А́стра ’садова-дэкаратыўная расліна Aster L.’ (БРС). Рус., балг. астра, укр. айстра, гайстра, польск. aster, чэш., славац., славен. astra. З рускай (Крукоўскі, Уплыў, 88), дзе з канца XVIII ст. (Шанскі, 1, А, 166). Рускае слова лічаць запазычаным з ням. Aster ці франц. aster (Фасмер, 1, 94), што, аднак, не тлумачыць рускія формы. Хутчэй трэба лічыць непасрэдным запазычаннем з лацінскай, дзе astrum, aster мае ў множным ліку форму astra, якая і была запазычана. Лацінскае з грэч. ἀστήρ ’зорка’; назва кветкі паводле яе формы ўжо ў грэчаскай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Разго́н 1 ’гвалтоўнае рассейванне тлуму’, ’рух з паступова нарастаючай скорасцю’ (ТСБМ), ’размах’ (Касп.), ’разбег’ (ашм., Стан.). Ад раз- і гнаць, ганяць (гл.).

Разго́н 2 ’пасаг маладой у выглядзе гаспадарчай маёмасці, статак’ (Федар.). Магчыма, семантычная інавацыя на базе разагнаць, разагна́цца, г. зн. даць асновы і стымул для далейшага развіцця сямейнай гаспадаркі. У песні чаргуецца з прыгон, параўн.: Wyżań swuoj razhòn, wyżań swuoj pryhòn, / katory da minie nahnàła (там жа). Розныя тыпы пасагу?

Разгон 3 ’расліна расходнік, Glechoma hederacea L.’ (Касп.). Відаць, сінанімічнае ўтварэнне да асноўнай назвы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рапай ’расліна лопух вялікі, Arctium lappa L.’ (навагр., Дзмітр.; тут падаецца значэнне ’рапей’, што ўяўляецца вельмі сумніўным, параўн. кантэкст, на які спасылаецца збіральнік: Пашла дзеўка да гаю / Зеленъ рапай капаци), рапу́й ’тс’ (нараўл., ЛА, 1), сюды ж з тым самым значэннем рапні́к, рапе́шнік, рапі́шнік, раня́шнік (іўеў., ЛА, 1; мазыр., ГЧ; ельск., Жыв. сл.; Мат. Гом., Ян.), а таксама з пераносам націску на корань і заменай галоснага рэ́пнік ’тс’ (валож., ЛА, 1), імаверна, пад уплывам рэ́па (гл.): абедзве расліны падобныя адна на адну ліставой часткай. Да рапей (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сакольнік ’расліна ястрабок зонцічны, Hieracium umbellatum L.’ (Кіс.). Рус. соко́лья трава ’тс’, сокольніка ’Hieracium pilosella L.’, серб.-харв. соколова трава ’Hieracium cymosum L.’, польск. jastrzębiec, чэш. jestřábník ’Hieracium’. Да сокал (гл.). Антычная назва для Hieracium і блізкіх раслін ўтворана ад грэч. ίεφαζ ’ястраб’, таму што існавала павер’е, што ястрабы і сокалы для вастрыні зроку ужываюць сок гэтых раслін; гл. Махэк, Jména rostl., 232. Аднак, назва можа тлумачыцца тым, што вялікая колькасць гэтых раслін расце на значнай вышыні, дае водзяцца ястрабы і сокалы (Сіманавіч, 232).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

індыгафе́ра

(ад індыга + лац. ferre = несці)

травяністая або кустовая расліна сям. бабовых з няпарнаперыстым лісцем і ружовымі, пурпуровымі або белымі кветкамі ў гронках, пашыраная ў тропіках і субтропіках; дае сіні фарбавальнік індыга.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ка́перс

(н.-лац. capparis, ад гр. kapparis)

1) кустовая расліна сям. каперсавых з паўзучымі галінамі, пашыраная ў тропіках і субтропіках;

2) мн. пупышкі гэтай расліны, якія ў марынаваным выглядзе выкарыстоўваюцца як прыправа.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

карэо́псіс

(н.-лац. coreopsis, ад гр. kore = зрэнка + opsis = выгляд)

травяністая расліна сям. складанакветных з жоўтымі, цёмна-пурпуровымі або карычневымі кветкамі ў кошыках, пашыраная ў Паўн. Амерыцы; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

кла́ркія

(н.-лац. clarkia, ад W. Clark = прозвішча амер. падарожніка)

травяністая расліна сям. скрыпнёвых з падоўжана-авальным лісцем і чырвонымі, ружовымі, белымі, фіялетавымі кветкамі, пашыраная ў Паўн. Амерыцы; выкарыстоўваецца для групавых пасадак.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

лату́к

(с.-н.-ням. lattuke, ад лац. lactuca)

травяністая расліна сям. складанакветных са сцябловым лісцем і дробнымі светла-жоўтымі кветкамі ў мяцёлках, пашыраная ў Еўразіі, Афрыцы і Амерыцы; адзін з відаў — салата.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

дымарфатэ́ка

(н.-лац. dimorphotheca)

травяністая або паўкустовая расліна сям. складанакветных з падоўжаным апушаным лісцем і ярка-аранжавымі або белымі кветкамі ў буйных суквеццях, пашыраная ў Паўд. Афрыцы; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)