заблудзі́ць, ‑блуджу, ‑блудзіш, ‑блудзіць; зак.
Збіцца з дарогі, перастаць арыентавацца на мясцовасці. Незнаёмаму з тутэйшымі балотамі чалавеку небяспечна забірацца ў гэтыя нетры: заедзеш, ашаломішся, заблудзіш і не патрапіш выбрацца, бо, апроч густых чаротаў ды неба над галавою, нічога не ўбачыш. Колас. Пайшоў [Сёмка], адбіўся ад мяшчан, заблудзіў у лесе і да цёмнага швэндаўся па глыбокім сн[езе], пакуль выйшаў на дарогу. Гартны. // Пра нечаканае, выпадковае паяўленне каго‑н. дзе‑н. А я тут чаго заблудзіў на могільнік? Блізкіх ці знаёмых шукаю? Каго? Танк.
•••
Заблудзіць у трох соснах — не змагчы разабрацца ў чым‑н. простым.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напе́рці, ‑пру, ‑прэш, ‑прэ; ‑пром, ‑праце; пр. напёр, ‑перла; заг. напры; зак.
Разм.
1. Штурхаючы, націснуць на каго‑, што‑н. Наперці на дзверы. Наперці на людзей.
2. чаго. Прынесці, прывезці ў вялікай колькасці чаго‑н. Наперці дроў з лесу.
3. чаго. Напхаць у вялікай колькасці чаго‑н. Наперці вопраткі ў шафу.
4. безас. каму. Вельмі спатрэбіцца, прыспічыць. — Я, пане Арлоўскі, ноччу са Слуцка ехаў, не спаў, а вам разлічыцца са мной цяжка, бо валі спаць хочацца. А мне хіба не хочацца? Ды мне грошы трэба. — Ай-яй! Так ужо вам наперла, пане Ашакевіч. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
настая́ць 1, ‑стаю, ‑стаіш, ‑стаіць; ‑стаім, ‑стаіце; заг. настой; зак., на чым і без дап.
Дамагчыся выканання чаго‑н. Настаяць на сваім. Настаяць на выкананні рашэння. □ Дзімін пастаяў, каб на канферэнцыю таксама былі запрошаны работнікі аховы здароўя. Карпаў. Максім цвёрда вырашыў настаяць, каб Вера вярнулася ў Вільню. Машара.
настая́ць 2, ‑стаіць; зак., чаго.
Разм. Ператварыць подсціл у гной (пра хатнюю жывёлу). Кожны чалавек спадзяваўся займець не адну карову і каняку, а сама меней — парку коней ды галавы тры кароў. Як ні кажы, і малака больш у хату і, галоўнае, жывёла настаіць гною. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
неперабо́рлівы, ‑ая, ‑ае.
Які не вылучаецца пераборлівасцю, строгасцю ў выбары; які нічым не грэбуе. [Надзея:] — На яду .. [дзеці] непераборлівыя; будзе цяпло, а скарынка хлеба ды бульбіна заўсёды знойдуцца, — і вырастуць. Кірэйчык. Я .. [маці] мала дакучаў, быў непераборлівы на харч, мала плакаў і больш спаў. Астрэйка. // Непатрабавальны (аб раслінах, жывёлах). Ласі здольны жыць не толькі на поўначы, але і ў розных кліматычных умовах. На корм яны вельмі непераборлівыя. В. Вольскі. З усіх збожжавых культур авёс — самы непераборлівы, расце на тых палетках, дзе ніякія іншыя культуры не маглі даць нават сярэдняга ўраджаю. «Беларусь».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нішчы́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Не прыпраўлены скаромным, без скаромнага; посны. Мы атрымлівалі толькі агульную норму хлеба і два разы на дзень у сталоўцы нішчымны .. крупнік. Сяргейчык. Большы брат згатаваў добры абед, нават два скруткі каўбасы на стол палажыў. А меншы наварыў капусты, ды і то нішчымнай. Якімовіч.
2. Без нічога, без якіх‑н. дабавак. [Хана] такая худая, што мне робіцца шкада яе, і я аддаю ёй усе грушы, а на перапынку елі нішчымны хлеб. Каліна. // Пусты. Часамі ў гумно ўрываўся лёгкі ветрык, паварушваючы звіслыя са страхі нішчымныя каласкі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няло́ўка,
1. Прысл. да нялоўкі.
