ПРУ́ХА ((Průcha) Яраслаў) (24.4.1898, Скврняні, каля г. Пльзень, Чэхія — 25.4.1963),

чэшскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Чэхаславакіі (1953). У 1924—28 акцёр Гар. т-ра ў Кладна (з 1963 імя П.), у 1931—63 працаваў у Нац. т-ры ў Празе. Сярод роляў: Гален («Белая хвароба» К.​Чапека), Ян Жыжка, Войнар, Дзівішак («Ян Жыжка», «Войнарка», «Бацька» А.​Ірасека), Марцін Кабат («Жарты з чортам» Я.​Дрды), Вяршынін («Тры сястры» А.​Чэхава), Лёўшын («Ворагі» М.​Горкага) і інш. Найб. цікавыя рэжысёрскія работы — пастаноўкі п’ес І.​К.​Тыла (у т. л. «Упартая жанчына»). Дзярж. прэміі Чэхаславакіі 1951, 1952.

т. 13, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭСВІТЭРЫЯ́НЕ (ад прэсвітэр),

1) прыхільнікі прэсвітэрыянства.

2) Паліт. партыя ў Англіі ў перыяд Англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя. Узнікла на базе абшчын прыхільнікаў прэсвітэрыянства (памяркоўных пурытан), якія існавалі з 1570-х г., прадстаўляла інтарэсы гандл.прамысл. буржуазіі і часткі «новага» (схільнага да капіталіст. гаспадарання) дваранства. У 1640—48 П. мелі большасць у парламенце і дамагліся ў 1644 абвяшчэння прэсвітэрыянства дзярж. царквой. У час 2-й грамадз. вайны (1648) схіляліся да пагаднення з каралём, за што выгнаны з парламента праціўнікамі манархіі — індэпендэнтамі (гл. Кангрэгацыяналісты). Актывізаваліся пасля смерці О.Кромвеля (1658).

У 1660 спрыялі рэстаўрацыі манархіі Сцюартаў, пасля чаго зышлі з паліт. арэны.

т. 13, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭСВІТЭРЫЕ́НСТВА (ад прэсвітэр),

плынь у кальвінізме, што ўзнікла ў перыяд Рэфармацыі ў Шатландыі і Англіі. Асн. прынцыпы веравучэння П. выкладзены ў «Вестмінстэрскім веравызнанні» (1648) у духу артадаксальнага кальвінізму, з яго верай ва ўсеагульную грахоўнасць людзей і абсалютнае прадвызначэнне. Культ спрошчаны; богаслужэнне складаецца з пропаведзяў, агульнай малітвы, спеваў псалмоў. Некалькі абшчын аб’ядноўваюцца ў асацыяцыю, якую ўзначальвае прэсвітэрыя ў складзе прэсвітэраў і пастараў ад кожнай абшчыны. Асацыяцыі ўваходзяць у правінцыяльныя і нац. сіноды. Найвышэйшы орган — ген. асамблея. П. існуе ў Вялікабрытаніі (у Шатландыі — дзярж. царква), Ірландыі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш. Многія прэсвітэрыянскія цэрквы ўваходзяць у Сусв. альянс рэфармацкіх цэркваў.

т. 13, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЗАНКО́Ў (Алег Пятровіч) (н. 16.4.1932, в. Сазаны Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне земляробства. Канд. с.-г. н. (1967). Скончыў Гродзенскі с.-г. ін-т (1956). У 1956—94 у Бел. НДІ бульбаводства (з 1974 заг. аддзела). Навук. працы па метадах паляпшэння насеннай якасці бульбы, выкарыстанні культуры мерыстэмнай тканкі для атрымання бязвірусных клонаў раслін. Сааўтар 21 сорта бульбы, ў т. л. Тэмп, Лошыцкі, Агеньчык, Ласунак, Явар, Альтаір і інш. Дзярж. прэмія СССР 1974.

Тв.:

Выращивание картофеля на оздоровленной основе. Мн., 1990 (разам з А.​А.​Грышановічам);

Всё о картофеле. Брест, 1999 (з ім жа).

т. 13, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСТАВО́ЙТ (Васіль Сцяпанавіч) (27.1.1886, с. Таранаўка Зміёўскага р-на Харкаўскай вобл., Украіна — 11.10.1972),

расійскі вучоны ў галіне раслінаводства і селекцыі. Акад. АН СССР (1964), акад. УАСГНІЛ (1956). Двойчы Герой Сац. Працы (1957, 1963). Скончыў Кубанскі с.-г. ін-т (1926). Да 1930 працаваў у ім, адначасова з 1912 ва Усесаюзным НДІ алейных культур (з 1935 заг. аддзела). Навук. працы па біялогіі, селекцыі і агратэхніцы сланечніку. Распрацаваў сістэму штогадовага сортааднаўлення сланечніку, вывеў высокаалейныя сарты. Дзярж. прэмія СССР 1946. Ленінская прэмія 1959.

