Рудні́к ’сістэма збудаванняў для здабывання карысных выкапняў’ (ТСБМ). Укр., рус. рудни́к, славен. rudnik, серб.-харв. ру̂дни́к, балг. ру́дник. Утварэнне з суфіксам ‑нік ад руда (гл.), характэрнае пераважна для ўсходне- і паўднёваславянскіх моў. У заходнеславянскіх мовах назвы з тым жа коранем, але іншымі суфіксамі: польск. rudnia, в.-луж. rudnica, чэш. rudný důl (Чарных, 2, 126).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адно́снасць, ‑і, ж.

Уласцівасць адноснага (у 1 знач.). Матэрыялістычная дыялектыка Маркса і Энгельса безумоўна ўключае ў сябе рэлятывізм, але не зводзіцца да яго, г. зн. прызнае адноснасць усіх нашых ведаў не ў сэнсе адмаўлення аб’ектыўнай ісціны, а ў сэнсе гістарычнай умоўнасці межаў набліжэння нашых ведаў да гэтай ісціны. Ленін.

•••

Тэорыя адноснасці гл. тэорыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адубяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Тое, што і адубець. [Прыборны:] — Дадумаўся, ліха на цябе, у лістападзе Днепр пераплываць. Зусім адубянець мог на сярэдзіне. Шамякін. Васіль Ціханавіч.. стаяў.. і думаў, як адважыцца сказаць пра смерць Дзяніса. Гэта трэба зрабіць сёння — для гэтага ж ён і прыйшоў сюды, але адчуваў, што язык нібы адубянеў. Сіўцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

азбуко́ўнік, ‑а, м.

Уст. У старой беларускай і рускай пісьменнасці — род тлумачальнага філалагічнага і энцыклапедычнага слоўніка. Л. Зізаній і П. Бярында не толькі былі знаёмы з Ноўгарадскімі азбукоўнікамі, але і карысталіся імі пры ўкладанні сваіх слоўнікаў. Суднік. Да асобных помнікаў прыкладаліся цэлыя слоўнічкі — так званыя азбукоўнікі, пазней — алфавіты, а затым лексіконы. Шакун.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акупі́цца, акупіцца; зак.

Аплаціцца; прынесці даход, які пакрывае зробленыя расходы. Давайце запросім вучоных, няхай зробяць эканамічны аналіз гаспадаркі, дадуць навуковыя прагнозы. Далібог, акупяцца затраты. Шамякін. // перан. Разм. Апраўдаць сябе, даць станоўчыя вынікі. Твар [айца Міколы] робіцца тужлівым. Але гэта цягнецца толькі момант, бо яго турбота, яго, можна сказаць, пакута шчодра акупілася вынікам намаганняў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

амфі́бія, ‑і, ж.

1. Земнаводная жывёліна (лягушкі, трытоны і інш.), лічынкі якой дыхаюць жабрамі, а дарослыя асобіны — лёгкімі.

2. Расліна, якая жыве ў вадзе, але можа жыць і на сушы.

3. Самалёт, які можа ўзлятаць і садзіцца на ваду і на сушу; аўтамабіль, танк, якія могуць рухацца на вадзе і на сушы.

[Грэч. amphibios — земнаводны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кантра́стны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца кантрастам каму‑, чаму‑н.; рэзка процілеглы. Кантрастныя з’явы. Кантрастныя колеры. □ І справа і злева грымелі ўзрывы, а тут было ціха. Цішыня трывала можа толькі якую хвіліну, але была яна такой кантрастнай, што здавалася чужой, незразумелай. Шахавец.

2. З рэзкай розніцай паміж светлымі і цёмнымі часткамі. Кантрастны здымак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крапіва́, ‑ы, ж.

Травяністая расліна сямейства крапіўных з тонкімі пякучымі валаскамі на сцябле і лісці. Якімка рашуча прадзіраецца праз кусты. Звальваецца з галавы шапка, штосьці пякучае, мабыць, крапіва, абпальвае твар, рукі. Курто.

•••

Глухая крапіва — травяністая меданосная расліна сямейства губакветных з дробнымі белымі кветкамі і з лісцем, як у крапівы, але без пякучых валаскоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зірка́сты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. З вострым зрокам; зоркі. Што з таго, што дзед Мікалай — такі зіркасты і дасціпны — заўважыў... Пагаманілі і толькі. Якімовіч.

2. З вялікімі вачамі; вірлавокі. А вочы чаго варты: зіркастыя, стальныя, бязлітасныя.. Дзіва што шчупакі без жалю знішчаюць не толькі іншую рыбу, але і сваіх родных дзетак! Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змаўча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць і змо́ўчаць, змоўчу, змоўчыш, змоўчыць; зак.

1. Прамаўчаць; не адказаць. Спрачацца з прафесарам было рызыкоўна, і Сцёпка змаўчаў. Колас. Брыгадзір хацеў агрызнуцца, але, глянуўшы на жанчын, у вачах якіх прачытаў спачуванне Алене, змоўчаў. Скрыпка.

2. пра што. Наўмысля не сказаць. Пра нагу змаўчала, калі гаварыць шчыра — ашукала ўрача. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)