біялагічны заказнік на Беларусі, у Веткаўскім р-не Гомельскай вобл.Засн. ў 1978. Пл. 5,9 тыс.га (1995). Уключае тэр. Веткаўскага лясніцтва. Створаны ў мэтах захавання ў прыродным стане месцаў росту і прыродных запасаў дзікарослых лек.раслін (крапівы двухдомнай, ландыша майскага, палыну горкага, цмену пясчанага, чабару, чарніц і інш.), а таксама для арганізацыі рацыянальнай нарыхтоўкі іх сыравіны. Займае лясныя масівы вакол рэк Сож і Беседзь, у якіх пераважаюць маладыя імшыстыя і чарнічныя хвойнікі, трапляюцца дубровы, бярэзнікі, невял. ўчасткі ельнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРУЛЕ́НТНАСЦЬ (ад лац. virulentus ядавіты),
ступень патагеннасці (хваробатворнасці) дадзенага штаму мікраарганізма ў адносінах да пэўнага віду жывёл, раслін пры натуральным або штучным заражэнні. Генетычна абумоўленая прыкмета (можа перадавацца ў спадчыну). Характарызуецца інфекцыйнасцю (заразлівасць), інвазіўнасцю і агрэсіўнасцю (пераадоленне ахоўных бар’ераў, інтэнсіўнае размнажэнне ў тканках мікраарганізма), таксічнасцю (утварэнне ядавітых для арганізма рэчываў). Залежыць ад уласцівасцей інфекц. агента і ўспрымальнасці (адчувальнасці) арганізма, які інфіцыруецца. Вірулентнасць можа змяняцца ў залежнасці ад умоў культывавання штаму або ў выніку мутацыйных працэсаў. Штучнае змяненне вірулентнасці мікробаў выкарыстоўваецца пры атрыманні вакцын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́РАЧКА (Clinopodium),
род кветкавых раслінсям. ясноткавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца вырачка звычайная (Clinopodium vulgare), расце ў хмызняках, гаях, светлых пераважна лісцевых лясах.
Шматгадовыя апушаныя травяністыя расліны з прамастойным сцяблом. Лісце супраціўнае, дробнае, сядзячае, падоўжана-яйцападобнае, па краі пілаватае або гародчатае, на кароткіх чаранках. Кветкі двухполыя, ружовыя, пурпуровыя або белыя, двухгубыя, духмяныя, у густых канцавых несапраўдных кальчаках. Плод — чатырохарэшак. Лек. (процізапаленчы сродак), вострапрыпраўныя, меданосныя, фарбавальныя, эфіраалейныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАПО́НЕНКА (Васіль Іванавіч) (н. 13.4.1928, в. Сабалі Брагінскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне фізіялогіі, біяхіміі і радыебіялогіі раслін. Д-рбіял.н. (1985). Скончыў БДУ (1952). З 1957 у Ін-це фотабіялогіі, з 1988 у Ін-це радыебіялогіі АН Беларусі. Навук. працы па абнаўленні хларафілу і актыўнасці фотасінтэтычнага апарата, назапашванні радыенуклідаў раслінамі і іх прадукцыйнай здольнасці.
Тв.:
Влияние внешних факторов на метаболизм хлорофилла. Мн., 1976;
Обновление хлорофилла и продуктивность растений. Мн., 1996 (разам з Г.М.Нікалаевай, С.М.Шаўчук).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́НІНАЎ (Павел Фёдаравіч) (1796, г. Магілёў — 21.10.1865),
рускі батанік-сістэматык, урач. Д-р медыцыны (1824), праф. (1832). Скончыў Пецярбургскую медыка-хірург. акадэмію (1820), выкладаў у ёй з 1825. Выказаў ідэю адзінства развіцця свету. Разглядаў сістэматыку раслін і жывёл у сувязі з іх эвалюцыяй. Стварыў арыгінальную сістэму развіцця расліннага і жывёльнага свету. Аўтар першай у Расіі працы па тэхн. мікалогіі: «Грыбы, цвілі і пылавікі ў медыка-паліцэйскіх і іншых адносінах» (1848).
