ПУАНТЫЛІ́ЗМ (франц. pointillisme ад point кропка),
1) у выяўленчым мастацтве (дывізіянізм) — жывапісная сістэманеаімпрэсіянізму, заснаваная на раскладзе складанага колеравага тону на чыстыя, спектральныя колеры. У тэхніцы П. мазкі ў выглядзе кропак або дробных квадратаў наносяцца на палатно асобна, без накладання адзін на адзін у разліку на іх аптычнае змяшэнне пры зрокавым успрыняцці карціны. Узнік у франц. жывапісе каля 1885, пашырыўся ў Бельгіі, Італіі. У тэорыі П., распрацаванай яго буйнейшымі прадстаўнікамі Ж.Сёра і П.Сіньякам, атрымалі паслядоўнае развіццё каларыстычныя ідэі Э.Дэлакруа, імпрэсіяністаў, тагачасныя навук. дасягненні ў псіхалогіі ўспрыняцця колеру. У творах пуантылістаў спалучаліся прыёмы аб’ёмна-прасторавай трактоўкі кампазіцыі, павышаная цікавасць да аптычных эфектаў, колеравай індукцыі, храматычнай гарманізацыі фарбаў. У рэчышчы П. працавалі А.Э.Крос, М.Люс (Францыя), Т. ван Рыселберг, В.Фінч, Ф.Шарле, В.Шлобах (Бельгія), Г.Прэвіяці, Дж.Сеганціні (Італія) і інш. Паўплываў на творчасць групы «Набі», кубістаў, футурыстаў, фавістаў, мастакоў оп-арта.
2) У музыцы — адзін з метадаў Сучаснай муз.кампазіцыі. Муз. тканіна ствараецца не шляхам злучэння меладычных ліній ці акордаў, а з «кропак»-гукаў (двухгуччаў, іншы раз — «кропак»-акордаў), раз’яднаных паўзамі ці скачкамі (заканчэнне п’есы «Ізаляваныя кропкі ў прасторы» Э.Дзянісава). Пачынальнік П. — А.Веберн. Найб. пашырыўся ў 2-й пал. 20 ст. Сярод яго прадстаўнікоў П.Булез («Структуры» для 2 фп.), К.Штокгаўзен («Кантрапункты»), М.Кагель («Пераўтварэнні 11») і інш. Пуантылістычная музыка стала крокам да больш позняй прасторавай музыкі (выканаўцы размяшчаюцца ў розных канцах залы), а ў тэхн. музыцы — ад стэрэафаніі і пластавай кампазіцыі ў спалучэнні са статычнай і кінетычнай прасторавай праекцыяй. З бел. кампазітараў да пуантылістычнага метаду кампазіцыі звярталіся Я.Паплаўскі, Дз.Смольскі, А.Сонін і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНЫЯ ВО́ЙСКІ,
вайсковыя фарміраванні, аснашчаныя ракетнай зброяй.
Вядомы з 11—12 ст. (парахавыя ракеты выкарыстоўваліся ў Індыі і Кітаі ў час аблогі крэпасцей), у Еўропе — з канца 13 ст., у Расіі з 18—19 ст. Шырокае развіццё атрымалі ў 2-ю сусв. вайну (у СССР з’явіліся гвардз. мінамётныя часці, аснашчаныя «Кацюшамі», у Германіі падраздзяленні, на ўзбраенні якіх былі кіроўныя ракеты). У 2-й пал. 20 ст. Р.в. створаны ў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і інш. краінах.
Падзяляюцца на Р.в. стратэг. прызначэння, Р.в. сухап. войск, зенітныя ракетныя часці ВПС і ВМС. У СССР у канцы 1950-х г. створаны Р.в. стратэгічнага прызначэння (значная іх ч. дыслацыравалася на тэр. Беларусі; выведзены ў 1-й пал. 1990). Для іх уласцівы высокая боегатоўнасць, дакладнасць нанясення ўдараў, неабмежаваная далёкасць дзеяння, незалежнасць ад умоў надвор’я, часу і інш. Р.в. сухапутных войск — часці і падраздзяленні тактычнага і аператыўна-тактычнага прызначэння, здольныя наносіць масіраваныя, групавыя і адзіночныя ўдары па аб’ектах, недасягальных для артылерыі (першая ракетная часць у складзе сухап. войск створана ў 1946 на базе гвардз. палка рэактыўнай артылерыі). Зенітныя Р.в. прызначаны для проціпаветранай абароны адм.-паліт. цэнтраў, прамысл.-эканам. раёнаў, груповак войск і інш. аб’ектаў. Складаюцца з часцей і злучэнняў, якія маюць на ўзбраенні зенітныя ракетныя комплексы. Ва Узбр. Сілах Беларусі зенітныя ракетныя войскі і ракетныя войскі і артылерыя з’яўляюцца адпаведна родамі войск проціпаветранай абароны і сухап. войск Беларусі.
