Існаваў у 17 — 1-й пал. 19 ст. ў Віцебску на тэр. Ніжняга замка. Будынак з рысамі готыкі і рэнесансу меў складаную асіметрычную кампазіцыю. Асн. 2-павярховы ў плане аб’ём завяршаўся 2-схільным дахам са ступеньчатым шчытом у тарцы. З аднаго боку да яго прымыкала высокая гранёная вежа з купалам, з другога — невялікі аб’ём, аформлены ў 2-м ярусе кансольна-бэлечнай галерэяй з разьбяной балюстрадай. Гал. ўваход быў у выглядзе 8-граннай вежы з шатровым пакрыццём. Палац як сімвал горада адлюстраваны на пач. 18 ст. на «Чарцяжы Заходняй Дзвіны», яго выява змешчана на «Чарцяжы» Віцебска 1664. На пач. 19 ст. ў палацы размяшчалася базыльянская школа.
Літ.:
Якимович Ю.А. Зодчество Белоруссии XVI — середины XVII в.: Справ. пособие. Мн., 1991. С. 69.
А.М.Кулагін.
Злева направа: Віцебская Святадухаўская царква; Віцебская Спаса-Праабражэнская царква; Віцебская Увядзенская царква; Віцебскі палац Агінскага. Усе з «Чарцяжа» Віцебска 1664.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГАРА́,
рака на ПдЗУсх. Сібіры, правы, самы мнагаводны прыток Енісея, у Іркуцкай вобл. і Краснаярскім краі Расійскай Федэрацыі. Даўж. 1779 км, пл.бас. 1040 тыс.км². Выцякае з воз. Байкал, цячэ па паўд.ч. Сярэднесібірскага пласкагор’я. Ад вытоку большая ч. ракі ператворана ў каскад вадасховішчаў. У ніжнім цячэнні ў рэчышчы парогі Мурскі, Стралкоўскі (каля вусця), шматлікія шыверы, шмат астравоў. Асн. прытокі: Іркут, Ака з Іяй, Кова, Тасеева (злева), Ілім, Чадабец (справа). Водны рэжым Ангары зарэгуляваны воз. Байкал і вадасховішчамі. Жыўленне (акрамя азёрнага) снегавое і дажджавое. Ледастаў на вадасховішчах з ліст., ніжэй — з канца вер. да мая. Сярэднегадавы расход вады ў вярхоўі 1730 м³/с, у вусці 5100 м³/с. Суднаходная ад вытоку (з перарывамі каля плацін ГЭС). На Ангары Іркуцкая, Брацкая, Усць-Ілімская ГЭС з вадасховішчамі, будуецца (1989) Багучанская ГЭС. Гал. гарады: Іркуцк, Ангарск, Усолье-Сібірскае, Свірск, Брацк, Усць-Ілімск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СЬ У ЭПО́ХУ КАПІТАЛІ́ЗМУ», «Белоруссия в эпоху капитализма»,
зборнік дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі 1861—1900. Падрыхтаваны Гал. архіўным упраўленнем пры СМБССР і Ін-там гісторыі АНБССР (т. 1—2, Мн., 1983—90). Дакументы для зборніка выяўлены ў архівах, большасць надрукавана ўпершыню. Змяшчае каментарыі, прадметна-тэматычныя і геагр. паказальнікі, крыніцы, пералік не ўключаных дакументаў.