Літ.:
Русские ботаники: Биографо-библиогр. словарь. Т. 3. М., 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЛІ́ЦА (Berteroa),
род кветкавых раслінсям. капуставых. 8 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Міжземнамор’і. На Беларусі паўсюдна трапляецца гарліца шэрая (B. incana). Расце на палях, сухіх лугах, пустках, узгорках, каля дарог, на сметніках і пясчаных мясцінах.
Адна-, двух- і шматгадовыя шаравата-зялёныя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом. Лісце суцэльнае, чаргаванае, падоўжана-ланцэтнае. Кветкі дробныя, двухполыя, белыя, у галоўчатых гронках. Плод — авальны стручок; насенне пляскатае, акаймаванае. Лек. (мачагонны, патагонны, вяжучы, заспакаяльны і ранагаючы сродак) і меданосныя расліны; пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРО́ШЫНКІ (Pisidium),
род прэснаводных двухстворкавых малюскаў. Пашыраны ў вадаёмах Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. На Беларусі 15 відаў. Найб. пашыраны гарошынка рачная (P. amnicum), гарошынка бліскучая (P. nitidum), гарошынка балотная (P. casertanum).
Ракавіна даўж. 2—10 мм авальная або яйцападобная з ссунутай назад верхавінкай. Рухаюцца з дапамогай ланцэтападобнай нагі. Дыханне шчэлепнае. Гермафрадыты. Моладзь выношваюць у вывадкавых камерах (марсупіях). За год даюць 2 патомствы. Кормяцца мікрапланктонам, рэшткамі раслін і жывёл. Удзельнічаюць у біялагічным самаачышчэнні вадаёмаў. Корм для некат. рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛАЦЫЯ́ЛЬНЫЯ (Helotiales),
парадак сумчатых грыбоў з групы парадкаў дыскаміцэтаў. Каля 250 відаў з 60 родаў. Пашыраны ўсюды. Пераважна сапратрофы. На Беларусі каля 110 відаў з 37 родаў: кудонія, ланхелула, корыне, булгарыя, гелоцый і інш. Жывуць на апалым лісці, адмерлых раслінных рэштках. Паразітныя віды выклікаюць хваробы раслін (напр., віды з роду склератынія).
Пладовыя целы (апатэцыі) выш. і дыям. ад 0,02 мм да 2—3 см, кубка-, сподкападобныя, часам на ножцы, мясістыя ці храсткаватыя, скурыстай або рогападобнай кансістэнцыі. Споры шматклетачныя, з гладкай абалонкай, часта афарбаваныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАКРЭА́ЛЬНЫЯ (Hypocreales),
парадак грыбоў з класа аксаміцэтаў. Вядома больш за 1000 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, пераважна ва ўмеранай зоне і тропіках. На Беларусі каля 50 відаў з родаў нектрыя, гіпакрэя, мікранектрыела, фузарыум і інш. Сапратрофы і паразіты. Выклікаюць хваробы раслін.
Пладовыя целы (перытэцыі) мяккія, мясістыя, светлыя або ярка афарбаваныя, утвараюцца на паверхні або ўнутры субстрату. Сумкі цыліндрычныя, булавападобныя. Аскаспоры рознай формы і памераў, аднаклетачныя, з перагародкамі. У цыкле развіцця часта ёсць канідыяльная стадыя, якая адыгрывае вял. ролю ў пашырэнні відаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВЫ АНА́ЛІЗ,
даследаванне складу і ўласцівасцей глебавых гарызонтаў, іх колькасных характарыстык і хім. саставу. Пры глебавым аналізе вызначаюць грануламетрычны і агрэгатны састаў, структуру глебы, гумус (перагной), колькасць хім. элементаў і іх назапашванне (валавы аналіз), састаў і колькасць водарастваральных рэчываў глебы і яе рэакцыю, паглынальную здольнасць, забяспечанасць злучэннямі азоту, фосфару, калію і інш. рэчывамі, даступнымі для жыўлення раслін, даследуюць склад элементаў глебы, дынаміку размеркавання ў ёй пажыўных рэчываў і дынаміку глебавых працэсаў. На аснове глебавага аналізу складаюць глебавыя карты і картаграмы.