МЫЗГІ́Н Аляксандр Міхайлавіч (н. 25.4.1965, г. Гомель),

бел. спартсмен (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спорту СССР (1990). Скончыў Гомельскі ун-т (1990). З 1996 трэнер па веславанні на байдарках і каноэ спарт. т-ва «Дынама». Чэмпіён свету (1989, Балгарыя; 1990, Польшча) на байдарцы-чацвёрцы на дыст. 10 000 м, сярэбраны прызёр (1985, Бельгія) на байдарцы-чацвёрцы на дыст. 1000 м. Сярэбраны прызёр IX Спартакіяды народаў СССР (1986, Масква) на байдарцы-двойцы на дыст. 1000 м. Чэмпіён СССР на байдарцы-чацвёрцы (1985, Масква — на дыст. 500, 1000, 10 000 м; 1987, Масква — на дыст. 500 м; 1989, Масква — на дыст. 10 000 м; 1990, Масква — на дыст. 10 000 м; 1991, г. Растоў-на-Доне — на дыст. 10 000 м); сярэбраны прызёр чэмпіянату СССР (1988, Масква) на байдарцы-двойцы на дыст. 1000 м.

А.​А.​Дубовік.

А.М.Мызгін.

т. 18, кн. 1, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́МАН (Beamon) Роберт (н. 29.8.1946, Нью-Йорк),

амерыканскі спартсмен (лёгкая атлетыка). Чэмпіён Алімпійскіх гульняў 1968 у скачках у даўжыню. Сусв. рэкорд (8,90 м), які ўстанавіў Біман на гэтым турніры, трымаўся 23 гады і лічыцца адным з найвышэйшых дасягненняў у гісторыі лёгкай атлетыкі. Лепшы спартсмен свету 1968.

т. 3, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТАПКО́ВІЧ Ігар Вячаслававіч (н. 4.1.1963, г. Наваполацк),

бел. спартсмен (лёгкая атлетыка — кіданне молата), засл. майстар спорту СССР (1991), Беларусі (1995). Скончыў Наваполацкі політэхн. ін-т (1986). Чэмпіён Еўропы (1990), пераможца гульняў Добрай волі (1990), сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў (1992), чэмпіянатаў свету (1991, 1993, 1995), Кубка Еўропы (1994).

т. 2, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЎДА (Lauda) Нікалаўс (н. 22.2.1949, Вена),

аўстрыйскі спартсмен (аўтагонкі). На працягу 18 гадоў удзельнічаў у 296 гонках. Чэмпіён свету ў класе гоначных аўтамабіляў «Формула-1» (1975, 1977, 1984), 25-разовы пераможца спаборніцтваў «Гран-пры» (стартаваў 171 раз). У 1978 засн. авіякампанію «Лаўда Эр» (узначальвае з 1985).

т. 9, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЦ Міхаіл Аляксандравіч (н. 10.11.1948, Алматы),

бел. спартсмен (міжнар. шашкі). Міжнар. гросмайстар (1994). Засл. трэнер СССР (1984).

Скончыў БДУ (1971). Чэмпіён Сусв. шашачнай алімпіяды (1992) у складзе зборнай каманды Беларусі. Падрыхтаваў трох чэмпіёнак свету па міжнар. шашках — А.​Альтшуль, З.​Садоўскую і Л.​Сахненка. З 1994 у ЗША.

Б.Кац.

т. 8, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАЛО́Ў Яўген Іванавіч (н. 17.5.1951. с. Малакурыльскае Сахалінскай вобл., Расія),

бел. спартсмен (самалётны спорт). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1975). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1973), Акадэмію грамадз. авіяцыі (1978). З 1974 лётчык-інструктар Мінскага аэраклуба. Чэмпіён свету (1976, Кіеў) і Еўропы (1977, г. Шатару, Францыя) у камандным заліку.