Літ.:
Гл. пры арт.Ракета.
А.У.Аляхновіч.
Да арт.Ракетныя войскі. На маршы пускавыя ўстаноўкі РС-12 М «Топаль» з ракетай РТ-2П (Расія).Да арт.Ракетныя войскі. Ракетная сістэма аператыўна-тактычнага прызначэння «Плутон» (Францыя).Да арт.Ракетныя войскі. Ракетны комплекс (зенітны) С-125 на стартавай пазіцыі (Беларусь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЛЮ́Т»,
серыя сав.арбітальных станцый для палётаў па каляземнай арбіце; праграма іх распрацоўкі, запускаў і эксплуатацыі. Прызначаліся для правядзення медыка-біял., астрафіз., навукова-тэхн., тэхнал. даследаванняў і эксперыментаў, назіранняў і даследаванняў Зямлі, яе атмасферы і каляземнай касм. прасторы. Макс. маса 18,9 т, маса навук. апаратуры да 2,5 т, аб’ём жылых адсекаў каля 100 м³. Палёты здзяйсняліся з касманаўтамі на борце і ў аўтам. рэжыме. У 1971—83 запушчаны 7 «С.» (на арбіту выводзіліся ракетай-носьбітам «Пратон» з касмадрома Байканур).
«С.» складаліся з пераходнага, рабочага, агрэгатнага (з рухальнай устаноўкай) адсекаў і прамежкавай камеры («С.-6» і «С.-7» мелі дадатковы стыковачны агрэгат). У склад «С.» ўваходзілі сістэмы жыццезабеспячэння, электрасілкавання (сонечныя батарэі), сувязі, арыентацыі і кіравання, стыкоўкі з касм. караблямі, навук. абсталяванне і інш. «С.» не прызначаліся для вяртання на Зямлю; дастаўка і змена экіпажа праводзіліся пры дапамозе касм. караблёў «Саюз», паліва, абсталявання і інш. — трансп. караблямі «Прагрэс». «С.-1» (запуск 19.4.1971) — першая ў свеце пілатуемая арбітальная станцыя (экіпаж Г.Ц.Дабравольскі, У.М.Волкаў, В.І.Пацаеў). Да «С.» здзейснілі палёты 50 касм. апаратаў. На борце «С.» працавалі 17 асн. экспедыцый (14—237 сут) і 15 экспедыцый наведвання (3—13 сут). У складзе міжнар. экіпажаў па праграме «Інтэркосмас» на «С.-6» і «С.-7» працавалі касманаўты 10 краін свету. Камандзірамі экспедыцый былі і ўраджэнцы Беларусі П.І.Клімук («С.-4», «С.-6» — міжнар.) і У.В.Кавалёнак («С.-6» — двойчы).
У.С.Ларыёнаў.
Арбітальная станцыя «Салют»: 1 — панэлі сонечных батарэй; 2 — шматзанальны фотаапарат; 3 — спальнае месца; 4 — антэны тэлеметрычных сістэм; 5 — адсек навуковай апаратуры; 6 — цэнтральны пост; 7 — сістэма газавага забеспячэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯ́ЦКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў в. Свяцк Гродзенскага р-на. Размешчаны ў б. маёнтку Валовічаў (у пач. 20 ст. належаў Ю.Гурскаму). Пабудаваны паводле праекта італьян.арх. Дж.Сака для гродзенскага маршалка Ю.Валовіча і яго сына Антонія. Уключаў палац, капліцу. гасп. пабудовы, парк. Фарміраваўся ў 2 этапы: у 1779 — буд-ва і афармленне інтэр’ера палаца ў раннекласіцыстычным стылі, у пач. 19 ст. — дапаўненне агульнай кампазіцыі бакавымі флігелямі з галерэямі-каланадамі. Рэканструяваны ў 1930-я г. (арх. А.Сасноўскі). Цэнтр. корпус палаца — 2-павярховы мураваны будынак з цокальным паверхам, накрыты высокім ламаным мансардавым дахам. Гал. фасад расчлянёны 3 рызалітамі (цэнтральны — 4-калонны з трохвугольным, бакавыя — з лучковымі франтонамі). Дваровы фасад з 5-гранным эркерам, дэкарыраваны пілястрамі і завершаны гранёным шатровым дахам. У дэкоры будынка выкарыстаны дробныя пілястры, парталы ўваходаў, вузкія рызаліты.