2. безас. у знач. вык., каму. Пра пачуццё ніякаватасці, сораму, якое перажывае хто‑н. [Лабановіч:] — Я ніяк не думаў спаткаць вас там, і мне стала нялоўка. Колас. Шмат разоў я калісь на начлезе, Прызнавацца сягоння нялоўка, Нібы бачыў: лясун з дрэва лезе. Чарот. // з інф. Пра ўсведамленне нялоўкасці зрабіць што‑н. [Лазавы:] — А чаго чырванееце..? Нялоўка казаць нядобрае пра свайго калегу ды яшчэ начальства? Васілевіч. Рыгору трэба было збочыць, але Рымар вёў яго з сабою, і яму нялоўка было сказаць, што ім далей не па дарозе. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ня́ньчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак., з кім-чым.
1. Даглядаць дзіця. — З намі жыла мая маці. Днём яна няньчылася з дзіцем. Васілевіч. Прыйдзе [муж] дахаты змардаваны, павячэрае і лажыцца спаць.. А [жонка] прадзе ды з дзяцьмі няньчыцца. Чарнышэвіч.
2. перан. Разм. Празмерна клапаціцца аб кім‑, чым‑н., аддаваць многа ўвагі каму‑, чаму‑н.; вазіцца. Дактары.. [чалавека] з рук не выпускалі. І прафесары і акадэмікі няньчыліся з ім. Паслядовіч. // Гуляць, забаўляцца. [Марына] няньчылася з.. [мопсам], нібы малое дзіця з лялькай, ад душы смяялася з яго забаўных выхадак і нават размаўляла з ім, як з чалавекам. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пала́ц, ‑а, м.
1. Вялікі, раскошны, багаты будынак. То не дом, а палац, шмат акон, шмат калон. Бядуля. Вось ён, Пецярбург! Горад палацаў ды фабрык. Гартны. Над Віліяй у цэнтры горада стаяў вялізны палац Урублеўскіх. Карпюк. // Тое, што і замак (у 1, 2 знач.). Рукамі нявольнікаў насыпаны [замкавы] высокі вал, выкапаны глыбокія азёры, канавы, напоўненыя вадою, якія абкружаюць палац Радзівіла. Бялевіч. // Будынак, дзе пастаянна жыве і знаходзіцца цар, кароль, кіраўнік дзяржавы.
2. У складзе назваў некаторых будынкаў грамадскага прызначэння, якія звычайна выдзяляюцца сваёй архітэктурай. Палац піянераў. □ У Палацы будаўнікоў меўся быць вялікі самадзейны канцэрт. Ракітны.
[Іт. palazzo, ад лац. palatium.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паме́ншаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Стаць меншым па аб’ёму, колькасці, велічыні. Ды і ростам.. [Яцкевіч] нібы паменшаў: ну што гэта за мужчына, мне па плячо? Карпюк. Зблажэў не толькі матчын дом. Як бы папрысядалі, паменшалі памерамі ўсе навакольныя дамкі, хаціны, панадворкі, да дробязей знаёмыя з маленства. Навуменка. / у безас. ужыв. Парадзеў лес на берагах С[а]жа, паменшала і вады. Дуброўскі. // Стаць меншым па сіле, інтэнсіўнасці. У пакоі пацямнела, агонь у лямпе паменшаў — відаць, дагарала газа. Шахавец. Калі ж нарадзіліся Соня і Леначка, рэўнасць.. [Юркава] не толькі не паменшала, але стала яшчэ больш лютая. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
панаклада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.
1. Накласці на што‑н. або куды‑н. вялікую колькасць чаго‑н. Панакладаць дроў на машыны. □ Панакладалі вазы [сена] — ладныя, шырокія — і пакуль паўціскалі ды абхарошвалі, і ноч надышла. Скрыган.
2. Аблажыць каго‑н. вялікай колькасцю якіх‑н. падаткаў або аблажыць якімі‑н. падаткамі ўсіх, многіх. [Ганна Кухарава:] Усе багатыры злуюць .. Нібыта гэта праз вас і развёрсткі панакладалі больш на іх. Крапіва.
3. Накласці, раскласці што‑н. у многіх месцах. Боганчык засіпеў, гледзячы на дарогу ў туман: — На-шы... І агнёў панакладалі, чакаючы... Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)