуля. Бялеюць укопаныя ў зямлю дубовыя слупы вялікай будыніны, у якую пакладзена некалькі вянцоў. Паслядовіч.
•••
Ісці пад вянец гл. ісці.
Стаяць пад вянцом гл. стаяць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
во́дгулле, ‑я, н.
1. Адбіццё гуку, рэха; водгук (у 1 знач.). Бой яшчэ не скончан. Б’юць гарматы, Аж гудуць ад водгулля лясы. Панчанка. У адным канцы сяла, ад пераезду, спявалі вясковыя дзяўчаты, і водгулле іх аднатоннай песні, адбіваючыся дзесь каля чыгункі, даносілася сюды цэлымі хвалямі мяккіх жалобных гукаў. Колас. Стрэлы пратрашчалі ў ранішнім паветры, водгулле гулка разнесла іх па далёкіх цяснінах. Быкаў.
2. перан. Тое, што і водгук (у 3 знач.). Пятлюк абвінавачваў мяне ў прыхільнасці да ясенінскай «кулацкай паэзіі», якая быццам з’яўляецца водгуллем варожай ідэалогіі ў літаратуры. Сабаленка. Ды будзе пратэз рыпець — як напамін, як водгулле тых бед, што прынесла вайна... Рудкоўскі. // перан. Пачуццё, якое з’яўляецца адказам на што‑н. Даўно ўжо юнацтва мінулася, А ўдзячнасць жыве ў душы, Водгуллем адгукнулася, Прыстала, сказала: пішы. Вітка. Мост павісне лёгка над вадой, у прасторы, гулкаю струной, і крануць яго з разгону колы — сэрца поўна водгуллем вясёлым. Русецкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
згарну́ць, згарну, згорнеш, згорне; зак., каго-што.
1. Скласці, скруціць што‑н., загінаючы краі. [Жанчына] згарнула хустку, у якую было загорнута дзіця, і, узяўшы яе, як бяруць дзяцей, хутка пайшла па дарозе назад. Шамякін. Сяброўкі згарнулі ватнік у скрутак і параілі аднесці яго ціхенька дамоў. Машара. // Загарнуць, закрыць. Згарнуць газету. □ Аліна згарнула кніжку. Кулакоўскі.
2. Разм. Зрабіць што‑н. скручваннем. [Якаў] выняў партабак, згарнуў папяросу і падаў партабак брату. Чарнышэвіч. Многія падаюць Стрыжаку капшукі з тытунём, але той паказвае, што сам згарнуць не можа — рукі звязаны. Вітка.
3. Зграбаючы, сабраць у адно месца. Згарнуць збожжа ў кучу. □ Адразу ж захліпнуўся і сціхнуў гармонік, гулякі згарнулі ў кучу сваё даміно, заціх гоман. Краўчанка.
4. перан. Паменшыць, скараціць (у колькасці, памерах, працягласці і пад.). Згарнуць будаўніцтва. // Часова скараціць або спыніць дзейнасць чаго‑н. Згарнуць прадпрыемства.
5. Склаўшы, надаць якое‑н. становішча (рукам). Ксавэр згарнуў рукі і стаў над Адамам. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
павярну́цца, ‑вярнуся, ‑вернешся, ‑вернецца; зак.
1. Зрабіўшы паварот, змяніць сваё становішча. Павярнуцца кругом. □ [Насця] рэзка павярнулася і, не азіраючыся, хутка пайшла па вуліцы. Мележ. Павярнуўся рычаг, паравоз абарваў свой бег. Лынькоў.
2. перан. Змяніцца, атрымаць нечаканае развіццё. Справа павярнулася так, як не чакаў сам Пракоп. Ермаловіч. [Ірына Віктараўна] і ўявіць сабе не магла — ні дома, ні ў дарозе, — што так павернецца ўсё. Пальчэўскі.