Інтэр’еры аздоблены размалёўкамі (маст. Т.Манькоўскі, Ф.Смуглевіч; не захаваліся), мелася зала ў пампейскім стылі. Элементы інтэр’ера (панэлі, каміны, люстры, вазоны, мэбля і інш.) былі зроблены па эскізах і пад кіраўніцтвам Сака. Флігелі пастаўлены перпендыкулярна да асн. корпуса, накрыты вальмавымі дахамі, аздоблены руставанымі лапаткамі; адзін выкарыстоўваўся пад жыллё, у другім — манеж. З асн. корпусам злучаны паўцыркульнымі галерэямі ў выглядзе аркад. Насупраць палаца ў 19 ст. ў рэтраспектыўна-гатычным стылі пабудавана капліца. Парк пейзажнага тыпу (пл. 12 га) закладзены ў канцы 18 — пач. 19 ст. Размешчаны на 2 пагорках, у лагчыне — сістэма вадаёмаў на розных узроўнях, за імі лясны масіў. У 1985 парк адноўлены паводле спец. праекта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЙПІ́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ1851—64,
апошняя ў гісторыі Кітая вял.сял. вайна. У значнай ступені абумоўлена перанаселенасцю краіны і звязаным з ёй недахопам ворнай зямлі. Становішча пагаршалася паражэннем Кітая ў англа-кітайскай вайне 1840—42 і ўцечкай серабра з Кітая ў выніку еўрап. кантрабанды опіуму, што выклікала фін.-эканам. крызіс. Няздольнасць урада маньчжурскай дынастыі Цын вырашыць праблемы краіны прывяла ў 1841—49 да шэрагу нар. паўстанняў. Заснавальнік руху тайпінаў — вясковы настаўнік Хун Сюцюань, які ў 1843 стварыў «Таварыства пакланення нябеснаму ўладару» (Байшандзіхуй). Ідэйнай асновай таварыства абвешчана хрысціянства, але ў інтэрпрэтацыі Хун Сюцюаня хрысц. ідэя адзінага Бога спалучалася з традыц.кіт. ўяўленнямі аб сац. роўнасці і справядлівасці — тайпін (кіт. «вял. роўнасць» — адсюль Т.п.). 11.1.1851 таварыства пачало паўстанне пад лозунгам стварэння «Нябеснай дзяржавы вял. працвітання» (Тайпін цяньго). Хун Сюцюань абвясціў сябе Цяньванам (нябесным гасударом). Армію і ўрад тайпінаў узначаліў Ян Сюцын. Створанае тайпінамі моцнае дысцыплінаванае войска заняло вял.тэр. на Пд ад р. Янцзы, а ў 1853 — г. Нанкін, які стаў сталіцай тайпінскай дзяржавы. Быў выдадзены дакумент «Зямельная сістэма нябеснай дынастыі», які дэклараваў ураўняльнае размеркаванне зямлі па едаках, але рэалізаваць яго не ўдалося. У 1856 паміж кіраўнікамі руху тайпінаў паглыбіліся супярэчнасці. Са згоды Хун Сюцюаня былі забіты Ян Сюцын і некат. яго паплечнікі. Пасля заканчэння англа-франка-кітайскай вайны 1856—60вял. дапамогу цынскаму ўраду ў задушэнні Т.п. аказалі еўрап. дзяржавы. Частковыя поспехі войск тайпінаў на чале з палкаводцам Лі Сючэнам не змаглі прадухіліць паражэнне Т.п. У ліп. 1864 паў Нанкін, Хун Сюцюань скончыў жыццё самагубствам. У 1868 знішчаны апошнія асяродкі паўстання.
