пусты́р, ‑а, м.

Незабудаваны, запушчаны ўчастак; пустка. Праехалі Варшаву па прыгожых вуліцах і па пустырах, дзе ляжыць у ярусах цэгла, мінулі будынкі і, урэшце, выехалі ў чыстае поле. Пестрак. Аралі за Крыніцай пясчаны пустыр — голы ўзгорак, зямля на якім адтала ўжо сантыметраў на дваццаць. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расча́лка, ‑лкі, ДМ ‑лцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. расчальваць — расчаліць.

2. Р мн. ‑лак. Стальны трос, дрот, якія адцягваюць што‑н. у якім‑н. кірунку. Камісія высветліла: калона ўпала таму, што былі змяты расчалкі — стальныя тросы, якімі мацавалася яна да зямлі. Дадзіёмаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рознагало́сы, ‑ая, ‑ае.

Які адрозніваецца ад іншага (іншых) голасам, гучаннем. Тысячы рознагалосых птушак напоўнілі паветра свістам, шчэбетам і спевамі. Колас. Івана Лыкава падтрымалі рознагалосыя воклічы. Арабей. // Такі, у якім чутны розныя галасы. Рознагалосыя спевы. Рознагалосы тлум. □ З самай раніцы лес напоўніўся рознагалосым гоманам. Вірня.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АРГАНАГЕ́ННЫЯ ПАБУДО́ВЫ,

адасобленыя масіўныя карбанатныя целы, утвораныя з рэшткаў шкілетаў марскіх арганізмаў і карбанатных адкладаў. Вылучаюць арганагенныя пабудовы простыя (біястромы, біягермы) і складаныя (біястромныя, біягермавыя і рыфавыя масівы). Узніклі на месцах пражывання каланіяльных і адзінкавых рыфастваральных арганізмаў. Іх рэшткі мацаваліся карбанатам кальцыю і ўтваралі каркас, у якім назапашваліся карбанатныя асадкі з рэшткаў рыфалюбаў. У адкладах Беларусі трапляюцца пераважна простыя арганагенныя пабудовы з рэшткаў водарасцяў, каралаў, страматапораў, імшанак, радзей чарвей. Вядомы ў адкладах Аршанскай упадзіны (верхні пратэразой, сярэдні дэвон), паўн. раёнаў Беларусі (ардовік), Брэсцкай упадзіны (сілур, ніжні дэвон), Прыпяцкага прагіну (верхні дэвон, карбон). Да верхнедэвонскіх арганагенных пабудоў Прыпяцкага прагіну прымеркаваны радовішчы нафты і газу.

т. 1, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХА́НГЕЛЬСКАЕ,

сядзібны ансамбль 18—19 ст. за 20 км ад Масквы, з 1918 музей-сядзіба. З 1703 належала князям Галіцыным, у 1810—1917 — князям Юсупавым. Пабудавана ў стылі класіцызму. На тэр. Архангельскага палац (1780-я г., арх. дэ Герн, перабудаваны ў 1811—28), у якім захаваліся аддзелка, мэбля, кераміка і інш. вырабы прыгонных майстроў, а таксама карціны (А.​Ван Дэйка, Дж.​Б.​Цьепала, Ф.​Бушэ, П.​Ратары) і скульптура (Э.​М.​Фальканэ, І.​П.​Віталі), парк (18 ст.) з тэрасамі, шматлікімі бюстамі, статуямі і паркавымі збудаваннямі (у т. л. тэатр., 1817—18, з дэкарацыямі П.​Ганзага).

Архангельскае. Палац. Паўночны фасад.

т. 1, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКАЯ ЖАНО́ЧАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ.

Існавала ў Оршы ў 1911—19. Рыхтавала настаўніц пач. нар. вучылішчаў. Тэрмін навучання 4 гады. Мела падрыхтоўчы клас і ўзорнае пач. вучылішча, у якім семінарысткі праходзілі практыку. Навучалася 113 выхаванак (1914). Выкладаліся: Закон Божы, рус. мова і л-ра, царк.-слав. мова, педагогіка, псіхалогія, матэматыка, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства, фізіка, графічныя мастацтвы (чыстапісанне, маляванне, чарчэнне), методыка навуч. прадметаў, ручная праца, рукадзелле, спевы, музыка, сельская гаспадарка, фізічныя практыкаванні і інш. У ліп. 1917 семінарыя рэарганізавана ў сярэднюю пед. навуч. ўстанову для асоб абодвух полаў. З 1918 рыхтавала выкладчыкаў для 1-й ступені адзінай прац. школы. У 1919 пераўтворана ў 3-гадовыя пед. курсы.