3. Разм. Нядоўга пабыць, прабыць дзе‑н. Дзе толькі павернецца Дабрэня, там знікае сум і чуцен смех. Гурскі. Над урокамі Алесь сядзеў мала: трохі павернецца ў хаце і — ходу на вуліцу. С. Александровіч.
4. Разм. Зрабіць што‑н., управіцца з чым‑н. Павярнулася гаспадыня каля печы — і аладкі на стале. □ [Яўген:] — Нашы пакуль надумаюць ды пакуль павернуцца... У іх усё па чарзе ды памалу... Карпаў.
•••
Павярнуцца спінай да каго-чаго — выказаць абыякавасць, знявагу; перастаць звяртаць увагу на каго‑, што‑н.
Як толькі язык павярнуўся; язык не павернецца (не павярнуўся) гл. язык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пры́від, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Вобраз памёршай асобы, які ўяўляецца людзям забабонным або з хваравітай псіхікай; здань. Прывід Пятра Пятровіча не даваў Валі спакою. Шахавец. Не, гэта не прывід і не сон — гэта той Сцяпан, якога Талаўня даўно лічыў нябожчыкам. Гроднеў. // Вобраз каго‑, чаго‑н., які здаецца ва ўяўленні або ў сне. Прывід далёкага мінулага стаіць перада мной. Асіпенка. Пад раніцу Веньямін заснуў. Але і засынаючы баяўся, каб зноў не ўзнік страшны прывід белага горада пад чорным небам... Навуменка.
2. Тое, што ўявілася, здалося. Перад вачыма [Таццяны] з’явіўся жудасны прывід: гітлеравец трымае высока над галавой яе маленькага Віцю. Шамякін. Прывід гэта ці сапраўднасць? Канешне, сапраўднасць! Еў жа пасля таго чырвонаармеец Чыжык той хлеб і тыя каўбасы. Лупсякоў.
3. Няясныя, ледзь акрэсленыя рысы чаго‑н.; контуры. І потым, седзячы ў аўто.., Юткевіч глядзеў на аддаленыя прывіды вялікага грознага зарыва, і целам ішла дробная пякучая дрыготка. Мікуліч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
успы́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Раптоўна і хутка загарэцца. Успыхнула запалка. Успыхнуў порах. □ Вось успыхнуў другі танк, сэрца капітана Каржыцкага радуецца. Гурскі. // Ярка засвяціцца. Гусцей паплыў дым, і скора вясёлы агеньчык успыхнуў полымем. Колас. Уперадзе, недзе на шашы, успыхнулі агні фар і, нібы спалохаўшыся цемнаты, адразу згаслі. Пташнікаў. // Пачаць ярка блішчаць, ззяць. Ледзь зара ўспыхне над зямлёю, На заводы йдуць працаўнікі. Калачынскі. // Раптоўна пачырванець, расчырванецца. Пані рухава ўсхапілася з крэсла, жоўты твар яе ўспыхнуў. Якімовіч. Твар жанчыны ўспыхнуў чырванню, відаць было, што ёй не да спадобы прыйшлося сказанае Сяргеем Іванавічам. Марціновіч.
2. Раптоўна ўзнікнуць, пачацца. На досвітку ўспыхнуў бой на Нёмане. Брыль. — Ну добра, добра, не бубні, я ўжо чула, абедай во, — сказала Лізавета, не жадаючы, каб у час яды ўспыхнула сварка. Ермаловіч.
3. Нечакана расхвалявацца, раззлавацца. Бачачы маю разгубленасць, жонка яшчэ больш успыхнула: — Думаеш, што я дурная, глухая і нічога не бачу, не чую?.. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адда́цца, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца, зак.
1. каму. Аддаць сябе ва ўладу пераможцы; здацца. [Камісар:] — Расстраляйце мяне, Толькі ворагу я не аддамся. Глебка. // на што. Аддаць сябе ў чыё‑н. распараджэнне; даверыцца чыёй‑н. упадзе. Кастусь Прыбыткоўскі аддаўся на чужую волю. Чорны. Відаць, хацеў [Андрэй] быць галавой сям’і, — разважала Марына, — ды ўбачыў, што з гэтага нічога не выходзіць. Аддаўся на маю ўладу. Так даўно трэба было зрабіць... Шахавец. // Уступіць у палавую сувязь (пра жанчыну). Алімпа верыла Валодзю, як верыла самой сабе, і таму.. аддалася яму. Сабаленка.