Літ.:
Тайпинское восстание 1850—1864 гг.: Сб. док. М., 1960;
Илюшечкии В.П. Крестьянская война тайпинов. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАНІ́ЧНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ (ад грэч. tonos націск),
сістэмавершаскладання, у аснове якой аднолькавая (прыблізна аднолькавая) колькасць моцных, або апорных, націскаў у вершаваных радках. Колькасць ненаціскных складоў паміж імі розная (ад 0 да 8).
Ва ўсх.-слав. вершаскладанні літ. танічны верш склаўся ў 19 — пач. 20 ст. на аснове народнага вершаскладання, танічнага па сваёй прыродзе. Танічны верш і нар. верш пры іх вял. падабенстве (і там і тут роўная колькасць моцных націскаў у радках) усё ж значна адрозніваюцца. Гал. адрозненне — у функцыі моцных (апорных) націскаў: калі ў нар. вершаскладанні націск выконваў рытмічную ролю, мог падаць на малазначныя (у т. л. службовыя) словы, то ў літ. танічным вершы ён мае сэнсавае значэнне і абавязкова прыпадае на найб. значнае па сэнсе слова, рытмічна падкрэслівае, выдзяляе яго. Націску ў танічным вершы памагаюць шматлікія паўзы.
Вылучаюць некалькі відаў Т.в.: акцэнтна-складовы верш (аднолькавая колькасць акцэнтаў — моцных націскаў. аднолькавая колькасць складоў у вершаваных радках), дольнік, тактавік, акцэнтны верш (аднолькавая або прыблізна аднолькавая колькасць акцэнтаў у радках). Кожны з іх вызначаецца пэўнай колькасцю моцных націскаў у вершаваных радках. Разам з тым яны адрозніваюцца сваёй мерай свабоды ў дачыненні да колькасці складоў у радках, колькасці ненаціскных складоў паміж націскамі, ужывання рыфмы і г.д. Першыя ўзоры літ. Т.в. — пераважна стылізацыя нар. творчасці (творы А.Кальцова, «Казка пра рыбака і рыбку» А.Пушкіна). На аснове ўкр.нар. верша Т.Шаўчэнка стварыў свой тып верша — т.зв. каламыйкавы верш з аднолькавай колькасцю складоў у радках. Вял. ролю ў развіцці Т.в. адыграла паэзія У.Маякоўскага. Танічным вершам напісаны «Тарасова доля», «Бандароўна» Я.Купалы, «Страцім-лебедзь» М.Багдановіча, «Босыя на вогнішчы» М.Чарота, шырока ўжывалася ў творчасці М.Танка, П.Панчанкі, К.Кірэенкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫЛ,
1) тэрыторыя краіны, што ваюе, з яе насельніцтвам і эканам. рэсурсамі, акрамя раёна (зоны) ваен. дзеянняў.
2) Сістэма органаў кіравання, сіл і сродкаў, прызначаных для тылавога і тэхн. забеспячэння войск (Т. узбр. сіл). Як састаўная частка ўзбр. сіл і абарончага патэнцыялу дзяржавы Т. забяспечвае ўтрыманне запасаў матэрыяльных сродкаў і іх падвоз да фронту, падрыхтоўку, эксплуатацыю, тэхн. прыкрыццё і аднаўленне шляхоў зносін (сумесна з інш. органамі і ўстановамі дзяржавы), а таксама аказанне мед. дапамогі, гандлёва-быт., кватэра-эксплуатацыйнае, фінансавае забеспячэнне ваеннаслужачых і інш.).
Паняцце «Т.» узнікла ў старажытнасці разам са стварэннем армій. У наёмных арміях 15—17 ст. функцыі забеспячэння выконвалі гандляры (маркітанты), пазней т.зв. магазіны (склады-магазіны). якія размяшчаліся на верагодных напрамках ваен. дзеянняў. У рэгулярных арміях фарміраваліся падраздзяленні для цэнтралізаванага тылавога забеспячэння войск і флатоў. Са з’яўленнем у шэрагу краін масавых армій паняцце «Т.» станавілася больш разнастайным: ствараліся Т. відаў узбр. сіл, адпаведных родаў войск. Істотныя змены ў разуменне Т. ўнеслі ракетна-ядзерная зброя і інш. сучасная тэхніка.