т. 1, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВІЦКІ,

біялагічны заказнік у Беларусі, у Баранавіцкім і Івацэвіцкім р-нах Брэсцкай вобласці. Засн. ў 1978. Пл. 32,8 тыс. га (1995). Уключае тэр. Бярозаўскага, Ляснянскага і Мілавідскага лясніцтваў. Створаны ў мэтах захавання ў прыродным стане месцаў росту дзікарослых лек. раслін (ядлоўцу, ландышу майскага, талакнянкі, чабару, святаянніку прадзіраўленага, брусніц, чарніц і інш.), таксама рэдкіх і тых, што знікаюць, раслін, якія ўключаны ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь (купальніку горнага, сону лугавога, неатыянты клабучковай, лінеі паўночнай, астры стэпавай, чыны горнай, касачу сібірскага, жаўтазелю германскага, канюшыны лубінавай). Займае буйны лясны масіў, у якім пераважаюць хвойнікі. На ПнЗ трапляюцца бярэзнікі, на Пд — бярэзнікі і чорнаалешнікі, на У — ельнікі.

т. 2, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЯНЕ́Т (франц. baïonette літар. штык),

1) першапачатковая назва штыка, вынайдзенага ў сярэдзіне 17 ст. ў Францыі. Мае выгляд нажа (пакарочанага кап’я), ручка якога ўстаўляецца ў канал ствала ружжа. У некаторых краінах (напр., Расіі) наз. багінетам (іл. гл. да арт. Штык).

2) Хуткае злучэнне дэталяў, пры якім адну дэталь, што мае прарэз, насаджваюць на інш. дэталь з адпаведным выступам і пакручваюць так, каб выступ стопарыў дэталь. Выкарыстоўваецца для замацавання дэталяў у патронах металарэзных станкоў, аб’ектываў у фотаапаратах і інш.

Да арт. Баянет: а — без запорнага прыстасавання; б — з замком; в — з вінтавым пазам; 1, 2 — злучальныя дэталі; 3 — штыфт; 4 — запорная спружына.

т. 2, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСЧАЎНАКО́ВЫ СТАНО́К,

ткацкі станок, у якім уточная нітка ўводзіцца ў зеў (прастору паміж ніткамі асновы) не чаўнаком, а з дапамогай пракладчыка ўтку: рапіраў, іголак, вадзянога ці паветранага струменю, што выходзіць з сапла пад ціскам. Пасля кожнага пракладвання ўточнай ніткі яна абразаецца. У параўнанні са звычайным ткацкім станком, дзе ніткі ўтку змотваюцца са шпулі, якую нясе чаўнок, на бесчаўнаковым станку ніткі ўтку змотваюцца з нерухомых бабін, што знаходзяцца па-за зевам. Бесчаўнаковы станок адрозніваецца большай (у 2—4 разы) скорасцю пракладвання нітак, прадукцыйнасцю ткацтва, меншай вібрацыяй і шумам.

Прынцыповая схема гідраўлічнага ткацкага бесчаўнаковага станка: 1 — бабіна; 2 — уток; 3 — бёрда; 4 — рэмізка; 5 — аснова; 6 — тканіна.

т. 3, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДКРЫ́ТЫ ГО́РАД,

у міжнародным праве горад, які ў вайну адна з дзяржаў, што ваююць, абвяшчае неабароненым (без ваен. аб’ектаў, войскаў і сродкаў абароны) і таму па-за тэатрам ваенных дзеянняў. Гэты акт мае на мэце прадухіліць знішчэнне гіст. і культ. каштоўнасцяў горада, яго жыхароў.

Прававы статус адкрытага горада засн. ва палажэнні (Гаагскай канвенцыі 1907) «Аб законах і звычаях сухапутнай вайны», арт. 25 якога забараняе «атакаваць або бамбардзіраваць якім бы ні было чынам неабароненыя гарады, паселішчы, жылыя дамы або будынкі». У 2-ю сусв. вайну адкрытымі гарадамі абвяшчаліся Парыж, Рым, Брусель, Бялград, Заграб, Любляна і інш. Вядомы выпадкі парушэння статуса адкрытага горада (бамбардзіроўка Бялграда фаш. авіяцыяй у 1941).

т. 1, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)