2. каму-чаму. Цалкам прысвяціць сябе чаму‑н. (працы, вучобе, сям’і і пад.). Нельга.. кінуць агульнае справы і аддацца пытанням прыватнага жыцця. Гартны. Коля з усім уласцівым яму захапленнем аддаўся новай рабоце. Якімовіч. // Захапіцца чым‑н., паглыбіцца ў што‑н. (думкі, мары, пачуцці і пад.). Аддацца ўспамінам. □ Апетыт у Макара рос. Ён увесь аддаўся ядзе. Бядуля. Пшанічны даеў вынятыя з кішэні рэшткі сала і.. суцішыўся — аддаўся журбоце. Быкаў.
3. чым. Адазвацца, адбіцца (пра гукі). Грукат і перастук.. колаў [цягніка] разлеглым водгуллем аддаліся ў пустой каробцы вакзала. Карпаў. // Выклікаць сабой якое‑н. пачуццё; адазвацца як‑н. Моцны стук над галавою аддаўся вострым болем у вушах і ў галаве. Кулакоўскі.
4. безас. Будзе аддадзена, заплачана. Некалі аддасца.
5. Перастаць злавацца, упарціцца; здацца. Ну што ж, пасля, як стары аддасца, даведаемся пра ўсе.. яго выкрунтасы. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зо́лата, ‑а, М ‑лаце, н.
1. Хімічны элемент, высакародны метал жоўтага колеру, які валодае вялікай гібкасцю і цягучасцю (скарыстоўваецца для вырабу каштоўных рэчаў і як мера каштоўнасцей). Здабыча золата. Золата сустракаецца ў выглядзе жыл і рассыпаў. □ Вугаль на Украіне, Золата на Калыме, Нафта з каспійскіх глыбіняў, З нетраў казахскіх медзь. Звонак. Не ўсё тое золата, што блішчыць. Прыказка. / у перан. ужыв. [Буслы] падымуцца над балотам.., купаючыся ў растопленым золаце сонца. Бядуля.
2. зб. Вырабы з гэтага металу; залатыя рэчы. Чаго толькі Сцяпанка .. не ўбачыў! .. Якія лямпы, люстэркі, столікі, крэслы, цацкі, статуі, абразы, золата, серабро. Бядуля. — Я вольны марак і просты чалавек і не змагу я жыць у срэбры і золаце. Самуйлёнак. // Пазалочаныя шаўковыя ніткі для вышывання, ткання. Шыты золатам сцяг.
3. зб. Залатыя манеты; грошы. Купіць рэч за золата. □ Калі перавесці на золата гэтыя савецкія чырвонцы, дык будзе іх цэлых трыццаць рублёў — мікалаеўскім золатам. Брыль. // перан. Багацце. — Не пакідайце ніводнага каліва. Цяпер яно граша не каштуе, а зімой — золатам абернецца. Асіпенка.
4. Пра таго (тое), што вылучаецца добрай якасцю, вартасцю. — Братка ты мой! — гаворыць адзін [гаспадар]: — твой Алесь золата, а не чалавек. Колас. — Я ж казаў, унучак, што гэта — золата, а не карова... Шуцько. // Ласкавы зварот да каго‑н. Сынок, золата ты маё!
•••
Белае золата — бавоўна.
Чорнае золата — а) нафта; б) каменны вугаль.
На вагу золата гл. вага.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рыхтава́ць 1, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.