Т. Узбр. Сіл Беларусі падзяляецца паводле маштабу і характару задач на стратэг., аператыўны і вайсковы; паводле прыналежнасці — Т. цэнтра, відаў узбр. сіл, брыгадны (палкавы) і батальённы (дывізіённы). Арганізацыйна фарміраванні і ўстановы Т. ўваходзяць у склад аператыўных камандаванняў, злучэнняў і часцей узбр. сіл, а таксама знаходзяцца ў непасрэдным падпарадкаванні цэнтр. органаў кіравання. Міністр абароны і ген. штаб ажыццяўляюць кіраўніцтва Т. праз нам. міністра абароны па тыле — начальніка Т. ўзбр. сіл, камандуючых відамі ўзбр. сіл і інш.цэнтр. ўстановы. Падрыхтоўка афіцэрскіх кадраў для Т. ажыццяўляецца ў Ваен. акадэміі Рэспублікі Беларусь, на ваен. кафедрах ВНУ і інш. 3) Тыльны бок строю (або ч. яго), баявога парадку, аператыўнага пастраення войск (сіл), процілеглы пярэдняму (фронту).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСХО́ДНІ САЯ́Н,
горная сістэма на Пд Сібіры, у Расіі. Цягнецца ў паўд.-ўсх. напрамку ад левабярэжжа р. Енісей да воз. Байкал. Даўж. больш за 1 тыс.км. Найб. вяршыня — г. Мунку-Сардык (3491 м). Складкавая структура У.С. прадстаўлена мегаантыклінорыем, які прымыкае да паўд.-зах. краю Сібірскай платформы. Складзена пераважна з гнейсаў, слюдзіста-карбанатных і крышт. сланцаў, мармураў, кварцытаў, амфібалітаў. Карысныя выкапні: золата, графіт, баксіты, слюда (мускавіт), азбест, фасфарыты і інш.; крыніцы мінер. вод.
Зах. ч. У.С. складаецца з пласкаверхіх хрыбтоў выш. 1500—2000 м — «белагор’яў» (Манскае, Канскае і інш.); цэнтр. і ўсх.ч. — высакагорныя масівы з альпійскімі формамі рэльефу (Вял. Саян, Тункінскія і Кітойскія Гальцы). Вял. ўчасткі стараж. выраўнаванага рэльефу, паката-нахіленыя вулканічныя плато, ёсць маладыя вужанічныя ўтварэнні. У міжгорных катлавінах (Тункінская) розныя тыпы акумулятыўнага рэльефу, складзеныя з ледавіковых, водна-ледавіковых і азёрных адкладаў. На У шматгадовая мерзлата. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -17 да -25 °C (на схілах гор) і да -30 °C (у катлавінах), ліп. 12—16 °C і да 20 °C адпаведна. Ападкаў на зах. і паўд.-зах. схілах да 800 мм, на паўн. да 400 мм, на ўсх. і паўд.-ўсх. схілах да 300 мм за год. Каля 100 невял. ледавікоў (агульная пл. каля 30 км²). Рэкі належаць да бас. Енісея, найб.: Туба, Сыда, Сісім, Мана, Кан, Біруса і інш. На падзолістых і тарфяна-балотных глебах пашыраны таежныя лясы (кедр, елка, лістоўніца), якія падымаюцца да выш. 1700—1800 м, вышэй — рэдкалессе, якое зменьваецца хмызняковай і імхова-лішайнікавай тундрай; каменныя асыпкі і курумы. У тайзе водзяцца лось, марал, кабарга, буры мядзведзь, рысь, вавёрка, заяц і інш. У адгор’ях У.С. — запаведнік «Сталбы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІНА́НСАВЫЯ РЭФО́РМЫ 1860-х г.у Расіі,
рэформы, мэта якіх прыстасаваць фін. сістэму краіны да развіцця капіталізму. Падрыхтоўка і правядзенне сялянскай рэформы 1861 выклікалі неабходнасць заснавання Дзяржбанка (1860) і стварэння ў мін-ве фінансаў Гал. выкупной установы для правядзення выкупной аперацыі (1862). Паводле прынятых у адпаведнасці з гэтым Правілаў усе ўстановы павінны былі кожны год складаць каштарысы па ўстаноўленай форме і з падрабязным вызначэннем асобных артыкулаў і параграфаў выдаткаў. Агульны роспіс бюджэту складаўся мін-вам фінансаў, зацвярджаўся Дзярж. саветам і станавіўся законам. З 1862 дзярж. роспіс публікаваўся. У 1864—68 усе дзярж. даходы былі засяроджаны ў касах Дзярж. казначэйства мін-ва фінансаў. З іх у адпаведнасці з бюджэтнымі каштарысамі і касавымі роспісамі рабіліся выдаткі. Вырасла значэнне фін.