т. 16, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ДНЫ СПОРТ,

від спорту. Уключае падводнае арыентаванне. плаванне ў ластах, падводныя спартыўныя паляванне і стральбу па мішэнях, падводны турызм. Спарт. інвентар: акваланг, дыхальная трубка, ласты, маска і інш.

П.с. узнік у 1920-я г., інтэнсіўна развіваецца пасля вынаходства акваланга. Сусветная канфедэрацыя падводнай дзейнасці (падводнага спорту) створана ў 1959 (Манака); першы прэзідэнт Ж.А.Кусто. Канфедэрацыя аб’ядноўвае 112 краін (2000). Чэмпіянаты свету і Еўропы па падводным паляванні праводзяцца з 1950-х г., па падводным арыентаванні і плаванні ў ластах — з 1960-х г. (з 1967 кожны год), спаборніцтвы на Кубак Еўропы — з 1969.

На Беларусі культывуюцца (з 1959) падводныя спарт. паляванне і стральба па мішэнях, плаванне ў ластах. Чэмпіянаты рэспублікі і спаборніцтвы на Кубак Беларусі па падводным паляванні і плаванні ў ластах праводзяцца з 1972. У чэмпіянатах свету бел. спартсмены ўдзельнічаюць з 1976. Федэрацыя П.с. Беларусі створана ў 1992. Майстры спорту Беларусі В.​Сашынскі (чэмпіён Беларусі, 1996, 1997) і А.​Шапавалаў (чэмпіён Беларусі, 1998, 1999).

С.​А.​Патрыкееў.

т. 11, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАШУ́ТНЫ СПОРТ,

скачкі з парашутам з лятальных апаратаў, від авіяцыйнага спорту. Уключае ўласна спарт. скачкі (адзіночныя і групавыя) на дакладнасць прызямлення ў мішэнь радыусам 0,16 м з вышынь 800—1200 м і зацяжныя з выкананнем акрабатычных фігур у свабодным падзенні з вышынь 1800—2200 м. У праграмы спаборніцтваў таксама ўключаюцца і інш. віды скачкоў: вышынныя з вышынь 7000 м і больш; акрабатычныя; камбінаваныя; парашутнае мнагабор’е: скачкі на дакладнасць прызямлення, стральба з малакалібернай вінтоўкі, бег (крос), плаванне, і інш.

Узнік у канцы 1920 — пач. 1930-х г. Міжнар. парашутная камісія ў саставе Міжнар. авіяц. федэрацыі (ФАІ) з 1950. Першы чэмпіянат свету адбыўся ў 1951 (Югаславія). Рэкорды свету ФАІ рэгіструе ў 46 відах скачкоў. Найб. развіты П.с. у Германіі, ЗША, Канадзе, Польшчы, Расіі, Францыі і інш.

На Беларусі П.с. развіваецца з 1930-х г. Федэрацыя П.с. Беларусі створана ў 1995. Чэмпіянаты рэспублікі праводзяцца з 1953. Сярод бел. спартсменаў — чэмпіён свету і абс. чэмпіён Еўропы У.Гурны, чэмпіёны свету В.Слабадзянюк, М.​Дзмітраў.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛЯНКО́Ў Рафаіл Львовіч (н. 31.12.1945, г. Аткарск Саратаўскай вобл., Расія),

бел. спартсмен (цяжкая атлетыка). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1974). Чэмпіён Еўропы (1972), СССР (1970, 1973) у найлягчэйшай вазе. Пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў. Рэкардсмен свету (1972) і Еўропы (1974) у асобных практыкаваннях. З 1976 на трэнерскай рабоце.

т. 3, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́КАЎ Аляксандр Мікалаевіч (н. 18.3.1972, Мінск),

бел. спартсмен (плаванне). Майстар спорту міжнар. Класа (1996). Пераможца на дыстанцыі 200 м брасам і бронзавы прызёр на дыстанцыі 100 м брасам у 25-метровым басейне 1-га чэмпіянату Еўропы (1996), чэмпіён Еўропы на дыстанцыях 100 і 200 м брасам у 50-метровым басейне (1997).

т. 5, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)