1. Прыводзяць што‑н. у стан гатоўнасці, рабіць што‑н. годным для выкарыстання, ужывання. Рыхтаваць глебу пад пасевы. Рыхтаваць камбайны і жняяркі да ўборкі ўраджаю. □ [Маці:] — Распранайся і ідзі рыхтуй сабе ванну. Шамякін. З гаража далятала вуркатанне матора — шафёр рыхтаваў машыну ў рэйс. Шахавец. // Вучыць для якой‑н. мэты, даваць каму‑н. неабходныя веды. Школа механізатараў рыхтуе трактарыстаў і камбайнёраў. □ Абком партыі трымаў цесную сувязь з раёнамі вобласці, старанна рыхтаваў кадры для партыйнага падполля. Казлоў. [Варанецкі:] — Забела, дык той загадзя сябе ў начальнікі рыхтуе, усё практыкуецца ў мяне, як ставіць пячаткі. Скрыган.
2. Працаваць над выкананнем чаго‑н., распрацоўваць што‑н. Рыхтаваць даклад. □ [Сцёпка:] А пасля абеду я іду чытаць газету і вучыцца ў гурток. Тут рыхтуем на наступны раз лекцыі. Колас. У Марынкі цяпер гарачая пара — яна рыхтуе дыпломную работу. Хадкевіч.
3. Варыць ежу; гатаваць. Мікола і Ірына .. сядзелі на беразе і на агні рыхтавалі сваю няхітрую вячэру. Гаўрылкін. Гаспадыня пачастунак для памочніка рыхтуе. Дубоўка.
4. Рабіць запас чаго‑н.; набываць што‑н. загадзя, наперад. Калі Аксеня .. мыла бялізну, .. [Хомчык] рыхтаваў ёй ваду. Пестрак. Рыхтуй летам сані, а зімой калёсы. Прыказка.
5. Збірацца, намервацца зрабіць што‑н., задумваць што‑н. Вядзе іх ляснічы Праз дзікі гушчар; Ідуць партызаны, Рыхтуюць удар. Колас. [Міхееў] вывеў дывізіён з пасткі, якую нямецкае камандаванне рыхтавала для яго. Шамякін.
рыхтава́ць 2, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.
Спец. Выпростваць, выраўноўваць, вывяраць.
[Ад ням. richten.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
агнявы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае дачыненне да агню. Агнявыя ўспышкі. □ Густое воблака дыму, апярэдзіўшы агнявую лавіну і цяжка пераплыўшы па прыгнутых калоссях, раптам накіравалася да лесу. Кулакоўскі. Як высокае залатое жыта пад ветрам, хістаецца полымя, то сцелючыся над долам агнявымі пасмамі, то яркімі стужкамі ўзвіваючыся ўгору. Колас.
2. Які мае колер агню; ярка-чырвоны. І песня, і людзі, і агнявыя пад сонцам грывы коней — усё ляцела бурай-віхурай уперад ды ўперад. Лынькоў. Агнявыя валаконцы Ткуцца ў шоўк чырвоны — Гэта хмаркі ладзяць сонцу І дзяньку кароны. Колас.
3. перан. Які выпраменьвае яркае святло; бліскучы. Свеціць ласкай з высі агнявое сонца, Хараства красою свет ўвесь адзяе... Гурло.
4. перан. Палымяны, гарачы, парывісты. Гэта здарэнне, гэты агнявы пацалунак панны Ядвісі напоўніў.. [Лабановіча] шчасцем. Колас. У век наш крытыкі сур’ёзнай І самакрытык агнявых Мы падыходзім вельмі грозна Не да сябе, а да другіх. Купала. // Напоўнены напружанай барацьбой, бурнымі падзеямі. Паэт [Дудар] не можа без захаплення, без гордасці гаварыць аб «агнявой нашай эры». Ярош.
5. Звязаны з абстрэлам, стральбой. Яшчэ агнявы налёт артылерыі не скончыўся, як былі заўважаны танкі. Гурскі.
•••
Агнявая заслона гл. заслона.
Агнявая кропка гл. кропка.
Агнявая пазіцыя гл. пазіцыя (у 2 знач.).
Агнявы рубеж гл. рубеж.
Агнявыя сродкі гл. сродак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)