дзярж. кантролю, які штогод правяраў законнасць праекта роспісу даходаў і выдаткаў да іх разгляду ў Дзярж. савеце і прадстаўляў Дзярж. савету справаздачу аб выкананні фін. каштарысу за мінулы год. У 1865 створаны мясц. органы дзярж. кантролю — кантрольныя палаты. У пач. 1860-х г.вінныя водкупы заменены акцызным зборам на вытв-сць спіртных напіткаў, а з 1866 — на тытунь. Для збірання акцызаў створаны губ. і акр. акцызныя ўпраўленні. Дэпартамент розных падаткаў і збораў мін-ва фінансаў падзелены ў 1863 на дэпартаменты ўскосных і прамых падаткаў. Аднак фін. рэформы былі непаслядоўныя. У сістэме прамых падаткаў захаваўся асн. падатак рус.феад. дзяржавы — падушны падатак; рэвізія дзярж. кантролю пашыралася не на ўсе ведамствы і г.д. Грашовая рэформа 1862 не была рэалізавана; прадугледжаны ёю размен папяровых грошай на золата і серабро спынены з-за няхваткі метал. фонду. Створаная фін. рэформамі сістэма захоўвалася з некаторымі зменамі да 1917.
Літ.:
Полное собрание законов Российской империи. 2 изд. СПб., 1865. Т. 37. № 38309.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАНЦУ́ЗСКАЯ МО́ВА,
адна з раманскіх моў. Афіц. мова Францыі, Манака, Бельгіі (разам з нідэрландскай і ням. мовамі), Швейцарыі (разам з ням. і італьян.), Канады (разам з англ.), Люксембурга (разам з ням.), Андоры (разам з ісп. і каталанскай), Вануату (разам з англ.); адзіная ці адна з афіц. моў у шэрагу краін Афрыкі. Адна з афіц. і рабочых моў ААН. Мае дыялекты: франсійскі (дыялект Іль-дэ-Франса, гіст. аснова сучаснай Ф.м.), паўночныя (нармандскі, пікардскі, валонскі ў Бельгіі), заходнія (анжуйскі, гало і інш.), паўд.-заходнія (пуацевінскі і інш.), цэнтральныя, паўд.-ўсходнія (латарынгскі, шампанскі), франка-правансальскія (займаюць прамежкавае становішча паміж Ф.м. і аквітанскай). У наш час назіраецца распад дыялектаў і фарміраванне рэгіянальных мадыфікацый агульнафранц. мовы. У Ф.м. набылі крайнюю ступень выражэння многія агульныя гіст. тэндэнцыі раманскіх моў. Ф.м. ўласцівы: у фанетыцы — проціпастаўленне галосных паводле пад’ёму, рада, лабіялізацыі, назалізацыі; адсутнасць дыфтонгаў; сістэма зычных бяднейшая, чым у інш. раманскіх мовах (менш палаталізаваных фанем, няма афрыкат); націск заўсёды на апошнім складзе; у марфалогіі — аналітызм, тэндэнцыя да марфал. нязменнасці слова, шырокае ўжыванне службовых слоў; у сінтаксісе — тэндэнцыя да двухсастаўнасці сказа, дзеяслоўнасці выказніка, фіксаванага і прагрэс. парадку слоў; у лексіцы — большасць слоў лац. паходжання, ёсць запазычанні з герм., англ., грэч. і інш. моў. На аснове Ф.м. ўзніклі некат. крэольскія мовы (на Гаіці, у штаце Луізіяна ЗША, на Малых Антыльскіх і Маскарэнскіх а-вах). Мае нац. варыянты ў Бельгіі, Швейцарыі, Канадзе, а таксама асаблівасці, якія датычацца пераважна фанетыкі і лексікі ў краінах Афрыкі. Першыя пісьмовыя сведчанні Ф.м. — «Рэйхенаўскія глосы» (8 ст.), першы звязны тэкст — «Страсбургскія клятвы» (842). Пісьменства на аснове лац. алфавіта (з дадаткам дыякрытычных знакаў і лігатур).
Літ.:
Гак В.Г. Введение во французскую филологию. М., 1986.