1-ы том «Развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы Беларусі» ўключае матэрыялы пра падрыхтоўку і правядзенне рэформы 1861, адмену прыгоннага права, становішча сялян Беларусі да і пасля рэформы, пра класавую барацьбу, зараджэнне і развіццё капіталіст. адносін у вёсцы. У 2-м томе «Развіццё капіталізму ў прамысловасці, становішча прамысловых рабочых і рабочы рух на Беларусі, 1861—1900» змешчаны дакументы пра тэр., колькасць і сац. склад насельніцтва, развіццё гарадоў і нас. пунктаў, прам-сці, транспарту, унутр. і знешняга рынкаў, шляхоў зносін, пра становішча рабочага класа і рабочы рух.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЯШЭ́ВІЧ (Уладзімір Мікалаевіч) (21.8.1874, г. Друя Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 27.1.1938),
гісторык царк. права, візанцініст, палеограф. Чл.-кар.АНСССР (1925), Берлінскай, Мюнхенскай, Страсбургскай АН Скончыў Пецярбургскі ун-т (1897). З 1905 прыват-дацэнт, з 1909 праф. Пецярбургскага ун-та. Рэдактар «Помнікаў старажытнарускага кананічнага права» (ч. 1, 2-е выд., 1908; ч. 2, вып. 1, 1920), «Агляду прац па славяназнаўстве, 1908—1913» (1909—18), які можна лічыць бібліяграфіяй па гісторыі, этнаграфіі, мовазнаўстве і л-ры Беларусі. Аўтар «Нарысаў па гісторыі Візантыі» (вып. 1—4, 1912—15). У гады сав. улады праф. Ленінградскага ун-та і гал. бібліятэкар аддзела рукапісаў Публічнай б-кі. Неаднаразова рэпрэсіраваны па абвінавачаннях у шпіянажы і контррэв. дзейнасці. У 1929 засуджаны на З гады турмы, у 1931 — на 5 гадоў лагераў. У 1933 вызвалены. 27.11.1937 арыштаваны і расстраляны разам з двума сынамі і братам. Рэабілітаваны ў 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЛЕ́ЦКІ (Аляксандр Іванавіч) (2.11.1884, г. Казань, Татарстан — 2.8.1961),
украінскі літаратуразнавец. Акад.АНСССР (1958), АН Украіны (1939). Засл. дз. нав. Украіны (1941). Скончыў Харкаўскі ун-т (1907). Дырэктар Ін-та л-ры імя Т.Шаўчэнкі АН Украіны (1939—41, 1944—61), гал. рэдактар час. «Радянське літературознавство» (1957—61). Даследаваў праблемы гісторыі ўкр. і сусв. л-ры (працы: «Зараджэнне драматычнай літаратуры на Украіне», 1923; «Слова аб палку Ігаравым» і ўкраінская літаратура XIX—XX ст.», 1958; «Мастацкая проза. І.Франко», 1956; «Пушкін і Украіна», 1938; «Паэма Дантэ», 1956, і інш.). Працаваў у галіне тэорыі і псіхалогіі літ.-маст. творчасці. Пытанні гісторыі бел. л-ры і ўкр.-бел. літ. узаемасувязяў — у даследаваннях «Вершы Сімяона Полацкага на тэмы з усеагульнай гісторыі» (1914), «Сімяон Полацкі і ўкраінскае пісьменства XVII ст.» (1959), «Украінская літаратура сярод іншых славянскіх літаратур» (1958) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРДЭ́НКА (Мікалай Нілавіч) (3.6.1876, в. Каменка Пензенскай вобл., Расія — 11.11.1946),
савецкі вучоны ў галіне хірургіі. Акад.АНСССР (1939), акад.АМН (1944). Ген.-палк.мед. службы (1944). Герой Сац. Працы (1943). Скончыў Юр’еўскі ун-т (г. Тарту; 1906). У 1910—16 працаваў у ім, з 1918 праф. Варонежскага, у 1923—30 — Маскоўскага ун-таў. Гал. хірург Сав. Арміі (1941-—46). У 1930—46 у 1-м Маскоўскім мед. ін-це, адначасова з 1934 узначальваў Цэнтр. нейрахіруг. ін-т (цяпер Ін-т нейрахірургіі яго імя). З 1944 прэзідэнт АМНСССР. Навук. працы па ваенна-палявой хірургіі і нейрахірургіі, пухлінах і траўматычных пашкоджаннях цэнтр. і перыферычнай нерв. сістэм, парушэннях мазгавога кровазвароту. Заснаваў эксперым.-фізіял. школу ў нейрахірургіі. Ганаровы чл. Парыжскай акадэміі хірургіі, Брытанскага каралеўскага т-ва хірургаў. Дзярж. прэмія СССР 1941. Існуе прэмія яго імя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРМЕ́ЙСТАР (Уладзімір Паўлавіч) (15.7.1904, г. Віцебск — 5.3.1971),
расійскі артыст балета, балетмайстар. Нар.арт.СССР (1970). Вучыўся ў Тэатр. тэхнікуме імя А.В.Луначарскага (1925—29, Масква). З 1930 у Муз. т-ры імя К.С.Станіслаўскага і У.І.Неміровіча-Данчанкі (у 1941—60 і 1963—71 гал. балетмайстар). Сярод партый: Нуралі («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Алека («Цыганы» С.Васіленкі), Нікез («Саперніцы» на муз. П.Л.Гертэля). Тэмперамент і вынаходлівасць Бурмейстара-харэографа найб. выявіліся ў пастаноўках сучасных балетаў [«Лола» Васіленкі, «Бераг шчасця» А.Спадавекія (з І.Курылавым), «Жанна д’Арк» М.Пяйко, «Чырвоныя д’ябаляты» на муз. І.Дунаеўскага і В.Кнушавіцкага] і класічных балетаў («Эсмеральда» Ц.Пуні, «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), харэагр. інтэрпрэтацый сімф. музыкі («Снягурачка» на муз. Чайкоўскага, «Апасіяната» на муз. Л.Бетховена і інш.). Ставіў балеты ў Парыжскай оперы («Лебядзінае возера», 1960), у Лондане («Снягурачка», 1961) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗАЎСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРТЭЗІЯ́НЦАЎ.