Тв.:

Избр. труды. М., 1966;

Приемы выращивания семян подсолнечника. Краснодар, 1969 (у сааўт.).

В.С.Пуставойт.

т. 13, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЦІ́ЦА (Клаўдзій Барысавіч) (3.2.1911, г.п. Пронск Разанскай вобл., Расія — 6.1.1983),

расійскі харавы дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1966). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1937), у якой у 1938—41 і з 1943 выкладаў (з 1956 праф.). З 1936 гал. хормайстар Опернай студыі Маскоўскай кансерваторыі, хормайстар Маскоўскай філармоніі, у 1943—46 — Дзярж. хору рас. песні. З 1950 маст. кіраўнік Вял. акад. хору Дзяржтэлерадыё СССР. Адначасова ў 1946—60 дэкан дырыжорска-хар. ф-та Муз.-пед. ін-та імя Гнесіных. Аўтар прац па мастацтву харавога дырыжыравання («Нарысы па тэхніцы дырыжыравання хорам», 1948; «Майстры харавога мастацтва ў Маскоўскай кансерваторыі», 1970).

т. 13, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЫ́ХЦІН (Вадзім Якаўлевіч) (7.2.1938, г. Бобрынец Кіраваградскай вобл., Украіна — 22.10.1997),

бел. вучоны і канструктар у галіне выліч. тэхнікі. Д-р тэхн. н. (1990). Брат А.Я.Пыхціна. Скончыў Маскоўскі энергет. ін-т (1961). З 1972 у НДІ ЭВМ (у 1987—94 дырэктар), адначасова ў 1973—84 праф. Мінскага вышэйшага зенітна-ракетнага вучылішча. Навук. працы па выліч. машынах, комплексах і сістэмах. Прэмія Ленінскага камсамола 1970. Дзярж. прэмія СССР 1983.

Тв.:

Электронная вычислительная машина «Минск-32». М., 1972 (разам з В.​У.​Пржыялкоўскім, Г.​Дз.​Смірновым);

Персональные компьютеры Единой системы ЭВМ. М., 1988 (у сааўт.).

М.​П.​Савік.

т. 13, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ВА (Людміла Іванаўна) (н. 8.2.1947, в. Паўлаўка Магілёўскага р-на),

бел. літаратуразнавец. Канд. філал. н. (1992). Засл. дз. культуры Беларусі (1997). Скончыла БДУ (1971). З 1971 працавала ў выд-ве «Навука і тэхніка» (з 1995 — гал. рэдактар). З 1996 дырэктар выд-ва «Беларуская навука». Аўтар прац па праблемах тэатразнаўства, гісторыі бел. драматургіі, тэорыі і практыкі кнігавыдання. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

Тв.:

Рамантыкі пранікнёнае святло: Бел. драматургія 20—30-х гг. Мн., 1987;

Выданне малатыражнай навуковай літаратуры ў арганізацыях НАН Беларусі // Весці НАН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 2001. №2;

Аўтарскае права ў кантэксце выдання навуковай літаратуры // Там жа. №3.

т. 13, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́Ў (Барыс Мікалаевіч) (11.3.1913, г. Смаленск, Расія — 23.8.1980),

расійскі вучоны ў галіне механікі і аўтам. кіравання. Акад. АН СССР (1960, чл,кар. з 1953). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Маскоўскі энергет. ін-т (1939). З 1939 у Ін-це праблем кіравання, з 1963 акад.-сакратар Аддз. механікі і працэсаў кіравання, з 1979 віцэ-прэзідэнт АН СССР. З 1966 старшыня Савета «Інтэркосмас» пры АН СССР. Навук. працы па аналітычнай механіцы, тэорыі аўтам. кіравання рухомымі аб’ектамі, тэорыі саманаладжвальных сістэм. Ленінская прэмія 1966. Дзярж. прэмія СССР 1972.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—2. М., 1983.

Б.М.Пятроў.

т. 13, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАВІ́НСКІ (Віктар Вікенцьевіч) (н. 7.7.1943, г. Баранавічы Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне выліч. тэхнікі. Д-р тэхн. н. (1996). Скончыў БДУ (1969). З 1969 у БДУ. З 1979 у НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ (з 1980 заг. лабараторыі). Навук. працы па стварэнні высоканадзейных хуткадзейных спецыялізаваных, сістэм на базе нетрадыцыйных метадаў выканання арыфм. аперацый і сучасных канцэпцый пабудовы высокапрадукцыйных выліч. сродкаў. Дзярж. прэмія СССР 1991.

Тв.:

Системы технического зрения: (принципиальные основы, аппаратное и мат. обеспечение). Л., 1988 (у сааўт.);

Градиентнорелаксационная технология формирования поля направлений для дактилоскопических изображений (у сааўт.) // Весці Нац. АН Беларусі. Сер. фіз.-мат. навук. 2000. №1.

т. 13, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)