Пабудаваны ў 1648—89 у г. Бяроза Брэсцкай вобл. У час Паўночнай вайны 1700—21 і баёў з Барскімі канфедэратамі (1772) часткова разбураны. У 1831 закрыты за ўдзел манахаў у паўстанні 1830—31. У 1866 часткова разабраны. Захаваліся рэшткі паўд. і зах. частак кляштара. У барочны комплекс уваходзілі мураваныя будынак касцёла, каплічка, жылыя карпусы з маленькімі ўнутр. дворыкамі, трапезная, б-ка, шпіталь, аптэка, гасп. пабудовы, якія былі абнесены крапасной сцяной з вежамі. Гал. уваходам у кляштар служыла магутная брама з байніцамі. Двухпавярховыя карпусы келляў манахаў-самотнікаў былі злучаны з касцёлам калідорамі-галерэямі. Дэкар. аздабленне — пілястры, раскрапоўкі, глыбокія нішы, фігурныя франтоны. Касцёл — 3-нефавая базіліка з трыма гранёнымі апсідамі і гранёным тамбурам пры ўваходзе. Сілуэт ансамбля фарміравала абарончая 8-гранная шмат’ярусная вежа-званіца з магутнымі сценамі, вузкімі вокнамі-байніцамі.
Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў. З малюнка Н.Орды. 1870-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІ́НСКАГА ПЛАН 1811,
праект аднаўлення ВКЛ у складзе Рас. імперыі, прапанаваны сенатарам М.К.Агінскім імператару Аляксандру I. Адлюстраваў імкненне бел.-літ. шляхты да адм. і прававой самастойнасці краю і гатоўнасць цара пайсці на пэўную лібералізацыю палітыкі ў зах. губернях, каб нейтралізаваць пранапалеонаўскія настроі мясц. знаці. Прадугледжваў заснаванне з Гродзенскай, Віленскай, Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Кіеўскай, Падольскай, Валынскай губ., Беластоцкай вобл. і Цярнопальскай акр. асобнай правінцыі пад назвай ВКЛ з гал. горадам Вільня і пад кіраваннем імператарскага намесніка; стварэнне ў краі вышэйшых дзярж. судовых і інш. органаў. Планавалася склікаць сойм, увесці канстытуцыю і паступова скасаваць прыгоннае права. Пад націскам кансерватыўных колаў, якія ўбачылі ў адраджэнні ВКЛ пагрозу тэр. цэласнасці Расіі, Аляксандр I не змог зацвердзіць Агінскага план 1811, але ўсё ж праект садзейнічаў прымірэнню ўрада з мясц. шляхтай напярэдадні вайны 1812: былі прыняты законы 1811 аб падатковых ільготах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВАКАТУ́РА добраахвотнае аб’яднанне адвакатаў; незалежны прававы інстытут, гал. задача якога — аказанне кваліфікаванай юрыд. дапамогі фіз. і юрыд. асобам пры абароне іх правоў, свабод і законных інтарэсаў.
У Расіі адвакатура заснавана ў час правядзення суд. рэформы 1864 і складалася з самакіроўных арг-цый прысяжных павераных пры суд. палатах. Ліквідавана ў ліст. 1917, адноўлена ў 1922. У БССР створана ў чэрв. 1922 як грамадская арг-цыя для юрыд. дапамогі насельніцтву, дзярж. і кааператыўным арг-цыям.
Дзейнасць адвакатуры на Беларусі рэгулюецца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам «Аб адвакатуры» ад 15.6.1993 і інш. нарматыўнымі актамі. Адвакаты працуюць калегіяльна (калегіі, фірмы, бюро, канторы) і індывідуальна. Дзейнічаюць абласныя і Мінская гар. калегіі адвакатаў. Для аказання юрыд. дапамогі калегіямі адвакатаў па ўзгадненні з выканаўчымі органамі мясц. улады ствараюцца юрыд. Кансультацыі. Статус юрыд. кансультацый вызначаецца адпаведнымі калегіямі адвакатаў. Статуты калегій адвакатаў, інш. адвакацкіх аб’яднанняў рэгіструюцца ў Мін-ве юстыцыі.